- •Лівонская вайна
- •Лекцыя 20. Шлях да любліна
- •Лівонская вайна
- •Люблінская унія 1569 г.
- •Утварэнне Рэчы Паспалітай
- •Лекцыя 21. Палітычная сітуАцыя ў рэчы паспалітай у 70–80-я гады XVI ст.
- •Першае бескаралеўе. Стэфан Баторый
- •Статут Вялiкага княства Лiтоўскага 1588 г. – выдатны помнiк прававой думкi
- •Лекцыя 23. Гарады I мястэчкi Беларусi ў XIV – першай палове XVII ст.
- •Эканамiчнае развiццё гарадоў I мястэчак
- •Сацыяльная структура і сістэма кіравання ў гарадах
- •Арганізацыя абароны гарадоў Беларусі
- •Лекцыя 30. Гарадскія паўстанні канца хvі – першай трэці хvіі ст.
- •"Каляндарны бунт" у Полацку
- •Выступленні супраць гарадской адміністрацыі ў Магілёве і Мазыры
- •Антыуніяцкія хваляванні
- •Лекцыя 22. Афармленне прыгоннага права ў беларусі (XV– XVI стст.)
- •Формы феадальнага землеўладання і феадальных адносін у вкл
- •Аграрная рэформа Жыгімонта іі Аўгуста "Валочная памера". "Устава на валокі" 1557 г.
- •Павіннасці цяглых сялян з валокі паводле "Уставы на валокі" 1557 г.
- •Асноўныя этапы юрыдычнага афармлення прыгоннага права
- •Царква і рэлігія на беларусі
- •Лекцыя 24. Рэлiгiя I царква на Беларусi ў XIII–XVI стст.
- •Праваслаўе ў палiтыцы вялiкiх князёў
- •Распаўсюджванне і прывілеі каталiцызму ў вкл
- •Рэфармацыя
- •Контррэфармацыя. Дзейнасць езуiтаў на Беларусi
- •Лекцыя 25. Берасцейская царкоўная унiя
- •Унiяцкая iдэя ў Вялікім княстве Літоўскім
- •Падрыхтоўка I зацвярджэнне унii, яе ўмовы
- •Барацьба унiяцкай царквы за iснаванне I самабытнасць
- •Беларускае адраджэнне
- •Лекцыя 26. Культура Беларусi ў XVI–першай палове XVII ст.
- •Асаблiвасцi Адраджэння на Беларусi
- •Лiнгвiстычная сiтуацыя
- •Лекцыя 27. Пачатак Усходнеславянскага I беларускага кнiгадрукавання
- •Францыск Скарына
- •Рэфармацыйнае кнiгадрукаванне
- •Прыватныя друкарні
- •Брацкiя друкарнi
- •Лекцыя 28. Лiтаратура XVI – першай паловы XVII ст.
- •Лацiнамоўная паэзiя
- •Сымон Будны
- •Царкоўна-рэлiгiйная публiцыстыка
- •Летапiсы, гiсторыка-мемуарная і палiтычная лiтаратура
- •Сiмяон Полацкi
- •Лекцыя 29. Мастацтва XVI – першай паловы XVII ст.
- •Жывапiс, скульптура
- •Дойлiдства
- •Музыка і тэатр
- •Беларусь у сярэдзіне хvіі – першай палове хvііі ст.
- •Развіццё казацкага руху ў Беларусі. Арганізацыя абароны вкл
- •Абарона Пінска і першы рэйд Радзівіла
- •Лоеўская бітва 1649 г.
- •Падзеі 1650 – 1651 гг. Вынікі вайны
- •Лекцыя 32. Вайна Расіі з Рэччу Паспалітай 1654 – 1667 гг.
- •Прычыны вайны. Кампанія 1654 г.
- •Контрнаступленне арміі вкл. Ваенная кампанія 1655 г.
- •Пачатак першай Паўночнай вайны. Кейданская унія 1655 г.
- •Віленскае перамір’е 1656 – 1658 гг.
- •Народнае супраціўленне
- •Пачатак вызвалення вкл. Андрусаўскі мір
- •«Хатняя вайна» 1696 – 1700 гг.
- •Змена канфесiйнай сiтуацыi
- •Лекцыя 34. Беларусь ў другой Паўночнай вайне
- •Прычыны і пачатак вайны
- •Раскол шляхты вкл
- •Ваенныя дзеянні 1706 – 1708 гг.
- •Завяршэнне вайны
- •Вайна за “польскую спадчыну”
- •Лекцыя 35. Сацыяльна-эканамічнае становішча беларускіх зямель у другой палове хvіі – першай палове хvііі ст.
- •Наступствы войнаў сярэдзіны XVII – пачатка XVIII ст.
- •Шляхі аднаўлення сельскай гаспадаркі
- •Становішча сялянства. Формы антыфеадальнай барацьбы
- •Аднаўленне гарадоў у другой палове XVII – першай палове XVIII ст. Узнікненне мануфактур
- •Культура
- •Лекцыя 36. КультуРа беларусі ў другой палове XVII – першай палове XVIII ст.
- •Гістарычныя ўмовы культурнага развіцця беларускага народа
- •Грамадска-палітычная думка. Навука
- •Асвета. Кнігадрукаванне
- •Літаратура
- •Тэатр. Музыка
- •Архітэктура
- •Выяўленчае мастацтва
- •Лекцыя 37. Спробы дзяржаўных рэформ. Першы падзел рэчы паспалітай
- •Паглыбленне палiтычнага крызiсу
- •Рашэнні сойма 1764 г. Выбранне каралём Станіслава Панятоўскага
- •Выступленне Барскай канфедэрацыі
- •Першы падзел Рэчы Паспалітай
- •Лекцыя 38. «вялікі» сойм. Другі падзел рэчы паспалітай
- •Чатырохгадовы сойм і яго рашэнні
- •Канстытуцыя 3 мая 1791 г.
- •Дзейнасць Таргавіцкай канфедэрацыі
- •Другі падзел Рэчы Паспалітай
- •Лекцыя 39. Паўстанне 1794 г. Трэці падзел рэчы паспалітай
- •Прычыны і пачатак паўстання
- •Тадэвуш Касцюшка
- •Асаблівасці паўстання на тэрыторыі Літвы і Беларусі
- •Паражэнне паўстання. Трэці падзел Рэчы Паспалітай
- •Лекцыя 40. Сацыяльна-эканамічнае развіццё беларускіх зямель у другой палове хvііі ст.
- •Развіццё фальварковай і сялянскай гаспадаркі
- •Аграрная рэформа Антонія Тызенгаўза
- •Гарады і гарадское насельніцтва
- •Рамяство, гандаль, мануфактурная вытворчасць
- •Культура
- •Лекцыя 41. КультуРа беларусі ў другой палове xviiі ст.
- •Гістарычныя ўмовы культурнага развіцця
- •Асвета. Кнігадрукаванне
- •Асвета. Кнігадрукаванне
- •Літаратура
- •Тэатр. Музыка
- •Архітэктура
- •Выяўленчае мастацтва
- •Літаратура
- •Крыніцы
- •Храналогія
- •220013, Г. Мінск, праспект ф.Скарыны, 79.
Лекцыя 23. Гарады I мястэчкi Беларусi ў XIV – першай палове XVII ст.
Эканамiчнае развiццё гарадоў i мястэчак
Сацыяльная структура і сістэма кіравання ў гарадах
Арганізацыя абароны гарадоў Беларусі
Эканамiчнае развiццё гарадоў I мястэчак
У XIV – першай палове XVII ст. ва ўмовах далейшага развiцця феадальнага спосабу вытворчасцi iшоў iнтэнсiўны працэс аддзялення рамяства i гандлю ад сельскай гаспадаркi. Гэта суправаджалася ростам гарадоў i пасёлкаў гарадскога тыпу, якiя атрымалi ў Беларусi традыцыйную назву – мястэчкi. Гарады i мястэчкi ўсё ў большай ступенi канцэнтравалi рамеснiцтва, гандаль, станавiлiся цэнтрамi ажыўленага палiтычнага i культурнага жыцця насельнiцтва Беларусi.
У крынiцах XIV – першай паловы XVII ст. упамiнаецца прыкладна 350 гарадскiх паселiшчаў на тэрыторыi сучаснай Беларусi. Пераважную большасць з iх складалi мястэчкi. Яны дзялiлiся на тры групы: каралеўскiя (Скiдаль, Азёры, Лунна, Дрысвяты, Ушачы, Сураж); прыватнаўласнiцкiя (Любча, Койданава, Лагойск, Докшыцы, Чашнiкi, Бешанковiчы, Зэльва, Паставы, Смаргонь, Семежава); царкоўныя (Iгумен, Жыровiчы, Вiдзы).
Памеры мястэчак i колькасць насельнiцтва ў iх былi рознымi: ад 39 дамоў у Баранi да 290 у Лагiшыне. Пераважную большасць з iх складалi мястэчкi з 200–300 дамоў, некалькiмi вулiцамi, 2–3 тыс. жыхароў. Найбольш характэрнай рысай мястэчка была наяўнасць у iх таргоў, якiя наладжвалiся 1–2 разы на тыдзень.
Што датычыцца гарадоў, то яны таксама былi невялiкiмi. Праўда, у крынiцах i на геаграфiчных картах XVI ст. у Беларусi згадваецца ўжо i пра буйныя гарады з насельнiцтвам да 10 тыс. жыхароў i больш. Да iх адносiлiся Полацк, Вiцебск, Слуцк, Магiлёў, Пiнск. Насельнiцтва гэтых гарадоў ужо не займалася сельскагаспадарчай працай i было занята ў асноўным рамеснiцтвам i гандлем. Жыхары мястэчак i невялiкiх гарадоў побач з рамеснiцтвам i продажам тавараў на таргах былi яшчэ цесна звязаны з апрацоўкай зямлi i сельскагаспадарчымi промысламi.
Сярод найбольш буйных цэнтраў гандлю пералiчвалiся Полацк, Вiцебск, Слуцк, Менск, Навагародак, Бярэсце, Гародня i некаторыя iншыя гарады Беларусi. Роля гарадоў на Беларусi далёка не вычэрпвалася функцыямi цэнтраў рамеснiцтва i гандлю. Многiя гарады і мястэчкi мелi спецыяльныя вiды эканамiчнай дзейнасцi. Так, Вiцебск i асаблiва Полацк былi буйнымi партовымi гарадамi, звязанымi Заходняй Дзвiной i яе прытокамi з Прыбалтыкай. Бярэсце спалучаў у сабе функцыi і рачнога порта, i цэнтра гандлёвых трактаў з Украiны, Беларусi i Лiтвы ў Польшчу. Аналагiчную ролю выконвала Гародня. Рачнымi портамi з'яўлялiся таксама Слуцк, Пiнск, Нясвiж. На галоўных рачных магiстралях функцыю портаў выконвалi i некаторыя мястэчкi. Вядома было "сваiм добрым портам i складамi" на Нёмане мястэчка Любча. У такiх мястэчках, як Свержань, Бешанковiчы здаўна будавалiся вялiкагрузныя судны-баркi i вiцiны. Шэраг буйных, а таксама некаторыя сярэднiя гарады i мястэчкi былi цэнтрамi кiрмашовага гандлю (Нясвiж, Навагародак, Капыль, Любча, Орша, Давiд-Гарадок, Шклоў i iнш.). На кiрмашы з'язджалiся купцы з Беларусi, Лiтвы i Польшчы.
Некаторыя малыя гарады i мястэчкi, якiя размяшчалiся на ажыўленых гандлёвых шляхах – "гасцiнцах", мелi шмат пастаялых двароў, корчмаў i тракцiраў. У Браславе ў 1554 г. налiчвалася 117 дамоў i 40 корчмаў, у Чавусах у 1621 г. было 203 дамы i 60 корчмаў. Нават у малой Зэльве ў пачатку XVII ст. мелася 16 тракцiраў.
Важнейшымi паказчыкамi ступенi развiцця рамяства ў гарадах была колькасць рамеснiкаў, рамеснiцкiх прафесiй i спецыяльнасцей. Па падлiках гiсторыкаў, якiя абапiралiся на гарадскiя iнвентары, у такiх гарадах, як Полацк, Вiцебск, Магiлёў, Слуцк, Пiнск, Гародня i iнш. налiчвалася ад 50 да 80 рамеснiцкiх прафесiй, а колькасць рамеснiкаў вагалася ад 20 да 50 % ад усiх мяшчан. У сярэднiх i малых гарадах (Клецк, Навагародак, Давiд-Гарадок, Капыль i iнш.) налiчвалася ад 30 да 50 вiдаў рамеснiцкай вытворчасцi, а колькасць рамеснiкаў дасягала да 40 % ад усiх жыхароў. У мястэчках рамеснiкi складалi да 20 % жыхароў.
Прыведзеныя даныя, аднак, поўнасцю не адлюстроўваюць стан развiцця рамяства ў гарадах Беларусi. У крынiцах XVI – першай паловы XVII ст. упамiнаецца каля 200 рамеснiцкiх прафесiй i спецыяльнасцей.
Да лiку найбольш развiтых вiдаў рамёстваў адносiлiся здабыча i апрацоўка металаў (каля 40 прафесiй). У гэтую катэгорыю аб'ядноўвалi як "угляроў", так i збройнiкаў, залатых i срэбных спраў майстроў i нават гадзiншчыкаў.
Разгалiнаванай была дрэваапрацоўка (27 спецыяльнасцей). У гарадах, як i на сяле, выраблялi розны драўляны посуд, мэблю, вазы, карэты. Вялiкая колькасць рамеснiкаў была занята ў гарбарнай i футравай вытворчасцi (звыш 25 прафесiй). У беларускiх гарадах дубiлi i мялi ласiныя, казліныя, цялячыя скуры, шылi абутак i аўчынныя паўкажушкi, выраблялi збрую для коней, партупеi i патранташы для "людзей вайсковых". Шырокую вядомасць як на Беларусi, так i за яе межамi атрымалi прадубленыя ялавiчныя скуры, з якiх выраблялi юхт. У Слуцку, напрыклад, мелася каля 20 спецыяльнасцей па вырабу скур, юхту, саф'яну, якiя iшлi ў асноўным на экспарт.
Не менш разнастайнай была вытворчасць валакнiстай сыравiны i адзення (26 прафесiй), прадуктаў харчавання i напiткаў (21), апрацоўка мiнеральнай сыравiны (12) i г. д.
Структура рамёстваў у асобных гарадах адрознiвалася памiж сабою. Для Гароднi, напрыклад, былi характэрныя будаўнiчыя прафесii: каменячосы, брукоўшчыкi, вапнiкi, мялоўнiкi i кафельнiкi. У Полацку i Вiцебску былi пашыраны прафесii па абслугоўванню рачных портаў (кормчыя, судноўшчыкi, бiчаўнiкi, палатняншчыкi). У ваенных крэпасцях пераважную большасць рамеснiкаў складалi кавалi-пiшчальнiкi, шабельнiкi-броннiкi, булатнiкi, стрэльнiкi i iнш. Шмат рамеснiцкiх спецыяльнасцей належала тым, хто вырабляў адзенне. Высокага майстэрства дасягнулi фолюшнiкi (сукнавалы), шапавалы (пальчатнiкi), залаташвачкi, кафтаннiкi, панчошнiкi, фарбоўшчыкi тканiны i футры i iнш. Значнай была група рамеснiкаў, якая займалася варэннем пiва, мёду i вiнакурэннем, выпечкай абаранак i калачоў, продажам пiражкоў, пернiкаў, паштэтаў, соладу i iншых прадуктаў харчавання.
У буйных гарадах мелася многа спецыялістаў, занятых ловам, апрацоўкай i засолкай цi вэнджаннем рыбы. Звыклай фiгурай на вулiцах гарадоў Беларусi з'яўлялiся ганчары, тачыльшчыкi, свечнiкi, лiхтаршчыкi i многiя iншыя прадстаўнiкi камунальных работ.
Акрамя пералiчаных спецыяльнасцей, значную ролю ў гарадскiм укладзе жыцця адыгрывалi аптэкары, баншчыкi, трунары, смецяры, музыканты, пiсары, настаўнiкi, канавалы, адвакаты, цырульнiкi, кухары i многiя iншыя.
У XIV–XVI стст. большасць рамеснiцкiх прафесiй была арыентавана на задавальненне паўсядзённых патрэб гараджан, на шырокага спажыўца. Гэтыя адрозненнi не былi сведчаннем утварэння тэрытарыяльнага падзелу працы, бо пераважная частка рамеснiкаў працавала на заказ цi была звязана з патрэбамi толькi свайго горада.
На працягу XVI – першай паловы XVII ст. iшоў працэс драблення многiх рамеснiцкiх прафесiй. Калi раней каваль рабiў прылады працы, зброю i рэчы хатняга ўжытку, то ў далейшым выраб зброi стаў самастойнай прафесiяй. На некалькi прафесiй раздрабiлася і шавецкае рамяство. Адны шаўцы рабiлi толькi "чорны" абутак, другiя – абутак для войска, трэцiя – жаночы абутак, чацвёртыя – толькi абутак з саф'яну. Самастойнымi сталi такiя вiды рамяства, як пашыў адзення з сукна, шоўку, танных тканiн. Дыферэнцыяцыя рамяства сведчыла аб росце таварнай вытворчасцi. Не менш 80 % рамеснiкаў працавалi або на рынак, або спалучалi работу на заказ i на рынак.
У гарадах i мястэчках развiвалiся промыслы. Гэта былi млыны, цагельнi, руднi, вiннiцы, пiваварнi. Млыны i цагельнi часта належалi магiстратам. Iншыя прамысловыя прадпрыемствы, як правiла, былi ўласнасцю феадалаў. Але тыя i другiя здавалiся ў арэнду. Арандатар-прадпрымальнiк ужо ў XVI ст. карыстаўся наёмнай працай. На некаторых прадпрыемствах iснаваў даволi выразны падзел працы.
Зразумела, што асноўным пакупнiком рамеснiцкiх вырабаў быў гараджанiн. Набывалi iх таксама феадалы i сяляне, асаблiва металiчныя i скураныя вырабы, мыла, асобныя вiды адзення i абутку. Некаторыя рамеснiцкiя вырабы скуплялi мясцовыя i прыезджыя купцы i перапрадавалi ў Польшчы, Прыбалтыцы, Расii. Пасрэднiцкую ролю памiж рамеснiцкай вытворчасцю i абменам у межах краiны выконвалi скупшчыкi-пасрэднiкi (прасолы), а таксама гандляры, занятыя мясцовым гандлем (перакупнiкi). Часам гэтым займалiся i некаторыя рамеснiкi. Яны закуплялi ў буйных гарадах шэраг вырабаў i прадавалi iх у мястэчках i сёлах, а адтуль прывозiлi ў гарады розную сыравiну i сельскагаспадарчыя прадукты.
Ператварэнне рамяства ў дробнатаварную вытворчасць, з'яўленне скупшчыка-пасрэднiка спрыялi развiццю эканамiчных сувязей памiж горадам i вёскай, памiж самiмi гарадамi, што сведчыла аб якасных зрухах у вытворчасцi i абмене. Але феадальна-прыгоннiцкiя адносiны, якiя з'яўлялiся асновай эканамiчнага жыцця, стрымлiвалi развiццё рамяства i гандлю. Попыт гараджан i магчымасцi продажу тавара па-за горадам былi абмежаваныя. Гарадскога рамеснiка непакоiла таксама канкурэнцыя прышлых сельскiх рамеснiкаў. Ён iмкнуўся пазбавiцца ад канкурэнтаў i забяспечыць сабе манапольнае становiшча на рынку. Не былi абаронены рамеснiкi таксама ад свавольства i вымаганняў шляхты. Таму яны iмкнулiся да аб'яднання, стварэння сваiх уласных карпарацый. Такiмi аб'яднаннямi сталi цэхi.
Папярэднiкамi цэхаў у Беларусi былi соценныя арганiзацыi рамеснiкаў, вядомыя яшчэ старажытнарускiм гарадам. Аб гэтым сведчаць цэхавыя статуты Магiлёва (1580), Слуцка (1619) i iнш. У iх гаворыцца, што майстры дамовiлiся аб'яднацца "вэдлуг старадавняга звычаю". Цэхi ў беларускiх гарадах былi трох тыпаў: а) спецыялiзаваныя (уваходзiлi рамеснiкi адной прафесii); б) аб'яднаныя (уваходзiлi рамеснiкi дзвюх i больш блiзкiх прафесiй); в) зборныя (уваходзiлi прадстаўнiкi розных прафесiй). Апошнiя карпарацыi ўзнiкалi тады, калi ў тым цi iншым горадзе было мала рамеснiкаў адной спецыяльнасцi.
Рамеснiкi, аб'яднаныя ў цэхi, дзялiлiся на майстроў, чаляднiкаў i вучняў.
Права быць прынятым у цэх меў усякi рамеснiк, якi валодаў пэўнымi навыкамi i абяцаў падпарадкоўвацца цэхаваму статуту– "вiлкеру". Аддзялiцца ж ад цэха было даволi складана. Звычаi i рытуалы рамеснiцкiх i купецкiх карпарацый былi блiзкiя да нормаў заходнееўрапейскiх, пераважна нямецкiх рэгламентацый.
На чале цэха стаяў цэхмiстр (альбо стараста), якi выбiраўся на сходцы вузкай групы старэйшых цэхавых майстроў – "братоў". Пры выбраннi цэхмiстра ўлiчвалiся яго ўзрост, прафесiйныя якасцi, маёмаснае i асабiстае юрыдычнае становiшча. Вынiкi галасавання маглi быць толькi аднадушныя.
Пры больш шырокай аўдыторыi адбывалася выбранне ў цэхавыя майстры. Асноўнай умовай выбрання, акрамя галасавання, была добра i якасна зробленая "штука" альбо "шэдэўр". Калi старэйшыя майстры адхiлялi "штуку", тады выбары адкладвалiся на наступны год.
Пры гэтым майстрам мог стаць толькi ўладальнiк майстэрнi, сыравiны i прыладаў працы.
Майстры наймалi чаляднiкаў i вучняў. Чаляднiкi складалi асноўную частку калектыву цэха. У залежнасцi ад прафесii, маштабаў горада колькасць таго цi iншага цэха вагалася ў межах 60–150 чалавек, з якiх чаляднiкi складалi ад 40 да 60 %. Чаляднiкi былi абавязаны праходзiць курс навучання майстэрству на працягу 2–3, а часам i больш гадоў. Каб удасканалiць свае прафесiйныя здольнасцi i веды, чаляднiк iшоў у "вандроўку", якая мела мэтай перайманне вопыту ў майстроў iншых гарадоў або нават краiн. Расходы за навучанне ў час вандроўкi браў на сябе цэх. Чаляднiк таксама павiнен быў быць сталым жыхаром горада i прынесцi прысягу цэху i гораду. Здаўшы паспяхова экзамен, чаляднiк пасля абрання ў майстры таксама павiнен быў зрабiць "пачастунак", або "каляцыю" для ўсiх членаў цэха i ўнесцi прадугледжаны статутам уступны ўзнос.
Астатнюю катэгорыю членаў цэха складалi вучнi ("хлопцы"). Тэрмiн вучнёўства складаў 3–5 гадоў, на працягу якiх вучнi вельмi прыгняталiся.
Дзейнасць цэха i кожнага яго члена рэгламентавалася пiсьмовым статутам. У iм распiсваўся парадак навучання, найму вучняў i чаляднiкаў, а таксама фіксіраваліся пераход з разраду вучняў у чаляднiкi i далей у майстры, адносiны ўнутры цэха, адносiны цэха да рамеснiкаў, якiя не ўступiлi ў цэх (т. зв. "партачоў"), сувязi цэха з гарадскiм самакiраваннем. Статуты рэгламентавалi таксама вытворчую дзейнасць майстроў цэха, патрабавалi ад iх вырабляць прадметы высокай якасцi i толькi свайго рамяства, забаранялi скупаць вырабы для перапродажу на рынку, пераманьваць чаляднiкаў i вучняў з iншых цэхаў. Яны ахоўвалi таксама гарадскi рынак ад канкурэнтаў. Статуты былi накiраваны як супраць "партачоў", цi "пакутнiкаў", так i супраць прыезджых рамеснiкаў i купцоў, якiм дазвалялася гандляваць на рынках горада толькi такiмi таварамi, якiя не выраблялiся мясцовымi цэхамi.
Але не заўсёды статутныя патрабаваннi выконвалiся. У магiстрацкiх кнiгах Магiлёва, Брэста, Полацка, Гароднi i iншых гарадоў маецца шмат запiсаў аб iгнараваннi то адным, то другiм майстрам цэхавых забарон. Асноўнымi прычынамi канфлiктаў былi парушэннi забароны выконваць работы ў сёлах, маёнтках феадалаў, пераманьванне чаляднiкаў, абыход рэгламентацыi адносна колькасцi вучняў i чаляднiкаў, адмова ад уплаты ўзносаў у касу.
Цэхi не спрыялi iнтарэсам заможнай часткi майстроў. Яны былi зацiкаўленыя ў пашырэннi збыту прадукцыi i лiквiдацыi цэхавых забарон. Але асноўная частка майстроў моцна трымалася за цэхавую арганiзацыю i ў яе нормах шукала гарантыі для вытворчасцi i продажу сваiх вырабаў.
Важную ролю ў жыццi рамеснiкаў цэхаў адыгрывалi розныя сiмвалы (скрынкi, харугвы i iнш.). На пасяджэннях i сходах членаў цэха абавязкова выстаўлялi цэхавую скрыню – "куфар" – як сiмвал калектыўнай адказнасцi ўсiх членаў цэха, iх супольнасцi. На сходах вырашалiся розныя пытаннi вытворчасцi, выбiралiся майстры, пiсар, казначэй – "ключнiк" цi "скарбнiк". Трэба адзначыць, што кожны цэх з'яўляўся таксама асобным узброеным атрадам i ў выпадку пагрозы гораду выступаў на яго абарону.
Рост рамяства садзейнiчаў развiццю гандлёвай дзейнасцi. У буйных гарадах таргi наладжвалiся двойчы, у невялiкiх гарадах i мястэчках – раз у тыдзень. У перадсвяточныя днi, асаблiва напярэдаднi Каляд, Вялiкадня або Масленiцы ў буйных гарадах арганiзоўвалiся кiрмашы, якiя маглi цягнуцца некалькi дзён. Парадак гандлю рэгламентаваўся Радай цi ўладальнiкам горада – феадалам. Забараняліся гандлёвыя здзелкi за межамi рынка. За продаж тавараў браўся пабор: з воза – "вазавое", з адзiнкi тавару – "памернае" (з меры зерня), за продаж галавы жывёлы – "парагавое" i iнш.
Гандлёвыя сувязi таго часу звязвалi не толькi горад з вёскамi i мястэчкамi, але i буйныя гарады памiж сабой. У Вiцебску набывалi тавары купцы з Полацка, Менска, Магiлёва; на рынках Полацка прадавалiся тавары слуцкiх рамеснiкаў; на таргах Менска – гарадзенскае i магiлёўскае мыла, слуцкiя скуры i гарбарныя вырабы; у Бярэсцi гандлявалi купцы Слуцка, Пiнска, Менска. Пачынаючы з XVI ст. пастаянныя гандлёвыя сувязi iснавалi памiж Магiлёвам, Менскам i Вiцебскам, у Магiлёў прыязджалi купцы з усiх буйнейшых гарадоў Беларусi.
Вялiкую ролю ў гандлёвых сувязях памiж беларускiмi гарадамi адыгрывала закупка i продаж тавараў, якiя прывозiлiся з Расii, Польшчы, Турцыi i Малдавii. З Расii дастаўлялiся i прадавалiся футра, скуры, палотны, вырабы з тканiн, абутак, кажухi, мыла i iншыя тавары, з Польшчы – сукно, палатно, жалеза, сталь, свiнец, медзь, волава, а таксама вырабы з гэтых металаў. Прадметы раскошы – усходнiя тканiны, вырабы з золата i серабра завозiлiся з Канстанцiнопаля i Малдавii.
У Расiю беларускiя купцы вывозiлi буйнымi партыямi збожжа, сырыя i вырабленыя скуры (юхт, замшу), рамеснiцкiя вырабы з тканiн, палатно, воск i iншыя тавары. Гэтыя ж тавары карысталiся попытам i на польскiм рынку. Туды таксама вывозiлiся буйнымi партыямi тавары, закупленыя беларускiмi купцамi ў гарадах Расii. Замежныя гандлёвыя сувязi сфармiравалi даволi шматлiкае купецтва. Паводле мытных кнiг Бярэсця, Гароднi, Вiцебска за 1605 г., знешнiм гандлем займалiся каля 800 купцоў з 30 гарадоў Беларусi.
Характэрным сведчаннем прыкметнага развiцця гандлю была спецыялiзацыя сярод купецтва, якая паступова склалася ў сярэдзiне XVII ст. У гэты час ужо адны купцы прадавалi скураныя, другiя – кушнерскiя, трэцiя – футравыя, чацвёртыя – шавецкiя вырабы. Былi таксама купцы, якiя гандлявалi жывёлай i зернем. Цэхі купцоў у некаторых гарадах называліся брацтвамі (братчынамі). У той час купцамi лiчылiся толькi тыя гандляры, якiя ездзiлi прадаваць i купляць тавар больш за 10 вёрст ад свайго горада. "Перакупнiкi", "прасолы", рамеснiкi, якiя прадавалi тавары на кiрмашах, купцамi не прызнавалiся i ў купецкiя таварыствы не ўваходзiлi. Цэхi i брацтвы ахоўвалi манапольнае становiшча мясцовага купецтва на гандаль у горадзе, перавагу ў набыццi i продажы прывазных тавараў, права пасрэднiцтва ў гандлi з iншаземнымi купцамi, рэгулявалi парадак куплi i продажу, прыём у члены цэха i брацтва, адносiны памiж купцамi. Як i цэхi рамеснiкаў, купецкiя брацтвы вялi таксама барацьбу з няцэхавымi гандлярамi, з усякага роду парушэннямi сваёй манаполii.
Пастаянная пагроза быць абрабаванымi на дарозе прымусiла купцоў да стварэння кас узаемадапамогi. Такiя касы былi пры купецкiх брацтвах у Магiлёве, Слуцку i iншых беларускiх гарадах.
Адначасова з развiццём рамяства i гандлю ў гарадах Беларусi развiвалiся крэдытная справа i лiхвярства. Для некаторых гараджан, асаблiва купцоў, лiхвярства стала прафесiяй. Атрымлiваючы высокiя працэнты з даўжнiкоў, яны хутка багацелi.
Гандлёвыя сувязi буйных гарадоў Беларусi з гарадамi суседнiх краiн, а таксама ўнутры краiны садзейнічалі стварэнню ў Беларусi разгалiнаванай сеткi гандлёвых дарог. У першай палове XVII ст. крынiцы называюць больш за 20 буйных "шляхоў i гасцiнцаў". Праз Гародню праходзiла дарога, якая звязвала кiрмашы Менска, Навагародка, Бельска i Варшавы. Дарога памiж Бярэсцем i Люблiнам звязвала гарады Лiтвы i Беларусi з раёнамi цэнтральнай Польшчы i далей з Венгрыяй. Праз Вiльню, Полацк i Невель iшоў "вялiкi маскоўскi гасцiнец". Аналагiчную ролю выконваў тракт, якi праходзiў праз Вiцебск i Смаленск. Не менш развiтай была сетка дарог, якая забяспечвала гандлёвыя сувязi Беларусi з Украiнай. Iснавала таксама мноства дарог мясцовага значэння.
Пры ўсёй разнастайнасцi ўнутраных i знешнiх гандлёвых шляхоў у Беларусi ў XIV – першай палове XVII ст. яшчэ не склаўся адзiны ўнутраны рынак. Для гэтага не было нi эканамiчных, нi сацыяльных, нi палiтычных умоў. Перш за ўсё не было эканамiчнай спецыялiзацыi рэгіёнаў, што паслабляла эканамiчныя сувязi памiж асобнымi тэрыторыямi.
Былi i iншыя прычыны, якiя адмоўна ўплывалi на развiццё гандлю. Пастаяннай пагрозай для купецтва было самавольства магнатаў i шляхты. Нярэдка шляхцiчы групамi гойсалi па дарогах i грабiлi купцоў, грамiлi i разганялi кiрмашы i таргi. Разбой i грабёж часта набывалi такi маштаб, што купцы асобных гарадоў вымушаны былi звяртацца да караля з просьбай абаранiць iх ад самавольства феадалаў.
Сапраўднай трагедыяй для купцоў абарочвалiся шматлiкiя войны, якiя праходзiлi па тэрыторыi Беларусi. I без таго панаваўшае на дарогах шляхецка-магнацкае свавольства дасягала памераў сапраўднай анархii. Напрыклад, у 1557 г. кароль Жыгімонт ІІ Аўгуст выдаў указ, па якiм купецкiя караваны маглi прасiць у рэгулярных войскаў аховы ад "своволенства, мужобойства рыцараў".
Вялiкiм цяжарам на купецтва клалiся пошлiнныя грашовыя i натуральныя зборы. У тым выпадку, калi тавар правозiўся праз краiну, купец абавязаны быў заплацiць пошлiну ў 2–3 пунктах унутры краiны i ў пункце выезду з яе. Па прыбыццi ў горад ён таксама павiнен быў плацiць за дазвол на продаж тавару. Акрамя таго, купцу даводзiлася плацiць пошлiны, устаноўленыя феадаламi за праезд па збудаваных iмi мастах, насыпах, а то i проста за праезд па дарозе, якая праходзiла праз iх уладаннi. Асаблiва пашыраны гэты вiд пабораў быў у першай палове XVII ст., калi феадалы пачалi будаваць масты праз рэкi, насыпы праз балоты на гандлёвых шляхах, якiя звязвалi Оршу, Вiцебск, Полацк, Лiду, Навагародак, Нясвiж з Вiльняй i памiж сабой. Гэта своеасаблiвая "будаўнiчая лiхаманка" паказала, якой важнай крынiцай даходу была гандлёвая дзейнасць гарадоў Беларусi i якiм безабаронным было купецтва перад феадаламi.