Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Gistoryya_Belarusi_BNTU_posl_variant.doc
Скачиваний:
0
Добавлен:
01.07.2025
Размер:
1.12 Mб
Скачать

8.4. Культура Беларусі ў 1945–1980-х гг

За гады вайны значныя страты панесла сістэма адукацыі: знішчаны дзве трэціх школьных будынкаў, амаль уся вучэбна-ме­тадычная база. Але ўжо да 1945 г. былі адноўлены 11 тысяч школ, амаль усе яны былі з беларускай формай навучання. Поўнасцю ж сетка адукацыі была адноўлена да 1950 г., хаця не хапала памяшканняў, падручнікаў, педагагічных кадраў. Улічваючы, што многія дзеці не маглі набыць адукацыю ў гады акупацыі, да 1950 г. былі адкрыты 950 школ рабочай і сялянскай моладзі. За кошт вяртання педагогаў з дзеючай арміі і падрыхтоўкі іх у ВНУ быў значна палепшаны якасны склад настаўнікаў: да 1955 г. каля 50% з іх мелі вышэйшую і няпоўную вышэйшую адукацыю.

У 1958 г. быў прыняты Закон “Аб умацаванні сувязі школы з жыццём і аб далейшым развіцці сістэмы народнай адукацыі ў СССР”, згодна з якім сямігадовыя школы пераўтвараліся ў васьмі­гадовыя, а дзесяцігадовыя – у адзінаццацігадовыя з ухілам на пра­цоўную адукацыю. Але з 1964 г. было вырашана зноў вярнуцца да 10-гадовага навучання.

У 1966 г. была пастаўлена задача перахода да ўсеагульнай сярэд­няй адукацыі, якая да 1975 г. у цэлым была выканана. За гэты час умацавалася матэрыяльная база сістэмы адукацыі, большасць школ працавалі ў тыпавых будынках, дзе былі таксама спортзалы, майстэрні. Новым стала адкрыццё школ-інтэрнатаў, прадметных кабінетаў. 65% настаўнікаў мелі вышэйшую адукацыю. Але былі і праблемы. Абавязковае дзесяцігадовае навучанне часам прыводзіла да прыніжэння патрабавальнасці за якасць ведаў. Паступова зніжалася сфера выкарыстання беларускай мовы ў сістэме адукацыі, хаця прамых забарон на яе ўжыванне ў вучэбным працэсе з боку ўлад не было.

У 1984 г. была праведзена яшчэ адна рэформа агульнаадука­цыйнай школы, згодна з якой навучанне пачыналася з 6 гадоў і працягвалася 11 гадоў. У цэлым, у 1980-я гг. у СССР, у тым ліку і ў Беларусі, склалася якасная сістэма школьнага навучання, якая была прызнана адной з лепшых у свеце.

Развівалася сістэма вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Хуткае эканамічнае развіццё БССР выклікала неабходнасць пад­рыхтоўкі кваліфікаваных кадраў. Таму пасля вайны былі адкрыты шэраг ВНУ і адпаведна расла колькасць студэнтаў, якія вучыліся ў іх. У пасляваенныя гады аднавілі сваю працу вышэйшыя навучальныя ўстановы, якія існавалі да вайны, пазней дадаткова былі адчынены 7 новых ВНУ па тэхнічных спецыяльнасцях, 5 гуманітарных. Агульная ж колькасць ВНУ у Беларусі павялічылася з 24 у 1946 г. да 33 у 1985 г., а колькасць студэнтаў адпаведна з 13 тыс. да 182 тысяч. Вядучымі навучальнымі ўстановамі ў рэспубліцы былі і застаюцца БДУ і БПІ (з 1 красавіка 2002 г.-БНТУ). У палітэхнічным інстытуце, напрыклад, у 1980-я гг. набывалі веды і спецыяльнасці каля 27 тысяч студэнтаў. Па якасці развіцця сістэмы вышэйшай адукацыі Беларусь выйшла на ўзровень развітых краін свету.

З 31 да 139 павялічылася ў пасляваенныя гады колькасць сярэд­ніх спецыяльных навучальных устаноў. У сярэдзіне 1980-х гг. у іх займаліся каля 150 тысяч навучэнцаў.

У 1944 г. была адноўлена дзейнасць Акадэміі навук, прычым ў яе структуры былі створаны шэраг новых навукова-даследчых інсты­тутаў. Навуковыя распрацоўкі рабілі і супрацоўнікі ВНУ. Напры­клад, пры БПІ быў створаны рад навукова-даследчых праблемных лабараторый, пачаў дзейнічаць эксперыментальны завод “Палі­тэхнік”. Менавіта Беларускі палітэхнічны інстытут стаў ініцы­ятарам стварэння першага ў рэспубліцы вучэбна-навукова-вытвор­чага аб’яднання БПІ-МАЗ.

Ствараліся і іншыя галіновыя навукова-даследчыя інстытуты, іх колькасць у 1985 г. склала каля 200, а колькасць навуковых работнікаў павялічылася з 7 тыс. у 1960-я гг. да 42,5 тыс. у 1985 г. У Еўропе добра вядомы беларускія навуковыя школы ў галіне матэма­тыкі, фізікі. Высокага ўзроўню дасягнулі геалагічная, біялагічная, сельскагаспадарчая, геаграфічная і іншыя галіны навукі. Пэўныя поспехі былі дасягнуты ў гуманітарных навуках, хаця яны былі ў большай ступені, чым іншыя, палітызаваныя.Але на развіцці навукі адмоўным чынам адбіваліся адносная слабасць яе матэрыяльна-тэхнічнай базы, адміністрацыйна-валявыя метады кіравання.

У літаратуры пасляваенных гадоў выразна прасочваліся некалькі напрамкаў: узвелічэнне подзвігу савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, пафас стваральнай працы і маральна-этычныя праблемы сучасніка. На змену апісальнасці літаратурных твораў 1950-х гг. пазней прыйшло больш глубокае асэнсаванне падзей і людскіх характараў, іх унутранага свету. Апошняе стала больш ха­рактэрным у 1960-я гг., калі ХХII з’езд у якасці адной з галоўных трох задач паставіў праблему выхавання “новага чалавека”. У цэ­лым, нягледзячы на ідэалагічны кантроль з боку партыйных органаў і галоўнага ўпраўлення па ахове дзяржаўных тайн у друку (Галоў­літ) пры Савеце Міністраў БССР, літаратура развівалася досыць паспяхова, перш за ўсё таму, што літаратары менш былі залежнымі ад фінансавых праблем па выпуску кніг, іх рашала дзяржава.

У пасляваенныя гады працягваў плённа працаваць Якуб Колас. У 1947 г. ён завяршыў шматгадовую працу над паэмай “Рыбакова хата”, якая была адзначана Сталінскай прэміяй. Глыбокае асэнса­ванне падзей Вялікай Айчыннай вайны, псіхалагічных партрэтаў людзей у гады ваенных выпрабаванняў характэрны для празаічных твораў В. Быкава, М. Лынькова, І. Навуменкі, І. Чыгрынава, А. Адамовіча. Маральна-этычным праблемам сучаснасці прысве­чаны раманы І. Мележа, Я. Брыля, І. Шамякіна. Гістарычную тэма­тыку развіваў у сваіх творах У. Караткевіч.

Даволі паспяхова развівалася беларуская паэзія. У пасляваенныя дзесяцігоддзі шырока раскрыўся талент беларускіх паэтаў К. Крапівы, А. Куляшова, П. Броўкі, П. Панчанкі, П. Глебкі, Н. Гіле­віча, М. Лужаніна і іншых. У 1980-я гг. з’явіўся шэраг твораў паэтаў новага пакалення А. Вялюгіна, К. Кірыенкі, Р. Барадуліна, Я. Сіпа­кова, В. Зуёнка.

Тэма Вялікай Айчыннай вайны была вядучай ў беларускім кіне­матографе і тэатры. Да асэнсавання гэтых незабываемых падзей звярнуліся драматургі К. Крапіва, А. Маўзон, К. Губарэвіч,А. Кучар.

Маральна-этычныя праблемы сучаснасці знайшлі адлюстраванне ў драматычных творах і камедыях А. Макаёнка, К. Крапівы, А. Ду­дарава, А. Петрашкевіча. У гэты час у Беларусі працавалі 17 тэатраў.

Пасляваенныя гады характарызаваліся ўзмацненнем ролі Галоўліта, які строга рэгламентаваў літаратурнае жыццё, ажыццяў­ляў кантроль за рэпертуарам тэатраў; наглядаў за “чысцінёй” прадстаўляемых гледачам п’ес, прычым гэта суправаджалася ба­рацьбой з “касмапалітамі” як выразнікамі ідэалогіі культуры бур­жуазнага Захада.

У гэты час сваеасаблівыя адносіны склаліся паміж урадам і царк­вой. У гады вайны акупанты ў прапагандысцкіх мэтах дазволілі адкрываць храмы, аднавіць дзейнасць Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай царквы. Адпаведна, была ўзноўлена частка царкоўных прыходаў. Але падчас вызвалення Беларусі ад нацысцкіх акупантаў вышэйшае духавенства таксама эвакуіравалася ў Германію.

Многія з прыходаў пасля вызвалення Беларусі працягвалі сваю дзейнасць. У 1950 г. у рэспубліцы налічвалася каля 1000 цэркваў і малітоўных дамоў, 500 касцёлаў. Дзейнасць афіцыйна зарэгістраваных рэлігійных абшчын не забаранялася, але без падтрымкі дзяржавы. Больш таго, актывізавалася антырэлігійная прапаганда. Пачаў вы­ходзіць часопіс “Навука і рэлігія”, ва ўсіх вышэйшых навучальных установах быў уведзены прадмет “Асновы навуковага атэізму”. Павольна, але працягвала скарачацца колькасць праваслаўных храмаў і каталіцкіх культавых пабудоў. За першую пасляваенную пяцігодку, пераважна ў заходніх раёнах Беларусі, была зачынена чацвёртая частка касцёлаў. Адраджэнне Каталіцкага касцёла і Праваслаўнай царквы пачалося ў гады перабудовы.

1950–1980-я гг. сталі часам росквіту беларускага кінематографа. Кожны год студыя “Беларусьфільм” выпускала шэраг фільмаў роз­ных жанраў, пераважна па ваеннай тэматыцы. Многія з іх сталі вядомымі далёка за межамі рэспублікі.

У музычным мастацтве таксама выразна праявіліся дзве галоў­ныя тэмы: гісторыка-патрыятычная і ваенна-патрыятычная. У гэты час шырокую вядомасць набылі оперы, сімфоніі Я. Цікоцкага, Р. Пукста, Ю. Семенякі, У. Алоўнікава. Цэнтрам музычнага жыцця рэспублікі былі тэатр оперы і балета, дзяржаўная філармонія і адкрыты ў 1971 г. дзяржаўны тэатр музычнай камедыі БССР. Высокай актыўнасцю і майстэрствам адрозніваецца творчасць беларускіх кампазітараў І. Лучанка, Э. Ханка, Л. Захлеўнага. У 1960–1970-я гг. папулярнасць набылі вакальна-інструмянтальныя ансамблі, найбольш вядомыя з іх – “Песняры”, “Верасы”, “Сябры”, фальклорна-харэаграфічны ансамбль “Харошкі”.

Развівалася выяўленчае мастацтва. Тут таксама пераважалі гіста­рычная і ваенна-патрыятычная тэматыкі, а таксама партрэтны жанр і пейзаж. Тэме вайны прысвечаны палотны мастакоў М. Савіцкага, Я. Зайцава, В. Волкава, Я. Ціхановіча, І. Давідовіча, А. Шыбнёва, гісторыі – Я. Кудрэвіча, П. Сергіевіча. У жанры пейзажа плённа працавалі мастакі І. Ахрэмчык, У. Кудрэвіч, В. Цвірка, М. Данцыг.

У той жа час для многіх мастакоў, у тым ліку і Я. Зайцава, В. Цвіркі і інш., была характэрна наўмысная манументальнасць, часам параднасць, афіцыйнасць. Гэта ярка праявілася пры ўсхва­ленні на палотнах І.В. Сталіна.

У архітэктуры першых пасляваенных гадоў працягвалі перава­жаць рысы, так званага, “сталінскага ампіра”, характэрнымі асаблі­васцямі якога з’яўляюцца манументальнасць, багаты дэкор, скульп­турныя кампазіцыі, каланады, але з 1950-х гг. пачаў мяняцца архі­тэктурны воблік гарадоў. З аднаго боку, пачалася масавая забудова мікрараёнаў згодна з тыпавымі праектамі, з другога, з’явіўся шэраг пабудоў у стылі мадэрн паводле індывідуальных праектаў. Гэта, напрыклад, палацы мастацтва і спорту, павільён ВДНГ, кінатэатр “Кастрычнік”.

Значнае развіццё ў пасляваенныя дзесяцігоддзі атрымала ману­ментальнае мастацтва Беларусі. У гэты час створаны мноства мема­рыялаў і помнікаў, прысвечаных подзвігу савецкіх людзей у гады Вялікай Айчыннай вайны. Найбольш значнымі з іх з’яўляюцца ансамбль плошчы Перамогі ў г. Мінску з абеліскам-помнікам воінам Савецкай Арміі і партызанам, загінуўшым у баях з на­цызмам, мемарыяльныя комплексы “Хатынь”, “Курган славы”, “Брэсцкая крэпасць-герой” і інш., а таксама помнікі Я. Купалу, Я. Коласу ў Мінску, Ф. Скарыне ў Полацку і інш.

На пасляваенныя гады прыходзіцца росквіт талента Заіра Азгура, які стварыў вялікі цыкл скульптурных партрэтаў палітычных дзеячаў, прадстаўнікоў беларускай культуры мінулага. Ярка пра­явілася таксама творчасць беларускіх скульптараў А. Бэмбеля, С. Селіханава, А. Анікейчыка і іншых.

Такім чынам, пасляваенны перыяд адрозніваецца значным уз­дымам беларускай прафесійнай культуры, хаця пошукі новага да­волі часта сутыкаліся з рэаліямі палітычнага жыцця, якое вызначала месца дазволенага. Пачалося паступовае выцясненне беларускай мовы.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]