Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Kratkij_konspekt_lekcij.doc
Скачиваний:
58
Добавлен:
01.07.2025
Размер:
781.31 Кб
Скачать

26. Судовая, земская і гарадская рэформы

Развіццё капіталістычных адносін, адмена прыгоннага права выклікалі патрэбу ў змяненні ўсёй судовай сістэмы краіны, яе дэмакратызацыі. Судовая рэформа пачала праводзіцца ў жыццё ў 1864 г.

Асноўныя палажэнні рэформы адлюстраваны ў чатырох заканадаўчых актах: «Заснаванне судовых устаноў», «Статут крымінальнага судаводства», «Статут грамадзянскага судаводства», «Статут аб пакараннях, якія накладваюць мі­ра­выя суддзі». У аснову рэформы была пакладзена тэорыя падзелу ўлады. Абвешчана аддзяленне суда ад адміністра­цыі, увядзенне агульнага ўсесаслоўнага суда, роўнасць усіх перад судом, нязменнасць суддзяў і следчых, выбарнасць міравых суддзяў і прысяжных засядацеляў, галоснасць, вуснасць, непасрэднасць і спаборнасць судовага працэсу, права абвінавачанага на абарону. Важным вынікам рэформы стала заснаванне адвакатуры для абароны па крыміналь­ных і прадстаўніцтва інтарэсаў старон па грамадзянскіх справах.

3 мэтай нагляду за судамі, следствам і месцамі зняволення была рэарганізавана пракуратура, якая змяняла напрамак сваёй дзейнасці. 3 органа кантролю за вытворчасцю спраў у сферы кіравання («око государства») яна ператваралася ў орган абвінаваўчай улады. «Прокуратура есть постоянное судебно-административное учрежденне, состоящее из лиц, назначенных от правительства и обязанных по долгу службы охранять законы и преследовать преступников во имя общественных интересов...»

Згодна з законам ствараліся дзве судовыя сістэмы: мясцовыя і агульныя суды. Да мясцовых належалі міравыя суды і з’езды міравых суддзяў, да агульных — акруговыя суды (ад аднаго да трох на губерню) і судовыя палаты (адна на некалькі губерняў).

З’езд міравых суддзяў быў судом другой інстанцыі і разглядаў апеляцыйныя скаргі на пастановы міравых суддзяў. Міравым судам былі падсудныя грамадзянскія справы пры цане іска да 500 руб. і крымінальныя, па якіх прадугледж­валіся арышт да трох месяцаў, грашовае спагнанне да 300 руб. ці заключэнне ў работны дом (прымусовая праца на карысць грамадства) да аднаго года.

Акруговы суд, як правіла, складаўся з грамадзянскага і кры­мінальнага аддзяленняў, а апошняе — з кароннага суда і суда прысяжных засядацеляў. Акруговым судам былі падсудныя ўсе крымінальныя справы за выключэннем палітыч­ных і пэўных службовых злачынстваў.

Крымінальныя справы разглядаліся з удзелам прысяжных засядацеляў. Каронныя суддзі прызначаліся царом па прадстаўленню міністра юстыцыі пажыццёва. Яны павінны былі мець вышэйшую юрыдычную адукацыю і стаж працы ў праваахоўных органах не менш як тры гады. Узначальваў акруговы суд старшыня, а аддзяленнямі кіравалі яго намеснікі.

Судовыя палаты дзейнічалі як суды другой інстанцыі ў адносінах да акруговых судоў. Аднак крымінальныя справы, якія разглядаліся з удзелам прысяжных засядацеляў, апеляцыйнаму перагляду не падлягалі. Па некаторых крымінальных справах, напрыклад па палітычных, судовыя палаты маглі дзейнічаць як суд першай інстанцыі.

Акруговыя суды Мінскай, Гродзенскай і Віленскай губерняў падпарадкоўваліся Віленскай судовай палаце. Магілёўскі акруговы суд быў аднесены да сферы дзейнасці Кіеўскай, а Віцебскі — Пецярбургскай судовых палат.

Вышэйшым органам судовага нагляду, касацыйным і вярхоўным судом у Расіі з’яўляўся правячы Сенат, які ўключаў два дэпартаменты — цывільны і крымінальны. 3 канца XIX ст. Сенат займаўся абнародаваннем і тлумачэннем законаў, мог выдаваць адміністрацыйныя распараджэнні.

Аналізуючы судовую рэформу, трэба заўважыць, што ў яе правядзенні на тэрыторыі Беларусі выявіліся спецыфічныя асаблівасці. Да апошніх адносіліся: сувязь судовай рэформы з палітыкай царызму, накіраванай на падаўленне нацыянальна-вызваленчага руху; увядзенне судовых статутаў па частках; адкрыццё мясцовых і агульных судоў у розны час. Па палітычных прычынах судовая рэформа на Беларусі пачалася, па сутнасці, толькі ў 1872 г., калі былі ўведзены міравыя суды, а акруговыя суды з інстытутамі прысяжных засядацеляў былі ўтвораны ў заходніх губернях аж у 1882 г.

Свае асаблівасці меў і парадак фарміравання судовых органаў Беларусі. Па закону міравы суддзя павінен быў выбірацца на павятовым земскім сходзе са спісу кандыдатаў, які папярэдне зацвярджаў губернатар. Згодна з Часовымі правіламі аб уладкаванні міравых судовых устаноў у губернях: Віленскай, Ковенскай, Гродзенскай, Кіеўскай, Валынскай, Падольскай, Мінскай, Віцебскай і Магілёў­скай, у далейшым да ўвядзення земскіх устаноў, ад 23 чэрвеня 1871 г. міравыя суддзі не выбіраліся, а прызначаліся ўрадам. Як сведчыць адзначаны нарматыўны акт, у беларускіх губернях гэта былі памешчыкі, якія заслугоўвалі поўнага даверу ў сувязі з адсутнасцю тут да 1911 г. земстваў (мясцовага самакіравання). На Беларусі прызначаліся і ганаровыя суддзі. Акрамя таго, абмяжоўваўся ўдзел мясцовага апалячанага дваранства ў дзейнасці міравых і акруговых судоў, а таксама ўразаліся правы асоб іўдзейскага веравызнання пры фарміраванні саставу прысяжных засядацеляў і разглядзе пэўных катэгорый спраў у акруговых судах з удзелам прысяжных засядацеляў.

Тым часам, нягледзячы на згаданыя акалічнасці, судовая рэформа была найбольш паслядоўнай з усіх буржуазных рэформ 60–70-х гг. XIX ст.

Як было адзначана, Беларусь у XIX ст. уяўляла сабой аграрны рэгіён, асноўную масу жыхароў якога складалі сяляне. Таму мэтазгодна сказаць некалькі слоў аб сялянскім валасным судзе, які выбіраўся штогод валасным сходам у складзе 4–12 суддзяў. Валасному суду былі падсудныя справы па спрэчках паміж сялянамі, а таксама па нязначных крымінальных або адміністрацыйных правіннасцях. Ён меў права прысуджаць сялян да сямі дзён арышту, караць дубцамі да 20 удараў, штрафаваць да 3 руб., прыгаворваць да грамадскіх работ да шасці дзён. Такім чынам, валасны сялянскі суд дзейнічаў на аснове традыцый і норм звычаёвага права, санкцыяніраванага дзяржавай, што было перажыткам сярэдневякоўя.

1 студзеня 1864 г. было выдадзена Палажэнне аб губернскіх і павятовых земскіх установах, згодна з якім утвараліся губернскія і павятовыя земскія сходы як распарадчыя ўста­новы і губернскія і павятовыя ўправы — як выканаўчыя.

Земскія ўстановы ствараліся для кіраўніцтва мясцовай гаспадаркай, народнай асветай, медыцынскім абслугоўваннем насельніцтва і іншымі сферамі грамадска-культурнага жыцця. Выбары тут праводзіліся на аснове маёмаснага цэнзу па трох курыях — памешчыцкай, гарадской і сялянскай. Для сялян выбары былі шматступеннымі — сельскі і валасны сходы, павятовы з’езд.

На Беларусі земская рэформа не праводзілася аж да пачатку XX ст. у сувязі з тым, што царскі ўрад пасля паўстання 1863 — 1864 гг. не давяраў мясцовым апалячаным памешчыкам, якія складалі пераважную большасць у краі і пры выбарах земскіх устаноў па закону 1864 г. маглі захапіць іх у свае рукі. Дапусціць такога царызм ніяк не мог. На ўтварэнне выбарных земстваў, прычым у Віцебскай, Мінскай і Магілёўскай губернях па спецыяльнаму выбарчаму закону, урад адважыўся толькі ў 1911 г. Згодна з указам ад 14 сакавіка 1911 г. аб ажыццяўленні ў беларускіх губернях Палажэння аб земствах, з некаторымі папраўкамі і змяненнямі, сельская грамада магла пасылаць у выбарчыя сходы паветаў не больш як адну трэць усіх гласных1, а ў выбарчыя сходы губерняў — толькі аднаго сялянскага гласнага ад кожнага павета.

Паводле ўказа ад 14 сакавіка 1911 г., што быў уведзены ў дзеянне ў парадку прымянення артыкула 87 Асноўных дзяржаўных законаў, выбаршчыкі падзяляліся на дзве курыі2: польскую і рускую. Законам істотна ўрэзваліся правы апалячанага насельніцтва Беларусі па фарміраванню земскіх устаноў і ўдзелу ў іх працы; амаль поўнасцю адхіляліся ад удзелу ў земствах асобы іудзейскага веравызнання. Быў уведзены даволі высокі маёмасны цэнз: у выбарах маглі ўдзельнічаць сяляне, якія мелі не менш 75–125 дзесяцін зямлі, і гараджане, якія валодалі нерухомай маёмасцю коштам не ніжэй чым 750–7500 руб. Каб колькасна ўзмацніць «рускую курыю», у яе склад уключаліся нават багатыя немцы, латышы і інш.

Што тычыцца структуры і кампетэнцыі земскіх губернскіх і павятовых сходаў і ўпраў, то губернатарам і міністру ўнутраных спраў было дадзена права прыпыняць выкананне іх распараджэнняў, «калі яны супярэчылі законам ці дзяржаўнай карысці». Такая фармулёўка заканадаўства давала магчымасць губернатарам прыпыняць практычна любое рашэнне земстваў.

Рэформа гарадскога самакіравання, паводле Гарадавога палажэння ад 16 чэрвеня 1870 г., пачалася на Беларусі толькі ў 1875 г. Яна грунтавалася на буржуазным прынцыпе ўсесаслоўных выбараў органаў кіравання пры адпаведным маёмасным цэнзе. Выбарным правам карысталіся ўсе плацельшчыкі гарадскіх падаткаў. Яны выбіралі на пэўны тэрмін членаў гарадской думы (гласных), якія фарміравалі свой выканаўчы орган — гарадскую ўправу. Старшынстваваў у гарадской думе і ўправе гарадскі галава. Дзейнасць гэтых органаў рэгулявалася губернскімі па гарадскіх справах установамі, падначаленымі губернатарам.

Такім чынам, калі характарызаваць мясцовае кіраванне Беларусі ў перыяд капіталізму, то неабходна вылучыць спецыфічныя рысы, якія адрозніваюць яго ад агульнаімпер­скіх.

Так, мясцовыя павятовыя прадвадзіцелі дваранства не выбіраліся, а прызначаліся Сенатам са згоды міністра ўнутраных спраў. Большасць адміністрацыйных і судовых пасад займалі рускія дваране праваслаўнага веравызнання. Пры аналізе права, якое існавала на тэрыторыі Беларусі ў перыяд развіцця капіталізму, трэба адзначыць і тое, што ў гэты час мясцовае права было амаль поўнасцю заменена правам Расійскай імперыі. Толькі ў грамадзянскім праве яшчэ захоўваліся некаторыя мясцовыя асаблівасці (чыншавае карыстанне нерухомай маёмасцю, асобныя сервітуты і інш.).