Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
ЛЕКСІЧНЫЯ РЭСУРСЫ.doc
Скачиваний:
12
Добавлен:
09.09.2019
Размер:
129.54 Кб
Скачать

Тыпы лексічных сінонімаў

Улічваючы сэнсавыя і стылістычныя адрозненні сінонімаў, іх падзяляюць на некалькі груп.

1. Сінонімы, якія адрозніваюцца адценнем у лексічным значэнні, называюцца с е м а н т ы ч н ы м і (з грэч. semantikos ‘які абазначае’), або і д э а г р а ф і ч н ы м і (грэч. idea ‘паняцце’, grapho ‘пішу’). Сінонімы гэтай групы ўтвараюць сістэму адценняў аднаго паняцця, яны звычайна нейтральныя па эмацыянальна-экспрэсіўных якасцях. Напрыклад: Раса ззяла, пералівалася, іскрылася, і Верасоўскаму, які глядзеў на ўсё гэта, не падымаючы галавы, праз траву, здавалася, што расінкі, перапоўненыя сонечнымі промнямі, вось зараз, у гэтую ж хвіліну, нібы набухлыя пупышкі ці спелыя іскрынкі, пачнуць лопацца ад лішкаў святла. (Я. Сіпакоў) Ззяла, пералівалася, іскрылася – семантычныя сінонімы, маюць агульнае значэнне. У “Тлумачальным слоўніку беларускай мовы” на падобную сінанімічнасць гэтых слоў указваюць наступныя значэнні: ззяць ‘блішчаць, зіхацець, адбіваючы святло, прамяні’; пералівацца ‘блішчаць, ззяць, адсвечваць, мяняючы адценні, колеры’; іскрыцца ‘ззяць, зіхацець, пералівацца іскрамі’.

2. Сінонімы, якія маюць аднолькавае значэнне, але адрозніваюцца стылістычнай афарбоўкай, называюцца с т ы л і с т ы ч н ы м і. Да іх адносяцца: а) сінонімы, якія належаць да розных функцыянальных стыляў маўлення: незвычайны (нейтр.) – экзатычны (кніжн.), ісці (нейтр.) – шыбаваць (гутарк.); б) сінонімы, якія належаць да аднаго і таго ж функцыянальнага стылю, але маюць розныя эмацыянальныя-экспрэсіўныя адценні: прастарэкаваць (гутарк.) ‘расказваць пра пустое, несур’ёзнае’ – чаўпці (гутарк., зневаж.) ‘гаварыць недарэчнасці, глупства, бязглуздзіцу’.

Да стылістычных сінонімаў адносяцца э ў ф е м і з м ы (грэч. euphemismos ‘кажу ветліва’) – словы і спалучэнні слоў, якія ўжываюцца для замены выразаў, што гучаць непрыстойна або выклікаюць непрыемныя ці непажаданыя эмоцыі. Напрыклад, замест выгнаць гавораць папрасіць выйсці, замест хлусіць – памыляцца, замест прайграць – уступіць, замест спазняцца – затрымлівацца, замест памерці – заснуць, пайсці на той свет, выбрацца ў вырай, аддаць богу душу і інш.

З’ява, процілеглая эўфемізмам, – д ы с ф е м і з м ы; гэта словы, якія ў параўнанні з натуральнымі, нейтральнымі абазначэннямі з’яўляюцца больш вульгарнымі, фамільярнымі, грубымі: памерці – акачурыцца, загнуцца, апруцянець, выпруціцца; выпіць (спіртнога) – клюнуць і г.д.

Стылістычнымі сінонімамі з’яўляюцца запазычаныя словы і раўназначныя ім беларускія: уражанне – эфект, узбуджэнне – афект, заўважаць – фіксаваць і г. д. Пры выкарыстанні падобных слоў перавага павінна аддавацца сваім, пры гэтым трэба мець на ўвазе, што ў спецыяльных кантэкстах (напрыклад, у навуковых працах) замена запазычанага слова можа прывесці да зніжэння тэрміналагічнага значэння гэтага слова і скажэння сэнсу выказвання. Напрыклад, запазычанае слова маштаб не заўсёды можа быць заменена беларускім велічыня, бо маштаб – гэта не проста велічыня, а мера, велічыня адносная. Рысачка – вузкая палоска, кароткая лінія, а дэфіс – кароткая лінія, якая ўжываецца як знак пераносу або аб’яднання слоў.

3. Сінонімы, якія адрозніваюцца і сэнсам, і стылістычнай афарбоўкай, называюцца с е м а н т ы к а-с т ы л і с т ы ч н ы м і: ... верш становіцца колькасцю, і, каб уцалець, яму неабходна бесперапынна множыцца, тыражыравацца, дубліравацца, рэпрадуцыравацца, аб’яўляць пра тое, што ён існуе. (А. Разанаў) Сінонімы множыцца, тыражыравацца, дубліравацца, рэпрадуцыравацца адрозніваюцца сэнсам (паказваюць розныя ступені дзеяння) і стылістычнай афарбоўкай (множыцца – нейтральны, тыражыравацца, дубліравацца, рэпрадуцыравацца – кніжныя).

4. Сінонімы, якія абазначаюць аднолькавыя па сэнсе, стылістычнай афарбоўцы прадметы і паняцці, але адрозніваюцца паходжаннем, называюцца а б с а л ю т н ы м і (або поўнымі): сустрэча – спатканне, асенні – восеньскі, духмяны – пахучы, знаць – ведаць, недзе – дзесьці, хопіць – досыць – даволі. У кніжным стылі крыніцай абсалютных сінонімаў з’яўляюцца запазычаныя словы. Пры гэтым фарміруюцца два віды сінанімічных радоў: а) рады, якія складаюцца толькі з запазычаных слоў: бегемот – гіпапатам, іслам – мусульманства, плебесцыт – рэферэндум, арэол – німб і інш.; б) рады з уласных і запазычаных слоў: канчатак – флексія, назоўнік – субстантыў, друкарня – тыпаграфія, заваёўнік – агрэсар, накід – эскіз, самадзяржаўе – абсалютызм, адцягнены – абстрактны і інш.

5. Словы і выразы, якія суадносяцца з пэўным аб’ектам рэчаіснасці толькі ў пэўным кантэксце, маўленчай сітуацыі, называюцца м а ў л е н ч ы м і сінонімамі (або кантэкстуальнымі, сітуацыйнымі, аказіянальнымі, аўтарскімі): На вуліцы ўжо трохі пасвятлела, хоць хмары яшчэ пагрозліва клубіліся навокал і нехаця, незадаволена, буркліва распаўзаліся ў розныя бакі. (Я. Сіпакоў) Такія сінонімы выходзяць за рамкі лексіка-семантычнай сістэмы і таму не ўключаюцца ні ў сінанімічныя, ні ў тлумачальныя слоўнікі.

У ролі маўленчых сінонімаў часта выступаюць перыфразы. Напрыклад, слова сонца сінанімізуецца з перыфразамі золатавалосая багіня (Я. Колас), жыцця крыніца (Я. Колас), зямлі векавечны гадзіннік (З. Бядуля), жыватворнае святло (Т. Хадкевіч).

Маўленчыя сінонімы выяўляюць паняцце метафарычна-вобразна, таму яны шырока выкарыстоўваюцца пісьменнікамі ў мастацкіх і публіцыстычных творах.