
Клімчік_ДЕНДРОЛОГИЯ
.pdf61
маладосці), а па сваёй зімаўстойлівасці адрозніваюцца ў залежнасці ад геаграфічнага паходжання відаў і іх экатыпаў.
Піхты маюць вялікае народнагаспаспадарчае значэнне. Драўніна іх лёгкая, белая ці жаўтаватая без смаляных хадоў. Выкарыстоўваецца як сыравіна ў цэлюлозна-папяровай прамысловасці, будаўніцтве і на тару. У кары піхт ёсць асобыя смаласховішчы, якія змяшчаюць жывіцу, яна багатая шкіпінарам. З жывіцы піхты сібірскай і бальзамічнай атрымліваюць піхтавы бальзам, які выкарыстоўваецца ў оптыцы, медыцыне і для іншых мэт. З ігліцы піхт атрымліваюць алеі, якія выкарыстоўваюцца як сыравіна для атрымання камфары. У насенні піхт змяшчаецца каля 30% алею, які выкарыстоўваецца для прыгатавання лакаў.
Горныя піхтавыя лясы, апроч сыравіннага значэння, выконваюць глебаахоўныя, водаахоўныя і водарэгулюючыя функцыі.
Высокая дэкаратыўнасць большасці відаў піхт, якая звязана з прыгожай цёмна-зялёнай або шызай канічнай кронай, робіць гэтыя дрэвы частымі аб’ектамі інтрадукцыйнай работы не толькі ў дэндрарыях і батанічных садах, але і ў паркавых і алейных пасадках. Аднак выкарыстоўваць піхты ў азеляненні можна толькі пры адсутнасці забруджвання паветра і глебы выкідамі прамысловасці. У парках, лесапарках і прыдарожных лясах піхта даволі адчувальная да павышанай рэкрэацыйнай нагрузкі.
Піхта сібірская (Abies sibirica). Найбольш распаўсюджаны від піхты. Ён займае вялікую тэрыторыю на паўночным усходзе Еўропы і лясную зону Сібіры аж да Камчаткі. Дрэва вышынёй да 30 м, дыяметрам да 0,5 м. Ігліца мяккая, даўжынёй 1,5–3,5 см, у шырыню 0,8–1,5 мм, зверху цёмна-зялёная, бліскучая, з ніжняга боку з дзвюма светла-зялёнымі палоскамі. На парастках размяшчаецца насцільна. Трымаецца на дрэве больш за 10 гадоў. Насенне карычневае, даўжынёй 6–8 мм, крыло да 10 мм. Адносна ветраўстойлівая. Вытрымлівае тэмпературу да –55°С, але пакутуе ад позніх замаразкаў. Расце марудна. Найбольшы ўзрост 200–250 гадоў.
Піхта белакорая, або амурская (Аbies nephrolepis), – адзін з асноўных утваральнікаў цемнахвоевай тайгі горных раёнаў Далёкага Усходу, Усходняй Манчжурыі і Паўночнай Карэі. Дрэва вышынёй да 30 м, дыяметрам 0,35 м. Ігліца даўжынёй 1–2(4) см, у шырыню 1,3– 1,7 мм, з верхняга боку бліскучая, цёмна-зялёная, знізу бледна-зялёная, часам з добра бачнымі белаватымі палоскамі. Кара вельмі светлая, шэрая, гладкая, у старых дрэў трашчынаватая, ля асновы цёмная.
Піхта суцэльналістая (Abies holophylla). Расце ў Манчжурыі, Кітаі, Карэі, на поўдні Прыморскага края. Дрэва вышынёй да 45 м, дыяметрам да 1,5 м. Ад іншых відаў піхт адрозніваецца цвёрдай, вострай ігліцай. Кара цёмна-шэрага колеру, у старых дрэў чорная. Парасткі жоўта-шэрыя, баразёнкавыя, злёгку хвалістыя. Пупышкі зялёна-бурыя, заліты смалой. Насенне акругла-трохвугольнае, апушанае. Жыве да 300–400 гадоў.
Піхта каўказская, або Нордмана (Abies nordmanniana). Дрэва вышынёй да 50–60 м,
дыяметрам да 2 м. Сустракаецца ў горных раёнах Заходняга Каўказа. Ігліца даўжынёй 15– 40 мм, у шырыню 2,5 мм, моцна бліскучая, краі завернуты ўніз, з ніжняга боку з дзвюма белымі палоскамі. Парасткі бліскучыя, жоўта-зялёныя або светла-карычневыя. Пушынкі бура-чырвоныя, несмаляныя. Кара светла-шэрая, гладкая, знізу шэра-бурая. Жыве 500 гадоў і больш.
Піхта белая, еўрапейская (Abies alba). Расце ў гарах Заходняй Еўропы, у Карпатах і востраўнае месцаўзрастанне – Белавежская пушча. Дрэва вышынёй 30–50 м, дыяметрам да 1,5 м. Ігліца даўжынёй 2–3 см, у шырыню 2–3 мм, цвёрдая, тупая, размяшчаецца грабеньчата. Шышкі маюць даўжыню да 20 см, у якіх моцна выступаюць покрыўныя лускавіны. Парасткі адразу зялёныя, потым бура-шэрыя, пакрыты ржавым лямцавым апушэннем.
Піхта бальзамічная (Аbies balsamea). Радзіма – Паўночная Амерыка, дзе з’яўляецца адной з самых распаўсюджаных парод. Дрэва вышынёй да 30 м, дыяметрам 0,5 м. Ігліца даўжынёй 1,5–3 см, у шырыню 1,5 мм, цёмна-зялёная, размяшчаецца грабеньчата. Пупышкі
62
бронзава-чырвоныя з фіялетавым адценнем, часта не пакрыты смалой. Пупышкі і ігліца, калі іх расцерці, прыемна пахнуць. Кара маладых дрэў светла-шэрая, у старых – чырвонакарычневая, трашчынаватая. Жыве да 150 гадоў.
Піхта аднаколерная (Abies concolor). Радзіма – Паўночная Амерыка, горныя раёны Каліфорніі. Дрэва вышынёй да 50 м. Ігліца даўжынёй 4–5 см, у шырыню 2–3 мм, серпападобнавыгнутая, попелна-зялёная, матавая, палоскі дрэнна бачны. Парасткі жаўтаватазялёныя. Пупышкі шарападобныя, смаляныя, аднаго колеру з парасткам. Кара тоўстая попелна-шэрая. Добра пераносіць засуху, ушчыльненасць глебы, сажу, газ. Да глебы малапатрабавальная. Парода хутка расце. Жыве 350 гадоў і больш. З’яўляецца каштоўнай дэкаратыўнай раслінай.
У міжземнамор’і яшчэ можна сустрэць піхты: кілікінскую (A. cilicica), нумідзінскую
(A. numidica), іспанскую (A. pinsapo) і інш.
Род ілжэтсуга (Pseudotsuga) уключае ў сябе 6 відаў. Гэта буйныя вечназялёныя дрэвы, якія ўтвараюць цемнахвоевыя горныя лясы ў Паўночнай Амерыцы, Японіі і Кітаі. Па знешніх прыкметах ілжэтсуга некалькі нагадвае яліну. У яе трашчынаватая кара, якая лушчыцца, завостраная, параўнальна цвёрдая ігліца, звіслыя спелыя шышкі, якія не рассыпаюцца. Але ёсць шэраг прыкмет, па якіх ілжэстуга выразна адрозніваецца ад яліны. Гэта доўгія верацёнападобныя вострыя пупышкі, плоская без ліставых падушачак ігліца, якая тырчыць ва ўсе бакі. Доўгія покрыўныя лускавінкі шышак моцна выступаюць з-пад насенных. Драўніна ілжэтстугі мае добра развітое чырванаватае ядро. Па сваіх тэхнічных паказчыках яна значна перавышае драўніну яліны і піхты і набліжаецца да драўніны лістоўніцы. Яе шырока выкарыстоўваюць ў будаўніцтве, караблебудаванні, для ўнутранай і знешняй аздобы памяшканняў, вырабу фанеры, тары, шпал, атрымання цвёрдага кардону, цэлюлозы і г. д. Адзін з відаў ілжэстугі мае на захадзе Канады і ЗША (уздоўж берагоў Ціхага акіяна) вялікі арэал. Гэта ілжэстуга Мензіса (Pseudotsuga Menziesii), шырока вядомая як ілжэтстуга Дугласа (P. douglasii), ілжэтсуга цісалістая (P. taxifolia), а таксама мае назвы, якія выкарыстоўваюць лесаводы і садаводы, – «дугласава піхта» і «дугласія».
Ілжэтсуга Мензіса – магутнае дрэва з тоўстай глыбокатрашчынаватай, шараватакарычневай карой. Галіны размешчаны кальчаком, гарызантальна. Крона шырокаконусападобная. Калі адсутнічае зацямненне з бакоў, то яна пачынаецца амаль што з зямлі. У густых насаджэннях ствалы добра ачышчаюцца ад галінак і крона застаецца тады толькі на верхавіне дрэва. Пупышкі доўгія і вострыя, часцей незасмоленыя, бліскучыя, карычнева-чырвоныя. Ігліца размешчана на парастках спіральна, плоская, цёмна-зялёная або блакітная, бліскучая зверху, з дзвюма белаватымі палоскамі вусцейкавых радоў знізу, на верхавінцы завостраная або тупаватая, 15–25 (40) мм у даўжыню, на парастках трымаецца 8– 10 гадоў.
Мікрастробілы ўтвараюцца ў бакавых генератыўных пупышках на ніжнім баку парасткаў мінулага года і могуць размяшчацца ва ўсіх частках кроны. У час апылення яны маюць каля 2 см у даўжыню і афарбаваны ў жоўты або чырванавата-буры колер.
Макрастробілы зеленаватыя або пурпуровыя, да 3 см у даўжыню, стаяць вертыкальна на канцах мінулагодніх парасткаў, пераважна ў верхняй і сярэдняй частках кроны. Як і мікрастробілы, яны ўтвараюцца ў генератыўных пупышках. Апыленне адбываецца да пачатку распускання роставых пупышак, у пачатковы перыяд іх набухання.
Насенне паспявае ў пачатку восені (або нават у канцы лета) таго ж года. Паспелыя шышкі карычнева-шараватыя, 6–15 см у даўжыню, цыліндрычна-яйкападобныя. Краі насенных лускавінак акруглыя. Покрыўныя лускавінкі выступаюць з-пад насенных, трохлапасцевыя. Цэнтральная лопасць вузкая і доўгая, дзве бакавыя карацейшыя, шырокаклінападобныя, часта адагнуты вонкі. Насенне трохвугольнай формы, каля 7 мм даўжынёй, з ніжняга боку светла-шэрае і плоскае, з верхняга – карычневае і выпуклае, з буйной крылаткай. Насенне выпадае з шышак ужо восенню, але пры высокай вільготнасці паветра можа захоўвацца ў шышках да сярэдзіны – другой паловы зімы. Усходы нясуць 5–7 (10) трохгранных семядолей. Сеянцы растуць хутка, і на другі год расліна можа быць ужо
63
каля 10 см. У дрэў, якія растуць на волі, узрост сталасці наступае ў 10–15 гадоў, у насаджэнні – пазней.
Ілжэтсуга значна менш ценеўстойлівая, чым яліна, і доўгага верхавінкавага зацянення не вытрымлівае. Лепш за ўсё расце на свежых рыхлых гумусаваных урадлівых суглінках і супесках пры высокай адноснай вільготнасці паветра. Развівае магутную каранёвую сістэму з бакавымі каранямі. На глебах бедных і сухіх, цяжкіх гліністых або з залішнім застойным увільгатненнем расце дрэнна. Жыве ілжэтсуга 500 гадоў і больш. Да цеплыні сярэднепатрабавальная, але зімаўстойлівасць яе прыбярэжнай і мацерыковай разнавіднасцей розная: мацерыковая больш зімаўстойлівая, чым прыбярэжная.
Ілжэтсуга шэрая (P. caesia) – разнавіднасць ілжэтсугі Мензіса. Адрозніваецца больш шырокай кронай, шэра-зялёнай ігліцай, больш кароткімі (да 5 см) шышкамі з прыціснутымі покрыўнымі лускавінкамі.
Ілжэтсуга шызая (P. glauca) – разнавіднасць ілжэтсугі Мензіса. Мае вузкапірамідальную крону і накіраваныя ўверх галіны. Покрыўныя лускавінкі адагнуты вонкі. Да канца ХІХ стагоддзя ілжэтсугі разглядаліся як чыста амерыканскія расліны і толькі ў 1895 годзе японскі батанік Х. Сірасава пазнаёміў еўрапейскую навуку з ілжэтсугай японскай (P. japonica).
Пасля гэтага японскія і еўрапейскія батанікі апісалі яшчэ 5 відаў ілжэтсуг Усходняй Азіі (Тайвань, Цэнтральны і Паўднёвы Кітай).
Род тсуга (Tsuga) налічвае 14–18 відаў распаўсюджаных у Паўночнай Амерыцы, ва Усходняй і Цэнтральнай Азіі. У ЗША і Канадзе тсугу называюць хемлокам, і яе драўніна тут выкарыстоўваецца ў шырокіх маштабах. Найбольшае гаспадарчае значэнне маюць тры віды:
тсуга канадская (T. canadensis), т. каралінская (T. caraliana) і заходняя (T. heterophylla),
арэалы якіх ляжаць паміж 30° і 60° пн. шыраты. Тсугі ў большасці буйныя дрэвы, якія часам дасягаюць 50–60 м у вышыню. Галіны часта звіслыя, кроны раскінутыя.
Лісце плоскае, па краі часта дробназубчастае, на канцы ў большасці выпадкаў з выемкай. Яно падобна да лісця піхты. Мікрастробілы адзіночныя, пылок не мае паветраных мяшкоў. Шышкі ў большасці відаў дробныя, да 2,5 см у даўжыню. Паспяваюць у год апылення. Насенне крылатае, дробнае. Размнажаюцца тсугі насеннем, укараняюць чаранкамі.
Драўніну тсугі ў ЗША і Канадзе шырока выкарыстоўваюць у цэлюлозна-папяровай прамысловасці і будаўніцтве. Кара багатая дубільнымі рэчывамі. У Японіі т. Зібольда (T. Sieboldii) з даўніх часоў выкарыстоўваецца ў парках як каштоўная дэкаратыўная парода.
Род катэлеерыя (Keteleeria). Род складаецца з 4 відаў, якія распаўсюджаны ў Кітаі і В’етнаме. Лісце катэлеерыі падобнае на лісце піхты – яно плоскае, на канцы завостранае або раздвоенае, цвёрдае. Галіны адыходзяць ад ствала гарызантальна. Мікрастробілы сабраны ў групы. Пылок вельмі падобны да пылка піхты. Шышкі яйкападобныя і цыліндрычныя,
даўжынёй ад 5–6 см у катэлеерыі Фабры (к. fabri), 15–20 см у катэлеерыі Давыда
(к. davidiana). Шышкі не распадаюцца. Насенне крылатае, буйное да 10–15 мм у даўжыню. Буйнымі дрэвамі з’яўляюцца катэлеерыя Давыда і Фартуна (к. fartunei). Іншыя віды дасягаюць у вышыню да 10 м. Драўніна мае толькі вертыкальныя смаляныя хады. Выкарыстоўваецца ў будаўніцтве і ідзе на выраб мэблі.
Трыба Лістоўніцавыя. Род кедр (Cedrus) налічвае чатыры віды. Тры з іх распаўсюджаны ў краінах Міжземнамор’я: у Паўночнай Афрыцы (Марока, Алжыр) – кедр атласкі (Cedrus atlantica), Сярэдняй Азіі (галоўным чынам у гарах Турцыі, Лівана і Сірыі) –
кедр ліванскі (Cedrus livani), у гарах вострава Кіпр – кедр кіпрыйскі (Cedrus brevifolia).
Чацвёрты від насяляе Гімалаі (у гарах Афганістана, у Пакістане і Паўночнай Індыі). Гэта
кедр гімалайскі (Cedrus deodara).
Звычайна гэта магутныя вечназялёныя дрэвы да 20–40 м у вышыню, з разгалінаванай парасонападобнай або пірамідальнай кронай, якая ўтвараецца гарызантальна размешчанымі кальчаковымі і міжкальчаковымі галінкамі. У маладым і сярэднім узросце верхавінка ствала злёгку паніклая. Крона складаецца з сістэмы падоўжаных і ўтвораных на іх пакарочаных
64
парасткаў. На падоўжаных шыпулькі размешчаны адзіночна, а на пакарочаных сабраны ў пучкі па 30–40 шт.
Шыпулькі трохабо чатырохгранныя, жорсткія, калючыя, 10–50 мм у даўжыню, ад цёмна-зялёных да серабрыста-шэрых, падчас з блакітным адценнем жывуць 3–5 гадоў. Дрэвы аднадомныя. Мікра- і макрастробілы цыліндрычныя, 3–7 см ў даўжыню, стаяць вертыкальна па адным на пакарочаных парастках. Апыленне адбываецца восенню або зімой. Насенне спее на другі (кедр гімалайскі) або трэці (іншыя віды кедраў) год пасля апылення. Спелыя шышкі яйкападобныя, 5–12 см даўжынёй і 4–6 см у дыяметры, светлаабо цёмнакарычневыя. Насенныя лускавінкі шырокія з закругленым краем, шчыльна прылягаюць адна да другой. Паспелыя шышкі рассыпаюцца. Насенне зваротнаяйкападобнае, светлакарычневае, 10–12 мм даўжынёй, трохграннае са зваротнаяйкападобным, светлакарычневым, бліскучым крылом да 40 мм у даўжыню і 30 мм у шырыню. Усходы з 8–10 семядолямі.
Драўніна кедраў ядровая, з прыемным пахам. Афарбоўка ядра ў залежнасці ад умоў росту вар’іруе ад карычнева-чырвонага да залацістага колеру. Драўніна кедра ліванскага высока цанілася яшчэ ў старажытныя часы ў народаў М. Азіі і Егіпта. Род кедр, магчыма, з’яўляецца самым старажытным родам сасновых. Яго пылок знойдзены ў адкладах пермскага перыяду (каля 250 млн. гадоў таму).
Род лістоўніца (Larix). Своеасаблівасць сезонных паводзін лістоўніц – скідванне імі лісця на зіму адразу вылучае іх сярод іншых сасновых, таму што за выключэннем ілжэлістоўніцы асаблівасць гэта ў іншых родаў адсутнічае. Лісце ў лістоўніцы мяккае, плоскае, з белаватымі радамі вусцейкаў, якія бачны знізу. На падоўжных парастках лісце размешчана спіральна, на пакарочаных – у пучках па 20–40 шт. у кожным. Мікрастробілы адзіночныя, размешчаны на канцах пакарочаных парасткаў. Маладыя шышкі зялёныя або чырванаватыя, спелыя – карычневыя. Шышкі паспяваюць восенню ў год апылення або ў пачатку вясны наступнага года. Пасля таго як яны раскрыюцца і вызваляць насенне, шышкі застаюцца на дрэве яшчэ некалькі гадоў. Насенне дробнае, 3–6 мм у даўжыню, жаўтаватабурае, з крылом. На другі, радзей трэці год яно страчвае усходжасць. Звычайна лістоўніцы – гэта буйныя дрэвы, да 35–50 м у вышыню. У надзвычай суровых умовах існавання на паўночнай мяжы распаўсюджання лясоў і ў верхняй мяжы лесу ў гарах яны могуць прымаць сцелістую форму. Жывуць 400–500 гадоў.
Драўніна цяжкая, даўгавечная, устойлівая да гніення, трывалая, з высокімі механічнымі ўласцівасцямі, але ў сувязі з гэтым апрацоўваецца больш цяжка, чым драўніна іншых сасновых.
Высокая шчыльнасць перашкаджае яе сплаву, ад сушкі драўніна часта растрэскваецца, таму ў месцах натуральнага росту, як у Еўразіі, так і ў Паўночнай Амерыцы, выкарыстоўваецца ў адносна меншых памерах, чым драўніна піхт, ялін і асабліва сосен.
У родзе, па розных даных, больш як 20 відаў, распаўсюджаных у халодных і ўмераных абласцях Еўропы, Азіі і Паўночнай Амерыкі. Амаль усе віды марозаўстойлівыя, святлалюбныя, умерана патрабавальныя да ўрадлівасці і вільготнасці глебы. Перавышаюць іншыя віды хвоевых па ўстойлівасці да газаў. Хутка растуць. Сярод іх можна адзначыць тры віды з вялікім арэалам. Гэта лістоўніцы: амерыканская (Larix laricina), сібірская (Larix sibirica) і Гмеліна, вядомая больш як даурская (Larix gmelinii). Значныя плошчы па тэрыторыі Сярэдняй Еўропы заняты таксама лістоўніцай еўрапейскай, або ападаючай (Larix decidua), якая даходзіць на ўсход да Карпат. Да гэтых асноўных па ліку і эканамічным значэнні відаў можна дадаць групу відаў Далёкага Усходу, Японіі і Кітая.
Лістоўніца камчацкая (L. kamtschatica) – асаблівы від. У гэтых дрэў дзіўная бутэлькападобная форма ствала і зусім выключная па таўшчыні кара, якая дасягае 25 см. Блізкай да вышэйупамянутай лістоўніцы з’яўляецца інтрадукаваная з Японіі лістоўніца Кемпфара (L. kaempferi), якую часцей называюць лістоўніцай японскай або тонкалускавінкавай. На тэрыторыі Польшчы і Украінскіх Карпат сустракаецца блізкі да
65
лістоўніцы еўрапейскай від – лістоўніца польская (L. polonica), адметнай рысай якой з’яўляюцца больш дробныя шышкі да 1,5–2,5 см.
На мяжы арэалаў лістоўніц сібірскай і давурскай (Гмеліна) вядомы натуральны гібрыд, які нясе ў сабе прыкметы дзвюх парод і які часта вылучаюць у асобны від – лістоўніцу Чэканоўскага (L. Сhekanouskii).
Высокая дэкаратыўнасць лістоўніц і ўстойлівасць да гарадскіх умоў робяць іх вельмі каштоўнымі ў лесапаркавым будаўніцтве. Яны маюць вялікае водаахоўнае значэнне. У шэрагу раёнаў выкарыстоўваюцца ў полеахоўным лесаразвядзенні. Драўніну лістоўніц, пачынаючы са старажытных часоў, у Еўропе выкарыстоўвалі для будаўнічых мэт.
Так, інжынеры Старажытнага Рыма выбіралі лістоўніцу для пабудовы амфітэатраў, паколькі ім было вядома, што лістоўніца адметная высокай трываласцю, супрацьстаіць гніенню. Цікава, што ў сярэднія вякі «ўладычыца мораў» Венецыя будавала свае дамы на палях з лістоўніцы. Гэтыя лістоўнічныя слупы, якія прастаялі пад нагрузкай добрых паўтысячы гадоў у вадзе, выканалі сваю задачу. Шырока выкарыстоўвалі лістоўніцу і ў Польшчы, дзе шматлікія збудаванні, якім таксама прыкладна 400–500 гадоў, захаваліся да нашага часу.
Род ілжэлістоўніца (Pseudolarix). Гэта малавядомы род. Прадстаўлены адным відам – ілжэлістоўніца Камфера (P. Kaempferi), які з’яўляецца эндэмікам гор Чжэцзяна (Усходні Кітай), дзе расце на вышыні каля 1000 м пад узроўнем мора. Гэта буйное дрэва, да 40–50 м у вышыню і 1,5 м у дыяметры. Лісце штогод ападае, лінейна-ланцэтнае, завостранае, 5–8 см у даўжыню. Шышкі адзіночныя, 6–7 см у даўжыню і 4–5 см у шырыню. Пасля паспявання распадаюцца. Насенне 7–8 мм у даўжыню, мае буйное крыло. Драўніна ілжэлістоўніцы жаўтавата-карычневага колеру, не мае смаляных ходаў. Па якасці нагадвае драўніну лістоўніц. У Кітаі гэту пароду выкарыстоўваюць для стварэння штучных пасадак.
Трыба Сасновыя (Pineae). Род сасна (Pinus). Род сасна (каля 100 відаў) – самы буйны род сямейства і другі, пасля падакарпа, сярод хвоевых.
Сосны, за выключэннем нешматлікіх прамастойных або якія сцелюцца кустоў, – стройныя вечназялёныя дрэвы, яны дасягаюць у вышыню 50 і нават 75 м і ў дыяметры 2–4 м, з ажурнай канічнай кронай, якая прымае з узростам парасонападобную форму, галінкі сабраны ў кальчакі. Даўжыня зялёнага або шызаватага вострага лісця вагаецца ў розных відаў ад 2 да 30, а часам і 45 см пры шырыні 1–2 мм.
У сасны парасткі дваякага роду – падоўжаныя і пакарочаныя. Падоўжаныя парасткі пакрыты бурым лісцем – лускавінкамі, у пазухах якіх размяшчаюцца моцна пакарочаныя парасткі, што нясуць пучкі з 2–3–5 (радзей 4 або 8) шыпулек. У залежнасці ад колькасці шыпулек у пучку і адрозніваюць двух-, трох- і пяцішыпулькавыя сосны. Кожная шыпулька ў сячэнні пласкавыпуклая або трохгранная, якая мае ў сярэдняй жылцы адзін ці два праводзячыя пучкі. Гэта прыкмета лічыцца настолькі істотнай, што разам з некаторымі іншымі прыкметамі была пакладзена ў аснову дзялення ўсяго роду сасна на два падроды: стробус (Strobus, раней называўся Haploxylon) і пінус (Pinus, раней называўся Diploxylon).
Падрод стробус, або мяккадраўняныя сосны (Strobus), характарызуецца наяўнасцю ў шыпульках аднаго праводзячага пучка. Сосны гэтага падроду звычайна нясуць на пакарочаных парастках па пяць шыпулек у пучку. Драўніна падроду стробус параўнальна мяккая, кара не ўтварае тоўстага слоя і доўга застаецца гладкай, усе парасткі ў кальчаках. Ігліца ў папярочным сячэнні трохвугольная, або сектарная, тонкая, 4–20 см у даўжыню, унутраныя грані яе святлейшыя за вонкавыя. Плеўкавыя лускавіны похвы падоўжанага парастка (бранхібласта) ападаюць рана, пупок лускавіны шышкі размешчаны на верхавіне апофіза.
Прадстаўнікі гэтага падроду дзеляцца на дзве секцыі. Першая з іх секцыя цэмбра (Cembra), або кедравыя сосны. Адметнай рысай іх з’яўляецца будова шышак і насення. Іх шышкі яйкападобныя ад 4 да 20 см у даўжыню, з тоўстымі драўняністымі лускавінкамі, якія, калі паспелі, то ападаюць і ад удару аб глебу раскрываюцца. Насенне – кедравыя арэшкі
66
без крыла, з цвёрдай драўняністай лупінай (шкарлупкай), ад 5 да 20 мм. Найбольш часта сустракаюцца такія кедравыя сосны, як сібірская, карэйская, еўрапейская і кедравы сланік.
Сасна кедравая сібірская (Pinus sibirica). Найважнейшая лесаўтваральная парода Сібіры. Сваю назву атрымала за падабенства шышак з шышкамі сапраўднага кедра (Cеdrus). Гэта буйное дрэва, якое дасягае 20–25 м, а ў добрых умовах месца росту 30–40 м у вышыню. Адметная пышнай кронай з тоўстымі парасткамі. Ствол папяліста-шэры, да 100 гадоў пакрыты лускавінкаватым коркам, пазней кара становіцца шаравата-бурай, а корак адслойваецца пласцінкамі. Ва ўзрост сталасці сасна кедравая сібірская ўступае позна. Дрэвы, якія растуць на волі, – з 20–30 гадоў, а ў насаджэнні – з 50 гадоў. Апыленне адбываецца перад распусканнем ігліцы. Мікрастробілы жоўтыя з чырванаватым адценнем, яйкападобнапрадаўгаватыя, да 10–15 мм ў даўжыню, размешчаны групамі ля асновы маладых парасткаў. Макрастробілы авальна-цыліндрычныя, 10–12 мм у даўжыню фіялетавыя, сабраны ў кальчак па 2–6 каля верхавіны маладога парастка пад яго тэрмінальнай роставай пупышкай. Шышкі паспяваюць і ападаюць восенню на другі год пасля апылення, але пры неспрыяльных метэаралагічных умовах іх паспяванне і ападзенне можа адбывацца толькі восенню трэцяга сезона вегетацыі.
Сасна кедравая еўрапейская (P. cembra L.) па сваіх эколага-біялагічных і марфалагічных прыкметах вельмі блізкая да кедравай сібірскай. Распаўсюджана ў гарах Заходняй і Сярэдняй Еўропы. Дрэва вышынёй 10–25 м і дыяметрам 1 м.
Сасна кедравая карэйская (P. koraiensis Sieb et Luce) распаўсюджана ў зоне ігліцавашыракалістых лясоў Далёкага Усходу, Паўночна-Усходнім Кітаі, Японіі. У Расіі сасна кедравая карэйская распаўсюджана на плошчы каля 5 млн. га, у Кітаі на плошчы 8,5 млн. га, у Карэі і Японіі – 2 млн. га. Гэта буйное дрэва вышынёй 35–42 м і да 2 м у дыяметры.
Сасна кедравая сланікавая (Pinus pumila Regee.) распаўсюджана ва Усходняй Сібіры і на Далёкім Усходзе ў асноўным у гарах.
Асноўная жыццёвая форма – вечназялёны ігліцавы, моцнагалінасты, сцелісты куст. Зрэдку расце ў выглядзе невялікага дрэўца вышынёй 3–5 м. Акрамя вышэйпералічаных відаў у Гімалаях і Тыбецкім нагор’і сустракаюцца сосны: Арманда (P. armandii Franch), драбнакветкавая, Бунге, Грыфіта і Жэрарада. У Паўночнай Амерыцы ў горных раёнах сасна кедравая каліфарнійская (гнуткая) – P. flexilis James, у Канадзе – сасна беластволая
(P. albicaulis Engelm).
Кедравыя сосны – дрэвы вельмі карысныя для чалавека, яны знаходзяць шырокае гаспадарчае выкарыстанне. Кедравыя арэшкі багатыя на тлушч, азоцістыя рэчыва, вітаміны В, Д, Е, F, вызначаюцца добрымі смакавымі якасцямі. Адвар ігліцы кедравага сланіка – даволі эфектыўны супрацьцынготны сродак.
Драўніна мае лёгкую ружовую тэкстуру, якая выкарыстоўваецца ў мэблевай прамысловасці, для вытворчасці музычных інструментаў, піламатэрыялаў і інш.
Пры падсочцы кедравых сосен атрымліваюць каштоўную жывіцу.
Другая секцыя падроду стробус – веймутавы сосны (Strobus). Шышкі відаў гэтай секцыі цыліндрычныя, ад 8 да 40 см у даўжыню, звіслыя, са шчыльналупіністымі лускавінкамі. Калі паспяваюць, то раскрываюцца і вызваляюць даволі буйное насенне з вялікім крылом. Насенне не ядомае. У нас сосны гэтай секцыі натуральна не растуць, але іх разводзяць як інтрадуцэнты.
Сасна Веймутава (Pinus strobus) – зграбнае прыгожае дрэва да 50–60 м у вышыню і 1,5 м дыяметры, з гладкай светла-шэрай карой і пірамідальнай ажурнай кронай. Натуральна расце ў лясах усходняй часткі Паўночнай Амерыкі. Ігліца 5–10 см у даўжыню, 0,5 мм у шырыню, мяккая, светла-зялёная. Пупышкі даўжынёй да 10 мм, слабасмалістыя. Парасткі вельмі тонкія, ад зеленаватых да чырванаватых, з фіялетавым адценнем. Шышкі вузкацыліндрычныя, да 16 см у даўжыню, шаравата-карычневыя. Паспяваюць восенню на другі год пасля апылення і хутка раскрываюцца. Насенне яйкападобнае, 5–7 мм у даўжыню, з вузкім бліскучым крылом. Хуткарослая парода. Аддае перавагу добра дрэнажаваным супясчаным і суглінкавым глебам. Патрабавальная да вільготнасці глебы. Дрэнна ставіцца да
67
засалення. Адносна ценевынослівая. Марозаўстойлівая, вытрымлівае паніжэнне тэмпературы да –30...–40ºС. Дэкаратыўная. Лесагаспадарчае значэнне невялікае з-за пашкоджвання ржаўнымі грыбамі.
Сасна румялійская, або балканская (Pinus peuce). Натуральна расце на Балканах. Дрэва вышынёй да 20 м. Крона вузкапірамідальная, часам калонападобная, нізкаапушчаная. Ігліца 5–12 см у даўжыню, ярка-зялёная, трохгранная. Шышкі цыліндрычныя, светла-карычневыя. Насенныя лускавіны адагнуты больш моцна, чым у сасны веймутава. Насенне паспявае ў пачатку восені і праз 1–2 тыдні вылятае з шышак. У параўнанні з сасной веймутава расце марудней, марозаўстойлівая. Параўнальна ценевынослівая, таксама імунная да ржаўных грыбоў. Адносна непатрабавальная да глебы. Можа быць выкарыстана ў азеляненні. Да гэтага падроду адносяцца яшчэ такія віды сосен, як сасна Ламберта (P. lambertiana), сасна даўгавечная (P. longaeva), гімалайская веймутава (P. excelsa), сасна мексіканская веймутава
(P. ayacahuite).
Падрод пінус, або цвёрдадраўняныя сосны (Pinus). Дзеліцца на дзве секцыі:
двухшыпулькавыя і трохшыпулькавыя сосны. Секцыя двухшыпулькавыя сосны ўключае наступныя віды.
Сасна звычайная (Pinus sylvestris), від, які шырока распаўсюджаны ў еўрапейскай і азіяцкай частках мацерыка. Дрэва да 40 м у вышыню і 1,5 м у дыяметры. Крона высока паднятая, у маладосці конусападобная, з узростам шырокаяйкападобная. Ігліца ў залежнасці ад умоў росту мае ад 4 да 15 см у даўжыню, жорсткая, пласкавыпуклая. Плоскі бок ігліцы шызы, выпуклы – зялёны. Пупышкі чырвона-карычневыя, 6–12 мм у даўжыню, часта заліты смалой. Парасткі голыя жоўта-карычневыя або шэра-жоўтыя. Апыляецца ветрам. Узрост палавой спеласці 6–10 гадоў на свабодзе, 15–40 гадоў у насаджэнні. Апыленне адбываецца ў канцы вясны перад распусканнем маладой ігліцы. Да восені макрастробілы пераўтвараюцца ў зялёную шышачку-азіміну. Пасля перазімоўкі азіміна вясной пачынае расці. Амаль праз год пасля апылення ў самязавязі азіміны адбываецца апладненне яйкаклетак, і да восені паспявае насенне (г. зн. праз 18 месяцаў пасля апылення). Шышкі яйкападобнаконусападобныя 2,5–7 см у даўжыню, шэра-карычневыя, звіслыя ўніз на сагнутай ножцы. Насенне 3–4 мм у даўжыню, яйкападобнае, рознага колеру, крыло у 3–4 разы даўжэйшае за насенне, ахоплівае насенне з двух бакоў, нагадваючы шчыпчыкі. Сасна ў маладым узросце хутка расце, уступаючы ў гэтым толькі лістоўніцы. З узростам рост яе замаруджваецца. Святлалюбная. Непатрабавальная да глебы і кліматычных умоў. Вытрымлівае засухі і не пакутае ад замаразкаў. Дрэнна ставіцца да забруджвання паветра. Адна з галоўных лесаўтваральных парод. Драўніна шырока выкарыстоўваецца ў будаўніцтве, мэблевай вытворчасці, здабыўнай прамысловасці. Адходы лесанарыхтовак і лесапілення з'яўляюцца сыравінай хімічнай прамысловасці. У выніку падсочкі атрымліваюць жывіцу. Пупышкі і ігліца выкарыстоўваюцца ў медыцыне.
Сасна Банкса (Pinus banksiana). Радзіма – Паўночная Амерыка. Дрэва да 20 м у вышыню і 0,6–1,5 м у дыяметры. Ігліца моцна сагнутая, 2–6 см у даўжыню, спачатку жоўта-, затым цёмна-зялёная, па краі пілаватая. Пупышкі да 8 мм у даўжыню. Насенне дробнае, чорна-бурае. Па ўласцівасцях нагадвае сасну звычайную. Недаўгавечная. Жыве да 150 гадоў. Да двухшыпулькавых сосен адносяцца яшчэ: сасна чорная, або аўстрыйская (P. nigra), якая расце ў Паўднёвай Еўропе; сасна горная, або жэрап (P. mugo), – хмызняк, расце ў гарах Еўропы; сасна крымская (P. palasiana), расце ў гарах Крыма і паўночнай частцы Чарнаморскага ўзбярэжжа Каўказа, сасна эльдарская (P. eldarica), расце ў Эльдарскім стэпе Усходняга Закаўказзя; сасна піцундская (P. pitynsa) і інш.
Секцыя трохшыпулькавыя сосны уключае наступныя віды. Сасна жоўтая,
або арэгонская (P. ponderosa). Расце на захадзе Паўночнай Амерыкі. Вельмі буйное дрэва з дыяметрам ствала да 4 м і вышынёй да 50 м і больш. Галіны гарызантальныя, на канцах прыўзнятыя. Утвараюць вузкаканічную крону, ігліца ў пучках па 3 шт, густая, калючая, цёмна-зялёная, да 30 см у даўжыню і 1,5 мм у шырыню. Шышкі па 3–5 шт. у кальчаках, падоўжана-яйкападобныя, 10–15 см даўжынёй, 5–6 см шырынёй. Насенне 2,5–3 см з крылом,
68
цёмна-бурае. Непатрабавальная да ўрадлівасці глебы, але лепш расце на глыбокіх вільготных лёгкіх суглінках. Вытрымлівае маразы да –30°С. Здавальняюча пераносіць засуху. Святлалюбная.
Сасна жорсткая, або чырвоная (P. rigida), – расце на ўсходзе Паўночнай Амерыкі. Дрэва 15–20 м. Характэрная асаблівасць – дае шматлікія пнёвыя парасткі, што ўвогуле не характэрна для хвоевых.
Іншыя віды трохшпулькавых сосен, якія інтрадукаваны з Амерыкі, – гэта сасна балотная (P. polustris), дрэва да 30 м вышыні, якое мае каштоўную драўніну. Сасна ніцая (P. patula) – дрэва да 20 м вышыні і сасна Бунге (P. bungeana), якая інтрадукавана з горных раёнаў Кітая, – дрэва да 30 м вышыні.
Род дзюкампопінус (Ducampopinus). Другі род трыбы сасновых. Прадстаўлены адзіным відам – дзюкампопінусам Крэмпфа (D. Krempfii). У гэтай расліны, як і ў сосен, ігліца сабрана ў пучкі на пакарочаных парастках. У пучку знаходзіцца па дзве шыпулькі. У адрозненне ад сосен ігліца шырокая, да 7 мм, і плоская. Шышкі распадаюцца пасля паспявання.
Дзюкампопінус – рэдкае дрэва, ад 12 да 30 м у вышыню. Сустракаецца ў В’етнаме. Вялікіх насаджэнняў не ўтварае.
4.7.2.4. Парадак Кіпарысавыя (Cupressales). Парадак кіпарысавыя (Cupressales)
уключае два сямействы: кіпарысавыя (Cupressaceae) і таксодыевыя (Taxodiaceae). Сямейства Кіпарысавыя (Cupressaceae). Гэта самае вялікае па колькасці родаў і
трэцяе па колькасці відаў сямейства хвоевых. Сюды ўваходзяць 20 родаў і каля 145 відаў, якія шырока распаўсюджаны як у паўднёвым, так і ў паўночным паўшар’ях. З 20 родаў кіпарысавых толькі тры заключаюць у сабе па шмат відаў (ад 15 да 55) – кіпарыс, калітрыс і ядловец. Агульная колькасць відаў у гэтых трох родах каля 90 (амаль 70% усіх кіпарысавых). Астатнія 17 родаў з’яўляюцца ці манатыпнымі (маюць па аднаму віду), ці алігатыпнымі (змяшчаюць нешматлікія віды).
Кіпарысавыя – вечназялёныя хмызнякі і дрэвы. Дрэвы часцей сярэдніх памераў і нізкарослыя, але некаторыя вельмі высокія, да 40 і нават 70 м у вышыню, са ствалом, які дасягае часам у старых магутных экземпляраў 6 м у дыяметры. Сярод хмызнякоў кіпарысавых сустракаюцца і формы, якія сцелюцца па зямлі, напрыклад далёкаўсходняя біёта. Лісце ў іх дробнае, часцей лускавінкападобнае, радзей іголкападобнае, на парастках размешчана насупраць або кальчаком па 3–4 лісты ў вузле. Расліны аднадомныя, радзей двухдомныя або шматдомныя. Мікрастробілы дробныя, утвараюцца на канцах парасткаў або ў пазухах лісця. Размешчаны насупраць або кальчаком і нясуць ад 3 да 6 пыльнікаў. Апыленне адбываецца пры дапамозе ветру. Шышкі звычайна дробныя сухія, а ў відаў ядлоўцу – сакавітыя, ягадападобныя, якія часам называюць шышка-ягадамі. Лускавінкі шышак размешчаны насупраць або кальчаком, покрыўныя лускавінкі зрастаюцца з насеннем. На кожнай лускавінцы ўтвараецца па 1–3 (да 12) семязавязі. Насенне крылатае або бяскрылае, паспявае ў год апылення ці на наступны год. Усходы звычайна з дзвюма семядолямі.
Драўніна кіпарысавых пазбаўлена смаляных хадоў і адметная высокімі фізікамеханічнымі ўласцівасцямі.
Сярод кіпарысавых даволі шмат ксерафітаў, што дазваляе выкарыстоўваць іх у арыдных абласцях для азелянення і аблясення.
Сямейства дзеліцца на два падсямействы і шэсць трыб.
Падсямейства Калітрысавыя (Callitroideae) змяшчае 3 трыбы і 11–13 родаў, якія распаўсюджаны, за выключэннем тэтраклініса і калацэдруса, у паўднёвым паўшар’і.
Падсямейства Кіпарысавыя (Cupressoideae) мае таксама 3 трыбы.
Трыба Уласна кіпарысавыя (Cupresseae) аб’ядноўвае тры роды: кіпарыс
(Cupressus, 15–20 відаў), кіпарысавік (Chamaecyparis, 7 відаў) і факіенія (Fokienia, 1–2 віды),
якія адрозніваюцца ад найбольш ім блізкіх ядлоўцавых шышкамі з драўнянымі свабоднымі лускавінкамі.
69
Род кіпарыс (Cupressus) аб’ядноўвае 15–20 відаў распаўсюджаных ў Міжземнамор’і, у Сахары, Гімалаях, на поўдні Кітая і ў Амерыцы ад Гватэмалы да Арэгона. Прадстаўнікі яго аднадомныя, вечназялёныя дрэвы з пірамідальнай або раскідзістай кронай, радзей хмызнякі. Галіны шматразова разгалінаваныя, лісце дробнае, у маладых раслін іголкапалобнае, у дарослых лускавінкападобнае, накрыж размешчанае і шчыльна прыціснутае да парастка.
Мікрастробілы адзіночныя на канцы парасткаў, дробныя з 2–6 мікраспарангіямі з ніжняга боку лускавіны. У шышках, на канцах кароткіх парасткаў, шматлікія семязавязі, якія размешчаны ля асновы накрыж супраціўных лускавін. Спелыя шышкі драўняныя, амаль шарападобныя, шаравата-бурай афарбоўкі, да 3 см у дыяметры, паспяваюць на другі год. Насенныя лускавіны вуглаватыя. Насенне цёмна-карычневае, шматлікае, плоскае, большменш крылатае. Усходы з дзвюма семядолямі. Растуць вельмі марудна. Кіпарысы – адна з найбольш даўгавечных парод. Вельмі ценевынослівыя і засухаўстойлівыя. Малапатрабавальныя да ўрадлівасці глебы, цеплалюбныя.
Іх пірамідальныя формы распаўсюджаны ў парках, дзе з’яўляюцца цудоўным і абавязковым ўпрыгажэннем у алеях і групах.
Кіпарыс вечназялёны (Cupresus sempervirens). Дрэва вышынёй да 25–30 м, з
шырокапірамідальнай або вузкаконусападобнай кронай, шчыльна прыціснутымі да ствала парасткамі, акруглымі або злёгку чатырохграннымі. Ігліца шчыльна прыціснута да парастка з авальнай залозкай зверху. Ценевынослівы і засухаўстойлівы від. Вытрымлівае паніжэнне тэмпературы да –20°С. Да ўрадлівасці глебы малапатрабавальны. Устойлівы да забруджвання паветра. Дэкаратыўны, мае каштоўную драўніну. Кіпарыс буйнаплодны (С. macrocarpa) – расце ў Паўночнай Амерыцы, на паўвостраве Каліфорнія. Дрэва 20–25 м у вышыню. К. лузітанскі (C. lusitanica) – расце ў гарах Мексікі і Гватэмалы. Дрэва да 40 м у вышыню і інш.
Род кіпарысавік (Chamaecyparis). Адрозніваецца ад кіпарыса павіслымі галінамі і паніклай верхавінай, плоскімі парасткамі, дробнымі, даўжынёй да 10 мм шышкамі, якія складаюцца з 6–8 лускавін, двухкрылым насеннем, якое паспявае ў год апылення. Гэта вечназялёныя аднадомныя дрэвы і хмызнякі. Да роду адносіцца 7 відаў, якія распаўсюджаны ўздоўж Ціхаакіянскага і Атлантычнага ўзбярэжжаў Паўночнай Амерыкі, у Японіі, Кітаі і на востраве Тайвань. Асобныя віды інтрадукаваны ў Еўропу. Сустракаюцца на ўзбярэжжы Каўказа і Крыма, у паўднёва-заходніх раёнах Украіны і Беларусі.
У паркавых і алейных пасадках часам сустракаецца кіпарысавік Лаўсона (Chamaecyparis lauosoniana), які інтрадукаваны з Паўночнай Амерыкі. Гэта буйное дрэва звыш 60 м у вышыню і 1,5 м у дыяметры, хутка расце, вядома каля 200 дэкаратыўных форм, якія выкарыстоўваюцца ў азеляненні. Парода ценевынослівая, цеплалюбная, патрабавальная да вільготнасці і ўрадлівасці глебы. У Паўночнай Амерыцы мае надзвычайны кошт, моцная, трывалая, даволі мяккая драўніна кіпарысавіка. Яе выкарыстоўваюць у караблебудаванні, самалётабудаванні і для прыгатавання паркету. Да гэтага роду належыць так называемы «кедр Аляскі» – кіпарысавік нутканскі (Сh. nutkaensis), які распаўсюджаны ад Аляскі да Арэона, і «белы кедр» – кіпарысавік туепадобны (Сh. thyoides), які распаўсюджаны на Атлантычным узбярэжжы Паўночнай Амерыкі.
Ва ўсходняй Азіі распаўсюджаны 4 віды кіпарысавіка. У горных раёнах Цэнтральнага Кітая сустракаецца кіпарысавік жалобны (Ch. funebris). Гэты від вырошчваюць галоўным чынам каля храмаў і манастыроў.
З двух японскіх відаў кіпарысавіка найбольш каштоўны к. тупалісты (Ch. obtusa). Ён утварае вялікія натуральныя лясы, і яго выкарыстоўваюць для штучных пасадак. Дрэва да 40 м у вышыню і 2 м у дыяметры. Драўніна гэтага кіпарысавіка лічыцца лепшай па якасці сярод хвоевых дрэў Японіі і шырока выкарыстоўваецца на пабудову дамоў, мастоў, а таксама для сталярных работ і ў мэблевай вытворчасці.
Кіпарысавік гарохаплодны (C. pisifera) – другі японскі від. Дрэва да 30–50 м у вышыню. Адзінымі экземплярамі сустракаецца ў Беларусі. Марозаўстойлівы. Расце марудна.
70
Трыба туевіковыя (Thujopsideae) складаецца з трох родаў: туі (Thuja, 6 відаў), туевіка (Thujopsis, 1 від), мікрабіёты (Mikrobiota, 1 від), якія валодаюць плоскімі парасткамі і шышкамі з плоскімі лускавінкамі, якія чарапічна налягаюць адна на адну.
Род туя (Thuja). У гэты род уваходзяць аднадомныя дрэвы і хмызнякі. У маладых раслін лісце іголкападобнае, калючае, стаіць тарчма. Яно паступова ападае і замяняецца лускавінкападобным насупраць накрыж ляжачым лісцем, якое размешчана на галінах у адной плоскасці. Таму маладыя расліны могуць мець лісце двух тыпаў: іголкападобнае і лускавінкападобнае. У дарослых раслін іголкападобнае лісце не сустракаецца.
Мікрастробілы пазухавыя, дробныя, шарападобныя, даўжынёй да 15 мм, якія складаюцца з 4–6 мікраспарафілаў з чатырма мікраспарангіямі ў кожным. Яны развіваюцца на верхавінках неадраўнелых бакавых парасткаў. Шышкі на канцах парасткаў яйкападобнапрадаўгаватыя, іх лускавінкі скурана-драўняныя. Паспяваюць у год апылення ў верасні – кастрычніку.
Да роду адносіцца 6 відаў, якія аб’ядноўваюцца ў два падроды: падрод туя (Thuja) налічвае 5 відаў, з якіх два – паўночнаамерыканскія, а тры – выхадцы з Паўднёва-Усходняй Азіі, і падрод платыкладус (Platycladus), які налічвае ўсяго адзін від. Гэты від часам вылучаюць у асобны род біёта (Biota).
З прадстаўнікоў роду туя найбольш шырока распаўсюджана ў нас туя заходняя (Thuja occidentalis). Натуральна расце ў Паўночнай Амерыцы. Дрэва вышынёй 12–19 м. Ігліца лускавінападобная, размешчана насупраць накрыж, шчыльна прыціснута да парастка, цёмназялёная, бліскучая, з выпучанай залозкай, да зімы становіцца бурай. Парасткі галінуюцца ў гарызантальнай плоскасці, калі расцерці, то выдаюць моцны эфірны пах. Спачатку яны плоскія, затым круглыя. Шышкі яйкападобна-прадаўгаватыя, даўжынёй 10–15 мм, светлакарычневыя. Насенныя лускавіны мяккія, скураныя. Насенне сплясканае, з двума крыламі. Расце марудна. Зімаўстойлівая. Засухаўстойлівая. Ценевынослівая. Да глебы непатрабавальная. Устойлівая да газу і пылу. Жыве больш за 1000 гадоў. Налічвае больш як 120 садовых форм, якія адрозніваюцца па характару кроны або па афарбоўцы лісця. Шырока выкарыстоўваецца ў азеляненні. У туі заходняй устойлівая супраць гніення, мяккая драўніна, якая лёгка апрацоўваецца, мае жаўтаватую абалонку і светла-карычневае ядро. Яе выкарыстоўвалі індзейцы для пабудовы каноэ. Эфірны алей, які атрымліваюць з лісця, выкарыстоўваецца ў парфумерыі і медыцыне.
Пачынаючы з Прыбалтыкі і далей на поўдзень і захад Еўропы, у Закаўказзі, у пасадках пры азеляненні, а часам і ў штучных пасадках сустракаецца яшчэ адзін паўночнаамерыканскі від туі – туя гіганцкая (Thuya plicata), або складкаватая. Гэта вельмі буйное (да 60 м у вышыню і 2,5 м у дыяметры) хуткарослае прыгожае дрэва, з нізкаапушчанай шырокаконусападобнай, шчыльнай кронай. Яна значна больш патрабавальная да ўрадлівасці глебы, цяпла і вільгацелюбная, менш зімаўстойлівая, чым туя заходняя.
Падрод біёта, або платыкладус (Platycladus). Ён прадстаўлены ўсяго адным відам – Туяй усходняй (Thuya orientalis), якая натуральна расце ў Кітаі. Гэта аднадомная, вечназялёная расліна, якая дасягае ў вышыню 15–18 м. Моцна разгалінаваныя кроны гэтых дрэў з доўгімі раскінутымі галінамі дасягаюць ў дыяметры 9–11 м. Знешне туя ўсходняя некалькі нагадвае тую заходнюю, ад якой адрозніваецца наступнымі прыкметамі. Ігліца на плоскім баку з уціснутай залозкай, больш светлая і вузейшая. Бакавыя парасткі размешчаны вертыкальна. Шышкі буйныя (да 25 мм), утвораны мясістымі лускавінкамі і заканчваюцца ў верхняй частцы адагнутым адросткам. Да паспявання шызавата-зеленаватыя, спелыя чырвона-карычневыя, цвёрдыя. Насенне арэхападобнае, бяскрылае, паспявае на другі год.
Вельмі святла- і цеплалюбная. Незімаўстойлівая і засухаўстойлівая. Да глебы сярэднепатрабавальная. Асабліва каштоўныя дэкаратыўныя формы, якіх налічваецца звыш 60.
Род мікрабіёта (Mikrabiota). Да яго адносіцца толькі адзін від мікрабіёта перакрыжаванапарная (M. decussata), які натуральна расце на Далёкім Усходзе. Гэта нізкі, моцна разгалінаваны хмызняк, да 1–2 м. Парасткі тонкія, плоскія, галінуюцца ў адным