Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
lekc2.doc
Скачиваний:
46
Добавлен:
10.11.2019
Размер:
1.89 Mб
Скачать

Пачатак першай Паўночнай вайны. Кейданская унія 1655 г.

Калі руская армія ўвайшла ў Вільню, шведскія войскі пад кіраўніцтвам Магнуса Дэлагардзі ўварваліся з Лівоніі ў паўночныя раёны Літвы. Адначасова шведскі дэсант высадзіўся ў Польскім Памор’і. Пачалася Паўночная вайна, якую ў польскай гістарыяграфіі лічаць першай («патоп»), а ў шведскай – другой. Шведскі кароль Карл X Густаў імкнуўся ўзяць пад кантроль усё ўзбярэжжа Балтыкі. Да таго ж не было канчаткова вырашана пытанне тытула караля Рэчы Паспалітай. Вядома, што Ян ІІ Казімір належаў да шведскай дынастыі Вазаў і прэтэндаваў на шведскі прэстол.

У выніку здрады польскае войска капітуліравала пад Гданьскам. Шведы захапілі Познань, Каліш, а ў верасні 1655 г. – Варшаву і Кракаў. Рэч Паспалітая апынулася на мяжы ваенна-палітычнай катастрофы. Кароль Ян ІІ Казімір выехаў на поўдзень краіны, а адтуль – у Аўстрыю. Ён заклікаў шляхту на рокаш супраць шведаў. Дарэчы Карла Х падтрымала пратэстанцкая шляхта шведскай арыентацыі. Супраць яе і захопнікаў была ўтворана канфедэрацыя ў Тышоўцах, якую ўзначаліў каронны гетман С.Патоцкі. Яе падтрымала большасць палякаў. Супраціўленне набыло характар шырокага народнага руху.

10 ліпеня 1655 г. шведскае войска начале з Густавам Левенгаўптам увайшло ў Дзвінск. За лета шведы авалодалі Жамойціяй, часткай Трокскага і Віленскага ваяводстваў. Ёхан Уленброк заняў Браслаўскі павет, Друю, Дрысу, Іказнь. Магнаты і шляхта ВКЛ былі пастаўлены перад дылемай выбару шведскай або расійскай арыентацыі. Ад імя кіруючых колаў краіны вялікі гетман Януш Радзівіл разам са стрыечным братам Багуславам Радзівілам 17 жніўня 1655 г. падпісалі дагавор у Кейданах аб прызнанні пратэктарату Швецыі над Вялікім княствам Літоўскім з захаваннем правоў і прывілеяў магнатаў, шляхты і каталіцкага кліру.

З удзелам інфлянцкага губернатара М. Дэлагардзі ў Кейданах вяліся складаныя перагаворы, пакуль 20 кастрычніка не быў прыняты новы тэкст пагаднення, які дэклараваў уступленне ВКЛ у раўнапраўную унію са Швецыяй і прызнанне шведскага караля вялікім князем літоўскім. Гэты акт падпісалі 1163 асобы, у асноўным прадстаўнікі шляхты і каталіцкага духавенства. Прысутнічаў і К. Паклонскі са сваім палком. Януш Радзівіл быў узнагароджаны шведскім ордэнам «Імя Ісуса».

Аднак большасць шляхты краіны падтрымлівала караля Яну ІІ Казіміра. Частка войска ВКЛ (2 тыс.) абвясціла сябе канфедэрацыяй. Яе ўзначаліў віцебскі ваявода Павел Сапега. Канфедэрацыя заняла антырадзівілаўскую і антышведскую пазіцыю. Кароль Ян ІІ Казімір загадаў канфіскаваць радзівілаўскія маёнткі.

Шведы паспелі ўзяць пад свой кантроль Жамойць, а ў Беларусі яны занялі Браслаў, Іказнь, Друю, але гарнізонаў не пакінулі. Яшчэ ў кастрычніку галоўныя сілы генерала Дэлагардзі пайшлі ў Прусію да Карла X. На адышоўшай да Швецыі паводле кейданскай уніі тэрыторыі засталося ўсяго некалькі тысяч шведскіх жаўнераў. Гэта само па сабе рабіла прынятыя ў Кейданах умовы невыканальнымі. Страціўшы большую частку арміі, гетман Януш Радзівіл закрыўся ў сваім моцным замку Тыкоцін, быў абложаны войскам Сапегі, і 31 снежня 1655 г. памёр. Магчыма, ён быў атручаны. Смерць галоўнага ініцыятара аб'яднання са Швецыяй прадвызначыла і лёс Кейданскай уніі.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]