Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Фестивальный менеджмент (курс лекций Сивуровой)....doc
Скачиваний:
9
Добавлен:
04.11.2018
Размер:
649.22 Кб
Скачать

Сістэма свят і фестываляў фальклору ў Беларусі

Знакавай з’явай у навуковым і культурным жыцці Беларусі стаў І Міжнародны фестываль фальклору на Беларусі (15–21.06.1994, гг. Пінск, Мінск). Ім быў азнаменаваны пачатак матанакіраванай працы па вывучэнню і прапагандзе музычнага фальклору Беларусі. Яго правядзенню папярэднічала двухгадовая падрыхтоўчая арганізацыйная работа па выпрацоўцы навуковай канцэпцыі фестывалю, адбору ўдзельнікаў і г.д.

Фестываль фальклору меў, у першую чаргу, навуковыя мэты. У пярэстай палітры масавай мастацкай творчасці ён раскрываў асобныя яе “адгалінаванні”. Упершыню былі распрацаваны крытэрыі для размежавання калектываў аматарскай творчасці і аўтэнтычных фальклорных гуртоў. Пад час фестывалю для іх выступленняў прадугледжваліся асобныя пляцоўкі. Праграма была складзена такім чынам, што яны дэманстравалі свае творчыя праграмы ў асобныя дні. Адрозніваўся падыход і да рэжысуры, і да арганізацыі фестывальнага дзеяння. Выступленне аўтэнтычных гуртоў адбывалася ў прыродным паркавым ландшафце, а праграма гэтага дня ўключала абрадавыя элементы адпаведнай пары года (всенне-летняга цыкла). Усё гэта не парушала законаў функцыяніравання народнай культуры з яе каляндарнай прымеркаванасцю, рэгіянальнай адметнасцю твораў, якія выконвалі народныя спевакі, танцоры і музыканты. На фестывалі ў Пінску была зроблена першая спроба дэманстрацыі традыцыйных форм народнай культуры, а сёння гэта ўжо лічыцца правілам у рабоце з аўтэнтычным фальклорам.

Механізм падрыхтоўкі і правядзення гэтага фестывалю адпавядаў пастаўленай мэце: выявіць і паказаць найбольш адметныя творчыя калектывы з усіх рэгіёнаў Беларусі. Яго адборачны тур праходзіў па ўсіх раёнах і абласцях краіны. Члены кансультатыўнага савета выязджалі на прагляды, арганізаваныя ў рэгіёнах, не толькі вялі адбор калектываў і індывідуальных выканаўцаў, але і даносілі да мясцовых арганізатараў і ўдзельнікаў задачы фестывалю, давалі парады наконт праграмы выступлення на фестывалі.

Мастацкая задумка фестывалю была грандыёзнай па маштабах. Удзельнікамі фестывалю сталі каля 1300 чалавек з усіх рэгіёнаў Беларусі, мастацкія калектывы з блізкага (Расія, Украіна) і далёкага змежжа (Нідэрланды, Фінляндыя, Польшча). Была зроблена праца па ўключэнню Першага фестывалю фальклору на Беларусі у пералік міжнародных фальклорных фестываляў. У якасці госця фестываль наведаў віцэ-прэзідэнт міжнароднай арганізацыі фальклорных фестываляў КІОФФ. У рамках фестывалю прайшла канферэнцыя “Фальклор і сучасная культура”. Паводле рэжысёрскай задумы ў гарадскім парку адначасова працавала шэсць сцэнічных пляцовак. Галоўная пляцоўка была размешчана на баржы на рацэ Піна.

Намаганнямі навукоўцаў, практыкаў, работнікаў культуры, артыстаў-аматараў, гарадскіх уладаў горада Пінска і добраахвотных памочнікаў была ажыццёўлена беспрэцэндэнтная па навуковай значнасці і гігантская па арганізацыйных маштабах праца ― Першы міжнародны фестываль фальклору на Беларусі. Гэтай акцыяй было засведчана, што ў Беларусі ў жывым бытаванні захаваўся архаічны каляндарна-абрадавы пласт традыцыйнай культуры. Пасля правядзення гэтага фестывалю ў навуковай і масавай свядомасці адбыўся пералом у бок прызнання самакаштоўнасці “вясковай” культуры і пачаўся актыўны пошук метадаў яе вывучэння, захавання, дэманстрацыі і забеспячэння пераемнасці. Знаходкі і здабыткі, зробленыя падчас правядзення фестывалю, вызначылі шляхі работы ў дадзеным кірунку на дзесяцігоддзі. Ён стаў штуршком для доўгатэрміновай даследчай працы па вывучэнні сучаснага стану традыцыйнай мастацкай культуры беларусаў. У прэсе адзначалася, што фестываль падняў прэстыж фальклорнага мастацтва ў краіне і за яе межамі [10, с. 673].

Рэгіянальны фестываль аўтэнтычнага фальклору на Магілёўшчыне стаў выніковай практычнай часткай распрацоўкі навуковай тэмы “Сучасны стан традыцыйнай мастацкай культуры беларусаў Падняпроўя”, якая ажыццяўлялася ў 1993―1995 гадах. У адпаведнасці з галоўнай мэтай даследавання — комплексным вывучэннем традыцыйнай культуры Магілёўшчыны на сучасным этапе, ставіліся як навукова-даследчыя, так і навукова-метадычныя і асветніцкія задачы. У ходзе работы выяўлялі найбольш яркіх носьбітаў аўтэнтычных народных традыцый (спевакоў, танцораў, музыкантаў і г. д.).

Для рэалізацыі ідэі падтрымкі аўтэнтычных форм народнай культуры Падняпроўя была створаны канцэптуальны падыходы да дэманстрацыі такога тыпу культуры. Канцэпцыя рэгіянальнага фестывалю аўтэнтычнага фальклору грунтавалася на ідэі дзяржаўнай падтрымкі і аховы аўтэнтычных форм класічнай фальклорнай культуры вуснага тыпу, якае мае самадастатковую духоўную каштоўнасць, а таксама з’яўляецца асновай для арганізавана-аматарскіх другасных форм народнай творчасці (мастацкай самадзейнасці) і для творчасці прафесійнай.

У аснову канцэпцыі фестывалю былі пакладзены наступныя прынцыпы:

1. Прызнанне права на існаванне ў сучаснай Беларусі самастойнага, арыгінальнага тыпу культуры (аўтэнтычнага фальклору), заканамернасці якой прынцыпова адрозніваюцца ад культуры арганізавана-аматарскай і прафесійнай і грунтуюцца на аснову самаарганізацыі і самарэгуляцыі;

2. Неабходнасці раздзялення ўсіх форм папулярызацыі і распаўсюджвання аўтэнтычных і другасных форм фальклору як відаў народнай творчасці рознай прыроды і розных каштоўнасных катэгорый;

3. Патрэбнасць перамяшчэння акцэнта ў грамадскай свядомасці са спажывецкіх і забаўляльных установак у дачыненні да фальклорнай першакрыніцы на яе абарону і ахову.

У адпаведнасці з канцэптуальнымі патрабаваннямі было распрацавана “Палажэнне аб рэгіянальным фестывалі аўтэнтычнага фальклору ў Рэспубліцы Беларусь”, у якім улічвалася спецыфіка аўтэнтычных форм фальклору і ясна выражалася пераважна ахоўная функцыя ў дачыненні да іх.

Сярод задач фестывалю значыліся:

- дзяржаўная падтрымка, ахова і зберажэнне аўтэнтычных форм традыцыйнай культуры, недапушчальнасць іх падмены, скажэнняў, змешвання з арганізаванымі формамі мастацкай самадзейнасці;

- папулярызацыя на навуковай аснове аўтэнтычных форм беларускага традыцыйнага мастацтва — найвышэйшай, сусветна прызнанай духоўнай і матэрыяльнай каштоўнасці нашага народа;

- аднаўленне, падтрымка і стымуляванне аўтэнтычных форм традыцыйнага мастацтва на месцах натуральнага яго існавання;

- далучэнне моладзі да аўтэнтычных форм народнага мастацтва вусным шляхам;

- фарміраванне каштоўнасных арыенціраў і грамадскай думкі ў напрамку ўсведамлення значнасці традыцыйнай культуры ў сістэме сучаснай культуры ў цэлым.

Арганізацыяй фестывалю займаўся арганізацыйны камітэт, у склад якога ўвайшлі эксперты-кансультанты розных сфер традыцыйнага беларускага мастацтва, прадстаўнікі ўстаноў культуры і іншых арганізацый, якія непасрэдна ўдзельнічалі ў падрыхтоўцы фестывалю.

На фестывалі былі прадстаўлены аўтэнтычныя формы ўсіх відаў духоўнай і матэрыяльнай культуры дадзенага рэгіёна: музычнай (спевы, інструментальная музыка), харэаграфічнай (карагоды, танцы), прыкладнога мастацтва (ткацтва, вышыўка, разьба па дрэве, саломапляценне, ганчарства, жывапіс і інш.), апавядальнай (казкі, легенды і г.д.).

У рэжысёрскім вырашэнні фестывалю імкнуліся пазбегнуць пампезнасці, параднасці, пераважнай устаноўкі на забаўляльнасць і “весялосць” як не адпавядаючыя існасці традыцыйнага народнага мастацтва. Увесь комплекс рэжысёрскага і афарміцельскага рашэнняў быў скіраваны на натуральнасць, глыбокае і тактоўнае раскрыццё спецыфікі аўтэнтычных форм традыцыйнага мастацтва беларусаў Падняпроўя ва ўсёй паўнаце і рознаквецці [10, с. 676].

Фестываль адбыўся 7―9 чэрвеня 1996 года. Яго правядзенне адпавядала мастацкай задумцы: адкрытае паветра для спевакоў і гульняў, інструментальнай музыкі; пляцоўкі, прыдатныя для харэаграфічнага мастацтва; адпаведным чынам аформленыя збудаванні для майстроў прыкладнога мастацтва. Да ўдзелу ў фестывалі былі запрошаны самаарганізаваныя (або арганізаваныя з дапамогай мясцовых работнікаў культуры, але самакіруемыя) спевакі (гурты і асобныя выканаўцы), музыканты (ансамблі і салісты), танцоры, казачнікі, майстры прыкладных відаў традыцыйнага мастацтва, якія яскрава прадстаўлялі мясцовыя традыцыі. Адбор аўтэнтычных выканаўцаў для ўдзелу ў фестывалі ажыццяўляўся мясцовымі работнікамі культуры сумесна з групай экспертаў – кансультантаў. Крытэрыем для адбору ўдзельнікаў з’яўлялася ступень захаванасці мясцовых традыцый і наяўнасць яркіх, самабытных носьбітаў гэтых традыцый.

Праграма фестывальнага выступлення кожнага ўдзельніка была скіравана на змястоўнае раскрыццё мясцовых мастацкіх традыцый з акцэнтам на мясцовую спецыфіку. Такі падыход вымагаў ад удзельнікаў фестывалю абавязковага ведання як каранёвага старажытнага пласта народнай мастацкай творчасці (песні каляндарнага і сямейна-абрадавага цыклаў, старадаўнія інструментальныя наігрышы і танцы, найбольш даўніх тэхналогій у прыкладным мастацтве), так і больш позняга. Адзенне ўдзельнікаў фестывалю павінна адпавядаць мясцовым строям.

У рамках фестывалю праводзілася навукова-практычная канферэнцыя “Традыцыйная мастацкая культура Магілёўшчыны: праблемы аднаўлення і падтрымкі”, удзел у якой разам з наукоўцамі бралі мясцовыя работнікі культуры [10, с. 677].

Сярод фестываляў народнай мастацкай творчасці “у 80-х гадах ХХ стагоддзя знакавым для беларускай народнай культуры з’явіўся Першы рэспубліканскі фестываль народнага танца, заключныя мерапрыемствы якога адбыліся ў 1990 г. у Гродне (калектывы са званнем “народны”) і ў Мінску (калектывы са званнем “узорны”). Упершыню за некалькі дзесяцігоддзяў маладзёжныя і дзіцячыя калектывы народна-сцэнічнага танца паказалі поўныя праграмы беларускага рэпертуару, частка твораў была створана на матэрыяле рэгіянальнага фальклору. Фактычна, гэта была кульмінацыя першага перыяду ўваходжання харэографаў, а разам з імі і ўсіх удзельнікаў прадстаўленых на фестывалі калектываў, у поле беларускай народнай харэаграфіі. Гэта быў яшчэ і своеасаблівы пік пераасэнсавання на ўзроўні псіхалагічнага ўспрымання таго, што сваё, роднае таксама мае самадастатковую нацыянальную і мастацкую каштоўнасць.

Папярэднікамі сённяшніх фестываляў фальклорнага мастацтва, у тым ліку і “Берагіня”, належыць назваць фестывалі беларускай народнай харэаграфіі рэгіянальнага тыпу “Палескі карагод” (рэгіён Заходняга Палесся) і “Пярэзвы” (рэгіён чарнобыльскіх абласцей – Гомельскай і Магілёўскай). У праграмах гэтых фестываляў танцавальны фальклор займаў мастацкую прастору нараўне з народна-сцэнічнымі формамі” [10, с. 676–677].

Рэспубліканскі фестываль народнага танца “Беларуская полька” (1993, 1994, 1996, 2000) праводзіўся ў г. Чачэрску Гомельскай вобласці. Яго заснавальнікамі сталі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Гомельскі абласны выканаўчы камітэт, Чачэрскі раённы выканаўчы камітэт, Дзяржаўны камітэт па справах моладзі, Цэнтральны Камітэт Беларускага патрыятычнага саюза моладзі, Беларускі дзяржаўны інстытут праблем культуры.

Праект накіраваны на адраджэнне побытавага танцавальнага мастацтва. Фестываль вызначыў задачамі аднаўленне, захаванне і развіццё рэгіянальных музычных, харэаграфічных песенных традыцый у месцах іх натуральнага існавання. Ён з’явіўся лагічным завяршэннем навукова-даследчай працы па вывучэнні традыцыйнага мастацтва ў раёне Чарнобыльскай трагедыі, якая была распачата яшчэ ў 1987 годзе. Многія найцікавейшыя ўзоры харэаграфічнага мастацтва на той час ужо не існавалі ў натуральным бытаванні. Карагоды, скокі, гульні, шматлікія варыянты полек, вальсаў, тацавальныя песні знайшлі адлюстраванне ў манаграфіях, зборніках, даведніках, навукова-метадычных матэрыялах, артыкулах, якія былі падрыхтаваны ў ходзе даследавання рэгіёна, па выніках якога былі падрыхтаваны зборнікі “Капыльскія скокі”, “Рудабельскія танцы”, “Ад Дзвіны да Прыпяці”, “Танцавальная музыка Беларусі”, “Беларускія танцавальныя песні” і многія іншыя.

Фестываль быў арганізаваны Беларускім інстытутам праблем культуры і аддзелам культуры г. Чачэрска. Яго распачала прэс-канферэнцыя, адкрыццё выстаў: “Народныя строі, ткацтва, вышыўка” і “Карані і кроны” — фотавыстаўка аб працоўных буднях жыхароў раёна, выстава-продаж вырабаў народных майстроў. Урачыста адкрыўшы свята, усе фальклорна-этнаграфічныя гурты раз’ехаліся па вёсках з абменнымі канцэртамі “Да суседзяў у гасціну”. Паводле мастацкай задумы, фестываль паінен быў прынесці святочны настрой у кожную хату, падарыць свята старым і малым жыхарам Чачэрскага раёна.

Заключная імпрэза фестывалю мела назву “Кірмаш мастацтваў”. Народнае харэаграфічнае мастацтва было прадстаўлена ва ўсім шматколерным харастве. Усе калектывы‑удзельнікі фестывалю танцавалі беларускія полькі. Можна было ўбачыць полькі-трасухі, полькі-рассыпухі, полькі-бабачкі, полькі з прыпеўкамі, полькі-базар і многія іншыя рэгіянальныя танцавальныя ўзоры.

Такім чынам, Чачэрскі раён Гомельскай вобласці ператварыўся ў мікралакальную культурную зону, дзе ў паступальны рух па вывучэнню і аднаўленню мясцовых танцавальных і спеўных традыцый былі ўцягнуты не толькі ўстановы культуры, але і агульнаадукацыйныя школы, садкі, сістэма пазашкольнай работы, калектывы аматарскай мастацкай творчасці, асобныя выканаўцы побытавых танцаў, спевакі, майстры народных промыслаў. Да мастацка-творчай дзейнасці далучыліся шырокія колы насельніцтва горада Чачэрска і вёсак раёна. М.А. Козенка канстатаваў навуковы характар гэтага праекта, звышзадачай яго сталі, з аднаго боку, выяўленне і аднаўленне духоўнай спадчыны ў розных яе праявах, а з другога – пераемнасць дзецьмі і моладдзю танцавальных і музычных традыцый ад людзей старэйшага пакалення ў вуснай форме шляхам імітацыі. Такая форма выхавання і навучання працягвала традыцыі класічнай народнай культуры, якой уласцівая імправізацыйнасць, шматварыянтнасць, натуральнасць мастацкага самавыяўлення – усяго таго, да чаго схільныя ў першую чаргу дзеці. Прэцэдэнт узбуджэння інтарэсу да сваёй традыцыйнай культуры, які шляхам умелай арганізацыі развіўся на Чачэрскай зямлі, а таксама метады і формы арганізацыі гэтай культурнай ініцыятывы павінны стаць тэмай для далейшага глыбокага вывучэння [10, с. 675–676].