Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
ИБ Тэорыя.doc
Скачиваний:
54
Добавлен:
24.02.2016
Размер:
2.44 Mб
Скачать

Глава3. Сацыяльна-эканамічнае развіццё беларускіх зямель у складзе вкл § 1. Асаблівасці дзяржаўнага і саслоўнага ладу вкл

К сярэдзіне ХVІ ст.у ВКЛ быў завершаны працэс фарміравання адносін феадальнай уласнасці, катэгорый феадалаў і залежнага насельніцтва, а таксама форм іх землеўладання і землекарыстання. Да гэтага часу ў ВКЛ сфарміраваліся чатыры саслоўі: феадалаў, духавенства, мяшчанства і сялянства. Феадалы (свецкія і духоўныя) і феадальна залежныя сяляне складалі асноўныя класы феадальнага грамадства.

Клас феадалаў меў сваю ўнутраную градацыю. На вяршыні іерарахічнай лесвіцы стаяў уладар дзяржавы – вялікі князь (гаспадар), які лічыўся вярхоўным землеўладальнікам у краіне, а таксама меў свае ўласныя зямельныя ўладанні (гаспадарскі дамен). На прыступку ніжэй на іерарахічнай лесвіцы стаялі буйныя феадалы, так званыя магнаты – князі і паны, якія валодалі зямлёй на правах вотчыны (спадчыннага трымання). Далей ішлі баяры (сярэднія і дробныя феадалы), якія складалі самую шматлікую групу сярод пануючага класа. З пачатку ХV ст. на іх пачала распаўсюджвацца паланізаваная назва “шляхта”, якая паступова выцесніла першапачатковую. Яны валодалі зямлёй умоўна (пры ўмове нясення вайсковай службы на карысць вялікага князя або буйных феадалаў). Да шляхты адносілася таксама не толькі не толькі феадалы, а і свабодныя людзі, якія валодалі невялікімі зямельнымі надзеламі, арандавалі зямлю ў буйных феадалаў ці знаходзіліся ў іх на службе ў якасці ляснічых, канюшых і г.д.

Пануючы стан саслоўя феадалаў быў замацаваны законам. Так, у першы сістэматызаваны агульнадзяржаўны збор законаў феадальнага права Статут ВКЛ 1529 г., які меў другую (1566 г.) і трэцюю (1588 г.) рэдакцыі, быў уключаны раздзел “Аб вольнасцях шляхецкіх”. Ён замацоўваў за апошнімі ўсе правы і вольнасці, якія яны атрымалі з часоў Ягайлы і Вітаўта.

Роля розных груп феадалаў у палітычным жыцці не заставалася нязменнай. З развіццём палітычных працэсаў адбывалася пэўная эвалюцыя, якая прыводзіла да ўзвышэння новых груп зямельных уласнікаў за кошт страты прэстыжу папярэдніх. А гэта ў сваю чаргу адлюстроўвалася на развіцці палітычных інстытутаў і дзяржаўнага ладу ВКЛ, вызначала яго спецыфіку ў параўнанні з іншымі феадальнымі манархіямі.

Характар дзяржаўнага ладу не заставаўся нязменным. Ён таксама эвалюцыяніраваў пад уплывам барацьбы цэнтрабежных і цэнтраімклівых тэндэнцый. Калі спачатку ўлада вялікага князя ў межах яго дзяржавы (апрача залежных княстваў і абласцей) нічым не абмяжоўвалася і ён з’яўляўся адзінай крыніцай права, то ўжо ў ХV ст. з’явілася яе абмежаванне шляхецкімі прывілеямі, а потым і магнацка-шляхецкімі палітычнымі органамі. І, як ні дзіўна, ВКЛ пачало набываць рысы абмежаванай, канстытуцыйнай манархіі менавіта ў той час, калі былі дасягнуты найбольшыя поспехі ў справе цэнтралізацыі дзяржавы пры вялікім князю Вітаўце. Апошні ў сваёй палітыцы па дзяржаўнай кансалідацыі і барацьбе з буйнамі феадаламі абапіраўся на баярства-шляхту. На працягу ХV – ХVІ стст. ішоў працэс пашырэння яе правоў за кошт астатніх груп пануючага класа. Гэтаму садзейнічалі прывілеі 1413, 1432, 1434 і 1447 гг. Першы з іх забяспечваў не толькі маёмасныя і асабістыя, але і саслоўна-палітычныя правы шляхты. Апошнія ўраўноўвалі шляхту ВКЛ у правах з адпаведных саслоўем у Польшчы, у тым ліку вызвалялі ад падаткаў. Адзнакай шляхецтва стала абавязковая вайсковая служба і ўдзел у кіраўніцтве дзяржавай. Узвышэнню шляхты спрыялі войны, якія сталі амаль бесперапыннымі з канца ХV ст. Да таго ж велікакняжацкая ўлада ў гэты час па‑ранейшаму бачыла ў шляхце асноўную сілу ў барацьбе з магнатамі. Выкарыстоўваючы гэта, шляхта дабілася спадчыннага права на зямлю, стала ператвараць яе ў вотчыны. Атрымала яна і прывілеі ў гандлі. Паступова шляхта ўзвысілася палітычна. У канцы ХV – першай палове ХVІ ст. шляхта была ўраўняна ў правах з магнатамі. Усё саслоўе землеўладальнікаў стала называцца шляхтай. Шляхецкае званне стала спадчынным.

Такім чынам, паступова складваўся палітычны лад ВКЛ як феадальнай манархіі, якая мела шэраг асаблівасцей у параўнанні з суседняй Маскоўскай дзяржавай. Скасаванне абласных княжанняў тут не суправаджалася пераносам функцый кіравання імі ў цэнтр, як гэта адбывалася ў Вялікім княстве Маскоўскім. У руках вялікага князя літоўскага не канцэнтравалася шмат штодзённай працы, як у маскоўскага ўладара і яго думы. Таму ў ВКЛ не стваралася амаль ніякіх цэнтралізаваных устаноў. Галоўным кіраўніком княства лічыўся вялікі князь літоўскі. Ён ажыццяўляў вышэйшы суд у дзяржаве, з’яўляўся вярхоўным галоўнакамандуючым, узначальваў знешнепалітычную дзейнасць. З ХІV ст. пры асобе вялікага князя існаваў Савет па аналогіі з маскоўскай думай. Але ў адрозненне ад апошняй, Савет спачатку не быў дзяржаўнай установай. Гэта быў дарадчы орган пры вялікім князю, які ён фарміраваў па сваім меркаванні з ліку карысных і патрэбных людзей. На першым этапе галоўную ролю ў Савеце (Радзе) адыгрывалі князі. Але ў часы Вітаўта ў яе складзе пачалі пераважаць баяры, якія падтрымалі апошняга ў яго барацьбе за ўладу.

Паступова гэты дарадчы орган трансфарміраваўся ў прадстаўнічую ўстанову – Раду паноў. Паны Рады пачалі абмяжоўваць ўладу вялікага князя. Склад Рады не быў жорстка вызначаным. У яе ўваходзілі: вышэйшая свецкая і духоўная знаць (апошняя – толькі каталіцкага веравызнання), вышэйшыя службовыя асобы: канцлер (кіраўнік дзяржаўнай канцылярыі), гетман (камандуючы ўзброенымі сіламі), падскарбі земскі (кіраўнік фінансаў), маршалкі земскі і дворны, ваяводы, кашталяны, некаторыя старосты. Гарадзельскі прывілей 1413 г. абмяжоўваў доступ у Раду праваслаўнай шляхты, але з канца ХV ст. гэта забарона пачала парушацца. У звычайны час Рада складалася з вузкага кола асоб пры вялікім князю.

У другой палове ХV – першай палове ХVІ ст. вялікія князі літоўскія часта выбіраліся каралямі польскімі, што прыводзіла да іх працяглай адсутнасці ў ВКЛ. У час адсутнасці гаспадара Рада цалкам кіравала дзяржавай. А прывілеі 1492 і 1506 гг. увялі заканадаўчае абмежаванне ўлады вялікага князя з боку паноў Рады. З гэтага моманту ўсе законы і распараджэнні агульнага характару вялікі князь павінен быў выдаваць толькі са згоды паноў Рады.

Гаспадар і Рада ў сваёй дзейнасці абапіраліся на сейм ВКЛ, на які запрашаліся прадстаўнікі прывілеяваных саслоўяў. Пачатак рэгулярнага склікання агульнадзяржаўных сеймаў прыпаў на канец ХV ст. У ХVІ ст. за імі замацавалася назва “вялікі вальны сойм”. Спачатку на ім маглі прысутнічаць усе жадаючыя шляхцічы, але з 1512 г. было ўведзена абмежаванне – па 2 паслы ад кожнага павета. На сеймах абмяркоўваліся галоўныя пытанні ўнутранай і знешняй палітыкі, заканадаўчыя акты, устанаўліваліся падаткі, вырашаліся судовыя справы, выбіраліся вялікія князі і зацвярджаліся кандыдаты на важнейшыя дзяржаўныя пасады. Так палітычны лад ВКЛ пачаў набываць рысы парламенцкай манархіі, бо ўлада вялікага князя пачала абмяжоўвацца яшчэ і сеймам. Так, у Статуце ВКЛ 1529 г. ужо гаварылася аб неабходнасці выдаваць прывілеі выключна на вальным сейме. Так развіццё канстытуцыяналізму, пачатак якому быў пакладзены ў ХV ст. , прымала ўсё больш акрэсленыя абрысы.

У выніку таго, што ў ВКЛ не склалася якіх-небудзь спецыяльных устаноў цэнтральнага кіравання, акцэнт у распарадча-выканаўчых функцыях быў перанесены на месцы. Арганізацыя мясцовага кіравання была дастаткова складанай. У краіне захоўваліся яшчэ некаторыя старадаўнія княствы на чале з князямі, праўда, пазбаўленымі былых прывілеяў. Частка княстваў была ператворана ў ваяводствы на чале з ваяводамі. Больш дробнымі тэрытарыяльнымі адзінкамі былі паветы на чале са старостамі. На месцах быў створаны і дастаткова разгалінаваны адміністрацыйны апарат: кашталяны, гараднічыя, харужыя і г.д. У вёсках выканаўчую ўладу прадстаўлялі цівуны. Прадстаўнічымі органамі мясцовага кіравання ў ваяводствах і паветах з’яўляліся сеймікі, на якіх рашаліся некаторыя пытанні мясцовага кіраванні і выбіраліся паслы-дэпутаты на вальны сейм. Толькі ў выніку рэформ 1565 – 1566 гг. былі прыняты меры па ўпарадкаванню адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу. Замест розных зямель, княстваў увадзіліся ваяводствы, якія падзяляліся на паветы, а апошнія, у сваю чаргу, – на воласці.

Такім чынам, у ХІV – ХVІ стст. у ВКЛ склалася дакладная і акрэсленая сістэма прадстаўнічай манархіі. Прадстаўнічыя ўстановы сур’ёзна абмяжоўвалі ўладу вялікага князя, спрыялі замацаванню федэратыўных асноў дзяржавы. Тым самым ВКЛ сваім палітычным ладам значна адрознівалася ад Маскоўскага княства, дзе к канцу ХV ст. склалася жорстка цэнтралізаваная дзяржава з манапольнай , абсалютнай уладай вялікага князя.