Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
ТРОПЫ.doc
Скачиваний:
28
Добавлен:
15.09.2019
Размер:
120.32 Кб
Скачать

Сінекдаха

Адным з відаў метаніміі з’яўляецца с і н е к д а х а (грэч. synecdoche ‘суаднесенасць’). Гэты троп заснаваны на ўжыванні назвы часткі замест цэлага, замене множнага ліку адзіночным, агульнага (родавага) прыватным (відавым) і наадварот. Пры гэтым утвараецца прадметная пара, члены якой знаходзяцца ў пэўных колькасных адносінах. Можна адзначыць некалькі выпадкаў такіх адносін:

1) назвы частак цела чалавека ўжываюцца са значэннем ‘чалавек’: Дзве рукі ў паласатых рукавах моўчкі забралі міску і лыжку. (Я. Брыль);

2) адзіночны лік можа ўжывацца замест множнага і наадварот: Ваявалі. Хацелі выжыць. Каб выжыць, і немца білі – ён жа знішчыць усіх хацеў, немец. (Т. Бондар) Якія толькі стагоддзі цябе не хрысцілі ў сваіх Дняпрах, а ты язычнікам так і застаўся. Човен. (Р. Барадулін);

3) назва адзення ўжываецца замест назвы чалавека: А Галыга да сярмягі зварачаецца з смяшком: “Ну, што скажа пан музыка, саматужны мой Шапен?” (Я. Колас) Паварочваю галаву ў бок паралонавых куртачак, але яны ўжо згрудзіліся на лаўцы, зліўшыся ў адну чырвоную пляміну. (Т. Бондар);

4) назва агульнага (родавага) паняцця пераносіцца на прыватнае (відавое) і наадварот: -- Дзе ружжо? Падавай яго сюды, мярзавец! – крычыць начальства і нагамі тупае. (Я. Колас) Вечарамі засаўка тая даволі часта прыпаднімалася, і ўлада – гер вахман, калі быў цвярозы, зіркаў адтуль на сваіх падначаленых. (Я. Брыль)

Сінекдаха – экспрэсіўны моўны сродак, які ў пераважнай ступені адлюстроўвае індывідуальнае майстэрства, заўсёды арыгінальны і эфектны.

Параўнанне

У беларускіх літаратурных творах параўнанне — шырокаўжывальны троп. Гэта адзін з моўных сродкаў, з дапамогай якога дасягаецца трапная характарыстыка якіх-небудзь прадметаў, з'яў ці ствараецца яркі запамінальны вобраз. Параўнанне, у адрозненне ад іншых выяўленчых адзінак, мае больш свабодную спалучальнасць кампанентаў. Такая асаблівасць гэтага тропа дае мастаку слова прастор для творчай ініцыятывы пры вобразнай характарыстыцы таго ці іншага аб'екта. Даследчыкі мовы сведчаць, што параўнанне, удала знойдзенае таленавітым пісьменнікам, здольна не менш паэтычна, чым метафара, перадаць пачуцці, думкі, перажыванні. Яно дапамагае зрабіць малюнак па-мастацку дакладным, наглядным, жывапісным. Галоўнае, каб не была сумніўнай натуральнасць вобразнай характарыстыкі, якую нясе параўнанне, каб троп адпавядаў той ідэйнай задуме, што рэалізуецца пісьменнікам у творы. «Адзіная мэта, з якой павінны ўжывацца параўнанні,— гэта каб невядомае або нябачнае паказаць увачавідкі, не кажучы шмат аб з'яве, адлюстраваць яе яскрава, запамінальна» [62, с. 12].

Параўнанне звычайна заснавана на супастаўленні двух кампанентаў (аб'екта і суб'екта параўнання) па іх падабенстве: А там за возерам, як струнка, пралегла роўненька чыгунка. (Я. Колас) Цяпер ён (Міця) пабег у лезнявіцкі шчытнік -- зірнуць, ці не выскачылі з-пад слізкае кастрыцы жоўценькія, як кветкі, лісіцы. (В. Адамчык) У прыведзеных прыкладах суб'екты параўнання (словы чыгунка і лісіцы) збліжаюцца з аб'ектамі (словы струнка і кветкі) па тым падабенстве, якое выражана словамі роўненька і жоўценькія. У выніку спалучэння гэтых кампанентаў параўнання ствараецца мастацкі вобраз, які дапамагае больш выразна перадаць змест выказвання.

У залежнасці ад сродкаў сувязі параўнанні падзяляюцца на злучнікавыя і бяззлучнікавыя. Найбольш пашыраныя злучнікавыя параўнанні. Яны афармляюцца пры дапамозе злучнікаў як, нібы, быццам, бы, нібыта, быццам бы, што, чым, як бы і інш. Злучнікі пры гэтым выконваюць ролю фармальнага паказчыка тропа і выражаюць пэўныя сэнсава-граматычныя адносіны паміж суб'ектам і аб'ектам. Напрыклад, параўнанні са злучнікам як выражаюць супастаўленне суб'екта і аб'екта на аснове сцвярджальнага характару іх падабенства, г. зн., што катэгарычнасць яго не выклікае сумнення ў свядомасці чытача: Пад столлю вялізнай залы гучала мяккая, як ручаіна, пявучая, як голас птушкі, гнуткая і цвёрдая адначасова, лаканічная мова. (У. Караткевіч) ...бегла вузкая, двум вазам не размінуцца, затравелая вулачка, засыпаная дрыготкім, як тапалёвы пух, сняжком. (В. Адамчык) Параўнанні са злучнікам як у беларускіх літаратурных творах найбольш ужывальныя. Блізкі па сэнсавым адценні да злучніка як у структуры параўнання злучнік што. Тропы з гэтым злучнікам таксама сцвярджальнага характару: Пакрышанае дрэва паляжа на дол цвёрдае, што камень, і белае, як сыр. (I. Пташнікаў) Міця ўчуў, як дрогкі, сліз-каваты, што смоўж, холад падкрадваецца і да яго душы. (В. Адамчык) У мове твораў параўнанні са злучнікам што сустракаюцца рэдка.

У параўнаннях са злучнікамі нібы, нібыта, быццам, быццам бы і інш. выразна не выяўляецца катэгарычнасць падабенства, яно выражаецца з адценнем меркавання, няпэўнасці: Згусціліся сілы магутных вод, і сыплюцца кроплі дажджу, нібы шрот. (Я. Журба) ...лісцікі на дрэвах, абсыпаныя расой, ззялі, быццам зялёныя шкельцы. (В. Хомчанка) Дубы былі выносныя, стройныя, бы точаныя. (Я. Колас)

Сярод бяззлучнікавых параўнанняў часцей сустракаецца творны склон назоўніка (аб'ект параўнання) з пераносным значэннем, які адначасова абазначае якасць дзеяння суб'екта і яго метафарычную характарыстыку. Сродкам сувязі паміж суб'ектам і аб'ектам т в о р н а г а п а р а ў н а н н я выступае дзеяслоў. Назоўнік творнага склону прымыкае да дзеяслова і ў залежнасці ад яго семантыкі стварае вобразную характарыстыку суб'екта параўнання: І панскі дом з ласіным рогам на Міхася глядзеў астрогам. (Я. Колас) Над вуліцай цёмна-сіняй дарогай плыло, усыпанае ядранымі і мігатліва-калючымі зоркамі, нізкае неба. (В. Адамчык) Творны параўнання, выконваючы ў сказе ролю акалічнасці, сінанімічны параўнальнаму звароту, таму яго можна замяніць апошнім: Мяккім пылком асеў на твары снег. (У. Караткевіч) – снег, як мяккі пылок, асеў на твары.

Адным з тыпаў творнага параўнання, які пашыраны ў мове мастацкай літаратуры, з'яўляецца т в о р н ы а б а р а ч э н н я, пры дапамозе якога вобразная характарыстыка чалавека дасягаецца праз параўнанне з жывой прыродай, часцей з жывёламі і птушкамі: Ваўчком Алёнка пазірае, яе тут Зося абнімае. (Я. Колас) Але Камашыла... стаяў ужо за брамкаю. Нарэшце разгледзеўшы Чэсю, узняўся мядзведзем і распасцёр рукі. (В. Адамчык) Творны абарачэння, як і ўвасабленне,— самы старажытны троп, бо ў ім увасобілася такая рыса мыслення нашых продкаў, як татэмізм.

ЭПІТЭТ

Як і папярэднія тропы, эпітэт (грэч. epitheton ‘прыдатак’) таксама валодае высокай мастацкай выяўленчасцю, значна ўзмацняе вобразнасць мовы твора, надае ёй паэтычную непаўторнасць. Эпітэт — гэта азначэнне, якое метафарычна характарызуе, ацэньвае прадметы ці з'явы: Ночкай зоры глядзяць залатыя. (Я. Купала) Даўно абляцелі дрэвы, даўно стала жалезнай гразь на палявых дарогах, а снегу ўсё не было. (У. Караткевіч)

Функцыі эпітэтаў найчасцей выконваюць:

прыметнікі: Зялёныя сосны з медзянымі стваламі стройна цягнуцца ўвысь. (В. Іпатава) Малочна-залацістае святло палілося на цёмную раку. (Л. Дайнека);

дзеепрыметнікі: Ігумен выйшаў на мур і ўбачыў проста перад брамай расхрыстанага пана з ашклянелымі вачыма. (У. Караткевіч);

прыслоўі: Цёмная вада пяшчотна казытала шчокі. (Л. Дайнека);

прыдаткі, выражаныя адзіночнымі назоўнікамі: Я кожны дзень бяруся за пяро і прылятаюць думы-пчолы. (К. Буйло)

Да эпітэтаў не адносяцца так званыя лагічныя, бязвобразныя азначэнні, што называюць «такую прымету прадмета, якая адрознівае яго ад іншых, такіх самых прадметаў. Эпітэт жа ацэньвае, характарызуе прадмет, выражае адносіны аўтара да яго» [10, с. 3 — 4]. Напрыклад, у сказе Па адзін бок дарогі стаялі больш ёлкі, але такія цёмныя і панурыя, што нічога добрага не казалі майму сэрцу (Я. Колас) слова цёмныя ўжыта з прамым значэннем, панурыя — з пераносным; значыць, першае — лагічнае азначэнне, другое — эпітэт.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]