Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
ШПОРЫ ПА БЕЛЬСКАМУ.docx
Скачиваний:
36
Добавлен:
20.04.2019
Размер:
124.27 Кб
Скачать

31. Ваенная тэма і філасофскія матывы ў паэзіі Аляксея Пысіна

Аляксей Васільевіч Пысін нарадзіўся 22 сакавіка 1920 г. у вёсцы Высокі Барок Краснапольскага раёна Магілёўскай вобласці. Закончыў Палужскую сярэднюю школу (1938) і паступіў у Камуністычны інстытут журналістыкі ў Мінску. У верасні 1939 г.

пасля далучэння Заходняй Беларусі да Усходняй з другога курса ён быў накіраваны на працу ў рэдакцыю раённай газеты ў г. Бельск на Беласточчыне. У 1941–1945 гг. — на фронце. Вайну А. Пысін прайшоў сувязістам, удзельнічаў у баях на Заходнім, Калінінскім, 1-м і 2-м Прыбалтыйскіх франтах. Быў двойчы паранены. Пасля дэмабілізацыі ў 1946 г. А. Пысін працаваў у раённым і абласным друку. У 1956–

1958 гг. ён вучыўся на Вышэйшых літаратурных курсах у Маскве, пасля заканчэння якіх працаваў у абласной газеце “Магілёўская праўда”. З 1974 г. і да апошніх дзён жыцця А. Пысін быў сакратаром Магілёўскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў БССР (памёр пісьменнік у 1981 г.).Аляксей Пысін увайшоў у беларускую літаратуру ў даваенны час. Першы верш А.Пысіна быў змешчаны ў газеце “Чырвоная змена” (1938), пасля ён выступаў з публікацыямі ў армейскім друку, нямала твораў напісаў у пасляваеннае дзесяцігоддзе, якія склалі зборнік “Наш дзень” (1951).

Свет пысінскай паэзіі — цэлае багацце думак, эмоцый, асацыяцый. Нягледзячы на тое, што А. Пысін сплаціў даніну ідэалізацыі савецкага часу, у кнігах “Да людзей ідучы” (1972), “Вярбовы мост” (1974), “Ёсць на свеце мой алень” (1978), “Палёт”

(1982) і інш. ён здолеў праз хваляванні, трывогі сэрца раскрыць складанае і драматычнае ўспрыманне рэчаіснасці. Паэт заглыбіўся ў сэнс вечных пытанняў зямнога існавання і з маральна-філасофскай засяроджанасцю выявіў свой погляд на чалавечае быццё.

Кніга паэта “Твае далоні” адзначана Дзяржаўнай прэміяй Беларусі імя Янкі Купалы (1968). У 1980 г. яму было нададзена званне заслужанага работніка культуры Беларусі. А. Пысін выдаў больш 10-ці арыгінальных зборнікаў паэзіі, яго творы перакладзены на многія мовы свету. Паспяхова пісьменнік выступаў у галіне мастацкага

перакладу, пісаў кніжкі для дзяцей. Адна з вузлавых тэм паэзіі А. Пысіна — трагедыя вайны, памяць пра яе. Паэт звярнуўся да свайго ўласнага ваеннага вопыту, лёсу салдата Вялікай Айчыннай, і расказаў пра зведанае, перажытае на фронце з суровай праўдзівасцю. Ён выявіў экзістэнцыяльны стан чалавека ва ўмовах бязлітаснага

супрацьстаяння жыцця і смерці. У нашай літаратуры 60-х гг. падобны падыход да адлюстравання вайны быў уласцівы для В. Быкава. Як В. Быкаў у прозе, так А. Пысін у паэзіі псіхалагічна дакладна перадае чалавечыя адчуванні і душэўныя выпрабаванні ў віхуры смяротных выпрабаванняў (“На жалезным кастры самалёта...”, “Пяць патронаў у

абойме...” і інш.). Ён раскрывае героіку і моц чалавечага духу. Памяць паэта захавала суровыя рэаліі ваеннага часу, вобразы палеглых у баях салдат і многія псіхалагічныя дэталі, узноўленыя яскрава і запамінальна, еапрыклад у вершы “Валуеў”, у “Баладзе пра начлег” :

Я ўспомніў прозвішча Валуеў,

Гвардзеец быў зусім хлапчук.

Малюю каску. І пад ёй малюю

Вучнёўскі твар, вяснушак пух.

І рукавіцы вязаныя помню,

Хто іх, чырвоныя, звязаў?

Здавалася: ён снегіроў у поле

З вясёлых рукавоў пускаў.

…………………

…І па баках бяскрылыя застылі

Дзве рукавіцы-снегіры.

(“Валуеў”)

Нядоўгі прывал. Нядоўгі начлег.

Пад намі снег, над намі снег.

……………………

Граната ў руках. Патрон у ствале.

Чаго нам, сябры, яшчэ не стае.

Стралковая рота сопку ўзяла.

…Пад намі зямля, над намі зямля.

(“Балада пра начлег”)

Неспакойная памяць паэта нарадзіла балючую споведзь. У вершах пра вайну шмат драматызму, выяўляецца абвостранае гуманістычнае разуменне ваеннай рэчаіснасці. У “Баладзе пра каску” варожы салдат таксама паўстае як ахвяра вайны. “Мне пажары,

пажары ўсё сняцца, // Я баюся аслепнуць ад іх”, — прызнаваўся паэт (верш “Ноч, стамлёная частымі снамі...”). Усё свядомае жыццё яго погляд на жыццё і рэчаіснасць вызначала, па трапным назіранні У. Гніламёдава, “мерка ваеннага часу”. Мерка гэтая — вышыня чалавечай, грамадзянскай сумленнасці і праўдзівасці, трывогі і адказнасці за мінулае і будучыню (вершы “На суровым сваім рубяжы...”, “Сны” і інш.). Шкада, што ў нашы дні сёй-той з літаратурных рэвізіяністаў у палемічным запале імкнецца несправядліва закрэсліць імёны такіх пісьменнікаў, як А. Пысін, толькі за тое, што яны, маўляў, апынуліся ў савецкім “ружовым тумане” і нібыта праз ідэалагічную

псеўдатворчасць змарнавалі свой талент. Гэта не адпавядае ісціне. А. Пысін выявіў і рэалізаваў сябе як паўнавартасная творчая асоба.

Лірычна-філасофскі дар А. Пысіна ярка раскрыўся ў пейзажнай паэзіі. У кнігах “Да людзей ідучы”, “Ёсць на свеце мой алень”, “Палёт” увасоблена ідэя пра жывую, непадзельную сувязь чалавечай душы з прыродай. Пысінскія вершы вабяць незвычайнай вобразнасцю, адухоўленай паэтычнасцю:

Птушыныя гнёзды пад снегам заснулі,

Дрымотную пражу завеі прадуць.

А хочаш — зімой закукуюць зязюлі,

Мядовыя росы на дол упадуць.

(“Птушыныя гнёзды пад снегам заснулі...”)

Паэт умеў па-свойму ўзнёсла зірнуць на свет і стварыць кранальны эмацыянальна-настраёвы малюнак: “Ляціць, вітаючы мяне, // Мой снег, як свет, як лёс, багаты // На боль, на радасць і на страты, — // Зноў свеціць, слепіць і мяце” (“А снег — у кожнага ён свой…”). Пейзаж для яго — сродак самавыяўлення і самапаглыблення: паэт даверліва выказвае думкі, адчуванні, хваляванні сэрца: “Бясконцай здаецца зіма, // Сонца чакаю дарма, // А можа, не сонца — мяне ўжо няма?.. // Сініца, прынясі вясну!” (“Пэўна ўжо лету мяжа…”); “Дзе ж тое дрэва мудрага пазнання // Дабра ці зла? //

Маўчаць сады. Маўчаць” (“Сады, як белагрудыя мядзведзі…”) і інш.

Пысінскі стыль вызначаецца лірычнай мяккасцю, тонкай выяўленчасцю слова: “Пасля дажджу шумяць яшчэ нябёсы, // Яшчэ ў паветры пругкі цень вады” (“Пасля дажджу шумяць яшчэ нябёсы…”).

А. Пысін вылучаў адметнае, непаўторнае і імкнуўся да ёмістага, значнага паэтычнага абагульнення. Вось паэтычная страфа, у якой аўтар, нібы фатограф, зафіксаваў тыповы нацыянальны пейзаж: “Лес і поле — міма, міма, // Лес і поле — чарнатроп. // Не

бяжы, прырода, стоп, // Вось мой край, мая радзіма!” (верш “Лес і

поле — міма, міма...”). А. Пысін — паэт-філосаф, які глыбока адчуваў жыццё прыроды, спазнаваў яе сутнасць, жывую натуру:

Прырода — скульптар.

Вечна лепіць,

Не даспадобы, усё не так,

Пад ногі кіне, зноў замесіць

І возьме месіва ў кулак.

Даўно пад ёю бесканечнасць,

Але шэдэўраў тых —

Няма

І часам гэткае скамечыць,

Што потым журыцца сама.

(“Прырода — скульптар…”)

Успрымаў прыроду як дом, у якім добра пачуваецца і чалавеку, і жывёлам, і птушкам.

Гэтае пачуццё духоўнай роднасці паэт цудоўна выказаў у многіх вершах: “Прыцягненне”, “Сонца нябачна спяшаецца…”, “Чуцен брэх сабачы на ўзмор’і…”, “Па-над горадам у сіняве…” і інш. Наогул свет А. Пысін успрымаў па-філасофску:

І штось ці ад дрэва ў мяне,

І штосьці ад птушкі журботнай.

І штось замірае употай,

І штось ажывае ва мне.

Ўжо іншаю бачу зямлю,

І неба, і ўсё наваколле.

Сэнс вечнасці, пах яе, колер

Без думак і слоў пазнаю.

(“А я на лясным рубяжы…”)

Улюбёны ў родную прыроду, паэт адчуваў экалагічную адказнасць за свой зялёны свет і выказваў трывогу пра захаванне красы з глыбокай лірычнай прачуласцю, без гучна-фальшывай рыторыкі, якой, між іншым, грашылі вершатворцы, якія спяшалі

крочыць у нагу з часам: “І чаму не стаў я лесніком, // Лес мой, брат мой… // Быў бы я тваім замком // І тваёю брамай” (“І чаму не стаў я лесніком…”); “…Каб лес мой, каб свет мой не знік. // З надзеяй маёй і лясной // Гляджу на зямлю дарагую” (“А я на лясным рубяжы…”).

Пра што б ні пісаў А. Пысін, ён тонка інструментаваў радок, клапаціўся пра меладычна-гукавую пластыку верша. У яго творах “паэтычны сінтаксіс паслухмяна падначальваецца інтанацыйнаму дыханню, інверсіі натуральныя, як само пачуццё” (В. Бечык).

У аснове пысінскага мыслення — гарманічнае спалучэнне пачуцця і думкі. Паэт імкнецца да спазнання таямніцаў унутранага чалавечага быцця. Філасафізм паэта грунтуецца на мудрасці народнай маралі, уласным духоўным вопыце. Верш “Забыта многае ў жыцці...” —гэта паэтычны роздум пра сутнасць вечнасці, повязь часоў — мінулага і будучага. У вобразах жыта, зярнят А. Пысіну бачыцца вечны кругазварот жыцця, чалавечая бессмяротнасць. “Мне ў жыта хочацца ўвайсці, // Мне вечнасцю здаецца жыта”, — так паэт адчувае бязмежнасць свету і прыходзіць да высновы, што “жытнёвы провад” — “часоў былых і новых сувязь”. Заключныя радкі яшчэ больш яскрава раскрываюць аўтарскую канцэпцыю чалавечага быцця:

Шукаюць рукі тых зярнят,

Каб нас таксама дзесь пачулі.

Несумненна, А. Пысін сваёй творчасцю спрыяў

інтэлектуалізацыі беларускай паэзіі, падвышаў яе філасофскія

магчымасці ў асэнсаванні свету