Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Kratkij_konspekt_lekcij.doc
Скачиваний:
58
Добавлен:
01.07.2025
Размер:
781.31 Кб
Скачать

24. Судовыя ўстановы і права Беларусі ў канцы XVIII - першай палове XIX ст.

Трэба адзначыць, што судовая сістэма Беларусі захавала шэраг адметнасцей ад расійскай судовай сістэмы. Так, вышэйшымі судамі ў заходніх губернях былі галоўныя суды, падзеленыя на два дэпартаменты — крымінальных і грамадзянскіх спраў. Членамі і засядацелямі суда маглі быць толькі шляхціцы, якія выбіраліся на павятовых шляхецкіх сходах тэрмінам адпаведна на тры і адзін год. Галоўны суд, як правіла, выконваў свае функцыі ў якасьці апеляцыйнага суда па скаргах на пастановы замкавага (гродскага), земскага і падкаморскага судоў. Ён таксама разглядаў некаторыя справы па першай інстанцыі. Апеляцыі на рашэнні галоўных судоў падаваліся ў Сенат.

У губернях Беларусі працягваў існаваць і так званы маршалкаўскі камісарскі межавы суд: рашэннем Галоўнага суда фарміравалася камісія для разгляду скаргаў на прыгаворы падкаморскага суда па зямельных спрэчках. Маршалкаўскі камісарскі суд складаўся з павятовага маршалка (прадвадзіцеля дваранства) і некалькіх членаў, якія выбіраліся бакамі па ўзаемнай згодзе.

Асноўным тыпова саслоўным шляхецкім судом першай інстанцыі заставаўся земскі павятовы суд. У яго ўваходзілі суддзя, два падсудкі і пісар, якія выбіраліся шляхтай на тры гады. У яго кампетэнцыі знаходзіліся ўсе крымінальныя справы, за выключэннем тых, якія ўваходзілі ў сферу дзейнасці Галоўнага і замкавага судоў. Земскі павятовы суд разглядаў і некаторыя грамадзянскія справы. Апеляцыі на рашэнні земскага шляхецкага суда падаваліся ў Галоўны суд на працягу шасці тыдняў.

У пачатку XIX ст. члены павятовых земскіх судоў пачалі выбірацца на падставе агульнага закона Расійскай імперыі, які быў прыняты 7 кастрычніка 1775 г. Прэтэндэнты на пасаду членаў земскага павятовага суда выбіраліся тэрмінам на тры гады. Царызм скараціў кола асоб, якія мелі права ўдзельнічаць у выбарах. Бедныя шляхціцы гублялі права ўдзельнічаць у шляхецкіх выбарах. Такім чынам, на тэрыторыі Беларусі царскі ўрад кіраваўся не толькі саслоўным прынцыпам, але і класавым для таго, каб камплектаваць мясцовыя суды найбольш вернымі рэжыму чыноўнікамі.

Пры разглядзе некаторых крымінальных спраў павятовым земскім судам прадпісвалася карыстацца нараўне з нормамі Статута Вялікага княства Літоўскага і агульнымі законамі Расійскай імперыі.

Царскі ўрад прыняў шэраг указаў, якія карэнным чынам мянялі парадак прывядзення ў выкананне прыгавораў і рашэнняў павятовага земскага суда. Калі па Статуту 1588 г. яно праводзілася возным і замкавымі судамі, то ў XIX ст. «исполнительная часть во всех губерниях, на особенных правах оставленных, от судной отделена» і рэгулявалася агульнымі законамі Расійскай імперыі. Па гэтай прычыне «судебные приговоры в губерниях, от Польши возвращенных, приводить в исполнение в городах полициям, а в уездах — нижним земским судам».

Усе справы аб зямельных спрэчках знаходзіліся ў кампетэнцыі падкаморскага суда. Справы ў гэтым судзе разглядаў адзін суддзя-падкаморы непасрэдна на спрэчным зямельным участку. Рашэнне прыводзілася ў выкананне праз абазначэнне мяжы ўчастка. У дапамогу падкаморыю выбіраўся адзін каморнік (землямер), які ў выпадку адсутнасці падкаморыя сам разглядаў справу падкаморскага суда і выносіў рашэнне. Апеляцыі на рашэнні падкаморскага суда падаваліся ў Галоўны суд.

Акрамя названых судовых устаноў у першай трэці XIX ст. у заходніх губернях (Віленскай і Гродзенскай) працавалі замкавыя (гродскія) суды. Іх членамі былі замкавы суд­дзя, падсудак і пісар. Усе яны зацвярджаліся на пасады генерал-губернатарам або губернатарам. Пасяджэнні замкавага суда праходзілі штомесячна на працягу двух тыдняў.

Замкавы суд разглядаў у асноўным крымінальныя справы. Апеляцыі на рашэнні замкавага суда падаваліся ў Галоўны суд. Разам з судовай дзейнасцю замкавы суд выконваў і шэраг адміністрацыйных функцый.

Судовая дзейнасць гарадскога магістрата была даволі абмежаванай. Ён разглядаў нязначныя грамадзянскія (аб спагнанні пазыкі па вэксалю, аб прыналежнасці зямельнага ўчастка і г. д.) і крымінальныя (аб пабоях, знявазе, самаўпраўстве і інш.) справы.

Пасля няўдалага паўстання 1830—1831 гг. на Беларусі пачалася ліквідацыя старой судовай сістэмы і яе уніфікацыя. У 1831 г. замест галоўных судоў у губернях былі створаны па­ла­ты крымінальнага і грамадзянскага судоў, земскія і замкавыя суды ператвораны ў павятовыя, усё судаводства пераведзена на рускую мову. Нагляд за дзейнасцю мясцовых судоў выконвалі генерал-губернатары і губернатары, якія мелі права адмяняць іх пастановы. Вышэйшай касацыйнай інстанцыяй для ўсіх судоў стаў Сенат.

У канцы XVIII — першай трэці XIX ст. на тэрыторыі заходніх губерняў галоўнай крыніцай права заставаўся Статут Вялікага княства Літоўскага 1588 г.

Суды, якія дзейнічалі на Беларусі ў гэты перыяд, выкарыстоўвалі нормы як Статута, так і агульнаімперскага права. Аднак у 1831 г. прымяненне першага было скасавана ў Віцебскай і Магілёўскай, а ў 1840 г. — у Віленскай, Гро­дзенскай і Мінскай губернях.

Варта памятаць, што адмена Статута 1588 г. азначала прыпыненне дзеяння той часткі мясцовага права, якая да гэтага часу ўжывалася толькі на тэрыторыі Беларусі. Што тычыцца значнай часткі норм канстытуцыйнага і некаторых іншых галін права, то з часу ўваходжання беларускіх губерняў у склад Расіі яны фактычна не дзейнічалі, хаця пэў­нага заканадаўчага акта, адмяніўшага такія нормы, выдадзена не было.

У 1826 г. пад кіраўніцтвам М.М. Сперанскага пачалася праца па падрыхтоўцы Зводу законаў Расійскай імперыі. У гэты ж час было прынята рашэнне пачаць падрыхтоўку Звода мясцовых законаў заходніх губерняў, які меркавалася ўключыць у агульны Звод законаў Расійскай імперыі. Яго падрыхтоўкай кіраваў вядомы беларускі вучоны-юрыст I. Даніловіч.

У структурных адносінах праект Зводу мясцовых законаў распадаўся на тры часткі. У першай разглядалася прававое становішча розных катэгорый насельніцтва (шляхты, духавенства, сялянства і мяшчанства). Другая частка была прысвечана шлюбна-сямейнаму і грамадзянскаму праву. У галіне сямейнага права ўплыў мясцовых норм права найбольш бачны ў адносінах атрымання спадчыны, парадку і ўмоў заключэння шлюбаў паміж асобамі каталіцкай веры, а ў сферы грамадзянскага права — у адносінах да сервітутаў, некаторых інстытутаў абавязацельнага права. Больш за ўсё ўплыў мясцовага права адчуваецца ў трэцяй частцы Зводу мясцовых законаў, дзе выкладзены судовы лад і судаводства па пэўнай катэгорыі грамадзянскіх спраў (актаратавы працэс). Былі спрошчаныя правілы падсуднасці па грамадзянскіх справах, істотна адрозніваўся парадак іх разгляду на судовым пасяджэнні і выканання і абскарджання судовых рашэнняў. Такім чынам, можна зрабіць выснову, што праект Зводу мясцовых законаў заходніх губерняў — апошняя найбольш значная сістэматызацыя мясцовага права, у якой спалучаліся рысы мясцовага і агульнарасійскага права.

Праца па падрыхтоўцы Зводу мясцовых законаў у асноўным была завершана ў 1834 г., але па некаторых раздзелах вялася яшчэ да 1837 г. Аднак гэты Звод не быў уве­дзены ў дзеянне як асобны закон, а ў агульнаімперскі Звод законаў былі ўключаны толькі яго асобныя нормы. Прычынай гэтага стала тое, што пасля паўстання 1830–1831 гг. царскі ўрад перайшоў ад палітыкі лавіравання да прамога выкаранення праяўленняў нацыянальна-вызваленчага руху ў рэгіёнах, якія былі далучаны да Расіі ў выніку трох па­дзелаў Рэчы Паспалітай. У дзяржаўна-прававой сферы гэта выявілася ў скасаванні апошніх рэшткаў судовай, адміністрацыйнай і прававой аўтаноміі заходніх губерняў. На тэрыторыі Беларусі былі ўведзены адміністрацыйная і судовая сістэмы, аналагічныя адпаведным сістэмам Расійскай імперыі.