Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
lekc2.doc
Скачиваний:
46
Добавлен:
10.11.2019
Размер:
1.89 Mб
Скачать

Лекцыя 25. Берасцейская царкоўная унiя

  • Унiяцкая iдэя ў Вялікім княстве Літоўскім

  • Падрыхтоўка i зацвярджэнне унii, яе ўмовы

  • Барацьба унiяцкай царквы за iснаванне i самабытнасць

Унiяцкая iдэя ў Вялікім княстве Літоўскім

Царкоўны раскол 1054 г. з'яўляецца адной з найвялiкшых недарэчнасцяў чалавечай гiсторыi, негатыўныя вынiкi якога вось ужо амаль тысячагоддзе зведвае на сабе ўвесь хрысцiянскi свет. Кiраў­нiкi праваслаўнай i каталiцкай канфесiй выношвалi iдэю скасаваць збудаваную вякамi загародку памiж цэрквамi i ўзмацнiць хрыс­цiянства праз яднанне.

Iдэя унii то замiрала, то зноў уваскрасала. Была i спроба яе рэалiзацыi ў 1439 г. у Фларэнцыi. Тады ўпершыню ўдалося пры­мiрыць грэкаў з рымскай царквою. Пад Фларэнцiйскай унiяй стаяў подпiс маскоўскага мiтрапалiта. Фармальна яна пашыралася i на Вялiкае княства Лiтоўскае, але фактычна не была тут здзейснена.

У XV ст. унiяцкiя тэндэнцыi былi вельмi моцнымi ў Вялікім княстве Літоўскім, якое больш за iншыя дзяржавы адчувала негатыўныя наступствы падзелу хрысцiянства. Iдэя царкоўнага саюза мела ў грамадскiм жыццi княства духоўна-культурныя i рэлiгiйна-царкоўныя каранi. Каранi гэтыя – у геапалiтычным становiшчы ВКЛ памiж Усходам i Захадам: памiж дзвюма магутнымi палiтычнымi сiламi – Польшчай i Маскоўскай дзяржавай i двума сусветнымi рэлiгiйнымi цэнтрамi – Ватыканам i Канстанцiнопальскiм патрыярхатам. Гэты геапа­лi­тычны фактар, без улiку якога нельга правiльна ацанiць многiя падзеi нашай мiнуўшчыны, абумовiў шматвяковую барацьбу беларускага i ўкраiнскага народаў на чале са сваiмi лiдэрамi за дзяржаўны i культурна-рэлiгiйны суверэнiтэт. Iмкненне ВКЛ да дзяржаўна-царкоўнай незалежнасцi выклiкала ўзрастаючае супрацьдзеянне як з боку Польшчы, так i з боку Маскоўскай дзяржавы. Калi ў адносiнах з заходнiм суседам час ад часу ўдавалася дасягнуць пэўных кампрамiсаў, адносiны з усходнiм станавiлiся ўсё больш скла­данымi. Пэўным колам ў ВКЛ здавалася, што шляхам рэгiя­нальнай унii (калi правалiлася унiя ўсяленская – Фларэнцiйская) магчыма вырашыць праблему супрацьстаяння на нашых землях Захаду i Усходу i стварыць самастойную царкву. Для шэрагу гра­мадскiх i рэлiгiйных дзеячаў царкоўны кампрамiс з'яўляўся таксама сродкам iнтэграцыi ў Заходнюю Еўропу. Падлiчана, што з дзевяцi абраных у княстве ў XV ст. мiтрапалiтаў пяцёра былi унi­я­тамi ці прыхiль­нiкамi унiяцкай iдэi.

Канфесiйны антаганiзм у ВКЛ прымусiў ужо Вiтаўта шукаць самастойныя шляхi царкоўна-рэлiгiйнага развiцця сваёй дзяржавы. Князь дамогся стварэння Лiтоўска-Навагародскай мiтраполii, незалежнай ад Маскоўскай, i вёў яе да яднання з Ватыканам, маючы на мэце стварэнне ў сваёй краiне адзiнай самастойнай царквы, без яе падзелу на польска-каталiцкую i руска-праваслаўную. Вiтаўту i яго пераемнiкам не ўдалося ўвасобiць гэты намер у жыццё. Такiм чынам, унiяцкая iдэя мела як экуменiчныя, так i палiтычныя мэты.

Беларусы, а таксама ўкраінцы, былі адносна падрыхтаваны да рэалiзацыi iдэi унii. Гэта i папулярнасць iдэi хрыс­цiян­скага адзiнства, i спецыфiчны, сфарміраваны 200-гадовым суiсна­ваннем побач з каталiцтвам, менталiтэт заходняга праваслаўя, i масавыя мiжканфесiйныя шлюбы, i сувязь iдэi унii з iдэяй царкоўнай i дзяржаўнай незалежнасцi ВКЛ, а таксама з iдэяй iнтэграцыi ў еўрапейскую культуру, i ўзрастаючая пагроза дзяржаўнаму iснаванню ВКЛ з Усходу i г. д.

Люблiнская унiя, Рэфармацыя i контррэфармацыя, завяршэнне працэсу фармiравання ўсходнеславянскiх народнасцяў, ускладнёнае дэнацыяналiзацыяй сацыяльных вярхоў, стварылi новую геапа­лiтычную сiтуацыю ва Усходняй Еўропе i новую культурна-рэлi­гiйную сiтуацыю на тэрыторыi Беларусi i Украiны. Праваслаўная царква – адна з асноўных крынiц i носьбiтаў духоў­насцi, асветы, лiтаратуры, мастацтва, этнiчнай адметнасцi – знахо­дзiлася тады, паводле слоў сучаснiка, у стане "упадку, знишченью и опущенью". Стала вiдавочным культурнае "спазненне" ад цэнтральна- i заходнееўрапейскiх краiн беларускага і ўкраiнскага грамадства. Яно арыентавалася на Вiзантыю i яе культуру, а тая ўжо страцiла лiдзiруючае становiшча ў хрысцiянскiм свеце,

І iдэолагi контррэфармацыi, i творцы унii, i апалагеты праваслаўя галоўную прычыну адставання бачылi ў няздольнасцi праваслаўнай царквы стварыць належную сiстэму адукацыi, падрыхтаваць кадры высокаквалiфiкаванага духавенства, развiць багаслоўскую навуку i прапаведнiцкае майстэрства. Царква была не ў стане задаволiць духоўныя патрэбы грамадства, губляла свой аўтарытэт, падаў прэстыж святарства. Па словах П. Скаргi, на Русi "попы схолопели, а наука упала". На вялiкую патрэбу "закладанья школ и наук вольных" указваў у 1593 г. свецкi лiдэр беларускага і ўкраiнскага праваслаўя магнат К. Астрожскi, асаблiва "для цвиченья духовным пильно потребо, ... бо за тым, иж наук нет, великое грубиянство в наших духовных умножилося". Захады праваслаўнай вярхушкi па рэфарміраванню культурных асноў дзейнасцi сваёй царквы не прынеслі плёну. Як прызнаваў у 1595 г. берасцейскi епiскап I. Пацей, саборныя пастановы "з стороны школ и друкарни и иншых речей церкви Божой потребных, же я тому досыть не деет".

Дэградацыя праваслаўя літвінаў і русінаў была часткай крызiсу ўсяго усходняга хрысцiянства. Яго вытокi – у падзенні палiтычнага, рэлiгiйнага i культурнага ўплыву i прэстыжу захопленай туркамi Вiзантыi. У тых умовах у барацьбе з адноўленым i ўзмоцненым каталiцтвам i рэфармацыйнымi плынямi шукаць паратунку i культурнай дапамогi ад Канстанцiнопальскага патрыярхату не прыходзiлася. З'явiлася думка, што залежнасць ад яго карысці не нясе i нават шкодзіць. Рыхтуемае адступленне матывавалася адсутнасцю "жадной утехи и допомоги в церковных справах" з яго боку. Выключалася i арыентацыя на створаны ў 1596 г. Маскоўскi патрыярхат, якi прысвойваў сабе мiсiю "трэцяга Рыма", бо "великое грубиянство, упор и забобоны суть в народе Московском". Акрамя таго, пасля спусташальнай Лiвонскай вайны распаўсюджвання ўп­лыву Масковii баялiся.

Затое прыцягальны прыклад духоўнага ўздыму даў каталiцкi Захад, які пераадолеў рэфармацыйны крызiс. Езуiты паўсюль, у тым ліку i ў Рэчы Паспалiтай, заснавалi добрыя школы, вылучылі красамоўных прапаведнiкаў, таленавiтых пiсьменнiкаў, выдалі каштоўныя кнiгi, пазакладалi друкарнi i аздаравiлi касцёл. Каталiцкi клiр аказаўся вышэй праваслаўнага з пункту гледжання асветы. Гэтыя поспехі паказалі адставанне ўсходнеславянскага свету. А тут яшчэ iдэолагi контррэфармацыi малявалi светлую карцiну яго жыцця пад апекай рымскай курыi. Захад прапаноўваў гатовыя мадэлi рэформаў для Кiеўскай мiтраполii.

Але значная частка праваслаўнага духавенства займала ахоўна-кансерватыўную пазiцыю i ў сваiм непрыняццi "лацiнства", адмаў­леннi набыткаў еўрапейскай рэлiгiйнай i свецкай культуры пра­водзiла палiтыку духоўна-культурнай iзаляцыi Беларусi ад заходняга свету. Тыя лiдэры беларуска-ўкраiнскага праваслаўя, якiмi рухала iмкненне павесцi свае народы па дарозе еўрапейскага прагрэсу, пайшлi на наладжванне дыялогу з Захадам. Унiя абяцала iм, без страты пасад, далучэнне да яго багатых iнтэлектуальных дасягненняў. Шлях пераадолення крызiсу i аднаўлення бачыўся ў выхадзе з царкоўнай i культурнай арбiты Вiзантыi i пераходзе пад кiраўнiцтва другога сусветнага хрысцiянскага цэнтра.

Завяршалася фармiраванне беларускай i ўкраiнскай народнасцяў. Да сярэдзiны XVI ст. праваслаўе з'яўлялася адным з этна­кансалiдуючых фактараў. Але ў новай духоўнай i этнакультурнай сiтуацыi яно праявiла нягнуткасць, няздольнасць уличваць інтарэсы гэтых народнасцяў, у той час як расiйская праваслаўная царква з усталяваннем Маскоўскага патрыярхату набывае нацыянальны характар. На хвалi Адраджэння i Рэфармацыi ў Еўропе ўзнiкаюць iншыя нацыянальныя цэрквы: у Чэхii (гусiзм), Германii (лютэранства), Швейцарыi (кальвiнiзм), Англii (англi­канства). Зараджэнне ў выглядзе унiяцтва беларускай i ўкраiнскай нацыянальнай царквы цалкам упiсваецца ў культурна-гiстарычны кантэкст таго часу. Няўдалыя спробы унiяцкага кiраўнiцтва стварыць у другой чвэрцi XVII ст. уласны патрыярхат пацвярджаюць гэты намер.

Заключэнню Берасцейскай унii папярэднiчала спецыфiчная моўная сiтуацыя: паланiзацыя (тады яшчэ добраахвотная) пануючага класа, патрэба ў лацiне як сродку адаптацыi да заходнееўрапейскай навукi i культуры, штучнае падтрыманне праваслаўнай царквой зжываўшай сябе царкоўна-славяншчыны i, галоўнае, абуджаная Рэфармацыяй цiкавасць да нацыянальных моў. Яшчэ В. Цяпiнскi асуджаў тых паноў, якiя "i пiсьмом сваiм, а звлашча ў слове божым устыдаюць". Прыхiльнiкi унii адчувалi патрэбу шырокага дапушчэння ў царкву i школу роднай мовы, недахоп на ёй канфесiйнай лiтаратуры. Як пiсаў у 1595 г. I. Пацей, "люди народу нашого Русского тое згоды светое бегають" таму, што "коли письма и книг светых отец, до таковых речей потребных в нашом языку не маем, а чужым верити не хочем, але все людское ганим, а своего лепшого не покажем".

Не паспелi аформiцца беларускi i ўкраiнскi этнасы, як на iх абрынула паланiзацыя, якая iшла праз касцёл. Многiя з магнатаў i шляхты iшлi ў Рэфармацыю, а праз яе – у каталiцызм. "Люди нашое религии згоршили, ... – пiсаў у 1593 г. кiеўскi ваявода, – многие, насмеиваючисе з нее и опускаючи, до розмаитых сект утекают". "... Што ся в моей епископии Берестейской деет, – скардзiцца Пацей (1595 г.). – Але то горшое злое, же отпадают не по одному, але громадами, видячи нашу непотужность; а потом Бог то ведает, з ким ся зостанем". Праваслаўная царква страцiла сваю элiту – iнтэлiгенцыю. Трэба было ратаваць паству ад пераходу на лацiнскi абрад. Пошукi рэлiгiйнай альтэрнатывы праваслаўю i каталiцызму прывялi мясцовых хрысцiянскiх лiдэраў да iдэi царкоўнай унii. Падбiраючы канфесiю "пад сябе", яны аддалi перавагу сувязям з заходнееўрапейскiм светам.

Такiм чынам, пэўныя духоўныя i свецкiя колы разарванага Люб­лiнскай унiяй на часткi Вялiкага княства Лiтоўскага ўбачылi ў царкоўным аб'яднаннi шлях да духоўнага адраджэння беларуска-ўкра­iнскага грамадства i ўмацавання яго культурна-рэлiгiйнай i этнiчнай асобнасцi ў праваслаўна-каталiцкiм атачэннi.

У апошняй трэцi XVI ст. Ватыкан у сваiх планах распаўсюджвання ўплыву на праваслаўны Усход звярнуў асаблiвую ўвагу на беларускiя i ўкраiнскiя землi. Заснаванне Маскоўскага патрыярхату ў 1589 г. узмацнiла праваслаўе на расiйскiх землях. Таму папства паспяшаласяся з наблiжэннем да сябе другой часткi ўсходнеславянскага свету. Праз унiю яно намервалася кампенсаваць страту сваiх пазi­цый i мiльёнаў вернiкаў на пратэстанцкiм Захадзе. Намеры папства супалi з iмкненнем палiтыкаў Рэчы Паспалiтай умацаваць дзяржаву, якую раздзiралi рэлiгiйныя супярэчнасцi праз аднаверства ўсiх падданых.

Такiм чынам, рэлiгiйная згода 1596 г. з'явiлася ў вынiку збегу як комплексу еўрапейскiх рэлiгiйна-палiтычных адносiн 60–90-х гадоў XVI ст., так i ўнутраных абставiн. Яна была дасягнута папствам і кіраўніцтвам Кіеўскай мітраполіі, кожны з якіх меў свае інтарэсы і праводзiў уласную лiнiю ў царкоўнай сферы. Ватыкан разглядаў унiю (грэка-каталiцтва) як пераходную ступень у рыма-каталiцтва. Беларуска-ўкраінская царкоўная іерархія дастаткова паслядоўна адстойвала мясцовыя рэлiгiйна-палiтычныя i этнакультурныя iнтарэсы.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]