Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
ТРОПЫ.doc
Скачиваний:
28
Добавлен:
15.09.2019
Размер:
120.32 Кб
Скачать

Стылістычныя рэсурсы лексікі

У сістэме моўных сродкаў слова адыгрывае асаблівую ролю. Багацце, разнастайнасць лексікі сведчыць аб невычэрпных магчымасцях для перадачы самых вытанчаных адценняў. Слова з’яўляецца надзейным сродкам пазнання ўсіх цудаў свету. Без слоў чалавек не змог бы спасцігнуць сутнасці прадметаў і з’яў рэчаіснасці, успрыняць і асэнсаваць вопыт мінулых пакаленняў, набытых ва ўсіх сферах жыцця і дзейнасці чалавецтва за шматвяковую гісторыю яго існавання, не здолеў бы свае веды і вопыт перадаць нашчадкам, якім суджана ісці далей, адкрываючы і асэнсоўваючы новае, яшчэ нязведанае, неспазнанае. І ўсё гэта зноў адаб’ецца ў слове, бо для таго, што будзе яшчэ адкрыта і вывучана, знойдуцца ў мове новыя словы, якія адлюструюць узровень пазнання людзей на новай ступені развіцця цывілізацыі [24, с. 3]. Вядучая роля слова ў сістэме моўных сродкаў вызначае яго месца ў стылістыцы мовы: слова з’яўляецца асноўнай стылістычнай адзінкай. Лексічная стылістыка вывучае лексічныя сродкі мовы, даючы ацэнку выкарыстання слова ў кантэксце і выпрацоўваючы рэкамендацыі нарматыўнага словаўжывання ў розных функцыянальных стылях.

Выкарыстоўваючы дасягненні сучаснай семасіялогіі, лексічная стылістыка даследуе слова ва ўсёй разнастайнасці сістэмных сувязей, якія існуюць у мове. Слова вывучаецца ў стылістыцы не толькі ў намінатыўнай, але і эстэтычнай функцыі. Такі падыход вылучае на першы план аналіз лексічных выяўленчых сродкаў мовы – тропаў. У той жа час асаблівая ўвага звяртаецца на моўную характарыстыку сінонімаў, амонімаў, паронімаў, антонімаў, якія з’яўляюцца сродкам найбольш дакладнай перадачы інфармацыі. У цэнтры ўвагі лексічнай стылістыкі таксама знаходзяцца словы абмежаванага выкарыстання, ацэнка ўстарэлых слоў і неалагізмаў, аналіз ужывання запазычаных слоў.

Лексічныя выяўленчыя сродкі Азначэнне тропа

Кожны мастацкі твор -- гэта мысленне вобразамі, якое дасягаецца пры дапамозе тропаў (грэч. tropos ‘паварот, зварот, вобраз’)— слоў, ужытых у пераносным значэнні. Вобразныя сродкі мовы ў літаратуры – ці не самая асноўная яе вартасць. Яны робяць тэкст твора жывапісным, эмацыянальна насычаным, дапамагаюць па-мастацку выразна перадаць найтанчэйшыя адценні думкі і пачуцця. «Ідэал кожнага літаратурнага твора — вобразна-мастацкая мова. Менавіта яна, выяўляючы спецыфіку мастацкіх твораў, з'яўляючыся важным канструктыўным элементам арганізацыі тэксту, адрознівае паэзію і прозу ад навуковых твораў, дакументальна-канцылярскай перапіскі» [13, с. 93].

У беларускай мастацкай літаратуры троп як сродак вобразнасці – найбольш пашыраная лексіка-семантычная адзінка мовы. Для прыкладу прывядзём урывак з рамана Вячаслава Адамчыка «Чужая бацькаўшчына»:

Нарваўшы змену пагоды, сцішэў, улёгся вецер. I з сівага, трохі жаўтлявага, нахмуранага неба дробнаю маннаю зацерушыўся снег. Зашоргаў па сухім, сатлелым каля плота лісці, жвіраватым пяском сек па платах і сценах будынкаў. Потым, пагусцеўшы, закурыў, як пытляванаю мукою, лёгкія ўчарсцвелыя сцежкі, насеяўся ў грывы чырванаватай травы, пабяліў на старых, даўно не перакрываных стрэхах карычневы падсушаны мох, абвеяў з аднаго боку тоўстыя камлі дрэў, шарыя з аблушчанаю карою жэрдкі ў плоце.

...Сярод ночы пачало падмарожваць снег зрадзеў і сеяўся, як праз сіта, сухі і лёгкі. Ціха асядаў упоцемку, шапацеў, нібы праз сон.

За ноч патаўсцелі ўсланыя гэтым лёгкім пухам тонкія старыя стрэхі гумнаў і хат. Высокімі ганарыстымі каўпакамі снег сядзеў на рассохлых слупках у плоце, белымі вужамі выкруціўся на тоўстых суках дрэў, пухкаю ватаю начапляўся на калючы дрот, белым вывернутым кажухом накрыў падвязаны куст божага дрэўца ў гародчыку.

Прыведзены тэкст уражвае метафарычнай мовай, багатай асацыятыўнасцю. Тропы надаюць яму паэтычную яркасць, мастацкую арыгінальнасць пры адлюстраванні, здавалася б, на першы погляд, звычайнай, будзённай з'явы — надыходу зімы.

Як ужо адзначалася, працэс трапеізацыі заснаваны на пераносным значэнні слова, што ўзнікае ў выніку пераносу назвы аднаго прадмета ці з'явы на іншыя на аснове агульнасці іх прымет. Дзякуючы пазіцыі прамое – пераноснае значэнне сілкуецца вобразная энергія тропа.

Паводле ўжывання тропы падзяляюцца на моўныя і маўленчыя.

М о ў н ы я — гэта тропы, якія стала ўжываюцца ў мастацкіх творах, з'яўляюцца тыповымі для многіх майстроў слова. Напрыклад, агульнаўжывальным у беларускім прыгожым пісьменстве з'яўляецца эпітэт, выражаны лексемай тугі, да слова вецер: 3аплюшчу вочы з касачамі насустрач любая ідзе, Яе, нібы скульптуру, лепяць тугія, сінія вятры. (С. Грахоўскі) Алесі прыгануўся ўчарашні вечар з гэтым лядовым і тугім, як вада ў рэчцы, ветрам. (В. Адамчык)

М а ў л е н ч ы я тропы — гэта індывідуальна-аўтарскія семантычныя неалагізмы, якія ўзнікаюць у мове асобнага пісьменніка як вынік свядомага парушэння межаў агульнапрынятай практыкі ўжывання слоў ці выразаў, абумоўленага своеасаблівым бачаннем прадметаў і з'яў рэчаіснасці. Яны выразна характарызуюць асаблівасці творчай манеры мастакоў слова, даюць уяўленне аб іх сістэме паэтычнага светаўспрымання: 3айцамі кладуцца цені на сцяне. Пеніцца сярдзіта бульба, закіпае снежнай завеяй у чорным сагане. (М. Танк) ...наладзіць нашу сустрэчу іменна там, пад арганным хвалюючым небам. (Я. Брыль) Гром басіць, як сярдзіты прараб, рулетку маланкі раскручвае. (Р. Барадулін) Маўленчыя тропы, працэс узнікнення якіх у мастацкай літаратуры няспынны, сведчаць аб эвалюцыі семантыкі слова, а гэта, у сваю чаргу, гаворыць пра тое, што мова жыве, развіваецца.

У беларускіх літаратурных творах сустракаецца нямала слоў і выразаў, якія некалі ўспрымаліся як вобразныя адзінкі, а цяпер у выніку іх шырокага ўжывання (выйшлі за межы паэтычнай мовы) страцілі сваю іншасказальнасць, пераноснасць значэння і асэнсоўваюцца як звычайныя назвы, характарыстыкі прадметаў, паняццяў, дзеянняў, прымет: нос карабля, падэшва гары, ідзе вясна, чысты як сляза, чорны як сажа, сырая зямля, ясны дзень, цёмная ноч, крыло самалёта, журавель (калодзежны) і інш. Паколькі вобразнасць у падобных адзінках мовы «сцерлася», стала фактам гісторыі, іх адносяць да тропаў умоўна. У слоўніках яны падаюцца як словы з прамым значэннем, г. зн. без паметы перан.

Тропы звычайна ўжываюцца ў мастацкіх і публіцыстычных творах. Характэрны яны для гутарковага і канфесійнага стыляў. У навуковым і афіцыйна-справавым стылях, якія патрабуюць адназначнасці, дакладнасці ў выкладзе думак, тропы ўжываць не пажадана. Але ў навукова-папулярнай літаратуры для больш яркай і дакладнай перадачы фактаў часам выкарыстоўваюцца выяўленчыя сродкі мовы, якія, як правіла, семантычна празрыстыя, не складаныя для ўспрымання. Празмерная насычанасць у тэксце тропаў, іх ускладненасць успрымаецца як праява недасканаласці і безгустоўнасці: Потым з поўначы падзьмуў густы і стылы восеньскі вецер, неяк адразу папаўзлі кудзелістыя, нізкія, і хоць пакуль што яшчэ без дажджу, але цяжкія ўжо хмары – яны, як рыба на нераст, імкліва цягнулі самі сябе волакам з-за бору, аж раздзіраючы аб вершаліны свае набраклыя вільгаццю грывы; Усе з нецярпеннем нечага чакаюць. Плошча – разбушаваны акіян – прыціхла. Але вось распачаўся броўнаўскі рух. Адзін ручай хлынуў у бок трыбуны, а яму насустрач – мора, і ўсё захліснулася, нібы ў прорве.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]