- •Узнікненне літаратуры як мастацтва слова.
- •Пераемнасць вобразаў і тэм у творах сусветнай літаратуры. Культурны герой.
- •Антычная літаратура як крыніца і ўзор сусветнай літаратуры.
- •Параўнальна-тыпалагічная характарыстыка ўзораў гераічнага эпасу “Слова пра паход Ігаравы” і “Песні пра Раланда”.
- •Тытан Адраджэння Дантэ Аліг’еры.
- •Сусветная літаратура эпохі Сярэднявечча: перыядызацыя, састаў, крыніцы ўзнікнення.
- •Біблія – цэнтральная кніга Сярэднявечча ў хрысціянскіх дзяржавах. Біблейскія матывы ў літаратурных творах наступных эпох.
- •Рэнесанс на Беларусі: філасофскія погляды ф. Скарыны, яго асветніцкая дзейнасць.
- •Паэт-лацініст вкл м. Гусоўскі.
- •Санет у творчасці ф. Петраркі, у. Шэкспіра, а. Міцкевіча, м. Багдановіча.
- •Барока ў сусветнай літаратуры.
- •Класіцызм у сусветнай літаратуры.
- •Эпоха Асветніцтва ў літарататуры.
- •Рамантызм у літаратуры. Творчасць Дж. Байрана.
- •Літаратура Беларусі хіх стагоддзя.
- •Замежная літаратура хіх стагоддзя.
- •Жыццёвы і творчы шлях а. Міцкевіча.
- •Я. Баршчэўскі і Беларусь.
- •Т. Шаўчэнка – класік украінскай літаратуры.
- •Рабінзанада ў сусветнай літаратуры, яе асаблівасці ў творчасці я. Маўра.
- •Замежная літаратура першай паловы хх стагоддзя. Пісьменнікі “страчанага пакалення”.
- •Літаратурны працэс другой паловы хх стагоддзя за мяжой.
- •Асаблівасці развіцця беларускай літаратуры першай паловы хх стагоддзя.
- •Асаблівасці развіцця беларускай літаратуры другой паловы хх стагоддзя.
Эпоха Асветніцтва ў літарататуры.
Асветніцтвам называюць культурны рух, які пашырыўся ў Еўропе ў ХVIII ст. Асветніцтва – гэта ідэалогія буржуазіі ў перыяд першапачатковага накаплення капіталу. Яна скіравана на знішчэнне рэшткаў старой феадальнай сістэмы і яе абмежаванняў.
ХVIII ст. называюць стагоддзем сацыяльных пераўтварэнняў. Буржуазна-дэмакратычныя рэвалюцыі сталі галоўнай падзеяй гэтага перыяду пераходу да капіталістычнай сістэмы гаспадарання. Цэнтрам асветніцкіх ідэй становіцца Англія, якая перажыла рэвалюцыйныя змены раней за іншыя краіны.
У адрозненне ад часоў Адраджэння, гуманістычныя ідэалы якога падтрымлівала вузкае кола дзеячаў культуры, Асветніцтва мела распаўсюджанне сярод шырокіх маспрадстаўнікоў розных саслоўяў.
Услед за ХVII ст. з яго культам рацыяналізму ХVIII ст. замацоўвала культ Навукі і Розуму. З тэорыі папярэдняга часу ідэі навуковага спасціжэння свету і апоры на розум перайшлі ў практыку ХVIII ст. і пашырылі пры гэтым сферы свайго ўжытку. Разумным прызнавалася тое, што адпавядала інтарэсам свабоднага чалавека, г.зн. чалавека, не скутага феадальнымі ланцугамі, іерархічнымі сувязямі і залежнасцямі ад асяроддзя, старымі ўмоўнасцямі. Формулай асветніцкіх ідэй становяцца словы: “Асвета з дапамогай святла розуму”.
Важнай для ХVIII ст. была ідэя “свабоднага чалавека”, звязаная з паняццем Прыроды. Існаваў шэраг сінонімаў гэтай ідэі: “прыродны чалавек”, “натуральны чалавек”, “чысты чалавек”, “эмпірычны чалавек” і інш. “Свабодным”, або “прыродным” называлі чалавека, свабоднага ад усяго іншага, акрамя правоў, дадзеных чалавеку ад самой прыроды. Такім чынам замацоўваўся лозунг “роўнасці” людзей. Правы, што даваліся чалавеку ад прыроды, былі вызначаны яшчэ ў антычнасці: права на шчаслівае жыццё, ахову здароўя, самастойнае мысленне, прыватную ўласнасць і на яе свабоднае выкарыстанне. Лічылася, што па сваёй прыродзе чалавек добры. Асветнікі сцвярджалі, што зло нараджаецца як вынік уплыву знешняга, сацыяльнага асяроддзя. Таму яны прапаноўвалі розныя шляхі выкаранення зла: шлях насілля, гвалту (рэвалюцыйных змен) і ненасілля, негвалтоўных змяненняў.
Асветнікі вылучылі некалькі шляхоў негвалтоўнага пераўтварэння грамадства:
Шлях стваральнай працы. Гэта ідэя прагучала ў рамане Д. Дэфо “Рабінзон Круза”.
Выхаванне народным асяроддзем. Такі шлях праходзяць героі Дж. Свіфта, Г. Філдзінга, Д. Дзідро, І.В. Гётэ.
Ідэя выхавання з дапамогай навукі, мастацтва прагучала ў І.В. Гётэ і Ф. Шылера.
Ідэя выхавання маральнай пропаведдзю вылучана англійскімі сентыменталістамі (Л. Стэрн, А. Голдсміт) і французскімі асветнікамі (Вальтэр, Д. Дзідро, Ж.Ж. Русо).
Тэорыя “асветнага манарха”. Да гэтай тэмы звярталіся пісьменнікі Дж. Свіфт, Ш.Л. Мантэкск’ё, Ф. Шылер, Д. Фанвізін.
Асветнікі былі людзьмі энцыклапедычных ведаў, яны верылі ў прагрэс грамадства, цывілізацыі, у надыход царства розуму.
На Беларусі ідэі Асветніцтва пашырыліся ў другой палове ХVIII ст. Як вядома, гэта быў час палітычнага крызісу, шляхецкай анархіі, узмацнення дэцэнтралізацыі ў межах Рэчы Паспалітай. Адметнасць гістарычнага шляху Беларусі прадвызначыла ў значнай ступені спецыфіку Асветніцтва на яе землях: яно не несла ў сабе задач рэвалюцыйнага пераўтварэння грамадства, не мела матэрыялістычнага характару, яго носьбітамі часта выступалі не прадстаўнікі буржуазіі, а шляхта і духавенства. Беларускае Асветніцтва таксама было скіравана супраць феадальнага ладу, ідэй Контррэфармацыі, сцвярджала ідэі розуму, вызвалення чалавека ад фанатызму царквы, неабходнасці змянення грамадства і пры дапамозе ведаў, і з выхаваннем чалавека.
Умоўна пачатак Асветніцтва ў Еўропе датуюць 1691 г., калі выйшла з друку праца англійскага філосафа Джона Лока “Вопыт пра чалавечы розум”. Супраць канцэпцыі “прыроджаных ідэй” Р. Дэкарта выступіў Дж. Лок. Ён сцвярджаў, што толькі пачуццёвы вопыт з’яўляецца адзінай крыніцай пазнання чалавека.
2. СУВЯЗЬ ЛІТАРАТУРЫ З ФІЛАСОФІЯЙ.
Пісьменнікаў ХVIII ст. невыпадкова называюць уладарамі дум. Такімі пісьменнікамі-філосафамі з’яўляліся французскія асветнікі Вальтэр, Д. Дзідро, Ж.Ж. Русо.
ВАЛЬТЭР (1694-1778) – прадстаўнік першага перыяду французскага Асветніцтва. Быў дэістам, г.зн. прыняў Бога за аснову і першаштуршок, пры гэтым лічыў, што цывілізацыя і гісторыя развіваюцца па ўласных законах. Вядома фраза Вальтэра: “Калі б Бога не было, яго б варта было выдумаць”. Вальтэр быў супраць рэвалюцыйных метадаў барацьбы. Яго ідэалам была асветніцкая манархія. Вальтэр вядомы як аўтар “Філасофскіх лістоў”, дзе аналізаваў становішча ў Англіі, і як аўтар філасофскіх трагедый і аповесцей. Асветнік скарыстоўвае сатырычную форму для развянчання палахлівасці і ілжывасці святароў у паэме “Арлеанская нявінніца”, спрачаецца з Г.В. Лейбніцам у аповесці “Кандзід”. Вядомы як драматург.
ДЭНІ ДЗІДРО (1713-1784) – пісьменнік, філосаф, драматург. Перайшоў на пазіцыі матэрыялізму ад дэістычных поглядаў. У сферы сацыяльных адносін пайшоў далей, чым Вальтэр. Выступаў як дэмакрат, абаронца інтарэсаў народа, прызнаваў за ім права на рэвалюцыю. Вядомы як арганізатар і стваральнік (разам з Д’Аламберам) французскай “Энцыклапедыі, або Слоўніка навук, мастацтваў, рамёстваў” (у 28 т., 11 т. складаюць ілюстрацыі, 1751-1772гг.). “Дзідро стварыў гімн рамёствам у энцыклапедычнай форме, зрабіў героямі свайго выдання людзей шматлікіх прафесій. Ён прыклаў вялікія намаганні, каб ахапіць усе формы працоўнай дзейнасці, нярэдка сам станавіўся за станок, каб спасцігнуць яго таямніцы, замалёўваў розныя прылады працы, складаў чарцяжы. Чалавечая праца і яе вынікі быццам проціпастаўлены ў Дзідро Богу і феадальнаму ладу”, - адзначалі Д. Абламіеўскі і С. Тураеў (Гісторыя сусветнай літаратуры. М., 1988. Т.5. С.130.). Дзідро вядомы як першапачынальнік жанру мастацкай крытыкі, яго працы прысвечаны пытанням драматургіі і тэатра, выяўленчаму мастацтву. Як празаік Дзідро стварыў антыклерыкальны раман “Манахіня” (1760), філасофскую аповесць “Пляменнік Рамо” (1762), дзе разглядае складаныя палітычныя і філасофскія праблемы.
ЖАН-ЖАК РУСО (1712-1778) – філосаф, пісьменнік, педагог, музыкант. Прадстаўнік радыкальнага крыла французскага Асветніцтва. Змагаўся супраць сацыяльнай няроўнасці людзей, дэспатызму і рабства. Асветнік кажа пра сваё няўменне прыстасоўвацца да нізкапаклонства і ілжывасці тых, хто служыць уладам. У мастацкіх творах Ж.Ж. Русо сканцэнтраваны асноўныя палажэнні яго светасузірання, якое атрымала назву “русаізм”. “Русаізм” прадугледжвае патрабавальную ўвагу да самога сябе, вывучэнне сваёй асобы з розных бакоў. Прыярытэт у такім вывучэнні аддаецца пачуццям, якія пераважаюць над разумовым светам. Русо адмаўляў цывілізаваныя формы жыцця – і ў жабрацкім становішчы чалавек можа захаваць годнасць, права на свабоднае мысленне, незалежнасць ад царкоўных аўтарытэтаў і грамадскіх норм.
Ж.Ж.Русо вядомы як аўтар трактатаў ”Разважанне пра навукі і мастацтвы”, ”Разважанне пра паходжанне і асновы няроўнасці паміж людзьмі”, некалькіх п’ес, оперных лібрэта, вершаў, філасофска-педагагічнага трактата “Эміль ці Пра выхаванне”, філасофскага рамана “Юлія або Новая Элаіза”, кнігі “Споведзь”.
3. ЛІТАРАТУРНЫЯ КІРУНКІ АСВЕТНІЦТВА.
Асветніцкая літаратура прадстаўлена шэрагам літаратурных напрамкаў, адны з якіх перайшлі з ХVII ст. (барока, класіцызм), другія нарадзіліся ў варунках тагачаснага літаратурнага руху.
Асветніцкі класіцызм стаў якасна новым этапам у развіцці літаратуры. У адрозненне ад прыдворных класіцыстаў ХVII ст. класіцысты-асветнікі імкнуліся не замацаваць, а паслабіць абсалютыстскую дзяржаву. Асветніцкі класіцызм – мастацтва высокага грамадзянскага пафасу. Акцэнт з асобы чалавека пераносіцца на грамадства, гучыць ідэя выхавання чалавека ў навакольным асяроддзі або неабходнасці яго перавыхавання. З’яўляецца новы тып героя – мудраца, інтэлектуала, чалавека, які шмат разважае аб тым, што адбываецца з ім або ў яго на вачах. Яркім прадстаўніком асветніцкага класіцызму стаў Вальтэр.
Актыўна ў ХVIIІ ст. развіваецца рэалістычны напрамак літаратуры. Ён звязаны з крызісам феадальна-абсалютыстскай сістэмы і з выхадам на арэну трэцяга саслоўя.
Тыпалагічныя прыкметы асветніцкага рэалізму:
у цэнтры ўвагі пісьменнікаў-рэалістаў быў чалавек, яго сацыяльнае становішча і лёс у грамадстве;
герой твораў асветніцкага рэалізму паходзіць з дэмакратычных слаёў, ён сацыяльна актыўны, дзейсна адстойвае свае інтарэсы, змагаецца за праўду, аказвае супраціўленне самым розным з’явам прыроды і грамадства;
герой праходзіць шлях маральнага ўдасканалення, назіраецца эвалюцыя героя ў духоўным плане. Пры гэтым герой застаецца тыповым прадстаўніком свайго асяроддзя.
Такога героя сустракаем у раманах Д. Дэфо “Рабінзон Круза”, Д. Свіфта “Падарожжы Гулівера”, Д. Дзідро “Манахіня”, у п’есах Р. Шэрыдана, П.А.К. дэ Бамаршэ.
Асветніцкі рэалізм імкнуўся да дэмакратызацыі літаратуры. Пісьменнікі-рэалісты адверглі правілы класіцыстычнага мастацтва, перш за ўсё яны імкнуліся да праўдзівасці адлюстравання рэчаіснасці.
Тэарэтыкамі новага рэалістычнага мастацтва былі Д. Дзідро і Г. Лесінг.
Літаратура сентыменталізму нараджалася ва ўмовах усведамлення абмежаванасці розуму і яго магчымасцей. Сентыменталісты дабавілі да асветніцкай ідэі розуму паняцце “пачуццё”.
Тыпалагічныя прыкметы сентыменталізму:
культ пачуцця;
культ Прыроды;
ідэалізацыя патрыярхальнага сялянскага ладу;
непрыманне горада, цывілізацыі, адносіны да іх як да крыніц заганаў асобы і грамадства.
Сентыменталісты крытыкавалі дваранства за разбэшчанасць, буржуазію – за прагматычны разлік; яны са спачуваннем адносіліся да простага народа, патрабавалі ўвагі да яго праблем.
Сентыменталізм найперш быў пашыраны на тэрыторыі Англіі – радзіме гэтага літаратурнага кірунку, дзе яго прадстаўнікамі былі Л. Стэрн, А. Голдсміт, часткова Р. Бёрнс, у Францыі – Ж.Ж. Русо і яго паслядоўнікі (пратэстуючы супраць сацыяльнай несправядлівасці, яны патрабавалі самай рашучай, нават рэвалюцыйнай перабудовы грамадства). На славянскіх землях ён вызначаўся асаблівасцямі: меў пераважна дваранскі характар, у літаратуры Беларусі суіснаваў побач з рамантызмам, не выявіўся ў асобную літаратурную плынь і не стаў папярэднікам рамантызму.
Перадрамантызм у канцы ХVIIІ ст. - пач. ХІХ ст. не выступаў як асобны кірунак. Гэта ўмоўная назва для абазначэння пераходных літаратурных з’яў ад Асветніцтва да новай эстэтычнай сістэмы ХІХ ст. У літаратуры перадрамантызму выявіўся крызіс асветніцкай думкі і адмаўленне ад яе.
Для творчасці прадстаўнікоў перадрамантызму характэрна:
перайманне з крыніц народнай творчасці;
эстэтызацыя мінулага;
замена рацыяналістычнага мыслення ірацыяналістычным;
цікавасць да з’яў іншага свету.
Вядомымі перадрамантыкамі былі Хорэс Уолпал і Анна Радкліф, стваральнікі так званага “гатычнага рамана”. Для гэтага жанру характырны шматлікія загадкі, звязаныя з умяшальніцтвам у лёс людзей звышнатуральных сіл, сумныя прадчуванні і жахлівыя папярэджанні, вобразы напалову разбураных палацаў і містычных цудаў і інш.
У сістэме жанраў ХVIIІ ст. на першае месца выйшла проза, асабліва раман. Для рэалістычнага рамана ХVIIІ ст. характэрна спалучэнне маральна-этычнай і сацыяльнай праблематыкі. Сярод жанраў асветніцкага рамана былі пашыраны эпісталярны раман ( С. Рычардсан, Ш.Л. Мантэкск’ё, Ж.Ж. Русо, І.В. Гётэ), раман выхавання – найперш у нямецкай літаратуры (І.В. Гётэ), філасофская проза (Вальтэр, Д. Дзідро, Ш.Л. Мантэкск’ё, Ж.Ж. Русо), раман-падарожжа, прыгодніцкі раман і інш.
Сярод драматычных жанраў найбольшую вядомасць набылі мяшчанская драма (Д. Дзідро, Ф. Шылер), камедыя нораваў (Р. Шэрыдан), сацыяльная камедыя (П.А.К. дэ Бамаршэ), гістарычная драма (Ф. Шылер).
Напрыканцы ХVIIІ ст. росквіту дасягнула паэзія ў творчасці Р. Бёрнса, І.В. Гётэ, Ф. Шылера.
