Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Пытанні да экзамена па дысцыпліне.doc
Скачиваний:
0
Добавлен:
01.07.2025
Размер:
327.68 Кб
Скачать

  1. Узнікненне літаратуры як мастацтва слова.

Згодна з традыцыяй, пачатак якой паклаў у канцы ХІХ стагоддзя рускі літаратуразнаўца і фалькларыст А. Весялоўскі (Веселовский А. Историческая поэтика. Л., 1940.) мастацтва слова прынята выводзіць з першабытнага сінкрэтызму – такога стану існавання духоўнай дзейнасці, у якім у нерасчляняльным выглядзе былі спалучаны асобныя яе віды. З гэтай першапачатковай злучнасці пачалі сваё развіццё розныя формы культурнай творчасці: рэлігія, данавуковыя ўяўленні пра чалавека і свет, мастацтвы – славеснае (з яго трыма родамі: эпас, лірыка, драма), музыка, танец, выяўленчае мастацтва, тэатр. “Ядро першабытнай духоўнай культуры,- адзначае даследчык Е. Меляцінскі,- склалі цесна звязаныя і пераплеценыя між сабой міф і абрад. Міф быў дамінантаю ў ідэалагічным сінкрэтызме першабытнай культуры, а абрад быў цэнтрам і галоўным утрымальнікам фармальнага адзінства… Міф і абрад можна лічыць тэарэтычным і практычным аспектамі аднаго і таго ж феномена” – духоўнай дзейнасці першабытнага чалавека. (Мелетинский Е. Введение в историческую поэтику эпоса и романа. М., 1986. С.19.) Лічыцца, што ў межах народнага абраду ўзніклі першабытная паэзія і першабытны тэатр. Паэзія ўяўляла сабой песню хору, якая суправаджалася пантанімічнымі рухамі і танцамі. Яна мела вызначаныя абставінамі форму і змест, што тлумачылася верай першабытных людзей у магічную сілу слова. Крыніцай узнікнення тэатра называюць народна-абрадавыя гульні, у якіх у сінкрэтычным выглядзе спалучыліся танец, музыка, пантаміма, элементы паэзіі, часткова выяўленчае мастацтва. Асноўнай крыніцай эпасу па Е. Меляцінскаму з’яўляецца міф.

Першым героем міфа быў культурны герой. У гэтым вобразе атаясамліваюцца не сілы прыроды, а з’явы грамадства. Культурны герой – гэта міфічны персанаж, які здабывае або ўпершыню стварае для людзей розныя прадметы культуры (агонь, культурныя расліны, розныя прылады працы), вучыць людзей прыёмам палявання, рамёствам, мастацтвам, уводзіць пэўную сацыяльную арганізацыю, шлюбныя правілы, магічныя прадпісанні, рытуалы і святы (Е. Меляцінскі). Выдатны прыклад культурнага героя – вобраз Праметэя. Ён вынайшаў падземныя багацці, стральбу з лука, дойлідства, лячэнне, мастацтва пісьма і ліку, пазнанне законаў прыроды, гаданне па птушках, ганчарства, кавальства, прыручэнне жывёл, агонь (Эсхіл ”Прыкуты Праметэй”). Культурнымі героямі ў старажытных грэкаў былі: каваль Гефест, волат Геракл, забойца Медузы Гаргоны і выратавальнік Андрамеды Персей і інш.

Класічную казку выводзяць з міфа, таму герой казкі нагадвае культурнага героя. Розныя элементы класічнага вобраза культурнага героя ў казцы падаюцца ў бытавым пераасэнсаванні.

  1. Пераемнасць вобразаў і тэм у творах сусветнай літаратуры. Культурны герой.

Вечныя, або сусветныя, вобразы – гэта ўмоўная назва вобразаў, што ўвасабляюць агульначалавечыя, “вечныя” якасці. Яны ўзніклі ў канкрэтную гістарычную эпоху, але ў свядомасці наступных пакаленняў пераўтварыліся ў мнагазначныя, шырокавядомыя сімвалы. Існуе пяць класічных вечных вобразаў. Яны паходзяць з міфалогіі, легенд розных народаў, літаратурных крыніц.

Тытан Праметэй – абаронца чалавека ад свавольства багоў ва ўяўленні старажытных грэкаў. У трагедыі Эсхіла “Прыкуты Праметэй” пададзены як смелы багаборца, гатовы панесці за свой учынак жахлівае пакаранне. У позніх творах бунтар-пакутнік Праметэй – сімвал чалавечнасці, служэння вялікай мэце (у творчасці пісьменнікаў І. Гётэ, Дж. Байрана, П. Шэлі, кампазітараў Ф. Ліста, мастака Тыцыяна). У сучаснай трактоўцы вобраза Праметэй – сімвал Цывілізацыі. У 1920-1930-я гады вобраз трактаваўся як абстрактны сімвал вызвалення, не напоўнены рэальным зместам. Да вобраза Праметэя ў сваёй творчасці звярталіся Я. Купала, М. Танк, У. Караткевіч.

Дон Жуан – вобраз сустракаецца ў п’есе Тырса дэ Маліны “Севільскі свавольнік, або Каменны госць”- літаратурнай апрацоўцы сярэднявечнай легенды пра рыцара, які аддаў жыццё пошукам любоўных уцех насуперак маральным і рэлігійным нормам. У аднайменнай камедыі Мальера, оперы В.А. Моцарта, апавяданні Э.Т.А. Гофмана Дон Жуан паказаны прадстаўніком арыстакратычнага грамадства, заўзятым шукальнікам неўвядальнай жаноцкасці. У Дж.Байрана – бунтаром у імя свабоды асобы, звычайным спажыўцом буржуазнага тыпу вобраз становіцца ў рамане А. дэ Бальзака, эгаістычным жыццялюбам, для якога настаў час расплаты тады, калі прыйшло сапраўднае пачуццё – “Каменны госць” А. Пушкіна.

Фаўст – сярэднявечны вучоны, які прадаў душу д’яблу дзеля ведаў, багацця і зямных задавальненняў – сустракаецца ў п’есе К. Марла “Трагічная гісторыя доктара Фаўста”, трагедыі І. Гётэ “Фаўст”, прасякнутай верай у сілу чалавечага розуму. Працягам распрацоўкі вобраза Фаўста стаў раман Т. Мана “Доктар Фаўстус”, у якім трагічны лёс героя параўнаны з лёсам Германіі першай паловы ХХ стагоддзя.

Гамлет – вобраз, узяты са скандынаўскай сагі, у якой галоўны герой настойліва дасягае сваёй мэты і карае злачынца, пераасэнсаваны ў аднайменнай трагедыі У. Шэкспіра. Тут Гамлет паўстае найперш мысліцелем, які выпрабоўвае сумленнем традыцыйныя погляды. Для нямецкіх рамантыкаў існавала паняцце “гамлетызм”, што абазначала расчараванне, песімізм, роздум аб супярэчнасцях быцця. В.Бялінскі ўспрымаў Гамлета як палымянага абвінаваўцу зла, моцнага нават у сваёй гібелі.

Дон Кіхот – у рамане М. Сервантэса “Хітрамудры ідальга Дон Кіхот Ламанчскі” пададзены ў духу сумна-іранічнага развянчання рыцарства, якое не заўважала гістарычнай непазбежнасці свайго адыходу ў мінулае і шчыра верыла ў жыццёвасць сваіх ідэалаў (так тлумачыла “вечнасць” вобраза літаратурная крытыка савецкага часу). Аднак Сервантэс паказаў і другі бок “рыцарства” Дон Кіхота – яго гераізм у процістаянні ў адзіночку сілам зла. У розныя часы донкіхоцтва разглядалася як няспынны пошук хараства і гармоніі чалавечых адносін, адарваны ад жыццёвай рэальнасці і таму часам моцны і непераможны ў сваёй палымянасці.

Да “вечных” вобразаў адносяць таксама мастацкія вобразы, якія ўвасабляюць тыповыя чалавечыя характары і служаць арыенцірам у чалавечых паводзінах. Вобраз Пенелопы з “Адысеі” Гамера асэнсоўваецца як выяўленне вернасці, Іуда з Новага Запавету сімвалізуе здрадніцтва і г.д. Шырока вядомы ў сусветнай літаратуры і мастацтве вобразы закаханых пар: Эрас і Псіхея (з “Метамарфоз, ці Залатога Асла” Апулея), Рамэо і Джульета (з аднайменнай трагедыі Шэкспіра) і інш.

Першымі спробамі асваення вечных вобразаў у беларускай літаратуры былі пераклады Бібліі, а таксама старажытных еўрапейскіх раманаў. Да біблейскіх вобразаў, сярод якіх сустракаецца найбольш вобразаў “вечных”, звярталіся ў сваёй творчасці К. Тураўскі, Ф. Скарына, С. Полацкі. Вобразы Псіхеі (прыгажосці) і Эраса (кахання) зацікавілі Я. Баршчэўскага (класіцысцкая паэма “Псіхея”), М. Багдановіча (цыкл вершаў “Эрас”), Я. Купалу (паэма “Эрас і Псіха”).