Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Gistoryya_Belarusi_BNTU_posl_variant.doc
Скачиваний:
0
Добавлен:
01.07.2025
Размер:
1.12 Mб
Скачать

РЭСПУБЛІКА БЕЛАРУСЬ

Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт

Прямая соединительная линия 1

Кафедра “Гісторыя, сусветная і айчынная культура”

К.І. Баландзін

Д.М. Хромчанка

ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ

Ў КАНТЭКСЦЕ еўрапейскай

ЦЫВІЛІЗАЦЫі

Вучэбны дапаможнік

Пад рэдакцыяй У.А. Бажанава

Мінск

БНТУ

2014

УДК 94(476)(075.8)

ББК 63.3(4Беи)я7

Б20

Рэцэнзенты:

загадчык кафедры “Гісторыя і беларусазнаўства” Мінскага

дзяржаўнага лінгвістычнага універсітэта, кандыдат гістарычных навук, дацэнт С.Я. Новікаў;

кандыдат гістарычных навук, дацэнт кафедры

“Гісторыя Беларусі” Беларускага дзяржаўнага педагагічнага

ўніверсітэта імя МаксімаТанка В.П. Паўлоўская

Баландзін, К.І.

Б20 Гісторыя Беларусі ў кантэксце еўрапейскай цывілізацыі : вучэбны дапаможнік / К.І. Баландзін, Д.М. Хромчанка; пад рэд. У.А. Бажанава. – Мінск : БНТУ, 2014. – 220 с.

ISBN 978-985-550-219-8.

У выданні на падставе аналізу гістарычнага матэрыялу, змешчанага ў метадычнай літаратуры, гістарычных даследаваннях, дакументальных крыніцах, у сціслым выглядзе падаецца сістэматызаваная гісторыя Беларусі ад старажытных часоў да нашых дзён, прасочваюцца характэрныя рысы сацыяльна-эканамічнага, палітычнага і культурнага развіцця беларускіх зямель у старажытнасці, у перыяды ўваходжання ў склад Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага, Рэчы Паспалітай, Расійскай дзяржавы, у савецкі час, на этапе станаўлення самастойнай беларускай дзяржавы.

Для студэнтаў і выкладчыкаў ВНУ, шырокага кола чытачоў, якія цікавяцца айчыннай гісторыяй.

УДК 94(476)(075.8)

ББК 63.3(4Беи)я7

ISBN 978-985-550-219-8 © Баландзін К.І.,

Хромчанка Д.М., 2013

© Беларускі нацыянальны

тэхнічны ўніверсітэт, 2013

Да чытача

Вучэбны дапаможнік прадстаўляе сабой спробу ў сціслым выглядзе выкласці гісторыю Беларусі з элементамі еўрапейскай гісторыі са старажытных часоў да нашых дзён. Аўтары ставілі перад сабою мэту, з аднаго боку, пазбегнуць спрошчанага падыходу да асвятлення найважнейшых гістарычных падзей, з другога, па магчымасці, не перанасычваць дапаможнік часам другараднымі фактамі, датамі, зрабіць яго больш зразумелым для чытача і ў той жа час прывесці матэрыял у адпаведнасць з Праграмай па гісторыі Беларусі, рэкамендаванай Міністэрствам адукацыі РБ для вышэйшых навучальных устаноў рэспублікі. Структура вучэбнага дапаможніка грунтуецца галоўным чынам на праблемна-храналагічным метадзе вывучэння гісторыі і разлічана на студэнтаў усіх спецыяльнасцяў, а таксама на тых, хто цікавіцца айчыннай гісторыяй.

Аўтары спадзяюцца, што матэрыялы кнігі “Гісторыя Беларусі ў кантэксце еўрапейскай цывілізацыі” дапамогуць студэнтам знайсці адказы на хвалюючыя пытанні, сістэматызаваць атрыманыя раней гістарычныя веды, глыбей пазнаёміцца з асноўнымі падзеямі айчыннай гісторыі.

Тэма 1. Уводзіны ў дысцыпліну “Гісторыя Беларусі ў кантэксце еўрапейскай цывілізацыі”

1.1. Прадмет вывучэння гісторыі Беларусі ў кантэксце еўрапейскай цывілізацыі. Перыядызацыя гісторыі Беларусі.

1.2. Крыніцы і гістарыяграфія.

1.1. Прадмет вывучэння гісторыі Беларусі ў кантэксце еўрапейскай цывілізацыі. Перыядызацыя гісторыі Беларусі

Як толькі людзі навучыліся гаварыць, яны пачалі расказваць гісторыі з мінулага. Але гэта былі толькі папулярныя аповеды. Вытокі ж гісторыі як навукі адносяцца да перыяду старажытных цывілізацый. Першыя працы па гісторыі тых ці іншых дзяржаў пачалі стварацца яшчэ ў глыбіні тысячагоддзяў: у старажытнай Грэцыі Герадотам, Фукідзідам, Рыме – Цітам Лівіем, Палібіем, Кітаі – Сыма Цянем і іншымі. Тады ж вызначыліся і задачы гісторыі як навукі, якая вывучае працэс развіцця чалавечага грамадства ва ўсёй яго канкрэтнасці і разнастайнасці. Важна зразумець гэтае мінулае з усімі яго супярэчнасцямі і дасягненнямі. У гісторыі, дарэчы, як і сёння, побач стаяць праяўленні духа і баязлівасці, гераізму і здрадніцтва. Разуменне гісторыі – гэта разуменне шмат якіх прычынна-выніковых сувязяў мінулых гадоў і сучаснага жыцця. Яна таксама дае магчымасць прагназіравання будучага на аснове законаў развіцця чалавецтва.

Задачамі гісторыі Беларусі з’яўляецца вывучэнне заканамернасцяў і рэгіянальных асаблівасцяў развіцця беларускага народа ва ўзаемасувязі з іншымі народамі і краінамі, розных бакоў яго дзяржаўна-палітычнай, сацыяльна-эканамічнай і культурнай жыццядзейнасці. Гэта самастойная інтэгратыўная дысцыпліна, якая займае важнае месца ў сістэме гуманітарных навук. Яна, у сваю чаргу, абапіраецца на такія навукі, як археалогія, этнаграфія, паліталогія, эканамічная тэорыя і іншыя. Кожная з іх таксама пазнае праблемы гісторыі, але праз прызму сваёй спецыфікі, сваімі метадамі, што дазваляе больш глыбока высвеціць свой прадмет. Такім чынам, гісторыя, з аднаго боку, узбагачае іншыя навукі гістарычнымі фактамі і аналізам, з другога, карыстаецца іх дасягненнямі для больш поўнага раскрыцця гістарычнага працэсу ва ўсёй яго шматбаковасці.

Кожны народ імкнецца ведаць сваю гісторыю, свае гістарычныя карані. Гэта неабходна, каб адчуваць не толькі сувязь часоў, але і каб выкарыстоўваць гістарычны вопыт, не паўтараць памылак, а браць з мінулага ўрокі, неабходныя для вырашэння сучасных праблем. Гістарычныя веды з’яўляюцца важным фактарам развіцця нацыянальнай самасвядомасці людзей, асновай фарміравання маральна-этычных і патрыятычных асноў грамадства. Увогуле, нельга ўявіць сабе цывілізаванага чалавека, а тым больш, грамадзяніна той ці іншай краіны, які б не ведаў гісторыю сваёй Айчыны. Ва ўсім свеце назіраецца ўстойлівая цікавасць не толькі да мінулага насельнікаў пэўнага рэгіёна, але і імкненне максімальна і беражліва захаваць сваю гістарычную спадчыну – як матэ­рыяльную, так і духоўную. Гэты факт з’яўляецца аксіёмай, па­казчыкам цывілізаванасці. У наш час фактычна ўсюды гістарычнае бяспамяцтва лічыцца вялікай заганай, непаўнацэннасцю.

Беларускі народ мае багатую гістарычную спадчыну. У апошнія дзесяцігоддзі цікавасць да гісторыі значна ўзрасла, яна падаецца больш разнастайна, перш за ўсё, праз дзейнасць людзей, гістарычных асоб. Іншымі словамі, яна набыла чалавечы воблік замест гісторыі сацыяльных канфліктаў. Павышаны інтарэс да гісторыі выкліканы аб’ектыўнымі фактарамі. Ідзе пабудова самастойнай дэмакратычнай беларускай дзяржавы. Зразумела, гэта патрабуе больш грунтоўнага вывучэння яе мінулага. Аднаўляюцца гістарычныя помнікі, адгортваюцца новыя старонкі гісторыі, што не можа не вызваць зацікаўленасці. Але ўсё гэта падаецца больш аб’ектыўна, у адрозненне ад, напрыклад, дзевяностых гадоў мінулага стагоддзя, таму і цікавасць стала больш ураўнаважанай, без налёта сэнсацыйнасці.

Паколькі Беларусь не толькі па геаграфічнаму месцазнаходжанню, але і па свайму геапалітычнаму становішчу знаходзіцца ў цэнтры ўвагі іншых дзяржаў, яе гісторыя таксама цесна звязана з іх гісторыяй, выяўляецца нямала агульнага: прыкладна аднолькавыя з улікам рэгіянальных асаблівасцяў і храналагічных рамак этапы развіцця форм дзяржаўнасці, сацыяльна-эканамічнага і культурнага жыцця. З гэтага вынікае, што галоўным метадам у яе вывучэнні становіцца параўнальна-гістарычны метад, хаця выкарыстоўваюцца таксама статыстычны, структурна-функцыянальны і іншыя. Усе яны ўзаемазвязаны паміж сабою, дапаўняюць адзін аднаго і таму выкарыстоўваюцца ў розных спалучэннях. Але, з другога боку, выяўляюцца і метадалагічныя складанасці, звязаныя з тым, што беларускія землі на працягу стагоддзяў з’яўляліся асновай або часткай розных дзяржаўных утварэнняў, а дзяржаўныя межы Беларусі не заўсёды супадаюць з этнічнай беларускай тэрыторыяй.

Задачы па вывучэнні гісторыі Беларусі ў шырокім сэнсе вынікаюць з сацыяльных функцый гісторыі.

Гэта, перш за ўсё, пазнавальная функцыя. Увесь змест курса спрыяе пашырэнню ведаў аб мінулым нашай краіны, інтэлектуальнаму развіццю асобы, пашырэнню яе светапогляду.

Не менш важнай з’яўляецца выхаваўчая функцыя. Вывучэнне, веданне гісторыі Беларусі дапамагае выпрацаваць грамадзянскую пазіцыю, выхаваць павагу і любоў да свайго края і народа, з’яўляецца важным фактарам фарміравання нацыянальнай самасвядомасці людзей..

Трэцяя функцыя – прагнастычная, або прыкладная. Яна заключаецца ў выяўленні не толькі заканамернасцяў, але і тэндэнцый гістарычнага развіцця, па-першае, каб не паўтараць памылак мінулага або, наадварот, выкарыстаць у практычных мэтах станоўчы вопыт продкаў; па-другое, дазваляе даследаваць не толькі адзін шлях развіцця, але і іншыя, каб выпрацаваць на будучае найбольш аптымальныя.

Усе гэтыя функцыі ўзаемазвязаныя, яны дапаўняюць адна другую.

Гісторыя Беларусі падзяляецца на пэўныя перыяды. Тым не менш, існуе праблема яе перыядызацыі. Яна вынікае, перш за ўсё, з вызначэння крытэрыяў, па якім можна выдзяляць тыя ці іншыя этапы ў развіцці грамадства.

Доўгі час у савецкай гістарычнай навуцы дамініраваў фармацыйны падыход да перыядызацыі гісторыі, які ў цэнтр увагі ставіў стан вытворчасці, вытворчыя адносіны як аснову фарміравання гістарычных супонасцей людзей. Яго абгрунтавалі К. Маркс, Ф. Энгельс і творча пашырыў У.І. Ленін. Сутнасць фармацыйнай канцэпцыі ў тым, што гістарычны працэс вызначаецца развіццём вытворчых сіл. Калі ж яны пачынаюць супрацьстаяць вытворчым адносінам, то пачынаецца змена грамадска-эканамічных фармацый. Згодна з гэтым былі вызначаны наступныя фармацыі, якія адпавядаюць пэўным этапам грамадскага развіцця: першабытнаабшчынны лад, рабаўладальніцкі, феадалізм, капіталізм, сацыялізм і ў перспек­тыве – камунізм. Гэтая канцэпцыя зыходзіць з прынцыпаў адзінага, заканамернага і прагрэсіўнага гістарычнага працэсу, дынаміку развіцця якога вызначае вытворчая сфера. Як бачым, яна адлюстроўвае адналінейны характар гістарычнага развіцця. На самой справе, развіццё асобных краін не такое простае, тут магчыма бачыць і поспехі, і адступленні назад, пры гэтым вызначаецца яно не толькі працай. але і гістарычнымі асобамі, іх паводзінамі, асабліва ў экстрэмальных сітуацыях, духоўнай сферай.

Відавочна, што гэтая канцэпцыя больш адносіцца да ўсеагульнай гісторыі чалавецтва і не заўсёды яе можна прымяніць у адносінах да гісторыі асобных краін. Так, напрыклад, для Беларусі прабле­матычна развіццё рабаўладальніцкага ладу ў класічным выглядзе, ды і капіталізм не паспеў поўнасцю развіцца.

Сучасныя вучоныя, гісторыкі ўсё больш увагі надаюць цывілізацыйнаму падыходу да перыядызацыі гісторыі, асновы якой былі распрацаваны яшчэ ў XIX ст. амерыканскім антраполагам Л. Морганам і нямецкім вучоным Ф. Энгельсам, якія падзялілі працэс развіцця грамадства на наступныя этапы: дзікасць, варварства і цывілізацыя. Цывілізацыя характарызуецца пэўным узроўнем патрэбаў, здольнасцяў, ведаў чалавека, грамадскай свядомасці, культуры, тэхналагічным і эканамічным спосабамі вытворчасці, сістэмай палітычных і грамадскіх адносін,. Адпаведна і гісторыя грамадства, згодна з цывілізацыйным падыходам да яе перыядызацыі, падзяляцца на наступныя этапы: старажытны свет, сярэднявечча, новы і навейшы часы.

Такім чынам, цывілізацыйны падыход больш разнабаковы, у адрозненне ад фармацыйнага, ён у цэнтр увагі ставіць не толькі вытворчасць і вытворчыя адносіны, не толькі выцякаючыя з гэтага сацыяльныя канфлікты, але і самога чалавека, яго ролю ў гісторыі, развіццё палітычных інстытутаў, грамадскай свядомасці, культуру і інш. Ён можа быць ужываемы да гісторыі кожнай краіны або групы краін і арыентуе на пазнанне гісторыі як шматварыянтнага працэса. Згодна з гэтым і падыходы да перыядызацыі больш разнастайныя. Напрыклад, прадстаўнікі цывілізацыйнага падыходу М. Данілеўскі, А. Тойнбі, О. Шпэнглер і іншыя зыходзілі з таго, што няма адзінага гістарычнага працэса, а ёсць развіццё асобных цывілізацый, якое носіць цыклічны характар і вызначаецца рэлігійнымі, культурнымі, палітычнымі, грамадска-эканамічнымі і іншымі фактарамі.

Раскрыццё заканамернасцяў і асаблівасцяў дзяржаўна-палітычнага, сацыяльна-эканамічнага, культурнага, духоўнага развіцця беларускага народа менавіта з улікам цывілізацыйных характарыстык пакладзены аўтарамі ў аснову вучэбнага дапаможніка “Гісторыя Беларусі ў кантэксце еўрапейскай цывілізацыі”.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]