Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Фестивальный менеджмент (курс лекций Сивуровой)....doc
Скачиваний:
9
Добавлен:
04.11.2018
Размер:
649.22 Кб
Скачать

Літаратурныя крыніцы:

  1. Клаич Д. Будущее фестивальной формулы: быстрое увеличение // Экология культуры. ― 2002. ― № 3.

  2. Кунина Э. Фестиваль: формула успеха. ― Клуб. ― 2003. ― № 5. ― C. 22 – 23.

  3. Стружэцкі Т.І. Першы фестываль народнага мастацтва “Беларусь  мая песня” як адлюстраванне сучаснага стану аматарскай творчасці на Беларусі //Аматарская творчасць: устойлівыя і новыя тэндэнцыі. Матэрыялы рэсп. навук.  практ. канф. (22–23 кастр. 1998 г.). ― Мінск: БелІПК, 1999. ― С. 13–17.

  4. Макарава А.А., Сівурава Л. П. Аб шляхах фарміравання фестывальных традыцый у самадзейнай мастацкай творчасці //Веснік. Навук.–метад. зб. ― Мінск: БелІПК, 1999. ― C. 107 – 112.

  5. Периль Б. Фестивальная практика: Опыт саse-study //Экология культуры. ― 2002. ― № 3.

  6. Сівурава Л.П. Фестывальная дзейнасць як фактар захавання і развіцця культуры ў рэгіёнах Беларусі // Павышэнне ролі клубных устаноў у сацыякультурным жыцці рэгіёнаў: матэрыялы Рэсп. навук.-практ. канф. (22―23 ліст. 2006 г., г. Мінск). ― Мінск.: БелДІПК, 2006. ― С. 116―123.

  7. Сівурава Л.П. Фестывальны менеджмент у сферы народнай мастацкай творчасці. Праграма курса. ― Мінск, 2005. ― 48 с.

  8. Швед М.Б. Тенденції розвитку міжнародних фестивалів сучасної музики в Україні на новому етапі (1990 - 2005 рр.) 2006 года. Автореф. дис... канд. мистецтвознавства: 17.00.01 / М.Б. Швед; Львів. держ. муз. акад. ім. М.В.Лисенка. — Л., 2006. — 20 с. — укp.

Тэма 3. Вытокі фестывальнай дзейнасці ў беларусі

  1. Святочна-абрадавая культура як выток фестывальных традыцый народнай мастацкай творчасці. Сістэма святочных традыцый беларусаў як дынамічнае адлюстраванне светапогляду, характару вытворчай дзейнасці, іншых эканамічных і сацыяльна-культурных фактараў.

  2. Свята, абрад, рытуал — першасныя інстытуцыялізаваныя формы народнай мастацкай культуры. Мэтавызначэнне абрадавай дзейнасці. Коды абрадаў. Значэнне святаў у традыцыйнай культуры. Класіфікацыя і характэрныя рысы беларускіх народных святаў. Стэрэатыпны характар паводзін удзельнікаў масавых народных дзействаў.

  3. Змест і формы святочнага жыцця беларусаў у эпоху сярэдневякоўя. Фэсты, кірмашы, ярмаркі, гулянні, балаганы, прадстаўленні вандроўных артыстаў як элемент гарадской культуры. Прычыны ўзнікнення, функцыі кірмашоў, кірмашовыя відовішчы і пацехі.

  4. Саслоўныя і карпаратыўныя формы адпачынку (цэхавыя святы, вечарыны, балі, канцэрты і інш.). Уплыў рэлігійных канфесій на формы святочнага адпачынку.

Мэта лекцыйнага занятка ― прасачыць генезіс і эвалюцыю форм фестывальных традыцый народнай мастацкай творчасці.

Тэкст лекцыі

У традыцыйнай народнай культуры на першы план выступае сакральна-магічная прадвызначанасць святочнай дзейнасці соцыума. У архаічнай міфапаэтычнай традыцыі яна прысвячалася сакральным момантам гісторыі сацыяльнай супольнасці. Асновай міфалагічнага светаўспрымання была вера ў звышнатуральныя сілы космаса, прыроды, чалавека, якому надаваліся надзвычайныя ўласцівасці (валадара, правадыра, і інш.). Святочна-абрадавая культура была зваротам да мінулага, але скіроўвалася на замацаванне сацыяльных, духоўных, рэлігійных каштоўнасцей у сучасным быцці і захаванне іх у будучым.

Да з’яў народнай мастацкай культуры такія даследчыкі, як В.С. Цукерман, А.С. Каргін, Л. Коган, М. Іаўчук і інш. адносяць фальклор, традыцыйнае выяўленчае і дэкаратыўна – прыкладное мастацтва, мастацкую самадзейнасць і індывідуальную аматарскую творчасць [7, с. 33-34]. У выданні “Усходнеславянскі фальклор: Слоўнік навуковай і народнай тэрміналогіі” пад паняццем “народная творчасць” разумеецца сукупнасць мастацкіх твораў розных відаў і жанраў, створаных многімі пакаленнямі народа, якія бытуюць у яго асяроддзі. Вызначальнымі рысамі народнай творчасці з’яўляецца калектыўнасць, пераемнасць традыцый. Народная творчасць аб’ядноўвае паэтычнае, музычнае, драматычнае, харэаграфічнае, дэкаратыўна – прыкладное і іншыя віды мастацкай творчасці народа. Узорам народнага мастацтва ўласціва інварыянтнасць [2, с. 346].

У працэсе захавання, абнаўлення і перадачы культурных традыцый важную ролю адыгрываюць калектыўныя формы святочна‑абрадавай дзейнасці. Выпрацаваны ў працэсе сацыяльнай эвалюцыі святочны каляндар уяўляе сабой стэрэатыпізаваны, прасторава і мастацка арганізаваны вопыт, згустак маральных каштоўнасцей этнасу, які падлягае перадачы і засваенню новымі пакаленнямі.

Мэтамі святочна-абрадавай дзейнасці з’яўляюцца:

  • уплыў на прыродна-касмічнае асяроддзе, усталяванне раўнавагі са светам багоў і продкаў (сакральна-магічная сфера);

  • узнаўленне і прадаўжэнне роду (сямейная сфера);

- паляпшэнне дабрабыту, забеспячэнне прадуктыўнасці хатняй гаспадаркі (вытворчая сфера).

Такім чынам, усталяваная ў ходзе разгортвання чалавечай гісторыі святочна-абрадавая культура скіравана на замацаванне абшчынных сувязей, уладкаванне гарманічных узаемаадносін чалавечых калектываў з касмічным і прыродным асяроддзем. Сацыяльныя сувязі ўнутры роду, паміж асобнымі членамі чалавечага калектыву і групамі людзей рэгламентаваныя сямейна-абрадавымі і грамадскімі традыцыямі, звычаямі і абрадамі, спосабы “паразуменны” з прыродным асяроддзем “зашыфраваныя” у святах і абрадах каляндарнага цыкла.

Дыялектычны працэс перадачы традыцый і ўзнікнення навацый выражаецца ў шматстайнасці святочна – абрадавай культуры. У залежнасці ад канкрэтных грамадска – гістарычных і прыродна – экалагічных умоў бытавання чалавечай супольнсці кожны абрад набывае своеасаблівае аблічча. Паводле сваіх складовых частак абрад кадыфікуецца, г.н. знаходзіць выражэнне ў вярбальным, акцыянальным, музычным, часавым (час дня, тыдня, пара году), локутыўным (месца правядзення), атрыбутыўным, кулінарным і іншых праяўленнях, якія маюць сімвалічнае значэнне. У абрадавай сферы строга рэгламентуецца полаўзроставы склад удзельнікаў, а таксама персанажы – увасабленні міфічных істот.

У архаічнай міфапаэтычнай традыцыі святочная дзейнасць соцыума прысвячаецца сакральным момантам гісторыі сацыяльнай супольнасці. Такія віды сацыяльнай культуратворчасці, як свята, абрад, рытуал, выражаюць дэтэрменіраванасць гэтых форм святочнай дзейнасці светапоглядам людзей, характарам сацыяльнай арганізацыі грамадства, прыродна-экалагічнымі ўмовамі бытавання, асноўнымі відамі вытворчай дзейнасці.

Святы, абрады, рытуалы і іншыя калектыўныя формы святочнай дзейнасці адыгрывалі важную ролю ў працэсе акумуляцыі станоўчага вопыту мінулага і перадачы яго новым пакаленням членаў сацыяльнай супольнасці. Вобразы і сюжэты, якія маюць альбо першапачаткова мелі для супольнасці сакральны сэнс, знаходзяць мастацкае ўвасабленне ў розных відах і жанрах калектыўнай творчасці. Дзякуючы мнагакратнай інварыянтнасці ў розных кодах культуры (вербальным, акцыянальным, музычным, выяўленчым і інш.) захоўвалася каштоўная мастацкая і сацыяльная інфармацыя.

Сацыяльная прырода святочна-абрадавай дзейнасці рэалізуецца на прынцыпах самаарганізацыі, самарэгуляцыі і самакіравання. “Сацыяльныя механізмы і ўмовы культурнай актыўнасці да рэвалюцыі знаходзіліся ў натуральным асяроддзі жыццядзейнасці і складалі адзінае цэлае з вытворчымі працэсамі. Адсутнічалі сацыякультурныя інстытуты, якія ўяўлялі сабой вонкавы арганізуючы пачатак у дачыненні да фальклору. Ён сам уяўляў сабой сацыякультурны інстытут рэгулявання паводзін і дзейнасці членаў грамадства”, ― піша Л. Міхайлава [7, с. 176].

Старажытныя формы культуры, якія адлюструюць псіха-фізіялагічныя асаблівасці чалавека, у аснове якіх ― калектыўная камунікацыя, эмацыянальнае ўспрыманне і ўзнаўленне рэчаіснасці, не былі канчаткова пераадолены ў працэсе развіцця грамадства, з развіццём і спецыялізацыяй вытворчасці. Зараджэнне культуры прафаннай, свецкай адбывалася ў нетрах сакральнай культуры.

З часоў сярэдневечча ў грамадстве пачалі ўсталёўвацца новыя формы культуры, у тым ліку гістарычна адрозныя ад абрадавых формы святочнай дзейнасці. Атрымліваюць развіццё фэсты, кірмашы, ярмаркі, гулянні, балаганы, прадстаўленні вандроўных артыстаў, а таксама саслоўныя і карпаратыўныя формы адпачынку (балі, канцэрты і іншыя грамадскія формы святочнага побыту). Іх узнікненне было выклікана сацыяльна-эканамічнай дыферэнцыяцый грамадства: ростам гарадоў, развіццём і спецыялізацыяй вытворчасці, развіццём таварна-грашовых адносін, узнікненнем класаў, прафесійных групп і іншымі фактарамі.

Звыклай формай грамадскага жыцця беларускіх гарадоў і вёсак ад часоў глыбокам старажытнасці былі фэсты і кірмашы. Фэсты, як правіла, спраўляліся ў гонар хрысціянскіх святых на працягу ўсяго года. Прычым існавала ўстойлівая традыцыя іх прымеркавання не толькі да пэўнага дня, але і да канкрэтнай мясцовасці. “Хвэст спраўляюць і маюць свой асабісты ў кождуй хаце самой маленькой вёсцы, дзе Юр’я, дзе Мікалая або Ганны, дзе Дзісятухі, Параскімкі ці якого-небудзь іншага святка”, ― адзначаў А. Сержпутоўскі. П. В. Шэйн пісаў: “Фэст азначае мясцовае храмавае свята, царкоўную ўрачыстасць у гонар таго святога, імем якога названыя царква ці касцёл”.

Фэст насіў урачысты характар. Ён абавязкова пачынаўся набажэнствам з удзелам рэлігійных асоб, а пры іх адсутнасці ― калектыўным малебнам. Да гэтага дня жыхары вёскі асабліва рыхтаваліся: “Дзе-небудзь на канцы вуліцы, на ўзгорачку пад каржакаватым дрэвам з гняздом бацяна ставяць каплічку або цэркаўку, а то просто высок дзераўляны крыж. Там дзе-небудзь на дзераве ці на слупе вешаюць маленькі звон. На хвэст яшчэ зрана пачынаюць званіць. Потым прыязджае поп з дзяком служыць там малебство, а калі папа няма, то старыя мужчыны збіраюцца й самі моляцца, як умеюць. После малебства пачынаецца святкаванне, госці, песні, скокі, дужанкі ці розныя гутаркі, як звыкло ў хвэст. На хвэст збіраюцца людзі з суседніх вёсак: сябры, родныя, знаёмыя. Прыходзіць моладзь людзей паглядзець і сябе паказаць да паскакаць на йгрышчах ці пашуткаваць да пажартаваць з дзяўчатамі [9, с. 142].

Такім чынам, высветлена, што фэст ― гэта храмавае свята, форма святочнай дзейнасці пераважна жыхароў сельскай мясцовасці. Фэст прысвячаецца ўшанаванню вобраза святога, у гонар якога пабудавана ў дадзенай мясцовасці царква. Фэст вызначаецца канкрэтнымі прасторава – часавымі характарыстыкамі (час, месца правядзення), сувяззю з сакральнай асобай (у нашым выпадку гэта хрысціянскі святы), рэгламентаваны па форме правядзення. Яго элементы ўключаюць малебен, сустрэчу з роднымі, сябрамі, знаёмымі, калектыўнае частаванне, ігрышчы і забавы моладзі. У правядзенні фэстаў рэалізоўвалася патрэба ў падтрыманні роднасных сувязей, устанаўленні і падтрымцы сацыяльных сувязей паміж суседскімі абшчынамі.

З’яўленне кірмашоў на беларускай тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага звязана з бурным ростам гарадоў і выдзяленнем у іх асяроддзі рамеснага і купечаскага саслоўяў. Слова “кірмаш” (“kirchmesse”) нямецкага паходжання. Лічыцца, што яно было завезена нямецкімі купцамі ў ХІV-ХV стст. Першапачаткова яно абазначала храмавае свята з нагоды асвячэння царквы. У сувязі з тым, што гандлёвыя плошчы, як правіла, знаходзіліся перад храмавым будынкам, то менавіта яны з цягам часу сталі месцам заключэння дзелавых аперацый, гандлю і ўвесяленняў.

Кірмаш ― гэта святочны базар, які рабіўся ў пэўную пару года, звычайна летам і восенню. Кірмашы былі прыстасаваны да царкоўных і народных свят і нярэдка атрымлівалі назвы свят “Храшчэнскі”, “на Узнясенне”. Месцамі правядзення кірмашоў былі населеныя пункты гарадскога тыпу, якія знаходзіліся на скрыжаванні гандлёвых шляхоў (гарады, мястэчкі), куды з’язджаліся жыхары наваколля для продажу і абмену таварамі. Апроч гандлёвых аперацый, на буйных кірмашах заключаліся розныя здзелкі (“кантракты”) [Беларусы, с. 247‑254]. Кірмашы альбо ярмаркі, галоўнай рысай якіх быў гандаль, тавараабмен, сталі трывалай формай эканамічных сувязяў і ў значнай ступені кампенсавалі недастатковую развітасць стацыянарнага гандлю ў беларускіх гарадах аж да канца XIX ст.

Гандаль суправаджаўся народнымі гуляннямі, забавамі, іншымі пацехамі. “Звычайна ў час кірмашоў у горадзе давала спектакль трупа вандроўных акцёраў, у балаганах выступалі камедыянты і штукары, калі-нікалі прыязджаў перасоўны цырк, цыгане вадзілі мядзведзяў, пацяшаючы публіку рознымі фокусамі і скокамі. Тут жа працавалі шынкі, чайныя, каруселі, уразнос гандлявалі бублікамі, пернікамі, арэхамі, цукеркамі і іншымі ласункамі”. Часам давалі канцэрты прыезджыя спевакі і музыканты альбо мясцовыя артысты.

Распаўсюджанасць кірмашоў і папулярнасць сярод людзей тлумачыцца не толькі магчымасцямі для рэалізацыі падчас кірмашоў матэрыяльных патрэб, наладжвання таргова ‑ эканамічных стасункаў. Кірмашовыя спатканні выконвалі важную функцыю арганізацыі дасугавых зносін насельніцтва. Пасля завяршэння гандлёвых аперацый наладжваліся вечарынкі з музыкай і танцамі, да якіх беларусы былі вельмі ахвочыя. Сучаснікі пісалі, што “людзі наведваюць ярмарку, каб паспяваць, паскакаць, пакачацца на арэлях”. Гарадскія кірмашы наведвалі вясковыя музыкі з самаробнымі скрыпкамі, бубнамі і цымбаламі. Падчас кірмашовых забаў адбывалася грамадская дэманствацыя маладымі людзьмі асабістых вартасцяў, знаёмства паміж імі, выбар жаніхоў і нявест. “Кірмаш (фэст) ― гэта месца збліжэння моладзі, куды з'яўляюцца дамарошчаныя музыканты, дудары, пад музыку якіх моладзь скача мясцовыя танцы, а таксама выбірае жаніхоў і нявест” [5, с. 83–90].

На змест і формы святочнага жыцця беларусаў аказваўся значны ўплыў з боку рэлігійных канфесій. “Праваслаўныя святы беларусаў набываюць пэўную спецыфіку: устанаўліваюцца святочныя дні, прысвечаныя беларускім святым, афармляецца мясцовы культ цудатворных абразоў Божай Маці. Каталіцкая разнавіднасць хрысціянскіх свят запазычана часткаў беларусаў ад суседняга польскага этнасу. Гэта адбылося ў час збліжэння Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага з Польскім каралеўствам у ХІІІ–ХVІ стст., а потым у перыяд знаходжання беларусаў у федэратыўнай дзяржаве – Рэчы Паспалітай” [1, с. 601].

Сацыяльнае расслаенне грамадства, выдзяленне рамеснага саслоўя было прычынай узнікнення ў яго асяроддзі своеасаблівых святочных традыцый, у якіх знайшлі адлюстраванне карпаратыўныя інтарэсы прафесійных груп. “Цэхі, у якія аб’ядноўваліся гарадскія рамеснікі мелі свае святы. Цэхавыя святы бытавалі з канца ХІV да сярэдзіны ХІХ ст. У адрозненне ад каляндарных земляробчых яны адзначаліся больш сціпла. Састаўнымі элементамі свята былі сычэнне мёду, збіранне грошай на свечку святому апекуну цэха, калектыўная трапеза” [1, с. 602].

Такім чынам, са з’яўленнем гарадоў узнікла новае сацыяльна-культурнае асяроддзе, новы від арганізацыі прасторы. Асноўныя масавыя дзействы (карнавальныя шэсці, рамесныя святы, гульні, выступленні вандроўных артыстаў) адбываліся на цэнтральных гарадскіх плошчах. Такія масавыя народныя дзействы, нярэдка разыгрываемыя на трансфарміраванай фальклорнай аснове, сталі перадумовамі многіх масавых форм культурнай дзейнасці, у тым ліку фестываляў народнай мастацкай творчасці.

Ключавыя словы: Народная мастацкая культура, народная творчасць, свята, абрад, рытуал, фэст, кірмаш, ярмарка, гулянне.

Пытанні для самакантролю

  1. Дайце тлумачэнне паняцця “народная творчасць”.

  2. Назавіце мэты святочна-абрадавай дзейнасці?

  3. Якімі сацыяльна-эканамічнымі прычынамі было выклікана з’яўленне і развіццё на беларускіх землях фэстаў, кірмашоў, ярмарак, гулянняў, саслоўных і карпаратыўных форм адпачынку?

  4. Як ладзіліся кірмашы на Беларусі?