Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
! ПРАКТИКУМ-- ИСТОРИЯ ФИЛОСОФИИ.doc
Скачиваний:
32
Добавлен:
12.11.2019
Размер:
2.02 Mб
Скачать

9.3. Гласарый

Антытрынітарызм. Рэлігійныя і філасофска-рэлігійныя дактрыны рэфармацкіх інтэлектуалаў другой паловы XVI – сярэдзіны XVII стагоддзя. Саміх гэтых інтэлектуалаў называлі яшчэ «арыянамі», але гэта не самавызначэнне, а назва, якую пачалі ўжываць у дачыненні да іх традыцыйныя кальвіністы.

Арыяне, альбо антытрынітарыі ўзніклі ў выніку расколу кальвінісцкага руху на глебе дыскусій вакол догмы аб Святой Троіцы. Прызнаўшы традыцыйную інтэрпрэтацыю догмы за непраўдзівую, частка кальвіністаў Рэчы Паспалітай утварыла ў 1562–1565 гадах уласны Збор, які пачаў сябе называць меншым. Самі ж дысідэнты называлі сябе ні арыянамі, ні антытрынітарыямі, а проста хрысціянамі альбо братамі. Пазней, асабліва пасля іх эміграцыі ў Галандыю, іх пачалі называць «польскімі братамі», хаця спачатку назва «польскія браты» адносілася толькі да ўласна польскай часткі арыян, адрозна ад «літоўскіх» братоў.

Арыяне не былі ад пачатку ні арганізацыйна, ні ідэалагічна гамагенным рухам, іх дзейнасць складалася з асабістых ды групавых ініцыятыў, якія абмярковаліся на сумесных сустрэчах і ўхваляліся альбо адкідаліся. Пэўная ідэалагічная ды арганізацыйная ўнармаванасць паўстала толькі на пераломе 16 і 17 стагоддзяў і гэтая уніфікацыя была звязана з дзейнасцю італьянскага эмігранта Фаўста Соцына.

У выніку ў першай палове 17 стагоддзя Арыянскі Збор Рэчы Паспалітай перарастае ў феномен агульнаеўрапейскай значнасці са сталіцай у Ракаве, дзе адбываліся сіноды. У 1602 годзе Гімназія пераўтварылася у Вышэйшую Школу. Была заснавана таксама друкарня, прадукцыя якой была вядома ў Еўропе.

У 1638 годзе паводле пастановы Сойму, Гімназія і друкарня ў Ракаве былі зачынены. У 1658 годзе Сойм Рэчы Паспалітай абвясціў, што ўсе арыяне на працягу трох год павінны альбо перайсці ў каталіцтва, альбо выехаць з краіны пад пагрозай смяротнага пакарання. Большасць шараговых прыхільнікаў падпарадкавалася пастанове, але ўсё вышэйшае кіраўніцтва, у тым ліку і ўсе ідэолагі, выехала ў Галандыю. Там у 1665–1668 гадах пад кіраўніцтвам А. Вішаватага пачала выходзіць так званая Bibliotheca Fratrum Polonorum (бібліятэка польскіх братоў). Апошні том бібліятэкі выйшаў у 1692 годзе.

Гісторыя ідэй – новая для беларускага інтэлектуальнага кантэксту дысцыпліна, якая ўзнікла на памежжы гісторыі філасофскай думкі і інтэлектуальнай і культурнай гісторыі.

Яна даследуе інтэлектуальныя аб’екты ў часе і прасторы.

Каталог такіх аб’ектаў дастаткова шырокі: ад ідэй і канцэптаў, выяўленых у класічных філасофскіх тэкстах, да пэўных ментальных структур, характэрных больш для штодзённасці той альбо іншай эпохі.

У адрозненне ад класічнай гісторыі думкі (у аснове якой заўсёды ляжыць гісторыка-філасофскі канон, бо для заходняй традыцыі мысленне адбываецца перадусім у прасторы філасофіі) гісторыя ідэй даследуе не толькі “вышыні” і “дасягненні” думкі, але і звычайныя, штодзённыя структуры мыслення эпохі, тыя ідэі, канцэпты, эмоцыі, якія якраз дзякуючы сваёй ардынарнасці не патрапляюць у поле аналізу і рэфлексіі філасофіі.

У гэтым сэнсе “паварот” ад гісторыі філасофіі да гісторыі ідэй тыпалагічна падобны павароту ад культуралогіі і філасофіі культуры да культурнай антрапалогіі і культурных даследаванняў, павароту, пры якім культура пачынае ўспрымацца як “штодзённае” і звычайнае, тое што абумоўлівае і апасродкуе ўсе чалавечыя практыкі, а не толькі спецыфічна культурную альбо інтэлектуальную актыўнасць. Таксама і думка, мысленне для гісторыі ідэй не зводзіцца і не абмяжоўваецца дысцыплінарнымі, прафесійнымі практыкамі, а з’яўляецца антрапалагічнай данасцю чалавека, якая трансфармуецца, змяняецца ў часе і прасторы.

У адрозненне ад інтэлектуальнай і культурнай гісторыі – гістарычных субдысцыплін, якія таксама даследуюць інтэлектуальныя і культурныя феномены, гісторыя ідэй менш “рэдукцыяністская”. У той час як інтэлектуальная і культурная гісторыя імкнуцца ўпісаць інтэлектуальныя прадукты ў кантэкст эпохі, гістарычнага перыяду, паказаць спецыфічныя сувязі і абумоўленасці, якія вынікаюць з пэўнай лакалізацыі даследаваных з’яваў, – гісторыя ідэй больш фенаменалагічная. Яна імкнецца прасачыць не столькі гарызантальныя сувязі (з сацыяльнымі, эканамічнымі, палітычнымі практыкамі эпохі), колькі засяроджвае сваю ўвагу на вертыкальным аспекце, на момантах пераемнасці, працягласці і разрываў, характэрных для тых альбо іншых феноменаў.