Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Gistoryya_Belarusi.doc
Скачиваний:
40
Добавлен:
14.04.2015
Размер:
829.95 Кб
Скачать

3. Эканамічнае развіццё Беларусі ў перыяд крызісу феадальна-прыгонніцкай сістэмы.

3.У канцы ХVІІІ – першай палове ХІХ ст. у Беларусі, як і на астатняй тэрыторыі Расійскай імперыі, праходзіў працэс разлажэння феадальна-прыгонніцкіх адносін і фарміравання новага капіталістычнага ўкладу. Новыя формы гаспадарчага жыцця праяўляліся ў росце таварнасці сельскай гаспадаркі, павелічэнні колькасці вольнанаёмных рабочых, развіцці ўнутранага і знешняга рынку і г.д. Сельская гаспадарка з’яўлялася асноўнай сферай народна-гаспадарчай дзейнасці ў дарэформеннай Беларусі. Большая частка зямельных угоддзяў належала паменшчыкам, якія валодалі каля 40 % усёй зямлі. Зямлю працягвалі апрацоўваць традыцыйнымі прыладамі працы (саха, барана), але у буйных гаспадарках выкарыстоўвалі жалезныя плугі, жнейкі, малацілкі, веялкі. Асобныя памешчыкі рабілі спробы перабудовы сваіх гаспадарак па заходнееўрапейскаму тыпу. Яны выкарыстоўвалі працу наёмных рабочых, сеялі сартавым насеннем, вырошчвалі пародзістую жывёлу, будавалі прадпрыемствы па пераапрацоўцы сельскагаспадарчых прадуктаў. У першай палове ХІХ ст. больш выразна пачынае вызначацца спецыялізацыя сельскагаспадарчай вытворчасці па губерніях Беларусі. У Мінскай, на поўдні Віцебскай, поўначы Магілёўскай губерняў пашыраліся пасевы бульбы, цукравых буракоў, лёну, канапель і іншых тэхнічных культур. У канцы 50-х гг. ХІХ ст. у Беларусі пад бульбу адводзілася амаль 1/5 частка пасяўных плошчаў, прызначаных пад гэтую культуру па ўсёй Расіі. У Мінскай і Гродзенскай губерні пачыналі распаўсюджвацца мяса-малочная жывёлагадоўля і авечкагадоўля. Такім чынам, абазначылася гаспадарчая спецыялізацыя, звязаная з пераапрцоўкай сельскагаспадарчай сыравіны. Пераапрацоўчыя прадпрыемствы (вінакурныя, цукраварныя, маслабойныя, льнопрадзільныя і інш.) размяшчаліся ў сельскай мясцовасці, што прыбліжала іх да крыніц сельскагаспадарчай сыравіны. Аднак такіх прадпрымальніцкіх памешчыцкіх гаспадарак было няшмат. Большая колькасць памешчыкаў імкнулася павялічыць даходы сваіх маёнткаў шляхам узмацнення эксплуатацыі сялян. Па-ранейшаму асноўнымі формамі сялянскіх павіннасцей заставаліся паншчына і аброк. Землі, якія належалі дзяржаве, здаваліся ў арэнду памешчыкам, якія за час арэнды імкнуліся атрымаць як мага больш прыбыткаў і бясконца павялічвалі павіннасці сялян. Адной з праяў крызісу прыгонніцкай сістэмы з’явіўся шырокі сялянскі рух. Так, у першай чвэрці ХІХ ст. адбылося 46 хвалаванняў, а ў другой трэці – 90. Ва ўмовах разлажэння феадальна-прыгонніцкай сістэмы царскі ўрад пайшоў на эканамічныя рэформы з мэтай прыстасавання існуючай сістэмы гаспадарчых адносін да патрэб рынку, а таксама павышэння дзяржаўных даходаў. Для гэтага прадугледжвалася спыніць працэс збяднення сялянства, павялічыць колькасць сялянскіх двароў, здольных выкрнваць павіннасці і плаціць падаткі на карысць дзяржавы, ліквідаваць самавольствы памешчыкаў, якія арандавалі дзяржаўныя маёнткі. Ініцыятарам рэформы стаў прыхільнік абмежавання прыгоннага права, кіраўнік Міністэрства дзяржаўнай маёмасцей граф П. Кісялёў. Рэформа была праведзена толькі сярод дзяржаўных сялян, якія складалі пятую частку ад усяго беларускага сялянства. Яна прадугледжвала:

- правядзенне падрабязнага апісання (люстрацыі) усіх дзяржаўных маёнткаў і строгае вызначэнне павіннасцей дзяржаўных сялян у залежнасці ад іх гаспадарчага становішча;

- спыненне здачы дзяржаўных зямель у арэнду;

- ліквідацыю фальваркаў і паступовы перавод дзяржаўных сялян з паншчыны на чынш.

Рэформа П. Кісялёва прывяла да пэўнага павелічэння надзелаў дзяржаўных сялян і змяншэння іх павіннасцей. У 1840 г. па прапанове графа Кісялёва была падрыхтавана інвентарная рэформа, якая прадугледжвала ўнармаванне памеру павіннасцей памешчыцкіх сялян шляхам складання інвентароў – спісаў сялянскіх павіннасцей. Складалі іх самі памешчыкі, якія аказвалі масавае супраціўленне спробам умяшання ўрада ў іх узаемаадносіны з уласнымі прыгоннымі сялянамі. Фактычна інвентарная рэформа ў памешчычкай вёсцы правалілася. Пасля вайны 1812 г. назіраўся хуткі рост гарадоў і іх насельніцтва – урбанізацыя. Тлумачыўся ён не столькі эканамічнымі фактарамі, колькі існаваннем “мяжы яўрэйскай аседласці” і перасяленнем у гарады яўрэяў з вёсак і памешчыцкіх маёнткаў. У развіцці прамысловасці побач з феадальным сацыяльна-эканамічным украдам узнікае капіталістычны ( іх суадносіны ў сярэдзіне ХІХ ст. складалі прыкладна 63 % да 37%). У 20-я гады ХІХ ст. пачынаецца пераход ад мануфактурнай да фабрычнай вытворчасці. З’явіліся першыя паравыя машыны на суконных прадпрыемствах у мястэчках Косава і Хомск Гродзенскай губерніі. У другой чвэрці з’явіліся паравыя рухавікі ў мукамольнай, цукровай, лесапільнай, жалезаапрацоўчай і іншых галінах прамысловасці. У канцы 50-х гг. ХІХ ст. у Беларусі пачаўся прамысловы пераварот – паступовы пераход ад мануфактуры да фабрыкі, ад ручной да машыннай працы. У адрозненне ад расійсках губерняў і Заходняй Еўропы ён пачаўся не з баваўнянай, а з жалезаапрацоўчай прамысловасці, у якой налічвалася 85 % буйных прадпрыемстваў і выраблялася 90 % усёй прадукцыі. Важная роля ў фарміраванні ўнутранага рынку, развіцці гандлёва-грашовых адносін належала транспарту. Была пабудавана Маскоўска-Варшаўская шаша, якая прайшла праз Мінскую, Гродзенскую і Магілёўскую губерніі. Акрамя таго, па тэрыторыі Беларусі прайшлі Пецярбургска-Кіеўская і Маскоўска-Рыжскія дарогі. У пачатку ХІХ ст. пачала дзейнічаць Бэрэзінская водная сістэма. Па Бярэзіне, Нёману, Заходняй Дзвіне, Дняпру сталі больш інтэнсіўна ажыццяўляцца пасажырскія і грузавыя перавозкі. Транспарт спрыяў развіццю ўнутранага і знешняга гандлю. Ва ўнутраным гандлі ў дарэформенны перыяд асноўную ролю адыгрывалі кірмашы. З расійскіх губерняў на кірмашы прывозілі паркаль, шоўк, галантарэйныя вырабы і інш., з Украіны – цукар, соль, жывёлу. Лавачны гандаль толькі зараджаўся, а найбольшае развіццё атрымаў знешні гандль. З Беларусі на знешнія рынкі вывозіліся шкляны посуд, мыла, папера, мануфактурна-фабрычныя вырабы. Увозіліся у Беларусь пража, тканіны, прадукты харчавання, фабрычнае абсталяванне і інш. Такім чынам, у канцы ХVІІІ ст. – першай палове ХІХ ст. у Беларусі, як і ва ўсёй краіне, ішлі працэсы разлажэння феадальна-прыгонніцкага ладу і фарміравання новых капіталістычных адносін. З аднаго боку, раслі беларускія гарады, у якіх павялічвалася колькасць прамысловых прадпрыемстваў, буйных мануфактур, пашыраўся ўнутраны і знешні гандаль. З другога боку, марудна складваліся новыя адносіны ў сельскай гаспадарцы. Пераважная колькасць памешчыкаў прытрымлівалася старых форм і метадаў вядзення гаспадаркі.

Соседние файлы в предмете История Беларуси