Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
А.I.Котаў. Гiсторыя Беларусi i сусветная цывiлi...doc
Скачиваний:
3
Добавлен:
08.11.2019
Размер:
1.85 Mб
Скачать

Літаратура

Белоруссия в эпоху феодолизма: сб. док. и материалов.: В 4 т. Мн., 1959. Т.1.

Гісторыя Беларусі: У 2 ч. Ч. 1. Мн., 2003.

Гофф Ж.Ле. Цивилизация Средневекового Запада. М., 1992.

Ермаловіч М.І. Беларуская дзяржава ВКЛ. Мн., 2000.

История Европы. Т.2 Средневековая Европа. М., 1988.

Кёнигсбергер Г.Г. Средневековая Европа, 400-1500 годы: Пер. с англ. М., 2001.

Лойка П.А. Прыватнаўласніцкія сяляне Беларусі. Мн., 1991.

Спиридонов М.Ф. Закрепощение крестьянства Белоруссии (XV-XVI вв.). Мн., 1993.

Ткачоў М. А. Замкі і людзі. Мн., 1991.

Францыск Скарына і яго час: Энцыклапедычны даведнік. Мн., 1988.

Тэма V. Пачатак новага часу. Беларусь у складзе рэчы паспалітай (XVI-XVII стст.)

План:

  1. Пераход ад сярэдневякоўя да Новага часу. Прычыны ўзвышэння

Заходняга свету і заняпаду ўсходніх цывілізацый.

  1. Сацыяльныя і палітычныя працэсы ў краінах Заходняй Еўропы.

  2. Барацьба за гегемонію ва Усходняй Еўропе. Стварэнне Рэчы

Паспалітай і становішча Беларусі ў яе складзе.

Метадычныя парады

1. Пераход ад сярэдневякоўя да Новага часу. Прычыны ўзвышэння Заходняга свету і заняпаду ўсходніх цывілізацый. Перш чым прыступаць к аналізу цывілізацыйных працэсаў Новага часу, патрэбна высветліць само паняцце “Новы час”, яго сутнасць і храналагічныя рамкі. У сучаснай гістарыяграфіі Новы час вызначаецца як перыяд, які прыйшоў на змену сярэдневякоўю і ахоплівае XVI – пачатак XX ст. Калі ў сярэднія вякі злажылася адна сусветная цывілізацыя – раннефеадальная, то ў перыяд Новага часу узнікла, развілася і завяршылася познефеадальная, альбо перадіндустрыяльная цывілізацыя, а таксама зарадзілася і прайшла этап росквіту яшчэ адна, новая цывілізацыя – індустрыяльная.

Пачатак Новага часу (XVI–XVIII стст.) азнаменаваўся ўзвышэннем Заходняга свету і заняпадам усходніх цывілізацый. У чым жа заключаюцца прычыны гэтага ўзвышэння і адпаведна заняпада?

Па-першае, сказаліся вынікі вялікіх геаграфічных адкрыццяў (сярэдзіы XV–сярэдзіны XVII стст.) і, у прыватнасці, адкрыцце Цэнтральнай і Паўдневай Амерыкі (Х. Калумб, А. Веспучы, А. Велес-дэ-Мендоса), марскога шляха з Еўропы ў Індыю (Васка да Гама), першае кругасветнае плаванне (Ф. Магелан) і інш. З адкрыццем новых тэрыторый для вядучых еўрапейскіх дзяржаў з’явіліся дадатковыя крыніцы першапачатковага накаплення капітала. Іспанія, Партугалія, а крыху пазней Галандыя, Англія, Францыя і іншыя заходнееўрапейскія дзяржавы становяцца каланіяльнымі імперыямі. Адначасова са стварэннем заходнімі дзяржавамі каланіяльнай сістэмы многія лакальныя цывілізацыі Усхода і Амерыкі на стагоддзі былі адкінуты на перыферыю прагрэса.

Па-другое, велізарнае значэнне для ўзвышэння Еўропы мелі Адраджэнне і Рэфармацыя. Тэрмін Адраджэнне (Рэнесанс) ужываецца для вызначэння пэўнага культурна-светапогляднага руху, які зарадзіўся ў Італіі ў XIV ст. і на працягу XV—XVI стст. распаўсюдзіўся на ўсе краіны Заходняй і Цэнтральнай Еўропы. Гэты рух ахапіў дзеячаў культуры, літаратуры і мастацтва, уключаў у свае шэрагі купецтва, чыноўніцтва і нават вышэйшыя рэлігійныя сферы.

Найбольш вядомыя творы эпохі Адраджэння стварылі: архітэктары Альберці, Брамантэ, Паладзіо (Італія), Леско, Дэлорм (Францыя); мастакі Леанарда да Вінчы, Рафаэль, Мікельанджэла, Тыцыян (Італія), Ян ван Эйк, Брэйгель (Нідэрланды), Дзюрэр (Германія), Фуке, Гужон, Клуэ (Францыя). Літаратура Адраджэння прадстаўлена такімі помнікамі непераўзыйдзеннай каштоўнасці, як санеты Петраркі, навелы Дж. Бакаччо, трактат “Пахвала глупству” Э. Ратэрдамскага, эсэ М. Мантэня, драмы В. Шэкспіра і інш. Вызначальныя рысы культуры Адраджэння—свецкі, антыклерыкальны характар, гуманістычны светапогляд, зварот да лепшых каштоўнасцей і ідэалаў антычнасці (адсюль найменне рэнесанс альбо адраджэнне). Вядучыя дзеячы культуры гэтага часу імкнуліся не толькі перадаць спадчыну сярэдневякоўя і адрадзіць лепшыя каштоўнасці антычнасці, але і зацвердзіць як галоўную ў сістэме каштоўнасцей ідэю гуманізма (ад лац. Humanus — чалавечны).

Светапогляд эпохі Адраджэння пранікнуты любоўю да людзей, павагай да чалавечай годнасці. У літаратуры, жывапісу, скульптуры адлюстроўваецца вобраз чалавека з яго зямнымі жаданнямі, у гармоніі духоўнай і фізічнай прыгажосці. Антрапалагізм светапогляда эпохі Адраджэння цесна звязаны з яго антыцаркоўнай накіраванасцю, якая заключаецца ў тым, што галоўнай фігурай светабудовы лічыцца не Бог, а чалавек. Грамадства ўяўляецца не промыслам Божай волі, а вынікам дзейнасці людзей. Рух Адраджэння дазволіў еўрапейцам засвоіць лепшыя каштоўнасці антычнай цывілізацыі, вызваліцца ад путаў сярэдневякоўя і зрабіць буйныя крокі ў фарміраванні новых цывілізацыйных арыентыраў – сцвярджэнне годнасці і павагі да чалавека, арыентацыя на індывідуалізм і аўтаномію асобы, памяркоўнасць і цярпімасць да іншых, у тым ліку антыклерыкальных поглядаў.

Важную ролю ў станаўленні і развіцці новага тыпа цывілізацыі адыграла таксама Рэфармацыя. Рэфармацыя (ад лац. reformation —пераўтварэнне) – шырокі грамадска-палітычны і рэлігійны рух, які насіў у сваёй аснове антыфеадальны характар і прынімаў форму барацьбы супраць каталіцкай царквы. Асноўныя накірункі Рэфарамацыі: бюргерска-буржуазнаы (М. Лютэр, Ж. Кальвін, У. Цвінглі); народны, злучаўшы патрабаванне ліквідацыі каталіцкай царквы з барацьбой за ўстанаўленне роўнасці (Т. Мюнцэр); каралеўскі-княжацкі, адлюстроўваўшы інтарэсы свецкай улады, імкнуўшайся ўмацаваць свае пазіцыі і захапіць зямельныя ўладанні царквы. Рэфармацыя паклала пачатак новаму буйному накірунку ў хрысціянстве – пратэстантызму. У шэрагу краін узніклі розныя пратэстанцкія цэрквы: лютэранская, кальвінісцкая, англіканская і інш.

З сярэдзіны XVI ст. каталіцкая царква сумела арганізаваць супрацьдзеянне Рэфарамацыі. Развярнулася Контррэфармацыя, якая прывяла да падаўлення пратэстанцызма ў частцы Германіі, Італіі, Іспаніі, Польшы. Аднак пратэстанцызм зацвердзіўся на значнай тэрыторыі Еўропы. Пад яго ўплывам фарміраваўся новы тып асобы, з новай сістэмай каштоўнасцей, новай больш простай арганізацыяй рэлігійнага жыцця і новай працоўнай этыкай. Гэта садзейнічала развіццю прадпрымальніцтва і рыначных адносін, развіццю новых, буржуазных адносін, гэта значыць зараджэнню капіталізма.

Па-трэцяе, у гэты час адбываўся значны рост навуковых і тэхнічных адкрыццяў (так званая “вялікая навуковая рэвалюцыя” пачатку Новага часу). Рэнесанс і Рэфармацыя “адбываліся, — як піша Фернан Брадэль, — у агульнай атмасферы навуковых адкрыццяў: то быў час, калі сотні італьянцаў, падзяляючы страсць Леанарда да Вінчы, запаўнялі свае запісныя кніжкі замалёўкамі праектаў цудоўных машын” (Бродель Ф. Материальная цивилизация. Экономика и капитализм. XV—XVIII вв. т.3. М., 1992. с. 567).

“Вялікая навуковая рэвалюцыя” таго часу знайшла адлюстраванне ў стварэнні падмурка для сучаснай навукі ў розных сферах пазнання. Вяршынямі той рэвалюцыі сталі такія адкрыцці, як:

- пераварот ў астраноміі, здзейснены Капернікам, Кеплерам, Галілеям і завершаны распрацоўкай нябеснай механікі Ньютона;

- стварэнне доменнай вытворчасці, якая стала асновай чорнай металургіі;

- прарывы ў шэрагу іншых навук, у тым ліку ў філасофіі

(Т. Мор, Ф. Бэкан, Р. Дэкарт, Т. Кампанела), у медыцыне (А. Везалій, У. Гарвей). Рост навуковых і тэхнічных адкрыццяў садзейнічаў фарміраванню ў еўрапейскім грамадстве новай карціны света.

Такім чынам, у пачатку Новага часу злажылася сукупнасць умоў, якія забяспечылі ўзвышэнне заходняга свету і пераход шэрага еўрапейскіх краін ад традыцыйнага грамадства, заснованага пераважна на натуральнай гаспадарцы і панаванні рэлігійнага светапогляду, да новага тыпу эканомікі, сацыяльнай структуры, да новых формаў ідэалогіі і культуры, не маючых аналагаў у сярэдневяковай цывілізацыі.

2. Сацыяльныя і палітычныя працэсы ў краінах Заходняй Еўропы. Глыбокія эканамічныя зрухі, рост навуковых і тэхнічных адкрыццяў абумовілі істотныя змены ў сацыяльнай структуры еўрапейскага грамадства. З разбурэннем саслоўных перагародак феадальнага грамадства пачала складвацца новая сацыяльная структура:

- з аднаго боку фарміравалася буржуазія (у асноўным з ліку багатых гараджан, купцоў, ліхвярскіх элементаў, цэхавых майстраў) і новае дваранства (у асноўным з ліку тых землеўладальнікаў, якія перайшлі да выкарыстання ў сваіх гаспадарках наёмнай працы і прадпрымальніцтва);

- з другога боку — наёмныя рабочыя (у асноўным з ліку бяднейшых рамеснікаў і страціўшых зямлю сялян). Дыферэнцыяцыя ў грамадстве паглыбілася і адносіны між рознымі сацыяльнымі слаямі і класамі абвастрыліся.

У гэтых умовах фарміраваліся розныя ідэі грамадскага пераўтварэння. У пачатку XVI ст. (1516 г.) у Англіі з’явіўся твор вядомага гуманіста і віднага дзяржаўнага дзеяча—канцлера Томаса Мора “Утопія”. У гэтым творы ў якасці ідэала разглядалася грамадства, у якім няма прыватнай уласнасці, усе людзі раўнапраўныя, усе працуюць сумесна і ўсё створанае размяркоўваецца па патрэбнасцях. У Нідэрландах пашыраліся ідэі кальвінізма, незалежнасці ад феадальнага прыгнёту і ад іспанскага панавання.

Пачатак Новага часу ў Заходняй Еўропе адзначаны не толькі развіццём новых ідэй грамадскага пераўтварэння, але і першымі буржуазнымі рэвалюцыямі—Нідэрландскай і Англійскай. Рэвалюцыя ў Нідэрландах (1566-1609 гг.) праходзіла пад знакам кальвінізма, супраць крайнасцей іспанскага рэжыма. Гараджане (бюргерства) і частка дваранства (дваранская апазіцыя) выступілі супраць намесніка іспанскага караля, за раздзел маёмасці каталіцкай царквы і за скліканне Генеральных штатаў—прадстаўнічага органа ўсіх 17 правінцый Нідэрландаў.

Пасля буржуазнай рэвалюцыі Галандыя стала не толькі самастойнай, але і самай развітай у прамысловых адносінах краінай Еўропы. Адначасова яна была буйнейшым цэнтрам міжнароднага гандлю. У XVII ст. з’явіліся галандскія калоніі ў паўднёва-ўсходняй Азіі і на амерыканскім кантыненце. Адной з іх стаў г. Новы Амстэрдам (сёняшні Нью-Іорк).

Англійская рэвалюцыя XVII ст. лічыцца першай буржуазнай рэвалюцыяй еўрапейскага маштаба. Ідэйным сцягам рэвалюцыйнай апазіцыі быў пурытанізм (від пратэстантызма, выступаўшы за паглыбленне Рэфармацыі, супраць абсалютызма). Юрыдычным афармленнем англійскай рэвалюцыі стаў парламент. Створаная О. Кромвелем парламенцкая, рэвалюцыйная армія нанесла паражэнне каралеўскім войскам. Кароль Карл I Сцюарт быў пакараны (1649 г.), Англія абвешчана рэспублікай. У далейшым у краіне была ўстаноўлена дыктатура Кромвеля (1653г.), ажыццёўлена рэстаўрацыя Сцюартаў (1660 г.), якія прызналі асноўныя заваёвы рэвалюцыі, у тым ліку права прыватнай уласнасці на зямлю. Дзяржаўны пераварот 1688-1689 гг. (т. зв. Слаўная рэвалюцыя) замацаваў доступ буржуазіі да дзяржаўнай улады.

Адной з важнейшых асаблівасцей заходнееўрапейскага грамадства таго часу было забеспячэнне пэўнай раўнавагі, альбо баланса розных сацыяльных сіл спачатку ў рамках саслоўнай манархіі, а потым і пры абсалютызме. Абсалютызм (ад лацін. absolutum—неабмежаваны, безумоўны)—філасофскае паняцце, у палітычнай сферы гэта абсалютная, неабмежаваная манархія. Пры абсалютызме дзяржава дасягае найвышэйшай ступені цэнтралізацыі, ствараецца шырокаразгалінаваны бюракратычны аппарат, пастаянная армія, паліцыя.

Абсалютная манархія на першых парах у шэрагу еўрапейскіх краін адыграла прагрэсіўную ролю ў кансалідацыі нацыі, садзейнічала ўмацаванню новых рыс у эканоміцы. Ў барацьбе супраць феадальнай арыстакратыі, за аб’яднанне краіны яна абапіралася на фарміруючыся клас буржуазіі. У краінах Заходняй Еўропы рэжым абсалютызму дасягнуў свайго росквіту ў XVII—XVIII ст. (у Расіі—у XVIII—пачатку XX ст.).

Найбольш буйнымі абсалютысцкімі рэжымамі ў Еўропе былі:

- Свяшчэнная Рымская Імперыя Германскай Нацыі, альбо імперыя Габсбургаў (дзяржава, заснаваная Атонам I у 992 г., з XV ст. карона замацавалася за дынастыяй Габсбургаў);

- Асманская імперыя (склалася ў XV—XVI стст.);

- Швецкае каралеўства (у XVI ст. на трон выбраны дваранін Густаў Эрыкман, заснавальнік дынастыі Вазаў);

- Іспанія (утварылася як адзіная цэнтралізаваная дзяржава ў XV ст. (1492 г.) і ў XVI ст. стала адной з мацнейшых у свеце);

- Англія (абсалютызм бярэ пачатак у XV ст., у перыяд Елізаветы I дасягае свайго эпагея і ў XVI ст. у Англіі ажыццяўляецца буржуазная рэвалюцыя, ствараюцца першыя палітычныя партыі і г.д.);

- Францыя (абсалютызм пачаў складвацца ў XVI ст., з канца XV ст. да канца XVIII ст. адбываліся разлажэнне феадальных і зараджэнне палітычных адносін);

- з распадам Германіі на асобныя княствы адбывалася ўзвышэнне Аўстрыі і Прусіі.

Супярэчнасці паміж буйнейшымі нацыянальнымі дзяржавамі прывялі ў XVII ст. да першай агульнаеўрапейскай вайны—т. зв. 30-гадовай вайны (1618-1648 гг.). Яна вялася між Габсбургскім блокам (іспанскія і аўстрыйскія Габсбургі, каталіцкія князі Германіі, падтрыманыя Папай Рымскім і Рэччу Паспалітай) і антыгабсбургскай кааліцыяй (германскія пратэстанцкія князі, Францыя, Швецыя, Данія, падтрыманыя Англіяй, Галандыяй і Расіяй). Габсбургскі блок выступаў пад ідэйным сцягам каталіцызма, а антыгабсбургская кааліцыя, асабліва спачатку—пратэстанцызма.

З уступленнем у вайну Францыі (1635-1648 гг.) вызначылася перавага антыгабсбургскай кааліцыі. У выніку пацярпелі крах планы Габсбургаў, палітычная гегемонія перайшла да Францыі. Закончылася вайна Вестфальскім мірам (1648 г.). Францыя атрымала частку Эльзаса, за германскімі князямі былі прызнаны суверэнныя правы гасудараў, г.зн. замацавана палітычная раздробленнасть Германіі.

Такім чынам у пачатку XVII ст. у выніку 30-гадовай вайны і Вестфальскага міра пачала складвацца геапалітычная сістэма вялікіх дзяржаў Заходняй Еўропы.

3. Барацьба за гегемонію ва Усходняй Еўропе. Стварэнне Рэчы Паспалітай і становішча Беларусі ў яе складзе. Ва Усходняй Еўропе ў XVI—XVII стст. разгарнулася барацьба за гегемонію паміж Маскоўскім Вялікім княствам і Рэччу Паспалітай, у палітычную сістэму якой з 1569 г. уваходзіла ВКЛ і ў тым ліку беларускія землі.

Важна разабрацца, у чым заключаліся прычыны ўтварэння Рэчы Паспалітай (ад польск. Rzeczpospolita—рэспубліка)?

Па-першае, глебу для заключэння саюза (уніі) з Польшчай стваралі супярэчнасці ў пануючым саслоўі ВКЛ. Справа ў тым, што ў ВКЛ жменька магнатаў валодала неабмежаванай уладай, а шматлікая шляхта імкнулася цераз унію мець такія ж правы, як і шляхта Польшчы.

Па-другое, польская шляхта жадала атрымаць у ВКЛ землі, чыны, узнагароды. Да таго ж і Ватыкан адводзіў Польшчы важную ролю ў экспансіі каталіцызма на ўсходнія землі.

Па-трэцяе, сказалася цяжкае знешнепалітычнае становішча ВКЛ. Маскоўская дзяржава ў 1558 г. пачала Лівонскую вайну за выхад да Балтыйскага мора. ВКЛ, у якога быў ваенны саюз з Лівоніяй, было ўцягнута ў вайну з Масквой. Войскі Івана Грознага падыйшлі да сценаў Віцебска, Оршы, Шклова, у 1563 г. занялі Полацк, адкрыўшы шлях на сталіцу ВКЛ—Вільню. Дзяржава апынулася на мяжы ваеннай катастрофы і палітычнага краха. Выхад быў адзін—сесці за стол перамоў з Польшчай.

У студзені 1569 г. пачаўся Люблінскі сейм ВКЛ і Польшчы. Польскі бок пайшоў на дэманстрацыю сілы, захапіўшы Падляшша, Падолле, Валынь і Кіеўшчыну. ВКЛ вымушана была 1 ліпеня 1569 г. падпісаць унію—дзяржаўна-палітычны саюз з Польшчай. У адпаведнасці з Люблінскай уніяй (1569 г.) ВКЛ і Каралеўства Польскае аб’ядналіся ў адну дзяржаву—Рэч Паспалітую пад уладай аднаго гасудара, польскага караля і вялікага князя літоўскага, з адным органам заканадаўчай улады (сеймам), адзінай знешняй палітыкай і грашовай адзінкай.

ВКЛ і пасля ўніі захавала сваё войска, судовую сістэму, адміністрацыйны аппарат, дзяржаўную мову. Прыняцце ў 1588 г. свайго звода законаў—Статута, па сутнасці, зводзіла на нішто многія палажэнні Люблінскага акта (Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588 г. Мн., 1989. С.144, 364).

Аднак унія 1569 г. садзейнічала пранікненню польскага ўплыву ў ВКЛ. Польшча імкнулася ліквідаваць яго палітычную і культурную самабытнасць. У гэтым яе актыўна падтрымлівала каталіцкая царква. Частка магнатаў і шляхты ВКЛ вяла барацьбу супраць уніі, за аддзяленне ад Рэчы Паспалітай. Некаторыя ж падтрымлівалі ідэю далучэння да Рэчы Паспалітай Маскоўскай дзяржавы. Аб’яднанне ВКЛ з Польшчай садзейнічала сацыяльна-палітычнаму расколу беларускага грамадства.

У сярэдзіне XVI ст. у Беларусі распаўсюджваўся рэфармацыйны рух. Пратэстанты выступалі за ліквідацыю духавенства, як асобай касты, манастыроў, раскошнага культа, складанай абраднасці. Пратэстанцызмам захапіліся магнаты і шляхта, незадаволеныя магутнасцю касцёла. На чале беларуска-літоўскіх рэфарматараў стаяў князь Мікалай Радзівіл. Масы народа не падтрымалі гэты рух, таму ён не атрымаў такога размаха, як у іншых краінах Заходняй Еўропы.

Найбольшае распаўсюджванне ў Беларусі атрымаў кальвінізм. У Брэсце, Несвіжы, Віцебску, Іўі, Слуцку і іншых гарадах было аснована каля 50 кальвінісцкіх абшчын, пры якіх будаваліся саборы, школы, тыпаграфіі. Вакол іх згрупіраваліся відныя вучоныя, прапаведнікі, пісьменнікі і кнігавыдаўцы, у тым ліку С. Будны, В. Цяпінскі. Рэфармацыя садзейнічала актывізацыі культурнага жыцця, пашырэнню рэнесанса-гуманістычных ідэй у беларускім грамадстве.

У абарону каталіцызма выступіў створаны Ватыканам у 1534 г. ордэн іезуітаў. Мэтай іезуітаў, з’явіўшыхся ў Беларусі, было ўмацаванне пазіцый каталіцкай царквы, ліквідацыя рэфармацыі, акаталічванне насельніцва. Яны ўзялі ў свае рукі адукацыю, пакрылі Беларусь сеткай касцёлаў і манастыроў, цераз якія аказвалі ўздзеянне на шырокія масы, асабліва моладзь. Але паколькі народныя масы не жадалі пераходзіць з праваслаўя ў каталіцызм, то іезуіты прынялі новы план — аб’яднанне каталіцкай і праваслаўнай царквы пад уладай Ватыкана. Царкоўна-рэлігійная ўнія павінна была стаць мастом для перахода насельніцтва з праваслаўя ў каталіцызм.

У такой уніі акрамя Ватыкана і правячых колаў Рэчы Паспалітай былі зацікаўлены таксама пэўныя сілы ў княстве:

- частка беларуска-літоўскіх феадалаў падтрымлівала ўнію, спадзеючыся стварыць нацыянальна-дзяржаўную рэлігію, якая будзе садзейнічаць аддзяленню ВКЛ ад Рэчы Паспалітай;

- частка праваслаўных святароў пагаджаліся на ўнію, разлічваючы атрымаць роўныя правы з каталіцкімі біскупамі. Абапіраючыся на падтрымку гэтых прыхільнікаў, Папа Рымскі выдаў булу аб уніі, а польскі кароль—універсал, паводле якога праваслаўна царква абвяшчалася злучанай з каталіцкай.

Дзеля канчатковага афармлення ўніі 6 кастрычніка 1569 г. у Брэсце быў скліканы царкоўны сабор. На яго з’ехаліся прадстаўнікі праваслаўнай і каталіцкай цэркваў, кіраўніцтва ордэнаў іезуітаў, пасланікі Ватыкана і буйныя магнаты ВКЛ і Польшчы. Яны раскалоліся на два непрымірымыя лагеры: прыхільнікаў і супраціўнікаў уніі, якія праклялі адзін другога. Унія, якую падтрымлівалі Ватыкан, кароль, канцлер ВКЛ і ўвесь дзяржаўны аппарат, была падпісана. Такім чынам, 6—9 кастрычніка 1596 г. на царкоўным саборы ў Брэсце на аснове беларуска-украінскага праваслаўя быў аформлены новы накірунак у хрысціянстве—уніяцтва. Уніяцкая царква захоўвала ранейшыя абрады, царкоўна-славянскую мову богаслужэння, але падпарадкоўвалася Папе Рымскаму і каталіцкаму веравучэнню.

Гэтая царкоўная рэформа пацягнула за сабой пэўную пераарыентацыю ўсяго духоўнага жыцця Беларусі з Усхода на Захад, а таксама пераўтварэнні ў многіх баках грамадскага развіцця. У чым гэта выражалася? Па-першае, многія феадалы, імкнучыся захаваць сваё пануючае становішча, станавіліся ўніятамі, а частка іх пераходзіла ў каталіцызм. Па-другое, сяляне і гарадскія нізы, якіх на першым этапе нярэдка сілай далучалі да ўніяцкай царквы, паступова сталі асноўнай сацыяльнай базай новай (уніяцкай) веры. Гэта тлумачыцца тым, што ва ўмовах уціску з боку маскоўскага праваслаўя і польскага каталіцызму народ выбіраў уніяцтва як царкву, найбольш адпавядаючую яго нацыянальна-культурным запатрабаванням. Ва ўніяцкай царкве шырэй, чым у праваслаўных і каталіцкіх храмах, выкарыстоўвалася беларуская мова. У цэлым жа пасля прыняцця царкоўнай уніі 1569 г. значна ўзмацнілася апалячванне беларускага насельніцтва. Не прайшло і стагоддзя, як было забаронена выкарыстане беларускай мовы ў многіх школах і ўсіх дзяржаўных установах (1651 г.).

Сацыяльна-эканамічнае развіццё Беларусі ў XVI—XVII стст., як грамадска-палітычнае жыццё, не адзначалася стабільнасцю. Сацыяльныя і рэлігійныя процістаянні, феадальня межусобіцы не спрыялі эканамічнаму росквіту беларускіх земляў. Правядзенне тут аграрнай рэформы ў другой палове XVI—першай палове XVII стст. прывяло да ўсталявання ў якасці вядучай формы феадальнага гаспадарання—фальварачна-паншчыннай сістэмы, канчатковага запрыгоньвання сялян і значнага павелічэння іх прыгонніцкага ўціску. Фарміраванне зямельных адносін у цэлым садзейнічала эканамічнаму ўздыму Беларусі і ўцягненню яе ў сістэму заходне-еўрапейскіх грашовых адносін.

У XVI— першай палове XVII стст. адбываўся працэс урбанізацыі беларускага грамадства—рост гарадоў і гарадскога насельніцтва, развіццё рамяства і гандлю. Купецтва беларускіх гарадоў вяло гандаль не толькі ў межах свайго краю, але і з Варшавай, Гданьскам, Рыгай, Кролеўцам (Кёнісберг, з 1946 г.—Калінінград), Ноўгарадам, Масквой, звязваючы такім чынам захад і ўсход Еўропы (Преображенский А.А., Перхавко В.Б. Купечество Руси, IX—XVII вв. Екатеринбург, 1997).

Характэрнай рысай перыяда другой паловы—пачатка XVII стст. з’яўляўся глыбокі эканамічны і палітычны крызіс Рэчы Паспалітай і ў тым ліку ўваходзіўшай у яе склад Беларусі. Галоўная прычына—разбуральныя наступствы ўнутраных канфліктаў, міжусобіц і войнаў.

У гэты час Беларусь стала арэнай войнаў між Рэччу Паспалітай і Маскоўскай дзяржавай. З аднаго боку Польшча жадала пашырыць каталіцкі ўплыў на Усход і нават стварыць пад сваёй эгідай вялікую славянскую дзяржаву, у склад якой увайшла б і Масква. З другога боку, Маскоўская дзяржава таксама імкнулася пашырыць свае ўладанні, абасноўваючы сваю палітыку выратаваннем праваслаўя ў заходніх землях і іх вызваленнем, паколькі, маўляў, раней яны ўваходзілі ў склад Кіеўскай Русі, спаткаемцам якой з’яўляецца Маскоўскае царства. Ад гэтага суперніцтва пакутвала найбольш Беларусь і яе насельніцтва.

У 1648—1651 гг. на тэрыторыі Беларусі ішла антыфеадальная вайна, якая разгарнулася ў сувязі з паўстаннем пад кіраўніцтвам Б. Хмяльніцкага на Украіне. Паўстанне за незалежнасць Украіны ад Рэчы Паспалітай ахапіла паўднёвыя і ўсходнія раёны Беларусі, у якіх казацка-сялянскія атрады змагаліся супраць шляхты, магнатаў, каталіцкага духавенства. Войскі Рэчы Паспалітай, пачаўшы ваенныя дэеянні па разгрому казацка-сялянскіх атрадаў рухаліся ад Брэста на Пінск, Мозыр, Рэчыцу, жорстка распраўляліся з паўстанцамі. Антыфеадальная вайна 1648—1651 гг. на Беларусі, якая з’яўляецца самай маштабнай узброенай барацьбой ніжніх слаёў беларускага грамадства супраць феадальнага гнёта, закончылася у 1653 г.

Аднак, спакой на беларускай зямлі быў нядоўгім. У 1654—1667 гг. яна апынулася ў эпіцэнтры вайны між Расіяй і Рэччу Паспалітай. На Беларусь увайшло 100-тыс. войска цара Аляксея Міхайлавіча. У 1655 г. царскія войскі захапілі Мінск, Вільню і занялі фактычна ўсю тэрыторыю Беларусі. У гэтай сітуацыі гетман Я. Радзівіл пайшоў на падпісанне ў Кейданах (20 кастрычніка 1655г.) міждзяржаўнай уніі ВКЛ са Шведскім каралеўствам. Рэалізацыя ўніі ВКЛ са Швецыяй не адбылася ў сувязі з нечаканай смерцю Я. Радзівіла. Умяшальніцтва Швецыі ў вайну супраць Рэчы Паспалітай прывяло да спынення ваенных дзеянняў у ВКЛ. Між Расіяй і Рэччу Паспалітай было падпісана перамір’е.

З 1658 г. на тэрыторыі Беларусі ўзнавіліся ваенныя дзеянні рэгулярных войск Рэчы Паспалітай і Расіі. Вайна знясіліла абедзве дзяржавы. У 1667 г. у в. Андросава (Андрусава, каля Мсціслаўя) было падпісана мірнае пагадненне, па якому Смаленскае і Чарнігаўскае ваяводствы, левабераговая Украіна і Кіеў адышлі да Расіі, а Беларусь і правабераговая Украіна засталіся ў складзе Рэчы Паспалітай.

Войны сярэдзіны XVII ст. былі нечуванай трагедыяй для Беларусі. Яны катастрафічна адбіліся на яе эканоміцы і дэмаграфічнай сітуацыі. Насельніцтва скарацілася больш, чым напалову (2.9 млн. да 1.4 млн. чалавек). Гарады і вёскі спалены, разрабаваны і разрушаны, больш паловы ворнай зямлі не апрацоўвалася, голад выклікаў эпідэміі.

На аднаўленне разбуранай гаспадаркі спатрэбілася больш двух дзесяцігоддзяў, калі насельніцтва дасягнула 2.2 млн. чалавек, ажывілася земляробства і жывёлагадоўля, рамёствы і гандлёвыя адносіны. Аднак пачаўшаяся ў XVIII ст. новая, Паўночная вайна (між Расіяй і Швецыяй, 1700—1721 гг.), якая зноў ахапіла Беларусь, прынесла народу новыя трагедыі. Развіццё Беларусі і ў XVIII ст. адбывалася ва ўмовах крызіса Рэчы Паспалітай.

Асноўныя паняцці і азначэнні

Абсалютызм, абсалютная манархія.

Адраджэнне (Рэнесанс).

Вестфальскі мір.

“Вялікая навуковая рэвалюцыя”.

Гуманізм.

Перадіндустрыяльная цывілізацыя.

Пратэстанцызм.

Рэфармацыя.

Рэч Паспалітая.

Уніяцтва.

Пытанні для самакантролю

  1. Вызначце паняцце «Новы час», яго сутнасць і храналагічныя рамкі.

  2. Якое значэнне для ўзвышэння Захлдняга свету мела Адраджэнне (Рэнесанс)?

  3. Назавіце адрозненні Рэфармацыі ў Беларусі ад заходнееўрапейскай?

  4. У чым заключаліся галоўныя прычыны аб’яднання ВКЛ і Каралеўства Польскага ў адзіную федэрацыю—Рэч Паспалітую?

  5. Чым вызначаліся ўзаемаадносіны Рэчы Паспалітай і Маскоўскай дзяржавы?

  6. У чым заключаліся прычыны і наступствы для Беларусі войнаў XVII ст.?

Літаратура

Бардах Ю., Леснодорский Б., Пиетрчак М. История государства и права Польши (пер. с польск.). М., 1980.

Бродель Ф. Материальная цивилизация. Экономика капитализма. XV—XVIII вв. (пер. с франц.). В 3 т. Т. 1. М., 1992.

Гісторыя Беларусі. 4.1. Мн., 2003.

Грыцкевіч А.П. Рэч Паспалітая//Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т. 6. Мн., 2001. С. 178-179.

История Европы. Т. 3. От средневековья к новому времени (конец XV—первая половина XVII в.). М., 1993.

Падокшын С.А. Унія. Дзяржаўнасць. Культура: (філасофска-гістарычны аналіз). Мн., 1998.

Сагановіч Г.М. Невядомая вайна, 1654—1667. Мн., 1995.

Ткачоў М.А. Замкі і людзі. Мн., 1991.

Уния в документах. Сб. док. и материалов/Сост. В.А. Те-плова. Мн., 1997.

Тэма VI. ВЕК АСВЕТНІЦТВА I БЕЛАРУСЬ (ХVIII ст.)

План:

  1. Крызіс «старога парадка» ў Еўропе. Асветніцтва – ідэалагічная перадумова новай эры.

  2. Сацыяльныя рэвалюцыі XVIII ст.

  3. Палітычны крызіс і падзелы Рэчы Паспалітай.

  4. Уплыў Асветніцтва на культуру Беларусі.

Метадычныя парады

1. Крызіс «старога парадка» ў Еўропе. Асветніцтва — ідэалагічная перадумова новай эры. Прыступаючы да асвятлення першага пытання, патрэбна адзначыць, што звычайна эпоха Новага часу звязваецца з зацвярджэннем буржуазных адносін у Заходней Еўропе. Аднак у гэты час адбываліся і іншыя глабальныя працэсы, якія ахапілі структуру цывілізацыі ў цэлым. Змены ў Заходняй Еўропе эпохі Новага часу азначалі цывілізацыйны зрух: крызіс «старога парадка» альбо разбурэнне традыцыйнай еўрапейскай цывілізацыі і зацвярджэнне новай цывілізацыі.

Мадэрнізацыя азначала зрухі ва ўсіх сферах жыцця грамадства: перамогу буржуазнай уласнасці над феадальнай, нацыі - над індывідуалізмам, асветніцтва - над забабонамі. У сувязі з секулярызацыяй (вызваленнем грамадскага і асабістага жыцця ад апекі рэлігіі і царквы) адбываліся змяненні і ў эмацыянальна - псіхапагічных устаноўках чалавека , яго менталітэце. Чалавек традыцыйнай цывілізацыі ўспрыймаў свет як штосьці нязменнае, існуючае згодна спрадвеку дадзенымі Богам законамі. У эпоху ж Новага часу чалавек лічыць магчымым пазнаць законы прыроды і грамадства і выкарыстоўваць іх адпаведна сваіх патрэбнасцей.

Мадэрнізацыя ахапіла таксама сферу дзяржаўных і міждзяржаўных адносін. У сферы ўнутрыдзяржаўных адносін крызіс «старога парадка » ў Еўропе выразіўся ў разлажэнні абсалютысцкіх рэжымаў, пры якіх манарху належала неабмежаваная вярхоўная ўлада. Што тычыцца міждзяржаўных стасункаў, то мадэрнізацыя заключалася ў сконе Вестфальскай сістэмы міжнародных адносін і ўзмацненні ў еўрапейскай палітыцы пазіцый Аўстрыі, Прусіі і Расіі:

- Аўстрыя стала адной з самых развітых у гандлёва -прамысловых адносінах дзяржаў Свяшчэннай Рымскай імперыі;

- Прусія, якая да сярэдзіны XVII ст. знаходзілася ў васальнай залежнасці ад Польшчы, хаця і адставала эканамічна ад Аўстрыі, аднак у XVIII ст. вылучылася ў якасці прэтэндэнта на роль палітычнага цэнтра сярод германскіх дзяржаў;

- Расія, у якой на рубяжы XVII - XVIII стст. пачаліся рэформы , звязаныя з іменем Пятра I (1682 - 1725гг.), хутка па колькасці насельніцтва перасягнула любую еўрапейскую дзяржаву , па тэрыторыі — нават былую Рымскую імперыю , а руская армія ў другой палове XVIII ст. перавысіла 300 тыс. чалавек і стала самай моцнай у Еўропе.

XVIII ст. адзначана фарміраваннем такіх дзяржаўных утварэнняў, як імперыі ( Брытанская імперыя, Расійская імперыя, Імперыя Габсбургаў).

Адначасова з фарміраваннем імперскіх утварэнняў ішоў працэс узмацнення еўрапейскай цывілізацыйнай экспансіі і пашырэнне каланіяльнай перыферыі . Асабліва ўзвысілася Англія .

Пасля вайны, якая атрымала назву «Вайна за іспанскую спадчыну» (1701 - 1714гг.) і ў якой прымалі ўдзел усе вядучыя еўрапейскія дзяржавы, Англія атрымала права на захоплены Гібралтар, што забяспечыла ёй кантроль за Сяродземнамор'ем, а таксама частку тэрыторыі Паўночнай Амерыкі, што азначала ператварэнне яе (Брытаніі) у буйнейшую каланіяльную дзяржаву света.

XVIII ст. - гэта час не толькі палітычных, але і вялікіх культурных зрухаў у жыцці народаў Еўропы і Амерыкі. Гэта стагоддзе ў гісторыі называюць эпохай Асветніцтва, якое стала асновай мадэрнізацыі ўсяго грамадскага жыцця ў новы час. Дзеячы эпохі Асветніцтва аставілі глыбокі след у філасофіі, навуцы, літаратуры, мастацтве і палітыцы. Імі быў распрацаваны новы светапогляд, які разнявольваў чалавечую душу, вызваляў яе ад сярэдневяковага традыцыяналізму.

Асветніцтва - гэта, па сутнасці, антыфеадальная, буржуазная ідэалогія перыяда станаўлення капіталізму. Ідэолагі эпохі Асветніцтва, адлюстроўваючы погляды і патрэбнасці буржуазіі ў яе барацьбе супраць феадалізма і яго духоўнай апоры - каталіцкай царквы, разглядалі розум як найбольш важную характарыстыку чалавека, прызванага пераўтварыць грамадства на разумных пачатках.

Асветнікі лічылі невуцтва, цемрашальства і рэлігійны фанатызм галоўнымі прычынамі чалавечых бед, выступалі супраць феадальна -абсалютысцкіх рэжымаў, за палітычную свабоду і грамадзянскую роўнасць. Імі была распрацавана тэорыя натуральных правоў і канцэпцыя грамадскага дагавора, заснаваная на перакананні аб рашаючай ролі розума і навукі ў пазнанні « грамадзянскага парадка», адпавядаючага прыродзе чалавека і грамадства.

Дзяржава, - як сцвярджаў англійскі асветнік Томас Гобс, - ёсць не што іншае, як дагавор між людзьмі. Яго суайчыннік Джон Лок абаснаваў ідэю лібералізма. У Германіі ідэі рашаючай ролі розума і навукі ў ператварэнні грамадства развівалі Гётэ, Гердэр, Лесінг, у Італіі - Віко, у ЗША - Джэферсон, Франклін, Пейн. У найбольш яркіх, класічных формах Асветніцтва праявілася ў Францыі.

Французскае Асветніцтва, буйнейшыми прадстаўнікамі якога былі Вальтэр, Русо, Мантэск'е, Гольбах, Гельвецый, Дзідро, аказала значны ўплыў не толькі на ўласную краіну, але і на іншыя краіны. Не выпадкова французская літаратура і французская мова зрабіліся моднымі ў Еўропе, а Францыя стала цэнтрам усяго еўрапейскага культурнага жыцця.

Шматстайнасць шляхоў развіцця і інтэрнацыянальны характар Асветніцтва зрабілі яго ўнікальнай лабараторыяй чалавечай думкі і прадвызначылі важную ролю ў разбурэнні «старога парадка», мадэрнізацыі грамадскага і духоўнага жыцця. Адным з вынікаў дзейнасці Асветніцтва з'явіўся пераход ў другой палове XVIII ст. шэрага краін ад абсалютнай, неабмежаванай манархіі да асветнага абсалютызма.

У чым жа заключаецца сутнасць і значэнне асветнага абсалютызма? Гэта палітыка абсалютызма ў шэрагу еўрапейскіх краін, якая выражалася ў пераўтварэнні «зверху» ( адукаваным манархам) найбольш устарэўшых феадальных інстытутаў - ліквідацыя некаторых саслоўных прывілей, змякчэнне цэнзуры, знішчэнне інквізіцыі, секулярызацыя царкоўнай маёмасці, падпарадкаванне царквы дзяржаве, рэформа школьнай адукацыі і г. д. У найболыпай меры праграма асветніцкага абсалютызма была ажыццёўлена ў Аўстрыі (Іосіфам II), Прусіі(Фрыдрыхам II), у Расіі (Кацярынай II - да пачатку 80-х гг. XVIII ст.) і некаторых іншых дзяржавах.

Палітыка асветнага абсалютызма мела важнае значэнне для павышэння ўзроўня адукацыі, увядзенні прынцыпа свабоды сумлення, стварэнні роўнага для ўсіх грамадзянскага права, што азначала падрыў пануючага становішча старых, землеўласніцкіх класаў і ўмацаванне пазіцый трэцяга саслоўя - буржуазіі. Аднак палітыка асветнага абсалютызма не магла вырашыць кардынальна ўсе праблемы ў грамадстве. Вялікая французская рэвалюцыя прыдала большы дынамізм гістарычнаму працэсу і паказала, што дэспатызм у асветнай альбо неасветнай форме аджыў свой час, што залог будучага росквіту еўрапейская буржуазія бачыла ў вызваленні ад абсалютызма.

Такім чынам, XVIII ст. стала векам прамежкавым, падрыхтоўкай для гістарычных працэсаў, якія развярнуліся ў наступны перыяд. Барацьба між буржуазіяй і землеўладальнікамі не была закончана, яе завяршыла наступнае пакаленне.

2. Сацыяльныя рэвалюцыі XVIII ст. Новы час - гэта эпоха сацыяльных рэвалюцый, усвядомленых спробаў гвалтоўна (сілай) пераўтварыць грамадскае жыццё. Важнай вехай у гэтай барацьбе стала вайна за незалежнасць іўтварэнне Злучаных Штатаў Амерыкі.

У ходзе вайны за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы (1773-1785гт.) была дасягнута перамога амерыканскіх каланістаў над англійскімі каланізатарамі і ўтворана незалежная дзяржава - ЗША. 4 чэрвеня 1776 г. у Філадэлфіі Генеральны кангрэс прыняў Дэкларацыю незалежнасці, складзеную дзеячам Асветніцтва Томасам Джэферсанам. 17 верасня 1787 г. была прынята (ўпершыню ў свеце) Канстытуцыя. Згодна яе створаная федэрацыйная дзяржава стала іменавацца ЗША, заканадаўчую ўладу атрымаў Кангрэс (дзве палаты - Палата дэпутатаў і верхняя - Сенат), а ўсёй паўнатой выканаўчай улады быў надзелены прэзідэнт (першым стаў Джордж Вашынгтон).

Рашуча пакончыла з феадальна - абсалютысцкай сістэмай Вялікая французская рэвалюцыя (1789-1799 гг.). Дэпутаты ад трэцяга саслоўя (купцы, рамеснікі, буржуазія і рабочыя) 17 чэрвеня 1789 г. абвясцілі сябе Нацыянальным сходам, а 9 ліпеня - Устаноўчым сходам. Спроба разгона Устаноўчага схода выклікала народнае паўстанне: штурм Бастыліі 14 ліпеня 1789 г. з'явіўся пачаткам рэвалюцыі. У жніўні была прынята Дэкларацыя правоў чалавека і грамадзяніна, якая адмяніла саслоўныя адрозненні і абвясціла роўнасць усіх грамадзян перад законам, а таксама свабоду слова, друку, перамяшчэнняў, недатыкальнасць асобы.

У 1791 г. Устаноўчы сход прыняў Канстытуцыю, па якой Францыя стала канстытуцыйнай манархіяй. У наступным годзе манархія была ліквідавана (кароль гільяціраваны) і ўстаноўлена рэспубліканская форма кіравання. Паўстанне ў маі - чэрвені 1793 г. прывяло да ўстанаўлення дыктатуры якабінцаў — радыкальнай часткі буржуазіі.

Урад якабінцаў, мабілізаваўшы народ, забяспечыў перамогу над уварваўшыміся ў Францыю войскамі Прусіі, Аўстрыі і іншых дзяржаў, радыкальна выраодыў аграрнае пытанне. Аднак тэрор якабінцаў падарваў іх сацыяльную базу. Пераварот 1794 г. звергнуў якабінскую дыктатуру. Улада сканцэнтравалася ў руках буйной буржуазіі. Быў устаноўлены рэжым Дырэкторыі. Прыхільнікі аднаўлення старых

парадкаў зрабілі спробу падняць паўстанне, якое было падаўлена генералам Напалеонам.

18 брумера (9 дістапада) 1799 г. сам Напалеон здзейсніў дзяржаўны пераварот і стаў адзінаасобным правіцелем (спачатку консулам, потым пажыццёвым консулам, а з 1804 г. - імператарам). Такім чынам, пераваротам 1799 г. французская рэвалюцыя закончылася.

Яшчэ ў гады рэвалюцыі Францыя стала на шлях ваеннай экспансіі: у 1792-1795гг. ёю была заваёвана Бельгія і Галандыя, у 1796-1797гг. -здзейснены італьянскі паход, у 1797 — атрыманы тэрыторыі ад Аўстрыі, у 1798 г. - далучаны некаторыя швейцарскія кантоны, у 1798-1801 гг. -здзейснена экспедыцыя ў Егіпет. У пачатку XIX ст. Францыя ператварылася ў буйнейшую дзяржаву света.

3. Палітычны крызіс і падзелы Рэчы Паспалітай. Рэч Паспалітая, у складзе якой знаходзіліся беларускія землі, у XVIII ст. апынулася ў стане палітычнага крызіса, альбо «найвялікшай анархіі» (Доўнар -Запольскі М. В. Гісторыя Беларусі. Мн., 1994. с. 238). У чым жа праяўляўся гэты крызіс і як ён быў абумоўлены?

Па - першае, формы дзяржаўнага ладу РП, традыцыйныя для сярэдневякоўя, зжылі свой час і прынялі пачварны выгляд . У ёй фактычна знікла цэнтралізаванае ўпраўленне, амаль ўся ўлада перайшла ў рукі шляхты. Улада караля і вялікага князя абмяжоўвалася рашэннямі законадаўчага органа - сейма, у дзейнасці якога выкарыстоўвалася права ліберум вета (ад лац. liberum vеtо - не дазваляю; выражалася ў выкрыку сеймавага дэпутата, што вяло да спынення пасяджэння сейма і адмены ўсіх прынятых на ім пастаноў). Гэта прывяло да таго, што за перыяд з 1652 да 1764г. былі сарваны 44 сеймы з 80. Да таго ж можна дадаць, што шляхта складала да 10% усяго насельніцтва краіны, што перавышала адпаведныя паказчыкі іншых еўрапейскіх дзяржаў (у Францыі, напрыклад, ён складаў каля 1% ). У выніку РП ператварылася ў своеасаблівую «шляхецкую» рэспубліку.

Па - другое, стан крызісу і анархіі ўзмацняўся барацьбой за ўладу паміж магнацкімі групоўкамі (Сапегі спачатку падтрымлівалі караля, потым - змагаліся супраць яго; Радзівілы займалі то прашведскую пазіцыю, то прабрандэрбургскую, потым - прафранцузскую; Пацы -прааўстрыйскую; Чартарыйскія - прарускую і г. д.).

Па - трэцяе, усугубляі эканамічныя цяжкасці і аслаблялі дзяржаву працяглыя войны. Нагадаем вайну 1648-1667гг, Паўночную вайну (1700-1721гг.). Замежныя войскі бесперапынна акупіравалі тэрыторыю краіны, альбо праходзілі праз яе, несучы страты і пакуты насельніцтву.

Па - чацвёртае, фактарам нестабільнасці было ўзмацненне сацыяльна-феадальнага і нацыянальна-рэлігійнага прыгнёту. Дастаткова назваць пастанову сейма 1697 г. аб забароне беларускай мовы, якая была 400 гадоў дзяржаўнай мовай у ВКЛ, альбо пастанову 1699 г. аб забароне выбіраць праваслаўных у органы самакіравання.

Узмацненне феадальна - прыгонніцкіх парадкаў і нацыянальна - рэлігійны прыгнёт выклікала непрыяцце і супраціўленне народных мас Беларусі і, у прыватнасці, сялянскія ўзброеныя выступленні ў Крычаўскім старостве (1740-1749гг.). Адначасова палітыка «шляхецкай» рэспублікі, яе феадальнай знаці і каталіцкай царквы стварала аб'ектыўныя перадумовы Расіі для ўмяшання ва ўнутраныя справы РП і давала падставы выступаць у ролі абаронцы праваслаўных братоў - беларусаў.

Пры вывучэнні пытання аб падзелах РП патрэбна адзначыць, што ўзмацненне яе ўнутранага крызіса прывяло да актывізацыі ўмяшання замежных дзяржаў. У 1763 г. памёр кароль Рэчы Паспалітай Аўгуст II. Разгарнулася барацьба паміж феадальнымі групоўкамі, якія імкнуліся атрымаць падтрымку звонку. Пры падтрымцы Расіі (урада Кацярыны II) сейм Рэчы Паспалітай у 1764 г. выбраў каралём Станіслава Панятоўскага (які кіраваў пад іменем Аўгуста IV). Аднак палітыка рэформ, якую пачаў праводзіць Аўгуст IV і партыя (групоўка) Чартарыйскіх, выклікала незадаволенасць з боку Расіі і саюзнай з ёй Прусіі, якіх задавальняў слабы сусед. У 1772 г. у Санкт - Пецярбургу была падпісана канвенцыя аб першым падзеле РП між Расіяй, Аўстрыяй і Прусіяй:

- да Расіі адыйшла ўсходняя частка Беларусі ад Заходняй Дзвіны і Дняпра з гарадамі Полацк, Віцебск, Магілёў, Рагачоў, Гомель;

- Прусія атрымала паўночна - заходнія землі Польшчы;

- Аўстрыя - паўднёвую частку.

Трагедыя падзела дзяржавы падштурхнула патрыятычныя колы РП дзейнічаць больш актыўна і правесці шэраг рэформаў, накіраваных на ўмацаванне ўлады, а 3 мая 1791 г. сейм зацвердзіў Канстытуцыю, распрацаваную пад уплывам ідэй французскай буржуазнай рэвалюцыі (Вішнеўскі А. Ф. , Юхо Я. А. Гісторыя дзяржавы і права Беларусі ў дакументах і матэрыялах. Мн. , 1998).

Супраць рэформаў і Канстытуцыі адзіным фронтам выступілі рэакцыйныя колы магнатаў, шляхты, каталіцкая царква і суседнія

феадальныя дзяржавы. У 1793 г. Расія і Прусія здзейснілі другі падзел Рэчы Паспалітай:

- У склад Расіі ўвайшлі цэнтральная частка Беларусі з Мінскам і правабярэжная Украіна;

- Прусія захапіла Гданьск, Торунь, амаль усю Вялікую Польшчу, частку Мазовіі.

У адказ на другі падзел у 1794 г. адбылося паўстанне, якое ўзначаліў Тадэвуш Касцюшка. Мэтамі паўстання, якое ахапіла і частку Беларусі, з'яўляліся: нацыянальнае вызваленне, прадаўжэнне рэформаў і аднаўленне РП у межах 1772 г. У барацьбе з паўстанцамі прынялі ўдзел узброеныя сілы Аўстрыі, Прусіі і Расіі. Паўстанне было падаўлена. 9лістапада 1794 г. перад царскім войскамі на чале з А.В. Суворавым капітуліравала Варшава.

У 1795 г. між Расіяй, Аўстрыяй і Прусіяй была падпісана канвенцыя аб трэцім падзеле РП:

- у склад Расіі ўвайшла заходняя частка Беларусі (за выключэннем Беластоцкай вобласці, якая да 1807 г. знаходзілася пад уладай Прусіі);

- Аўстрыя ўзяла частку Люблінскага, Кракаўскага і Холмскага ваяводстваў;

- Прусія захапіла астатнюю частку польскіх зямель. У выніку трох падзелаў Рэч Паспалітая і абедзве дзяржавы ў яе складзе - ВКЛ і Польшча спынілі сваё дзяржаўнае існаванне. Рэч Паспалітая аказалася ахвярай перш за ўсё недальнабачнасці, карысталюбства і прамога здрадніцтва сваёй палітычнай эліты, а таксама экспансіянісцкай палітыкі суседніх дзяржаў.

4. Уплыў Асветніцтва на культуру Беларусі. Раскрываючы ўплыў Асветніцтва на культуру Беларусі, патрэбна адзначыць, што ў кожнай краіне яно мела свае асаблівасці, якія адпавядалі ўзроўню развіцця грамадства і сацыяльна-экаманамічных адносін.

У Беларусі Асветніцтва, як антыфеадальнае і буржуазнае па сваёй сутнасці ідэалогія, атрымала распаўсюджанне некалькі пазней, чым у Галандыі, Англіі, Францыі і некаторых заходнееўрапейскіх краінах - у другой палове XVIII - пачатку XIX стст. Хаця і на этапе ранняга Асветніцтва (ў 40-я гг.) супраць кансерватыўных сіл у Беларусі выступалі такія асветнікі - рэфарматары, як Антоні Тызенгауз, Мацей Бутрымовіч, а найбольш раннія вытокі беларускага Асветніцтва ідуць ад творчасці прагрэсіўных мысліцеляў канца XVII - пачатку XVIII стст. Сімяона Полацкага, Ільі Капіевіча, Казіміра Лышчынскага.

Другой асаблівасцю Асветніцтва на Беларусі было тое, што носьбітам асветніцкіх ідэй у сувязі са слабым , у параўнанні з заходнімі дзяржавамі развіццём буржуазных адносін выступала не буржуазія, а шляхта і нават духавенства (Г. Каніскі. Ф. Пракаповіч). Яшчэ адной рысай беларускага Асветніцтва з'яўляецца засяроджанасць на адлюстраванні бытавых і этнічных умоў жыцця класаў і сацыяльных груп свайго краю, праблемы аўтаномнасці і адносін да Рэчы Паспалітай і Расіі, беражнага захоўвання духоўнай спадчыны мінулага, талерантнага суіснавання розных пдастоў у нацыянальнай культуры (Дорошевич Э. К. Философия эпохи просвещения в Белоруссии. Мн. 1997; Мальдзіс А. I. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн. , 1980).

У апошнюю трэць XVIII ст. агульнапалітычны ўздым ахапіў мясцовую шляхту і гараджан, што садзейнічала развіццю і больш шырокаму распаўсюджванню дэмакратычных ідэалаў, барацьбе супраць феадальна - арыстакратычнай і каталіцкай рэакцыі. На хвалі Асветніцтва ішла секулярызацыя грамадскай свядомасці і пашырэнне рэлігійнага скептыцызму, на змену забабоннасці прыходзіць культ розуму.

Пераход да ўласна асветніцкіх канцэпцый у сістэме гістарычных ведаў ярка праявіўся у творчасці асветніка, заснавальніка цэлай школы ў гістарыяграфіі і паэта Адама Нарушэвіча (1733-1796 гт.), які галоўную ролю ў гістарычным працэсе адводзіў чалавечаму розуму (Кrolikowska М. Szkola naruzewichowska, Warshava, 1989). У рэчышчы тэорыі «натуральнага права» развіваў ідэі беларускі асветнік Т. Млоцкі. Пры гэтым ён крытычна ставіўся да тэзіса Т. Гобса аб рашаючай ролі сілы ў грамадскім развіцці, а збліжаўся з тэорыяй «грамадскага дагавора » Ж.-Ж. Русо.

Для пашырэння ідэй Асветніцтва на Беларусі вялікае значэнне мела дзейнасць Адукацыйнай камісіі установа па кіраўніцтву народнай асветай у Рэчы Паспалітай (першая падобнага роду з'ява у Еўропе). Адукацыйная камісія ажыцяўляла кантроль над Галоўнай школай ВКЛ (пазней - Віленскі універсітэт), адкрыла акруговыя школы ў Брэсце, Гродне і Навагрудку, якія курыравалі падакруговыя школы ў Мінску, Жыровічах, Пінску, Ваўкавыску, Лідзе, Бабруйску, Нясвіжы і інш. (Асвета і педагагічная думка ў Беларусі: Са старажытных часоў да 1917 г. Мн. , 1985).

3 ідэалогіяй Асветніцтва на Беларусі у пачатку XIX ст. былі цесна звязаны філаматы і філарэты - удзельнікі «Таварыства філаматаў» (аматары навукі, тайная арганізацыя ў Віленскім універсітэце) і «Таварыства філарэтаў» (аматары дабрачыннасці, тайная арганізацыя ў Полацкім вышэйшым духоўным вучылішчы). Галоўнае месца ў сваёй дзейнасці яны адводзілі прапагандзе сярод моладзі ідэй роўнасці і свабоды, крытыцы самадзяржаўя і ліквідацыі прыгоннага права ў Расіі.

Такім чынам, Асветніцтва мела шматнацыянальны характар і адыграла важную ролю ў разбурэнні «старога парадку» і развіцці еўрапейскай цывілізацыі Новага часу.

Асноўныя паняцці і азначэнні

Асветніцтва, асветны абсалютызм.

Канстытуцыя, Канстытуцыя ЗША, Канстытуцыя РП, Канстытуцыя Францыі.

Лібералізм.

Ліберум вета.

Мадэрнізацыя грамадскага жыцця.

Сацыяльная рэвалюцыя.

Філаматы, філарэты.

Шляхецкая рэспубліка.

Пытанні для самакантролю

  1. У чым праявіўся крызіс «старога парадку» ў Еўропе і мадэрнізацыя грамадскага жыцця ў XVIII ст.?

  2. Ахарактарызуйце значэнне сацыяльных рэвалюцый у Паўночнай Амерыцы і Францыі.

  3. Якія ўнутраныя і знешнія фактары абумовілі палітычны крызіс Рэчы Паспалітай?

  4. У чым заключаецца гістарычнае значэнне Канстытуцыі 3 мая 1794г.?

  5. Якія асаблівасці мела Асветніцтва ў Беларусі і што агульнае ў дзейнасці асветнікаў розных краін і народаў?

Літаратура

Арлоў У., Сагановіч Г. Дзесяць вякоў беларускай гісторыі (862-1918). Вільня, 1999.

Асвета і педагагічная думка ў Беларусі : Са старажытных часоў да 1917г. Мн., 1985г.

Бродель Ф. Материальная цивилизация, экономика и капитализм. XV- XVIII вв. Время мира. М. , 1992.

Гісторыя Беларусі; у 2ч. ч.І. Мн., 2003.

Грыцкевіч А.П. Рэч Паспалітая // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т. 6. Мн., 2001. С. 178-179.

Емельянчык У. Паланез для касіянераў. 3 падзей паўстання 1794г. пад кіраўніцтвам Касцюшкі ў Беларусі. Мн., 1994.

Крестьянство Европы в период разложения феодолизма и зарождения капиталистических отношений. М., 1986.

Мелешко В. Н. Классовая борьба в белорусской деревне во второй половине XVII - XVIII в. Мн., 1992.

Общественно-политическая мысль европейского Просвещения/Под ред. Н.М. Мещеряковой. М., 2002.

Новая история стран Европы и Америки. Второй период. М., 1998.

Юхо Я. А. Кароткі нарыс гісторыі дзяржавы і права Беларусі. Мн., 1992.

Яковец Ю. В. История цивилизаций. М., 1997.

Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т. 6. Мн., 2001. С. 178-179.