Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
History_ Belarus.doc
Скачиваний:
10
Добавлен:
14.08.2019
Размер:
1.49 Mб
Скачать

5.4. Сацыяльна-эканамічнае развіццё Беларусі ў XVII – XVIII стст.

Сацыяльна-эканамічнае развіццё Беларусі ў складзе Рэчы Паспалітай адбывалася ва ўмовах амаль бесперапынных войнаў. Ад іх асабліва пацярпелі ўсходнія тэрыторыі Беларусі, сумежныя з маскоўскай дзяржавай. Тут засталося менш за 1/3 насельніцтва, пуставала каля 70% сялянскіх хат. Вялікія страты панеслі гарады. Амаль цалкам былі спустошаны Магілёў, Віцебск, Мсціслаў, Бабруйск, Брагін, Гомель, Лоеў і інш. У 1656 годзе ў Мінску налічвалася толькі 156 дамоў, ён ляжаў у руінах. Прыйшло ў заняпад рамяство. Напрыклад, у Магілёве ў пачатку XVII стагоддзя было каля 2 тыс. рамеснікаў, а ў 1745 годзе засталося толькі 95 чалавек.

Ваенныя разбурэнні дапаўняліся неўраджаямі і эпідэміямі. Напрыклад, эпідэмія хваробы ў пачатку XVII стагоддзя знішчыла больш за палову жыхароў Гародні і Навагрудка. У сваім развіцці ВКЛ было адкінута на дзесяткі гадоў назад.

Аднак ваеннае ліхалецце паступова адыйшло. Ужо з 30-х гадоў XVIII cтагоддзя пачалося паступовае адраджэнне разбуранай гаспадаркі, павялічылася колькасць насельніцтва. Ужо ў 1791 годзе ў Беларусі налічвалася 3,9 млн. чалавек. Адраджалася сельская гаспадарка, чаму садзейнічала ўзрастанне попыту на сельскагаспадарчую прадукцыю на Захадзе. Цана на жыта павялічылася амаль у 5 разоў. У выніку хутка пачалі аднаўляцца панскія фальваркі, якія выпрацоўвалі прадукцыю на рынак. Разам з тым у гэты час папулярнай стала арэнда зямлі, гэта значыць, здача феадаламі зямлі ў часовае карыстанне багатым гараджанам ці купцам. Аднак гэтыя часовыя гаспадары вялі гаспадарку па–драпежніцку. Яны імкнуліся ўзяць з маёнткаў як мага больш даходаў і часта даводзілі сялян да галечы.

Сярэдняя сялянская гаспадарка па-ранейшаму складала каля 0,5 валокі. Разам з тым узрасла доля пазанадзельнай сялянскай зямлі, якую сяляне распрацоўвалі на пустках і лясах. З гэтай зямлі спаганяліся меншыя падаткі. У другой палове XVIII стагоддзя павялічылася забяспечанасць сялянскіх гаспадарак цяглавай жывёлай (коньмі і валамі). Новай з’явай у развіцці сялянскай гаспадаркі стала маёмасная няроўнасць. Частка сялян, перш за ўсё ў заходніх раёнах, мела ўжо па 1 – 2 валокі зямлі, 4 – 5 галоў цяглай жывёлы. Такія заможныя сялянскія гаспадаркі ў другой палове XVIII стагоддзя складалі ўжо 15 – 16% агульнай колькасці сялянскіх падвор’яў. Побач з імі ў беларускай вёсцы жылі і беднякі, іх называлі кутнікамі, каморнікамі ці бабылямі. Яны наймаліся на працу да паноў ці да сваіх аднавяскоўцаў. Беднякі складалі каля 10% насельніцтва беларускай вёскі.

Такім чынам, у канцы XVIII стагоддзя большасць сялянскіх падвор’яў мелі досыць моцную гаспадарку і добры патэнцыял. Але гэты патэнцыял істотна зніжалі прыгонная залежнасць і падатковы ўціск. Сяляне па–ранейшаму выконвалі вялікія павіннасці. У сярэдзіне XVIII стагоддзя норма паншчыны павялічылася і складала 8 – 12 мужчынскіх і жаночых дзён на тыдзень з цяглай валокі. Акрамя паншчыны, сяляне выконвалі іншыя адпрацовачныя павіннасці ў гаспадарцы феадала (гвалты, талокі, загоны), звязаныя са жнівом, сенакосам, будаўніцтвам ці рамонтам. Колькасць гвалтаў, напрыклад, дасягала 12-ці ў год. Вельмі цяжкай для сялян была падводная павіннасць па перавозцы панскіх грузаў. Сяляне сплаўлялі лес для паноў, удзельнічалі ў аблавах на панскіх паляваннях, лавілі рыбу для паноў, паслі статкі, вартавалі маёнткі і г.д. Гэта была так званая адпрацовачная рэнта за карыстанне зямлёй.

Не менш цяжкім быў і грашовы падатак – чынш. Ён складаў каля 30 – 60 злотых з адной валокі. А за 2 злотых у той час можна было купіць барана. Сяляне мусілі плаціць за ўсё: за панскія жорны – жарнавое, за выраб гарэлкі – чапавое, за выхад замуж ці жаніцьбу – кунічнае і г.д.

Дапаўнялася адпрацовачная рэнта дзяклам – гэта значыць, данінай прадуктамі (збожжам, птушкай, мясам, маслам, яйкамі, ягадамі, грыбамі і г. д.).

Акрамя падаткаў феадалу, сяляне плацілі штогадовы падатак у дзяржаўную казну з кожнага двара (дыма). Ён называўся “падымны”. Усяго ў XVIII стагоддзі даследчыкі налічваюць 120 – 140 відаў сялянскіх павіннасцей. Селянін быў цалкам асабіста залежным ад феадала. У любы момант феадал мог адабраць у яго зямлю, перасяліць у іншае месца, купіць-прадаць, прайграць у карты. Прыгонная залежнасць і ўзрастаючы цяжар павіннасцей прымушалі сялян часам брацца за зброю. У XVIII стагоддзі на Беларусі адбыліся два буйныя антыфеадальныя паўстанні – Крычаўскае і Камянецкае.

Крычаўскае паўстанне адбылося ў 1740 – 1744 гг. у маёнтку князя Гераніма Радзівіла ў Крычаўскім павеце. Маёнтак гэты Геранім Радзівіл здаў у арэнду братам Гдалю і Шмуйлу Іцкевічам. Гэтыя часовыя гаспадары ўстанавілі тут жорсткі прыгнёт і пераўзышлі ў гэтым усіх папярэднікаў. Яны павялічылі паншчыну, увялі вялікія падаткі, рэгулярна збіралі падарункі і пачастункі (амаль на 1 млн. 300 тыс. звыш належнага), за непаслушэнства збівалі бізунамі, не давалі скардзіцца. Самавольства арэндатараў разбурала сялянскую гаспадарку, пазбаўляла сотні сем’яў сродкаў да існавання. Цярпенне крычаўцаў скончылася і яны ўзяліся за зброю. Паўстанне ўзначаліў войт Васіль Вашчыла. Паўстанцы выгналі братоў Іцкевічаў, запрасілі новых арэндатараў і сталі кантраліраваць выкананне дагавораў. Геранім Радзівіл адчуў, што страчвае кантроль над сітуацыяй. У студзені 1744 года ён накіраваў супраць бунтаўшчыкоў добра ўзброенае войска з гарматамі. Паўстанцы былі разбіты. Каля 200 чалавек загінулі ў баі, 30 чалавек пасадзілі на кол ці падвесілі за рэбры. Васіль Вашчыла ўцёк на Украіну, дзе быў арыштаваны і хутка памёр. Да гэтага часу шукаюць казну паўстанцаў (каля 6 тыс. злотых).

Праз 10 гадоў пасля Крычаўскага, у 1754 годзе, пачалося паўстанне сялян у вёсцы Каменшчына Мазырскага павета ва ўладаннях каталіцкай царквы. Прычынай яго быў зноў-такі непасільны прыгнёт. Але і гэта паўстанне было жорстка падаўлена ўладамі.

Разам з тым, трэба адзначыць, што паўстанні на Беларусі насілі лакальны, абмежаваны характар. Тут не было сялянскіх войнаў накшталт паўстання Я. Пугачова ці С. Разіна ў Расіі, Уота Тайлера ў Англіі, паколькі рэдкае насельніцтва і багацце беларускай зямлі давалі магчымасць пракарміцца за кошт палявання, рыбнай лоўлі, дароў леса нават пры самай жорсткай эксплуатацыі. Паміж ВКЛ і суседнімі краінамі межы былі досыць празрыстымі і гэта давала магчымасць уцякаць да казакаў у Запарожскую Сеч, у Сібір і далей.

З другой паловы XVIII стагоддзя пачалося паступовае адражэнне гарадоў Беларусі. У гэты перыяд у ВКЛ налічвалася 39 гарадоў і 350 мястэчак, гарадское насельніцтва складала каля 11%. Найбольш буйнымі гарадамі былі Магілёў, Віцебск, дзе жыло больш за 10 тыс. насельніцтва. Каля 5 – 6 тыс. жыхароў было ў Гародні і Мінску, каля 4 тыс. – у Полацку, Слоніме, Мсціслаўлі. Пачалі развівацца шляхі зносін, пабудаваны мінска-слонімскі і мінска-віленскі тракты. Праводзіліся работы па ачыстцы рэк, збудаванню рачных портаў, будаўніцтву мастоў. У другой палове XVIII стагоддзя былі пабудаваны два буйныя каналы, якія злучылі Балтыйскае і Чорнае моры: Дняпроўска-Неманскі і Дняпроўска-Бугскі. У 1766 годзе былі ўведзены агульна-дзяржаўныя меры вагі, аб’ёму і даўжыні, адзіныя мытныя пошліны і г.д.

Новай з’явай у эканамічным развіцці ВКЛ у другой палове XVIII стагоддзя стала ўзнікненне мануфактурнай вытворчасці. Мануфактура – гэта форма вытворчасці ( манус – рука, фактура – выраб), заснаваная на падзеле працы. На Беларусі мануфактуры ўзніклі галоўным чынам у мястэчках і малых прыватнаўласніцкіх гарадах, паколькі ў буйных гарадах існавала манаполія цэхаў на выраб і продаж рамесленых тавараў. Так, у мястэчку Урэчча Бабруйскага павета ўзнікла мануфактура шкляных вырабаў, у мястэчку Свержань – фарфоравая мануфактура, у Слуцку – мануфактура па вырабу шаўковых паясоў і суконных тканін. Да канцы XVIII стагоддзя на Беларусі ўжо былі 53 вотчынныя мануфактуры, дзе працавала 2400 рабочых.

Узнікненне мануфактур сведчыла аб паступовым распадзе феадальных адносін і фарміраванні капіталістычнай вытворчасці.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]