Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Фестивальный менеджмент (курс лекций Сивуровой)....doc
Скачиваний:
9
Добавлен:
04.11.2018
Размер:
649.22 Кб
Скачать

Значэнне фестывальнай дзейнасці ў сацыяльна-культурным жыцці рэгіёнаў Беларусі

Практыка фестывальнай дзейнасці апошніх дзесяцігоддзяў у сферы народнай мастацкай творчасці паказвае, што сапраўдная фестывальная “палітыка” складваецца на рэгіянальным узроўні. Большасць фестываляў народнай творчасці ўзнікалі і “прыжываліся” там, дзе гістарычна было сфарміравана адпаведнае сацыякультурнае асяроддзе. Прыймальнасць і прыцягальнасць мастацкіх ідэй, закладзеных у аснову фестывальных акцый, з’яўляецца ўмовай іх укаранення у тым ці іншым месцы. У асобных выпадках яна можа развіцца на рэальна існуючых у рэгіёнах народных традыцыях і атрымаць сучаснае ўвасабленне ў форме фестывалю альбо свята.

Найбольш стала фестывалі народнай мастацкай творчасці ўкараняюцца ў невялікіх гарадах. Знанымі цэнтрамі фестывальнай актыўнасці сталі гг. Пінск Брэсцкай вобласці, Мядзель Мінскай вобласці, Паставы Віцебскай вобласці, г.п. Акцябрскі і гг. Калінкавічы, Чачэрск Гомельскай вобласці, г. Навагрудак Гродзенскай вобласці, г. Клімавічы Магілёўскай вобласці і інш. Тут культурнае жыццё працякае з большай напружанасцю, чым у цэнтры.

На рэгіянальным узроўні складваецца сапраўдная фестывальная “палітыка”. Для прыкладу, культурнае жыццё Віцебскай вобласці не абмяжоўваецца славутым “Славянскім базарам”. Сярод раённых імпрэз – рэгіянальнае свята “Браслаўскія зарніцы”, мэта якога — адраджэнне народных традыцый у новых сацыякульурных умовах; Міжнародны фестываль “Звіняць цымбалы і гармонік” у Паставах, дзе папулярызуецца народна-інструментальная творчасць; Міжнародны фестываль песні і музыкі Падняпроўя Расіі, Беларусі і Украіны “Дняпроўскія галасы ў Дуброўна”, які праз гістарычныя культурныя і духоўныя сувязі мацуе дружбу нашых народаў; рэгіянальнае свята “Квітней, Глыбоччына”, што прапагандуе і развівае традыцыі народнай творчасці і рамёстваў; абласны фестываль нацыянальных культур “Нас аб’яднала зямля Беларусі” ў Міёрах, які збірае прадстаўнікоў 13 нацыянальнасцей, пражываючых на тэрыторыі вобласці; Рэгіянальнае свята “Дзвіна — Двина — Даугава” ў Верхнядзвінску, якое ўзнікла як лагічны плён супрацоўніцтва Беларусі, Расіі і Літвы ў сферы культуры і мастацтва; Рэгіянальнае свята на Кургане Дружбы ў Верхнядзвінскім раёне, на мяжы Латвіі, Расіі і Беларусі.

Візітнай карткай сталіцы сталі традыцыйныя фестывалі народнай творчасці “Сузор’е”, “Не старэюць душой ветэраны”, “Мінскі гармонік”, фестываль эстраднага мастацтва моладзі горада, хароў хлопчыкаў. Яны не толькі ствараюць свята для гараджан, але і з’яўляюцца творчай майстэрняй для кіраўнікоў і арганізатараў народнай мастацкай творчасці.

Маюць свае “фестывальныя візітоўкі” і іншыя рэгіёны. Для горада Гомеля гэта фестываль харэаграфічнага мастацтва “Сожскі карагод”, для Брэсцкай — “Палескі карагод”, для Гродна — фестываль нацыянальных культур. Актыўнасць рэгіёнаў у ініцыіраванні фестывальных мерапрыемстваў у аналізуемы перыяд рэзка ўзрасла. Ацэньваючы рознабаковыя магчымасці, якія прадастаўляюцца ў ходзе правядзення фестывальных мерапрыемстваў для развіцця культуры і эканомікі тэрыторыі, умацавання іх прэстыжу, актывізацыі міжрэгіянальных кантактаў, дзяржаўныя арганізацыі і прыватныя асобы канцэнтруюць намаганні на падтрыманні і пашырэнні фестывальнай дзейнасці ў сваіх рэгіёнах.

У гэтых мясцовасцях фестывальныя мерапрыемствы атрымліваюць моцную грамадскую падтрымку. Да такіх культурных ініцыятыў з прыхільнасцю ставіцца мясцовая адміністрацыя, яны атрымліваюць падтрымку з боку выворчых прадпрыемстваў, прадпрыймальніцкіх структур і асобных грамадзян. Такая комплексная методыка арганізацыі фестывальнай дзейнасці, безумоўна, спрыяе аб’яднанню намаганняў розных грамадскіх структур і скіраванню інтэлектуальных, фінансавых, арганізацыйных і кадравых рэсурсаў на вырашэнне асабліва важных праблем культуры ў рэгіёнах [7, с. 116―123].

Так, за час правядзення фестывалю народнай музыкі “Звіняць цымбалы і гармонік” жыхары Пастаў пазнаёміліся з сотнямі цікавых калектываў і выканаўцаў аматарскай мастацкай творчасці з розных куткоў нашай краіны, лепшымі прафесійннымі калектывамі Беларусі: Дзяржаўным акадэмічным народным хорам Рэспублікі Беларусь імя Г.І. Цітовіча, Дзяржаўным акадэмічным народным аркестрам Рэспублікі Беларусь імя І. Жыновіча, заслужаным Беларускім дзяржаўным харэаграфічным ансамблем “Харошкi” і інш., а таксама прадстаўнікамі Латвіі, Літвы, Малдовы, Польшчы, Украіны, Венгрыі, Расіі, Эстоніі. У многім дзякуючы фестывалю сярод пастаўчан была сфарміравана цікавасць да сур’ёзнай інструментальнай музыкі.

За час існавання фестывалю на канцэртных пляцоўках горада выступілі “Крупіцкія музыкі” з Мінскага раёна, “Рагнеда” з Заслаўя, “Траецкія музыкі” з Барысава, ансамблі народнай музыкі “Лявоны”, “Музыкі”, “Грымата”, “Калі ласка” з Гродзенскай, “Палешукі”, “Фэст”, “Кантраданс” з Брэсцкай, “Радуніца”, “Рэчыцкія музыкі”, “Скарбонка” з Гомельскай, “Магілёўцы”, “Бялыніцкія музыкі”, “Мілавіца” з Магілёўскай абласцей. Высокі творчы ўзровень на фестывалі прадэманстравалі сталічныя мастацкія калектывы “Шчодрыца”, “Баламуты”, “Мінскія музыкі” і інш.

Уключаныя ў праграму фестывальныя імпрэзы ўспрымаюцца насельніцтвам рэгіёнаў з вялікай эмацыянальнасцю і становяцца для іх важнай культурнай падзеяй. Свята ўспрымаецца як унікальны культурны рэсурс горада. Святочныя мерапрыемствы садзейнічаюць развіццю культуры гараджан, іх эстэтычнаму і патрыятычнаму выхаванню, стварэнню новых культурных каштоўнасцей края.

Фестывальныя акцыі стымулююць абнаўленне аб’ектаў камунальнай уласнасці. Напярэдадні прыёму гасцей праводзіцца рамонт і рэканструкцыя гатэляў, інтэрнатаў, прадпрыемстваў грамадскага харчавання, добраўпарадкуюцца вуліцы, паркі, скверы, іншыя месцы правядзення фестывальных мерапрыемстваў і знаходжання гасцей. Належная ўвага надаецца матэрыяльна-тэхнічнаму абсталяванню канцэртных пляцовак, удасканальваецца транспартны парк. Так, напрыклад, у час падрыхтоўкі да правядзення фестывалю-кірмашу “Дажынкі―2005” у г. Слуцку на добраўпарадкаванне горада было выкарыстана 120,5 млрд. беларускіх рублёў. На гэтыя сродкі было адрамантавана больш за 30 аб’ектаў камунальнай уласнасці, пераабсталяваны будынак пад галерэю мастацтваў. Яе адкрыццё прымеркавалі да фестывалю. Да ўдзелу ў мастацкай праграме запрошана 150 калектываў аматарскай творчасці.

Рэалізацыя фестывальных праектаў значна пашырае сетку камунікацыйных сувязяў малых гарадоў, айчыннай “глыбінкі”, суб’ектаў культурнай палітыкі. Гэта спрыяе пашырэнню спектра і актывізацыі творчых і дзелавых кантактаў на ўсіх узроўнях. Фестывалі дазваляюць ажывіць культурнае жыццё мясцовай супольнасці, значна ўзбагачаюць палітру сацыяльна-культурнага жыцця рэгіёнаў, якія знаходзяцца ў геаграфічнай аддаленасці ад цэнтраў. Практыка фестывальнай дзейнасці апошніх дзесяцігоддзяў паказвае, што найбольш стала фестывалі ўкараняюцца ў невялікіх гарадах, дзе фестывальныя мерапрыемствы атрымліваюць моцную грамадскую падтрымку [7, с. 116―123].

Такім чынам, можна сцвярджаць, што фестывалі і святы народнай мастацкай творчасці аказваюць значны станоўчы ўплыў на сацыякультурнае жыццё рэгіёнаў. Пры належнай арганізацыі грамадска-культурнага жыцця і кіравання мастацка-культурнай дзейнасцю фестывалі могуць стаць эфектыўнай формай захавання і развіцця рэгіянальнай святочна-абрадавай культуры, гісторыка-культурнай спадчыны, моцным рэсурсам развіцця рэгіёна. Гісторыя і культура ― важнейшыя складовыя часткі іміджа рэгіёна, якія прыцягваюць дзелавых людзей і інвестыцыі ў развіццё перспектыўных галін эканомікі. Фестывальныя акцыі прадастаўляюць магчымасці для развіцця турыстычнага бізнэса.

Ключавыя словы: тыпалагізацыя, рэгіён, мастацка-культурны сэнс фестывальнай дзейнасці.

Пытанні для самакантролю

  1. Дайце азначэнне паняцця “фестываль”. Укажыце спецыфічныя асаблівасці фестываляў. У чым іх адрозненне ад іншых відаў масавых сацыяльна-культурных мерапрыемстваў (алімпіяда, агляд, выстаўка, канцэрт, конкурс, паказ, тыдзень, дэкада, свята і інш.).

  2. Прывядзіце тыпалагізацыю фестывальных мерапрыемстваў.

  3. У чым грамадска-культурнае значэнне фестывальнай дзейнасці ў нашым грамадстве?

  4. Якім чынам фестывальная дзейнасць уплывае на сацыяльна-культурнае жыццё рэгіёнаў?

  5. Якая роля фестываляў у захаванні і прапагандзе гісторыка-культурнай спадчыны.