Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:

Гістарыяграфія гісторыі Беларусі (4 курс ГФ) / Гістарыяграфія гісторыі Беларусі. Вуч.дап. Белазаровіч

.pdf
Скачиваний:
273
Добавлен:
14.04.2015
Размер:
2.55 Mб
Скачать

Тэматыка рэфератаў

1. Падрыхтоўка і выданне гістарычных крыніцаў па гісторыі Беларусі ў 60-я гг. ХІХ – пачатку ХХ ст.

2.Заходнеруская гістарыяграфія ў пачатку ХХ ст. (1905 – 1915 гг.).

3.Я.Ф.Карскі – прадстаўнік ліберальнай гістарыяграфіі канца ХІХ – пачатку ХХ ст.

4.Гістарычная школа М.К.Любаўскага.

1. Русіфікатарская палітыка ўрада пасля паўстання 1863 г. Дзейнасць Віленскай археаграфічнай камісіі. Моцны ўплыў на развіццё айчыннай гістарыяграфіі парэформеннага часу аказала паўстанне 1863 г. у Польшчы, Літве і Беларусі. Яно зноў звярнула ўвагу ўрада і расійскага грамадства ў цэлым на заходні рэгіён краіны, прымусіла нанова адкрыць Беларусь і яе гісторыю. Каб абвергнуць польскія прэтэнзіі на Беларусь і Літву, царскі ўрад пачаў актыўна даказваць рускі характар «заходняга краю» імперыі. Дзеля гэтага былі выдадзены два гістарычныя атласы.

Першы атлас з шасці картаў падрыхтаваў палкоўнік Р.Ф.Эркерт (1863 г.). Выданне раскрывае арэал рассялення ў «заходнім краі» рускіх, палякаў, літоўцаў, латышоў, немцаў і яўрэяў. Зразумела, што ўкраінцы і беларусы былі аднесены да рускага этнасу. Першае выданне атласа выйшла на французскай мове і прызначалася для еўрапейскай дыпламатыі ў адказ на падзеі 1863 г.

У 1864 г. выйшаў атлас, складзены падпалкоўнікам А.Ф.Рыціхам пад кіраўніцтвам Пампея Бaцюшкава.

Пампей Мікалаевіч Бацюшкаў (1811 – 1892 гг.) скончыў ар-

тылерыйскае вучылішча ў Пецярбургу, у 1832 – 1840 гг. афіцэр рускай арміі. З 1850 г. – віцэ-губернатар Ковенскай губерні, затым памочнік папячыцеля Віленскай навучальнай акругі, у 1856 – 1857 гг. – віцэ-дырэктар дэпартамента духоўных спраў іншаземных веравызнанняў. Кіраваў будаўніцтвам Храма Хрыста Збавіцеля ў Маскве, праводзіў палітыку русіфікацыі: садзейнічаў пабудове больш за 2 тыс. праваслаўных храмаў на тэрыторыі Беларусі і Украіны. Спрабаваў перавесці набажэнства ў касцёлах Мінскай губерні з польскай на рускую мову. Гістарычнае развіццё Беларусі зводзіў да гісторыі праваслаўнай царквы і палітычнай дзейнасці князёў. Галоўная праца – «Белоруссия и Литва. Исторические судьбы Северо-Западного края» (1890 г.).

У 1864 г. падпалкоўнік А.Ф.Рыціх пачаў збор матэрыялаў для складання атласа. За аснову ён узяў дадзеныя, атрыманыя з МУС і чыноўнікаў, якія спецыяльна былі накіраваны ў заходнія губерні

131

для агляду стану праваслаўных цэркваў і манастыроў. Дзесяць картаў атласа раскрываюць геаграфію рассялення рускіх, пад якімі разумеліся ўсе праваслаўныя, і палякаў (усе каталікі).

Актыўную падтрымку ўраду аказалі прадстаўнікі позняга расійскага славянафільства і ліберальная інтэлігенцыя, аб чым сведчаць публікацыі ў славянафільскіх выданнях «День», «Москва», «Русь». Да супрацоўніцтва з імі быў запрошаны прафесар Пецярбургскай духоўнай акадэміі, ідэолаг заходнерусізму М.В.Каяловіч, які звярнуўся з заклікам да расійскіх газет размяшчаць этнаграфічныя і гістарычныя матэрыялы аб «Заходняй Расіі». Погляды М.В.Каяловіча вабілі славянафілаў сваёй палонафобіяй: на гістарычных прыкладах даследчык паказаў, колькі зла «заходнерускаму народу» прынеслі Захад, Польшча і каталіцызм. Таксама ён выдвінуў тэзіс пра сапсаванасць «лацінскага свету» і яго несумяшчальнасць з праваслаўным светам. Газета «Московские ведомости» абвясціла пра неабходнасць «духоўнага заваявання заходняга края Расіі».

Пазіцыя М.В.Каяловіча знайшла падтрымку ў віленскага ге- нерал-губернатара Міхаіла Мураўёва. Ён разумеў усю карысць гісторыі ў працэсе фармавання грамадскай самасвядомасці жыхароў заходніх губерняў. Генерал-губернатар, акрамя русіфікацыі мясцовай адміністрацыі, прапанаваў імператару Аляксандру ІІ правесці рэформу школаў і радыкальна змяніць змест гістарычнай адукацыі: «Необходимо всем и постоянно разъяснить, что край Северо-Западный всегда был и есть русский и что польский элемент есть временный, заброшенный в эпоху польского владычества».

У пачатку 1864 г. Мураўёў задумаў выданне кнігі пра падзеі 1863 года. Гродзенскаму і ковенскаму губернатарам ён накіраваў даручэнне скласці «Очерк о начале и ходе бывшего мятежа по губернии и о польской революционной организации, которая существовала в ней». Падобныя прадпісанні атрымалі начальнік інфлянцкіх паветаў Віцебскай губерні, віленскі, віцебскі, магілёўскі губернатары, старшыні следчых камісіяў. Восенню 1864 г. у канцылярыю Мураўёва сталі паступаць першыя нарысы. Іх абагульненнем займаўся са сваімі памочнікамі генерал-маёр Васіль Фёдаравіч Ратч (1816 – 1870 гг.). Вынікам стала двухтомавая праца,

выдадзеная ў 1867 – 1868 гг.: «Сведения о польском мятеже 1863

года в Северо-Западном крае». Затым кнігу пераклалі на французскую мову і выдалі ў Парыжы.

Для прапаганды ўрадавай палітыкі М.М.Мураўёў запрасіў у Вільню Ксенафонта Гаворскага.

132

Ксенафонт Антонавіч Гаворскі (1821 – 1871 гг.) нарадзіўся ў Кіеве ў сям’і уніяцкага святара з Віцебшчыны. Скончыў грэ- ка-уніяцкую семінарыю ў Полацку, Пецярбургскую духоўную акадэмію. Выкладаў у Полацкай семінарыі, у т.л. гісторыю і археалогію. Праводзіў раскопкі курганаў каля Полацка, апісаў старажытную «альгердаву дарогу» з Вільні ў Полацк.

У 1857 – 1858 гг. Гаворскі з’яўляўся рэдактарам неафіцыйнай часткі «Віцебскіх губернскіх ведамасцяў». Яго заўважылі расійскія славянафілы, увялі ў навуковыя сталічныя салоны і зрабілі вядучым спецыялістам па «польскім» пытанні. Прафесар М.В.Каяловіч садзейнічаў прызначэнню Гаворскага рэдактарам часопіса «Вест-

ник Юго-Западной и Западной России», які выдаваўся з 1862 г. у

Кіеве. Часопіс быў эклектычным – у ім друкаваліся дакументы з Кіеўскай археаграфічнай камісіі па гісторыі рэлігіі і царквы, матэрыялы па гісторыі Украіны і Беларусі. Выданне падтрымлівалі Сінод, МУС, Міністэрства народнай асветы, Пецярбургская духоўная акадэмія. Але ў Кіеве часопіс быў непапулярным, і ў хуткім часе яго закрылі.

Па просьбе Мураўёва і папячыцеля Віленскай навучальнай акругі І.П.Карнілава выданне з 1864 г. перанеслі ў Вільню пад назвай «Вестник Западной России». Па тэматыцы публікацыяў часопіс быў гісторыка-літаратурным, але, з другога боку, ён з’яўляўся выразнікам афіцыйных поглядаў на палітыку, навуку, публіцыстыку. Аўтары змешчаных у ім артыкулаў аддавалі пашану праваслаўю, якое вызваліла Беларусь ад прыгнёту паланізму і лацінізму. Часопіс выходзіў пад дэвізам – «Калі Польшча не загінула, хай загіне – мы так хочам!». Уся гісторыя Беларусі падавалася аўтарамі «польскай інтрыгай» і «каталіцкім прымусам».

Тэндэнцыйнасць выдання прадвызначыла яго непапулярнасць і ў Вільні. Сітуацыю не выправіла нават абавязковая падпіска для духавенства і чыноўнікаў. У 1871 г. часопіс закрылі.

Каб пераарыентаваць гістарычную свядомасць насельніцтва Беларусі і Літвы, па прыкладу Пецярбурга і Кіева ў Вільні з 29 красавіка 1864 г. пачала дзейнічаць Віленская археаграфічная камісія. Выбар Вільні быў заканамерным. Там размяшчаліся багатыя архіўныя зборы (Архіў Галоўнага Трыбунала, Архіў Скарбавага трыбунала, справы Трокскага архіва, архівы Віленскай, Гродзенскай, Ковенскай і Мінскай губерняў, архіў Сапег), кніжныя сховішчы, друкарні. Вільня з’яўлялася цэнтрам генерал-губернатарства, таму вельмі зручна было кантраляваць і накіроўваць працу камісіі.

133

Перад членамі Археаграфічнай камісіі былі пастаўлены наступныя задачы: «а) доказать фактически, что Западный край никогда не был счастлив под польским правительством; б) что цивилизация Польши, а с нею и Западного края далеко отставала от той степени совершенства, на которую ставили ее поляки; в) что только под русским правительством Западный край забыл свои страдания, исцелил прежние раны и начал свое историко-политическое существование». У цэлым камісія павінна была гісторыка-дакумен- тальна даказаць, што Беларусь мае праваслаўную і рускую прыроду.

Адразу ад камісіі запатрабавалі працу ў вялікім аб’ёме, хаця ўмовы для гэтага створаны не былі. Само сховішча размяшчалася ў двух паўпадвальных памяшканнях Віленскага універсітэта. З чатырох сябраў камісіі, уключаючы старшыню, працаваць з першакрыніцамі мог толькі адзін – архіварыўс (загадчык) архіва, кандыдат філасофска-тэалагічных навук Мікіта Іванавіч Гарбачэўскі (1804 – 1879 гг.). Ён зрабіў найвелізарнейшую чарнавую працу,

склаўшы «Каталог старажытным актавым кнігам губерняў: Віленскай, Гродзенскай, Мінскай і Ковенскай...» (1872 г.), выдаў «Слоўнік старажытнай актавай мовы» (1874 г.). Плённа праца-

ваў выпускнік Рыжскай духоўнай семінарыі Іван Якаўлевіч Спрогіс (1833 – 1918 гг.). За некаторыя гады ён прачытываў ад 20 да 60 тыс. рукапісных лістоў, напісаў прадмовы да 11 тамоў. Даследчык таксама склаў геаграфічныя паказальнікі па дакументах архіва.

Вынік працы Віленскай археаграфічнай камісіі ўражвае. За 1865 – 1915 гг. было выдадзена 39 тамоў «Актаў Віленскай археаграфічнай камісіі». Разам з Віленскай навучальнай акругай супрацоўнікі камісіі выпусцілі 14 тамоў «Археаграфічнага зборніка дакументаў па гісторыі Паўночна-Заходняй Русі» (1867 – 1904 гг.).

Агульны аб’ём выдадзеных крыніцаў склаў каля 29 тыс. старонак. Камісія апублікавала матэрыялы копных і земскіх судоў, дакументы гродскіх судоў і магістратаў, інвентары старостваў і маёнткаў, магістрацкія акты, матэрыялы пра руска-польскую вайну 1654 – 1667 гг., вайну 1812 г., царкоўную унію. Нягледзячы на тэндэнцыйнасць у працы камісіі, яе выданні з’яўляюцца каштоўнай крыніцай вывучэння гісторыі, эканомікі, культуры Беларусі, гісторыі беларускай мовы.

У другой палове XIX – пачатку XX стст. гісторыя выкладалася ва ўсіх ніжэйшых і сярэдніх навучальных установах Беларусі. У курс уваходзілі сусветная і руская гісторыя з элементамі мясцовай гісторыі Паўночна-Заходняга краю. Расійская адміністрацыя, у тым

134

ліку і кіраўніцтва Віленскай навучальнай акругі, імкнулася пашырыць рускі ўплыў у заходніх губернях.

З 1877 г. руская і сусветная гісторыя выкладаліся ў рамках адзінага курса, у якім матэрыял па рускай гісторыі ўключаўся паміж адпаведнымі раздзеламі сусветнай гісторыі. З 1913 г. руская гісторыя была вылучана ў самастойны курс. На падставе тыпавых міністэрскіх праграмаў настаўнік складаў рабочую праграму і прадстаўляў яе на разгляд педагагічнага савета.

Праграмы сведчаць аб наяўнасці ў курсе гісторыі некаторых сюжэтаў з мясцовай гісторыі, напрыклад, «Літоўскія плямёны, іх побыт, норавы і рамёствы, першыя літоўскія князі (Міндоўг, Гедымін, Альгерд, Кейстут)». У рамках курсу гісторыі даваліся характарыстыкі Ягайле, Вітаўту, Крэўскай уніі. У рамках пытання «Маскоўская і Літоўская Русь» разглядаліся ўзаемаадносіны ВКЛ і Маскоўскай дзяржавы. У падраздзеле «Заходняя Русь у XVI – XVIII стст.» даваліся звесткі пра Люблінскую унію, пранікненне езуітаў, Берасцейскую царкоўную унію, прычым акцэнт рабіўся на рэлігійныя пераследы праваслаўных у Рэчы Паспалітай, дзейнасць праваслаўных брацтваў. Перыяд падзелаў Рэчы Паспалітай у праграме быў адлюстраваны ў наступнай фармулёўцы: «Умяшальніцтва Кацярыны II у польскія справы. Польская выбарчая сістэма. Пытанне аб дысідэнтах. Барская канфедэрацыя. Паўстанне на Украіне. I-ы падзел Польшчы і становішча пасля яго. Канстытуцыя 3 мая і Таргавіцкая канфедэрацыя. II-і падзел Польшчы. Паўстанне ў Польшчы і III-ці падзел». Курс гісторыі закранаў і падзеі XIX ст. Навучэнцы вывучалі такія пытанні, як «Змова дзекабрыстаў», «Паўстанне ў Польшчы 1830 г.», «Мяцеж у Польшчы 1863 г.».

Працэс выкладання гісторыі быў забяспечаны падручнікамі і вучэбна-метадычнымі дапаможнікамі, у тым ліку і створанымі выкладчыкамі навучальных установаў Беларусі. Сярод іх – А.Тур-

цэвіч, П.Аляксандраў, В.Ярмаловіч і інш. У навучальных уста-

новах Беларусі набыла распаўсюджанне «Кніга для чытання па рускай гісторыі» (пад рэдакцыяй М.В.Доўнар-Запольскага), якая выйшла ў Маскве ў 1904 г. На думку складальнікаў, гэтае выданне павінна было стаць карысным для выкладчыкаў, навучэнцаў, для ўсіх тых, хто цікавіцца гісторыяй. Кожны артыкул уяўляў сабой самастойны нарыс і быў напісаны спецыяльна для дапаможніка. Аўтары не пазбягалі дыскутыўных пытанняў, аднак імкнуліся зрабіць дапаможнік даступным для чытача як па змесце, так і па аб’ёме асобных артыкулаў. Дапаможнік мог быць выкарыстаны для класнага і хатняга чытання.

135

Аналіз праграмаў, падручнікаў, навучальных дапаможнікаў сведчыць, што яны змяшчалі даволі значны пласт падзеяў гісторыі Беларусі, прычым аб’ём фактычнага матэрыялу перавышаў той, што выкарыстоўваўся пры выкладанні беларускай гісторыі ў сярэдніх школах у савецкі час. Аднак трэба мець на ўвазе, што вывучэнне гісторыі Беларусі ў дарэвалюцыйных навучальных установах было накіравана на дасягненне ідэалагічнай мэты – абгрунтаваць гістарычную прыналежнасць Паўночна-Заходняга краю да Расіі, выхаваць у навучэнцаў вялікадзяржаўныя патрыятычныя пачуцці.

2. «Заходнерусізм» і яго прадстаўнікі ў расійскай гістарыя-

графіі. Заходнерусізм – гэта канцэпцыя, якая адмаўляла гістарычнасць беларусаў як самастойнай і самабытнай этнічнай адзінкі, атаясамлівала іх з вялікарускім этнасам. У заходнерусізме вылучаліся дзве плыні: кансерватыўная (К.А.Гаворскі) і ліберальная (М.В.Каяловіч). Прадстаўнікі першага кірунку лічылі, што этнічныя асаблівасці беларусаў з’яўляюцца вынікам уплыву польскакаталіцкай экспансіі, таму заходняму краю неабходна вярнуць рускі характар. Прадстаўнікі ліберальнай плыні прызнавалі пэўную гісто- рыка-этнічную адметнасць Беларусі, але выключалі магчымасць яе нацыянальна-культурнага самавызначэння.

А.У.Літвінскі вызначыў два перыяды ў развіцці заходнерусізму. Першы перыяд (60 – 80-я гг. ХІХ ст.) падзяляецца на тры этапы: 60-я гг. – час актывізацыі публіцыстаў і гісторыкаў заходнерускай плыні з мэтай выкрыцця «польскай інтрыгі»; 70-я гг. – аслабленне заходнерускай тэндэнцыі ў сувязі з «патапаўшчынай» (курс віленскага генерал-губернатара А.Л.Патапава, накіраваны на замірэнне царызма з польскім дваранствам), смерцю Гаворскага і пераходам Каяловіча да грунтоўнай навуковай дзейнасці; 80-я гг. – пашырэнне цікавасці да заходнерусізму з боку ўрада (Аляксандра ІІ, Сінода і інш.).

Другі перыяд ахоплівае 90-я гг. ХІХ ст. – да 1917 г. Ён падзяляецца на два этапы: першы (90-я гг. ХІХ ст. – 1905 г.) – аслабленне заходнерускай тэндэнцыі ў гістарыяграфіі з прычыны афармлення ліберальнай плыні ў развіцці гістарычнай думкі і смерці Каяловіча; другі (1905 – 1917 гг.) – барацьба з польскім і беларускім нацыянальным рухам, калі заходнерусізм не атрымаў навуковага акадэмічнага кірунку, а меў публіцыстычны характар.

Канцэпцыя заходнерусізму была выклікана актывізацыяй польскага нацыянальна-вызваленчага руху ў першай палове ХІХ ст. Менавіта тады ўзнікла патрэба стварыць супрацьвагу для шляхец-

136

кай ідэалогіі, якая ставіла на мэце аднавіць Рэч Паспалітую ў межах 1772 г. Паўстанне 1863 г. стала тым штуршком, які вымусіў урад зрабіць заходнерусізм галоўным ідэалагічным кірункам афіцыйнай палітыкі ў заходніх губернях краіны.

Ідэйна заходнерусізм узыходзіць да славянафільства – філасофскай дактрыны, якая сфармавалася ў адказ на нямецкую класічную філасофію і часткова нямецкую гістарычную думку з місіяй абароны славянскага свету. Прадстаўнікі расійскага славянафільства зыходзілі з трох асноўных пастулатаў: 1) праваслаўны Усход супрацьстаіць каталіцкаму Захаду; 2) праваслаўе мае духоўную перавагу над каталіцызмам; 3) Расія – лідэр славянству і перашкода на шляху сацыялізму і рэвалюцыяў, якія маюць заходняе паходжанне. Заходнерусісты поўнасцю падзялялі гэтыя погляды. М.В.Каяловіч пісаў: «...Я находил такой русский субъективизм, который и больше всех других обнимает фактическую часть русской истории, и лучше других освещает действительные и существенные его стороны. Такой русский субъективизм я находил и нахожу в сочинениях... славянофилов. Он лучше других и в народном и в научном смысле...».

Афармленне заходнерусізма як гістарыяграфічнага кірунку было немагчымым без дзейнасці мясцовых даследчыкаў, г.зн. гісторыкаў Беларусі і Літвы, якія гуртаваліся вакол Віленскага універсітэта, а пазней вакол віленскіх перыядычных выданняў. Яны заклалі крыніцазнаўчую аснову ў вывучэнні мінулага рэгіёна, паставілі пытанне аб рухальных сілах мясцовай гісторыі, стварылі атмасферу навуковага пошуку. Арганізацыйнае афармленне гэтага кірунка адбылося ў Пецярбургскай духоўнай акадэміі, а гістарыяграфічнае афармленне заходнерусізму звязана з працамі Міхаіла Каяловіча. Ён пашырыў і ў значнай ступені ўдакладніў гістарычныя погляды М.Г.Устралава. Яго канцэпцыя была панрасійскай, славянафільскай і антыпольскай.

Міхаіл Восіпавіч Каяловіч (1828 – 1891 гг.) нарадзіўся ў м.Кузніца Сакольскага павета Гродзенскай губерні ў сям’і уніяцкага святара. Скончыў Супрасльскае духоўнае вучылішча, Літоўскую духоўную семінарыю ў Вільні, Пецярбургскую духоўную акадэмію. Выкладаў у Рыжскай і Пецярбургскай семінарыях. Меў выдатныя здольнасці да навукі і ў 31 год стаў прафесарам Духоўнай акадэміі (1862 г.). З 1869 г. загадчык кафедры рускай гісторыі. Ганаровы член Пецярбургскага славянскага дабрачыннага таварыства, Гродзенскага царкоўна-археалагіч- нага камітэта, Археаграфічнай камісіі.

137

Свае метадалагічныя погляды Каяловіч раскрыў у кнізе «Ис-

тория русского самосознания» (1884 г.), якая стала буйной гіста-

рыяграфічнай падзеяй – першай абагульнай гістарыяграфічнай працай у Расіі. Даследчык прааналізаваў шырокае кола пытанняў па гісторыі гістарычнай навукі ад рускага летапісання па сучасныя яму працы.

Гісторык лічыў, што гістарычнае даследаванне не можа быць аб’ектыўным, таму вучоны павінен адмовіцца ад пошуку абсалютнай ісціны праз выбар прымальнай для яго пазіцыі. Сам М.В.Каяловіч выбраў для сябе т.зв. «рускі» суб’ектывізм славянафільскага характару. Аднак даследчык выступаў супраць адвольнага выкарыстання гістарычных крыніцаў, указваў на неабходнасць ацэнкі іх аб’ектыўных звестак. Ён размяжоўваў навуковы і літаратурны падыходы да гісторыі, не прызнаваў гістарычнай белетрыстыкі. Каяловіч адмоўна ацаніў крыніцазнаўчую дзейнасць Даніловіча і Нарбута, таму што яны друкавалі летапісы лацінскім шрыфтам, а не аўтэнтычнай кірыліцай.

Сам гісторык абапіраўся на традыцыі расійскай дваранскай гістарыяграфіі, спасылаўся на працы М.М.Бантыш-Каменскага, М.М.Карамзіна, М.Г.Устралава, М.В.Без-Карніловіча і інш. Але адзначым, што да Каяловіча гісторыя ВКЛ і Рэчы Паспалітай не з’яўлялася прадметам асобнага даследавання для расійскіх гісторыкаў.

Асноўныя працы прысвечаны гісторыі Беларусі, Польшчы і Расіі. У магістарскай дысертацыі «Литовская церковная уния» (апублікавана ў 1859 – 1861 гг.) і доктарскай дысертацыі «Исто-

рия воссоединения западнорусских униатов старых времен (до 1800 г.)»

(апублікавана ў 1873 г.) М.В.Каяловіч звярнуўся да вывучэння праблемы Берасцейскай царкоўнай уніі. Аўтар адным з першых звярнуў увагу на працэс лацінізацыі уніі праз дзейнасць базыльянскага ордэна, рашэнні Замойскага сабора, паставіў пытанне аб крызісе уніяцкай царквы.

З сінтэтычных абагульняльных працаў, якія атрымалі грамадскае гучанне, можна назваць «Лекции по русской истории» (1862 – 1864 гг.), якія мелі чатыры выданні, і «Чтения по истории Западной России» (1884 г.). У іх Каяловіч прапанаваў уласную гістарычную канцэпцыю гісторыі Заходняй Расіі. Ён зыходзіў з вяршэнства праваслаўя ў гістарычным мінулым Беларусі, адзінства інтарэсаў мясцовага насельніцтва з рускай арыстакратыяй. Гісторыю Беларусі аўтар зводзіў да нацыянальна-канфесійнага пытання, а сацы- яльна-эканамічныя праблемы не закранаў.

138

Гістарыяграфічны падыход Каяловіча грунтаваўся на пазіцыі, што Заходняя Расія – гэта «западная Русь», якая ахоплівала «Белоруссию, западную Малороссию, или т.н. Украину, и Литву в собственном смысле слова». Дзяржаўнасць спачатку сфармавалася ў межах рускага арэалу «заходняй Русі», а потым пад ціскам перасяленцкіх працэсаў была ўспрынята суседнімі літоўцамі. Да гэтага аб’яднальнага працэсу пад пагрозай крыжакоў з часам далучыліся жэмайты, якія ўжо ў ХІІІ ст. мелі свае дзяржаўныя формы.

Фактарам гістарычнага развіцця ён лічыў барацьбу «дзвюх сілаў»: рускай і польскай. Гісторыя Заходняй Русі да канца ХVІІІ ст., сцвярджаў Каяловіч, была прасякнута барацьбой польска-каталіц- кай і рускай праваслаўнай цывілізацыяў. Задача даследчыка заключаецца ў вывучэнні крыніцаў і прычынаў «польскага трыумфу». Польскі ўплыў сапсаваў заходнерускае грамадства, садзейнічаў яго расколу. Каяловіч адзначаў, што «польская, езуіцкая» цывілізацыя – «вельмі дурная цывілізацыя», якая не прынесла народам Заходняй Расіі нічога карыснага (нават прыгоннае права прыйшло адтуль), бо палякі былі прасякнуты «духам лацінства», абсалютна не прымальнага славянамі. Збліжэнне з Польшчай, Люблінская і Берасцейская уніі дэфармавалі духоўнае жыццё у ВКЛ, апалячылі, акаталічылі значную частку заходнерускай шляхты, але асноўныя пласты народа нязменна цягнуліся да Расіі, бо адчувалі з ёю сваё племянное, культурнае, моўнае і рэлігійнае адзінства. Асноўнай апорай Русі з часоў фармавання маскоўскага самадзяржаўя з яго земскімі саборамі, народным прызнаннем і праваслаўем аўтар лічыў цэнтральныя землі Расіі, якія захоўвалі сваю аб’яднаўчую, матэрыяльную, духоўна-цывілізацыйную і абарончую ролю і ў сярэдзіне ХІХ ст. Гісторык адзначаў безальтэрнатыўнасць і прадвызначанасць гістарычнага лёсу Рэчы Паспалітай, падзелы гэтай краіны садзейнічалі ўз’яднанню заходнерускіх земляў з Расіяй, іх духоўнаму адраджэнню.

Свае меркаванні Каяловіч падмацоўваў прыкладамі і характарыстыкай шырокага кола гістарычных крыніцаў. У яго публікацыях выкарыстоўваліся і некаторыя іншыя аргументы: прэтэнзіі Польшчы на землі Беларусі і Украіны ў межах 1772 г. не мелі пад сабой падставаў; само разуменне народа сярод прыхільнікаў тэорыі афіцыйнай народнасці (з галоўнай апорай на сялянства) прыкметна адрознівалася ад поглядаў апазіцыйнай польскай гістарыяграфіі з яе акцэнтацыяй на палітычную роль шляхты.

У гісторыі Заходняй Расіі Каяловіч вылучаў пяць этапаў на падставе знешнепалітычнага становішча края: 1) падзел рускага

139

народа на дзве часткі і спробы Заходняй Расіі ўтварыць свой цэнтр; 2) злучэнне Заходняй Расіі з Літвой; 3) злучэнне Літоўска-Заходне- рускага княства з Польшчай праз знешні саюз; 4) зліццё Заходняй Расіі з Польшчай і распад Руска-Польскай дзяржавы; 5) анамальнае развіццё руска-польскага пытання (у складзе Расійскай імперыі).

Даследчык займаўся і гісторыка-этнаграфічным вывучэннем Беларусі, аб чым сведчаць працы «О расселении племен Западного края России», «Об этнографическом атласе западных губерний», «Об этнографической границе между Западной Россией и Польшей» і інш. Каяловіч лічыў, што беларуская народнасць склалася ў Х – ХІ стст. з плямён крывічоў і дрыгавічоў і раднілася па веры, мове і традыцыях з рускімі і ўкраінцамі. Пэўную розніцу паміж заходнімі і ўсходнімі беларусамі гісторык выводзіў ад міжэтнічных кантактаў з літоўцамі і палякамі ў ХІV – ХVІІІ стст., а таксама палітыкі паланізацыі і акаталічвання ў Рэчы Паспалітай.

Вядомы ўклад М.В.Каяловіча ў выданне крыніцаў па гісторыі Беларусі. Па даручэнні археаграфічнай камісіі ў 1865 г. ён апублікаваў «Документы, объясняющие историю Западной России и ее отношение к Восточной России и Польше», у 1867 г. – «Летопись осады Пскова Стефаном Баторием», «Дневник последнего похода Стефана Батория», у 1869 г. – «Дневник Люблинского сейма 1569 г.».

Канцэпцыя Каяловіча ўпісалася ў афіцыйную расійскую гістарыяграфію і публіцыстыку. На спрошчаным узроўні яна была размножана ў шматлікіх вучэбных, асветніцкіх і палемічных публікацыях. Кантрасная, выключна адмоўная ацэнка яго поглядаў была дадзена з боку дэмакратычнай ліберальнай грамадскасці другой паловы ХІХ ст. і панегірычная – з боку афіцыйных і царкоўных колаў. У найноўшай гістарыяграфіі погляды Каяловіча былі раскрытыкаваны У.І.Пічэтам («прекрасный показатель того, как не нужно изучать исторические явления»), а таксама адным з заснавальнікаў савецкай канцэпцыі ўтварэння ВКЛ У.Ц.Пашутам, М.М.Улашчыкам, Д.У.Каравым і інш.

У Пецярбургскай духоўнай акадэміі М.В.Каяловіч стварыў заходнерускую гістарычную школу, заснаваную на ідэях вялікадзяржаўнасці і манархізму. Але яе прадстаўнікі ўлічвалі ўплыў ліберальнай гістарыяграфіі, таму большую ўвагу сталі надаваць сацыяльнаму кантэксту ў гісторыі канфесійных адносінаў.

Адным з вядомых прадстаўнікоў заходнерускай гістарычнай плыні і вучняў Каяловіча з'яўляўся Платон Жуковіч.

140