Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Кузьминич Т.В. - Библиографоведение. Теория.doc
Скачиваний:
17
Добавлен:
07.05.2019
Размер:
871.42 Кб
Скачать

БЕЛАРУСКІ ДЗЯРЖАЎНЫ УНІВЕРСІТЭТ КУЛЬТУРЫ І МАСТАЦТВАЎ

КАФЕДРА ТЭОРЫІ І ГІСТОРЫІ ІНФАРМАЦЫЙНА-ДАКУМЕНТНЫХ КАМУНІКАЦЫЙ

ТЭОРЫЯ БІБЛІЯГРАФІІ

Тэксты лекцый для студэнтаў ІІ курса ФІДК і ФЗН

Складальнік: Т.В.Кузьмініч,

канд. пед. навук, дацэнт

Мінск, 2007

Уводзiны

Лекцыя 1.

Бібліяграфія як грамадская з’ява

Лекцыя 2.

Бібліяграфічная інфармацыя як асноўнае паняцце тэорыі бібліяграфіі

Лекцыя 3.

Формы існавання бібліяграфічнай інфармацыі (бібліяграфічных ведаў)

Лекцыя 4.

Функцыянальная структура бібліяграфічнай інфармацыі

Лекцыя 5.

Бібліяграфія як галіна дзейнасці

Лекцыя 6.

Бібліяграфічная практычная дзейнасць: паняцце і структура

Лекцыя 7.

Кампанентная структура бібліяграфічнай практычнай дзейнасці

Лекцыя 8.

Відавая класіфікацыя бібліяграфіі

Лекцыя 9.

Бібліяграфазнаўства як сістэма навуковых ведаў

Лекцыя 10.

Развіццё бібліяграфазнаўства на сучасным этапе

УСТУП

Вучэбная дысцыпліна “Бібліяграфазнаўства. Тэорыя” з’яўляецца абавязковай для падрыхтоўкі бібліятэкараў-бібліёграфаў вышэйшай кваліфікацыі. У адпаведнасці з вучэбным планам яе павінны засвоіць студэнты ўсіх спецыялізацый факультэта бібліятэчна-інфармацыйных сістэм і факультэта завочнага навучання (аддзяленне “бібліятэказнаўства і бібліяграфіі”). Актуальнасць вывучэння гэтай дысцыпліны абумоўлена фундаментальнай роляй тэарэтыка-бібліяграфічных ведаў у фарміраванні прафесіянальнага светапогляду студэнтаў, здольнасцей аналізаваць і абагульняць розныя бібліяграфічныя з’явы, уменняў прагназаваць як бібліяграфічную дзейнасць у цэлым, так і асобныя яе кірункі.

Мэтай дысцыпліны “Бібліяграфазнаўства. Тэорыя” з’яўляецца вывучэнне студэнтамі тэарэтычных асноў бібліяграфіі як сістэмы відаў дзейнасці, якія забяспечваюць функцыянаванне бібліяграфічнай інфармацыі ў грамадстве.

Мэтавая накіраванасць дысцыпліны абумоўлівае кола задач, рэалізацыя якіх забяспечыць фарміраванне неабходных для спецыялістаў ведаў, уменняў і навыкаў.

У выніку вывучэння курса “Бібліяграфазнаўства. Тэорыя” студэнты павінны мець уяўленне аб:

  • бібліяграфіі як сістэме ведаў;

– унутраных і знешніх фактарах, якія ўздзейнічаюць на развіццё бібліяграфічнай інфармацыі і бібліяграфічнай дзейнасці;

– інфармацыйных патрэбнасцях грамадства ў цэлым, асобных яго сацыяльных груп і індывідаў;

– інфармацыйных бар’ерах у сістэме дакументных камунікацый і ролі бібліяграфіі як сродка іх пераадолення.

У выніку засваення курса студэнты павінны ведаць і умець карыстацца:

– асноўнымі паняццямі бібліяграфазнаўства;

– асноўнымі тэарэтычнымі палажэннямі бібліяграфазнаўства;

– кампанентнай структурай бібліяграфічнай практычнай дзейнасці;

– відавой структурай бібліяграфіі і бібліяграфічнай прадукцыі;

– прынцыпамі і заканамернасцямі функцыянавання бібліяграфіі і функцыямі бібліяграфічнай інфармацыі;

– аспектнай і аб’ектнай структурамі бібліяграфазнаўства;

– накопленым у бібліяграфазнаўстве вопытам для аптымізацыі сваёй навуковай і прафесійнай дзейнасці.

Вывучэнне курса “Бібліяграфазнаўства. Тэорыя” спрыяе фарміраванню ў студэнтаў навыкаў:

– выкарыстання бібліяграфічных ведаў у прафесійнай дзейнасці;

– вядзення дзелавых, асабовых і міжасабовых зносін на прафесійнай мове;

– стварэння і ўспрымання разнастайных бібліяграфічных паведамленняў.

Паспяховае засваенне студэнтамі курса “Бібліяграфазнаўства. Тэорыя” магчыма на аснове трывалых ведаў, атрыманых пры вывучэнні цыкла агульнанавуковых і агульнапрафесійных дысцыплін, у прыватнасці, філасофіі, псіхалогіі, педагогікі, методыкі правядзення навуковых даследаванняў, бібліятэказнаўства, інфарматыкі, дакументазнаўства, тэорыі сацыяльных камунікацый і інш.

У межах вывучэння курса прадугледжаны наступныя віды заняткаў: лекцыі, семінары, лабараторныя работы, кантрольная работа, заданні для самастойнай работы студэнтаў; разнастайныя формы кантролю за бягучай паспяховасцю студэнтаў: тэсціраванне, экспрэс-апытанне. Заканчваецца вывучэнне курса экзаменам.

Лекцыя 1. БІБЛІЯГРАФІЯ ЯК ГРАМАДСКАЯ З’ЯВА

Мэта лекцыі – паказаць сутнасць бібліяграфіі як грамадскай з’явы, падыходы да выяўлення метасістэмы яе існавання, яе месца ў інфармацыйнай інфраструктуры грамадства.

Пытанні

  1. Паняцце “бібліяграфія”, яго ўзнікненне і развіццё.

  2. Бібліяграфія ў інфармацыйнай інфраструктуры грамадства.

  3. Метасістэма існавання бібліяграфіі як грамадскай зявы.

    1. Сістэма дакументных камунікацый (дакумент – спажывец) як метасістэма існавання бібліяграфіі як грамадскай зявы.

    2. Універсум чалавечых ведаў як метасістэма існавання бібліяграфіі як грамадскай з’явы.

    3. Свет тэкставых камунікацый (свет тэкстаў – свет карыстальнікаў) як метасістэма існавання бібліяграфіі.

  1. Паняцце “бібліяграфія”, яго ўзнікненне і развіццё.

“Бібліяграфія” - тэрмін, які з’явіўся ў 5 стагоддзі да н. э. у Старажытнай Грэцыі і азначаў кнігапісанне “biblio” – кніга, “grafo” – пішу. З цягам часу змяніліся падыходы да азначэння тэрміна, з’яў, якія ён апісвае. А.А.Грачыхін выдзяляе 4 асноўныя перыяды ў станаўленні паняцця “бібліяграфія” і бібліяграфічных з’яў.

1. Узнікненне бібліяграфіі як кнігапісання і працы бібліёграфа як кнігапісца (Старажытная Грэцыя, У ст. да н.э.). Асноўным значэннем гэтага слова было кнігапісанне – напісанне ці перапісванне ўжо створаных кніг.

2. Узнікненне бібліяграфіі як абагульняючай навукі аб кнізе і асобага літаратурнага жанра (Францыя, ХУІІ–ХУІІІ ст.). Гэты перыяд быў звязаны з фарміраваннем у Еўропе сістэмы навуковых ведаў. Тэрмін «бібліяграфія» побач з тэрмінамі «бібліялогія», «бібліясофія», «бібліяномія», «бібліягнозія» стаў азначаць навуку аб кнізе. К.Р.Сімон лічыць, што слова «бібліяграфія» магло быць прыдумана занава па ўзоры аналагічных назваў навук (геаграфія) ці запазычана са старажытнасці.

3. Асэнсаванне спецыфічнай ролі бібліяграфіі як дзейнасці ў больш шырокай сістэме «кніжная справа», а бібліяграфіі як навукі ў сістэме кнігазнаўства (Расія, Заходнееўрапейскія краіны, ЗША, канец ХІХ – пачатак ХХ стст.).

4. Асэнсаванне бібліяграфіі як асобай галіны інфармацыйнай дзейнасці са сваёй навуковай дысцыплінай бібліяграфазнаўствам, якая звязана са стварэннем і давядзеннем да карыстальніка (спажыўца, чытача) інфармацыі аб дакументах (творах друку, кнігах, публікацыях і да т.п.) і іх фрагментах1.

На сённяшні дзень існуе 5 найбольш устойлівых значэнняў тэрміна «бібліяграфія»:

– бібліяграфія як асобная бібліяграфія праца (бібліяграфічны дапаможнік) – «Бібліяграфія прац … », «Бібліяграфія Японіі», спіс літаратуры да тэкста;

– бібліяграфія як сукупнасць бібліяграфічных прац, вызначаных па пэўнай прымеце (бібліяграфія перыядычнага друку, бібліяграфія Беларусі, бібліяграфія Азіі і да т.п.);

– бібліяграфія як навука або дапаможная навуковая дысцыпліна;

– бібліяграфія як галіна навукова-практычнай дзейнасці па стварэнні і давядзенні да карыстальніка бібліяграфічнай інфармацыі;

– бібліяграфія як найбольш шырокае паняцце, у аб'ём якога ўваходзяць вышэй пералічаныя і любыя іншыя бібліяграфічныя з'явы.

Ужыванне слова «бібліяграфія» у двух першых значэннях на сённяшні дзень лічыцца неправільным, састарэлым, але ў межах непрафесійных зносін яно даволі распаўсюджана. Напрыклад, А.Мень у прадмове да сваёй кнігі «Сын чалавечы» піша: «Спасылкі на літаратуру прыведзены толькі ў самых неабходных выпадках. Жадаючыя паглыбіць свае веды ў гэтай галіне могуць звярнуцца да прац, указанных у бібліяграфіі».

У ГОСТ 7.0.84 «Библиографическая деятельность. Термины и определения» азначэнне тэрміна «бібліяграфія» не давалася. У ГОСТ 7.0.99 «Информационно-библиотечная деятельность. Библиография» даецца наступнае азначэнне тэрміна «бібліяграфія – інфармацыйная інфраструктура, якая забяспечвае падрыхтоўку, распаўсюджванне і выкарыстанне бібліяграфічнай інфармацыі». Аб'ём паняцця па сутнасці роўны азначэнню бібліяграфіі як галіны навукова-практычнай дзейнасці па стварэнні і давядзенні да карыстальніка бібліяграфічнай інфармацыі. У слоўніку «Библиотечное дело» (М., 1997) бібліяграфія трактуецца як «1). частка сістэмы сацыяльных камунікацый, якая забяспечвае падрыхтоўку, распаўсюджванне і выкарыстанне інфармацыі аб дакументах; 2) сукупнасць бібліяграфічнай інфармацыі па пэўнай прадметнай галіне».

  1. Бібліяграфія ў структуры інфармацыйнай інфраструктуры грамадства

Бібліяграфічныя з’явы ўзніклі разам з узнікненнем фіксаваных форм інфармацыі (дакументам) як яго неад’емнай частка, сродак яго наймення, распазнавання і пошуку. Кожнаму дакументу давалася назва, магчыма прысвойвалася імя аўтара, указвалася дата стварэння, у дакуменце маглі ўпамінацца іншыя крыніцы фіксацыі інфармацыі. Гэта і былі першапачатковыя разнавіднасці бібліяграфічнай інфармацыі – афінная і латэнтная. З павелічэннем колькасці дакументаў узнікалі праблемы арыентацыі ў накопленых масівах, уліку кнігі як матэрыяльнай каштоўнасці, пазней – яе эфектыўнага продажу і рэкламы. Бібліяграфічная інфармацыя стала стварацца не толькі ў межах першаснага дакумента, але і асобна ад яго і выконваць у масіве дакументаў, ствараемых грамадствам, ролю навігатара. З’явіліся постэдзіцыйныя (адасобленыя ад першаснага тэкста) разнавіднасці бібліяграфічнай інфармацыі. Прычым, чым больш і складаней дакументныя масивы, тым складаней і разнастайней бібліяграфічныя з’явы. Бібліятэкары Шумерскага царства (ІІІ тыс. да н.э.) дакументы (гліняныя таблічкі з клінапіснымі тэкстамі) захоўвалі ў скрынях, да якіх рабіліся шыльды з пералікам таго, што ляжыць у скрыні. Па сутнасці гэта быў своеасаблівы каталог, у якім адлюстроўваўся фонд бібліятэкі.

Каталогі ствараліся ва ўсіх буйных бібліятэках. У VI ст. да н.э. да вялікай бібліятэкі ў Асірыйскім горадзе Ніневія быў створаны каталог, які ўключаў інфармацыю аб дакументах (дзесяткі тыс. гліняных таблічак) па розных галінах ведаў – граматыка, паэтыка, гісторыя, матэматыка і інш.). У горадзе Эффу (старажытны Егіпет) фонд бібліятэкі (“Дом папірусу”) быў адлюстраваны ў каменным каталозе – пералік дакументаў бібліятэкі быў высечаны на адной з каменных сцен.

Пазней сталі стварацца не толькі бібліяграфічныя матэрыялы, звязаныя з месцам захавання дакументаў, але і адасобленыя ад яго. Адной з першых бібліяграфічных прац такога роду былі «Дыдаскаліі» Арыстоцеля (IV ст да н.э.). Яны змяшчалі пералік твораў, прадстаўленых на драматычных спаборніцтвах у Афінах, у незалежнасці ад таго прысутнічалі яны ці не ў фондзе бібліятэкі.

З пахода Александра Вялікага на старажытную зямлю Траады пачаўся новы перыяд у гісторыі сусветнай цывілізацыі – элінізм. Ён доўжыўся менш трох стагоддзяў. Было заснавана шмат гарадоў, створана шмат культурных каштоўнасцей у тым ліку і Мусейнон з яго бібліятэкай і Фаросскі маяк. Гэтыя збудаванні зніклі, нават невядома месца іх знаходжання, але яны настолькі ўразілі сучаснікаў, што засталіся падрабязныя апісанні, па якіх можна меркаваць аб значымасці для ўсяго элінскага свету. Мусейнон – храм муз у Александрыі (храмы муз ствараліся і раней, але Дынастыя Пталемееў упершыню паставілі падобную ўстанову пад дзяржаўны кантроль. Для вучоных, якіх запрашалі ў Александрыю пастроілі вялікі будынак недалёка ад царскага палаца. Там працавала каля ста вучоных у розных галінах ведаў: стваральнік геаметрыі Еўклід, географ і матэматык Эрастафен, батанік Тэафраст. Гэтая ўстанова спалучала ў сабе рысы сучаснай Акадэміі навук і універсітэта. У Мусейноне была бібліятэка (заснавана ў 3 ст. да н.э., частка яе згарэла ў 47 г. да н.э., частка – у 391 г. н.э., астатняе – у 7–8 ст.). Роля яе была вельмі значнай. Яе захавальнік быў роўным па становішчу царскім родным і па традыцыі лічыўся выхавальнікам наследніка прэстола. Гэтую пасаду займалі Дземетрый Фалерскі, паэты Калімах і Апалон Радосскі (аўтар эпічнай паэмы «Арганаўтыка»). У І ст. да н.э. ў бібліятэцы налічвалася каля 700 000 світкаў. Каллімахам (каля 310 – каля 240 г. да н.э.) быў складзены 120-томны каталог, які меў назву «Каталог пісьменнікаў, якія прасіялі ва ўсіх галінах адукаванасці, і прац, якія яны стварылі» («Табліцы тых, хто праславіўся ва ўсіх галінах ведаў і таго, што яны напісалі»). Праца гэтая не захавалася, але па даных іных крыніц, яна ўяўляла сабой, з аднаго боку, каталог Александрыйскай бібліятэкі, а з другога – уключаў апісанні ўсёй вядомай Каллімаху грэчаскай літаратуры, незалежна ад месца яе захавання. Былі нават спробы ўлічыць усю сусветную літаратуру. У сярэдзіне XVI ст. швейцарскі вучоны Конрад Геснер стварыў вялікую бібліяграфічную працу “Усеагульная бібліятэка”, у межах якой ён імкнуўся ўлічыць усе рукапісныя і друкавакыя кнігі на лацінскай, грэчаскай, старажытнаяўрэйскай мовах. Адлюстравана прыблізна 20% тагачаснага дакументнага патоку.

Доўгія часы бібліятэкі захоўвалі манаполію на стварэнне бібліяграфічнай інфармацыі. У асноўным гэта былі вопісы, рэестры, “бібліятэкі”, якія ўлічвалі дакументы з фондаў розных кнігазбораў, у тым ліку прыватных. У ХVI ст. стаў актыўна развівацца кніжны гандаль. І адпаведна сталі з’яўляцца кнігагандлёвыя каталогі. Напрыклад, у 1564 г. на восеньскай ярмарцы ў Франкфурце ўпершыню з’явіўся каталог кніг, выстаўленых на продаж.

З пашырэннем, ускладненнем інтэлектуальнага развіцця грамадства памнажаліся і ўскладняліся бібліяграфічныя з’явы і сёння бібліяграфія стала інфраструктурным відам дзейнасці, які распаўсюджаны ў розных сферах чалавечага жыцця, звязаных з вытворчасцю навуковых ведаў, адукацыяй, самаадукацыяй, папулярызацыяй ведаў і інш.