Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Фестивальный менеджмент (курс лекций Сивуровой)....doc
Скачиваний:
9
Добавлен:
04.11.2018
Размер:
649.22 Кб
Скачать

Мастацка-культурны сэнс фестывальнай дзейнасці

Існуе меркаванне, што асноўнае прызначэнне фестывальнай дзейнасці заключаецца ў яе мастацка-культурным змесце. Яе сацыяльна-культурныя вартасці заключаецца ў дасягненні значных сацыяльна-культурных вынікаў.

Культуратворчы патэнцыял фестывальнай дзейнасці выражаецца ў тым, што правядзенне фестывальных мерапрыемстваў у розных відах і жанрах мастацкай творчасці стымулюе стварэнне мастацкімі калектывамі і індывідуальнымі выканаўцамі новых праграм і ўдасканаленне наяўных. Разважаючы аб сацыякультурнай значнасці фестываляў выканальніцкіх мастацтваў, Д. Клаіч піша: “Апраўданнем фестываляў усё болей служыць іх здольнасць ствараць арыгінальныя праграмы, якія пры звычайным ходзе падзей не маглі б з’явіцца” [1, с. 2].

“Фестываль як з’ява мастацкага жыцця адрозніваецца асобай атмасферай свята, арыентацыяй на паказ лепшых мастацкіх калектываў і выканаўцаў, арыгінальнасць рэпертуарнай прапановы, адрозненне ад рэпертуару стацыянарных калектываў. Асноўная задача фестывалю — унесці свежы струмень у культурнае жыццё краіны, рэгіёну, горада, стварыць максімальна шырокае поле прыцягнення як для прафесіяналаў у галіне тэатра і музыкі, так і для радавых гледачоў і слухачоў” [5, с. 6].

Як форма папулярызацыі дасягненняў народнага мастацтва фестывалі спрыяюць уцягненню ў працэс стваральнай дзейнасці шырокіх слаёў насельніцтва. Сведчанне таму — стварэнне новых калектываў і ўдасканаленне творчага майстэрства існуючых [3, с. 16]. Спецыялістамі канстатуецца той факт, што фестывальная дзейнасць уздымае прэстыж творчай дзейнасці як на прафесійнай, так і на аматарскай аснове. Па выніках правядзення фестываляў назіраецца прыток дзяцей, моладзі, дарослага насельніцтва ў мастацкія гурткі, студыі, калектывы [2, с. 22].

Фестывалі адыгрываюць важнае значэнне ў працэсе выяўлення і падтрымкі таленавітых асоб і калектываў, ствараюць спрыяльную атмасферу для іх творчага самавыражэння, актывізуюць абмен мастацкімі ідэямі, садзейнічаюць наладжванню творчых кантактаў. “У ходзе фестывальнай дзейнасці прадастаўляюцца магчымасці для самарэалізацыі тысяч удзельнікаў мастацкай творчасці, якія маюць прыродны талент і любоў да мастацтва. Пасродкам правядзення фестываляў, аглядаў, конкурсаў ствараецца сістэма стымулявання іх творчасці, сярод якіх асноўным з’яўляецца грамадскае прызнанне. У гэтым заключаецца таксама псіхалагічны і педагагічны эфект фестывальных мерапрыемстваў” [2, с. 22].

Асабліва важнае значэнне гэта мае для творчай моладзі, якая знаходзіцца на этапе прафесійнай арыентацыі і выбару жыццёвага шляху. Мастацка адораныя дзеці і моладзь трапляюць у поле зроку спецыялістаў. Перамога ў творчых конкурсах і лаўрэацкія адзнакі ўдзельнікаў фестываляў даюць ім рэальны шанс для набыцця сярэднеспецыяльнай і вышэйшай адукацыі і галіне культуры і мастацтва і далейшай творчай самарэалізацыі, выхад на новыя творчыя арбіты, у тым ліку і міжнародныя, магчымасць уздымаць прэстыж і фарміраваць станоўчы імідж сваёй краіны на міжнароднай арэне. У гэтым аспекце фестывальная дзейнасць спалучаецца з інтарэсамі дзяржаўнай культурнай палітыкі і можа разглядацца як частка праграмы “Маладыя таленты Беларусі”.

Фестывальная дзейнасць стымулюе даследаванне праблем развіцця народнай мастацкай творчасці на навукова-тэарэтычным узроўні. У фестывальнай дзейнасці як у люстэрку адлюструюцца ступень і структура развіцця відаў і жанраў мастацкай творчасці, выяўляюцца наяўныя працэсы і тэндэнцыі, якія становяцца падставай для навукова-метадычнага забеспячэння сферы народнай мастацкай творчасці, а таксама прыняцця сур’ёзных кіраўніцкіх рашэнняў па яе падтрымцы і развіцці.

Такім чынам, мастацка-культурная значнасць фестывальных мерапрыемстваў заключаецца ў тым, што яны значна актывізуюць сацыяльна-культурныя працэсы ў грамадстве і становяцца іх каталізатарамі.