Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Дапаможнік Адамовіч.doc
Скачиваний:
21
Добавлен:
15.08.2019
Размер:
1.01 Mб
Скачать

Тэма 7. Твор як аб’ект сістэмнага аналіза

У сваёй кнізе “100 лучших литераторов. Список самых выдающихся романистов, драматургов и поэтов всех времен» Д.Берт дае наступныя характарыстыкі: Дантэ “застаецца эталонам для заходняй цывілізацыі, а яго “Боская камедыя” – адным з найбольш паважаных і ўплывовых літаратурных твораў у гісторыі, верагодна, самай вялікай з існуючых паэм”. “Верагодна, ніводзін сучасны міф не з’яўляецца такім жывучым, як той, што створаны Сервантэсам у “Дон Кіхоце”. У сваёй кнізе Сервантэс аб’яднаў эпас і драму ў новую форму, якая стала сучасным раманам.... Французскі літаратуразнаўца ХІХ стагоддзя Сент-Бёў называў шэдэўр Сервантэса “Бібліяй чалавецтва”, а крытык ХХ стагоддзя Лаянел Трылінг адзначаў, што “ўся мастацкая проза – ўсяго толькі варыяцыі на тэму “Дон Кіхота”. “Дон Кіхот” набыў папулярнасць і стаў сенсацыяй з самага пачатку свайго існавання і за амаль чатыры стагоддзі не страціў сваёй значнасці”, – такія ацэнкі знаходзім у пісьменнікаў і крытыкаў адносна “залатога фонду” сусветнай літаратуры – яе неўміручай класікі.

§ 1. “Боская камедыя”

Сярод прычын, якія прадвызначылі зварот Дантэ да літаратурнай творчасці, вылучым наступныя:

а) геніяльнасць, тое, што было названа “геніяльнасцю бажаства” (сказана пра Верлена яго суайчыннікам Рэнанам), прысутнічае ў Дантэ – несумненна;

б) каханне, пачуццё. А пачуццё – з асноўных перадумоў звароту чалавека да паэзіі (паняцце «лірыка” абазначае найперш “пачуццё”). Формульнае вызначэнне закаханых, як і кахання паэта, што знайшло адлюстраваннне ў творчасці, – “двайная зорка” або “зорка-двайнятка”.

в) у першай сваёй кнізе “Новае жыццё” Дантэ выступае, як “апошні паэт Сярэднявечча” (па вызначэнні Ф.Энгельса). Аб гэтым сведчыць сімволіка лічбаў (“3” – сімвал Боскай Тройцы, “9” – сімвал Беатрычэ – каханай паэта і інш.), сімволіка колераў (белы – сімвал Веры, зялёны – Надзеі, пунсовы або чырвоны – Любові), алегарычныя вобразы (юнак, якога Дантэ ўбачыў у сне,– алегорыя кахання; жанр снабачанняў, відзенняў прысутнічае ў “Боскай камедыі”). Але ж у “Боскай камедыі” паэт паўстае і як першапачынальнік Адраджэння. Асноўны ідэал Адраджэння, што, апярэджваючы свой час, фармулюе Дантэ, – ідэал гармоніі – гармоніі зямнога і нябеснага, цялеснага і духоўнага, матэрыяльнага і ідэальнага, ідэал гарманічнага чалавека (пра гэта сведчыць другі радок чатырохрадкоўя). Другі скразны матыў Адраджэння, акрэслены ў радках Дантэ, – богароўнасць, богападабенства чалавека (апошні радок):

Любовь гласит: «Дочь праха не бывает

Так разом и прекрасна и чиста».

Но глянула – и уж твердят уста,

Что в ней Господь нездешний мир являет.

г) асабістая якасць – пачуццё выключнага гонару (тут Дантэ зноў выступае як першапачынальнік, глашатай ідэі рэнесанснага індывідуалізму), хоць гардыня з’яўляецца адным са смяротных грахоў, за што караюцца грэшнікі ў “Боскай камедыі” (у “Чыстцы” Дантэ вызначае месца і для сябе).

Адна з перадумоў творчасці – сум па радзіме, прага выгнанніка вярнуцца. Так, сабраўшы вялікае войска (“семярых”), вяртаўся ў родны горад Фівы Палінік, які вымушаны быў пакінуць горад, дзе яго родны брат застаўся царом (што стала сюжэтнай асновай трагедыі Эсхіла “Сямёра супраць Фіў”). Вяртаюцца, каб адпомсціць, героі хронік Шэкспіра. Іншая справа – гуманіст Дантэ, які спрабуе вярнуцца ў родны горад негвалтоўна (і ў гэтым ён наноў сцвярджае сваю пазіцыю сапраўднага Гуманіста). Каб вярнуцца, трэба набыць славу, шырокую вядомасць, каб ўлады Фларэнцыі лічылі за гонар запрасіць на радзіму паэта (менавіта гэту думку – праславіцца, каб вярнуцца, – выказвае Дж.Бакача – аўтар “Дэкамерона” і першы біёграф Дантэ).

Так Дантэ распачаў працу над галоўным творам свайго жыцця – “Боскай камедыяй”. Напісаны твор у 1307-21 гг. Названы аўтарам “Камедыяй”: у Сярэднія вякі камедыяй лічыўся твор, які пачынаўся дрэнна, а завяршаўся добра. Слова “Боская” дадалі не раней ХУІ ст. прыхільнікі паэта, адзначаючы непераўзыйдзенае майстэрства Дантэ. Жанр твора – свяшчэнная паэма, энцыклапедыя, падарожжа (і ў замагільны свет, і ў пошуках ідэалу). Здзіўляе дасканаласць твора: ён мае ў аснове сваёй будовы лічбы “3”, “7”, “9”, “10”. Так, паэма складаецца з 3-х частак: “Пекла”, “Чысцец” і “Рай”. Усяго ў ёй 100 песень, прычым кожная з частак мае 33 песні, а “Пекла” – 34, дзе першая песня лічыцца ўступам да ўсяго твора. Паэма напісана тэрцынамі – трохрадковымі строфамі, дзе строфы рыфмуюцца між сабой па схеме: aba bcb cdc dedxyx yzy z. Першая спроба аднавіць на беларускай мове тэрцыны Дантэ належыць М.Багдановічу (верш “Тэрцыны” ў цыкле “Старая спадчына”). Тэрцынамі напісаны творы У.Караткевіча (“Апошняя песня Дантэ”), Я.Сіпакова (“Тэрцыны пра наручнікі”), У.Скарынкіна, перакладчыка “Боскай камедыі” на беларускую мову (“Песня перакладчыка”), і інш.

Рай – 3-я кантыка

33 песні

9 кругоў

Дантэ і Беатрычэ

дзень

Сонца, месяц,

7 планет

Чысцец –

2-я к.

33

7 кругоў

Дантэ і Вергілій

ноч /

дзень

гара на зямлі

Пекла – 1-я кантыка

34 = 33+1

9 кругоў

Дантэ і Вергілій

ноч

пад зямлёй

Першая тэрцына твора змяшчае пералік вобразаў адпаведна тым узроўням, згодна з якімі (у сярэднявечнай паэтыцы) трэба ствараць і разумець вобразы. Іх чатыры, і адпаведна з імі знаходзім у першай тэрцыне літаральны змест, палітычную праблематыку, маральныя высновы і рэлігійны (сакральны) сэнс:

У час цяжкі, у момант паваротны Я пасярэдзіне жыцця зямнога

Свайго жыцця, згубіўшы верны шлях, Раптоўна ў змрочным лесе апынуўся,

Я трапіў нечакана ў лес дрымотны. Не згледзеўшы, куды вядзе дарога.

(Пер.У.Скарынкіна) (Пер.Л.Баршчэўскага)

Замагільны свет у малюнках Дантэ паўстае як жыццёвая рэалія. Цені ў Пекле – гэта душы грэшнікаў, якія пакутуюць усімі пакутамі жывога цела, размаўляюць чалавечай моваю, часткова валодаюць пачуццямі, асноўнае з якіх – пачуццё болю, невымернае, невычэрпнае. Таму і крыкі, і стогны, і лямант. Цені ў Пекле не маюць “святла розуму”: “il ben d`intelletto” страчана імі назаўсёды. Міфічныя істоты (і паганскай, і хрысціянскай міфалогій) катуюць душы. У Пекле 9 кругоў, але заганаў, за якія чалавек мусіць расплачвацца пакутамі душы ў Пекле, нашмат болей: распусніцтва і гняўлівасць, абжорства і страта пачуцця меры, марнатраўства і скупасць, здрадніцтва і падман... Сярод душ вылучаюцца Франчэска і Паола да Рыміні, якія здрадзілі, пакахаўшы адзін аднаго (2-і круг). Высокія ідэалы гэтага кахання былі адноўленыя ў музыцы ў сімфанічнай уверцюры “Франчэска да Рыміні” П.І.Чайкоўскага (выконваецца Нацыянальным аркестрам Беларусі п/к М.Фінберга). З постаццю Фарынаты (6-ы круг) упершыню паўстае вобраз героя, які не скарыўся (пазней названы байранічным), з ім звязана вера ў нязломнасць чалавечай волі і велічнае разуменне годнасці чалавека. Па Пеклу галоўнага героя, самога Дантэ, вядзе старажытнарымскі паэт Вергілій, чыя душа знаходзіцца ў 1-м крузе.

2-я частка “Боскай камедыі” – “Чысцец” – звязана з выкупленнем у пакутах 7-і “смяротных” грахоў: гардыні, зайздрасці, гняўлівасці, паныласці, карыслівасці і марнатраўства, абжорства, распусніцтва. Сюды трапляюць грэшнікі, якія паспелі пакаяцца ў грахах (пасля Дантэ вучэнне пра Чысцец, набыўшы сваю акрэсленасць, кананізавана каталіцкай царквой, у праваслаўі замест гэтай сферы – блуканне душы па пакутах). Цэнтральным вобразам Зямнога Раю (на самай вяршыні гары Чысцілішча), а затым Нябеснага Раю (3-я частка) стала Беатрычэ – увасабленне вышэйшых дабрачыннасцей, апранутая ў адзенні белага (сімвалічны колер адной з рэлігійных дабрачыннасцяў – Веры), зялёнага (Надзеі), пунсовага (Любові) колераў (у бел.пер. – яна з’явілася “у зарыве урачыстасці анёльскай”).

3-я частка “Рай” (размешчаны на Месяцы і планетах) мае 9 кругоў. Тут знаходзяцца душы праведных: мудрацоў і філосафаў, справядлівых і тых, хто змагаўся за веру. Рай будуецца па законах любові як светлага, радаснага пачуцця зносін паміж людзьмі, на веры і надзеі ў існаванне высокай, магутнай і чыстай сілы, бо гэта – “любовь, что движет Солнце и светила» (пер.М.Лазінскага, апошні радок твора). Менавіта Любоў – аснова яднання чалавека і Сусвету. На шляху: з Пекла ў Чысцец і ў Рай – “ідзе выхаванне душы. У Пекле панавала пачуццёвасць... у Чыстцы – царства душы; у Раю будзе царства духу” (А.Дабрахотаў).

З “Боская камедыяй” Дантэ па спробах асэнсавання жыцця супастаўляльна паэма “Новая зямля” Я.Коласа. У паэме італьянскага гуманіста мастацкай праекцыяй становіцца ўвесь сусвет, уся перадгісторыя цывілізацыі і тагачаснае грамадства, у ёй пракладзены шляхі насустрач Новаму часу. Твор беларускага аўтара з’яўляецца энцыклапедыяй “малой радзімы”, жыцця беларускага селяніна на мяжы стагоддзяў, ён змяшчае ў сябе і перадае пачуцці маленькага чалавека, які сам па сабе ўяўляе не меньшую каштоўнасць, чым цэлыя народы і эпохі, выведзеныя ў “Боскай камедыі”. Да таго ж уся беларуская паэма пранізана тым самым пачуццём, гімн якому складае Дантэ ў сваім творы, знаходзячы яго на ўсіх узроўнях Рая: Любоў. «Любовь, что движет солнце и светила» (пер. М.Лазінскага), “… Пад націскам Любові, што чароўна // І Сонца ў небе рухае, і зоркі ўсе” (пер. Л.Баршчэўскага), “... Любоў, якая рухае свяцілы” (пер.У.Скарынкіна). І побач коласаўскае, добра вядомае з дзяцінства: “Мой родны кут, як ты мне мілы...” Менавіта гэтае пачуццё аб’ядноўвае малюнкі “роднага кута”, часцінкі беларускай зямлі, створаныя беларускім паэтам, і тыя краявіды Рая, што былі ўбачаныя гуманістам Дантэ.