Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
А.I.Котаў. Гiсторыя Беларусi i сусветная цывiлi...doc
Скачиваний:
3
Добавлен:
08.11.2019
Размер:
1.85 Mб
Скачать

Тэма VII. Асноўныя тэндэнцыі развіцця сусветнай гісторыі і Беларусь у хіх ст.

План:

  1. Міжнародныя адносіны і рэвалюцыйныя рухі ў ХІХ ст.

  2. Фарміраванне індустрыяльнай цывілізацыі.

  3. Беларусь ў складзе Расійскай імперыі (першая палова ХІХ ст.)

  4. Барацьба за дэмакратыю і нацыянальнае адраджэнне ў Беларусі (другая палова ХІХ – пачатак ХХ стст.)

Метадычныя парады

1. Міжнародныя адносіны і рэвалюцыйныя рухі у ХІХ ст. Пры разглядзе першага пытання трэба адзначыць, што ў ХІХ ст. адбыліся важныя структурныя змены ў развіцці заходняга тыпу цывілізацыі (станаўленне і развіццё ў Еўропе і Паўночнай Амерыцы індустрыяльнай цывілізацыі, якая ахоплівае перыяд да 70-х гг. ХХст.) і мадэрнізацыі традыцыйных грамадстваў Азіі, Афрыкі і Аўстраліі.

Еўрапейскія краіны, завяршыўшыя мадэрнізацыю, атрымалі перавагу ў параўнанні з астатнім светам, які засноўваўся на пачатках традыцыяналізма. Гэта перавага адлюстравалася і на іх ваеннай магутнасці і на экспансіянісцкай палітыцы. Ужо ў ХVII – XVIII стст. найбольш развітыя краіны Еўропы пачалі каланіяльную экспансію на Усход. Калі на першым этапе каланізацыі традыцыйных грамадстваў лідзіравалі Іспанія і Партугалія (пакарыўшыя большую частку Паўднёвай Амерыкі), то ў сярэдзіне XVIII ст. першынства ў каланіяльных захопах перайшло да Англіі, якая актыўна асвойвала Паўночную Амерыку і Аустралію.

У пачатку ХІХ ст. буйнейшай дзяржавай свету стала Францыя, якая яшчэ ў час буржуазнай рэвалюцыі (1789-1799гг.) уступіла на шлях ваеннай экспансіі. Напалеон, здзейсніўшы дзяржаўны пераварот (1799г), быў абвешчаны імператарам (1804г.). Пасля гэтага ён становіцца каралём Італіі, атрымлівае перамогу над аўстрыйскай і рускай арміямі (пад Аустэрліцам, 1805г). Французскія войскі акупіруюць Прусію (1806г.). Свяшчэнная Рымская імперыя была ліквідавана.

Зацвердзіўшыся ў Заходняй Еўропе, Напалеон стаў рыхтавацца да вайны з Расіяй, якая заставалася адзінай перашкодай на шляху да сусветнага панавання. Яму ўдалося сабраць і 12(24) чэрвеня 1812г. рушыць супраць Расіі 600-тысячную армію. Восенню французы былі ў Маскве. Але сустрэўшы нябачанае супраціўленне, вычарпаўшы рэзервы, не падрыхтаваныя к зімовым ўмовам, яны былі вымушаны адступаць. 14 лістапада пры пераправе цераз Беразіну ў в.Студзенка каля Барысава Напалеон страціў каля 20 тыс салдат. На тэрыторыі Беларусі, дзе адбылася палова з усіх (80) буйных бітваў 1812г., і дзе вайна аставіла разбураныя, спаленыя гарады і вёскі, эпідэміі, голад, пагібель каля 1млн. чалавека (кожнага чацвертага беларуса), армія Напалеона фактычна перастала існаваць. Рэшткі сваіх войскаў ён кінуў у Смаргоні і выехаў ў Парыж (Корнейчик Е. Белорусский народ в Отечественной войне 1812 года. Мн., 1962). У кастрычніку 1813г. пад Лейпцыгам адбылася “бітва народаў”, у якой супраць Францыі змагаліся арміі Расіі, Швецыі, Прусіі і Аўстрыі. Панесшы сакрушальнае паражэнне, Напалеон вымушаны быў адмовіцца ад трона. У Францыі была адноўлена манархія. Разгромам закончылася спроба Напалеона аднавіць сваю ўладу ў бітве пад Ватэрлоа (1915г., каля Бруселя).

Пасля падзення Напалеона І у Вене адбыўся Міжнародны кангрэс (1814-1815гг.), на якім была дасягнута дамоўленасць аб пасляваенным уладкаванні Еўропы. Тры манархіі – Расія, Прусія і Аўстрыя заключылі між сабой “свяшчэнны саюз” (Парыж, 1815г), а потым да яго далучыліся Францыя, Англія і іншыя дзяржавы, якія абавязаліся ўзгадняць сваю знешнюю палітыку. У выніку ўзнікла кааліцыя дзяржаў, якая прасціралася ад Атлантычнага да Ціхага акеана. Венская сістэма міжнародных адносін дзейнічала да пачатку 30-х гг. ХІХ ст. “Свяшчэнны саюз” санкцыяніраваў падаўленне аўстрыйскімі войскамі рэвалюцый у Неапалі, П’емонце і французскімі ў Іспаніі.

Аднак буржуазныя пераўтварэнні прадаўжаліся. Нягледзечы на крушэнне напалеонаўскай імперыі, вялікая Французская рэвалюцыя аказала велізарнае ўздзеянне на палітычнае развіццё розных краін ўсёй Еўропы. У чым гэта выразілася? Фарміраваўшаяся буржуазія розных краін імкнулася да ўлады, дабівалася ліквідацыі абсалютызма, устаранення саслоўных, нацыянальных і вераспавядальных абмежаванняў і зацвярджэння канстытуцыйных формаў дзяржаўнага ўпраўлення. К канстытуцыйнаму ладу перайшлі: Іспанія (1808г.), Швецыя (1809г.), Нідэрланды (1814-1815г.), Каралеўства абедзвюх Сіцылій і Сардзінскае каралеўства, альбо П’емонт (1820г.). Пачаўшаеся ў 1820г. паўстанне грэчаскага народа завяршылася тым, што Турцыя вымушана была прызнаць незалежнасць Грэцыі.

Барацьба за незалежнасць разгарнулася і на амерыканскім кантыненце. Яна завяршылася ўтварэннем незалежных дзяржаў у Цэнтральнай і Паўднёвай (Лацінскай) Амерыцы: Парагвай (1811г.), Аргенціна (1816г.), Чылі (1818г.), Венесуэла (1821г.), Бразілія (1822г.), Балівія і Уругвай (1825г.).

Заходняя Еўропа, перажыўшая ў першай чвэрці ХІХст. вялікія перамены, з 1930г. уступіла ў паласу яшчэ больш масавых рэвалюцыйных падзей. Ролю лідэра сацыяльных рэвалюцый іграла Францыя, у якой пасля Вялікай буржуазнай рэвалюцыі (1789-1799гг.) было здзейснена яшчэ тры: у 1830, 1848 і 1871 гг. Дарэчы ў ХІХст. побач з буржуазіяй актыўна выступаў пралетарыят. Сведчаннем ўзрастаючай сілы рабочага класа з’яўляюцца паўстанні ліонскіх ткачоў у Францыі, сілезскіх ткачоў у Германіі, чартысцкі рух у Англіі, стварэнне ў 1864г. Першага Інтэрнацыянала (франц. L’Internationale, ад лац. inter – між і natio – народ) – палітычнай арганізацыі рабочага класа Еўропы, а таксама спроба ўстанаўлення ўлады пралетарыята ў Францыі (абвяшчэнне 28 сакавіка 1871г. Парыжскай Камуны).

У 1830г. пад уздзеяннем пачаўшайся рэвалюцыі ў Францыі пачаліся выступленні ў германскіх дзяржавах, а таксама ўспыхнула рэвалюцыя ў Бельгіі, адбыліся паўстанні ў Швецыі, Польшчы і іншых краінах. У канцы 40-х гадоў Заходнюю Еўропу ахапіў новы рэвалюцыйны крызіс. Пачатак рэвалюцыйным узрушэнням быў пакладзены ў Італіі (масавыя маніфестацыі ў Неапалі ў 1847г., паўстанне ў Палерма, масавы рух у Таскане і П’емонце). На працягу некалькіх месяцаў усе італьянскія дзяржавы перайшлі да канстытуцыйнай формы кіравання. Адбылася рэвалюцыя ў Венецыі (1849г.). Цэлая серыя рэвалюцый страсянула Іспанію (1854-1856гг.).

Цэнтральным пытаннем, вакол якога разгортвалася з канца 40-х гадоў барацьба ў германскіх дзяржавах, была праблема іх аб’яднання. Яшчэ ў пачатку ХІХст. на шляху аб’яднання гэтых дзяржаў быў зроблены важны крок – уведзены адзіныя мытныя пошліны. Асобую ролю ў фарміраванні агульнагерманскага мытнага саюза іграла Прусія.

Пасля рэвалюцыйных узрушэнняў (сярэдзіны ХІХст.), а потым вайны між Аўстрыяй і Прусіяй, у якой Аўстрыя пацярпела паражэнне (1866г), Прусія прапанавала правіцелям Паўночнай Германіі заключыць палітычны саюз. У выніку намаганняў Прусіі (кароль Вільгельм І, міністр-прэзідэнт князь О. Бісмарк) летам 1867г. была зацверджана саюзная канстытуцыя, а восенню стаў дзейнічаць першы саюзны рэйхстаг.

У ходзе франкапрускай вайны, якая пачалася ў 1870г. і закончылася поўным разгромам Францыі, у саюз з Прусіяй уступілі і паўднёва-германскія дзяржавы. У выніку 1870г. стаў годам завяршэння аб’яднання Германіі. Утварэннне Германскай імперыі афіцыйна было абвешчана ў 1871г. у Версалі, дзе Германія прынімала капітуляцыю Францыі. Аб’яднаная вакол Прусіі Германія (сталіца – Берлін) па аб’ёму прамысловай прадукцыі пацясніла Францыю, выйшла на другое месца ў Еўропе і ўступіла ў барацьбу за лідэрства з самай моцнай дзяржаавй таго часу – Брытанскай Імперыяй.

Аб’яднанне Італіі, як і Германіі, адбылася ў дрогой палове ХІХ ст. Пасля рэвалюцыйных узрушэнняў (1848-1849гг.) на Апенінскім паўвостраве панавала рэакцыя, буржуазныя заваяванні былі ліквідаваны. Не адмяніў Канстытуцыі толькі П’емонт (Сардзінскае каралеўства), які і ўзначаліў рух Рысарджымента – рух за аб’яднанне Італіі. П’емонт (кароль Віктар Эмануіл ІІ, прэмьер-міністр К. Кавур) у барацьбе з Аўстрыяй дабіўся згоды яе на стварэнне канфедэрацыі італьянскіх дзяржаў.

Рашаючую ж ролю адыграў паход войскаў пад кіраўніцтвам Дж. Гарыбальдзі (1860г.), у выніку чаго амаль уся тэрыторыя Апенінскага паўвострава і Сіцылія апынуліся пад уладай П’емонта. У 1861г. у Турыне сабраўся агульнаітальянскі парламент, які выбраў Віктара Эмануіла ІІ каралём Італіі, а 20 верасня 1870г. італьянскія войскі ўвайшлі ў апошні аплот раздробленасці – г. Рым. 2 кастрычніка 1870г. насельніцтва Папскай вобласці выказалася за ўваходжанне ў склад Італьянскага каралеўства, гэта дзень і стаў днём завяршэння аб’яднання Італіі.

Важнае значэнне ў жыцці сваіх народаў і міжнародных адносін ХІХст. мелі буржуазныя рэвалюцыі: у ЗША і Японіі. Грамадзянская вайна ў Злучаных Штатах Амерыкі (1861-1865гг.) паміж Поўначчу (дзе адбывалася паскоранае развіццё прамысловасці і фермерскай гаспадаркі на аснове свабоднага найма рабочай сілы) і Поўднем (дзе склалася моцная плантацыйная гаспадарка, заснаваная на выкарыстанні рабскай працы) закончылася поўнай перамогай паўночных штатаў. Заканчэнне ў 1865г. грамадзянскай вайны, ліквідацыя рабства, развіццё эканомікі садзейнічалі ператварэнню ЗША у адну з вядучых дзяржаў свету.

Падзеяй сусветнагістарычнага значэння ХІХст. стала рэфармаванне Японіі, пачаўшаеся ў 1868г. і атрымаўшае назву рэвалюцыі Мэйдзі (япон. – асветніцкае праўленне). Яна выразілася ў тым, што прагрэсіўная частка бюракратыі і самураяў здзейсніла дзяржаўны пераварот, паставіла на чале краіны новага 15-гадовага імператара Мацухіта і ад яго імені пачала своеасаблівую буржуазную рэвалюцыю зверху: ліквідацыю ўлады сёгунаў (князёў) і феадальных удзелаў; падзел краіны на губерніі і прэфектуры; адмену саслоўных абмежаванняў і ў тым ліку асабістай залежнасці сялян ад феадальнай знаці; стварэнне прамысловых прадпрыемстваў і г.д. У выніку фарсіраванымі тэмпамі ствараўся новы клас – буржуазія і ўсталёўваўся новы для Азіі лад – капіталістычны. У 1899г. была прынята Канстытуцыя, а ў 1900г. скліканы парламент. У выніку рэфармаваная (рэвалюцыя Мэйдзі) Японія стала пераўтварацца ў індустрыяльную дзяржаву і ўжо на рубяжы ХІХ—ХХстст. пачала іграць значную ролю ў сусветнай палітыцы.

2. Фарміраванне індустрыяльнай цывілізацыі. Асвятляючы другое пытанне і характарызуючы індустрыяльную цывілізацыю, патрэбна адрозніваць гістарычныя мяжы капіталізма і індустрыяльнага грамадства:

- станаўленне капіталізма адбылося яшчэ ў перыяд перадіндустрыяльнай цывілізацыі,

- індустрыяльнае ж грамадства ахоплівае перыяд росквіту і ўпадка капіталізма. Капіталізм стварыў сістэму машын, машынны характар вытворчасці налажыў адбітак на ўсе сферы жыцця грамадства – эканамічныя, сацыяльныя і палітычныя адносіны.

Ужо на фазе ўпадка перадіндустрыяльнай цывілізацыі і пераходнага перыяда да новай рэзка павялічыліся тэмпы прыроста насельніцтва і скараціліся магчымасці задаволіць патрэбнасці растучай колькасці жыхароў на вузкай базе мануфактурнай вытворчасці. Пагэтаму аб’ектыўнай неабходнасцю стаў пераварот у самім спосабе вытворчасці. І такі пераварот – у выглядзе прамысловай рэвалюцыі – адбыўся ў апошняй трэці ХVIII – пачатку ХІХ ст. Такім чынам, станаўленне індустрыяльнага грамадства адбылося ў канцы XVIII – пачатку ХІХ стст.

Індустрыяльнае грамадства бярэ пачатак у Англіі, дзе тэхнічны пераварот адбыўся яшчэ ў 60-90-я гг. XVIII ст. у тэкстыльнай прамысловасці (у выніку вынаходніцтва прадзільнай машыны, механічнага прадзільнага станка і г.д.). Потым прамысловы пераварот перамяшчаецца ў іншыя краіны кантынентальный Еўропы, у ЗША і Расію. З сярэдзіны ХІХст. разгарнуўся тэхналагічны пераварот, які стаў працягам прамысловай рэвалюцыі. Ядром тэхналагічнага пераварота стала цяжкае машына будаванне (Яковец Ю.В. История цивилизаций. М., 1997. С. 197). Перавод вытворчасці на машынную аснову актуалізаваў праблему метала і энергіі. Перш за ўсё вучоныя заняліся ўдасканальваннем паравога рухавіка, і к канцу ХІХст. быў створаны працуючы на бензіне рухавік унутранага згарання (Даймлер, Германія). Важнае значэнне мела асваенне электрычнасці – адкрыццё электрамагнітнай індукцыі (Фарадэй, Англія, 1831г.) і стварэнне электрарухавіка (Якобі, Расія, 1834г.).

З адкрыццём электрычнасці пачаўся пераварот у сродках сувязі – вынаходніцтва тэлеграфа (Шылінг, Расія, 1830-я гг.), тэлефона (Бел, Англія, 1876г.), радыё (Аляксандр Папоў, Расія, 1895г. і беларус Якуб Наркевіч-Ёдка, 1890г.), фатаграфіраванне (Дагер, Францыя, 1839г.) і “рухаючыхся фатаграфій” – кінематографа (браты Люм’ер, Францыя, 1895г.). ХІХст. прывяло да буйнейшых дасягненняў у вобласці хіміі (адкрыццё перыядычнай сістэмы хімічных элементаў рускім вучоным Мендзелеевым), у біялогіі (адкрыццё мікраарганізмаў французскім вучоным Пастэрам) і пачатак генетыкі (аўстрыйскім манахам Мендзелем). Дасягненні матэматычнай і астранамічнай навук папярэдняга перыяду былі працягнуты французскім вучоным Лапласам, які залажыў асновы матэматычнай тэорыі верагоднасцей (Очерки истории естествознания и техники. Киев, 1962; Рыбников К.А. История математики. М., 1994). Усе гэтыя і іншыя дасягненні ХІХст. у галіне навукі і тэхнікі ўнеслі істотныя змены ў само ўяўленне чалавека аб навакольным свеце. Яны мелі сваім наступствам радыкальныя перамены ў жыцці чалавечага грамадства і, у прыватнасці, адкрывалі новыя магчымасці для развіцця эканомікі.

Прамысловая рэвалюцыя і тэхналагічны пераварот прывялі да складвання і развіцця такой важнай галіны эканомікі, як машынабудаванне. Спачатку яно абмяжоўвалася вытворчасцю паравых рухавікоў, потым узнікла паравозабудаванне, сельгасмашынабудаванне, станкабудаванне і на рубяжы ХІХ-ХХстст. – аўтамашынабудаванне і самалётабудаванне. Машынабудаванне стала на доўгі час вызначаць прагрэс усёй прамысловасці і сельскай гаспадаркі.

Прамысловы пераварот дазволіў пачаць механізацыю асобных відаў работ ў земляробстве. Пачаўся пераход ад двухполля і трохполля да шматполля. Гэтыя змены мелі вынікам пэўнае павышэнне прадукцыйнасці сельскагаспадарчай вытворчасці і ўзрастанне ступені ўрбанізацыі складваўшагася індустрыяльнага грамадства.

Перамены ў эканоміцы тычыліся не толькі тэхналогій, але вялі таксама да абвастрэння канкурэнцыі. У гэтых умовах узнікаюць і пераўтвараюцца ў асноўную форму арганізацыі капітала акцыянерныя кампаніі. Асобныя прадпрыемствы аб’ядноўваюцца ў прамысловыя групоўкі манапалістычнага тыпу: картэлі, сіндзікаты, канцэрны, трэсты.

Працэс манапалізацыі прывёў да ўстанаўлення кантролю манапалістычных груповак над цэлымі галінамі прамысловасці. Адначасова капітал імкнуўся і за межы асобных дзяржаў. У выніку пачалі складвацца першыя міжнацыянальныя і транснацыянальныя карпарацыі (МНК і ТНК), якія разгортвалі барацьбу за эканамічны падзел свету. Адбыўшыяся змены ў эканоміцы вядучых краін к пачатку ХХст. былі ацэнены як новая стадыя ў развіцці капіталізма – імперыялізм. Некаторыя вучоныя (Гобсан, Гільфердзінг) ахарактарызавалі манапалізацыю капітала як вышэйшую і нават апошнюю (У.І.Ленін) стадыю капіталізма. У сапраўднасці манапалізацыя капітала прадстаўляла сабой не апошнюю стадыю ў развіцці капіталізма, а адзін з этапаў у фарміраванні індустрыяльнага грамадства (Островский А.В. История цивилизации. Спб., 2000. С. 251).

Такім чынам, у Еўропе і Паўночнай Амерыцы XIXст. ­– гэта век канчатковага ўсталявання заходняга тыпа цывілізацыі як тэхналагічнай цывілізацыі, заснаванай на паскараючым прагрэсе навукі і тэхналогіі. На аснове тэхнагеннай цывілізацыі ў XIX ст. фарміруюцца індустрыяльныя, а ў XX-XXIстст.-постіндустрыяльныя грамадствы.

Індустрыяльныя грамадства- гэта грамадства, у якім машынная індустрыя ( тэхніка і тэхналогія) займаюць вядучае месца, вызначаюць дабрабыт, ваенны патэнцыял і міжнародны статус. Галоўную ролю ў культуры такога грамадства займае навуковая рацыянальнасць, а прыярытэтнае значэнне надаецца развіццю прыродазнаўчых і тэхнічных навук.

3. Беларусь у складзе Расійскай імперыі (першая палова XIXст.). Аналіз трэцяга пытання патрэбна пачаць з выяснення палітыкі Расіі на беларускіх землях у канцы XVIII-першай палове XIXст. Пасля ўключэння Беларусі ў склад Расіі царскі ўрад пачаў праводзіць палітыку, якая была накіравана на нівеліроўку мясцовых асаблівасцей і мела мэтай збліжэнне і зліцце з уласна рускімі рэгіенамі: уводзіўся агульнарасійскі адміністрацыйны падзел, органы і ўстановы. Беларускія землі ўвайшлі ў склад Віленскай, Віцебскай, Гродзенскай, Мінскай і Магілеўскай губерніі, якія ў сваю чаргу аб’ядноўваліся ў тры генерал-губернатарствы: Беларускае, Літоўскае (Віленскае ) і Мінскае. Мясцовыя жыхары (шляхта) мелі магчымасць займаць адміністрацыйныя пасады, асноўным дакументам заставаўся Статут ВКЛ.

У саслоўнай палітыцы царызм імкнуўся задаволіць інтарэсы шляхты, якая пры ўмове прыняцця прысягі на вернасць Кацярыне II атрымоўвала правы расійскага дваранства. Разам з тым, у мэтах стварэння сацыяльнай апоры ў далучаным краі ўрад праводзіў тут палітыку насаджэння рускага землеўладання. Беларускія сяляне спачатку атрымалі льготы па ўплаце падушных подацей, а ў далейшым усе мясцовае насельніцтва было пастаўлена ў аднолькавыя ўмовы з жыхарамі іншых расійскіх губерній.

Для гарадоў істотным стала адмена магдэбурскага права. Замест яго распаўсюджваліся нормы расійскага гарадскога самакіравання, пры гэтым частка гарадскіх пасяленняў і такіх правоў не атрымала, а іх насельніцтва аўтаматычна пераводзілася ў сялянскае саслоўе.

Што тычыцца шматлікага яўрэйскага насельніцтва, то яно папала пад дзеянне царскіх указаў аб ‘мяжы аселасці’: Кацярына II указам ад 23 снежня 1791г. забараняла яўрэям запісвацца ў купецкае саслоўе расійскіх гарадоў і партоў, а дазволіла мець правы грамадзянства і мяшчанства толькі ў межах Беларусі і Таўрычаскай вобласці. У 1795г. яўрэям заборонена перамяшчацца з губерні ў губерню. Законадаўчыя абмежаванні яўрэяў у грамадзянска-маемасных правах канчаткова ліквідаваны толькі ў 1917г. ( Анищенко Е.К. Черта оседлости: Белорусская синагога в царствование Екатерины II.Мн., 1998).

У канфесійнай сферы царызм прытрымліваўся абяцанняў, дадзенных у часы падзелаў Рэчы Паспалітай, адначасова праводзіліся меры, якія забаранялі каталіцкаму і ўніяцкаму духавенству схіляць у сваю веру праваслаўных. Пасля падаўлення паўстання 1830-1831гг. ажыцяўляўся комплекс мер, накіраваных на хутчэйшая зліцце заходніх губерняў з уласна рускімі пад сцягам праваслаўя і рускай народнасці.

Пры Мікалаю І у 1831г. быў створаны Камітэт па справах заходніх губерняў – вышэйшы дарадчы орган для выпрацоўкі асноўных законаў і мерапрыемстваў па аслабленні польскага ўплыву на Беларусі, а таксаме ў Літве і на правабераговай Украіне. Паводле рэкамендацыі Камітэта на Беларусі былі ажыццёўлены наступныя мерапрыемствы:

– спынена дзейнасць Статута ВКЛ і ўведзена паўсямесна агульнарасійскае заканадаўства (1840г.);

– ажыццёўлены захады па прадухіленню шляхецкіх выступленняў, сярод якіх галоўным быў т.зв. “разбор шляхты”. Разбор азначаў татальную праверку пасведчанняў аб дваранскім паходжанні і перавод часткі шляхты ў непрывілегіяраваныя саслоўі;

- у сістэме асветы і дзяржаўнага справаводства польская мова заменена рускай;

– за ўдзел студэнтаў і выкладчыкаў у паўстанні зачынены Віленскі універсітэт (1832г.);

– скасаванне ўніяцкай царквы (1839г.), скарачэнне колькасці каталіцкіх кляштараў (манастыроў), секулярызацыя царкоўных уладанняў і г.д. (Гісторыя Беларускай ССР. Мн., 1972. с. 584 – 586).

Аналізуючы сацыяльна-эканамічнае развіццё Беларусі, патрэбна звярнуць увагу на тое, што ў першай палове ХІХст. тут адбываліся агульныя для ўсёй Расіі працэсы, якія вялі да распаду феадальна-прыгонніцкай сістэмы і зараджэнню капіталістычных адносін. Расла колькасць мануфактур, пачала выкарыстоўвацца вольнанаёмная праца. З’явіліся першыя фабрыкі, дзе прымяняліся паравыя рухавікі ( у мястэчках Хомск і Косава Гродзенскай вобласці).

Беларуская гаспадарка ўключалася ва ўсерасійскі рынак, чаму садзейнічала будаўніцтва шляхоў зносін, у тым ліку Бярэзінскага, Днепра-Бугскага і Агінскага каналаў. Адбываўся рост гарадскіх пасяленняў, павялічвалася колькасць жыхароў у гарадах і мястэчках. Рос гандаль: у экспарце (вывазу) пераважалі лён, ільнапрадукты, зерне , гарэлка, спірт, шэрсць, сала,лес, а ў імпарце (увозу) – прамысловыя тавары і соль. Сельская гаспадарка таксама ўсё часцей звязвалася з рынкам: пашыраліся пасевы тэхнічных культур (лён, цукровыя буракі, бульба); інтэнсіўна развівалася тонкарунная авечкагадоўля; некаторыя памешчыкі сталі выкарыстоўваць сельгасмашыны.

Аднак развіццё эканомікі стрымлівалася прыгонным правам. Памешчыкі з мэтай павелічэння даходнасці маёнткаў пашыралі пасевы за кошт сялянскіх надзелаў. Сяляне ўсё больш бяднелі і не маглі выконваць узрастаючыя павінннасці. Хутка расла запазычанасць памешчыцкіх маёнткаў прыватным асобам і казне.

Рост паншчыны, абеззямельванне сялянства выклікалі незадаволенасць у вёсцы. Пад’ём сялянскіх выступленняў вымусіў царызм прадпрыняць на Беларусі пэўныя крокі па вырашэнню аграрнага пытання. Ініцыятарам і асноўным правадніком рэформаў выступіў міністр дзяржаўных маёмасцей граф П.Д. Кісялёў. У 1839-1857гг. ажыццяўлялася рэформа сярод дзяржаўных сялян. У дзяржаўных маёнтках былі ліквідаваны фальваркі і паншчына, павялічаны зямельныя надзелы сялян, паменьшана грашовая рэнта. На месцах ствараліся выбарныя сялянскія органы самакіравання. Прызнавалася грамадзянская свабода дзяржаўных сялян, што выгадна адрознівала іх ад бяспраўнага прыгоннага сялянства.

У памешчыцкіх маёнтках урад у 1844г. пайшоў на правядзенне інвентарнай рэформы, сутнасць якой зводзілася к рэгуляванню памераў надзелаў і фіксацыі павіннасцей прыгонных сялян. Рэформа сустрэла супраціўленне памешчыкаў і незадаволенасць сялян у тых выпадках, калі павіннасці ўзрасталі.

У цэлым аграрныя рэформы 40-50-х гг., хаця і стваралі лепшыя ўмовы для развіцця грашова-таварных адносін у развіцці гаспадарчай ініцыятывы сялянства і ў першую чаргу дзяржаўнага, усё ж не закраналі асноў феадальна-прыгонніцкай сістэмы. Усё гэта ставіла ў павестку дня неабходнасць адмены прыгоннага права.

4. Барацьба за дэмакратыю і нацыянальнае адраджэнне ў Беларусі (другая палова ХІХ – пачатак ХХстст). Перш за ўсё патрэбна раскрыць сутнасць буржуазных рэформаў 60-70-х гг. ХІХст. у Расіі і асаблівасці іх правядзення ў Беларусі.

Крызіс феадальна-прыгонніцкай сістэмы ў Расіі, адставанне яе ад капіталістычнай Еўропы, масавая незадаволенасць сялянства і асабліва ў заходніх губернях, дзе побач з сацыяльнымі востра праяўляліся вострыя нацыянальныя і рэлігійныя супярэчнасці – ўсё гэта вымусіла царызм пайсці на адмену прыгоннага права. 19 лютага 1861г. Аляксандр ІІ падпісаў Маніфест і зацвердзіў “Палажэнні аб сялянах, якія выходзяць з прыгоннай залежнасці”.

У “маніфесце” рэформа абвяшчалася актам найвялікшай справядлівасці і дабраахвотным самаахвяраваннем дваранства. У “палажэннях” выкладаліся прынцыпы і план рэфармавання. Сяляне атрымалі асабістую свабоду і пэўныя грамадзянскія правы: іх нельга было прадаваць, яны самі маглі ўступаць у шлюб, весці судовыя справы, займацца гаспадарчай дзейнасцю. Памешчыкі пазбаўляліся права распараджацца сялянамі як сваёй уласнасцю, але захавалі поўнае права ўласнасці на землю, аднак частку яе патрэбна было прадаставіць для надзялення сялянам, якія павінны былі яе выкупіць.

У Беларусі, улічваючы традыцыйна склаўшыяся сістэмы сялянскага землекарыстання (абшчыннае і падворнае), былі прыменены два “Палажэнні”: адно для Віцебскай і Магілёўскай, другое для Віленскай, Гродзенскай і Мінскай губерній:

- у Віцебскай і Магілёўскай губернях памеры прадастаўляемых сялянам надзелаў складалі: вышэйшы – ад 4 да 5,5 дзесяцін, ніжэйшы – 1/3 вышэйшага. Пры гытым, калі памер надзела перавышаў вышэйшую норму, то памешчык меў права адрэзаць лішак (“адрэзкі”);

- у Віленскай, Гродзенскай і Мінскай губернях сялянам перадавалася ў карыстанне тая зямля, якой яны карысталіся да 1861г. згодна інвентарам. Калі ж у сялян было зямлі больш, чым указана ў інвентары, альбо ў памешчыка заставалася меней 1/3 часткі прыдатных для земляробства земляў, то памешчык меў права адрэзаць 1/6 сялянскай зямлі.

Зямля станавілася сялянскай уласнасцю ў выніку выкупа, а выкупная сума вызначалася так, каб памешчык мог атрымоўваць штогодні даход, роўны памеру мінулага гадавога аброка. Такім чынам, фактычна выкуп з’яўляўся выкупам не толькі зямлі, але і асобы селяніна. У большасці сялян не было сродкаў на выкуп зямлі і пасрэднікам выступала дзяржава, прадастаўляючы пазыку – 80 % выкупной сумы тэрмінам на 49 гадоў, а 20% плаціў сам селянін. Зямельная рэформа абманула спадзяванні сялян, якія рознымі спосабамі выказвалі сваё абурэнне, адмаўляліся падпісваць устаўныя граматы, выконваць павіннасці. Яна не ўстараніла ўсе феадальныя інстытуты, сярод якіх важнейшым з’яўлялася памешчыцкае землеўладанне. Разам з тым, адмена прыгоннага права садзейнічала больш хуткаму развіццю капіталістычных адносін.

Адмена прыгоннага права абумовіла неабходнасць правядзення іншых буржуазных рэформаў:

- земскай (1864 г., пачатак стварэння ў паветах і губернях устаноў для кіраўніцтва мясцовай гаспадаркай, адукацыяй, аховай здароўя );

- судовай (1864 г., ліквідацыя саслоўных судоў і ўвядзенне бессаслоўных з спаборнасцю бакоў, галоснасцю судаводства і незалежнасцю суддзяў );

- гарадскога самакіравання (1870 г., стварэнне выбіраемых устаноў гарадской думы і ўправы, якія займаліся пытаннямі і добраўпарадкавання гарадоў, гандлю, прамысловасці, транспарту, аховы здароўя, народнай адукацыі );

- ваеннай ( 1862-1874 гг., увядзенне замест рэкруцкай сістэмы камплектавання арміі ўсеагульнай воінскай павіннасці, скарачэнне тэрміна службы да 6-7 гадоў );

- школьнай (1864 г., адмена саслоўных абмежаванняў пры паступленні ў пачатковыя народныя вучылішчы, гімназіі і прагімназіі, а таксама ў ВНУ, гэта значыць увядзенне прынцыпа ўсесаслоўнай адукацыі );

- і некаторых пераўтварэнняў у вобласці фінансаў, цэнзуры.

Што тычыцца правядзення гэтых рэформаў на Беларусі, то ўсе яны (акрамя ваеннай) былі ажыцёўлены тут пазней і з значнымі змяненнямі ў параўнанні з агульнарасійскімі з-за напружаннага становішча ў сувязі з паўстаннем 1863 г. і неабходнасцю барацьбы з польскім уплывам. Так, земская рэформа 1864 г. на Беларусі былаа распаўсюджана толькі ў 1911 г. і закранула Віцебскую, Магілёўскую губерніі. Царызм асцерагаўся ўзмацнення польскага ўплыву ў земскіх выбарных органах.

Судовая рэформа на Баларусі не толькі спазнілася на восем гадоў, але і была пазбаўлена адной з важнейшых рысаў рэформы - выбарнасцi суддзяў. Рэформа гарадскога самакіравання праводзілася на тэрыторыі Беларусі ў 1875 г. Ад выбараў у гарадскія думы ўстаранялася большасць гараджан, не меўшыя неабходнага маемаснага цэнза (рабочыя, рамеснікі, хатняя прыслуга і г.д.). Важнымі элементамі дзейнасці царызма ў сферы адукацыі на Беларусі было штучнае стрымліванне развіцця сярэдняй адукацыі, закрыцце ў 1864г. адзінай вышэйшай навучальнай установы – Горы-Горацкага земляробчага інстытута.

Як жа прычынілася правядзенне аграрнай і іншых буржуазных рэформаў на сацыяльна-эканамічным развіцці Беларусі ў другой палове XIX ст.?

Перш за ўсе патрэбна адзначыць, што Беларусь адносіласся да раена больш ранняга ўзнікнення капіталістычных адносін, чым Цэнтраьная Расія. У другой палове XIX ст. тут ішло развіцце капіталізма ў сельскай гаспадарцы, прамысловасцi і ўтварэнне новай структуры грамадства.

Асновай беларускай эканомікі па-ранейшаму заставалася сельская гаспадарка, асабліавасцю якой з’яўлялася тое, што ў ей пераважалі памешчыцкія ўладанні. К пачатку XX ст. у дваранстве Беларусі захавалася да 80% яго буйных зямельных уладанняў у той час як ў цэнтральным земляробчым раене Расіі дваранскае землеўладанне знізілася па сваіх памерах на 40%.

У перыяд аграрнага крызіса 80-90-х гг. памешчыкі вымушаны былі яшчэ хутчэй перабудоўваць свае гаспадаркі на капіталістычных пачатках, імкнуліся як мага больш прадукцыіі паставіць на рынак. У маентках адчыняліся маслабойні, вінакурні, лесапілкі. Галоўнай галіной гаспадаркі станавілася гандлевае мяса-малочнае жывелагадоўля. Пашыраліся пасевы тэхнічных культур. Удасканальвалася агратэхніка, больш прыменялася машын. Адработачная сістэма замянілася капіталістычнай- наймам. Што тычыцца сялянскіх гаспадарак, то развіцце гандлевага, капіталістычнага земляробства тут стрымлівалася малазямеллем. Заможная частка сялянства, перабудаваўшая землеробства на прадпрымальніцкіх пачатках, складала да 10% двароў, сярэдняя - каля 30%, большая ж частка сельскага насельніцтва - да 60% вымушана была займацца прамысловай дзейнасцю, адыходзіць на заробкі ў прамысловыя раены Расіі, наймацца на будаўніцтва чыгунак, мігрырававць у слабанаселенныя раены краіны і за яе межы (ЗША, Канаду, Аўстралію і г.д).

У 60-90-я гг. XIX ст. прамысловасць Беларусі захавала сваю спецыялізацыю па перапрацоўцы пераважна лясной і сельскагаспадарчай сыравіны. У 80-90-я гг. у Беларусі завяршыўся прамысловы пераварот-фабрычна-завадская прамысловасць да сярэдзіны 90-х гг. у параўнанні з 60-мі вырасла амаль у тры разы. Аднак прадаўжаўся рост кустарнай і мануфактурнай вытворчасці.

Найбольш інтэнсіўна развівалася машынная вытворчасць. Колькасць фабрык і заводаў павялічылася з 1860г. у 15 раз і склала у канцы XIX ст. 1137. Аб’ем вытворчасці на іх вырас у 37 разоў, колькасць рабочых - у 9 разоў. Пачалі працаваць новыя фабрыкі: запалкавыя ў Барысаве і Пінску, табачная ў Гродна, папяровая ў Добрушы і інш.

Вялікае ўздзеянне на гаспадарчае жыццё Беларусі аказала чыгуначнае будаўніцтва. Цераз яе яе тэрэторыю прайшла Пецярбургска-Варшаўская магістраль (1862г.), Рыжска-Арлоўская (1866г.), Маскоўска-Брэсцкая і Лібава-Роменская (70-я гг.), Палеская чыгунка (80-я гг.). Чыгуначныя лініі сталі дзейсным сродкам ажыўлення мясцовага рынка, прамысловасці, гандлю і цеснай сувязi з важнейшымі індустрыяльнымі раенамі Расійскай імперыі.

Значную ролю ў эканоміцы сталі іграць банкі (адзяленне Дзяржаўнага, Сялянскага, Дваранскага, Мінскі камерцыйны, Віцебскі губернскі і інш.). Гарады сталі ператварацца ў гандлева-прамысловыя цэнтры, буйнейшыя з якiх былі: Мінск (90,9 тыс), Віцебск (65,9 тыс), Гродна (46,9 тыс), Брэст (46,6 тыс). Гарадское насельніцтва ў 1897г. складала 655 тыс. чалавек (10,3%), каля 500 тыс. чалавек жыло ў мястэчках. Большая часка іх насельніцтва займалася гандлева-прамысловай дзейнасцю.

У адпаведнасці з пашырэннем капіталістычных форм гаспадарання змянялася і сацыяльная структура грамадства. Губляла свае значэнне феадальнае саслоўе, ішоў працэс складання новых груп і класаў. Буржуазія расла за кошт прадстаўнікоў розных саслоўяў і перш за ўсе дваранства і купецтва, а таксама мяшчан і інш.

У прамысловасці Беларусі ў пачатку XX ст. было занята 237 тыс. рабочых, а агульная колькасць пастаянных наемных работнікаў-460 тыс. чалавек. Найбольш масавай сацыяльнай базай папаўнення пралетарыята было збяднелае сялянства.

Расказваючы пра грамадска-палітычнае жыцце Беларусі ХІХ-пачатка ХХ ст., патрэбна прааналізаваць такія важнейшыя падзеі, як паўстанне 1863-1864гг., сялянскі і рабочы рух, народніцкія і сацыял-дэмакратычныя арганізацыi, фарміраванне першых палітычных арганізацый, беларускае нацыянальнае адраджэнне.

Паўстанне 1863-1864гг. у Польшчы, Літве і на Беларусі адбылося на хвалі ўздыма польскага нацыянальна-вызваленчага руху, у якім удзельнічалі разнародныя сілы, якія ставілі перад сабой розныя мэты:

- “белыя” (буржуазна-памешчыцкі накірунак, альбо плынь) імкнуліся аднавіць Рэч Паспалітую ў межах 1772г., выступалі супраць узброенага паўстання, не прызнавалі права на самавызначэнне беларусаў, украінцаў, літоўцаў;

- “чырвоныя” (дэмакратычны накірунак, які прадстаўляў дробную шляхту, мяшчан, інтэлігенцыю, афіцэраў, навучэнцкую моладзь) імкнуліся да незалежнасці, але з адначасовым вырашэннем атраднага пытання. Правае крыло “чырвоных” выступала за надзяленне сялян зямлей за кошт канфіскацыi памешыцкіх зямель пры адпаведнай грашовай кампенсацыі, а левае крыло “чырвоных”-за ліквідацыю памешчыцкага землеўладання.

Летам 1862 г. у Вільні для падрыхтоўцы паўстання быў утвораны Літоўскі правінцыяльны камітэт (ЛПК), які падпарадкоўваўся Варшаўскаму Цэнтральнаму нацыянальнаму камітэту. ЛПК, які ўзначаліў К.Каліноўскі, 1 лютага 1863г. звярнуўся да насельніцтва Літвы і Беларусі з заклікам падняцца на ўзброенную барацьбу. Усе жыхары краю абвяшчаліся свабоднымі і раўнапраўнымі, былі сфармірованы паўстанцкія атрады з дробнай шляхты, афіцэраў, студэнтаў, часткі сялян.

Для падаўлення паўстання ў Беларусі царскім ўрадам былі кінуты вялікія ваенныя сілы. У маі 1863г. віленскім генерал-губернатарам быў прызначаны М.Мураўеў, які атрымаў ад Аляксандра ІІ практычна неабмежаваныя паўнамоцтвы і бязлітасна распраўляўся з паўстаннем. У студзені 1864г. К.Каліноўскі быў арыштаваны, а 22 сакавіка-павешаны. Многіія з паўстанцаў былі пакараны, 800-высланы на катаргу, каля 12,5 тыс. чалавек высланы, у тым ліку 500 у Сібір.

Паўстанне 1863-1864гг., накіраванае супраць самадзяржаўя, нацыянальнай няроўнасці, рэшткаў прыгонніцтва, не здолела перамагчы, але пад яго націскам расійскія ўлады былі вымушаны пайсці на паслабленне ўмоў сялянскай рэформы 1861г. у беларускіх і літоўскіх губернях. У час паўстання ўпершыню было ўзнята пытанне аб нацыянельным самавызначэнні беларускага народа, што садзейнічала абуджэнню нацыянальнай самасвядомасці і дало штуршок далейшаму развіццю беларускага нацыянальна-вызваленчага руху.

На працягу апошняй трэці ХІХ ст. на Беларусі адбылося каля 400 сялянскіх хваляванняў. Выразнікамі інтарэсаў сялянства ў Расіі выступілі народнікі (прадстаўнікі народніцтва-рэвалюцыйнага руха і сацыяльнай дактрыны, звязаных з цікавасцю да “народа”-пераважна сялян і рабочых і заснаваных на ўпэўненасці, што Расія можа здзейсніць пераход к сацыялізму, мінуючы капіталізм, цераз сялянскую абшчыну). Народніцкія гурткі дзейнічалі ў многіх гарадах Беларусі. У 1882г. была створана народніцкая арганізацыя “Народная воля” ў Паўночна-Заходнім краі. Са студэнтаў беларусаў Пецярбургскага універсітэта была створана Беларуская сацыялістычна-рэвалюцыйная група “Гоман”, якая мела сувязі з Віцебскам, Мінскам і іншымі гарадамі і ў 1884г. выдала два нумары часопіса “Гоман” (Лосинский Н.Б. Революционно-нардническое движение в Белорусии, 1870-1884гг., Мн 1983).

Беларускія народнікі дзейнічалі пад кіраўніцтвам агульнарасійскай арганізацыі “Зямля і воля”, якая ў 1879г. распалася на дзве часткі:

- “Чорны перадзел” (адмовілася ад палітычнай барацьбы, выступала за падзел памешчыцкай зямлі);

- “Народная воля” (выступала за ўзмацненне палітычнай барацьбы і індывідуальны тэрор).

У стварэнні адной з першых груп “Народнай волі” у Пецярбургу ўдзельнічаў ураджэнец Беларусі І.Грынявіцкі, які 1 сакавіка 1882г. забіў цара Аляксандра ІІ (Арлоў У.А., Прысуд выканаў невядомы: Ігнат Грынявіцкі, Мн., 1992). Народавольскія арганізацыі былі разгромлены. У 90-х гг. з’явілася ліберальнае народніцтва, якое адмовілася ад рэвалюцыйнай барацьбы і перайшло на шлях рэформ.

У парэформенны перыяд развіваўся рабочы дух. Пад’ем рэвалюцыйнага руху ў 80-пачатку 90-х гг.садзейнічаў распаўсюджванню марксісцкіх ідэй і сацыял-дэмакратычнага руху. У Беларусі з’явіліся сацыял-дэмакратычныя гурткі, у якіх рабочыя вывучалі марксізм, а ў канцы ХІХ ст. яны перайшлі да палітычнай агітацыі, даказвалі неабходнасць барацьбы супраць самадзярэаўя, заклікалі да ўдзелу ў забастоўках, дэманстрацыях. Ствараліся рабочыя арганізацыі. У 1891г. у Вільні адбыўся з’езд прадстаўнікоў яўрэскіх сацыял-дэмакратычных арганізацый Вільні, Мінска, Віцебска, Беластока і Варшавы, на якім быў створан Усеагульны яўрэйскі рабочы саюз у Літве, Польшчы і Расіі (БУНД). Ен ставіў задачу арганізацыі барацьбы яўрэйскіх рабочых за паляпшенне эканамічнага становішча.

У 1898г. у Мінску адбыўся І з’езд шэрага сацыял-дэмакратычных арганізацый краіны і было абвешчана стварэнне Расійскай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі (РСДРП). Прынятая на з’ездзе праграма прадугледжвала звяржэнне самадзяржаўя, устанаўленне дэмакратычнай рэспублікі, а пазней-дыктатуры пралетарыята шляхам сацыялістычнай рэвалюцыі (Марков Р. Первый съезд РСДРП, М, 1965; Симанюков С.М. Дом-музей І съезда РСДРП. Мн., 1998).

Аднак ужо на сваім другім з’ездзе РСДРП раскалолася на бальшавікоў (прыхільнікаў Леніна, атрымаўшых большасць пры выбарах у цэнтральны камітэт) і меньшавікоў (прыхільнікаў Мартава). Меньшавікі лічылі, што ў Расіі павінна перамагчы буржуазна-дэмакратычная рэвалюцыя, а потым краіна шляхам рэформаў пяройдзе да сацыялізма. Бальшавікі-ленінцы выступалі за правядзенне буржуазна-дэмакратычнай і адразу ж сацыялiстычнай рэвалюцыі.

У канцы 1901 – пачатку 1902г. узнікла партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў ПСР (альбо эсэраў), праграма якой прадугледжвала ліквідацыю самадзяржаўя і ўстанаўленне дэмакратычнай рэспублікі. Эсэры выступалі за сацыялізацыю зямлі (выключэнне яе з тавараабароту і перадачу ва ўласнасць народа на прынцыпах ураўняльнага размеркавання). Галоўным сродкам барацьбы супраць самадзяржаўя эсэры лічылі індывідуальны тэрор. У Беларусі партыя эсэраў была пераважна партыяй сярэдніх класаў грамадства-сялянства, інтэлігенцыі, дробных рамеснікаў і гандляроў (Бригадин П.И. Эсеры в Беларуси (конец ХІХ в.-февраль 1917г.). Мн., 1994).

У 1902г. узнікла першая беларуская нацыянальна-рэвалюцыйная партыя-Беларуская рэвалюцыйная грамада (БРГ), якая ў 1902г. была пераўтворана ў Беларускую сацыялістычную грамаду (БСГ). Асноўнымі праграмнымі патрабаваннямі БСГ з’яўляліся:

- звяржэнне самадзяржаўя сумесна з пралетарыятам усіх народаў Расійскай дзяржавы;

- скасаванне прыватнай зямельнай уласнасці і забяспячэнне права кожнага чалавека на апрацоўку зямлі “сваімі рукамі без карыстання з чужой працы”;

- 8-гадзінны рабочы дзень, устанаўленне мінімума зарплаты, бясплатнай медыцынскай дапамогі і г.д. (Праграма БСГ//Праграмныя дакументы палітычных партый.Мн.1994. С. 4-6)

У цэлым у праграме БСГ спалучаўся рэвалюцыйны дэмакратызм з утапічным народніцкім (сялянскім) сацыялізмам.

Другая палова ХІХ-пачатак ХХст.-важны этап далейшага развіцця беларускай нацыянальнай культуры.

Менавіта ў гэты час завяршыўся працэс фарміравання беларускай нацыі, як сялянскай у сваей аснове. Прайшоўшы шэраг этапаў у сваей эвалюцыі этнагенез беларусаў у ХІХ-пачатку ХХст. значна паскорыўся і выйшаў на стадыю ўтварэння нацыі. Існаванне беларускай нацыі ў канцы ХІХ-пачатку ХХст. адрознівалася і падцвярждалася наяўнасцю ўсіх нацыяўтвараючых характарыстык:

- агульнасць тэрыторыі. Асноўная тэрыторыя пражывання беларусаў уваходзіла ў межы пяці губерняў: Віленскай, Віцебскай, Гродзенскай, Магілеўскай, Мінскай. Колькасць насельніцтва за 40 паслярэформенных гадоў падвоілася і, згодна перапісу 1897г., складала (у сучасных граніцах Беларусі) 6,5млн. чалавек, з іх 5,4млн. беларусаў (звыш 73%), 1,2млн яўрэяў, 493тыс. рускіх, 377тыс. украінцаў, 424тыс.палякаў, 617тыс. літоўцаў, латышоў і іншых нацыянальнасцей;

- агульнасць эканамічнага і сацыяльна-палітычнага жыцця. Паскарэнне ў парэформенны перыяд тэмпаў эканамічнага развіцця, пашырэнне капіталістычнага прадпрымальніцтва ў прамысловасці, пераарыентацыя памешчыцкіх гаспадарак на рынак, павелічэнне бессаслоўнага землеўладання, развіцце гандлю і шляхоў зносін садзейнічалі стварэнню на тэрыторыі Беларусі адзінага эканамічнага рэгіена і станаўленню беларускай нацыі. Аднак кансалідацыі яе перашкаджала палітыка русіфікацыі. Асновай гэтай палітыкі было стварэнне сацыяльнай апоры царызма-пашырэнне рускага землеўладання. Адмоўна адбівалася на фарміраваннi беларускай нацыі дэфармацыя сацыяльна-класавай структуры грамадства (слабасць мясцовай буржуазіі-асноўныя капіталы краю знаходзіліся ў руках польскіх і рускіх памешчыкаў, яўрэйскіх купцоў і прамыслоўцаў).

- агульнаасць мовы, культуры і нацыянальнай самасвядомасці. Адной з самых істотных прыкмет нацыі з’яўляецца агульнасць мовы. Як важнейшы сродак зносін яна ўдзельнічае ў працэсе ўтварэння на пэўнай тэрыторыі супольнасці эканамічнага жыцця і псіхічнага складу людзей, з’яўляецца асновай развіцця ўсіх галін нацыянальнай культуры, нацыянальнай свядомасці. У ХІХ-пачатку ХХст. прцягвалася станаўленне новай беларускай літаратурнай мовы. Фарміраванне яе адбывалася пераважна ў жанрах мастацкай літаратуры і публітыстыкі. Выдатную ролю ў беларускай публіцыстыцы адыграла “Мужыцкая праўда” і “Пісьмо з-пад шыбеніцы” К.Каліноўскага (1862-1864гг.), “Дудка беларуская” Ф.Багушэвіча (1891г.). Менавіта прадмова да зборніка “Дудка беларуская” і іншыя творы Ф.Багушэвіча сталі асновай распрацоўкі беларускага нацыянальна-вызваленчага руху, а на старонках часопіса “Гоман” (1884г.) было ўпершыню дано тэарэтычнае абаснаванна самастойнага беларускага этнаса.

З працэсамі фарміравання беларускай нацыі непасрэдна звязана развіцце культуры Беларусі. Удругой палове ХІХ-пачатку ХХст. адбываліся пэўныя станоўчыя змены ў галіне адукацыі: расла сетка школ, сярэдніх навучальных устаноў і колькасць навучэнцаў у іх; зрухі адбываліся і ў падрыхтоўцы настаўніцкіх кадраў. З другой паловы ХІХст. актыўна вяліся навуковыя даследаванні гісторыі мовы, культуры і быта беларускага народа. Важнае значэнне для прабуджэння нацыянальнай самасвядомасці мелі працы “Беларусы” Я.Карскага, “Слоўнік беларускай мовы” І.Насовіча, “Беларускі зборнік” Е.Раманава і інш.

Новае ажыўленне ў развіцці беларускай літаратуры у канцы ХІХ ст. звязана з іменамі паслядоўнікаў Ф.Багушэвіча - Я.Лучыны, А.Гурыновіча, К.Каганца і інш. Вытокі беларускага нацыянальнага прафесійнага тэатра звязаны з дзейнасцю В.Дуніна-Марцінкевіча. Жывапіс, цэнтральнай тэмай якога стаў беларускі народ, прадстаўлены творчасцю К.Альхімовіча, Н.Сілівановіча, А.Гараўскага і інш. Значныя дасягненнi былі і ў архітэктуры Беларусі. Пашыралася грамадзянскае будаўніцтва, узводзіліся прамысловыя забудовы, чыгуначныя вакзалы, банкі, навучальныя ўстановы, праваслаўныя і каталіцкія храмы. У гэты час у Беларусі працавалі М.Львоў, А.Мельнікаў, В.Стасаў і іншыя архітэктары.

Такім чынам, нягледзячы на вялікадзяржаўную палітыку царызма, другая палова ХІХст. у гісторыі беларускай культуры азнаменавалася значнымі дасягненнямі. Пашыраліся творчыя сувязі дзеячаў беларускай культуры з майстрамі і грамадскасцю іншых рэгіенаў Расійскай iмперыі, замежных дзяржаў. Культура Беларусі з’яўлялася неад’емнай часткай як агульнарасійскай, так і сусветнай культуры.

Асноўныя паняцці і азначэнні

Беларуская нацыя, беларуская нацыянальная культура, беларуская нацыянальная самасвядомасць.

Зямельная (аграрная) рэформа, выкупныя плацяжы, адрэзкі, адработкі, статутныя граматы.

Індустрыяльная цывілізацыя.

Манаполіі, манапалістычныя групоўкі (картэлі, сіндзікаты, канцэрны, трэсты), міжнацыянальныя і транснацыянальныя карпарацыі.

Народнікі, народніцтва, народніцкі (сялянскі) сацыялізм.

Нацыянальна-вызваленчы рух (польскі, беларускі).

Прамысловая рэвалюцыя.

Сацыял-дэмакратыя.

Пытанні для самакантролю

  1. Чым былі абумоўлены рэвалюцыі ХІХст. у краінах Заходняй і Цэнтральнай Еўропы?

  2. У чым заключаецца сутнасць прамысловай рэвалюцыі і асаблівасці прамысловых пераваротаў ў Еўропе, ЗША, Расіі?

  3. Назавіце асноўныя накірункі ўнутранай палітыкі Расійскага самадзяржаўя на Беларусі ў канцы XVIIІ-першай палове ХІХст.

  4. Якія галоўныя асаблівасці правядзення зямельнай (сялянскай) рэформы характэрны для беларускіх губерняў?

  5. Якое значэнне мела паўстанне 1863-1864гг. для абуджэння нацыянальнай самасвядомасці беларускага народа?

  6. Якія агульнарасійскія грамадскія рухі і палітычныя партыі дзейнічалі на Беларусі ў ХІХ-пачатку ХХст.?

  7. Як, калі і чаму адбываўся пераход беларусаў ад феадальнай народнасці да буржуазнай нацыі?

  8. У чым вы бачыце ўзаемасувязь культуры Беларусі ХІХ-пачатку ХХст. з культурай агульнарасійскай і сусветнай?

Літаратура

Белорусия в эпоху капитализма. Развитие в промышленности, положение промвшленных рабочих и рабочее движение: Сб. документов и материалов. Мн., 1990.

Бор М.З. История мировой экономики. М., 1998.

Бригадин П.И. Эсеры в Беларуси (конец ХІХ­-февраль 1917г.), Мн., 1994.

Великие реформы в России: 1856-1874 (Под редакцией Л.Г.Захаровой и др.). М., 1992.

Гісторыя Беларусі: У2 ч. 4. 1. Мн., 2003.

К.Каліноўскі. За нашу вольнасць: Творы, дакументы, (Уклад Г.Кісялеў). Мн., 1999.

Карскі Я. Беларусы. Мн., 2000.

Панютич В.П. Социально-экономическое развитие белоруской деревни. 1861-1914. Мн., 1969.

Программы политических партий России. Конец ХІХ­-начало ХХв. М., 1995.

Турук Ф.Ф. Белорусское движение: Очерки истории национального и революционного движения белорусов. М., 1921; Мн., 1993.

Христофоров И.А. «Аристократическая» оппозиция Великим реформам (конец 1850-х – середина 1870-х гг.). М., 2002.

Яковлев А.И. Александр ІІ и его эпоха. М., 1992.

Яковец Ю.В. История цивилизаций. М., 1997.