Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Kratkij_konspekt_lekcij.doc
Скачиваний:
58
Добавлен:
01.07.2025
Размер:
781.31 Кб
Скачать

29. Другое абвяшчэнне ссрб

14 мая 1920 г. Чырвоная Армія перайшла ў контрнаступ­ленне. Аднак поспех прынесла толькі наступленне ў ліпені 1920 г., а 11 ліпеня быў вызвалены Мінск.

Пры такіх абставінах 12 ліпеня 1920 г. у Маскве быў заключаны мірны дагавор паміж буржуазнай Літвой і РСФСР. Разлічваючы на перамогу савецкай улады ў Літве і канфрантацыю Літвы з Польшчай, урад РСФСР пайшоў на ўключэнне ў яе склад земляў з гарадамі Гродна, Шчучын, Ашмяны, Браслаў. Віленскі край разам з Вільняй таксама быў прызнаны састаўной часткай Літвы.

Падпісанне мірнага дагавора паміж буржуазнай Літвой і РСФСР юрыдычна спыняла існаванне Літоўска-Беларускай ССР. Аднак, як указвае Я.А. Юхо, «гэты дагавор для Беларусі не меў і не мог мець ніякай юрыдычнай сілы, бо ён быў падпісаны іншымі дзяржавамі ў процівагу нормам міжнароднага права».

31 ліпеня 1920 г. у Мінску была абвешчана Дэкларацыя аб незалежнасці ССРБ. У Дэкларацыі сцвярджалася, што рэспубліка будуецца на прынцыпах «дыктатуры пралетарыята і выкарыстання ўсяго вопыту Савецкай Расіі». Гаварылася таксама пра аднаўленне асноўных прынцыпаў арганізацыі народна-гаспадарчага жыцця, абвешчаных 1 сту­дзеня 1919 г. Маніфестам Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада і юрыдычна замацаваных у рашэннях I Усе­беларускага з’езда Саветаў 2–3 лютага 1919 г. Да склікання чарговага Усебеларускага з’езда Саветаў улада пераходзіла да Ваенна-рэвалюцыйнага камітэта.

У Дэкларацыі аб незалежнасці ССРБ меліся яшчэ два важныя моманты: указвалася, што рэспубліка з’яўляецца суверэннай савецкай дзяржавай, і ў самым агульным плане вызначаліся яе межы. Даслоўна было сказана наступнае: «ССРБ вызначае сваю заходнюю мяжу па этнаграфічнай мяжы паміж Беларуссю і буржуазнымі дзяржавамі, якія з ёй мяжуюць. Мяжа ССРБ з Савецкай Расіяй і Украінай вызначаецца свабодным выяўленнем волі беларускага народа на павятовых і губернскіх з’ездах Саветаў у поўнай згодзе з урадамі РСФСР і ССРУ». Думаецца, што гэты запіс не быў выпадковым. Ён даваў магчымасць РСФСР пакінуць пад сваёй юрысдыкцыяй раней далучаныя землі.

У перыяд свайго другога абвяшчэння рэспубліка аднавілася толькі ў межах Мінскай губерні. Гэта прывяло да канфрантацыі бальшавікоў з беларускімі эсэрамі, якія выступалі за цэласную і незалежную беларускую дзяржаву. Пачалася адкрытая барацьба паміж БПС-Р і КП(б)Б. Кіраўніцтва БПС-Р адмовілася падпісаць Дэкларацыю аб абвяшчэнні незалежнасці ССРБ у прапанаваным выгля­дзе, хоць першапачаткова выказвалася ў яе падтрымку.

Такім чынам, аналізуючы працэс другога абвяшчэння ССРБ, можна канстатаваць, што пры яе аднаўленні з дапамогай урада РСФСР не магло быць гаворкі аб рэальным суверэнітэце ў рамках этнічнай тэрыторыі.

Да такога ж вываду прыйшоў і Я. А. Юхо: «Адноўленая ... Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка Беларусь на тэрыторыі шасці паветаў (уездаў) Мінскай губерні хоць і аб’яўлялася незалежнай, аднак фактычна і юрыдычна з’яўлялася аўтаномнай вобласцю ў складзе РСФСР.

...Аўтаномны характар адносін ССРБ з РСФСР асабліва яскрава выяўляўся ў эканамічных, вайсковых і дзяржаўна-палітычных адносінах. Рэспубліка не мела сваіх грошаў і фінансавалася з бюджэту РСФСР; арміяй, чыгуначным транспартам, поштай і сувяззю кіравалі з РСФСР, яе заканадаўства дзейнічала і на тэрыторыі Беларусі».

Пра аўтаномны характар адносін ССРБ і РСФСР сведчыць і пастанова III з’езда Кампартыі Беларусі (лістапад 1920 г.), у якой аб прававым становішчы рэспублікі сказана наступнае: «Беларусь, з’яўляючыся Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікай, адначасова з’яўляецца састаўной часткай РСФСР, і ўсе яе органы ў галіне агульных мерапрыемстваў павінны быць падпарадкаваны адпаведным каміса­рыятам РСФСР, аднак яны павінны мець пэўную свабоду ў галіне вырашэння пытанняў мясцовага жыцця, у якіх яны павінны кіравацца ЦВКБ і Саўнаркомам Беларусі».

Далейшае канстытуцыйнае афармленне ССРБ было здзейснена на II Усебеларускім з’ездзе Саветаў рабочых, сялянскіх, батрацкіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў, які праходзіў у Мінску з 13 па 17 снежня 1920 г. З’езд унёс істотныя змяненні і дапаўненні ў Канстытуцыю і завяршыў сваю работу выбраннем ЦВК. Дакументы з’езда з’явіліся фундаментам далейшага прававога будаўніцтва ў ССРБ.

Між тым польскія войскі, якія перайшлі ў наступленне 16 жніўся 1920 г., занялі значную частку Беларусі. РСФСР вымушана была пайсці на перагаворы аб міры. 12 кастрычніка 1920 г. у Рызе былі падпісаны папярэднія ўмовы міру паміж РСФСР і Украінай, з аднаго боку, і Польшчай — з другога, а 18 сакавіка 1921 г. — мірны дагавор, які замацаваў змяншэнне тэрыторыі Беларусі. У прыватнасці, да Польшчы адышла ўся Заходняя Беларусь з насельніцтвам больш чым 4 млн чалавек. Віцебская і Гомельская губерні, а таксама заходнія паветы Смаленшчыны па-ранейшаму заставаліся пад юрысдыкцыяй РСФСР. Тэрыторыю ж Беларусі склалі толькі шэсць паветаў Мінскай губерні з насельніцтвам 1,6 млн чалавек.

Заслугоўвае ўвагі прававы аспект ацэнкі перагавораў у Рызе. Нягледзячы на існаванне адноўленай ССРБ, беларускую дэлегацыю для ўдзелу ў перагаворах, на якіх вырашаліся пытанні тэрыторыі рэспублікі, запрасіць не палічылі патрэбным. Гэта падкрэслівае непаўнату, фармальнасць яе дзяржаўнага суверэнітэту на дадзеным этапе.