
- •Узнікненне літаратуры як мастацтва слова.
- •Пераемнасць вобразаў і тэм у творах сусветнай літаратуры. Культурны герой.
- •Антычная літаратура як крыніца і ўзор сусветнай літаратуры.
- •Параўнальна-тыпалагічная характарыстыка ўзораў гераічнага эпасу “Слова пра паход Ігаравы” і “Песні пра Раланда”.
- •Тытан Адраджэння Дантэ Аліг’еры.
- •Сусветная літаратура эпохі Сярэднявечча: перыядызацыя, састаў, крыніцы ўзнікнення.
- •Біблія – цэнтральная кніга Сярэднявечча ў хрысціянскіх дзяржавах. Біблейскія матывы ў літаратурных творах наступных эпох.
- •Рэнесанс на Беларусі: філасофскія погляды ф. Скарыны, яго асветніцкая дзейнасць.
- •Паэт-лацініст вкл м. Гусоўскі.
- •Санет у творчасці ф. Петраркі, у. Шэкспіра, а. Міцкевіча, м. Багдановіча.
- •Барока ў сусветнай літаратуры.
- •Класіцызм у сусветнай літаратуры.
- •Эпоха Асветніцтва ў літарататуры.
- •Рамантызм у літаратуры. Творчасць Дж. Байрана.
- •Літаратура Беларусі хіх стагоддзя.
- •Замежная літаратура хіх стагоддзя.
- •Жыццёвы і творчы шлях а. Міцкевіча.
- •Я. Баршчэўскі і Беларусь.
- •Т. Шаўчэнка – класік украінскай літаратуры.
- •Рабінзанада ў сусветнай літаратуры, яе асаблівасці ў творчасці я. Маўра.
- •Замежная літаратура першай паловы хх стагоддзя. Пісьменнікі “страчанага пакалення”.
- •Літаратурны працэс другой паловы хх стагоддзя за мяжой.
- •Асаблівасці развіцця беларускай літаратуры першай паловы хх стагоддзя.
- •Асаблівасці развіцця беларускай літаратуры другой паловы хх стагоддзя.
Рэнесанс на Беларусі: філасофскія погляды ф. Скарыны, яго асветніцкая дзейнасць.
Эпоха Адраджэння на Беларусі – залатое стагоддзе нашай Айчыны, калі беларуская мова ў Вялікім княстве Літоўскім была мовай “каралёў і кавалёў” – дзяржаўнай мовай, на якой была выдадзена першая Канстытуцыя – Статут Вялікага княства Літоўскага ( у трох рэдакцыях: 1529, 1566, 1588 гг.), а таксама вялікі збор дзяржаўных дакументаў – Літоўская хроніка.
Гэта эпоха падаравала чалавецтву тытанаў беларускай культуры: асветніка, перакладчыка і арганізатара выдавецкай справы Ф. Скарыну, паэта М. Гусоўскага, змагароў за нацыянальныя традыцыі Мікалая Радзівіла Чорнага, С. Буднага і В. Цяпінскага.
Эпоха беларускага Адраджэння характарызавалася патрыятычным пафасам, ідэямі гуманізма. У літаратурнай творчасці значнае месца займалі жанры сярэднявечнай літаратуры. Пашыранымі былі творы царкоўна-рэлігійнага зместу: асобныя кнігі Бібліі, жыціі, апокрыфы і г.д. Сярод жанраў свецкай літаратуры адзначаны летапісы, якія фіксавалі гістарычныя падзеі. Самымі вядомымі летапіснымі помнікамі з’яўляюцца “Летапісец вялікіх князёў літоўскіх” і “Беларуска-літоўскі летапіс 1446 года” (у апошнім змешчана “Пахвала вялікаму князю Вітаўту” – панегірык, які ўславіў палітыку князя, накіраваную на ўзмацненне і пашырэнне ВКЛ).
Значным помнікам літаратуры Адраджэння стала “Хроніка Быхаўца”, дзе ў яркіх аповесцях апавядаецца пра гераічныя паходы і бітвы (перамогу пад Грунвальдам над крыжаносцамі ў 1410 г., пад Клецкам над татарамі ў 1506 г.)
Францыск Скарына – беларускі першадрукар, мысліцель-гуманіст, асветнік, вучоны і пісьменнік эпохі Адраджэння. Нарадзіўся ў Полацку, адным з самых буйных гарадоў ВКЛ, ў купецкай сям’і, быў малодшым сынам Лукі Скарыны. Дакладная дата нараджэння Ф.Скарыны невядомая. Большасць даследчыкаў прымаюць за дату нараджэння 1490 год (на той падставае, што ў Кракаўскі універсітэт па тагачасных правілах прымалі юнакоў, якім было не менш за 14 гадоў; Скарына паступіў у Кракаўскі універсітэт у 1504 годзе). Самую арыгінальную гіпотэзу прапанаваў М. Шчакаціхін. У яе аснове – трактоўка малюнка, які называюць гербам або выдавецкім знакам Ф.Скарыны: сонца, прыкрытае месяцам. М. Шчакаціхін прыйшоў да высновы, што гэты знак (герб) звязаны з датай нараджэння асветніка. У канцы ХV ст. ва усходняй Еўропе сонечных зацменняў было некалькі: у 1476, 1486, 1487, 1491 гадах. Па логіцы застаецца 1486 ці 1487 гады. Зацменне 1487 года ў Полацку нельга было назіраць, затое яно назіралася 6 сакавіка 1486 года. Першапачатковую адукацыю, відаць,Ф. Скарына атрымаў дома.
Пасля вучобы ў Кракаўскім універсітэце асветнік атрымаў вучоную ступень бакалаўра філасофіі. У 1507-1511 гг. працаваў і працягваў вучыцца ў Заходняй Еўропе, у 1512 г. вытрымаў экзамены ў Падуанскім універсітэце на годнасць доктара медыцыны. Меў ступень доктара сямі вольных навук. Пры фінансавай падтрымцы віленскіх мецэнатаў Якуба Бабіча і Багдана Онькава стварыў у Празе першае беларускае выдавецтва, дзе з уласнымі каментарыямі надрукаваў 23 кнігі Бібліі. 6 жніўня 1517 года выйшла першая выдадзеная Скарынам кніга – “Псалтыр”(адна з біблейскіх кніг, якая складаецца з псалмоў (малітваў) яўрэйскага цара Давіда). Мова выдання – стараславянская. Скарына разумеў мэту выдання “Псалтыра” як адукацыйную. У прадмове ён піша: ”детем малым початок всякое доброе наукы, дорослым помножение в науце”. Скарына тлумачыць незразумелыя царкоўнаславянскія словы, дае іх пераклад на беларускую мову.
На працягу 1517-1519 гг. Скарына выдае асобнымі выпускамі 22 кнігі “Бібліі”, суправаджаючы тэксты прадмовамі, пасляслоўямі, гравюрамі. Упершыню ў гісторыі ўсходнеславянскай кнігі Скарына ўвёў тытульны ліст, стварыў арыгінальны, рэдкай прыгажосці шрыфт. Па сваёй паліграфічнай дасканаласці выданні Скарыны роўныя тагачасным лепшым італьянскім і нямецкім выданням. Асветнік тройчы падае свой партрэт у кнігах. Скарынінская “Біблія” добра ілюстравана. Наяўнасць ілюстрацый ён тлумачыць так: “абы братия моя Русь люди посполитые чтучи могли яснеи розумети”.
У прадмовах і пасляслоўях да кніг Скарына сцісла перадае іх змест, указвае на рэлігійнае, маральнае і адукацыйнае значэнне кнігі, выкладае свае навуковыя і грамадска-палітычныя погляды, гаворыць аб любві да роднай мовы, да радзімы. Прадмовы і пасляслоўі Скарыны – гэта цэлыя трактаты, у якіх выказаны шчырыя, бескарыслівыя клопаты аб людзях паспалітых.
У прадмове да «Книги Иудиф вдовици» Скарына ў вобразнай форме абгрунтоўвае патрыятызм як неабходную якасць прыроды чалавека: “…понеже от прирождения звери, ходящие в пустыни, знаюць ямы своя; птици, летающие по возъдуху, ведаюць гнезда своя; рибы, плавающие по морю и в реках, чуюць виры своя; пчелы и тым подобная боронять ульев своих, - тако ж и люди, где зродилися и ускормлены суть по бозе, к тому месту великую ласку имаюць”.
Гуманіст-Скарына марыў аб роўнасці людзей, ён адзначаў, што не паходжанне, а розум і дзейнасць на карысць радзімы павінны ўлічвацца пры ацэнцы чалавека.
Пасля вяртання на радзіму (не пазней 1521 г.) Скарына стварыў друкарню ў Вільні ў доме Якуба Бабіча. Тут ён пракаменціраваў і выдаў на царкоўна-славянскай мове “Малую падарожную кніжыцу” (1522 г.), “Апостала” (1525 г.).
“Малая падарожная кніжыца” адрозніваецца ад папярэдніх выданняў Скарыны. Яна прызначана для людзей, якія часта падарожнічаюць. Гэта зборнік тэкстаў духоўнага зместу, які падарожнік мог чытаць у часы прыпынку, даюцца розныя жыццёвыя парады, звесткі з календара, даўжыня дня і інш.
У 1529 годзе пасля смерці ў Познані брата Івана за даўгі асветнік адседзеў 119 дзён у турме. На прыканцы жыцця знаходзіўся ў Чэхіі пры двары Фердынанда І, займаючы пасаду садоўніка-батаніка ў Пражскім каралеўскім батанічным садзе. Памёр першадрукар у Празе ў 1552 годзе.
У гісторыю ўсходнеславянскай культуры Скарына ўвайшоў вучоным, які ажыццявіў навукова-рэнесанснае выданне Бібліі. Ён разглядаў Біблію як вынік шматвяковага духоўнага вопыту чалавецтва, крыніцу мудрасці, навукі, тэарэтычнай і практычнай філасофіі. Скарына – пачынальнік распрацоўкі жанраў прадмовы, пасляслоўя, публіцыстыкі, сілабічнай паэзіі. Асветнік увёў жанр прадмовы ў шырокі ўжытак, надаў яму філасофска-асветніцкі, навучальна-дыдактычны і маральна-этычны змест.