Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
ШПОРЫ ПА БЕЛЬСКАМУ.docx
Скачиваний:
36
Добавлен:
20.04.2019
Размер:
124.27 Кб
Скачать

33. Праблемы сацыяльнага і духоўнага жыцця ў аповесці а. Кулакоўскага “Нявестка”

У праявах добраахвотных, не прыняволеных нічым і нікім учынках чалавека А. Кулакоўскаму бачыцца дамінантная аснова яго духоўнасці. З такіх, падчас нават вельмі сціплых і малапрыкметных дзеянняў і спраў, складваюцца, на думку пісьменніка, і надзвычай важныя грані гуманістычнай мадэлі ўсяго грамадства.

А. Кулакоўскі зацікаўлена шукаў гэтых, з чуйным і абвостраным сумленнем, людзей у рэальным жыцці, каб потым знайсці ім адпаведнае месца ў мастацкім творы. Унутраны, сканцэнтраваны настрой на пошукі такога героя найчасцей і ўзнімаў аўтарскую думку на высокі якасны ўзровень мастацкасці. Нярэдка дастаткова было маленькага жыццёвага імпульсу, каб гэты глыбокі пошукавы інтарэс пісьменніка «загаварыў» моваю набалелых пытанняў самой рэчаіснасці.

Так пачыналася, у прыватнасці, аповесць А. Кулакоўскага «Нявестка» (1956), твор, які і ў літаратурнай біяграфіі пісьменніка, і ў кантэксце гісторыі нашай літаратуры займае адметнае месца паводле сваіх мастацкіх, грамадзянскіх і гуманістычных асаблівасцей. У артыкуле «Жыццёвы матэрыял і мастацкая літаратура» (1958) А. Кулакоўскі сцісла расказвае пра тое, як задумвалася гэта яго рэч: «Мне часта даводзіцца бываць дзе я нарадзіўся. Там жыве ў мяне маці, брат. I вось аднаго разу маці кажа: «Міканор учора хваліўся: маладая нявестка вады яму нагрэла, сказала — папар, тата, ногі, кашляць не будзеш.

Я ведаў гэтага Міканора, ведаў яшчэ дзесятак чалавек, якія жылі прыкладна так, як ён. Мне пачаў уяўляцца лёс старога чалавека, які рана аўдавеў і многа год пражыў у адзіноце. Не бачыў гэты чалавек сапраўднага шчасця, не адчуваў і цёплай жаночай спагады. Сам ён і гаспадарыў дома, і гаспадыніў, сам сабе і крупнік варыў, сам сабе лапіў порткі.

I вось нарэшце прыязджае дадому з арміі ці з якой-небудзь работы сын гэтага чалавека, прыводзіць маладую ласкавую нявестку. Нявестка нагрэла старому начоўкі вады — і зарадаваўся чалавек, адчуў сябе шчаслівым, можа, лепшага шчасця для яго на гэты раз і не трэба было...

Спачатку мне хацелася напісаць на гэту тэму апавяданне, але вобраз вось такога чалавека стаў у мяне паступова разрастацца, набываць новыя рысы, новыя павароты лёсу... Вызначаліся таксама іншыя персанажы, і такім чынам з'явілася на свет аповесць «Нявестка».

Дэталь, якая так уразіла, запомнілася і разбудзіла творчую фантазію А. Кулакоўскага для некага іншага, з іншай псіхалагічнай і ідэйна-эстэтычнай пошукавай арыентацыяй, магла б застацца незаўважанай. Так што момант шчаслівай выпадковасці не прымаць пад увагу тут, безумоўна, нельга. Аднак творы, у чымсьці істотным сугучныя і блізкія да аповесці «Нявестка», у Кулакоўскага не паявіцца не маглі, нават калі б ён і не напаткаў тую дэталь з «цёплай вадой», бо праблемы, якія адлюстраваліся ў аповесці, досыць прыкметнымі гранямі выявіліся ў яго апавяданнях «Кватаранты», «Дванаццаты жорсткі», «Гарэў аганёк», «Усюды вада», «Не плач, Настачка», «Грыбы» і інш. Гэта дае нам права сказаць, што пісьменнік натрапіў на важкую і ёмістую дэталь, дзякуючы мэтанакіраванаму творчаму пошуку. Думка яго працавала, як відаць, у вельмі пэўным кірунку. Ды і знаходзіць звычайна той, хто шукае і хто зацікаўлены нешта знайсці, хоць само гэтае н е ш т а далёка не адразу вымалёўваецца перад ім у выразных і канкрэтных абрысах.

Напісаная ў той памятны гістарычны час, калі над краінай толькі што прашумелі асвяжальныя вятры XX з'езда КПСС, аповесць А. Кулакоўскага «Нявестка» ставіла вострае і злабадзённае пытанне аб аднаўленні глыбока гуманістычных адносін і пільнай увагі да простага чалавека, роля якога ў сталінскія часы нярэдка зводзілася да малапрыкметнага шрубка ў агульным механізме грамадства.

Пасля такіх узнёсла-дэкларацыйных і ружова-аптымістычных твораў пра пасляваенную вёску, як «Кавалер Залатой Зоркі» С. Бабаеўскага, «Пад мірным небам» А. Стаховіча, «Цёплае дыханне» М. Паслядовіча, аповесць «Нявестка», на першы погляд, магла здацца ў пэўным сэнсе старамодна традыцыйнай. Ды такой яна ў нейкай меры і была. Аднак у звыкласці мастацкіх фарбаў адчуваўся свежы наватарскі паварот да грамадскага жыцця, глыбока зацікаўлены позірк на чалавека, хоць пісьменнік выкрышталізоўвае гэтую грамадскую думку з даволі празаічнага побытавага матэрыялу. Звычайная будзённасць фактычна становіцца тут арганічнай часткаю быційнай грамадскай ідэі шмат у чым дзякуючы таму, што ў побыце і за побытам пісьменнік бачыць больш шырокія гарызонты рэчаіснасці і вялікія магчымасці развіцця і фарміравання чалавечай душы.

А. Кулакоўскі, удала карыстаючыся мастацкімі дэталямі, умела ствараючы падтэкставае сюжэтнае дзеянне, палемічна завастрыў чытацкую ўвагу на негатыўнай ролі неспрыяльнай побытавай сітуацыі, на тым, як уплывае яна на агульны стан чалавечага існавання, самаадчування і нават светаўспрымання. Разам з тым, таленавіта развіваючы адметную асаблівасць рэалістычнай традыцыі, аўтар паказваў, што духоўнасць, калі яна абапіраецца на трывалы народны грунт маральна-этычных прынцыпаў і ўяўленняў, не так проста паддаецца размыванню і трансфармацыі нават у неспрыяльных для чалавека абставінах.

Гэту асаблівасць твора вылучала і крытыка, асэнсоўваючы характар галоўнага героя аповесці «Нявестка» Данілы Бірука. I сапраўды, Даніла прыцягвае нашу ўвагу многімі станоўчымі рысамі. Не можа не выклікаць захаплення яго самаахвяраванне асабістым шчасцем у імя шчасця сына, якога ён выхоўваў адзін. Іншая справа, што тут Даніла нярэдка перабіраў меру. Залішне ўрэзваў свае інтарэсы, каб усё і без астатку аддаць сыну, хоць пазней такая безаглядная любоў адгукнецца для яго даволі драматычна. Безумоўна, гэта сур'ёзныя пралікі яго, калі можна так сказаць, дамашняй педагогікі. Але бацька ўсё-такі Даніла быў уважлівым, клапатлівым.

Досыць цярпліва адносіцца Даніла Бірук і да саёй побытавай неўладкаванасці, асабліва ў той момант, калі застаецца зусім адзін пасля ад'езду сына на вайсковую службу. Стары адчувае вострую патрэбу ў самым неабходным, як адчувалі яе і многія людзі нашай шматпакутнай вёскі ў тыя часы, калі заробак быў мізэрны, а працадзень, гаворачы словамі А. Твардоўскага, — «пустопорожнмм».

Мы не чуем, каб немалады вясковец Даніла Бірук калінебудзь занадта крыўдаваў, наракаў, скардзіўся. Пісьменнік далёкі ад таго, каб захапляцца такою цярплівасцю героя, хоць і не выяўляе да яго ў адкрытай форме сваіх крытычных адносін. Відаць, не кожны здольны стаць змагаром з неспрыяльнымі абставінамі, не ад кожнага можна патрабаваць актыўнага грамадзянскага дзеяння, неадкладнай рэакцыі на зло і несправядлівасць.

Для Кулакоўскага было вельмі важным (калі не галоўным) паставіць пытанне: з якой гэта прычыны сумленны і працавіты чалавек Бірук на старасці гадоў церпіць нястачу, чаму гэта ён дайшоў да таго, што мусіў пасекчы на дровы ложак («з тыдзень прапальваў ім у печы») і мяркуе з той жа мэтаю ссекчы «рабіну пад акном»? Чаму гэта ён павінен упрошваць брыгадзіра (і абавязкова з пляшкаю гарэлкі ў кішэні), каб той зрабіў ласку і дазволіў яму з'ездзіць у лес па дровы на калгасным кані?

З тэксту і падтэксту аповесці «Нявестка» вынікае і шэраг іншых, балючых і трывожных пытанняў, якія непакоілі нашу грамадскасць у час з'яўлення гэтага твора ды і пасля яго публікацыі. Не на ўсе з іх аўтар імкнецца адказаць, бо і на сённяшні дзень асобныя праблемы вёскі, якія спрабаваў асэнсаваць А. Кулакоўскі ў сярэдзіне 50-х гадоў, не зняты з парадку дня і патрабуюць засяроджанага аналізу і вырашэння ў жыцці і літаратуры. Аднак пісьменнік здолеў разгледзець надзвычай важную, у чымсьці нават карэнную прычыну, якая тармазіла, стрымлівала развіццё нашай сельскай гаспадаркі, а нярэдка і падрывала яе фундаментальныя жыццёвыя сілы. Ён даў магчымасць адчуць і пранікнуцца ўсведамленнем, што без належнага гуманістычнага павароту да чалавечай душы нельга разлічваць на эфектыўны паварот і ў практычных сферах жыцця.

Аўтар падводзіць чытача да гэтай важнай грамадскай думкі спакваля, без націску, паказваючы характары ў асноўным у звычайных будзённых абставінах і звяртаючы пры гэтым самую пільную ўвагу на гуманістычныя праявы (хай сабе і малапрыкметныя) чалавечай дабрыні. Ён па-майстэрску паказвае, што часам дастаткова зусім нязначнага імпульсу, скіраванага на шчырае, спагадлівае і добразычлівае дзеянне, каб чалавек, які па нейкіх прычынах быў моцна прыгнечаны абставінамі, ажыў, акрыяў душою і стаў па-іншаму глядзець на свет, на людзей і на самога сябе. Стары Даніла Бірук так, напэўна, і застаўся б шмат у чым загадкавым, таемным і для сябе і для іншых, каб чулая і сардэчная нявестка не выявіла да яго заклапочаных і прыязных адносін (не прапанавала яму папарыць «перад сном» ногі ў цёплай вадзе) у той час, калі родны сын, якому Даніла аддаў усё самае лепшае ў сваім жыцці, груба, рэзка і жорстка абышоўся з ім.

Менавіта ад гэтай малапрыкметнай побытавай увагі да сябе, быццам ад кінутага ў ваду каменьчыка, пачынаюць разыходзіцца шырокімі кругамі згадкі-асацыяцыі героя пра мінулае і заўтрашні дзень. Гэтыя праявы дабрыні і чалавечнасці, якія Даніла адчуў да сябе з боку нявесткі, актывізавалі, ажывілі, па-новаму высветлілі і яго ўласны характар. З экскурсаў-успамінаў Данілы чытач даведваецца пра тое, што стары Бірук быў і застаецца (нягледзячы на сваю, часамі празмерную цярплівасць) чалавекам не з палахлівага дзесятка. Дастаткова прыгадаць хоць бы такі (зноў жа бытавы) факт, як ён амаль з-пад носа ў немцаў нацягаў дахаты сухіх дроў.

Пісьменнік дае магчымасць зрабіць вывад і аб здольнасці Данілы быць самакрытычным, адкрытым і шчырым у ацэнцы сваіх учынкаў, дзеянняў. Ён, у прыватнасці, ніколькі не спрабуе апраўдаць сябе за промахі ў выхаванні роднага сына, для якога нічога не шкадаваў і якога часта залішне ўлагоджваў, песціў, хоць усё гэта яго Віктар не змог па-сапраўднаму асэнсаваць і належным чынам ацаніць. I гэтыя балючыя роздумы героя ўспрымаюцца не толькі як папрок самому сабе, але і як гатоўнасць чалавека да новага духоўнага росту, да супрацьстаяння і супрацьдзеяння абставінам.

Мы маем поўную падставу сказаць, што прасякнутую глыбокім гуманістычным пафасам і непадробленым чалавекалюбствам аповесцю «Нявестка» А. Кулакоўскі разам з іншымі сумленнымі і таленавітымі пісьменнікамі закладваў падмурак плённай грамадска-літаратурнай і ідэйна-эстэтычнай тэндэнцыі, якая стала цясней злучаць, узаемазвязваць і суадносіць вырашэнне чыста практычных, гаспадарчых, будзённых спраў з пастаноўкай і вырашэннем важных і праблемных маральна-этычных пытанняў.

Гэтая ж думка кіравала пісьменнікам і тады, калі ён, імкнучыся ўзняць на высокую ступень мастацкага абагульнення побытавыя праявы чалавечай дабрыні і надаючы ім важнае грамадскае гучанне, не пакідаў без увагі і супрацьлеглыя такой людской якасці рысы, знаходзячы і для іх раскрыцця адпаведныя фарбы і належны тон ацэнкі. Паказальна, што ў падобных выпадках яго ўвогуле спакойная і «ўраўнаважная» моўна-стылявая манера пачынае ўбіраць у сабе фарбы выкрывальных і сатырычных адценняў, асабліва ў абмалёўцы тых людзей, якія заўжды напагатове, каб адхапіць, урваць для сябе тлусты кавалак за кошт іншых.

У такім ацэначным ракурсе паказваецца, напрыклад, у аповесці «Нявестка» брыгадзір Шандыбовіч. Не выводзіць аўтар зпад кантролю крытыкі і тых, хто вельмі хутка засвойваў бюракратычную навуку размаўляць «з людзьмі цераз плячо», не дужа клапоцячыся пра тое, каб глыбей «заглянуць самому сабе ў душу». Гэтыя словы пісьменніка скіраваны, у прыватнасці, у адрас сына Данілы Віктара, які не спраўдзіў надзей аднавяскоўцаў на брыгадзіраўскай пасадзе і не змог супрацьстаяць заганным звычкам свайго папярэдніка — хапугі і п'яніцы Шандыбовіча.

Пісьменнік смела назваў тут рэчы сваімі імёнамі і не пайшоў па шляху прыхарошвання вясковай рэчаіснасці. I ў фінале твора адчуваецца злавесная прысутнасць канчаткова не пераможаных сіл, здольных бязлітасна парушаць сацыяльную справядлівасць дзеля сваіх карыслівых мэт.

Аповесць «Нявестка», як вядома, досыць прыязна была сустрэта крытыкамі і чытачамі, што ў сваю чаргу натхнялі пісьменніка на далейшыя мастацкія пошукі ў гэтай праблемна-тэматычнай галіне. Неўзабаве пасля «Нявесткі» з'яўляецца ў друку аповесць «Дабрасельцы» (1958), дзе аўтар зрабіў прыкметна новыя акцэнты ў асвятленні эканамічнага і сацыяльна-псіхалагічнага стану вёскі, падкрэсліўшы і ўзмацніўшы ў параўнанні з ранейшымі творамі сатырычна-выкрывальную тэндэнцыю.

Інфармацыя пра Кулакошскага і яго творчасць: http://belsoch.org/?pg=biograph&bio=38

36. Паэтызацыя чалавечых узаемадносінаў у аповесці У. Караткевіча “Чазенія”.

“Чазенія” (1970). За гэтай аповесцю замацавалася яркае жанра-стылёвае вызначэнне: паэма ў прозе. “Чазенія” заключае ў сабе ідэйна-эстэтычную шматмренасць гучання. Тут разам са сваімі героямі пісьменнік асэнсоўвае праблемы быцця чалавека і ўвогуле чалавецтва, імкнецца спасцігнуць мудрасць прыроды, сэнс існавання. Аднак “Чазенія” – гэта перш за ўсё свет кахання, рамантычна яркі, поўны адухоўленай музыкі пачуццяў і перажыванняў. У аповеці чуецца ўчырая, узнёслая песня-гімн каханню, прыродзе, жыццю. Аўтар апавядае пра сустрэчу Севярына Будрыса і Гражыны Арсайлы – людзей, якія, як здавалася, нібы “розныя палюсы ўсяго існага”. Вобраз Гражыны – увасабленне дзівоцтва і загадкавасці навакольнай прыроды. Яна, дзіця тайгі, перайначвае свет Севярына, фізіка па адукацыі, чалавека, які на пачатку адчувае сябе гаспадаром жыцця. Гражыне чужыя рацыяналістычна-прагматычныя погляды, для яе вышэй за ўсё – чысціня і адкрытасць чалавечай душы, яе здольнасць адчуваць непаўторнасць свету, боль усяго жывога. Севярын і Гражына ўздымаюцца да высокай паэзіі паяднання зямлі: “Хай коратка, але жыць. Заваёўваць магчымасць вышэйшай дабраты, жыцця дзеля іншых, а не адбіраць у іх магчымасці гэтага жыцця”. Сталь аповесці ўражвае лірыка-эмацыянальнай глыбінёй пачуццяў, усплескамі эмоцый, яркасцю і каларытнасцю вобразна-выяўленчых фарбаў.