- •Узнікненне літаратуры як мастацтва слова.
- •Пераемнасць вобразаў і тэм у творах сусветнай літаратуры. Культурны герой.
- •Антычная літаратура як крыніца і ўзор сусветнай літаратуры.
- •Параўнальна-тыпалагічная характарыстыка ўзораў гераічнага эпасу “Слова пра паход Ігаравы” і “Песні пра Раланда”.
- •Тытан Адраджэння Дантэ Аліг’еры.
- •Сусветная літаратура эпохі Сярэднявечча: перыядызацыя, састаў, крыніцы ўзнікнення.
- •Біблія – цэнтральная кніга Сярэднявечча ў хрысціянскіх дзяржавах. Біблейскія матывы ў літаратурных творах наступных эпох.
- •Рэнесанс на Беларусі: філасофскія погляды ф. Скарыны, яго асветніцкая дзейнасць.
- •Паэт-лацініст вкл м. Гусоўскі.
- •Санет у творчасці ф. Петраркі, у. Шэкспіра, а. Міцкевіча, м. Багдановіча.
- •Барока ў сусветнай літаратуры.
- •Класіцызм у сусветнай літаратуры.
- •Эпоха Асветніцтва ў літарататуры.
- •Рамантызм у літаратуры. Творчасць Дж. Байрана.
- •Літаратура Беларусі хіх стагоддзя.
- •Замежная літаратура хіх стагоддзя.
- •Жыццёвы і творчы шлях а. Міцкевіча.
- •Я. Баршчэўскі і Беларусь.
- •Т. Шаўчэнка – класік украінскай літаратуры.
- •Рабінзанада ў сусветнай літаратуры, яе асаблівасці ў творчасці я. Маўра.
- •Замежная літаратура першай паловы хх стагоддзя. Пісьменнікі “страчанага пакалення”.
- •Літаратурны працэс другой паловы хх стагоддзя за мяжой.
- •Асаблівасці развіцця беларускай літаратуры першай паловы хх стагоддзя.
- •Асаблівасці развіцця беларускай літаратуры другой паловы хх стагоддзя.
Паэт-лацініст вкл м. Гусоўскі.
М.Гусоўскі – выдатны паэт-гуманіст і асветнік эпохі Адраджэння. Дакладных звестак пра час і месца нараджэння М. Гусоўскага няма. Мяркуецца, што паэт нарадзіўся каля 1470 і памёр каля 1533 г. Ён быў старэйшым сучаснікам Ф. Скарыны. М. Гусоўскі паходзіў з сям’і збяднелага баярына, вялікакняжацкага лоўчага. Прозвішча Гусоўскі (у лацінскім напісанні Hussovianus, Hussowski) указвае на месца нараджэння. У 1483 годзе М. Гусоўскі паступіў у Кракаўскі універсітэт, але курс навучання не скончыў. У Кракаве пазнаёміўся з Эразмам Цёлэкам, будучым епіскапам, і да самай смерці апошняга быў яго прыбліжаным. У ліпені 1518 года разам са сваім мецэнатам і апекуном М. Гусоўскі накіраваўся ў Рым (трэцяя пасольская місія Эразма Вітэліуса). Мэтай місіі было схіліць Папу Льва Х і еўрапейскія дзяржавы да саюзу супраць Турцыі і Крымскага ханства, аказаць дапамогу Польшчы і ВКЛ у барацьбе з захопнікамі.
Жыццё ў Італіі М. Гусоўскі выкарыстаў для вучобы. 1 сакавіка 1520 года ён атрымаў ступень доктара філасофіі ў Балонскім універсітэце, затым вярнуўся ў Рым. Тут падчас адной з сустрэч з Папам Рымскім Львом Х апошні выказаў пажаданне атрымаць у падарунак чучала нябачанага звера – зубра. Э.Цёлэк абяцаў выканаць просьбу і з гэтай нагоды напісаў ліст да віленскага ваяводы Радзівіла, а Гусоўскага папрасіў апісаць звера. Так з’явілася знакамітая паэма на лацінскай мове “Паэма пра постаць, дзікі нораў зубра і паляванне на яго”, завершаная ў 1522 годзе, надрукаваная ў Кракаве ў 1523 г.
Паэма наватарская і па форме і па зместу. У ёй няма скразной сюжэтнай лініі. Вялікую частку паэмы складаюць лірычныя і філасофскія адступленні. М.Гусоўскі змог прыўзняцца над вузкасаслоўным мысленнем і выступіць як выразнік перадавых паглядаў свайго часу, папулярызатар беларускай гісторыі і культуры ў свеце. Паэт-гуманіст заклікае да дружбы розныя па веры і культуры еўрапейскія народы перад турэцкай пагрозай. Ён славіць дзейсную, гарманічную, свабодную асобу, выказвае патрыятычныя ідэі, выступае супраць вайны, якую разглядаў як прычыну няшчасцяў чалавецтва.
Хвалюе паэта лёс радзімы, яе векавая барацьба супраць нашэсцяў татар, турак, крыжакаў, супраць феадальных міжусобіц (“Востраць мячы пастаянна сусед на суседа… Братазабойства, грызня, міжусобныя войны… Б’юцца князі-ваяводы, а стогнуць народы…”).
Паэма “Песня пра зубра” – мастацка-гістарычны гімн велічы і прыгажосці роднай зямлі. Зубр у паэме – гэта не толькі звер, які прызнае перамогу “здабытую чэсна – сілай на сілу”, гэта яшчэ і алегарычны вобраз роднага краю, сімвал яго магутнасці.
Апісваючы паляванне на зубра, паэт асуджае бяздумнае знішчэнне гэтага волата пушчы. Разам з карцінамі палявання М. Гусоўскі падае розныя звесткі пра жыццё і звычаі беларусаў, звяртае ўвагу на іх працавітасць, гаспадарлівасць, талерантнасць. Паэт захапляецца багаццем родных лясоў, называе іх скарбонкай, поўнай “жывіцы і дзёгцю, і ягад, мёду і воску, куніцы і рознай дзічыны…”. М. Гусоўскага хвалюе пытанне беражлівых адносін да прыроды, рацыянальнага выкарыстання яе здабыткаў і іх памнажэння.
Важнае месца ў паэме займае вобраз князя Вітаўта, пры якім ВКЛ дасягнула найвялікшых памераў, магутнасці і сусветнай вядомасці.
Вітаўт – магутны ўладар, паважаны ва ўсіх блізкіх і далёкіх дзяржавах. Ён высакародны, справядлівы, патрабавальны чалавек, які за парушэнне законаў не мілаваў блізкіх і верных паплечнікаў. М. Гусоўскі праслаўляе ўстаноўленыя Вітаўтам паляванні-спаборніцтвы як школу ваеннай падрыхтоўкі. Паэт гаворыць, што найважнейшым вынікам дзейнасці Вітаўта было тое, што “густа ён справамі век насяліў свой”. На думку М. Гусоўскага росквіт дзяржавы залежыць ад уладара.
Апагейным у творы з’яўляецца заключны зварот да Багамаці, які гучыць магутным клічам паэта, просьбай аб абароне роднага краю.
Напісаная на класічнай латыні, паэма мае ў сабе прыкметы жывой беларускай мовы.
Акрамя “Песні пра зубра” М. Гусоўскі з’яўляецца аўтарам вершаў, паэм “Новая і славутая перамога над туркамі ў ліпені месяцы” (1524 г.), “Жыццё і подзвігі св.Гіяцынта” (1525 г.).
Светапогляд і друкарская дзейнасць С. Буднага і В. Цяпінскага.
Прапаведніцкая і выдавецкая дзейнасць С. Буднага прыйшлася на час рэфармацыйнага руху, які меў антыфеадальны і антырэлігійны напрамак. Пачаткам рэфармацыі лічыцца 1517 год – час выступлення ў Германіі Марціна Лютэра. Адзінай крыніцай рэлігійнай ісціны ідэолагі рэфармацыі абвясцілі Святое Пісанне. Яны адмаўлялі каталіцкае Святое паданне, патрабавалі “таннай царквы”, выступалі супраць правоў царквы на зямельныя ўладанні. У выніку рэфармацыйны рух быў за чысціню веры і вернікаў, за непасрэднасць яднання верніка з Богам цераз Евангелле, малітву – без пасрэдніцтва касцёла і Папы Рымскага. Асноўнае крэда ўсіх рэфармацыйных плыняў Еўропы – “за Бога, але без Папы Рымскага”.
Рэфармацыя ў Беларусі напачатку захапіла ўсе слаі насельніцтва, але не стала, як Адраджэнне народнаснай з’явай, не стала народнай рэлігіяй.
У сярэдзіне ХVІ ст. на Беларусь пранікае вучэнне антытрынітарыяў, якія не лічылі Хрыста Богам і адмаўлялі хрысціянскі дагмат аб траічнасці. Адным з паслядоўнікаў антытрынітарства быў С. Будны – публіцыст і перакладчык, адзін з першых заснавальнікаў філалагічнай крытыкі Бібліі ў Еўропе. Пра асветніка захавалася мала біяграфічных звестак. Лічыцца, што ён нарадзіўся каля 1530 года.
Вядома, што, каля 1544 г. Будны паступіў на факультэт свабодных мастацтваў Кракаўскага універсітэта, дзе атрымаў грунтоўную гуманітарную і багаслоўскую адукацыю, ведаў старажытныя і еўрапейскія мовы, творы Платона, Арыстоцеля, Гамера, Дэмасфена, Вергілія, Сенекі, Цыцэрона і інш. Мяркуецца, што пасля Кракава Будны працягваў адукацыю ў Базельскім універсітэце.
У 1562 г. ён выдаў у Нясвіжы “Катэхізіс” – першую друкаваную кнігу на тэрыторыі сучаснай Беларусі. У тым жа 1562 годзе С. Будны друкуе ў Нясвіжы яшчэ адзін беларускамоўны твор “Пра апраўданне грэшнага чалавека перад Богам”. Пазней Будны перабраўся ў Лоск, дзе ў 1574 г. надрукаваў Новы Запавет з прадмовай і каментарыямі, які выклікаў бурную рэакцыю рэлігійных філосафаў усіх накірункаў. У 1576 г. у лоскай друкарні Будны выдае трактат “Пра найважнейшыя палажэнні хрысціянскай веры”, які меў палемічны характар. Свае кнігі С. Будны друкаваў на трох мовах (беларускай, польскай, лацінскай).
С. Будны лічыў, што толькі на аснове свабоды магчыма самавыяўленне асобы і росквіт яе здольнасцей. Асветнік выступаў супраць рэлігійнага фанатызму, пісаў пра неабходнасць засваення культуры іншых народаў.
Значны след пакінуў С. Будны не толькі ў рэлігійна-філасофскім і сацыяльна-палітычным жыцці Беларусі, але і ў яе літаратуры. Ён быў таленавітым празаікам, паэтам і перакладчыкам.
Другім значным рэфармацыйным асветнікам і пісьменнікам быў В. Цяпінскі. Ён паходзіў з сям’і дробнага гаспадарскага баярына Полацкага павета Мікалая Амельяновіча. У маладыя гады знаходзіўся на ваеннай службе, прымаў удзел у Лівонскай вайне. Захапіўшыся рэфармацыйным рухам, В. Цяпінскі як і С. Будны, спачатку належаў да кальвіністаў, потым схіліўся да антытрынітарыяў.
У 70-я гады ХVІ ст. у спадчынным маёнтку Цяпіна пад Лепелем на ўласныя сродкі арганізаваў друкарню, у якой намерыўся выдаваць кнігі на беларускай мове. З гэтай прычыны В. Цяпінскі распачаў падрыхтоўчую працу па перакладу Евангелляў (адзінае выданне, што захавалася да нашага часу, знаходзіцца ў Расійскай нацыянальнай бібліятэцы ў Санкт-Пецярбургу і змяшчае Евангеллі ад Матфея, Марка і часткова ад Лукі).
Прадмова да гэтага выдання напісана самім В. Цяпінскім, які рабіў пераклад на беларускую мову, апіраючыся на стараславянскія пераклады Кірылы і Мяфодзія. Сваю перакладчыцкую і выдавецкую справу Цяпінскі правёў выключна з патрыятычных пачуццяў. У рукапіснай прадмове да Евангелля ён напісаў пра сваё высокае прызначэнне служыць беларускаму народу, да якога адносіў сябе самога. Цяпінскі імкнуўся даказаць вялікую карысць чытання Евангелля на роднай мове. Маючы талерантныя, рацыяналістычныя погляды на рэлігію, В. Цяпінскі звязваў рэлігійную адукацыю з асветай наогул. У прадмове да Евангелля асветнік напісаў, што адрасуе сваю працу дарослым і дзецям, кальвіністам і праваслаўным, усім, хто хоча чытаць Новы Запавет.
Галоўную прычыну заняпаду краю Цяпінскі бачыў у палітыцы апалячвання і акаталічвання беларусаў, у падтрымцы гэтай палітыкі мясцовай арыстакратыяй, якая саромеецца роднай мовы.
Акрамя згаданых пісьменнікаў у перыяд рэфармацыі на Беларусі вызначыліся прадстаўнік свецкай аратарскай прозы Леў Сапега, паэт Андрэй Рымша, палеміст, філосаф, правазнаўца Андрэй Волан.
