- •Узнікненне літаратуры як мастацтва слова.
- •Пераемнасць вобразаў і тэм у творах сусветнай літаратуры. Культурны герой.
- •Антычная літаратура як крыніца і ўзор сусветнай літаратуры.
- •Параўнальна-тыпалагічная характарыстыка ўзораў гераічнага эпасу “Слова пра паход Ігаравы” і “Песні пра Раланда”.
- •Тытан Адраджэння Дантэ Аліг’еры.
- •Сусветная літаратура эпохі Сярэднявечча: перыядызацыя, састаў, крыніцы ўзнікнення.
- •Біблія – цэнтральная кніга Сярэднявечча ў хрысціянскіх дзяржавах. Біблейскія матывы ў літаратурных творах наступных эпох.
- •Рэнесанс на Беларусі: філасофскія погляды ф. Скарыны, яго асветніцкая дзейнасць.
- •Паэт-лацініст вкл м. Гусоўскі.
- •Санет у творчасці ф. Петраркі, у. Шэкспіра, а. Міцкевіча, м. Багдановіча.
- •Барока ў сусветнай літаратуры.
- •Класіцызм у сусветнай літаратуры.
- •Эпоха Асветніцтва ў літарататуры.
- •Рамантызм у літаратуры. Творчасць Дж. Байрана.
- •Літаратура Беларусі хіх стагоддзя.
- •Замежная літаратура хіх стагоддзя.
- •Жыццёвы і творчы шлях а. Міцкевіча.
- •Я. Баршчэўскі і Беларусь.
- •Т. Шаўчэнка – класік украінскай літаратуры.
- •Рабінзанада ў сусветнай літаратуры, яе асаблівасці ў творчасці я. Маўра.
- •Замежная літаратура першай паловы хх стагоддзя. Пісьменнікі “страчанага пакалення”.
- •Літаратурны працэс другой паловы хх стагоддзя за мяжой.
- •Асаблівасці развіцця беларускай літаратуры першай паловы хх стагоддзя.
- •Асаблівасці развіцця беларускай літаратуры другой паловы хх стагоддзя.
Антычная літаратура як крыніца і ўзор сусветнай літаратуры.
З антычнай літаратуры бярэ пачатак літаратура еўрапейскай цывілізацыі, якая ў сваю чаргу стала асновай цывілізацыі на амерыканскім кантыненце. Так антычная літаратура арганічна ўвайшла ў літаратуру сусветную як першапачатак-крыніца і ўзор прыгажосці. У антычнасці зарадзіліся і два віды мастацкага слова – паэзія і проза.
У антычнай літаратуры адбылося станаўленне і развіццё трох літаратурных родаў: эпасу, лірыкі і драмы. Літаратурны род – гэта ўстойлівая мастацкая форма, якой уласцівы пэўны спосаб і пэўны прадмет адлюстравання жыцця. Напрыклад, лірыку цікавіць пачуццё, эпас – падзеі, драму цікавяць дзеянні.
З антычнай літаратуры бяруць пачаткі розныя жанры:
Буколіка – жанр антычнай паэзіі, якая апявае жыццё вясковых жыхароў (пастухоў, рыбакоў) і паказвае яго вольным, бестурботным.
Гімн – урачыстая песня ў гонар якога – небудзь героя, выдатнай падзеі, краіны.
Ідылія – жанравая разнавіднасць букалічнай паэзіі: невялікі лірычны твор, у якім падаецца малюнак чароўнай прыроды, які проціпастаўляецца цяжкаму жыццю, або малюецца шчаслівае жыццё на лоне прыроды.
Пасланне – эпісталярна – публіцыстычны верш, напісаны ў форме звароту да рэальна існуючай асобы.
Элегія – верш, у якім выяўляецца смутак, меланхолія.
Эпіграма – невялікі афарыстычны зварот да агульна вядомай асобы з пажаданнем або ўхваленнем.
Эпітафія – верш – надпіс на магільным помніку. А таксама камедыя, трагедыя, сатыра і інш.
У антычнай літаратуры ўзнікае драма, развіваецца эпас, распаўсюджваецца тэатральнае мастацтва.
У склад літаратуры ў старажытных Грэцыі і Рыме ўваходзілі гісторыяграфія, красамоўства, філасофская проза. У антычнасці зарадзіліся літаратуразнаўства і рыторыка, эстэтыка і філасофія, былі сфармуляваны важнейшыя паняцці і катэгорыі: гармонія, катарсіс, мера, рытм, сіметрыя і інш.
У межах антычнай літаратуры разгледзім літаратуру Старажытнай Грэцыі і літаратуру Старажытнага Рыма.
Перыядызацыя старажытнагрэчаскай літаратуры:
1.Архаічны перыяд – да VІІІ стаг.да н.э. – эпас Гамера.
2.Элінскі перыяд – VІІІ стаг. да н.э. па ІІІ стаг. да н.э. – росквіт старажытнагрэчаскай літаратуры.
3.Паслякласічны перыяд – ІІІ стаг. да н.э.па V стаг. н.э. – да літаратуры Старажытнай Грэцыі “далучаецца” літаратура Старажытнага Рыма ( з сярэдзіны ІІІ стаг. да н.э.).
2.СТАРАЖЫТНАГРЭЧАСКАЯ ЛІТАРАТУРА.
ЭПАС СТАРАЖЫТНАЙ ГРЭЦЫІ. ГАМЕР.”ІЛІЯДА”.
Аснову паэмы склалі гераічныя паданні, якія паявіліся на мяжы 1-га тысячагоддзя да н.э. У іх аднаўляецца міфалагізаваная гісторыя падзей, якія адбываліся прыблізна каля 1200 г. да н.э., падчас паходу грэкаў на Трою (або Іліён – горад у Малай Азіі, вядомы з канца 4-га тысячагоддзя да н.э.). Гамер на матэрыяле вусных паданняў стварыў пісьмовы варыянт “Іліяды”. Гэты варыянт быў замацаваны ў VІ стаг. да н.э. спецыяльнай камісіяй, якая адмежавала яго ад існуючых вусных версій паэмы.
У аснове сюжэта – Траянскі цыкл міфаў. Траянская вайна, згодна з міфам, пачалася з выкрадання Парысам, сынам траянскага цара Прыяма, Алены, спартанскай царыцы. Дзеля таго, каб вярнуць Алену законнаму мужу, грэкі распачынаюць Траянскую вайну, якая цягнецца 10 гадоў. У “Іліядзе” апісваецца 50 дзён апошняга года вайны. Мінулае ў эпасе паэтызуецца, гераізуецца. Такая ж ідэалізацыя характэрна і вобразам твора.
Гнеў Ахіла – асноўная тэма “Іліяды”. У вобразе Ахіла ўвасоблены ідэал геройскай доблесці старажытных грэкаў, справядлівасць і велікадушнасць у спалучэнні з сілай пачуццяў і нястрыманасцю ў іх выяўленні.
“Іліяда” – гэта паэма і пра Трою. І ў траянцаў ёсць свае героі, гэта найперш Гектар, брат Парыса, сын Прыяма і Гекубы. У той час як Парыс стаў прычынай вайны, Гектар быў абаронцам горада, які трапіў у асаду. Гектар паказаны і як спагадлівы муж і добры бацька (сцэна спаткання з Андрамахай – Песня VІ).
“Іліяда” вызначаецца сярод іншых твораў гераічнага эпасу тым, што тут паяўляюцца і жаночыя вобразы. Найбольш значны з іх – вобраз жонкі Гектара Андрамахі.
“Іліяду” называюць энцыклапедыяй старажытнага свету, у якой адлюстраваны светаўспрыманне чалавека, заснаванае на міфалагічных уяўленнях, падзеі Траянскай вайны, побыт ваеннага часу. Героі паэмы сталі ўвасабленнем нацыянальнага духу, “всей полноты сил народа”, “некогда представлявшего в лице своём целое человечество” (В. Бялінскі).
ГАМЕР. ”АДЫСЕЯ”.
“Адысея” мае шмат агульнага з “Іліядай”, аднак істотна адрозніваецца ад першай паэмы. Галоўная ідэя “Адысеі” – вяртанне на радзіму, на востраў Ітаку, пасля перамогі пад Трояй аднаго з герояў-грэкаў Адысея, цара Ітакі, сына Лаэрта. У цэнтры ўвагі аўтара не ваенныя, а мірныя падзеі. Радзімаю “Адысеі” таксама называюць Іонію (узбярэжжа Малой Азіі і бліжэйшыя востравы). Датуюць твор пазнейшымі часамі: мяжою ці пачаткам VІІ ст. да н.э. (або другой паловай VІІІ ст да н.э.).
Асноўны сюжэт “Адысеі” – вяртанне героя на радзіму – дапоўнены матывамі, звязанымі з чаканнем Адысея жонкай Пенелопай і сынам Тэлемахам. Дзеянне ў паэме адбываецца напрацягу 40 дзён з 10 гадоў вандравання Адысея. У паэме таксама сустракаецца жаночы вобраз. Жонка Адысея Пенелопа чакае вяртання мужа. На яе руку прэтэндуюць 108 жаніхоў, але Пенелопа ім адмаўляе. Вобраз Пенелопы ўвайшоў у літаратуру як вобраз мудрай, вернай жонкі, якая чакае мужа нягледзячы ні на якія перашкоды. Ідэалізацыя гэтага вобраза ўзмацняецца праз вонкавае аблічча Пенелопы, якой багі падарылі незвычайную прыгажосць. Сусветная традыцыя – бачыць жанчыну ў незямным ззянні яе прыгажосці – пачынаецца са старажытных часоў.
ТРАГЕДЫЯ Ў АНТЫЧНЫМ МАСТАЦТВЕ.
Трагедыя была адным з жанраў драмы. Менавіта дзеянне, а не апавяданне або лірычная споведзь стала асновай гэтага роду літаратуры.
Аўтар апынуўся па-за межамі структуры твора, асноўнай формай стаў дыялог. З паяўлення дыялогу ў старажытных абрадавых дзеяннях і пачынаецца фарміраванне драмы. Драма вылучылася з народных абрадавых гульняў і ў старажытнасці мела тры віды: трагедыя, камедыя, сатыраўская драма.
Назва “трагедыя” паходзіць ад старажытнагрэчаскага tragoidia, дзе tragos – казёл, oide – песня. Агульнае значэнне гэтага паняцця – “песня казлоў”, што блізкае да тлумачэння Арыстоцеля: “прадстаўленне сатыраў”. Сатыры - гэта істоты, падобныя да казлоў, паводле міфічных уяўленняў старажытных грэкаў. Яны суправаджалі бога Дыёніса, які лічыўся богам пладаносных сіл зямлі, богам расліннасці, вінаградарства, вінаробства. Часткаю ўслаўлення Дыёніса з’яўляліся харавыя песні ў гонар бога – дыфірамбы. Яны сталі пачатковай стадыяй у развіцці трагедыі. Дыфірамбы выконваў хор, часта апрануты ў сатыраў: у скуры казлоў, з рагамі на галовах, з абуткам, што нагадваў казліныя капыты. Гэтыя “песні казлоў” і сталі асновай трагедыі. Паступова з хору вылучыўся запевала – карыфей. Паміж хорам і карыфеем адбываўся дыялог. Затым паявіліся акцёры: спачатку адзін, потым Эсхіл увёў другога акцёра, Сафокл – трэцяга. Харавая песня пачала ператварацца ў драму. Прадстаўленні адбываліся на архестры – спецыяльнай круглай пляцоўцы. Пазней на ёй застаўся хор, а акцёры перайшлі на праскеній, які знаходзіўся ззаду архестры. Тут жа сталі размяшчаць дэкарацыі. За праскеніем размяшчалася скене, дзе акцёры пераапраналіся. Акцёры і хор выкарыстоўвалі маскі, парыкі, катурны – абутак на высокіх падэшвах.
Адна з найбольш вядомых трагедый старажытнага свету – “Прыкуты Праметэй” Эсхіла. Час напісання трагедыі невядомы (Эсхіл жыў ў V ст. да н.э.). У грэчаскай міфалогіі Праметэй – стрыечны брат Зеўса. Яго вобраз выкарыстоўваўся ў літаратуры яшчэ да Эсхіла. За сваю правіннасць (Праметэй выкраў з неба агонь) герой быў па загаду Зеўса прыкуты да скалы. Праметэй валодае тайнай, ад якой залежаць улада і жыццё Зеўса, але ён адмаўляецца раскрыць яе. У канцы твора Праметэй правальваецца пад зямлю разам з кавалкам скалы, да якой ён быў прыкуты. Згодна з Эсхілам, Праметэй – сын Геі-Зямлі, якая атаясамліваецца з Фемідай, багіняй правасуддзя. Барацьбітом супраць насілля паўстае і сам Праметэй, які зрабіў свой выбар, абапіраючыся на свабодную волю. Але ў Эсхіла Праметэй паказаны і як культурны герой, выратавальнік чалавечага роду, стваральнік многіх даброт для людзей. Пра свае заслугі расказвае і сам герой. У той жа час у антычнасці існавала “традыцыя асуджэння Праметэя, пры чым яна належала рымскім аўтарам. Для Гарацыя дзёрскі Праметэй здзейсніў злы падман, прынёсшы агонь, што паспрыяла развіццю згубных вынікаў…”(Лосеў А.Ф.) У трагедыі Эсхіл звярнуўся да міфа, і яго аўтарскае прачытанне і разуменне вобраза галоўнага героя сталі асноваю для стварэння вечнага вобраза Праметэя ў сусветнай літаратуры.
Старажытнагрэчаскі драматург Сафокл распрацоўваў у сваіх трагедыях сюжэтную лінію аднаго міфалагічнага цыкла – фіванскага – міфа пра цара Эдыпа, сына фіванскага цара Лая і царыцы Іакасты: “Цар Эдып”, “Антыгона”, “Эдып у Калоне”. У гісторыю сусветнай літаратуры Сафокл увайшоў як стваральнік трагічнага вобраза Эдыпа. Не багі, а чалавек у цэнтры ўвагі Сафокла, хаця драматург паказвае, што менавіта неадольны лёс, прадвызначаны задоўга да нараджэння героя, пануе над ім, а не яго ўласныя ўчынкі вызначаюць яго. Гісторыя цара Эдыпа – гэта гісторыя пра чалавека, які стаў забойцам свайго бацькі і ажаніўся на сваёй маці. Спецыфіка сюжэта нарадзіла паняцце “эдыпаў комплекс”, якое было ўведзена ва ўжытак аўстрыйскім псіхааналітыкам ХХ ст. З. Фрэйдам. Значным у сусветнай традыцыі стаў маральны пачатак, які выявіўся ў трагедыі Сафокла: так, даведаўшыся пра свае хаця і ненаўмысныя злачынствы, Эдып асляпляе сябе, кажучы, што ён не павінен глядзець на свет, апаганены яго ўчынкам. Тэма злачынства і пакарання, да якога прысуджае герой сам сябе, таксама стала адной са скразных тэм у сусветнай літаратуры.
“Энеіда” Вергілія і наследаванні ёй у сусветнай літаратуры.
Паэма Вергілія “Энеіда”, напісаная ў І ст. да н.э., стала нацыянальным эпасам рымлян. У творы ўзгадваецца легенда-міф пра заснаванне Рыма. Грэчаскімі гісторыкамі яшчэ ў ІV ст.да н.э. было запісана, што Эней прыплыў у Лацый і заснаваў горад Лавінію. Яго сын Асканій (Юл) лічыцца заснавальнікам горада Альба-Лонга. Імя героя Юл выводзяць з назвы Іл, што значыць “жыхар Іліёна” (Троі). Затым імя трансфармавалася ў Юлія, да якога пачалі ўзводзіць род Юліяў.
Эней быў сынам Анхіса-пастуха і багіні Афрадыты (Венеры). Разам з бацькам і сынам Асканіем Эней пакідае захопленую ахейцамі Трою. Вобраз Энея ў паэме прачытваецца двойчы: як канкрэтная асоба са звычайнымі чалавечымі пачуццямі і як асоба міфічная, якая павінна выканаць сваё прадвызначэнне.
Адна з вядомых тэм твора – каханне Энея і карфагенскай царыцы Дзідоны. Дванаццаць месяцаў яны былі разам, аднак бог Меркурый па загаду Юпіцера наказаў:
…чтоб Италией он, вековую державу зачавшей,
Правил средь грома боёв…
Важны момант паэмы – падарожжа Энея ў царства памерлых. Тут ён бачыць цень Дзідоны, сустракае цень бацькі, які дае сыну-герою магчымасць убачыць нашчадкаў.
Першыя шэсць песень “Энеіды” аднаўляюць падарожжы траянскага героя, яны блізкія па тэматыцы да “Адысеі” Гамера. Наступныя шэсць песень распавядаюць пра вайну Энея з Турнам і асацыіруюцца з “Іліядай”. Эней перамагае Турна і італійская зямля становіцца пераемніцай славы траянцаў.
Адносіны чытачоў і даследчыкаў да паэмы на працягу стагоддзяў былі неадназначныя. Адны лічылі яе ўзорам нацыянальнага эпасу рымлян, другія – называлі няўдачай Вергілія, беручы пад увагу найперш тэндэнцыйнасць аўтара ў праслаўленні імператара Аўгуста.
Адзін з акрэсленых кірункаў пераасэнсавання “Энеіды” – зніжэнне вобразаў, камічнасць, травестацыя сюжэта.
“Энеіда навыварат” з’яўляецца тыповым узорам травесційнай паэмы. Паняцце “травесція” паходзіць ад фр. Travestі - “пераапранаць” і паказвае на галоўны прыём, які ляжыць у аснове травеставання – пераробка, пераліцоўка. Такой пераробцы падвергнуўся сюжэт “Энеіды” Вергілія ў творчасці французскага пісьменніка ХVІІ ст. П. Скарона (ён стаў заснавальнікам жанра паэмы-травесціі ў еўрапейскай літаратуры) – “Пераліцаваны Вергілій”, рускага пісьменніка ХVІІІ ст. М. Осіпава – “Вергіліева Энеіда, вывернутая навыварат”, украінскага пісьменніка к.ХVІІІ ст. І. Катлярэўскага. – “Энеіда” і інш.
У беларускай літаратуры травесція прадстаўлена рознымі творамі, найбольш вядомыя з іх – “Энеіда навыварат” і “Тарас на Парнасе”.
Паэма “Энеіда навыварат” створана ў пачатку ХІХ ст., але пасля напалеонаўскага нашэсця, на што ўказвае радок паэмы “як ад Кутуза Банапарт”. Аўтарам паэмы, на думку даследчыкаў, з’яўляецца Вікенцій Равінскі, які жыў на Смаленшчыне.
Лічыцца, што напачатку паэма існавала ў вуснай форме, надрукавана была ўпершыню ў 1815 годзе ў пецярбургскім часопісе “Маяк”. У адрозненне ад рускага і ўкраінскага варыянтаў беларуская “Энеіда навыварат” – незавершаны твор, які з’явіўся ў выніку літаратурных узаемасувязей.
У беларускай “Энеідзе навыварат” аднаўляюцца сюжэтныя лініі першай паловы паэмы Вергілія. Вобразы багоў у паэме зніжаюцца, парадзіруюцца, яны становяцца ўвасабленнем вышэйшых грамадскіх колаў. Акцэнт у паэме зроблены на вобразах траянцаў, якія шмат у чым нагадваюць прыгонных сялян.
У “Энеідзе навыварат” змяшаліся ў структуры травесційнай паэмы розныя традыцыі і тэндэнцыі: язычніцкае светаўспрыманне спалучаецца з хрысціянскімі вераваннямі, мясцовы каларыт поўнасцю выцясняе арыгінальныя элементы сюжэта.
