Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Лекс. сіст. бел. літ. м.doc
Скачиваний:
190
Добавлен:
01.03.2016
Размер:
447.49 Кб
Скачать

7. Лексічныя запазычанні з неславянскіх моў.

Пранікненне запазычаных слоў у беларускую мову пачаліся яшчэ ў часы ўсходнеславянскага адзінства. Да даўніх запазычанняў адносяцца, у асноўным, словы з неславянскіх моў – з грэчаскай: аладкі, агурок, камедыя, парус, карабель; літоўскай: клуня, свіран, жвір, кубел; цюрскіх моў (пераважна з татарскай): ізюм, баклажан, барабан, кінжал, караул; італьянскай: канцэрт, лютня (старадаўні шчыпковы музычны інструмент); французскай: марш, тарыф; нямецкай: грунт, фунт, ліхтар. У наш час запазычаная лексіка з неславянскіх моў трапляе ў беларускі слоўнік пераважна праз рускую і польскую, радзей – праз чэшскую мову, з грэчаскай праз рускую ці польскую: амністыя, аўтаномія, гегемон, бактэрыя; з лацінскай праз рускую, польскую ці чэшскую: дэкан, капялюш, дэлегат, кангрэс, школа, каляндар; з нямецкай праз польскую ці рускую: ганак, рахунак, слесар, касір, бухгалтар, кошт; з французскай праз польскую і рускую: аванцюра, асамблея, аташэ, дэпо, акампанемент, дырыжор; з англійскай праз рускую: інтэрв’ю, імпарт, лідар, джэм, кекс, пудзінг.

Асноўныя прыкметы запазычаных слоў: грэцызмаў – пачатковыя гукі [а], [э]: акіян, аўтамат, этап, эпоха; зычны [ф] у пачатку слова: філалогія, фантазія; спалучэнні зычных [кс], [ск], [пс], [мп], [мв] у сярэдзіне слова: аксіёма, дыск, эліпс, сімптом, сімвал; прыстаўкі а-, ан- (ана-), анты-, эў-: агамія, ангідрыд, антысептык, эўфемізм; суфіксы -ад (а), -ід (а), -ік (а), -іск, -ос (-ас): лампада, піраміда, графіка, абеліск, хаос, тэрмас, пафас; лацінізмаў – суфіксы -ум, -ус, -тар, -ент (-энт), -ур (а), -цы (я), -ат: акварыум, конус, аратар, агітатар, дыктатура, градацыя, апарат, гідрат; германізмаў – спалучэнні зычных [шт], [шп] у пачатку слова: штык, штатыў, шпіль; спалучэнне [хт] у сярэдзіне слова: вахта, шахта; канцавая частка – майстар: капельмайстар, хормайстар; запазычанняў з французскай мовы – канцавыя спалучэнні анс, ёр, аж (яж): сеанс, аванс, суфлёр, багаж, пляж; спалучэнні бю, вю, пю, фю, уа, уэ, лье, нье, цье, сье: бюлетэнь, гравюра, капюшон, фюзеляж, вуаль, дуэль, атэлье, віньетка, ранцье, канферансье; канцавыя націскныя [о], [э], [у], [е]: трумо, кашнэ, рагу, філе; запазычанняў з англійскай мовы – канцавыя спалучэнні ер (эр), інг (ынг): фермер, блюмінг; пачатковае спалучэнне дж: джоўль, джаз.

6. Асваенне іншамоўных слоў у беларускай мове.

Іншамоўныя словы, запазычаныя беларускай мовай, звычайна падпарадкоўваюцца яе законам, г.зн. падлягаюць графічнаму, фанетычнаму, граматычнаму і семантычнаму асваенню.

Г р а ф і ч н а е асваенне – гэта перадача запазычаных слоў на пісьме сродкамі беларускай графікі, у якой ёсць свае спецыфічныя літары. Так, англ. computer < лац. computare, англ. servise, фр. serpentin, ням. Feuerwerk, гал. jacht набываюць характэрнае для беларускай графікі афармленне: камп’ютар, сэрвіс, серпанцін, феерверк, яхта. Нават запазычаныя з рускай мовы словы змяняюць свой знешні воблік: деловитый – дзелавіты, лавсан – лаўсан, амортизатор – амартызатар, аппонировать – апаніраваць, стерилизация – стэрылізацыя.

Ф а н е т ы ч н а е асваенне – гэта падпарадкаванне іншамоўных слоў фанетычным законам беларускай мовы і правілам вымаўлення. Напрыклад, ненаціскны гук [о] паводле беларускага вымаўлення ў большасці запазычаных слоў вымаўляецца як [а]: аб’ект (лац. obiectum), акупант (лац. occupans), камплімент (фр. compliment), тралейбус (англ. trolleybus). У запазычаных словах не захоўваецца падаўжэнне зычных: компас (іт. compasso), клема (ням. Klemma), калегія (лац. collegium). Звонкія зычныя ў канцы іншамоўных слоў вымаўляюцца глуха: вернісаж (фр. vernissage), віраж (фр. virage), гіпноз (грэч. hypnos), паланэз (пол. polones), плед (англ. plaid), фланг (фр. flanc), ранг (ням. Rang).

Г р а м а т ы ч н а е асваенне – поўнае або частковае падпарадкаванне марфемнай структуры іншамоўных слоў законам беларускай мовы пры захаванні асноўных кампанентаў мовы крыніцы. Напрыклад, іншамоўныя канчаткі і суфіксы звычайна адпадаюць або замяняюцца беларускімі: лац. honorarium – ганарар, лац. praemium – прэмія, лац. obiectum – аб’ект, ням. marschierenмаршыраваць. Часам змяняецца род назоўнікаў: лац. forum (н. р.) – форум (муж. р.); ням. das Hospital (н. р.) – шпіталь (м. р.); фр. le duel (м. р.) – дуэль (ж. р.); фр. le foyer (м. р.) – фае (н. р.). Зрэдку мяняецца лік іншамоўных назоўнікаў: ням. Klappen (мн. л.) – клапан (адз. л.); англ. sakes (мн. л.) – кекс (адз. л.); англ. pense (мн. л.) – пенс (адз. л.). Асобныя словы ў выніку запазычвання змянілі ў беларускай мове сваю былую прыналежнасць да пэўнага лексіка-граматычнага разраду. Так, французскі прыметнік nocturne ‘начны’ ў беларускай мове накцюрн адносіцца да назоўнікаў; лацінскі дзеяслоў credo ‘верую’ ў беларускай мове стаў назоўнікам ніякага роду – крэда; французскі дзеепрыметнік courant апынуўся ў групе назоўнікаў множнага ліку – куранты.

Асваенне іншамоўных слоў часам зводзіцца да лексікалізацыі, г.зн. да ўтварэння аднаго слова з групы слоў ці са словаспалучэння. Напрыклад, французскае спалучэнне crêpe de Chine ‘кітайскі крэп’ стала назоўнікам мужчынскага роду крэпдэшын, фр. nouveau rich ‘новы багацей’ увайшло ў беларускую мову як назоўнік нуворыш. У выніку асваення лацінскага спалучэння vere dictum ‘правільна сказанае’ ўзнік беларускі назоўнік вердыкт ‘рашэнне, вынесенае ў судовым працэсе’; з французскага словазлучэння eau de Cologne (Кёльнская вада) утварыўся назоўнік мужчынскага роду адэкалон.

Іншамоўныя словы ў беларускай мове нярэдка мяняюць сваю першапачатковую семантыку. Часцей за ўсё яна пашыраецца або канкрэтызуецца. Напрыклад, лацінскае annotatio ‘заўвага’ стала ўжывацца як анатацыя са значэннем ‘кароткая характарыстыка кнігі, артыкула’; лацінскае religuiae ‘рэшткі, астанкі’ ў беларускай мове – рэліквія пашырыла семантыку і стала выкарыстоўвацца з двума значэннямі: 1) прадмет рэлігійнага пакланення; 2) прадмет, які беражліва захоўваецца як памяць аб мінулым. Французскае слова diplome (з гр. diploma) ‘ліст, складзены ўдвая’ ўвайшло ў беларускую мову як дыплом з двума значэннямі: 1) пасведчанне аб заканчэнні навучальнай установы або аб прысуджэнні вучонага звання ці ступені; 2) пасведчанне, якое выдаецца як узнагарода пераможцу конкурсу. Іншамоўныя словы могуць звужаць свае значэнні, набываць іншы статус у лексічнай сістэме беларускай мовы. Так, лацінскае агульнаўжывальнае слова antenna ‘мачта’ ўвайшло ў склад тэрміналагічнай лексікі беларускай мовы: антэна ‘частка радыёўстаноўкі, якая служыць для выпраменьвання і прыёму радыёхваляў’. Асобныя словы іншамоўнага паходжання напаўняюцца новымі значэннямі, не характэрнымі для мовы-крыніцы. Напрыклад, французскае fouer ‘ачаг’ у беларускай замацавалася за значэннем ‘памяшканне ў тэатры, кіно як месца адпачынку’ – фае. Французская назва казляняці chevreau ў беларускай мове ўжываецца як шаўро ‘мяккая казліная скура спецыяльнага вырабу’, а французскае revue ‘агляд’ у беларускім слоўніку мае значэнне ‘эстраднае прадстаўленне з асобных сцэн і нумароў, звязаных агульнай тэмай’ – рэвю.

Працэс асваення запазычаных слоў надзвычай складаны і разнастайны. Ён не зводзіцца толькі да фанетычнай, граматычнай ці лексічнай адаптацыі слова да новай моўнай сістэмы. У новай сітуацыі запазычаныя словы ўтвараюць аднакарэнныя словы, якіх няма ў мове крыніцы: лац. victoria ‘багіня перамогі ў старажытнарымскай міфалогіі’ паслужыла базай для вытворнага віктарына. Ад англійскага draindre ‘асушаць’ праз пасрэдніцтва французскага drainageдрэнаж утварылася гняздо аднакарэнных слоў – тэрмінаў тэхнікі і медыцыны: дрэнажаваць, дрэнажны. Асваенне іншамоўных слоў прыводзіць часам да змены іх стылістычнага статусу. Так, французскае нейтральнае courage (кураж) са значэннем ‘адвага, мужнасць’ у беларускай мове набыло размоўнае адценне ‘задзёр, задзірыстасць’ і дало вытворнае прастамоўнае куражыцца.

Асобныя запазычаныя словы абазначаюць прадметы і паняцці, не ўласцівыя беларускай рэчаіснасці, а характарызуюць палітычнае, эканамічнае, культурнае жыццё замежных краін, напрыклад, англ. лорд, сэр, пол. сейм, злоты, фр. кюрэ, франк. Гэтыя словы хоць і ўжываюцца ў мове беларусаў, але лічацца лексічна не асвоенымі. Падобныя іншамоўныя словы называюцца э к з а т ы з м а м і (грэч. eksotikos – незвычайны, спецыфічна замежны). Як правіла, экзатызмы асвоены графічна, фанетычна, граматычна. Часам ужываюцца і такія іншамоўныя словы, якія або зусім не асвоены, або асвоены толькі графічна. Гэтыя словы называюцца в а р в а р ы з м а м і (грэч. barbarismos – той, хто ўрываецца): Звон кафедральны кліча на Ave. (М.Т.).

Запазычванне як спосаб узбагачэння і актуалізацыі слоўніка нацыянальнай мовы – з’ява станоўчая і непазбежная, але толькі ў тым выпадку, калі ва ўласнай мове не знайшлося неабходнай адэкватнай лексічнай адзінкі. Калі ж іншамоўныя словы ўжываюцца беспадстаўна, тым больш пры наяўнасці свайго ўласнага адпаведніка, яны засмечваюць родную мову, абцяжарваюць і ўскладняюць зносіны паміж людзьмі.

ІІ. Змены ў лексічнай сістэме беларускай мовы: актыўная і пасіўная лексіка.