Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
ЛЕКСІЧНЫЯ РЭСУРСЫ.doc
Скачиваний:
12
Добавлен:
09.09.2019
Размер:
129.54 Кб
Скачать

Пасіўная лексіка Устарэлыя словы

Словы, якія перасталі актыўна выкарыстоўвацца ў маўленні, забываюцца не адразу. Пэўны час яны яшчэ зразумелыя носьбітам, хаця падчас зносін у людзей не ўзнікае неабходнасці іх ужываць. Такія словы паступова пераходзяць у склад лексікі пасіўнага запасу, яны прыводзяцца ў тлумачальных слоўніках з паметамі уст. (устарэлае), гіст. (гістарычнае). Іх могуць выкарыстоўваць пісьменнікі для стварэння каларыту пэўнай эпохі, вучоныя-гісторыкі пры апісанні гістарычных фактаў. Але з цягам часу ўстарэлыя словы знікаюць з мовы (такія словы называюць старажытныя): бута (гонар), болого (дабро), вежды (аднак), вженути (прыехаць), дондеже (пакуль, пакуль не), досде (цяпер), занеже (бо, таму што), паче (больш, лепш; акрамя, яшчэ), потварь (паклёп) і інш. Некаторыя, наадварот, вяртаюцца ў склад лексікі актыўнага слоўнікавага запасу. Напрыклад, пэўны час не ўжывалія словы гімназія, ліцэй, біржа, вэксаль, дэпартамент і інш. Сёння яны зноў актыўна выкарыстоўваюцца ў маўленні [11, с. 87].

Устарэлыя словы маюць асаблівую эмацыянальна-экспрэсіўную афарбоўку, таму яны, безумоўна, не могуць не выклікаць цікавасць з боку стылістыкі.

У складзе ўстарэлай лексікі выдзяляюцца гістарызмы і архаізмы. Да г і с т а - р ы з м а ў адносяцца словы, якія зніклі разам з паняццем, якое яны абазначалі: веча, войт, кальчуга, гарадавы, рэкрут, феадал, шляхціц, парабак і інш. Гістарызмы могуць быць звязаны як з даўно мінулымі эпохамі, так і падзеямі параўнальна нядаўняга часу, якія сталі фактамі гісторыі. Гэта можна сказаць пра многія саветызмы, што выйшлі з актыўнага ўжытку: будзёнаўка, губком, камбед, энкаведыст, палітбюро, генсек, партактыў, савецкая ўлада і інш. Гістарызмы не маюць сінонімаў сярод слоў актыўнага слоўнікавага запасу, яны з’яўляюцца адзінымі найменнямі адпаведных паняццяў.

Гістарызмы ўжываюцца ў сучаснай мове тады, калі ёсць патрэба назваць прадметы і з’явы мінулага. Яны сустракаюцца ў дапаможніках і навуковых працах па гісторыі, а таксама ў мастацкіх творах пра мінулае. У мастацкіх творах яны ўжываюцца для стварэння каларыту эпохі, узнаўлення рэальна-гістарычных абставін і мовы герояў:

Абы вось прыгадаўся Полацк,

І мы – у абдымках даўніны:

На тым шляху, што зваўся волак,

На замчышчах каля Дзвіны,

Дзе птушкі крыллем апраналі

Дружыны мёртвыя ўначы,

Дзе шумным вечам справавалі,

Як наўгародцы, крывічы…

М. Лужанін

А р х а і з м ы – гэта словы, якія ў працэсе развіцця мовы выйшлі з актыўнага ўжытку і заменены новымі сінанімічнымі адзінкамі.У адрозненне ад гістарызмаў – назваў прадметаў, з’яў, паняццяў, якія зніклі, архаізмы – устарэлыя назвы сучасных прадметаў, з’яў, паняццяў: чало – лоб, дзясніца – правая рука, лемантар – буквар, каморнік – землямер, палясоўшчык – ляснік і інш. Сярод архаізмаў асобна вылучаюцца стараславянізмы, якія ў сучаснай літаратурнай мове ўспрымаюцца як водгук высокага стылю і захоўваюць уласцівую ім урачыстую, рытарычную афарбоўку. Многія стараславянскія словазлучэнні біблейскага паходжання ператварыліся ў фразеалагічныя выразы: альфа і амега, судны дзень, Ноеў каўчэг, плоць ад плоці, косць ад косці, соль зямлі, святая святых. Гэтыя выразы побач з асобнымі стараславянізмамі шырока ўжываюцца ў публіцыстыцы, навукова-папулярнай літаратуры, мастацкіх творах.

У мастацкай літаратуры, асабліва ў паэзіі, пісьменнікі выкарыстоўваюць архаізмы з мэтай надаць твору ўрачыстае, высокае гучанне: Зальюцца ў грозным перавале свой час аджыўшыя скрыжалі, бо новы пішацца закон. (Я. Колас) Калі ж, калі ж ты, родна маці, старонка бедная мая, пачнеш ізноў выводзіць раці, да нова збудзішся жыцця? (Я. Купала)

Устарэлыя словы і выразы ў мастацкай літаратуры могуць набываць іранічную афарбоўку. Асабліва гэта характэрна для гумарыстычна-сатырычных твораў:

Мяне распяць нялёгка на крыжы,

Я – чалавек, а не які Ісус там.

К. Жук, з кн. “Зямная ноша”

Да д’ябла ганарары, тыражы,

Харэі, амфібрахіі і строфы!

Жадаю быць распятым на крыжы!

Цягнуць зямную ношу да Галгофы!

(Шаноўны крытык, ты матай на вус –

Я кінуць вершы цвёрда вырашаю.

Як Ісус,

На тайную вячэру запрашаю…)

З зямной юдолі ў мроях я плыву

У свет інакшы, райскі, каляровы.

Чапляйце мне вянок на галаву.

Навошта з церняў?

Можна і лаўровы!

Хутчэй у рай! Ва ўлонне хараства!

Здымацьму там амброзіяю стому.

Я ў вершах насміхаюся з Хрыста.

Анафему давайце, як Талстому!

М. Скобла. Пародыя “Зварот да свяцейшага Сіноду”