- •Узнікненне літаратуры як мастацтва слова.
- •Пераемнасць вобразаў і тэм у творах сусветнай літаратуры. Культурны герой.
- •Антычная літаратура як крыніца і ўзор сусветнай літаратуры.
- •Параўнальна-тыпалагічная характарыстыка ўзораў гераічнага эпасу “Слова пра паход Ігаравы” і “Песні пра Раланда”.
- •Тытан Адраджэння Дантэ Аліг’еры.
- •Сусветная літаратура эпохі Сярэднявечча: перыядызацыя, састаў, крыніцы ўзнікнення.
- •Біблія – цэнтральная кніга Сярэднявечча ў хрысціянскіх дзяржавах. Біблейскія матывы ў літаратурных творах наступных эпох.
- •Рэнесанс на Беларусі: філасофскія погляды ф. Скарыны, яго асветніцкая дзейнасць.
- •Паэт-лацініст вкл м. Гусоўскі.
- •Санет у творчасці ф. Петраркі, у. Шэкспіра, а. Міцкевіча, м. Багдановіча.
- •Барока ў сусветнай літаратуры.
- •Класіцызм у сусветнай літаратуры.
- •Эпоха Асветніцтва ў літарататуры.
- •Рамантызм у літаратуры. Творчасць Дж. Байрана.
- •Літаратура Беларусі хіх стагоддзя.
- •Замежная літаратура хіх стагоддзя.
- •Жыццёвы і творчы шлях а. Міцкевіча.
- •Я. Баршчэўскі і Беларусь.
- •Т. Шаўчэнка – класік украінскай літаратуры.
- •Рабінзанада ў сусветнай літаратуры, яе асаблівасці ў творчасці я. Маўра.
- •Замежная літаратура першай паловы хх стагоддзя. Пісьменнікі “страчанага пакалення”.
- •Літаратурны працэс другой паловы хх стагоддзя за мяжой.
- •Асаблівасці развіцця беларускай літаратуры першай паловы хх стагоддзя.
- •Асаблівасці развіцця беларускай літаратуры другой паловы хх стагоддзя.
Біблія – цэнтральная кніга Сярэднявечча ў хрысціянскіх дзяржавах. Біблейскія матывы ў літаратурных творах наступных эпох.
У Еўропе хрысціянства стала асноўнай крыніцай фарміравання сярэднявечнай цывілізацыі: афіцыйнай рэлігійнай сістэмай светасузірання, ладу жыцця і мыслення сярэднявечнага чалавека, адным з вытокаў літаратуры і мастацтва. Адпаведна асноўным дагматам хрысціянскай царквы ў сярэднявечнай літаратуры атрымалі распаўсюджванне два сюжэты. Першы быў звязаны з ідэяй трыадзінства Бога. Боскую троіцу ўславілі ў сваіх творах многія аўтары ( напрыклад, хрысціянскі пісьменнік ІV ст. Амвросій Медыяланскі). Другі распаўсюджаны сюжэт звязаны з ідэяй богаўвасаблення ў Сына Чалавечага – Ісуса Хрыста ( Новы Запавет з Бібліі).
Вядучы ўплыў на свядомасць сярэднявечнага чалавека аказала Біблія. Біблія – гэта е адна кніга, а цэлы збор кніг, якія саставілі дзве часткі – Стары і Новы запавет. У склад Старога запавету ўваходзіць “Кніга Быцця”, якая распавядае пра стварэнне свету з першапачатковага хаосу шляхам упарадкавання: адасаблення, вылучэння, размежавання частак.
У першы дзень было створана святло і аддзелена ад цемры. У другі – цвярдыня нябесная. На трэці – аддзелена суша ад мора, створана расліннасць. На чацвёрты – пачалося ўпрыгожванне зямлі, былі створаны сонца, месяц, зоркі, вызначаны падзел на дні і гады. На пяты – створаны птушкі, заселены воды. На шосты – жывёльны свет і чалавек. Чалавек быў створаны як богападобная істота з праху зямнога, у які Бог удыхнуў жыццё. З аднаго боку чалавек – “вянец тварэння”, з другога – слуга зямлі, якую павінен апрацоўваць. “Залатым векам” для Адама (“чалавек”) і Евы (“якая дае жыццё”) было знаходжанне ў садах Эдэма.
Сцвярджаюць, што Рай – гэта свет ідэальнай гармоніі і ідэальнага ўпарадкавання: гармоніі паміж чалавекам і Богам, паміж чалавекам і прыродай, паміж чалавекам і чалавекам, чалавека з самім сабой. Але ў свет прыйшло Зло, якое было ад праціўніка Бога – Сатаны. Грэхападзенне – гэта не толькі сарваны і надкусаны яблык, непаслухмянасць, праяўленая аднойчы. Гэта разбурэнне гармоніі паміж чалавекам і Богам, чалавекам і прыродай, чалавека з чалавекам (забойства Каінам Авеля, сусветны патоп, Вавілонская вежа, пакаранне чалавецтва за грахі агнём – гібель Садома і Гаморы).
Назва другой часткі Бібліі – “Новы запавет” – звязана з вераю ў “новы дагавор” Бога з людзьмі. Гэты саюз быў заключаны з дапамогаю Ісуса Хрыста. Сярод кніг Новага запавету найперш вылучаюць Евангелле (“добрая вестка”). Такой весткай першыя хрысціяне назвалі паданні пра прышэсце Ісуса Хрыста. Пра жыццё Ісуса расказалі чатыры кнігі - Евангеллі ад Матфея, Іаана, Лукі, Марка. Закрывае Новы запавет Апакаліпсіс – прадказанне будучага чалавецтва да другога прышэсця Хрыста, зробленае Іаанам Багасловам.
Вобразы з Бібліі перажылі стагоддзі, шырока выкарыстоўваліся і выкарыстоўваюцца ва ўсіх відах мастацтва, натхняючы чалавецтва на новыя шэдэўры. Хрысціянская сімволіка і асэнсаванне рэлігійных сюжэтаў сустракаецца ў творах К. Тураўскага, Дантэ, М. Гусоўскага, Ф. Дастаеўскага, Л. Талстога, М. Булгакава, Б. Пастэрнака, С. Ясеніна, В. Быкава і інш.
Такім чынам, Біблія стала для сусветнай літаратуры трывалым падмуркам для вырашэння самых галоўных пытанняў быцця чалавека.
Літаратурны працэс эпохі Адраджэння.
У гісторыі еўрапейскай цывілізацыі ХІV-ХVІ стст. былі надзвычайна важнымі і складанымі. Фарміраваліся нацыі і складваліся нацыянальныя дзяржавы, развівалася мараплаванне і былі здзейснены вялікія геаграфічныя і навуковыя адкрыцці, пашыраўся гандаль, зараджалася буйная прамысловасць, пачалося кнігадрукаванне. Наглядаўся ўзлёт мастацкай культуры.
Адраджэннем называюць росквіт сусветнай культуры на гэтым фоне гістарычных працэсаў. Гэта пераходны перыяд ад культуры Сярэднявечча да культуры Новага Часу. Тэрмін “Адраджэнне” або “Рэнесанс” ( ад фр. Renaissance) звязаны са спробамі адрадзіць антычнасць, нанава адкрыць свет класічнай старажытнасці. Рэнесанс пачынаецца ў Італіі ў ХІІІ стагоддзі, на землі Беларусі трапляе ў ХV-XVI стст.
Адкрыццё антычных рукапісаў, вяртанне да жыцця забытых тэкстаў, праца над іх выпраўленнем ад сярэднявечных скажэнняў, каментарыі і пераклады натхнялі не адно пакаленне гуманістаў. Сярод першапачынальнікаў вывучэння антычнасці быў Ф. Петрарка. Вялікую працу па аднаўленню старажытных тэкстаў ажыццявіў С. Будны. Цікавасць да старажытнасці абумовіла глыбокае вывучэнне гуманістамі старажытных моў. Латынь стала лічыцца крыніцаю і ўзорам прыгажосці. На ёй пісалі ў розных краінах Еўропы Дантэ, Ф. Петрарка, Э. Ратэрдамскі, М. Гусоўскі, Я. Вісліцкі.
Новыя ўяўленні пра чалавека і сусвет сталі асновай новага светаўспрымання, якое ў часы Рэнесанса атрымала назву “гуманізм”. Гуманізм – паняцце, якое вядзе паходжанне з лацінскай мовы: humanus, што значыць “чалавечы”. Гуманісты былі высокаадукаванымі людзьмі эпохі. Яны атрымлівалі адукацыю ў тагачасных еўрапейскіх універсітэтах (Ф. Петрарка, Лопэ дэ Вега, Ф. Скарына) або ў школах пры манастырах (Ф. Рабле, Э. Ратэрдамскі). Гуманісты шмат падарожнічалі, што пашырала іх кругагляд. У сваёй дзейнасці яны сцвярджалі ідэалы чалавекалюбства, таму новае светаўспрыманне эпохі атрымала назву “рэнесансны гуманізм”.
Гуманістычная канцэпцыя чалавека была заснавана на гармоніі духоўнага і пачуццёвага свету ў чалавека, ідэальнага і матэрыяльнага, маральнага і фізічнага пачаткаў асобы.
Да совершенен будетъ человек божий
И на всяко дело добро уготован (Ф. Скарына)
У культуры Адраджэння выявілася, як і ў часы антычнасці, цікавасць да аголенай натуры, да непрыкрытага фізічнага жыцця чалавека. Гэты інтарэс не паказваў нізасць плоцкіх жаданняў, не быў вынікам ганебных адносін да чалавека. Наадварот, чалавечае цела вывучалася да дасканаласці (напрыклад, Леанарда да Вінчы, доктарам-святаром Ф. Рабле). У культуры Адраджэння ўсё зямное, у тым ліку і чалавечае цела, адухаўлялася, разглядалася як вышэйшая каштоўнасць і дасканалая прыгажосць. Адраджэнне стала эпохай услаўлення, абагаўлення чалавека. Чалавек паўставаў як цэнтральная фігура свету, гуманісты бачаць чалавека богападобным, у той час як вобразы багоў становяцца падобнымі на чалавека (“Сіксцінская мадонна” Рафаэля, вобраз Дзевы Марыі з “Песні пра зубра” М. Гусоўскага). Чалавечая прыгажосць параўноўваецца з Боскай дасканаласцю. У творах Дантэ, Ф. Петраркі бачны шлях зямнога чалавека на неба, узвышэнне жанчыны да ўзроўню Боскай дасканаласці.
Свядомасць чалавека вызваляецца ад царкоўных догмаў, ад розных форм схаластычнага мыслення. Сцвярджаецца права чалавека на зямныя радасці, права на шчасце і свабоду, самавыяўленне і творчы пошук. Узнікае ўяўленне пра надзвычайную каштоўнасць чалавечага жыцця, непаўторнасць індывідуальных інтарэсаў, што абазначаецца паняццем ”рэнесансны індывідуалізм”.
Ідэалам гарманічнай асобы стаў індывід. Новае светабачанне было індывідуалістычным у адрозненне ад сярэднявечнага, дзе асоба чалавека гублялася ў сістэме традыцыйнай народнай або хрысціянскай культуры.
У выяўленчым мастацтве адкрыты прынып “залатога сячэння”, разуменне перспектывы, авалоданне трэцім вымярэннем.
Для ранняга Адраджэння характэрна лірыка (Ф. Петрарка) і навела (Дж. Бакача). Літаратура гэтага перыяду прасякнута антырэлігійным і антыфеадальным пафасам. Сталае сярэднявечча спрыяла росквіту паэмы з авантурна-рыцарскім сюжэтам, позняе Адраджэнне стала часам развіцця творчасці Сервантэса і Шэкспіра.
У літаратуры эпохі Адраджэння пашыраюцца новыя жанры. Выдатнай з’явай эпохі стаў санет – твор, устойлівы і гарманічны па сваёй архітэктоніцы. Гэта не толькі строгая, устойлівая страфічная форма, гэта твор з пэўнай структурай зместу. Санет (ад італ. sonetto – звонкая песенька) з’явіўся ў пачатку ХІІІ стагоддзя. На працягу ХІV-ХVстст. Ішоў працэс утварэння яго кананічнай формы. Санет стаў папулярным у творчасці Дантэ, Ф. Петраркі, Мікеланджэла, Л. дэ Вегі, П. Рансара, У. Шэкспіра.
Санет адносіцца да так званых цвёрдых форм верша. Кананічныя правілы дыктуюць наступныя патрабаванні:
А) нязменны аб’ём 14 радкоў;
Б) абавязковы падзел на строфы ўнутры санета: 2х4 і 2х3 (два катрэны і два тэрцэты) – у класічным, італьянскім санеце; 3х4 і 1х2 (тры катрэны і адно двухрадкоўе) – у англійскім, шэкспіраўскім санеце;
В) пастаянная сістэма рыфмоўкі (перакрыжаваная ці кальцавая);
Г) пастаянны памер санета (часцей пяцістопны ямб).
Тэматыка санетаў разнастайная. Яны ўяўляюць сабою ўзоры любоўнай, філасофскай, пейзажнай, палітычнай, псіхалагічнай лірыкі. Н.Буало пісаў: ”Беззаганны санет адзін варты цэлай паэмы”.
Навела была пераходнай формай ад пашыранага ў гарадскім фальклоры анекдота. Тэрмін “навела” паходзіць ад італ. novella - “навіна”. У цэнтры навелы – навіна або падзея, прыгода, прыклад, вакол якога пабудаваны сюжэт і дзякуючы якому ў ім адбываецца нечаканы паварот. Для навелы характэрна сцісласць зместу. Літаратурны жанр навелы ўзнік на традыцыях анекдота, фабліо, жыція, казкі, падання. Анекдот насычае навелу авантурным, прыгодніцкім зместам, фабліо дае вобразы гарадскога жыцця, штодзённага сямейнага побыту. Навела насычаецца алегарызмам і павучальнасцю. Узнікнуўшы на традыцыях старых літаратурных форм, навела адасобілася ад іх. Напрыклад, у адрозненне ад прытчы навела пераносіць у рэальныя час і прастору, у ёй героі набываюць сваё імя і пэўнае сацыяльнае становішча. У адрозненне ад жыція навела носіць свецкі характар. Першапачынальнікам жанру навелы па праву называюць Джавані Бакача ( раман у навелах “Дэкамерон”).
Тыпалагічна падобнымі да заходнееўрапейскай навелы эпохі Адраджэння могуць быць названыя беларускія народныя казкі авантурна-навелістычнага накірунку. У іх аснове – хітрасць героя, які сваімі паводзінамі павучае зайздросніка, багацея, чорта (казка “Мужык і пан”).
У эпоху Адраджэння ў грамадстве пашыраецца мара аб ідэальнай дзяржаве, ідэальнай светабудове: у творах Дантэ, Ф. Петраркі, М. Гусоўскага сустракаем яе адгалоскі. Асаблівае развіццё ідэя ідэальнай дзяржавы атрымала ў творах утапічнай літаратуры. Утопія – жанр літаратуры, прысвечаны апісанню выдуманай краіны, якая становіцца ўзорам грамадскага ладу, краіны, пабудаванай па законах роўнасці і справядлівасці, узору дасканалага грамадства. Утопія змяшчае магчымыя праекты сацыяльных пераўтварэнняў. Паняцце “утопія” упершыню было выкарыстана англійскім пісьменнікам Т. Морам у пачатку ХVІ ст. У дыялогу “Утопія” ён паказаў грамадства, дзе праца абавязковая для ўсіх, дзе няма прыватнай уласнасці, сродкі размяркоўваюцца справядлівым спосабам. Ідэальны лад жыцця адлюстраваны ў рамане Ф. Бэкана “Новая Атлантыда” і рамане Т. Кампанэлы “Горад Сонца”.
