Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
ЛЕКСІЧНЫЯ РЭСУРСЫ.doc
Скачиваний:
12
Добавлен:
09.09.2019
Размер:
129.54 Кб
Скачать

Лексіка абмежаванага ўжывання ДыялектНыя словы

Словы, якія ўжываюцца на пэўнай тэрыторыі, называюцца д ы я л е к т н ы м і (ад грэч. dialektos ‘гаворка’). Яны адрозніваюцца ад літаратурных лексічнымі, фанетычнымі, граматычнымі асаблівасцямі. Дыялектныя словы, якія ўжываюцца ў творах мастацкай літаратуры з пэўнай стылістычнай, эстэтычнай і інфармацыйнай функцыяй, прынята называць д ы я л е к т ы з м а м і. Словы і выразы з мясцовых гаворак складаюць значную частку размоўна-бытавой лексікі. Дзякуючы ўмеламу выкарыстанню дыялектызмаў у мастацкім тэксце пісьменнікі ствараюць надзвычай яркую моўную характарыстыку дзеючых асоб, дакладна паказваюць прыналежнасць герояў да пэўнага асяроддзя, узнаўляюць мясцовы побыт, каларыт. У публіцыстычным і навуковым стылях ужыванне дыялектызмаў абмежаванае (пры гэтым абавязкова паралельна прыводзіцца і агульнавядомая назва), увогуле яны не павінны сустракацца ў афіцыйна-справавой мове.

Выкарыстанне ў мастацкай літаратуры сродкаў жывой народнай мовы павінна быць стылістычна апраўданым, вымагацца творчай неабходнасцю, у адваротным выпадку літаратурны твор будзе “засмечаны” вузка абласнымі словамі і выразамі, што зацямняе, абцяжарвае яго змест і мову. Аб неабходнасці крытычна выбіраць словы з жывой народнай мовы гаварылі многія пісьменнікі. Напрыклад, К. Крапіва ў артыкуле “Некаторыя пытанні беларускай мовы” пісаў: “Зусім няма патрэбы ўводзіць дыялектызмы, калі ёсць адпаведныя агульнанародныя словы. Няма патрэбы пісаць, напрыклад, махнытка, калі ёсць галавешка. У некаторых мясцовасцях на Палессі пеўняў называюць кабанамі, дык не будзем жа мы пісаць: кабаны пяюць, хоць там іменна так і гавораць” [23, с. 509].

Існуюць розныя спосабы “ўвядзення” дыялектызмаў у мастацкі твор.

1. Кантэкстуальны спосаб.

Пры гэтым спосабе значэнне дыялектнага слова выяўляецца ў акружэнні агульнавядомых слоў, падказваецца кантэкстам: Яўхім апусціў касу ў траву, як бы даў знак, што гаворка скончана. Няма калі тут растарэкваць попусту. (І. Мележ) Пасля Юрка саскоквае на дарогу, падбягае да Смыка і папраўляе хамут, выцягвае грыву з-пад мокрага лямца, адпускае ніжэй падпінак – з вяроўкі, увесь у вузлах. (І. Пташнікаў)

Сэнс дыялектызма можа тлумачыцца пры дапамозе сінонімаў: Да буслоў у нас адносіліся з нейкай пяшчотнай павагай. Называлі не інакш як буськамі. (Я. Пархута) Далей, за мостам, вядзе ўбіты след ад машыны. Яго выбілі леспрамгасаўскія прычэпы, іх яшчэ ў Лонве завуць “чугрэі”. (І. Пташнікаў)

Тлумачэнне дыялектнага слова можа набываць характар разгорнутага апісання, пры гэтым яно (тлумачэнне) можа спалучацца з графічным і пунктуацыйным выдзяленнем дыялектызмаў у тэксце:

Шалясціць віша на балотах…

Віша – гэта трава, якую не паспелі скасіць у часе. Перастаяўшы пару, яна ўсыхае і адзываецца пры кожным падзьмуве ветру, як асіны ўлетку. Вецер мяце сухі снег на сухія былінкі, і здаецца, што дзесьці адчышчаюцца ржавыя нажы наждачнаю шкуркаю ці сыпкім жвірам. (М. Лужанін)

На селішчы нашым – пад павеццю, у падстрэшшах, паўз сцяну аж пад самы вільчык – заўсёды ляжалі нарыхтаваныя не на адну зіму, напілаваныя як пад мерку, коланыя, а не…шчапаныя дровы. Складзеныя ў сцірты, або, кажуць інакш, у кастры (назву касцёр, ведаю, любяць і берагуць на Міншчыне, дзе Узда, Каменка, іншыя суседнія мястэчкі, вёскі). (Ф. Янкоўскі)

2. Атрыбутыўны спосаб.

Пры гэтым спосабе дыялектызм выконвае ролю прыдатка да агульнаўжывальнага слова: Завішнюк ішоў паволі сцежкай ля канавы, утоптанай, белай у цемнаце ад пяску-сіпаку. (І. Пташнікаў) Зімою дзед Бойка рабіў калядны аб’езд парахвіі, прыязджаў і ў нашу вёску. Зрэшты, не прыязджаў, а прыходзіў, цягнучы за сабою козачку – санкі-прычэпы, якія, возячы з лесу бярвенне, падстаўляюць пад верхавіну. (Я. Брыль)