Добавил:
Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:

Фанетыка. Фаналогія. Арфаэпія. Графіка. Арфаграфія

.pdf
Скачиваний:
32
Добавлен:
04.01.2023
Размер:
2.6 Mб
Скачать

УДК 811.161.3’34+811.161.3’35 ББК 81.411.3-1+811.411.3-6

Ч-26

Р эцэнзенты:

доктар філалагічных навук прафесар В. П. Русак; доктар філалагічных навук дацэнт Н. У. Чайка

Чахоўская, Т. Л.

Ч-26 Сучасная беларуская мова. Фанетыка. Фаналогія. Арфаэпія. Графіка. Арфаграфія : вучэб.-метад. дапам. / Т. Л. Чахоўская, Г. К. Чахоўскі. – Мінск : БДУ, 2017. – 247 с.

ISBN 978-985-566-468-1.

Выкладзены асноўныя палажэнні пяці раздзелаў дысцыпліны «Сучасная беларуская мова» – фанетыкі, фаналогіі, арфаэпіі, графікі і арфаграфіі.

Адлюстраваны апошнія дасягненні лінгвістычнай навукі, асэнсаваны новыя факты, атрыманыя ў выніку выкарыстання актуальных метадаў да­ следавання фанетычнага ладу мовы і выпрацоўкі найноўшых падыходаў да апісання гукавой камунікацыі. Для замацавання тэарэтычных ведаў у кожным раздзеле вучэбна-метадычнага дапаможніка змешчаны пытанні і заданні.

Для студэнтаў устаноў вышэйшай адукацыі, якія навучаюцца па спецыяльнасцях 1-21 05 01 «Беларуская філалогія (па напрамках)», 1-21 05 02 «Руская філалогія (па напрамках)», 1-21 05 04 «Славянская філалогія», 1-210505«Класічнаяфілалогія»,1-210506«Рамана-германскаяфілалогія», 1-21 05 07 «Усходняя філалогія».

 

УДК 811.161.3’34+811.161.3’35

 

ББК 81.411.3-1+811.411.3-6

ISBN 978-985-566-468-1

© Чахоўская Т. Л.,

 

Чахоўскі Г. К., 2017

 

© БДУ, 2017

ПРАДМОВА

Вучэбна-метадычны дапаможнік падрыхтаваны ў адпаведнасці з тыпавой вучэбнай праграмай па беларускай мове1. У яго аснове ляжыць вопыт выкладання аўтараміраздзелаўгэтайдысцыпліны(фанетыкі,фаналогіі, арфаэпіі, графікі і арфагра­ ­фіі) у Беларускім дзяржаўным універсітэце.

У апошнія дзесяцігоддзі ў лінгвістычнай навуцы зʼявіліся і былі асэнсаваны новыя факты, атрыманыя ў выніку выкарыстання навуковых метадаў даследавання фанетычнага ладу мовы, выпрацаваны прынцыпова новыя падыходы да апісання вуснага маўлення. Таму аўтары да­ дзенайкнігіўякасцісваёйасноўнайзадачыбачацьсістэмны выклад тых аспектаў беларускай мовы, якія адпавядаюць сучасным уяўленням аб яе фанетычным кампаненце.

Гэтым абумоўлена ўключэнне ў выданне некаторых праблемных тэм, якія раней адсутнічалі ў падобных беларускіх падручніках («Перцэптыўны аспект вывучэння гукаў», «Сінтагматычныя адносіны ў фаналогіі» і інш.), а таксама істотнае пашырэнне звестак з галіны генеравання вуснага маўлення і маўленчай акустыкі, што суправаджаецца абагульненнем вынікаў найбольш актуальных даследаванняў.

Азнаямленне з рознымі канцэпцыямі і спосабамі апі­ сання­ аднаго і таго ж аб’екта дазваляе студэнту зрабіць

1 Сучаснаябеларускаямова:вучэб.праграмадлявыш.навуч. устаноў па спецыяльнасцях 1-21 05 01 «Беларуская філалогія (па напрамках)», 1-21 05 04 «Славянская філалогія» : зацв. Вучэб.- метад. аб’яд-нем ВНУ Рэсп. Беларусь па гуманітар. адукацыі 03.03.2015 (рэг. № ТД-Д. 327/ тып) / аўт.-склад.: З. І. Бадзевіч, С. А. Важнік, Г. К. Чахоўскі. Мінск : РІВШ, 2015.

3

свой аргументаваны выбар на карысць адной з прапанаваных альтэрнатыў. Так, у раздзеле «Склад» разглядаюцца асноўныя тэорыі структуры склада і складападзелу, у раздзеле «Інтанацыя» традыцыйная тэорыя аб структуры і функцыях інтанацыйных канструкцый дапаўняецца інфармацыяй аб камбінаторных мадэлях інтанацыі, а ў раздзеле «Фаналогія» прыводзяцца апісанні розных фаналагічных пазіцый і поглядаў на феномен фанемы.

Сістэма выкладання сучаснай беларускай мовы адпавядае задачы падрыхтоўкі лінгвіста-прафесіянала, які павінен валодаць шырокімі ведамі ў галіне як лінгвістычнай тэорыі, так і сучасных прыкладных кірункаў мовазнаўства. Неабходнасць пашырэння аб’ёму звестак аб вусным маўленні і «гукавых паводзінах» людзей звязана з развіццём сучаснай лінгвістыкі, якая, улічваючы скіраванасць навукі аб мове на чалавека, не дазваляе абмежавацца выкладамагульнавядомыхфактаўітрадыцыйныхуяўленняў.ФанетыкапачаткуXXІст.істотнаадрозніваеццаадфанетыкісярэдзіны– канца ХХ ст., на асвятленне прынцыпаў якой пакуль што арыентаваны наяўныя падручнікі. Пацвярджэнне таму знаходзім у працах міжнародных фанетычных кангрэсаў і навуковых канферэнцый апошніх гадоў: відавочна, сёння абсалютна пераважаюць навукова-псіхалагічныя метадыдаследаваннягукавойкамунікацыі. Фанетыка ўсё ў большай ступені становіцца дакладнай навукай, накіраванай на вывучэнне субстанцыі вуснага маўлення і камп’ютарнае мадэляванне яго спараджэння і ўспрымання. Для сучаснай фанетыкі характэрны выхад за межы даследавання сэнсаадрознівальных супрацьпастаўленняў гукаў маўлення і нарастанне цікавасці да ўсіх аспектаў гукавых паводзін – інтанацыі, экспрэсіўных функцый маўлення, індывідуальных і сацыяльных асаблівасцей вымаўлення.

Значная ўвага прыродазнаўчанавуковым аспектам гукавых зносін надаецца ў замежных падручніках па агульнай фанетыцы. У некаторых з іх дамінуе інфармацыя пра фізіялогію маўлення, у іншых дэталёва разглядаецца яго акустычны бок або падрабязна апісваюцца артыкуляцыйныя параметры гукавых проціпастаўленняў. Агульнай рысай гэтых прац з’яўляецца недастатковае асвятленне фаналагічнай праблематыкі.

Справа ў тым, што фаналогія, выступаючы элементам тэарэтычнай лінгвістыкі, не ўключаецца ў агульную фанетыку – гэта звязана з абстрактнасцю­ сучаснай фаналогіі і асаблівасцю метадаў даследавання.

4

Удадзеным вучэбна-метадычным дапаможніку аўтары паспрабаваліспалучыць прыродазнаўчанавуковую­ і тэхналагічную арыентацыі сучаснай фанетыкі з традыцыйным падыходам, які пераважна скіраваны на даследаванне лінгвістычных аспектаў гукавых паводзін чалавека. Асноўны акцэнт зроблены на больш падрабязным (у параўнанні з іншымі айчыннымі вучэбнымі выданнямі) выкладзе фізіялагічнай базы фанетыкі і фізічнага боку вуснага маўлення.

Тэматычныя падраздзелы «Суадносіны паміж зычнымі і галоснымі фанемамі ў моцных­ і слабых пазіцыях», «Сінтагма­ тычныя адносіны ў фаналогіі», «Абмежаванні ў парадыгматыцы галосных і зычных фанем, выкліканыя сінтагматыкай» дазваляюць азнаёміць студэнтаў-беларусістаў з актуальнымі фаналагічнымі ідэямі.

Упараграфах, прысвечаных фанетычнай, фанематычнай транскрыпцыі, не толькі пры­водзіцца падрабязнае апісанне працэдуры гукавога і фанемнага транскрыбіравання ў межах адпаведных фанетыка-фаналагічных канцэпцый, але і прапануюцца ўзоры названых відаў транскрыпцыі.

Тэорыя апісальнай фанетыкі звязана з тыпалогіяй, паколькі тыпалагічныя­ характарыстыкі (тып вакалізму, характар кансанантных проціпастаўленняў­ , гукавая структура склада і слова) з’яўляюцца істотнымі для апісання моўнай сістэмы.

Улінгвістыцы апошніх дзесяцігоддзяў рэзка ўзрасла цікавасць да тыпалагічнай праблематыкі. Гэтаму паспрыяла стварэнне камп’ютарных баз даных, якія ўтрымліваюць шырокую і змястоўную фанетыка-фаналагічную­ інфармацыю. Зварот да традыцыйных фаналагічных мадэляў, арыентаваных на класіфікацыйныя задачы апісальнага мовазнаўства, становіцца недастатковым, паколькі на першы план выступае мадэляванне рэальных працэсаў разгортвання і ўспрымання вуснага маўлення. Такое размеркаванне акцэнтаў абумоўлена не толькі асабістымі інтарэсамі аўтараў – яно адлюстроўвае два асноўныя фокусы ў вучэбнай і навукова-даследчай дзейнасці студэнтаў.

Раздзелы «Графіка» і «Арфаграфія» істотна пашыраны

ўпараўнанні з тымі, якія сустракаюцца ў іншых выданнях; у прыватнасці, яны змяшчаюць нарысы гісторыі графікі і арфаграфіі беларускай мовы. Акрамя таго, у іх прадстаўлена актуальная праблематыка гэтых раздзелаў мовазнаўства.

5

У вучэбна-метадычным дапаможніку змешчаны спісы пы­ танняў і заданняў, а таксама практыкаванні (практычныя заданні) па пяці раздзелах дысцыпліны «Сучасная беларуская мова» – фанетыцы, фаналогіі, арфаэпіі, графіцы і арфаграфіі. Практычны матэрыял мае на мэце не толькі паглыбіць і трывала замацаваць тэарэтычныяведыстудэнтаў,алеівыпрацавацьадпаведныяўменні і навыкі самастойнага аналізу шматлікіх моўных з’яў.

Аўтары выказваюць вялікую ўдзячнасць калектыву кафедры сучаснай беларускай мовы філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта за плённыя абмеркаванні рукапісу гэтай кнігі. З пачуццём найглыбокай павагі згадваюць яны таксама імёны даследчыкаў, працы якіх адыгралі вызначальную ролю ў станаўленні іх навуковага светапогляду і паўплывалі на змест выдання. Гэта прафесары А. І. Падлужны, Л. Ц. Выгонная, А. А. Лукашанец, В. І. Іўчанкаў, дацэнты Л. І. Сямешка, З. І. Бадзевіч, У. І. Куліковіч. Шчырая падзяка аўтараў рэцэнзентам – доктару філалагічных навук прафесару В. П. Русак і доктару філалагічных навук дацэнту Н. У. Чайцы – за каштоўныя парады і рэкамендацыі, якія дапамаглі палепшыць змест і структуру вучэбна-метадычнага дапаможніка.

УВОДЗІНЫ

§ 1. Змест і суадносіны паняццяў: мова этнасу, мова нацыі, дзяржаўная мова, родная мова. Роля роднай мовы ў працэсе станаўлення асобы і ў развіцці цывілізацыі

Як правіла, кожныя этнас, нацыя, народнасць, племя маюць сваю ўнікальную мову. Само паняцце народа, этнасу прадугледжвае агульнасць мовы. Беларусы – гэта тыя, хто размаўляе па-беларуску, рускія – па-руску, армяне – па-армянску, партугальцы – па-партугальску. Для этнасу характэрны агульнасць тэрыторыі пражывання, гістарычных лёсаў людзей, асаблівасцей культуры і нават прадвызначанае падабенства псіхікі (італьянцы і грузіны, напрыклад, значна больш тэмпераментныя і гаваркія, чым фіны ці ісландцы). Мове ў вызначэнні этнасу надаецца спецыфічная роля.

Тым не менш абавязковай адназначнай адпаведнасці паміж мовай і этнасам няма. Адной і той жа мовай могуць карыстацца розныя народы: англічане, якія жывуць у Брытаніі, і амерыканцы, што насяляюць ЗША. Нягледзячы на наяўнасць адрозненняў паміж брытанскай

іпаўночнаамерыканскай разнавіднасцямі англійскай мовы, абодва народы ўспрымаюць яе як адзіную. Больш за тое, англійская – нацыянальная мова не толькі англічан

іамерыканцаў,алеіканадцаў,аўстралійцаў,новазеландцаў, а таксама ірландцаў. Яна ж – адна з афіцыйных моў Індыі і 15 дзяржаў Афрыкі; па-англійску размаўляюць і ў іншых краінах свету. Не належыць толькі аднаму народу і французская мова: як сродак побытавых зносін яна выкарыстоўваецца ў Канадзе, Люксембургу, Манака,­

7

Бельгіі і Швейцарыі. У многіх іншых дзяржавах, перадусім у былых французскіх калоніях, яна з’яўляецца афіцыйнай мовай. Нямецкая мова родная для немцаў, аўстрыйцаў, ліхтэнштэйнцаў, часткі люксембуржцаў і швейцарцаў. На арабскай размаўляюць каля двух дзясяткаў народаў Блізкага Усходу і Паўночнай Афрыкі. Сербскахарвацкаямова аб’ядноўвае некалькі народаў былой Югаславіі: сербаў, харватаў, чарнагорцаў, баснійцаў.

Сустракаеццаіадваротнаясітуацыя:адзіннародкарыстаеццадзвюма, атоінекалькімімовамі.Амальусеэльзасцы,якіянасяляюцьгістарычную правінцыю Эльзас на ўсходзе Францыі, двухмоўныя: размаўляюць панямецку (на алеманскім дыялекце нямецкай мовы) і па-французску. Сербалужычане, славянскі народ на ўсходзе Германіі, акрамя сваёй лужыцкай, выдатна валодаюць і нямецкай мовай і ў афіцыйных сітуацыях выкарыстоўваюць толькі яе. Рускую мову лічаць другой роднай шматлікія жыхары Расійскай Федэрацыі і былых саюзных рэспублік, якія не з’яўляюцца рускімі па нацыянальнасці. Гэта выпадкі мультылінгвізму, ці шматмоўя (ад лац. multus – ʻшматлікіʼ, lingua – ʻмоваʼ). Найбольш распаўсюджаным яго тыпам (якім характарызуецца моўная сітуацыя і ў сучаснай Беларусі) з’яўляецца білінгвізм, ці двухмоўе (ад лац. bis – ʻпадвойны­ , дваістыʼ, lingua – ʻмоваʼ). Часта сустракаецца і так званая дыглосія (ад грэч. di – ʻдваʼ, glotta – ʻмоваʼ). Гэта слова грэчаскага паходжання азначае тое ж самае, што і тэрмін «білінгвізм», сканструяваны з лацінскіх марфем. Аднак лінгвісты ўкладваюць у паняцце «дыглосія» іншы змест. Пры звычайным двухмоўі ў пэўным грамадстве суіснуюць дзве раўнапраўныя і эквівалентныя мовы. Сітуацыя гэта няўстойлівая, пераходная, адна з моў з часам выцясняе іншую. Пры дыглосіі ж паміж дзвюма мовамі існуе выразнае размеркаванне функцый, дзякуючы чаму сітуацыя значна больш устойлівая.

Напрыклад, у Кіеўскай, а пазней у Маскоўскай Русі існавала руска-царкоўнаславянская дыглосія. У побыце размаўлялі на рускай мове, а ва ўрачыстых выпадках, на пісьме і ў царкве выкарыстоўвалі царкоўнаславянскую. Ужываць адну з іх там, дзе павінна была прымяняцца іншая, было недапушчальна. Таму ніхто не лічыў патрэбным перакладаць з адной мовы на другую. Пры гэтым царкоўнаславянская мова (у аснове якой стараславянская, або старажытнабалгарская) не ўспрымалася як іншая, замежная. Для жыхара Кіеўскай Русі яна была «правільнай» рускай мовай, а руская – «простай», непрэстыжнай.

Дыглосія была вельмі распаўсюджана ў Сярэднявеччы (ролю нарма­ тыўнай мовы ў розных рэгіёнах адыгрывалі латынь ці арабская мова).

8

Але нярэдкая яна і ў сучасным свеце. У шматлікіх афрыканскіх краінах мясцовыя мовы (а іх вельмі шмат у кожнай з гэтых краін) ужываюцца толькі ў побыце. Пішуць жа і чытаюць на мовах былых каланізатараў.

Праблема «мова – этнас» няпростая, і далёка не заўсёды кожны этнас мае сваю мову. Гісторыя змешвала народы і мовы, перакройвала краіны і межы. Карта моў свету падобная не на выразна раскрэсленую сетку, а на складана пераплеценую тканіну, і наўрад ці яна стане прасцейшай у гістарычнай перспектыве.

Паміж паняццямі «этнас» і «нацыя» часта ставіцца знак тоеснасці. У савецкай навуковай літаратуры, прысвечанай гэтаму пытанню, звычайна ўдакладнялі, што нацыя – гэта не проста этнас, а найвышэйшая яго форма, якая прыйшла на змену народнасці.

Тым не менш сучасныя даследчыкі выразна фармулююць адрозненні паміж нацыяй і этнасам, звяртаючы ўвагу на рознае паходжанне гэтых паняццяў. Так, для этнасу характэрна надындывідуальнасць і ўстойлівасць, паўтаральнасць культурных узораў. У супрацьлегласць гэтаму,длянацыівызначальнымз’яўляеццапрацэсасабістагаўсведамлення на аснове сінтэзу традыцыйных і новых элементаў, а ўласнаэтнічныя ідэнтыфікацыйныя крытэрыі (мова, побыт і інш.) адыходзяць на другі план. У дачыненні да нацыі найбольш значнымі з’яўляюцца тыя аспекты, якія забяспечваюць надэтнічнасць, сінтэз этнічных, міжэтнічных і іншаэтнічных кампанентаў (палітычны, рэлігійны і інш.).

Нацыя (ад лац. natio – ʻплемя, народʼ) ‒ сацыяльна-эканамічная, культурна-палітычная і духоўная супольнасць індустрыяльнай эпохі. Ёсць два асноўныя падыходы да разумення нацыі, згодна з якімі гэта: 1) палітычная агульнасць грамадзян пэўнай дзяржавы; 2) этнічная агульнасць з адзінай мовай і самасвядомасцю.

Сувязі мовы з культурай і гісторыяй народа шматмерныя і разнастайныя. Вядомы нямецкі навуковец В. фон Гумбальт разглядаў мову як аб’яднаную духоўную энергію народа, што размаўляе на ёй, як своеасаблівую канцэнтрацыю думак і пачуццяў кожнага этнасу, а рускі і ўкраінскі лінгвіст А. А. Патабня бачыў у мове спосаб духоўнай кансалідацыі этнасу, адзіную прымету, па якой мы пазнаём народ.

Вызначальнымфактарам сацыяльна-палітычнагаразвіццяграмадства ў розных краінах свету з’яўляецца двух- і шматмоўе, якое заключаецца ў масавым выкарыстанні дзвюх і больш моў падчас зносін, калі чалавек, у залежнасціадтаго,зкімідзекамунікуе,пераходзіцьзадноймовынадругую. Так, толькі ў 22 краінах свету пражывае аднамоўнае насельніцтва.

9

Мовы, якімі валодае чалавек, могуць супрацьпастаўляцца як родная і няродная (ці няродныя). Пры гэтым існуе некалькі падыходаў да тлумачэння паняцця «родная мова». З аднаго боку, родная мова – гэта мова нацыі, мова продкаў, якая злучае чалавека з яго народам, з папярэднімі пакаленнямі, іх духоўным светам, з другога – першая мова, якую засвойвае дзіця (ці, дакладней, матчына мова, якую дзіця засвоіла падчас біялагічнага адчужэння ад маці і пераходу да сацыяльных зносін з ёй і з іншымі людзьмі). Часам пад тэрмінам «родная мова» разумеюць мову, якой чалавек валодае з максімальнай глыбінёй і паўнатой, на якой яму лягчэй, хутчэй і прасцей думаецца, якая з’яўляецца для яго найбольш звыклай і зручнай формай выражэння думкі і моўных зносін; падобную мову пазначаюць яшчэ тэрмінам «функцыянальна першая мова».

Калі ўсе гэтыя падыходы факусіруюцца ў адной мове, якая адначасова з’яўляецца матчынай мовай, мовай роднага этнасу і функцыянальна першаймовай,топраблемааўтаматычна здымаецца,каліне,торазуменне тэрміна «родная мова» набывае абвостранае сацыяльнае і навуковае гучанне, па-першае, у сувязі з абаронай этнічнага суверэнітэту і захаваннем духоўнай спадчыны народа, па-другое, у сувязі з лінгвадыдактычнымі праблемамі навучання.

Ідэі В. фон Гумбальта пра сувязь мовы і светаўспрымання народа знайшлі свой цікавы працяг у розных навуковых тэорыях і гіпотэзах ХХ‒ ХХІ стст. Шырокавядомай, напрыклад, з’яўляецца так званая гіпотэза лінгвістычнай адноснасці Э. Сэпіра і Б. Уорфа, паводле якой менавіта мова прадвызначае асаблівасці мыслення народа, што размаўляе на ёй. Свет, у якім існуюць грамадскія фармацыі, што карыстаюцца рознымі мовамі, з’яўляецца шматстайным, гэта не адзін і той жа свет з рознымі этыкеткамі. Мова ‒ замкнёная прадуктыўная сістэма знакаў, якая не толькі мае дачыненне да вопыту, але і вызначае для нас вопыт з прычыны сваёй фармальнай структуры. Мы несвядома пераносім усталяваныя мовай нормы ў сферу грамадскага вопыту.

Навуковыя эксперыменты ў вобласці псіхалогіі, лінгвістыкі, этна­ графіі не пацвярджаюць гіпотэзу Сэпіра – Уорфа, аднак і не аспрэчваюць яе цалкам, таму прапанаваная тэорыя працягвае хваляваць розумы даследчыкаў і застаецца прадметам спрэчак. Калі ж прыняць да ўвагі асноўныя пастулаты Сэпіра – Уорфа, то лёгка можна прыйсці да высновы пра тое, што, губляючы мову свайго роднага этнасу, чалавек аддаляецца ад дадзенага этнічнага калектыву. Цікавымі з’яўляюцца вынікі эксперыментальнага даследавання, праведзенага японскім прафесарам Т. Цунодам. Вывучаючы ўспрыманне розных тыпаў гукаў прадстаўнікамі

10