Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
ЛЕКСІЧНЫЯ РЭСУРСЫ.doc
Скачиваний:
12
Добавлен:
09.09.2019
Размер:
129.54 Кб
Скачать

Паронімы

П а р о н і м ы (грэч. para ‘каля, побач’, onyma ‘імя’) – словы са структурным і гукавым падабенствам, але з розным лексічным значэннем: рухавы ‘жвавы, непаседлівы, лёгкі ў рухах’ (рухавае дзіця) і рухомы ‘здольны рухацца, перамяшчацца’ (рухомы састаў, рухомы націск).

Паранімічныя пары слоў належаць да адной часціны мовы, маюць аднолькавыя граматычныя прыметы і суадносяцца паміж сабою паводле структуры: дыялект – дыялектызм, рэальны – рэалістычны, раманічны – рамантычны. Кампаненты паранімічных пар утвараюць розныя спалучэнні слоў. Напрыклад, назоўнік факт мае значэнне ‘сапраўдная падзея, з’ява, выпадак’ і спалучаецца з дзеясловамі выкласці, расказаць, успомніць, з прыметнікамі цікавы, гістарычны, эканамічны і г. д.; фактар мае значэнне ‘неабходная ўмова нейкага працэсу, асноўная сіла’ і спалучаецца з назоўнікамі жыццё, рост, барацьба, дзеянне і г. д.

Структурным і гукавым падабенствам паронімаў тлумачыцца іх змешванне ў маўленні, што з’яўляецца прычынай лексічных памылак і парушэння сэнсу выказвання. Напрыклад, нярэдка змешваюцца словы: адменны – адметны, адрывачны – адрывісты, афектыўны – эфектыўны, балотны – балоцісты, гліністы – гліняны, гуманістычны – гуманны, дзейны – дзейсны, запаведны – запаветны, каменны – камяністы, карыслівы – карысны, лясісты – лясны, паважаны – паважлівы, пісьменны – пісьмовы, расаднік – рассаднік, расчапіць – расшчапіць, расчыніць – рашчыніць, скарбніца – скарбонка, тактоўны – тактычны, тарфянік – тарфянішча, травяністы – травяны, тыпавы – тыповы, цікавы – цікаўны, чалавечы – чалавечны і інш. Такія памылкі вынікаюць з няведання дакладнага значэння слова або недастатковага разумення кантэксту. Каб пазбегнуць неадэкватнасці ўспрымання слоў паранімічнай пары, трэба карыстацца тлумачальнымі, этымалагічнымі слоўнікамі, а таксама спецыяльнымі даведнікамі цяжкіх выпадкаў ужывання блізкіх па гучанні слоў.

Паронімы здаўна выкарыстоўваюцца як мастацкі сродак у розных фальклорных, паэтычных і публіцыстычных жанрах. Яны ляжаць у аснове стылістычнага прыёму, які называецца п а р а н а м а з і я й (ад грэч. para ‘блізка’ і onomazo ‘называю’). Сутнасць гэтага прыёму заключаецца ў свядомым сутыкненні сэнсава і структурна розных слоў, якія маюць знешняе гукавое падабенства, у межах кантэксту для павышэння выразнасці выказвання і мілагучнасці мовы. Напрыклад:

-- Дуброўка! – Сінявокі прашчур Сяброўку юную гукаў. І рэха, быццам камень з прашчы, У Нёмнаў падала рукаў; Граніца. Прамень на халодным штыку граніцца; У век няшчаднага лазера спяваць недарэчна лазара. (Р. Барадулін) Сонца праз лісце, Сонца праз лісце – Хораша лес мой зялёны шуміць. Ні пра карыслівасць, Ні пра карыснасць У маладосці не думалі мы. (П. Панчанка)

Антонімы

Словы з процілеглым значэннем называюцца а н т о н і м а м і (грэч. anti ‘супраць’, onyma ‘імя’). Часта яны сустракаюцца ў мастацкай літаратуры, публіцыстыцы, а таксама ў вусна-паэтычнай народнай творчасці. Умелае іх выкарыстанне надае маўленню выразнасць і дакладнасць.

На выкарыстанні антонімаў засноўваецца такі стылістычны прыём, як а н т ы -т э з а (грэч. antithesis ‘супрацьпастаўленне’)– супрацьпастаўленне процілеглых (кантрастных) прадметаў, паняццяў, прымет, дзеянняў. Антытэза характэрна прыказкам, прымаўкам: Чорнае да белага не прышываюць; Багаты беднаму не сябра; часта выкарыстоўваецца ў загалоўках, надаючы ім пэўную экспрэсіўную афарбоўку: “Блізкае і далёкае” (зборнік апавяданняў І. Мележа), “Людзі і д’яблы” (меладрама К. Крапівы). Сутыкненне процілеглых паняццяў у блізкім кантэксце дае магчымасць выявіць іх адметныя рысы , тым самым узмацніць уражанне:

Няма шляхоў да самазахавання,

Няма дарог да светазабыцця

У час ліхі ўзаемапалявання

Сіл супрацьлеглых: смерці і жыцця.

(А. Куляшоў)

Супрацьпастаўляцца могуць і паняцці, якія лагічна ўзаемавыключаюцца. Прыём, заснаваны на аб’яднанні ў адно цэлае парадаксальных паняццяў, называецца а к с і м а р а н (аксюмаран) (грэч. oxymoron ‘дасціпна-бязглуздае’): далёкае блізкае, красамоўнае маўчанне, сумныя радасці, гарачы снег, несмяротныя смертнікі, ласкавы бандыт, мілы кат. Аксімаран – надзвычай экспрэсіўны сродак, таму ён шырока выкарыстоўваецца ў мастацкай літаратуры.

Антонімы выкарыстоўваюцца як яркі выразны сродак у мастацкім маўленні. Яны дапамагаюць кантрастна адлюстраваць жыццё, больш рэльефна выявіць асацыяцыі, стварыць на аснове супярэчнасцей цэльны вобраз.