Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
биб_зн_ист_ МЕТАДЫЧКА_09.doc
Скачиваний:
5
Добавлен:
08.12.2018
Размер:
437.76 Кб
Скачать

Тлумачальная запіска

“Бібліятэказнаўства: гісторыя” ў якасці раздзела ўваходзіць у курс “Бібліятэказнаўства”. Яго асноўнай мэтай з’яўляецца раскрыццё сусветнай гісторыі бібліятэчнай справы праз вывучэнне патрэбнасці грамадства ў бібліятэцы, яе ролі ў вытворчым і культурным жыцці. Вывучэнне сусветнай гісторыі бібліятэчнай справы як састаўной часткі сусветнай культуры неабходна для разумення агульных заканамернасцей развіцця культуры і спецыфічных праблем бібліятэчнага працэсу.

У раздзеле “Бібліятэказнаўства: гісторыя”, які абапіраецца на законы і катэгорыі філасофіі, тэорыі бібліятэказнаўства і гісторыі кнігі, разглядаецца развіццё бібліятэчнай справы ў кожную гістарычную эпоху ў цеснай сувязі з канкрэтнымі ўмовамі пэўнай дзяржавы, вывучаецца дзейнасць бібліятэк з пазіцыі патрэб грамадства, падаюцца асноўныя тэарэтычныя і практычныя пытанні эвалюцыі бібліятэк.

Адносіны паміж дзвюмя пярвічнымі функцыямі бібліятэкі – функцыяй фондаўтварэння і функцыяй абслугоўвання, змены ў іх узаемадзеянні складаюць галоўны прадмет гісторыі бібліятэк. Вывучэнне гісторыі бібліятэк менавіта як часткі сусветнай гісторыі культуры дазваляе выявіць і асэнсаваць тыя з’явы, якія найбольш моцна паўплывалі на іх развіццё і сталі пачаткам новага этапу іх эвалюцыі. Гісторыя бібліятэк разглядаецца ў сувязі з праблемамі, звязанымі з узнікненнем і развіццём бібліятэк і бібліятэчных сістэм, з генезісам поглядаў і тэорыі на арганізацыю грамадскага карыстання творамі пісьменства і друку ў мінулым і сучаснасці.

Асноўнымі задачамі раздзела з’яўляюцца:

– характарыстыка гістарычных перыядаў і этапаў развіцця бібліятэк, вызначэнне асноўных фактараў фарміравання бібліятэкі як сацыяльнага інстытута;

– асэнсаванне сацыяльных патрабаванняў да бібліятэкі і бібліятэкара;

– раскрыццё ўяўленняў аб эвалюцыі разнастайных тыпаў і відаў бібліятэк, іх функцый, даступнасці фондаў для чытачоў;

– авалоданне ведамі аб інфармацыйна-пошукавай сістэме бібліятэкі ў яе гістарычным развіцці і на сучасным этапе;

– дасягненнях бібліятэчнай думкі, буйнейшых бібліятэках, дзеячах.

У выніку вывучэння раздзела “Бібліятэказнаўства. Гісторыя” студэнты павінны ведаць:

– асноўныя этапы эвалюцыі бібліятэк і бібліятэчнай справы;

– ролю і месца бібліятэкі ў развіцці чалавечага грамадства;

– заканамернасці і тэндэнцыі развіцця бібліятэкі як сацыяльнага інстытута;

– значэнне арганізацыі інфармацыйна-пошукавай сістэмы ў абслугоўванні чытачоў;

– асноўныя тыпы і віды бібліятэк у іх гістарычным развіцці;

– буйнейшыя бібліятэкі мінулага і сучаснасці;

– знакамітых дзеячаў бібліятэказнаўчай думкі.

Студэнты павінны ўмець:

– карыстацца асноўнымі паняццямі, тэрмінамі бібліятэказнаўства;

– выкарыстоўваць веды па гісторыі бібліятэк у далейшай прафесійнай падрыхтоўцы для бібліятэчна-інфармацыйнай дзейнасці;

– валодаць галоўнымі фактамі і вынікамі вывучэння гісторыі бібліятэк Беларусі і замежных краін;

– улічваць гістарычныя ўмовы пры разглядзе важнейшых падзей і ролі асобы ў развіцці бібліятэк.

Матэрыял вывучаецца студэнтамі ў першым семестры і прадугледжвае разнастайныя формы заняткаў. Яны разлічаны, у тым ліку, на 48 гадзін аўдыторных. Прыкладнае размеркаванне аўдыторных гадзін па формах заняткаў наступнае: лекцыі – 36 гадзіны, семінары – 12 гадзін.

Прадугледжваецца кантроль ведаў у форме экзамену.