Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Гісторыя Беларусі у кантэксце еўрапейскай цыв..doc
Скачиваний:
7
Добавлен:
16.11.2019
Размер:
1.34 Mб
Скачать

I. СТАРАЖЫТНАЯ БЕЛАРУСЬ

Тэрыторыя Беларусі ў старажытнай Эйкумене

Вялікае перасяленне народаў. Балты і славяне на тэрыторыі сучаснай Беларусі

Паганства ў старажытнай Беларусі

Станаўленне феадальных адносін у грамадстве

Полацкае і Тураўскае княствы - першыя феадальныя дзяржавы Беларусі

Князь Усяслаў. Грамадскі лад Полацкага княства

Увядзенне хрысціянства ў Беларусі

Культура Беларусі ў ІХ-ХІІІ стст. Е. Полацкая. К. Тураўскі

1. Тэрыторыя Беларусі ў старажытнай Эйкумене

       Прарадзімай старажытнейшага чалавека з'яўляецца Афрыка, дзе археолагамі знойдзены сляды людзей, якія жылі прыблізна 3-3,5 млн. гадоў таму назад. Адсюль ён паступова распаўсюдзіўся па ўсім зямным шары, а каля 1 млн. гадоў таму прыйшоў на поўдзень Усходняй Еўропы.

       Сотні тысяч гадоў зямлю Беларусі скоўвала вечная мерзлата, і наш край быў цалкам непрыдатны для існавання чалавека. Апошняе зледзяненне, якое пачалося прыкладна 100 тыс. гадоў назад, прыхапіла толькі паўночныя раёны Беларусі: Віцебскую, паўночную частку Мінскай і Гродзенскай абласцей. Далей ішоў шырокі пас прыледавіковай пустэльні, а на поўдні краіны прасціраліся тундра і халодны лесастэп з чэзлай расліннасцю і адпаведным жывёльным светам. Асабліва характэрнымі для прыледніковай фаўны былі маманты і шарсцістыя насарогі - асноўны аб'ект палявання палеалітычных жыхароў.

       У гэты час, каля 100 тыс. гадоў назад, на поўдні Беларусі з'яўляюцца першабытныя людзі - неандэртальцы, аб чым сведчаць знаходкі архаічных крамянёвых вырабаў. Па прапорцыях цела неандэртальцы былі блізкія да сучаснага чалавека, але іх чарапы яшчэ захавалі шмат прымітыўных рыс: пакаты лоб, вытыркнутыя надвочныя валікі, скошаная ніжняя сківіца, хаця аб'ём мозга адпавядае паказчыкам сучаснага чалавека. Галоўным заняткам чалавека каменнага веку - палеаліта было паляванне, збіральніцтва. Неандэртальцы ўмелі будаваць жытло, абаграваць яго вогнішчамі, шыць вопратку са шкуры пушных звяроў. Яны выраблялі з крэменю прылады працы (скроблы, востраканечнікі, ручныя рубілы), ужо свядома выконвалі магічныя рытуалы над памерлымі суродзічамі.

40-35 тысячагоддзяў назад неандэртальцы па невядомых прычынах знікаюць з гістарычнай сцэны. Іх выцеснілі людзі сучаснага антрапалагічнага тыпу - краманьёнцы. Яны выраблялі больш разнастайныя і дасканалыя, пераважна крамянёвыя, прылады працы. Археолагамі выяўлены стаянкі краманьёнцаў у Чачэрскім і Калінкавіцкім раёнах Гомельскай вобласці. Яны адносяцца да эпохі позняга палеаліту, заснаваны 23-26 тысячагоддзяў таму назад і з'яўляюцца самымі старажытнымі паселішчамі людзей на тэрыторыі Беларусі.

       У эпоху мезаліту (9-5 тыс. г. да н. э.), калі адышоў на Поўнач апошні ледавік, адбылося пацяпленне клімату, сетка рэк і азёр, расліннасць і жывёльны свет набылі выгляд, блізкі да сучаснага. Гэтыя змены паўплывалі на ўсе бакі жыццядзейнасці чалавека: мяняюцца спосабы палявання, з'яўляюцца новыя формы і тыпы паляўнічай зброі і прылад працы, удасканальваецца тэхніка іх апрацоўкі. Большае месца ў жыцці чалавека займае рыбалоўства. Асабліва эфектыўнай становіцца збіральніцкая гаспадарка. У эпоху мезаліту адбываецца першае суцэльнае засяленне чалавекам тэрыторыі Беларусі - на сённяшні час тут знойдзена 120 мезалітычных паселішчаў. Жытлом мезалітычных людзей былі даволі лёгкія круглыя або прамавугольныя збудаванні паўзямлянкавага тыпу з жэрдак.

       Каля 6 тысячагоддзяў назад у развіцці грамадства каменнага веку пачынаецца заключны этап - неаліт (5-3 тыс. г. да н. э.), характэрны радыкальнымі зменамі ў гаспадарцы, матэрыяльнай і духоўнай культуры. У гэты час Эйкумена ахоплівала большую частку Еўропы і Афрыкі. У рэгіёнах з больш спрыяльнымі ўмовамі для жыцця першабытнага чалавека колькасць насельніцтва хутка павялічвалася. А ў самых спрыяльных рэгіёнах - Месапатаміі і Егіпце - людзі стварылі першыя цывілізацыі. Галоўнымі прыкметамі старажытных цывілізацый было ўтварэнне дзяржавы, вынаходніцтва пісьма і фарміраванне адзінай (для пэўнай людской супольнасці) сістэмы светапогляду ці рэлігіі.

       Неалітычнае грамадства Еўропы не стварыла сваёй цывілізацыі, аднак вызначалася важнымі навацыямі: з'яўленнем земляробства, жывёлагадоўлі, глінянага посуду і шліфаваных каменных вырабаў.

       Медныя і бронзавыя вырабы выкарыстоўваюцца на Беларусі з пачатку ІІ тысячагоддзя да н. э. Першыя знойдзеныя тут металічныя рэчы пераважна закарпацкага і каўказскага паходжання. Але ў бронзавым веку (3-1 тысячагоддзе да н. э.) тут у значнай ступені захаваўся неалітычны ўклад жыцця. Для гэтай эпохі характэрны каменныя шліфаваныя сякеры, пласкадонны посуд, вынаходніцтва свідравальнага станка. Актывізуецца абмен, найперш па набыцці металу і вырабаў з яго, а таксама высакаякасным крэменем, бурштынам. У грамадстве дамінуюць патрыярхальныя адносіны, якія прыходзяць на змену матрыярхату.

       Стан крыніц (адсутнасць пісьменнасці, дрэнная захаванасць археалагічных помнікаў) не дазваляе вызначыць этнічную прыналежнасць першапачатковага насельніцтва Беларусі. Яго ўмоўна называюць даіндаеўрапейскім, альбо еўрапеоідамі.

       У IV тысячагоддзі да н. э. з Усходу на тэрыторыю Беларусі прыйшлі плямёны фіна-угорскай групы. Іх дачыненні з мясцовым насельніцтвам засталіся нявысветленымі. Аднак вядома, што фіна-угорцы пакінулі нам у спадчыну шмат тапанімічных помнікаў - назваў рэк і азёр (напрыклад, рэкі Нарва, Нараў, возера Нарач і інш.). Па свайму цывілізацыйнаму ўзроўню паляўнічыя фіна-угорцы былі не вышэй, а можа, нават і ніжэй абарыгенаў, старажытнейшых насельнікаў Беларусі.

       У ІІІ тысячагоддзі да н. э. на прасторах еўрапейскага кантынента з'яўляюцца носьбіты індаеўрапейскіх моў. У першапачатковай гісторыі індаеўрапейцаў шмат нявысветленага. Да часу асваення Еўропы індаеўрапейцы верагодней за ўсё займалі прычарнаморскія і прыволжскія стэпы або нават і шырэйшую прастору, куды яны, па меркаванню многіх даследчыкаў, маглі трапіць з Цэнтральнай Азіі, дзе, магчыма, знаходзілася іх прарадзіма. Некалькімі хвалямі індаеўрапейцы засялілі Балканскі паўвостраў. На востраве Крыт, яны напаткалі першую з вядомых у Еўропе цывілізацыю - Мінойскую, якая існавала з 2000 па 1450 гг. да н. э. У палацы цара Міноса налічвалася каля 5 тыс. пакояў, быў тут і тэатр на некалькі соцень гледачоў. На руінах Мінойскай узнікла Мікенская цывілізацыя, яна была створана індаеўрапейскім народам, які называў сябе элінамі, а сваю краіну - Эладай. Эліны вядомыя тым, што перамаглі Трою, а іх цывілізацыя праіснавала ўсяго паўтысячы гадоў, прыкладна з 1600 па 1100 гг. да н. э. Нашэсце варвараў (тых жа індаеўрапейцаў, толькі нецывілізаваных) разбурыла мікенскую цывілізацыю і толькі праз 300-400 гадоў на Балканскім паўвостраве зноў адрадзілася цывілізацыя, на гэты раз старажытнагрэчаская, добра вядомая нам са школьнага курса гісторыі.

       Індаеўрапейскія плямёны засялілі Апенінскі паўвостраў, дзе неўзабаве ўзнікла старажытнарымская цывілізацыя. Кельты і галы асвоілі Цэнтральную і Заходнюю Еўропу, дасягнулі сучасных Брытаніі, Ірландыі, Скандынавіі.

       На мяжы 3-2 тысячагоддзяў да н. э. індаеўрапейская групоўка балтаў прыйшла на Беларусь, што прывяло да карэннай змены этнічнага складу яе насельніцтва. Балты змяшаліся з абарыгенамі-еўрапеоідамі, вялі ў асноўным вытворчую гаспадарку, але ў нашых суровых умовах стварыць высокую цывілізацыю ім доўга не ўдавалася.

       Заключным этапам першабытнасці на тэрыторыі Беларусі стаў жалезны век (з VIII-VII cтст. да н. э. па IV-V стст. н. э.), які найперш характарызаваўся з'яўленнем і шырокім распаўсюджаннем металургіі, вырабам з жалеза прылад працы і зброі. Жалеза выплаўлялі з мясцовай сыравіны - балотнай руды (і сёння на карце Беларусі засталося шмат вёсак з назвай Рудня).

       Аснову гаспадаркі насельніцтва эпохі жалеза складалі земляробства і жывёлагадоўля, якія дапаўняліся рыбалоўствам, паляваннем, збіральніцтвам. Пераважала падсечнае земляробства. Жалезная сякера і саха з жалезным нарогам, рала з наральнікам, сярпы і косы дазволілі значна павялічыць плошчы, занятыя пасевамі, забяспечыць прадуктамі харчавання людзей і грамадскі статак і, акрамя таго, утварыць пэўныя запасы. Удасканальваліся і іншыя заняткі насельніцтва, з'явіліся неабходныя ў вытворчасці і побыце нажніцы, абцугі, напільнікі, пілы і інш. Палепшылася апрацоўка дрэва, з'явіўся новы, больш дасканалы інструментарый, пашырыўся тавараабмен.

       На тэрыторыі Беларусі вядома каля 1000 гарадзішчаў жалезнага веку, умацаваныя землянымі валамі і сценамі з бярвенняў, у якіх жылі носьбіты розных археалагічных культур.

Пытанні для самакантролю

Якая хваля мігрантаў прыйшла па Беларусь раней: угра-фінаў ці індаеўрапейцаў?

Што адбывалася на тэрыторыі Беларусі ў той час, калі на востраве Крыт расквітала першая ў Еўропе цывілізацыя?

2. Вялікае перасяленне народаў. Балты і славяне на тэрыторыі сучаснай Беларусі

       Перыяд з ІV па VII стст. увайшоў у гісторыю Еўропы як эпоха Вялікага перасялення народаў, названая так таму, што на гэтыя чатыры стагоддзі прыходзіцца пік міграцыйных працэсаў, якія ахапілі практычна ўвесь кантынент і радыкальна змянілі яго этнічнае, культурнае і палітычнае аблічча. Адбылася складаная міграцыя еўрапейскіх народаў - германцаў і славян. Адначасова Еўропа апынулася пад ціскам стэпавых народаў, самымі вядомымі з якіх былі гуны. Гэта была эпоха гібелі антычнай цывілізацыі і зараджэння феадалізму.

       Шукаць новыя жыццёвыя прасторы варвараў прымушалі рэзкія змены клімату і рост насельніцтва, дэмаграфічныя "выбухі", якія нярэдка здараліся ў першабытных народаў, калі ім шанцавала на спрыяльныя жыццёвыя ўмовы. Пры нізкай прадуктыўнасці працы колькасць насельніцтва перавышала магчымасці дадзенай тэрыторыі пракарміць усіх і тады "лішнія" былі вымушаныя вандраваць. Так, напэўна, здарылася ў IV-III тыс. да н. э. з фіна-угорцамі, якія з Сібіры павандравалі на Захад і апанавалі Усходнюю Еўропу, і з індаеўрапейцамі, якія некалькімі агромністымі хвалямі ўвайшлі ў Еўропу. Праўдападобна, што мігранты сярэдзіны першага І тыс. н. э. таксама сутыкнуліся з абмежаванасцю прыродных рэсурсаў лясной і часткова лесастэпавай зоны Еўрапейскага кантынента. Былі і знешнепалітычныя чыннікі: ціск адных варварскіх плямёнаў на іншыя, а таксама аслабленне Рымскай імперыі, якая вабіла знаць сваімі багаццямі, раскошай.

       Вялікае перасяленне народаў у Еўропе пачалося са славутай вандроўкі готаў - буйнога аб'яднання германскіх плямёнаў, якія доўгі час жылі на берагах Балтыйскага мора (у Скандынавіі і на поўначы Германіі). Помнікам ім у гэтым рэгіёне застаўся востраў Готланд альбо Гоцкі бераг, як яго называлі полацкія і літоўскія летапісы. У ІІІ ст. готы арганізавалі вялікі міжпляменны саюз і па неўдакладненых гісторыкамі прычынах кінулі свае паселішчы, накіраваліся на поўдзень, у Прычарнамор'е. У Гоцкі саюз увайшлі і славянскія плямёны, якія жылі на тэрыторыях сучасных Усходняй Германіі (палабскія славяне), Польшчы, Славакіі і, напэўна, з поўдня Беларусі. Сотні тысяч людзей, а па некаторых ацэнках некалькі мільёнаў, рухаліся са сваім скарбам і хатняй жывёлай шмат гадоў з узбярэжжа Балтыйскага мора да ўзбярэжжа Чорнага мора. Славянскія плямёны, якія сустракаліся на іх шляху, альбо далучаліся да мігрантаў, альбо былі вымушаныя перасяліцца ў іншыя мясціны. Шлях ад Балтыйскага да Чорнага мора, напэўна ж, праходзіў праз тэрыторыю Беларусі, і гэта першае з вялікіх перасяленняў народаў паўплывала на сітуацыю ў старажытнай Беларусі. На жаль, гісторыя на гэту тэму мае вельмі мала бясспрэчных фактаў.

       Каля стагоддзя готы ладзілі жыццё на поўдні сучаснай Украіны. Аднак хваля новых качэўнікаў-гунаў (верагодна, стэпавых угра-фінаў) накрыла Прычарнамор'е. У 375 г. гуны разбілі готаў, падначалілі іх і рушылі на Захад.

       На пачатку V ст. гуны замацаваліся ў Паноніі (цяпер Венгрыя). Гунскі саюз быў асабліва магутны пры Атыле, які стаў прэтэндаваць на частку тэрыторыі Заходняй Рымскай імперыі. У 451 г. гуны ўварваліся ў Галію, але былі разбіты рымлянамі. Гэта бітва лічыцца адной з найважнейшых у сусветнай гісторыі, паколькі ў ёй вырашаўся лёс Еўропы. Пасля смерці Атылы дзяржава гунаў распалася, а самі яны растварыліся сярод іншых народаў.

       У 476 г. наёмныя войскі Рыма пад кіраўніцтвам славяніна Адаакра скінулі апошняга імператара Ромула Аўгустула, што прынята лічыць канцом не толькі Заходняй Рымскай імперыі, але і ўсяго антычнага перыяду гісторыі.

       Старажытныя рымляне пакінулі нашчадкам багацейшую матэрыяльную і духоўную культуру, якую, як і культуру грэкаў, называюць антычнай. Рымскія архітэктары навучыліся будаваць дугападобныя перакрыцці - арку, звод, купал, вынайшлі бетон. У залах шмат якіх музеяў свету зберагаются сотні выдатных бюстаў, выкананых рымскімі скульптарамі, якія з дакладнасцю перадавалі рысы твару чалавека. Рымская цывілізацыя дала шмат таленавітых паэтаў, з якіх найбольш вядомыя - Вергілій, Авідзій, Гарацый. Імя багатага рымляніна Мецэната - заступніка мастацтва - стала намінальным. Вялікае значэнне рымляне надавалі асвеце. Рымскае права да сягоння вывучаюць на юрыдычных факультэтах. Вялікіх вышынь дасягнулі гістарычная навука, філасофія, логіка.        Паўстае пытанне, чаму некаторыя індаеўрапейскія народы змаглі стварыць узоры высокай цывілізацыі, а ў той самы час іншыя індаеўрапейцы, у т. л. старажытныя насельнікі Беларусі, марудна прасоўваліся ад неаліту да эпохі жалезнага веку. Канешне, сярод стваральнікаў мінойскай і наступных антычных цывілізацый былі, напэўна ж, таленавітыя арганізатары, палкаводцы, вучоныя. Галоўнае, аднак, у тым, што менавіта гэтыя народы апынуліся ў найбольш спрыяльных геаграфічных умовах. У іх хапала сіл, каб забяспечыць сябе ежай, адзеннем, жытлом і заставаўся час, каб займацца адукацыяй, навукай, мастацтвам. Добрыя шляхі зносін (цвёрды грунт, марскія шляхі) дазвалялі абменьвацца вопытам, збіраць патрэбную інфармацыю і найбольш каштоўныя вырабы ў іншых народаў. Нарэшце, прыродныя ўмовы давалі магчымасць выкарыстоўваць працу рабоў. Свабодная ад цяжкай працы эліта тым часам рухала наперад цывілізацыйны прагрэс.     Усё гэта было немагчыма, скажам, у Цэнтральнай Еўропе. Тагачасны стан ведаў і тэхнікі дазваляў толькі з вялікімі цяжкасцямі здабываць сродкі для існавання. Малавыдайнае земляробства, халодная зіма пазбаўлялі тутэйшае насельніцтва вольнага часу. Шырокае выкарыстанне працы рабоў у лясной паласе, дзе яны лёгка маглі збегчы, не мела сэнсу. Лясы і непраходныя балоты абмяжоўвалі культурны абмен і ўзаемадзеянне плямёнаў і народаў. Таму народы Цэнтральнай і Усходняй Еўропы ішлі да цывілізацыі больш доўгім і складаным шляхам.

       Індаеўрапейскі, ці балта-славянскі, перыяд этнічнай гісторыі Беларусі распачаўся на мяжы ІІІ-ІІ тыс. г. да н. э., калі сюды прыйшлі балты.

       Плямёны, якія шмат пазней атрымалі назву балты, уяўлялі сабой адно з адгалінаванняў індаеўрапейцаў, блізкае тым, каго ў Заходняй Еўропе ведалі над назвай галы. З паўднёвых стэпаў будучыя балты прыйшлі на Поўнач уздоўж Дняпра, засялялі большую частку сучасных Беларусі, Літвы і Латвіі. Фіна-угорцы лакалізаваліся ва Усходняй Латвіі - лівы, Эстоніі - эсты, у цэнтральных рэгіёнах сучаснай Расіі.

       Балты знаходзіліся на больш высокім узроўні сацыяльна-эканамічнага развіцця, чым іх папярэднікі, і прынеслі на тэрыторыю Беларусі жывёлагадоўлю і земляробства. Яны змяшаліся з мясцовым даіндаеўрапейскім насельніцтвам, асноўная маса якога засталася на ранейшым месцы, і, як носьбіты больш высокай культуры, паступова яго асімілявалі, навязалі сваю мову і культуру.

       Больш за дзве тысячы гадоў балты адносна спакойна жылі ў аблюбаваным рэгіёне Эйкумены, на ўзбоччы ад імклівых палітычных падзей і складаных этнічных працэсаў, якія тым часам адбываліся ў Заходняй Еўропе. Больш маладыя народы - германцы і славяне - перажывалі "дэмаграфічны выбух" і рыхтаваліся да перадзелу Еўропы. Першую хвалю міграцыі славян на Беларусь археолагі адносяць да сярэдзіны І тыс. да н. э. На іх думку, невялікія групы славян прасачыліся тады ў раёны Палесся. Балты, продкі якіх паходзілі са стэпаў, не спяшаліся асвойваць дрыгву, таму не перашкаджалі славянам-мігрантам там рассяліцца.

       Аднак асноўныя падзеі адбыліся пазней, падчас "вялікага перасялення народаў", пасля таго, як готы, а затым гуны агнём і мячом разварушылі Еўропу.

       З рухам славян у V-VІ стст. на Балканы, а адтуль - у бок багатых рымскіх правінцый і на ўсход - звязваюць з'яўленне ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе першых бясспрэчна славянскіх археалагічных помнікаў, вядомых як культура пражскага тыпу. Масавае славянскае засяленне Беларусі распачалося ў VІ ст., доўжылася да X-XІ стст. Апошнім было заселена Панямонне.

Наперадзе ішлі ўзброеныя славянскія дружыны, яны будавалі на сваім шляху ўмацаваныя гарадзішчы, многія з якіх пазней сталі гарадамі. Услед за дружынамі ішло земляробчае насельніцтва. Славяне часткова выцеснілі балтаў, часткова - асімілявалі. На працягу шэрагу стагоддзяў (VI-XIII) адбываліся складаныя працэсы этнічнага ўзаемадзеяння славян і балтаў. У выніку перамагла славянская стыхія, як больш высокая па сацыяльнай арганізацыі.

       Асноўны масіў славянства на Беларусі склалі дрыгавічы, крывічы і радзімічы. Дрыгавічы аселі ў басейне Прыпяці і цэнтры Беларусі. Назву дрыгавічоў старажытны летапісец выводзіць ад слова "дрыгва", якая была характэрнай асаблівасцю мясцовасці, дзе яны аселі. Аднак існуе і іншая версія: плямёны называліся другавіты, другавічы (другі, другія), а летапісец быў недакладны. Радзімічы пасяліліся ў басейне ракі Сож. Крывічы занялі басейн Заходняй Дзвіны. На поўначы і на ўсходзе іх мяжа праходзіла па-за межамі тэрыторыі Беларусі. Яна ўключала не толькі паўночныя раёны Беларусі, але і сучасныя Пскоўшчыну і Смаленшчыну, раёны вярхоўя Волгі, Дняпра.

Міжрэчча Буга і Нёмана было заселена змешаным у этнічных адносінах насельніцтвам пры колькаснай перавазе прадстаўнікоў таго ці іншага этнасу ў асобных раёнах. У Пінскім Палессі да Х ст. пераважалі дрыгавічы, у Берасцейскім Пабужжы - валыняне, у Панямонні - яцвягі, балцкае племя.

       Мяркуюць, што славянскае засяленне Беларусі працякала ў выглядзе павольнай інфільтрацыі славян на пустуючыя ўчасткі балцкіх уладанняў. У той жа час устаноўлена, што на мяжы VII-VIII стст. большасць умацаванняў банцараўскай культуры загінула ў выніку пажараў. Верагодна, балты месцамі аказалі супраціўленне прышэльцам, што і прывяло да гібелі іх паселішчаў.

       Рассяленне ўсходніх славян на тэрыторыі Беларусі супала па часе з разлажэннем першабытнага грамадства і развіццём на беларускіх землях пераважна феадальных адносін, заснаваннем гарадоў і фарміраваннем першапачатковых дзяржаўных утварэнняў - "княжанняў". У канцы Х ст. на аснове племянных княжанняў крывічоў-палачан і дрыгавічоў склаліся Полацкае і Тураўскае княствы - першыя дзяржавы на тэрыторыі сучаснай Беларусі.

Пытанні для самакантролю

Чаму на тэрыторыі Беларусі не было масавага рабаўладання?

Як будаваліся адносіны паміж балтамі і славянамі на тэрыторыі Беларусі?

3. Паганства ў старажытнай Беларусі

       Для абазначэння старадаўніх вераванняў і культаў, што існавалі да пашырэння так званых "вышэйшых" рэлігій (хрысціянства, іслам, будызм), у багаслоўі і гістарычнай літаратуры прыняты тэрмін язычніцтва, альбо паганства. Назва паходзіць ад царкоўнаславянскага слова "языцы", што азначае народы, чужаземцы. Слова "паганства" ўтворана ад лацінскага слова "паганус" у значэнні селянін і таксама язычнік. Справа ў тым, што хрысціянства ў Рымскай імперыі, распаўсюджвалася спачатку ў гарадах. Вёска і яе жыхары (сяляне-паганцы) яшчэ доўга заставаліся язычнікамі.

Першымі формамі паганскіх вераванняў былі фетышызм, анімізм, татэмізм, магія і інш. Анімізм (паходзіць ад лацінскага слова anima ў значэнні дух, душа) - сістэма ўяўленняў і вераванняў аб духах і душы як вызначальных пачатках свету і чалавечага жыцця. Анімістычныя вобразы (душы, духі, дэманы, чэрці і інш.) узніклі як увасабленне незразумелых стыхій, што пагражалі чалавеку; з'яў і працэсаў, непасрэдна звязаных з яго існаваннем. Пры гэтым духі надзяляліся чалавечымі рысамі і якасцямі.

       Абрады, дзеянні або слоўныя формулы-заклінанні, звязаныя з верай у звышнатуральныя здольнасці чалавека ўздзейнічаць на сілы прыроды, лёс, істоты і прадметы, называюцца магіяй, або чарадзействам. У аснове магіі ляжала ўяўленне, што пэўнае дзеянне выклікае адпаведную жаданую з'яву. Магія была белай, што заклікала да бога, і чорнай, што звярталася да "нячыстай" сілы. Найбольш пашырана была магія лячэбна-засцерагальная (знахарства, замовы), гаспадарчая, любоўная, шкоданосная і інш. Рэшткі магічных вераванняў існуюць і ў наш час.

       Культ неадушаўлёных прадметаў - фетышаў, якія, паводле ўяўленняў вернікаў, надзелены звышнатуральнымі ўласцівасцямі, называецца фетышызмам. Амулеты ў выглядзе мядзведжых іклаў з прасвідраванымі дзеля падвешвання адтулінамі знойдзены, напрыклад, у Ваўкавыску ў культурным пласце Х ст.

       Пад татэмамі звычайна разумеюць комплекс вераванняў і абрадаў, звязаных з уяўленнем пра роднасць паміж групай людзей і татэмам - пэўным відам жывёл, раслін, радзей - з'яў прыроды ці неадушаўлёнымі прадметамі. Татэма паважалі, часам абагаўлялі, не прычынялі яму шкоды. Дзеля задобрывання татэма-жывёлы выконвалі спецыяльныя магічныя абрады, песні-заклінанні, татэмныя танцы, у якіх звычайна імітаваліся паводзіны татэмаў.

       Зямлю, ваду і неба балты і славяне засялілі багамі і духамі і кожнага надзялілі сваімі функцыямі - кожны "адказваў" за нейкае асяроддзе ці сферу жыцця. У лесе жыў лесавік, у балоце - лешы, у полі - палявік, у вадзе - русалкі, у хаце - дамавік і г. д.

       Славяне ўяўлялі сваіх багоў у выглядзе людзей з чалавечымі звычаямі і паводзінамі. Яны маглі быць добрымі і злымі, прыносіць людзям карысць або шкоду. Каб богі былі міласцівымі да людзей, іх стараліся задобрыць, наладжвалі ў іх гонар розныя ўшанаванні: пакланяліся ім, прыносілі ахвяры, часцей у выглядзе пачастункаў, ежы. Язычнікі выраблялі з дрэва, каменю, косці, гліны вялікія і маленькія фігуркі багоў, якіх называлі ідаламі ("каменнымі бабамі").

       Важнейшай асаблівасцю язычніцтва з'яўляецца шматбожжа. У язычніцкі пантэон славян уваходзілі багі: Пярун (бог грому і маланкі), Сварог (бог неба) і яго сын Дажбог (бог сонечнага святла), Ярыла (бог веснавой урадлівасці і плоднасці жывёлы), Жыжаль (бог агню), Зніч (бог паграбальнага агню), Стрыбог (бог вятроў), Вялес (апякун жывёлагадоўлі), Лёля (багіня вясны, дзявочай прыгажосці і кахання) і інш.

       Вядома, што ў дагаворах Русі з Візантыяй славяне прысягалі Перуном і Вялесам. Бог грому і маланкі Пярун з'яўляўся вярхоўным язычніцкім божышчам усходніх славян. Ён быў падобны на старажытнагрэчаскага Зеўса, старажытнарымскага Юпіцера, балцкага Пяркунаса. Лічыўся ўладаром неба, даравальнікам дажджу. Ад яго залежаў плён сялянскай працы, таму Пярун ушаноўваўся і як земляробчы бог. У Х ст. ён лічыўся таксама богам-заступнікам княжацкай дружыны.

       Месца, дзе язычнікі ўшаноўвалі сваіх багоў, прыносілі ім ахвяры, называлася капішчам, або свяцілішчам. Яны размяшчаліся на ўзвышшах, астравах, на берагах рэк і азёр, сярод балот. Звычайна капішча ўяўляла сабой пляцоўку круглай формы, у цэнтры якой стаяў ідал - вобразнае адлюстраванне бога. Па краях пляцоўка была акрэслена ровам, камянямі або ямамі. Найчасцей капішчы прысвячаліся галоўнаму богу - Пяруну. Паводле падання, каля Полацка на беразе Валовага возера знаходзілася капішча Пяруна. Рэшткі свяцілішча X ст. адкрыты каля вёскі Ходасавічы Рагачоўскага раёна. Тут стаяў драўляны ідал, вакол якога ў час святкаванняў распальваліся вогнішчы.

       З VI ст. славяне на тэрыторыі Беларусі пачалі спальваць нябожчыкаў і хаваць у курганах. Паводле язычніцкіх вераванняў агонь быў свяшчэннай ачышчальнай сілай. Яму і аддавалі цела нябожчыка разам з некаторымі рэчамі, якімі ён карыстаўся пры жыцці: жаночымі ўпрыгожаннямі, гліняным посудам, прыладамі працы. Лічылася, што яны спатрэбяцца яму ў замагільным жыцці. Спаленыя рэшткі чалавека змяшчалі ў гліняную пасудзіну - урну. Яе ставілі там, дзе потым узводзілі насып. Пры насыпанні кургана ўчынялася трызна - развітанне з нябожчыкам у выглядзе ваеннай гульні ці спаборніцтва.

       Летапіс сведчыць, што яшчэ ў ХIV ст. вялікага князя літоўскага Гедыміна пасля смерці спалілі разам з яго слугамі і палоннымі крыжакамі.

Памёршага любога ўзросту па традыцыі адносілі да ліку "дзядоў", продкаў. У старажытнага насельніцтва Беларусі доўгі час захоўваўся сямейна-родавы культ шанавання продкаў, звязаны з пахавальнымі звычаямі. Некалькі разоў у год адзначаліся памінальныя святы - Дзяды (восенню) і Радаўніца (вясной). Да іх старанна рыхтаваліся - чысцілі і мылі жыллё, рыхтавалі абрадавую ежу. Перажыткам культу продкаў была вера ў дамавіка - нябачнага заступніка сям'і.

       Святы і абрады здаўна прымяркоўвалі да пэўных каляндарных дат. У гэтых святах прасочваюцца напластаванні розных эпох - ад самых архаічных да новага часу. Каляндарная абраднасць ва ўсходніх славян мела аграрна-магічны характар, таму што асноўнай яе функцыяй было забеспячэнне дабрабыту сялянскай сям'і, які залежаў у першую чаргу ад ураджаю.

       Залежнасць жыцця і працы селяніна ад прыродных стыхій вымушала яго выконваць разнастайныя абрады, прымеркаваныя да пэўных падзей, строга рэгламентаваныя часам. Адпаведна чатыром порам года існавалі чатыры вялікія святы, вакол якіх групаваліся іншыя. У сваю чаргу асноўныя святы прыблізна накладваліся на астранамічныя перыяды, якія былі звязаны з сонцастаяннем ці раўнадзенствам. Увесь земляробчы каляндар трымаўся на цыклах: зімой - Каляды, летам - Купалле, восенню - Дзяды, Пакровы.

       Такім чынам, паганства - гэта вынік жыццёвай дзейнасці і светапогляду людзей, адлюстраванне іх патрэб. Увядзенне хрысціянства не скасавала цалкам язычніцкіх уяўленняў і культуры. Хрысціянская царква вымушана была дапасоўваць свае святы і абрады да язычніцкага святочнага календара. Напрыклад, сляды культу Перуна захаваліся ў некаторых павер'ях і праклёнах ("Каб цябе Пярун трэснуў"). Многае з таго, што ў язычніцкія часы насіла культавы характар, захоўваецца і сёння як мастацкая з'ява.

Пытанні для самакантролю

Хто з вялікіх князёў літоўскіх быў язычнікам?

Ці былі славяне варварамі?

4. Станаўленне феадальных адносін у грамадстве

       Станаўленне феадалізму - доўгі і складаны працэс. І ў познеантычным, і ў варварскім грамадстве ўзнікалі перадумовы для фарміравання феадальных адносін. Гістарычна склалася так, што ў Заходняй Еўропе станаўленне феадалізму адбывалася ва ўмовах ўзаемадзеяння рымскага і варварскага грамадстваў. Класічным прыкладам такога варыянта развіцця з'яўляецца Галія (цяпер - Францыя), дзе феадалізм зацвердзіўся ў VIII-ІХ стст.

       Заўважана, што родаплемянны лад старажытных германцаў нёс у сабе моцны феадальны зарад. Тэмпы і формы феадалізацыі грамадства залежалі ад многіх фактараў: ад суадносін варвараў і рымлян на адной тэрыторыі, культурнага ўзроўню прышлага і мясцовага насельніцтва, ад рэлігійных і прававых фактараў, прыродна-геаграфічных і знешнепалітычных умоў.

       Пад рымскім уплывам у розных германскіх плямёнаў паступова адбываюцца змены сацыяльных адносін. Адзін вольны супляменнік атрымлівае ад князя права на валоданне вялікім абшарам зямлі - феадал. Іншыя вольныя супляменнікі, якія пасяліліся на гэтай зямлі, ператварыліся ў залежных людзей. Яны маглі валодаць зямлёй толькі са згоды феадала. Прапорцыі незалежных і залежных сялян у Германіі ў VII-XI стст. хутка мяняліся на карысць апошніх.

       Асноўным сродкам вытворчасці і асноўным багаццем пры феадалізме з'яўлялася зямля, якая знаходзілася ў манапольным распараджэнні феадалаў. Феадал даваў сялянам зямлю ў трыманне. Селянін не з'яўляўся ўласнікам зямлі, але толькі яе трымальнікам на пэўных умовах. Яго эканамічная залежнасць ад феадала выражалася ў выглядзе рэнты (адпрацовачнай, прадуктовай ці грашовай) - працы ці плацяжоў на карысць феадала. Але на зямлі, што атрымаў у карыстанне, селянін вёў самастойную дробную гаспадарку, меў ва ўласнасці дом, хатнюю жывёлу і прылады працы, з дапамогай якіх ён апрацоўваў свой участак і раллю феадала.

       Варвары разбурылі высокатаварную гаспадарку антычнасці. На раннім этапе феадалізму панавала натуральная гаспадарка; абмен быў нязначным, гандлёвыя сувязі не развітымі; рамяство яшчэ толькі пачынала аддзяляцца ад сельскай гаспадаркі. У буйных памесцях пераважала адпрацовачная рэнта і звязаная з ёй паншчынная сістэма гаспадарання. Шырока распаўсюджваўся таксама натуральны аброк з сялян, якія знаходзіліся ў больш лёгкай залежнасці. Грашовая рэнта была развіта яшчэ слаба.

       Характэрнай рысай сацыяльна-палітычных адносін, якія склаліся ў Еўропе да сярэдзіны ХІ ст., была непарыўная сувязь паміж феадальнай уласнасцю на зямлю і палітычнай ўладай феадала. Буйная вотчына ўяўляла сабой не толькі гаспадарчую адзінку, але і як бы маленькую дзяржаву - сеньёрыю. У дачыненні да насельніцтва сваіх уладанняў феадал быў не толькі землеўладальнікам, але і адміністратарам - сеньёрам, у руках якога знаходзілася ўлада, суд, сродкі прымусу. Такая арганізацыя грамадства абумовіла панаванне ў Еўропе ў Х-ХІ стст. (у некаторых краінах і пазней) палітычнай раздробленасці.

       Феадальная іерархічная лесвіца складалася з караля, які лічыўся вярхоўным сеньёрам усіх феадалаў; буйнейшых свецкіх і духоўных феадалаў з ліку тытулаванай знаці: герцагаў, графаў, архіепіскапаў і епіскапаў, абатаў буйнейшых манастыроў; землеўладальнікаў рангам ніжэй - баронаў; а таксама дробных рыцараў. Асновай васальных адносін з'яўлялася феадальнае зямельнае ўладанне - феод, ці па-нямецку лен, які васал трымаў ад свайго сеньёра.

       Устанаўленне феадальных адносін у Еўропе ў ІХ-ХІ стст. у цэлым прывяло да ўздыму эканомікі і скачка ў развіцці прадукцыйных сіл. Усталяваліся парадак і кантроль за арганізацыяй вытворчасці. І феадал, і селянін былі зацікаўлены ў павелічэнні прадукцыйнасці працы і памераў прадукцыі. Развівалася рамяство, паступова яно аддалялася ад сельскагаспадарчых заняткаў, адраджаліся на новай феадальнай аснове рымскія гарады, узнікалі новыя пасяленні, рынкавыя цэнтры, парты для рачнога і марскога гандлю.

       Істотнай рысай развіцця ўсходніх славян і балтаў на тэрыторыі Беларусі быў зацяжны характар шматукладнасці іх грамадскай гаспадаркі. Тут у IX-XIII стст., а месцамі яшчэ пазней, ужываліся і перапляталіся два асноўныя сацыяльна-эканамічныя ўклады: родаплемянны і феадальны.

       Земляробчае насельніцтва старажытнай Беларусі было арганізавана ў абшчыны ("верв", "грамада"), якія валодалі ворнай зямлёй. Яны складаліся з усіх сем'яў адной або некалькіх вёсак. Паступова абшчына пападала пад "апеку" феадалаў. На працягу многіх стагоддзяў эпохі феадалізму гаспадарка сялян вялася на землях, якія належалі сельскай абшчыне. Землі даваліся ў карыстанне асобных двароў; час ад часу абшчына рабіла іх перадзел. У ёй спалучалася абшчыннае валоданне зямлёй з індывідуальным вядзеннем гаспадаркі. Сенажаці, лясы, вадаёмы былі ў сумесным карыстанні. Абшчына садзейнічала згуртаванню сялян у іх адносінах з феадаламі. Сяляне былі зацікаўлены ў яе захаванні. У пэўнай меры ў гэтым былі зацікаўлены і феадалы, якія выкарыстоўвалі кругавую паруку для стараннага выканання сялянамі панскіх павіннасцей.

       Клас феадалаў меў сваю іерархію. На яе вяршыні знаходзіўся князь, ніжэй - князі больш дробных удзельных княстваў "вотчын", затым ішлі феадалы-ўладальнікі вялікіх і малых памесцяў. Вярхоўным уласнікам усёй зямлі лічыўся вялікі князь. Ён меў уладанні, раскінутыя па ўсяму княству. За карыстанне імі насельніцтва абавязана было плаціць князю даніну грашыма або натурай (прадуктамі, футрам і інш.). Абкладвалася кожная сялянская гаспадарка ("дым").

       Крыніцы X-XIII стст. называюць наступныя віды феадальнага землеўладання: княжацкае, баярскае і царкоўнае. Феадальнае землеўладанне было вотчынным ці памесным. Землеўласнікамі былі таксама сялянская абшчына і асобныя сяляне. Уся эпоха феадалізму характарызуецца пастаянным імкненнем феадалаў да максімальнай канцэнтрацыі ў сваіх руках зямельнага фонду. Яны пастаянна пашыралі свае ўладанні і паступова сабралі ў сваіх руках лепшыя землі. Па меры развіцця феадальных адносін доля абшчыннага і сялянскага землеўладання пастаянна змяншалася.

       Закабаленне свабоднага сялянства было абумоўлена гістарычнымі абставінамі феадальнай эпохі. Сялян даводзіла да галечы плата княжацкіх данін, частыя спусташальныя войны, галодныя і неўраджайныя гады, смерць кармільца, падзеж жывёлы. У перыяд войнаў сяляне абавязаны былі ісці ў апалчэнне, а гэта падрывала іх гаспадарку. Збяднелыя сяляне траплялі ў феадальную залежнасць. Абшчынныя землі пераходзілі да феадалаў ці станавіліся ўласнасцю дзяржавы. З развіццём феадальнага ладу ўсё болей скарачалася і колькасць сялян, што жылі на дзяржаўных землях, паколькі гэтыя землі разам з людзьмі пераходзілі да свецкіх і царкоўных феадалаў.

       З'яўляюцца новыя катэгорыі феадальна залежных сялян: закупы, радовічы, ізгоі, халопы, чэлядзь. Усіх залежных ад феадала людзей пачалі падзяляць на "непахожых" і "пахожых". Першыя доўга жылі на адным месцы і страцілі магчымасць пакінуць пана. Другія яшчэ не былі поўнасцю заняволены. Залежнае насельніцтва займала самае прыніжанае становішча на сацыяльнай лесвіцы. Іх жыццё цанілася ў 16 разоў танней за жыццё кіраўнікоў княжацкіх маёнткаў - "агнішчан" і "цівуноў".

       Сяляне адпрацоўвалі паншчыну на раллі феадала, плацілі чынш натурай (мёдам, ільном, печаным хлебам, аўсом, жытам, авечкамі, курамі і г. д.) ці грашыма. Грашовая рэнта была рэдкай з'явай, што тлумачыцца натуральным характарам гаспадаркі. З часам доля паншчыны ўсё больш узрастае ў параўнанні з чыншам.

Пытанні для самакантролю

Хто быў бліжэй да караля па феадальнай іерархіі - герцаг ці барон?

Якое з землеўладанняў было прыватным - “вотчына” ці “дым”?

5. Полацкае і Тураўскае княствы - першыя феадальныя дзяржавы Беларусі

       Вытокі дзяржаўнасці на нашай зямлі бяруць свой пачатак ў сівой мінуўшчыне. Узнікненне інстытута дзяржавы звязана з распадам першабытнага ладу, пераходам да суседскай абшчыны, паступовым выдзяленнем сярод агульнай масы насельніцтва палітычнай і духоўнай эліты, са спецыялізацыяй і канцэнтрацыяй вытворчасці, узнікненнем гарадоў і г. д. У VI-X стст. у Заходняй Еўропе складваюцца феадальныя дзяржавы ў франкаў, бургундцаў, англасаксаў, немцаў, вылучаюцца буйныя палітычныя цэнтры ў Даніі, Швецыі, Нарвегіі. Усталяваліся дзяржавы ў славян: чэхаў, мараваў, харватаў і славенцаў, палякаў. На землях Усходняй Еўропы працэс утварэння дзяржаў адбываўся ў VIII-X стст. Крывіцкі Полацк, палянскі Кіеў і славенскі Ноўгарад выступілі першымі цэнтрамі кансалідацыі ўсходнеславянскіх племянных саюзаў. Гэтыя саюзы ўяўлялі сабой паўпатрыярхальныя-паўфеадальныя "княжанні" з князямі на чале і насельніцтвам, якое характарызавалася агульнай этнічнай самасвядомасцю, моўным адзінствам і падабенствам культуры. Еўрапейская тэндэнцыя фарміравання дзяржаўнасці ахапіла тады і сярэднявечныя беларускія землі. Яны не былі першымі ў гэтых працэсах, але і не апошнімі. У першай палове ІХ ст., як паведамляе "Аповесць мінулых гадоў", паляне, драўляне, славене, а таксама дрыгавічы і палачане мелі свае племянныя "княжанні" - правобраз першапачатковага дзяржаўнага ўтварэння.

       На мяжы VIII-ІX стст. вакол Полацка пачало складвацца аб'яднанне крывічоў, якое ў першай палове ІХ ст. сфарміравалася ў самастойную тэрытарыяльную, палітычную і эканамічную адзінку і на аснове якога аформілася раннедзяржаўнае Полацкае княжанне. Полацк упершыню прыгадваецца ў летапісах ужо ў 862 г. як адзін з важнейшых гарадоў Усходняй Еўропы. Сваім раннім узнікненнем і інтэнсіўным развіццём Полацкая зямля ў многім абавязана воднаму шляху "з варагаў у грэкі", які злучаў праз сістэму рэк Дняпра, Дзвіны, Ловаці і Волхава поўдзень кантынента з поўначчу, усход з захадам. Гэта важная магістраль, па якой у асноўным ішоў міжнародны гандаль і ажыццяўляліся паходы на Візантыю, стала воссю дзяржаваўтваральнага працэсу ва Усходняй Еўропе і вызначыла статус Кіева, Полацка і Ноўгарада як важных еўрапейскіх палітычных цэнтраў.

       У X-XI стст. Полацкае княства з'яўлялася адным з буйнейшых і магутнейшых княстваў на тэрыторыі Усходняй Еўропы і сапернічала з Кіевам і Ноўгарадам у аб'яднанні зямель. Па сацыяльна-эканамічнаму і культурнаму ўзроўню яно не саступала развітым дзяржавам таго часу.

       У 862 г. ноўгарадскі князь Рурык вырашыў накіраваць намеснікаў у гарады, якія знаходзіліся ў сферы ўплыву Ноўгарада. Аднаго з іх ён паслаў у Полацк. У адказ на гэта кіеўскія князі Аскольд і Дзір, якія мелі ў Полацку свае інтарэсы, у 865 г. арганізавалі паход на Полацк і "много зла створиша" палачанам. Тым часам Паўночная Русь (Ноўгарад) і Паўднёвая Русь (Кіеў) аб'ядналіся. Пераемнік Рурыка Алег, які стаў у 882 г. вялікім кіеўскім князем, прызначыў крывічам як сваім падданым плаціць даніну на карысць Кіева, што, аднак, не прывяло да поўнай страты самастойнасці Полацкага княства. Крывічы ўдзельнічалі ў паходах кіеўскіх князёў 911 і 944 гг. на Візантыю. Але ў 40-70-я гады Х ст. Полацк выйшаў з-пад улады Кіева і аднавіў сваю палітычную самастойнасць.

       Характар адносінаў Полацка з Кіевам у ІХ-ХІІ стст. з'яўляецца спрэчным. У літаратуры вызначыліся два асноўныя падыходы да гэтай праблемы. Першы разглядаў Кіеўскую Русь як адзіную дзяржаўную структуру, пабудаваную на аснове сузаранітэту - васалітэту, часткай якой было Полацкае княства. Прыхільнікі другога падыходу бачаць у Кіеўскай Русі няўстойлівы кангламерат плямён і народаў, у якім непрацяглы час і ў нетрывалым саюзе давялося пабываць і Полацкаму княству. Перыяды яго саюзніцкіх адносін з кіеўскімі князямі чаргаваліся з ваеннымі канфрантацыямі, ініцыятарамі якіх нярэдка выступалі полацкія князі.

       У апошняй чвэрці X ст. тут, незалежна ад Кіева і ад Ноўгарада, правіў Рагвалод, які, як гавораць пра яго летапісы, прыйшоў з "заморья, имяше волость свою в Полотьске". Ён стаў першым персанажам беларускай гісторыі, чыё імя данеслі да нас крыніцы. Не выключана, што ён стаяў на чале нешматлікай заморскай дружыны, што прыйшла ў Полацк. Для нас самае важнае не паходжанне Рагвалода, а тое, што ён выступае як гістарычны дзеяч, поўнасцю адданы інтарэсам Полацка. Ён стаў княжыць тут у 60-70-я гг. X ст. і намерваўся ахапіць сваёй уладай землі ад Прыпяці да Фінскага заліва. Рагвалод замацаваў пазіцыі Полацка на землях дрыгавічоў. Паводле падання, ён накіраваўся на поўдзень па цячэнню Дняпра і, прыйшоўшы да вусця Прыпяці, выслаў уверх па рацэ адну са сваіх дружын на чале з Турам. Апошні выбраў выгаднае месца, пасяліўся на ім і збудаваў затым горад.

       У Х ст. вакол Турава (цяпер гарадскі пасёлак Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці) сфарміравалася другое па значэнню ў беларускай гісторыі сярэдневяковае дзяржаўнае ўтварэнне. Працэс яго афармлення праходзіў у два этапы. Спачатку з рассяленнем дрыгавічоў у басейне Прыпяці сфарміраваўся самастойны саюз плямёнаў - перадфеадальнае этнічнае княжанне. Гэта яшчэ не было ўласна княства з развітымі феадальнымі адносінамі, а аб'яднанне аднароднага ў этнічных адносінах насельніцтва. Старажытнае княжанне дрыгавічоў згадваецца ў "Аповесці мінулых гадоў". На чале гэтага княжання стаяў мясцовы князь, акружаны старэйшынамі родаў і больш дробных плямёнаў, якія ўваходзілі ў склад дадзенага першапачатковага дзяржаўнага ўтварэння. На другім этапе племянное дрыгавіцкае княжанне пераўтвараецца ў феадальнае Тураўскае княства, якое ўжо з'яўлялася тэрытарыяльна-палітычнай адзінкай.

       У часы Рагвалода Полацкае княства - магутная, суверэнная, прызнаная дзяржава, якая выступіла аб'яднальным цэнтрам значнай часткі ўсходнееўрапейскага масіву славянства. Таму яна можа разглядацца на аднолькавым узроўні з Кіеўскай дзяржавай. Сведчаннем прызнання Полацка з боку Ноўгарада і Кіева могуць быць падзеі, занатаваныя летапісцамі пад 980 годам. Тады наспела неабходнасць у саюзе Полацкага і Кіеўскага княстваў, замацаваць які збіраліся звыклым для тых часоў шляхам - шлюбам дачкі Рагвалода князёўны Рагнеды і кіеўскага стольнага князя Яраполка.

       Ноўгарадскі князь Уладзімір Святаслававіч, які намерваўся авалодаць вялікакняжацкім тронам, вырашыў умяшацца і парушыць палітычныя сувязі Полацка і Кіева. Поспех у будучым супрацьстаянні мог вырашыцца тым, на чыім баку выступіць полацкі князь. Знешне падзеі выглядалі ў форме сватання Уладзіміра да Рагнеды, ужо заручанай з Яраполкам. У гэтым асабістым трохкутніку мы зноў бачым палітычны трохкутнік Кіеў-Полацк-Ноўгарад. А гісторыя сватання ноўгарадскага і кіеўскага князёў да Рагнеды адлюстроўвае барацьбу Ноўгарада і Кіева за ўплыў на Беларусі. Гэта барацьба за прыярытэт і саюз з Полацкам прывяла ледзь не да поўнага вынішчэння мясцовай княжацкай дынастыі і часовай страты ім палітычнай незалежнасці.

Абражаны адказам, Уладзімір кінуў супраць Полацка "вои многи" - шматлікія вайсковыя сілы Паўночнай Русі. Горад быў абрабаваны і спалены. Рагвалод, яго жонка і сыны - забіты. Мужчынская лінія полацкіх князёў была знішчана. Рагнеда гвалтам узята ў жонкі. Уладзімір, які, безумоўна, меў заслугі перад Руссю, для нашых продкаў быў захопнікам і забойцам.

       Пасля захопу Полацка Уладзімір пайшоў на Кіеў, забіў свайго брата (па бацьку) Яраполка і сеў на вялікакняжацкі трон. Яму ўдалося на нейкі час сабраць пад сваёй уладай вялікія абшары ўсходнееўрапейскіх славянскіх зямель, у т. л. большасць тэрыторыі сучаснай Беларусі. У 983 г. падпарадкаваў зямлю яцвягаў, у 984 г. - прывёў да пакоры радзімічаў, якія перасталі плаціць Кіеву даніну. Факт уплаты даніны быў раўназначны прызнанню над сабой улады Кіева і ўваходжанню ў склад старажытнай Русі.

Пытанні для самакантролю

Як звалі першага вядомага нам полацкага князя?

Адкуль пайшла назва горада Тураў?

6. Князь Усяслаў. Грамадскі лад Полацкага княства

       Пачатак палітычнаму адраджэнню Полацкага княства на мяжы X-XI стст. паклаў князь Ізяслаў (Уладзіміравіч), высланы на радзіму разам са сваёй маці Рагнедай пасля яе няўдалага замаху на жыццё Уладзіміра. Разам з Ізяславам узнаўляўся род полацкіх князёў, якія нязменна называлі сябе Рагвалодавічамі (пазней Усяславічамі), а не Рурыкавічамі, як астатнія рускія князі. Ізяслаў спрыяў распаўсюджванню тут хрысціянства.

Другая палова XI ст. звязана з імем буйнейшага ўсходнееўрапейскага палітычнага дзеяча князя Усяслава (1044-1101). Ужо ў сучаснікаў гэта незвычайная асоба Рагвалодава нашчадка з яго палітычным розумам, хітрасцю, невычэрпнай энергіяй, з яго жыццём, поўным рашучых учынкаў, бліскучых узлётаў і трагічных падзенняў, выклікала здзіўленне, здавалася загадкавай. Усе летапісныя паданні звязваюць яго жыццё і дзейнасць з нейкімі дзівосамі. Тайна ахінае ўжо яго прыход у свет. "Его же роди мати от волхования", - піша "Аповесць мінулых гадоў". Яшчэ пры жыцці князь стаў чалавекам-легендай, а пасля смерці - героем розных паданняў, гістарычных песень і былін.

       З пачатку 60-х гадоў XI ст. Усяслаў выходзіць на ўсходнееўрапейскую арэну: падтрымаў Кіеў у барацьбе з качэўнікамі; падкрэсліў дзяржаўную асобнасць Полацка і засведчыў свету яго роўнасць з Кіевам і Ноўгарадам узвядзеннем Сафійскага сабора. Выкарыстаўшы спрыяльныя палітычныя абставіны: пачатак распаду старажытнай Русі, міжусобную барацьбу, якой былі адцягнуты сілы Кіева, - "поча Всеслав рать держать". У 1065 г. ён са сваёй дружынай напаў на Пскоў, але ўзяць не змог. У 1066 г. полацкая дружына рушыла на Ноўгарад, разрабавала яго, спаліла частку горада, захапіла палонных. У знак падначалення Ноўгарада паздымалі званы з Сафійскага сабора і прывезлі ў Полацк - тут жа свая Сафія...

       Абураныя такімі паводзінамі Яраславічы - сыны Яраслава Мудрага: Ізяслаў Кіеўскі, Святаслаў Чарнігаўскі і Усевалад Пераяслаўскі - вырашылі ўціхамірыць полацкага князя. Аб'яднанае войска падышло да Менска. "Меняне затворишася в граде", аднак выстаяць супраць злучаных сіл паўднёвай Русі не змаглі. Расправа з імі была выключна жорсткая: усе мужчыны былі перабіты, а жанчыны і дзеці ўзяты ў палон. Менск ляжаў у руінах. Менавіта ў сувязі з такімі драматычнымі падзеямі 1067 г. упершыню згадваецца ў летапісах наша цяперашняя сталіца. Яраславічы захапілі Менск, рушылі на Нямігу. Полацкая дружына выступіла насустрач ім. З сакавіка 1067 г. тут адбылася адна з самых крывавых бітваў у нашай старажытнасці: "Бысть сеча зла и мнози падоша", берагі Нямігі былі "засеяны касцьмі рускіх сыноў". Палачане былі разбіты, але Яраславічы адступілі да Оршы, куды запрасілі Усяслава на перамовы. Калі ж той з'явіўся, вераломна схапілі яго і адвезлі ў Кіеў, пасадзілі "ў поруб" - цямніцу, дзе ён прасядзеў 14 месяцаў. Аднак паўстаўшымі 15 верасня 1068 г. кіяўлянамі з вязняў Усяслаў быў раптоўна "ўзнесены" ў вялікія князі.

       7 месяцаў ён поўнаўладна кіраваў Кіеўскай дзяржавай. У наступным 1069 г. выгнаннік - вялікі князь Ізяслаў пры падтрымцы войска польскага караля Баляслава рушыў на Кіеў адстойваць "справядлівасць". Насустрач выйшла кіеўская дружына з Усяславам на чале. Развязка была нечаканай: напярэдадні бітвы Усяслаў кінуў войска і вярнуўся ў Полацк.

Эпоха Усяслава была часам найбольшай магутнасці Полацкай зямлі. З яго смерцю княства падпала пад працэс феадальнага драблення, нібы ў мініяцюры паўтарыла лёс старажытнай Русі. У самастойныя ўдзелы вылучыліся Менск, Віцебск, Друцк, Ізяслаўль і Лагожск, Лукомль. Полацк, які захаваў статус "стольнага" горада, падаўляў сепаратысцкія замашкі ўдзелаў. Аднак яго ўплыў слабеў. У XII ст. даволі хутка расла палітычная роля Менска, які стаў сапернікам Полацка ў аб'яднанні зямель. На пэўны час Менск стаў значным адміністрацыйна-палітычным, вайсковым і культурным цэнтрам Беларусі. Барацьба, якая ішла паміж удзеламі Полацкай зямлі, не была сепаратысцкай, нацэленай на поўную адасобленасць. Гэта была барацьба за дамінаванне ў княстве і выяўлялася яна ў дамаганні вялікакняжацкага прастола.

       У XII ст. узмацняецца актыўнасць народных мас, знаці: на старонкі летапісаў усё часцей пападаюць "палачане", "дручане", "меняне" і інш., у батальных падзеях XII ст. фігуруе народнае апалчэнне - "воі". Бясконцыя міжусобіцы патрабавалі вялікіх сродкаў і падтрымкі з боку феадалаў. Таму князі станавіліся ўсё больш залежнымі ад баярства, якое стала адыгрываць вялікую ролю ў палітычным жыцці гарадоў.

       Развіццё феадальных адносін, рост гарадоў, узмацненне ролі гарадской вярхушкі, актывізацыя мас разам з аслабленнем княжацкай улады абумовілі складванне новага палітычнага ладу, пры якім рэальная ўлада стала належаць сходу гараджан - веча. Летапісец запісаў, што палачане "сталі кіравацца вечам, як у Вялікім Ноўгарадзе і Пскове, гаспадара над сабой не мелі". Веча існавала ў Полацку і, відаць, у Менску, Друцку, Віцебску. Яго роля ў палітычным жыцці зямлі з канца 20-30-х гг. XII ст. узмацняецца. Баярска-купецкая вярхушка выкарыстоўвала вечавыя сходы ў сваіх інтарэсах. Князям даводзілася лічыцца з воляй уплывовых баяр і купцоў, якія валодалі значнымі матэрыяльнымі сродкамі (землямі, лясамі, дамамі, гандлёвымі суднамі і г.д.), а таксама вялікімі грашовымі сумамі.

       Паўнапраўнымі ўдзельнікамі веча прызнаваліся толькі свабодныя людзі. На сход жыхароў збіраў вечавы звон на гарадской плошчы. Князь, ураднік ці найбольш паважаны стары чалавек рабіў кароткае паведамленне аб сутнасці справы, з-за якой склікана веча. Затым ішло яе абмеркаванне. На прапановы прамоўцаў веча адказвала гоманам. Галасоў не лічылі (гэта і нельга было зрабіць), на слых вырашалі, што ўхваляюць удзельнікі. Часта большасць затыкала рот кулаком ці шапкай меншасці, каб пазбавіць яе голасу і правесці такім чынам сваё рашэнне. (Ці не адсюль прымаўка: "Ты мне рот не затыкай!").

       Веча абмяжоўвала ўладу князя, але не знішчала яе. Полацкі князь ажыццяўляў суд і ўнутранае кіраванне, раздаваў воласці сваім васалам, мог заключыць мір. Узаемаадносіны веча і князя трэба разглядаць як першыя крокі на шляху размежавання і падзелу ўладаў - заканадаўчай (веча) і выканаўчай (князя).

       Важнай прэрагатывай веча быў кантроль за дзейнасцю свайго князя. Яно трымала князёў у моцнай залежнасці ад сябе. Веча запрашала князя, які прымаў умовы "рада" (пагаднення), выпрацаванага гараджанамі. Істотнай асаблівасцю выбарнасці кіраўніка ў Полацкай зямлі было тое, што гэты выбар абмяжоўваўся вузкім колам асоб з мясцовай дынастыі Рагвалодавічаў - Усяславічаў, што падкрэслівала адданасць свайму княжацкаму роду.

       Полацкае веча не раз выганяла непажаданых князёў (1128,1132,1151,1159 гг.). У XII ст. род Усяслава разросся. Князёў стала больш, чым удзелаў, і яны пакорліва зносілі сваю залежнасць ад веча, якое мяняла аднаго князя на другога. Ад новаабранага гаспадара патрабавалася прысяга - "крыж цалаваць". Факт выгнання князёў і кантроль за іх дзейнасцю сведчыць пра слабасць княжацкай улады ў Полацку. Толькі ў адным выпадку князь карыстаўся прэрагатывай у поўную меру - у якасці военачальніка. Ён нёс перад гараджанамі ўсю адказнасць за поспехі і пралікі ў ваенных дзеяннях. Гэта была галоўная функцыя ўлады князя.

       Веча ў Полацку вырашала і іншыя найбольш важныя пытанні дзяржаўнага жыцця: раскладка павіннасцей і падаткаў, міжнародныя справы. Яго рашэнні былі абавязковыя для ўдзелаў, што нагадвала рысы арыстакратычнай рэспублікі ў палітычным ладзе старабеларускай дзяржавы. У гэтым яе падабенства з палітычным ладам Ноўгарадскай зямлі.

       Закладзеныя ў Х-ХІ стст. падмуркі самастойнасці Полацкай зямлі сталі перадумовай таго, што ў ХІІ ст. яна паспяхова адстойвала свае межы, у пачатку ХІІІ ст. стала на абарону ўсходнееўрапейскіх інтарэсаў, уступіла ў цяжкую башпре бу з мечаносцамі.

       Крыжовы паход германскіх рыцараў і каталіцкага духавенства ў Прыбалтыку распачаўся ў 1201 г. калі была заснавана Рыга. Мечаносцы амаль знішчылі угра-фінскія плямёны ліваў, смяротная пагроза завісла пад жамойтамі, латыголай. Полацк, які кантраляваў вусце Дзвіны, быў вымушаны тут саступіць крыжакам, аднак межы свайго княства абараніў. Разам з Псковам і Ноўгарадам быў утвораны суцэльны антыкрыжацкі фронт і мечаносцы не змаглі перанесці сваю экспансію на славянскія землі. Кульмінацыяй гэтых падзей стала бітва на лёдзе Чудскага возера, дзе ў 1242 г. ноўгарадскі князь Аляксандр ушчэнт разбіў войска крыжакаў.

Пытанні для самакантролю

Які храм пабудаваў полацкі князь Усяслаў?

Якую ролю адыгрывала ў Полацку веча?

7. Увядзенне хрысціянства ў Беларусі

Хрысціянства ўзнікла ў І ст. у Палесціне як рэлігія прыгнечаных, аднак у ІV ст. яна стала афіцыйнай дзяржаўнай рэлігіяй ва ўсёй Рымскай імперыі. Падзел імперыі на Усходнюю і Заходнюю адэкватна адбіўся на хрысціянстве. Усходняя - праваслаўная - царква падпарадкавалася візантыйскаму імператару.

       Заходняя каталіцкая царква пасля падзення Рыма ў 476 г. лічыла сваім галоўным кіраўніком Папу Рымскага. З цягам часам нарасталі не толькі палітычныя, але і дагматычныя, абрадавыя супярэчнасці.

       Маладыя феадальныя дзяржавы Заходняй Еўропы прынялі каталіцызм. Візантыйская царква таксама спрабавала ўплываць на Еўропу. Візантыйскія манахі Кірыл і Мефодзій былі накіраваны ў ІХ ст. у Вялікамараўскую дзяржаву (Славакію), прапаведавалі там, стварылі славянскі алфавіт, напісалі на славацка-балгарскім дыялекце богаслужэбныя кнігі.

       У канцы X ст. арыентацыя ўплывовых сацыяльных груп Полацкага княства на візантыйскае хрысціянства, якая ўжо даўно давала аб сабе знаць, узмацнілася і завяршылася прыняццем гэтай рэлігіі ў якасці афіцыйнай, дзяржаўнай, хоць да яе ўсеагульнага панавання на Беларусі прайшло яшчэ шмат дзесяцігоддзяў.

       Пачатак масавага распаўсюджвання хрысціянства на беларускіх землях цесна звязана з палітыкай вялікага кіеўскага князя Уладзіміра, які імкнуўся зрабіць яго дзяржаўнай і народнай рэлігіяй на Русі. Ён ахрысціў у 988 г. кіяўлян, "крести же и всю землю Русскую от конца и до конца и идолы сокруши". Стаўку ў правядзенні агульнадзяржаўнай палітыкі хрысціянізацыі ў Полацкай зямлі ён рабіў на прызначанага тут князем Ізяслава, сына ад Рагнеды; у Тураўскай зямлі - на пасаджанага на трон прыёмнага сына Святаполка.

       Ізяслаў, згодна з летапіснай характарыстыкай, шанаваў царкву, чытаў Святое пісанне. Старажытнейшым хрысціянскім цэнтрам Беларусі лічыцца Заслаўе (старажытная назва Ізяслаўль), якое ў 80-я гг. X ст. стала княжацкай рэзідэнцыяй. Высланая ў Ізяслаўль разам з сынам пасля няўдалага замаху на Уладзіміра, Рагнеда прыняла манаства пад імем Анастасіі і заснавала тут манастыр. Яна стала першай згаданай летапісамі манашкай ва ўсходнеславянскім свеце.

       Дзеля належнага царкоўнага ўладкавання тэрыторыі сваёй дзяржавы, Уладзімір стварыў у буйных гарадах і княствах епархіі - царкоўныя акругі з епіскапамі на чале. У 992 г. была заснавана Полацкая епархія, якая распаўсюджвала сваю духоўную ўладу на ўсходнюю і цэнтральную Беларусь. Першым полацкім епіскапам, вядомым нам, быў кіева-пячорскі манах Міна, пасвечаны ў гэты сан у 1105 г. У 1005 г. утворана Тураўская епархія. Першым епіскапам быў пастаўлены Фама. Яго ўлада распаўсюджвалася на вялікую тэрыторыю Заходняй Беларусі. Епіскапскія кафедры былі духоўнымі цэнтрамі, з якіх распаўсюджвалася і ўмацоўвалася праваслаўная вера і развівалася царкоўна-рэлігійнае жыццё, утвараліся хрысціянскія абшчыны, будаваліся храмы, адчыняліся манастыры і школы.

       Хрысціянізацыя Тураўскай зямлі пачынаецца пры Святаполку (988-1015 гг. - князь тураўскі, 1015-1019 гг. - вялікі кіеўскі князь), больш вядомым як "Святаполк Акаянны". Нязгодны з рэлігійнай палітыкай Уладзіміра, вымушаны лічыцца з настроямі сваёй дружыны і тураўскай знаці, якія насцярожана ўспрымалі любыя пачынанні Кіева, Святаполк стаў патураць заходняму адгалінаванню хрысціянства. Нагадаем, што ў тыя часы хрысціянства яшчэ фармальна заставалася адзіным. Ён ажаніўся на каталічцы, наблізіў да сябе калабжэгскага епіскапа Рэйнберна - вядомага барацьбіта з язычніцтвам на тэрыторыі Польшчы - і аддаў перавагу каталіцтву, збіраўся ўвесці менавіта гэту веру ў сваім княстве. Зразумела, чаму тагачасныя і пазнейшыя праваслаўныя аўтары былі прасякнуты нянавісцю да Святаполка, які патураў іншай ад праваслаўя веры.

       Працэс пашырэння новай веры быў няўмольным. У сярэдзіне ХІ ст. знакамітым князем Усяславам у Полацку быў узведзены Сафійскі сабор (завершаны да 1066 г.), які стаў дзяржаўным храмам княства і нацыянальнай святыняй для усіх наступных пакаленняў беларусаў. Гэта першы з вядомых храмаў і першае мураванае збудаванне на Беларусі. У ХІІ ст. у Полацку і яго ваколіцах узнікаюць манастыры. Вялікія заслугі ў распаўсюджванні хрысціянства, пісьменнасці і культуры ў Полацкай зямлі належаць Ефрасінні Полацкай, якая за сваю асветніцкую дзейнасць пазней была прылічана праваслаўнай царквой да ліку святых і да нашага часу ўшаноўваецца як нябесная заступніца Беларусі.

       Прыняцце хрысціянства з'явілася адной з найважнейшых падзей пачатковай гісторыі Беларусі. На працягу стагоддзяў праваслаўная царква аказвала моцны ўплыў на ўсе бакі жыцця нашых продкаў, на іх культуру, мараль, быт. Хрысціянства прынесла на Беларусь зусім новы светапогляд, спрыяла развіццю феадальных адносін, узмацненню княжацкай улады, умацаванню дзяржаўнай самастойнасці Полацкай зямлі. У супрацьборстве розных укладаў царква прымала бок гістарычна найбольш перспектыўнага, дапамагала яму канчаткова аформіцца і ўмацавацца.

       Прыняцце новай веры прывяло да ўстанаўлення больш цесных міжнародных сувязяў з хрысціянскімі дзяржавамі. Мясцовыя князі атрымалі магчымасць уступаць у дынастычныя шлюбы з прынцэсамі з імператарскіх, каралеўскіх, княжацкіх дамоў Еўропы. Прыняцце Беларуссю ўсходняга хрысціянства прадвызначыла збліжэнне яе з Візантыяй і краінамі гэтай жа рэлігійнай арыентацыі.

       Хрысціянства надало магутны імпульс культурнаму развіццю Беларусі. Яно садзейнічала стварэнню многіх выдатных помнікаў архітэктуры і жывапісу, распаўсюджванню пісьменства, развіццю летапісання, бібліятэк, з'яўленню школ, пранікненню на беларускія землі твораў замежных аўтараў, праз якія нашы продкі далучаліся да інтэлектуальнага вопыту хрысціянскай цывілізацыі. Дабратворны ўплыў з боку візантыйскай і заходнееўрапейскай культуры зведаў на сабе цэлы шэраг рамёстваў.

       Пасля прыняцця хрысціянства беларускія землі былі з'арыентаваны на засваенне візантыйска-праваслаўных духоўных каштоўнасцяў, якія сталі адной з крыніц развіцця нацыянальнай культуры.

       Аднак дзяржаўныя мужы, культурныя дзеячы, што пайшлі ў свой час на збліжэнне з Візантыяй, не маглі прадбачыць аддаленых вынікаў свайго кроку. Візантыя, якая ў Х-ХІ стст. знаходзілася на ўздыме, у далейшым хіліцца да заняпаду. Заходняя Еўропа апярэдзіла яе як у эканамічных, так і ў культурных адносінах і дасягнутай перавагі ўжо не саступала. Між тым праваслаўе па-ранейшаму збліжала Беларусь з адставаўшай Візантыяй.

       Праваслаўная царква прыўнесла ў культурна-рэлігійнае жыццё ўсходнеславянскага свету палітыку ізаляцыянізму. Ідэалагічны бар'ер на многія стагоддзі адгарадзіў Беларусь ад Заходняй Еўропы.

Пытанні для самакантролю

Адкуль прыйшло хрысціянства ў Кіеў, а затым у Полацк?

З якой сям’і паходзіла Ефрасіння Полацкая?

8. Культура Беларусі ў ІХ-ХІІІ стст.Е. Полацкая. К. Тураўскі

       Развіццё культуры ў ІХ-ХІІІ стст. ішло ў цеснай сувязі з працэсам фарміравання дзяржаўнасці на Беларусі. Магутны штуршок для з'яўлення культуры новага тыпу і культурнага ўздыму на беларускіх зямлях дало прыняцце хрысціянства. Яна развівалася на аснове культурных традыцый усходнеславянскіх плямёнаў і культуры Візантыі, якая падвяргалася творчай перапрацоўцы. У духоўным жыцці плямёнаў дзіўным чынам спалучаліся і перапляталіся язычніцкія і хрысціянскія традыцыі.

       Ускладненне грамадскай і гаспадарчай дзейнасці разам з прыняццем хрысціянства абумовілі развіццё з канца Х ст. пісьменства. Матэрыялам для пісьма служыў пергамент, пакрытыя воскам дошчачкі і бяроста, на якіх стылямі (пісаламі) надрапвалі надпісы. Надпісы рабілі таксама на камянях, цэгле, металічных пячатках, званах, прасліцах, касцяных вырабах і інш. У аснову беларускай азбукі пакладзены алфавіт, створаны ў 60-я гг. ІХ ст. знакамітым балгарскім асветнікам, візантыйскім царкоўнікам Кірылам Салунскім і адаптаваны яго вучнямі пад славянскую фанетыку. Самым старажытным помнікам пісьменства на Беларусі і першым датаваным надпісам на ўсёй тэрыторыі Усходняй Еўропы з'яўляецца надпіс на пячатцы полацкага князя Ізяслава (канец Х ст.). Імя князя перададзена на ім кірылічнымі літарамі, але ў грэчаскім гучанні - "Ізяславос". Пісьменства ХІІ-ХІІІ стст. прадстаўлена таксама надпісамі на так званых "Барысавых" і "Рагвалодавых" камянях (ХІІ ст.), берасцянымі граматамі (ХІІІ - першая палова ХІV ст.), знойдзенымі ў Віцебску і Мсціславе; на крыжы Ефрасінні Полацкай (ХІІ ст.), на цаглінах полацкага Сафійскага сабора (надрапаны імёны яго будаўнікоў). Паступова ў ХІІ ст. пісьмом сталі карыстацца не толькі князі і вышэйшае духавенства, але і простыя гараджане.

У ХІ-ХІІ стст. на тэрыторыі сучаснай Беларусі пачалася перапіска кніг. Яна вялася ў майстэрнях - скрыпторыях, якія ствараліся пры манастырах. Самая старажытная рукапісная кніга - Тураўскае Евангелле (ХІ ст.). Перапіскай кніг займалася асветніца ХІІ ст. Ефрасіння Полацкая. У другой палове ХІІІ - першай палове ХІV стст. на Беларусі з'яўляецца першая ілюстраваная кніга - Лаўрышаўскае Евангелле. Яно ўтрымлівала 19 малюнкаў - мініяцюр. Першымі збіральнікамі кніг былі храмы і манастыры, якія на працягу многіх стагоддзяў з'яўляліся ачагамі асветы і культуры на нашых землях. Самая першая бібліятэка была створана пры Сафійскім саборы ў Полацку.

       Да ліку ранніх помнікаў пісьменства адносяцца Полацкі (ХІІ ст.), Тураўскі і Навагародскі (ХІІІ ст.) летапісы, якія, аднак, да нашага часу не захаваліся. Шмат якія падзеі беларускай гісторыі адлюстраваны ў "Аповесці мінулых гадоў", створанай у пачатку ХІІ ст. кіеўскім манахам Нестарам. Гэта помнік агульнаўсходнеславянскага летапісання. Мяркуюць, што звесткі пра некаторыя падзеі на Беларусі ў яго папалі з Полацкага летапісу.

       Літаратура ХІІ-ХІІІ стст. прадстаўлена царкоўна-павучальнымі творамі і жыціямі святых. Выдатныя кніжнікі, высокаадукаваныя людзі і царкоўныя прапаведнікі тых часоў - Кірыла Тураўскі, Клімент Смаляціч і Аўрамій Смаленскі.

Кірыла Тураўскі (каля 1130 - каля 1182) - выдатны для свайго часу пісьменнік, красамоўны прамоўца, аўтар шэрагу "слоў", малітваў-споведзяў, аповесцей-прытчаў. Ён паходзіў з заможнай гарадской сям'і, атрымаў добрае хатняе выхаванне, пазней спасціг вышэйшыя навукі. Добраахвотна стаў манахам. Быў першым вядомым на Русі "стоўпнікам" - зачыніўся ў манастырскай вежы, каб поўнасцю аддацца роздуму і малітвам. Карыстаўся вялікай павагай тураўцаў, што яны нават прасілі яго стаць епіскапам тураўскім. Сваю епіскапскую пасаду разглядаў як нялёгкі абавязак хрысціяніна і асветніка, бо яго ўзнёсла-паэтычная натура не была схільнай да іерархічнай кар'еры і царкоўнага адміністратарства.

       Творы Кірылы Тураўскага набылі вялікую папулярнасць на Русі, распаўсюджваліся ў спісах ХІІ-ХVII стст., неаднаразова друкаваліся ў ХVI-ХХ стст. Найбольш вядомымі з'яўляюцца "словы" Кірылы, у якіх ён расказвае пра розныя выпадкі з дзейнасці Хрыста, выказваючы да іх свае адносіны. Пяру Кірылы Тураўскага даследчыкі прыпісваюць больш за 60 літаратурных твораў, частка якіх, аднак, толькі гіпатэтычна звязваецца з яго імем - унікальны выпадак, калі захавалася такая багатая спадчына ад пісьменніка ХІІ ст. Пісьменнік па-майстэрску валодаў народнай вобразнай і стараславянскай мовамі, глыбока ведаў візантыйскую культуру, асабліва паэзію і красамоўства. Творам Кірылы Тураўскага ўласцівы алегарычнасць, іншасказальнасць. Летапісец назваў Кірылу "рускім Златавустам". Памяць Кірылы царква шануе 18 красавіка па старому стылю.

       Зоркай першай велічыні ззяе на небасхіле старабеларускай культуры Ефрасіння (свецкае імя Прадслава) Полацкая (каля 1101-1167). Яна паходзіла з дынастыі князёў Рурыкавічаў па мужчынскай лініі і з дынастыі Рагвалодавічаў па жаночай. Унучка знакамітага Усяслава Чарадзея, дачка князя Святаслава-Георгія, яна мела сваякоў сярод візантыйскіх імператараў, князёў кіеўскіх, тураўскіх, пераяслаўскіх, смаленскіх і інш. Звестак пра жыццё Ефрасінні мала. Адзінай крыніцай інфармацыі з'яўляецца "Жыціё святой і найпрападобнейшай Еўфрасінні", створанае ў канцы ХІІ ст. Да гэтай крыніцы далучаюцца звесткі з летапісаў гэтага перыяду.

       Прадслава была здольнай дзяўчынкай, мела ахвоту да вучэння, цікавілася рукапіснымі кнігамі, да якіх князёўна мела доступ, атрымала добрую для таго часу адукацыю пры двары. У 12-гадовым узросце (узрост, калі, паводле кананічнага права, дзяўчына магла ўступаць у шлюб) яна адмовілася ад дынастычнага шлюбу і пастрыглася ў манашкі. У манастыры яна занялася шматграннай асветніцкай дзейнасцю. Па яе замове вядомы дойлід Іаан пабудаваў мураваны храм святога Спаса, а жывапісцы распісалі яго фрэскамі. Рэшткі фрэсак, якія захаваліся да сённяшняга дня, ўяўляюць вялікую гістарычную і мастацкую каштоўнасць. У храме размяшчалася келля Ефрасінні. Па просьбе Ефрасінні візантыйскі імператар Мануіл Комнін падарыў ёй абраз Адзігітрыі (Маці Божай) Эфескай, асвечаны канстанцінопальскім патрыярхам Лукою. Цяпер гэты абраз знаходзіцца ў Санкт-Пецярбургу ў фондах Рускага музея.

Па заказе Ефрасінні ў 1161 г. майстар-ювелір Лазар Богша зрабіў настольны крыж (даўжыня 51 см) для Спаскай царквы. Ён быў выраблены з кіпарысу, на пярэднім і адваротным баку абкладзены залатымі пласцінамі, з бакоў - срэбнымі. Крыж упрыгожвалі каштоўныя камяні і выявы святых, зробленыя ў тэхніцы перагародчатай эмалі. Каштоўным элементам крыжа з'яўляюцца надпісы на яго бакавых пласцінах з інфармацыяй пра час вырабу крыжа, заказчыка і выканаўцу і з праклёнам таму, хто асмеліцца яго скрасці. У гістарычнай літаратуры ўсталявалася назва - крыж Ефрасінні Полацкай. Ён з'яўляецца шэдэўрам дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ХII ст. і па тэхніцы выканання і мастацкаму афармленню быў роўным аналагічным лепшым тагачасным візантыйскім узорам. У ХІІІ ст. крыж быў вывезены ў Смаленск, адтуль папаў у Маскву, у 1563 г. вернуты Іванам Грозным у Полацк, у ХІХ ст. дэманстраваўся ў абедзвюх расійскіх сталіцах як рэліквія. З часам крыж Ефрасінні стаў нацыянальнай святыняй беларусаў. Аднак, вывезены ў савецкі час у Магілёў, ён знік адтуль напярэдадні ўварвання ў горад фашыстаў ва ўсходнім ці заходнім накірунку. У канцы ХХ ст. на Беларусі зрабілі копію крыжа.

       Заснаваныя Ефрасінняй Полацкай манастыры сталі асяродкамі асветы ў Полацкім княстве. У іх былі створаны школы. Яна, асветніца, памнажала кніжнасць, стварыла майстэрню па перапісцы кніг.

       На схіле жыцця асветніца вырашыла здзейсніць паломніцтва ў Святую Зямлю і ў 1167 г. адправілася ў Іерусалім. Але, знясіленая падарожжам, захварэла і памерла. Была пахавана непадалёку ад Іерусаліма, адкуль рака з яе рэшткамі як каштоўнейшая рэліквія была ў 1187 г. вывезена у Кіева-Пячорскую лаўру.

       Дабрачыннасць і самаадданасць у служэнні Бацькаўшчыне і царкве сталі падставай да яе пасмяротнага ўшанавання, якое пачалося ўжо ў канцы ХІІ ст. Да ХVI ст. культ Ефрасінні дастаткова распаўсюдзіўся ў праваслаўным свеце. Яна стала першай жанчынай, кананізаванай рускай праваслаўнай царквой (1547). Яна прызнана святой і каталіцкай царквой. У 1910 г. рака з мошчамі святой была ўрачыста перавезена з Кіева ў Полацк. Зараз святая Ефрасіння Полацкая лічыцца нябеснай заступніцай, апякункай Беларусі. Яе вобраз натхніў многіх пісьменнікаў, паэтаў і мастакоў на стварэнне літаратурных і жывапісных твораў.

       З прыняццем хрысціянства звязаны пачатак мураванага дойлідства на Беларусі, хоць першыя хрысціянскія цэрквы былі драўлянымі. Самым старажытным з'яўляецца Сафійскі сабор у Полацку, які па духу і ўнутраным змесце паўтараў храмы ў Ахрыдзе і Канстанцінопалі. Полацкая Сафія была сястрой і ў пэўнай ступені саперніцай аналагічных храмаў у Кіеве і Ноўгарадзе. Як і там, яна з'яўлялася ўвасабленнем ідэі магутнасці, адзінства і непадуладнасці. Гісторыя захавала імёны першых беларускіх муляроў - Давыд, Таума, Мікула і Капес.

       У ХІІ ст. адбываецца росквіт мураванага будаўніцтва. Узнікаюць мясцовыя арцелі муляроў і дойлідаў, якія ствараюць мясцовыя архітэктурныя школы - полацкую і гарадзенскую з самабытнымі архітэктурнымі стылямі. Кожны горад - цэнтр удзельнага княства - імкнецца займець свае мураваныя бажніцы. У ХІІ ст. узводзяцца манументальныя культавыя будынкі ў Віцебску, Гародні, Наваградку, Ваўкавыску, Мінску, Тураве, Пінску. У Гародні ў ХІІ ст. меліся ўжо тры мураваныя царквы, у тым ліку знакамітая Каложа. У Полацку з ваколіцамі іх было каля дзесятка, у Смаленску - сем. Сярод дойлідаў ХІІ ст. вядома імя Іаана, які ўзвёў у Полацку Спаскую царкву Ефрасіннеўскага манастыра.

Пытанні для самакантролю

Хто вырабіў крыж Ефрасінні Полацкай?

Чым увайшоў у гісторыю Кірыла Тураўскі?

ІІ. ВЯЛІКАЕ КНЯСТВА ЛІТОЎСКАЕ

Утварэнне і працэс фарміравання ВКЛ

Крэўская унія і яе наступствы

Дзяржаўны і грамадскі лад Вялікага княства Літоўскага, Рускага Жамойцкага

Гарады і гараджане ў ВКЛ

Аграрная рэформа Жыгімонта Аўгуста (валочная памера)

Фарміраванне беларускага этнасу

Францыск Скарына - першадрукар, асветнік, гуманіст

Барацьба за гегемонію ва Усходняй Еўропе ў ХІV-ХVI стст.

9. Утварэнне і працэс фарміравання вкл

       У канцы 30-х - 40-я гг. XIII ст. пачынаецца новы перыяд гісторыі Беларусі, галоўным зместам якога з'яўляецца фарміраванне на яе і суседніх тэрыторыях новай дзяржавы - Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага (далей - ВКЛ). Яе ўтварэнне - заканамерны вынік сацыяльна-эканамічнага і палітычнага развіцця зямель сучасных Беларусі і Літвы ў XII-XIII стст.

       Адносіны ўсходнеславянскіх княстваў са сваімі бліжэйшымі балцкімі суседзямі былі няпростымі. Разрозненыя землі гістарычнай Літвы ў X-XII стст. былі аб'ектам заваёвы суседніх славянскіх дзяржаў. Полацкія князі неаднаразова выкарыстоўвалі літоўскія дружыны для высвятлення адносін паміж сабой і са сваімі суседзямі ў час міжусобіц. У "Аповесці мінулых гадоў" літва называецца ў ліку плямёнаў, якія плацілі даніну Кіеву. Частымі былі спусташальныя паходы ўсходнеславянскіх дружын і на яцвяжскія землі. У сваю чаргу ў XI - першай трэці XIII стст. літоўскія і яцвяжскія дружыны неаднаразова рабілі рабаўнічыя набегі на славянскія княствы. Але верхняе і сярэдняе Панямонне заставалася рэгіёнам балта-славянскага супрацоўніцтва, у якім актыўна і культурна дамінавалі славяне, якія з часам асімілявалі балцкіх аўтахтонаў.

       У канцы XII - першай палове XIII стст. на змену цэнтрабежным тэндэнцыям прыходзіць імкненне да кансалідацыі і на беларускіх землях. З розных бакоў няўмольна насоўваліся крыжакі і мангола-татары. У пачатку XIII ст. Полацкае княства першае з усходнеславянскіх зямель прыняла на сябе цяжар барацьбы з крыжакамі - ордэнам Мечаносцаў. Услед за мечаносцамі ў Прыбалтыцы з'явіўся Тэўтонскі ордэн, які нейкі час "кватэраваў" у Трансіль-ваніі. Тэўтонаў запрасіў мазавецкі князь Конрад, каб з іх дапамогай перамагчы суседзяў - ваяўнічых прусаў. Крыжакі заваявалі Прусію, мясцовае насельніцтва часткова загінула, часткова перасялілася на тэрыторыю сучаснай Беларусі. З Усходу прыйшла іншая бяда: у 1236-1240 гг. татара-мангольскія орды разрабавалі Паўночна-Усходнюю Русь, спалілі Кіеў. Стэпавых драпежнікаў чакалі і на Беларусі. У такіх умовах адышлі на другі план міжусобіцы ўсходнеславянскіх князёў паміж сабою і іх сваркі з даўнімі суседзямі - літвой, якія жылі на захад ад Менска. У канкрэтна-гістарычных умовах таго часу склаўся своеасаблівы славянска-балцкі ваенна-палітычны саюз. Яго пачаткам быў саюз важнейшага горада Панямоння Навагародка з літоўскім правадыром Міндоўгам. Невядома, ці сам Міндоўг прыслаў да навагародцаў прапанову злучыць свае сілы, ці навагародскія ўплывовыя людзі паслалі запрашэнне на княжанне. Такім чынам, новая дзяржава ўтваралася ў Навагародку, куды ў сярэдзіне XIII ст. перамясціўся з Полацка цэнтр палітычнага жыцця Беларусі, а першую цагліну ў яе падмурак заклаў Міндоўг.

У 1246 г., відаць, у момант узыходжання на трон у Навагародку Міндоўг прыняў праваслаўе, што было ўмовай яго абрання на пасаду князя навагародскага. У 1248 г. ён аб'яднаў землі верхняга Панямоння вакол Навагародка: "поимана бъ вся земля Литовская", што можна прыняць за пачатак ВКЛ.

       Галоўным праціўнікам на шляху пабудовы панямонскай дзяржавы ў 50-70-я гг. XIII ст. былі галіцка-валынскія князі, якія трымалі гэту тэрыторыю пад сваім кантролем і ўбачылі ў саюзе літвы з Навагародкам небяспеку для сваіх пазіцый у Панямонні. У 1252 г. вялікае войска на чале з Данілам Галіцкім, спустошыла "ўсю зямлю навагародскую", захапіла Гарадзен, пагражала задушыць працэс утварэння новай дзяржавы ў самым пачатку. З гэтага першага цяжкага выпрабавання дзяржаву выратаваў дыпламатычны манеўр Міндоўга, якому ўдалося перацягнуць на свой бок Лівонскі ордэн згодай прыняць заходні варыянт хрысціянства. Падзякай Папы Рымскага за такі крок было прызнанне новай дзяржавы і каранацыя Міндоўга ў Навагародку ў 1253 г. каралём Літвы. У 1254 г. быў падпісаны мірны дагавор з Данілам Галіцкім. Пад палітычны ўплыў ВКЛ увайшоў Полацк, куды на княжанне быў запрошаны пляменнік Міндоўга. Багатыя полацкія традыцыі дзяржаўнага і культурнага жыцця аказалі значны ўплыў на фарміраванне ўнутранага ладу ВКЛ.

       Забойства ў 1263 г. Міндоўга стала пачаткам унутранага крызісу ВКЛ, які працягваўся некалькі гадоў. Старэйшы сын Міндоўга Войшалк пасля ўпартай міжусобіцы пры падтрымцы навагародскай і пінскай дружын вярнуўся ў Навагародак, заняў бацькоўскі прастол і пачаў княжыць "ва ўсёй зямлі Літоўскай".

       На пачатку ХIV ст. поспехам адзначалася дзейнасць вялікага князя Віценя (1293-1316), пры якім у складзе ВКЛ быў канчаткова замацаваны Полацк. Аб'яднанне адбылося на падставе "рада" - дагавора 1307 г., які гарантаваў палачанам аўтаномнасць зямлі, захаванне мясцовых законаў і суда, і са згоды полацкага баярства і багатага купецтва. Значным тэрытарыяльным прырашчэннем было далучэнне да ВКЛ Берасцейскай зямлі. Віцень увёў княжацкі герб і агульнадзяржаўную пячатку з выявай Пагоні. Пагоня з цягам часу стала гербам дынастыі вялікіх літоўскіх князёў, а з 1384 г. - дзяржаўным гербам ВКЛ.

Аб'яднаўчую палітыку славянскіх і балцкіх зямель актыўна прадоўжыў вялікі князь Гедымін (1316-1341). Ён правіў чвэрць стагоддзя і за гэты час далёка пасунуў межы і ўплыў сваёй дзяржавы на поўдзень і ўсход. Гедымін перанёс сталіцу дзяржавы ў Вільню, заснаваную на месцы паселішча ХІ-ХІІ стст. на Крывой (Лысай) гары. Ужо ў 1323 г. Вільня называлася ў Гедымінавых граматах "каралеўскім горадам", гэта значыць, сталіцай. Сябе ж ён называў "каралём Літвы і Русі".

       Падчас праўлення Гедыміна да княства далучыліся Віцебская, Менская, Тураўская землі. Ёсць падставы меркаваць, што гэты працэс насіў мірны характар. Так, менскі князь Васіль як васал Гедыміна ездзіў у складзе літоўскага пасольства ў Ноўгарад Вялікі. Гедымінаў сын Альгерд пабраўся шлюбам з дачкой віцебскага князя Яраслава Марыяй і ў 1320 г., пасля смерці цесця, стаў спадкаемцам Віцебскага княства. Увайшлі ў склад ВКЛ таксама Падляшша і Валынь (цяпер Украіна).

Такім чынам, пры Гедыміне большая частка сучасных беларускіх зямель апынулася ў складзе ВКЛ. Палітычная мудрасць гаспадара праявілася ў тым, што пры ўключэнні новых зямель ён гарантаваў ім аўтаномію і непадзельнасць тэрыторыі, дэклараваў "старыны не парушаць", захоўваў мясцовыя законы, недатыкальнасць правоў і ўладанняў феадалаў, мяшчан, духавенства, падсуднасць іх толькі сваім мясцовым судам, самастойнасць пры заключэнні гандлёвых пагадненняў.

       За стагоддзе свайго імклівага росту, ад Міндоўга да Гедыміна, невялікае княства ў Панямонні далучыла суседнія тэрыторыі, заселеныя славянамі і балтамі, і пераўтварылася ў Вялікае княства Літоўскае і Рускае. Тэрмін "Літва" стасаваўся тады да верхняга і сярэдняга Панямоння, пад "Руссю" разумелася сучаснае беларускае Падняпроўе і паўночная Украіна.

       Галоўным ворагам княства быў Тэўтонскі ордэн, асноўным тэатрам вайны з'яўлялася Панямонне. Для абароны княства ад уварванняў крыжакоў Гедымін узвёў першакласныя па тым часе крэпасці ў Троках, Вільні, Медніках, Лідзе, Крэве. У барацьбе супраць Ордэна Гедымін меў выдатнага памочніка - князя Давыда Гарадзенскага, які быў старастам і каштэлянам у Гародні. Практычна ніводная перамога над крыжакамі як у абарончых, так і ў наступальных аперацыях не абыходзілася без удзелу Давыда.

Пытанні для самакантролю

Якім чынам Міндоўг стаў князем Наваградскім?

Хто з вялікіх князёў літоўскіх быў каранаваны Папам Рымскім каралём Літвы?