Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Kratkij_konspekt_lekcij.doc
Скачиваний:
14
Добавлен:
01.07.2025
Размер:
781.31 Кб
Скачать

25. Рэформа 1861 г. Мясцовыя органы дзяржаўнага кіравання і самакіравання пасля адмены прыгоннага права

Беларусь сярэдзіны XIX ст. уяўляла сабой аграрны рэгіён, эканамічнае становішча якога вызначала сельская гаспадарка. Асноўную масу насельніцтва (72,3 %) складалі сяляне, якія падзяляліся на памешчыцкіх і дзяржаўных.

Каб павялічыць даходнасць сваіх маёнткаў, памешчыкі за кошт памяншэння сялянскіх надзелаў пашыралі панскую ворную зямлю і пераводзілі сялян з аброку на паншчыну (у 50-я гг. на ёй было звыш 90 % сялян).

На ўзмацненне эксплуатацыі беларускае сялянства адказвала супраціўленнем. Толькі ў перыяд 1858–1860 гг. на Беларусі адбылося больш за 40 сялянскіх выступленняў. Урад Аляксандра II, разумеючы, што ў грамадстве склалася выбуховая сітуацыя і прадухіліць яе можна толькі скасаваннем прыгоннага права, пачаў падрыхтоўку сялянскай рэформы ў заходніх губернях. На думку царскага ўрада, памешчыкі гэтага рэгіёну былі найбольш падрыхтаваны да скасавання прыгону ў сувязі з тым, што многія з іх у сярэдзіне XIX ст. ужо былі ўцягнуты ў рыначныя таварна-грашовыя адносіны.

Было распрацавана спецыяльнае мясцовае Палажэнне аб пазямельным уладкаванні сялян, асталяваных на памешчыцкіх землях, у губернях: Віленскай, Гродзенскай, Ковенскай, Мінскай і часткі Віцебскай. У Магілёўскай і васьмі паветах Віцебскай губерні землеўпарадкаванне сялян праводзілася па мясцоваму Палажэнню для вяліка­рускіх, новарасійскіх і беларускіх губерняў.

19 лютага 1861 г. Аляксандр II падпісаў адобраныя Дзяржаўным саветам заканадаўчыя акты – Палажэнне аб сялянах, якія выйшлі з прыгоннай залежнасці, і Маніфест аб адмене прыгоннага права. У адпаведнасці з законам памешчыкі пазбаўляліся права распараджацца селянінам, які атрымліваў асабістую волю і ўсе правы. У прыватнасці, ён мог сам звяртацца ў дзяржаўныя ўстановы, заключаць гандлёвыя і іншыя здзелкі, пераязджаць у горад, запісвацца ў саслоўі мяшчан і купцоў, паступаць на службу ці ў навучальную ўстанову.

Паводле актаў ад 19 лютага ўся зямля маёнткаў абвяшчалася ўласнасцю памешчыкаў. Селяніну давалася ў карыстанне пэўная колькасць ворнай зямлі, аднак ён не з’яўляўся яе ўласнікам, а да заключэння выкупной здзелкі знаходзіўся ў стане часоваабавязанага і выконваў на карысць памешчыка вызначаныя павіннасці ў выглядзе паншчыны або аброку.

Пазямельныя адносіны паміж памешчыкамі і часоваабавязанымі сялянамі рэгуляваліся ўстаўнымі граматамі, у якіх указваліся памеры зямельнага надзела і павіннасці за яго.

Набыццё сялянамі зямель ва ўласнасць ажыццяўлялася праз выкуп. Выкуп жа асабістай свабоды ажыццяўляўся шляхам завышэння цаны за зямлю. На Беларусі яна была ў 3–4 разы большай, чым сярэдняя рыначная. Неабходных для выкупу грошаў у сялян не было, а памешчыкі хацелі атрымаць іх адразу. Выйсце з такога становішча знайшоў урад: пры выкупе сяляне плацілі 20 % адпаведнай сумы, а астатнія 80 % памешчыкам давала дзяржава. Сяляне, такім чынам, рабіліся яе даўжнікамі на 49 гадоў і павінны былі выплачваць так званыя выкупныя плацяжы з вялікімі працэнтамі за пазыку.

Умовы адмены прыгоннага права не былі прыняты беларускім сялянствам і паслужылі штуршком да развіцця шырокага сялянскага руху, кульмінацыяй якога стала паўстанне пад кіраўніцтвам К. Каліноўскага. Яно было задушана, аднак царскі ўрад быў вымушаны пайсці на ўступкі. 1 сакавіка 1863 г. выйшаў указ аб адмене часоваабавязаных адносін у Ковенскай, Гродзенскай, Мінскай і чатырох паветах Віленскай губерні, а праз тры месяцы ён быў распаўсюджаны на Магілёўскую і беларускія паветы Віцебскай губерні. 3 1 мая 1863 г. абавязковыя адносіны паміж сялянамі і памешчыкамі спыняліся, выкупныя плацяжы за надзельную зямлю зніжаліся на 20 %. Сяляне пераходзілі ў разрад сялян-уласнікаў і павінны былі ўносіць выкупныя плацяжы ў павятовыя казначэйствы.

Такім чынам, у 1863 г. феадальныя адносіны ў Беларусі былі ліквідаваны шляхам спынення часоваабавязанага становішча сялян, што стварыла ўмовы для больш хуткага развіцця капіталістычных адносін.

Аднак наяўнасць перажыткаў, перш за ўсё буйнога памешчыцкага землеўладання, вызначыла для Беларусі павольны, паступовы («прускі») шлях буржуазна-аграрнай эвалюцыі, дзякуючы чаму буйная памешчыцкая гаспадарка, якая перарастала ў буржуазную, надоўга захавала свае прыгонніцкія рысы.

Пасля рэформы 1861 г. адбыліся значныя змены ў мясцовых органах дзяржаўнага кіравання і самакіравання. У дапаўненне да старога дзяржаўнага паліцэйскага апарату ствараліся новыя органы ўлады і пасады: у губернях — губернскія па сялянскіх справах установы («присутствия»); у паветах — міравыя пасрэднікі і павятовыя міравыя з’езды, з 1874 г. — павятовыя па сялянскіх справах установы і з 1889 г. — земскія ўчастковыя начальнікі і іх павятовыя з’езды; у валасцях — валасныя сходы, валасны старшыня, валасное праўленне, валасны сялянскі суд; у вёсках — сельскі сход, сельскі старастат.

Губернскія па сялянскіх справах установы разглядалі скаргі на дзейнасць міравых пасрэднікаў і іх павятовых з’ездаў, кантралявалі пагадненні паміж памешчыкамі і сялянамі аб зямельных надзелах, а таксама вырашалі іншыя пытанні, якія тычыліся ажыццяўлення рэформы.

У кожным павеце назначаліся тры — пяць участковых міравых пасрэднікаў, якія займаліся правядзеннем рэформы ў жыццё. Пасрэднікамі маглі быць дваране, якія мелі не менш 500 дзесяцін зямлі або 150 дзесяцін зямлі і дыплом аб заканчэнні навучальнай установы з правам на чын XII класа. Яны прызначаліся губернатарамі і зацвярджаліся Сенатам. Галоўныя функцыі, якія выконвалі міравыя пасрэднікі, – складанне і зацвярджэнне ўстаўных грамат аб умовах землеўпарадкавання паміж памешчыкамі і сялянамі, разгляд спрэчак паміж імі, а таксама скаргаў на валасных службовых асоб. У іх кампетэнцыі былі і некаторыя судова-паліцэйскія справы (аб патравах, парубках лесу і інш.).

У састаў павятовага з’езда міравых пасрэднікаў уваходзілі міравыя пасрэднікі павета, павятовы прадвадзіцель (старшыня) і прызначаны губернатарам чыноўнік. Павятовы з’езд разглядаў скаргі на рашэнні мiравых пасрэднікаў.

Міравыя пасрэднікі дзейнічалі да 27 чэрвеня 1874 г. Затым іх функцыі былі перададзены новаўтвораным павятовым установам («присутствиям») па сялянскіх справах.

У 1889 г. павятовыя «присутствия» былі скасаваны і іх паўнамоцтвы перададзены земскім участковым начальнікам. Земскі начальнік прызначаўся на тры — чатыры воласці і наглядаў за сялянамі і ўсімі сельскімі ўстановамі. Ён мог судзіць сялян, адмяняць пастановы валаснога суда. Дзеянні земскага начальніка можна было абскардзіць у павятовы з’езд земскіх начальнікаў, а пастановы з’езда — у губернскае «присутствие».

Акты ад 19 лютага прадугледжвалі новы парадак кіра­вання сялянамі, што быў заснаваны на выбарнасці ніжэй­шых службовых асоб. Жыхары сельскай грамады выбіралі на сходзе старасту, сельскія старасты і ўпаўнаважаныя ад кожных дзесяці двароў на валасных сходах — валасное праўленне, валаснога старшыню і суддзю.

Валасное праўленне складалася са старшыні, усіх сельскіх старастаў і зборшчыкаў падаткаў. Асобнае месца займаў валасны пісар, які не выбіраўся сялянамі, а прызначаўся праўленнем і фактычна вырашаў большасць валасных спраў.

Гэтыя органы павінны былі выконваць усё, што патрабавалі ад іх урадавыя чыноўнікі. Да ліку галоўных абавязкаў сельскіх улад адносіліся раскладка і збор падаткаў, кантроль за выкананнем сялянамі шматлікіх павіннасцей, рэгуляванне пазямельных адносін, арганізацыя ў вёсцы палі­цэйскай службы (соцкія, дзесяцкія) і г. д.