Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
тычко шпорыы.doc
Скачиваний:
36
Добавлен:
03.08.2019
Размер:
413.18 Кб
Скачать
  1. Спецыфіка прадмета “Асновы літаратурна-мастацкай творчасці”.

Чалавечае існаванне абмежавана часам і смерцю, якія мы называем яшчэ гісторыяй. Ёсць, прынамсі, два шляхі, якімі маленькі чалавек можа пераадолець час і смерць і далучыцца да хвалі вечнасці. Першы – падказала людзям сама прырода, жывая матэрыя, якая зрабіла кожнага маленькім звяном у спрадвечным ланцугу пакаленняў. А другі шлях - гэта ўжо праява духу, увасобленая ў разнастайных тварэннях чалавечага генія, у тым ліку і літаратурна-мастацкіх.

Асновы літаратурна-мастацкай творчасці — прадмет спецыфічны. Ён карэнным чынам адрозніваецца ад усіх раней вядомых вам прадметаў, хоць непасрэдна і судакранаецца з многімі з іх. У першую чаргу з тэорыяй літаратуры, гісторыяй беларускай і сусветных літаратур, мовазнаўствам, псіхалогіяй і філасофіяй. Аднак у адрозненне ад пералічаных дысцыплін, гэты прадмет патрабуе ў большай ступені творчага падыходу, не столькі назапашвання інфармацыі, колькі яе аналітычнага аналізу і самастойнага сінтэзу.

Лекцыі па асновах літаратурна-мастацкай творчасці не з`яўляюцца падручнікам літаратурнай тэхнікі, зборам практычных рэцэптаў пісьменніцкага майстэрства. Асноўная мэта гэтай дысцыпліны — даць пісьменніку-пачаткоўцу апорныя кропкі для арыентацыі ў пытаннях прафесійнага майстэрства, навучыць самастойнаму аналізу выяўленчых сродкаў у таго ці іншага аўтара.

  1. Агульнае паняцце пра персанажы ў мастацкім творы.

Пераважная большасць твораў сусветнай літаратуры ўсю сукупнасць думак, перажыванняў і адчуванняў, якія і з'яўляюцца зместам твора, звязвае з чалавекам. Сама мова дзеля большай выразнасці імкнецца прыпісваць з'явам мёртвай прыроды чалавечыя якасці і дзеянні. Мы гаворым: «сонца ўзышло», «вецер сціх», «лес апрануўся» і г. д. Зразумела, што ўсе магчымыя сітуацыі ў мастацкім творы разгортваюцца ў непарыўнай сувязі з чалавекам. Гэта могуць быць: 1) асоба самога аўтара ў лірычных творах, якія з`яўляюцца нібыта пераказам уласных душэўных перажыванняў; 2) выдуманныя асобы.

У літаратуры ёсць выпадкі, калі цэнтральнай асобай твора выступае не чалавек, а жывёла («Халстамер» Л. Талстога, «Каштанка» А. Чэхава, «Львы» І. Пташнікава, «Белы Бім Чорнае Вуха» Г. Траепольскага і інш). У такім разе гэтай жывёле прыпісваюцца пачуцці і памкненні чалавека, хаця б і ў спрошчаным выглядзе.

Калі ў творы маюцца фантастычныя асобы (русалкі ў А. Міцкевіча, д'яблы ў Я. Баршчэўскага, відмы ў Купалы), то і яны з'яўляюцца нічым іншым, як людзьмі і надзяляюцца чалавечымі рысамі.

У лірычных творах чалавечымі рысамі вельмі часта надзяляюцца нежывыя прадметы, з'явы прыроды, поры году.

Такім чынам, у кожным творы расказваецца пра нешта перажытае чалавекам альбо некалькімі людзьмі, і ў кожным творы ёсць асобы, інакш кажучы, персанажы.

Галоўныя персанажы, тыя, чый лёс прыцягвае асаблівую ўвагу пісьменніка, называюцца героямі. Іншыя персанажы падзяляюцца на другарадных, дапаможных і выпадковых.

У п'есе Янкі Купалы «Тутэйшыя» галоўнымі персанажамі — героямі з'яўляюцца Мікіта Зносак і Янка Здольнік, другараднымі персанажамі — Гануля Зносчыха, Лявон Гарошка і яго дачка Аленка, дапаможнымі — Наста Пабягунская, Генрык Мотавіч Спічыні, Усходні і Заходні вучоныя, выпадковымі — Дзяк, Поп, Спраўнік, Дама, Чырвонаармеец і г. д.

Знаёмячыся з тэкстам, мы бачым, што постаці Міхала і Антося ці Зносака і Здольніка апісваюцца аўтарамі падрабязна. Мы ведаем іх біяграфіі, звычкі, характар. Другарадныя персанажы абмалёўваюцца больш скупа, а дапаможныя ўвогуле — адным-двума штрыхамі альбо адметнасць іх пазначаецца дзеяннямі.

Такім чынам, глыбіня і падрабязнасць характарыстыкі адпавядае значэнню персанажа ў творы. Аднак здараюцца сітуацыі, калі другарадныя персанажы могуць прыцягваць да сябе асаблівую ўвагу чытача, выклікаць у яго пачуцці сімпатыі і антыпатыі, тады аўтар звычайна імкнецца нейкім чынам абмежаваць чытацкую зацікаўленасць.

Гэта робіцца дзеля таго, каб чытацкая ўвага не адцягвалася ад галоўнага героя, не разбурала аўтарскую ідэю.

  1. Склад і спецыфіка мастацкай мовы.

Мастацкая літаратура ствараецца спецыяльнай мовай, мовай літаратуры. Гэтая мова, як правіла, літаратурная, але не зусім адэкватная гэтаму паняццю, г. зн. паняццю ўнармаваных лексікі ці сінтаксісу, замацаваных у акадэмічных нарматыўных слоўніках. Мова літаратуры ва ўсім свеце заўсёды значна шырэй паняцця літаратурнай мовы, бо ўключае ў сябе дыялектныя варыянты, архаічныя словы, аўтарскія неалагізмы і інш.

Сёння на Беларусі існуюць два варыянты літаратурнай мовы: так званыя наркамаўка і тарашкевіца, якія суіснуюць у сродках масавай інфармацыі і ў літаратурных творах. Апрача таго, калі гаварыць пра мову літаратуры, то асобна можна вылучыць, як арыгінальную лінгвістычную з`яву, мову літаратараў Беласточчыны, а ў дадатак яшчэ і мову літаратуры далёкага замежжа — ЗША, Канады, Аўстраліі і г.д.

Прыклады:

1. Нарматыўная літаратурная мова, альбо наркамаўка: (Сяргей Рублеўскі. Апостраф. Тэксты аб праявах быцця. Мн., 2000)

2. Літаратурная мова паводле першай беларускай граматыкі Браніслава Тарашкевіча, альбо тарашкевіца. (Янка Купала. Тутэйшы. Спадчына. Менск, 1923)

3. Беластоцкі варыянт літаратурнай мовы, (Сакрат Яновіч. Запісы веку. Беласток, 1999)

4. Мова літаратараў-эмігрантаў. (Янка Юхнавец. Яно //Тэрмапілы. 2002, № 6)

Адрозніваецца паміж сабой мова літаратараў розных лінгвістычных арыентацый і розных арэалаў бытавання беларускай літаратуры. У гэтай лексічна-граматычнай разнастайнасці няма нічога недарэчнага. Як вядома, беларуская літаратураная мова ўвогуле пачала выпрацоўвацца на пачатку ХХ стагоддзя. І можна сказаць, што працэс яе кшталтавання няскончаны да сённяшняга дня. Гэта тлумачыцца не толькі тым, што Беларусь існуе ў спецыфічных варунках двухмоўя, але і іншымі фактарамі, той жа спецыфікай мовы мастацкай літаратуры, якая вымагае адрознасці ад мовы побытавай, што і праўляецца ў літаратурах усяго свету.

Возьмем, напрыклад, Грэцыю. Там таксама да сённяшняга дня ёсць праблема літаратурнай мовы: адны трымаюцца чыстай традыцыйнай мовы, набліжанай да старажытнагрэцкай, але далёкай ад мовы размоўнай, другія аддаюць перавагу апошняй. У некаторых краінах, напрыклад, у такой сусветна вядомай сваімі літаратурнымі талентамі, як Нарвегія (згадаем Г. Ібсена ці К. Гамсуна), да сённяшняга дня змагаюцца паміж сабой розныя дыялекты за права стаць літаратурнай мовай.

Як бы там ні было, ва ўсіх краінах свету літаратура імкнецца да таго, каб стварыць сваю мову, якая стала б агульнапрынятай і агульна зразумелай. З гэтага вынікае, што літаратурная мова не павінна быць ані мёртвай, ані занадта архаічнай, ані штучнай, аднак яна павінна істотна адрознівацца ад мовы побыту, ад штодзённай, гутарковай мовы.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]