Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
ЛЕКСІЧНЫЯ РЭСУРСЫ.doc
Скачиваний:
12
Добавлен:
09.09.2019
Размер:
129.54 Кб
Скачать

Неалагізмы

Н е а л а г і з м а м і называюцца словы, якія называюць новыя паняцці з розных галін дзейнасці чалавека і маюць адценне навізны і свежасці.

У перыяды найбольшай актыўнасці грамадска-палітычнага і культурнага жыцця нацыі колькасць новых слоў асабліва павялічваецца. Для мовы гэты працэс заканамерны і бесперапынны. Калі неалагізм адпавядае законам мовы, а з’ява, якую гэта слова называе, -- жывая, то новае слова замацоўваецца ў мове. З цягам часу гэтае слова становіцца агульнаўжывальным, атрымлівае шырокае распаўсюджанне і губляе адценне навізны. Хуткаму засваенню неалагізмаў і замацаванню іх ва ўсіх стылях мовы садзейнічаюць сродкі масавай інфармацыі.

Новымі словамі трэба карыстацца вельмі асцярожна і толькі ў тых выпадках, калі наяўнымі сродкамі мовы абазначыць тое ці іншае новае паняцце або адценне значэння немагчыма. Стылістычная ацэнка неалагізма заключаецца ў тым, каб высветліць, наколькі выразна ўспрымаецца яго навізна, незвычайнасць у параўнанні з добра знаёмымі словамі. Увогуле, уласна неалагізмамі можна лічыць толькі тыя словы, навізна і свежасць якіх адчуваюцца ўсімі носьбітамі мовы.

У залежнасці ад сродкаў утварэння вылучаюць неалагізмы лексічныя і семантычныя. Лексічныя неалагізмы – гэта новыя словы, якія з’явіліся ў мове толькі што ці зусім нядаўна для абазначэння новых прадметаў, з’яў, паняццяў і навізна якіх адчуваецца носьбітамі мовы як у форме, так і ў значэнні гэтых слоў. Лексічнымі неалагізмамі 90-х гадоў ХХ стагоддзя з’яўляюцца, напрыклад, такія словы, як брокер ‘пасрэднік пры якіх-небудзь здзелках’, менеджэр ‘вопытны спецыяліст па арганізацыі кіравання вытворчасцю ці іншымі сферамі дзейнасці’, еўра ‘еўрапейская грашовая адзінка’, АМАП ‘атрад міліцыі асобага прызначэння’.

Семантычныя неалагізмы – гэта новыя значэнні, якія развіваюцца ў семантыцы вядомых слоў: абвал ‘падзенне курсу нацыянальнай валюты’, круты ‘хлопец, матыў, сюжэт і пад.’, чаўнок ‘дробны гандляр імпартнымі таварамі, якія прывозіць з-за мяжы’.

У стылістычных адносінах неалагізмы дзеляцца на дзве групы – намінатыўныя і стылістычныя. Намінатыўныя неалагізмы выконваюць у мове функцыю абазначэння. Яны ўзнікаюць як назвы новых паняццяў і звычайна не маюць сінонімаў. Стылістычныя неалагізмы – яркі экспрэсіўны сродак, яны маюць станоўчую або адмоўную афарбоўку: тусоўка “эстрадная тусоўка і пад.”, круты “крутыя грошы, падзеі і пад.”

Неалагізмы – складанаскарочаныя словы і абрэвіятуры – пажадана ўжываць толькі добра знаёмыя і зразумелыя. У друку часта выкарыстоўваюцца надуманыя, штучныя ўтварэнні, зразумець якія цяжка без дадатковай расшыфроўкі: М Т Ю Г выехаў на гастролі ў Гомель; Г а л а в а д з е н ь у нас вельмі ўшчыльніўся. Цяжка здагадацца, што М Т Ю Г – гэта Мінскі тэатр юнага гледача. Што да слова галавадзень, то яно не толькі незразумелае, але і двухсэнсоўнае, непрыгожае.

Ад неалагізмаў, якія створаны па прадуктыўных словаўтваральных мадэлях, неабходна адрозніваць лексічныя наватворы, прыдуманыя пісьменнікамі, вучонымі, грамадскімі дзеячамі з мэтай павышэння мастацкай выразнасці і вобразнасці выказвання. Такія наватворы называюць а к а з і я н а л ь н ы м і словамі, або а к а з і я н а л і з м а м і (ад лац. occasio ‘выпадак’) (падобныя словы маюць і іншыя назвы: аўтарскія, індывідуальна-стылістычныя, аднаразовыя, паэтычныя і інш.).

Вялікімі майстрамі аказіянальных слоў былі класікі беларускай літаратуры: небазор, вечнабыт, мазольнік, прасветач, праяснасць, нязгледны, прагледзіста, крыліцца, скурганіць (Я. Купала), жаўтацвецень, светазор, вольнаплынны, іскраззяны, мнагалучны, срэбразвонны, шаўкарунны, цемнакрыліць (Я. Колас), адлюстроўваць, мілагучны, мэтазгодны, дабрабыт, ажыццяўленне (У. Дубоўка), вершаруб, адумыславаты, небасяжны, блакітнець (М. Танк) і інш. Некаторыя з аказіяналізмаў сталі здабыткам агульнанароднай мовы, а “гэта з’яўляецца яскравым сведчаннем таго, што аўтарская словатворчасць – адна з крыніц узбагачэння лексікі сучаснай беларускай літаратурнай мовы” [58, с. 16]. Большасць аўтарскіх наватвораў, ужытых у канкрэтным кантэксце з пэўнай стылістычнай мэтай, не ўзнаўлялася ні самімі аўтарамі, ні іншымі пісьменнікамі, ні звычайнымі носьбітамі мовы. Таму аўтарскія неалагізмы не ўключаюцца ў слоўнікі агульнага карыстання. Але “не варта думаць, што аказіяналізмы – гэта нейкія непаўнацэнныя або сапсаваныя словы. Не, гэта словы сапраўдныя, і нават больш патрэбныя ў пэўным кантэксце, больш насычаныя па сэнсе і эмацыянальнай нагрузцы, чым звычайныя агульнаўжывальныя словы. Але спецыфіка іх заключаецца ў тым, што, абслугоўваючы пэўны кантэкст, прыватны выпадак, моўную сітуацыю, яны не прэтэндуюць на тое, каб замацавацца ў мове, увайсці ў агульнае ўжыванне” [30, с. 65].