Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
діплом..docx
Скачиваний:
37
Добавлен:
23.09.2019
Размер:
93.97 Кб
Скачать

3. Вобраз Бацькаўшчыны ў творах ф.Багушэвіча.

У артыкуле “Вера і нацыянальнасць” (1914) Янка Купала пісаў: “Ці беларус праваслаўны, ці беларус католік павінен ясна сабе ўсведамляць, што ён сын сваёй Бацькаўшчыны, гаспадар свайго краю, і для дабра гэтай сваёй Бацькаўшчыны, для лепшай і святлейшай сваёй долі не павінен слухаць падшэптаў нянавісці да свайго брата, адкуль бы гэтыя шэпты ні выходзілі” [14, с. 24].

Менавіта такімі ж ідэямі быў апантаны і Ф.Багушэвіч. Ён мусіў вывесці свайго героя на шлях пошукаў сваёй Бацькаўшчыны, пошукаў свайго гістарычнага імя. Сваім кнігам аўтар даваў відавочна тэндэнцыйныя назвы – “Беларускія апавяданні...”, “Скрыпка беларуская”, “Смык беларускі”, што сведчыць аб тэматычнай зададзенасці яго як паэта. І гэта зразумела чаму: свет нарэшце павінен быў даведацца, што ёсць Беларусь, што ёсць беларусы.

“Можа, хто спытае: дзе ж цяпер Беларусь? Там, братцы, яна, дзе наша мова жыве: яна ад Вільні да Мазыра, ад Віцебска за малым не да Чарнігава, дзе Гродна, Мінск, Магілёў, Вільня і шмат мястэчкаў і вёсак…” – так гаворыць Ф.Багушэвіч у прадмове да “Дудкі беларускай”.[1, с.32].

Ф.Багушэвіч гаворыць, што Беларусь там, але не тут…І ў адрозненні ад тутэйшасці, што супадае з пэўным найменаваным месцам, і, супадаючы, забывае нешта, што дазваляе “абмежаванаму” выходзіць за свае межы і знаходзіць сваё па-за месцам свайго жыхарства, Беларусь жа знаходзіцца на пэўнай адлегласці да кожнага канкрэтнага месца. Беларусь знаходзіцца на шляху да Беларусі, і таму, што яна знаходзіцца на шляху, яна не проста прысутнічае ў прасторы, як прысутнічае тутэйшае, а пастаянна самавыяўляецца.

Вызначаючы месца тутэйшасці ў стасунку да беларушчыны, прывядзем словы В. Булгакава, якія сталі асноваю беларускага нацыянальнага дыскурсу. Паводле назіранняў даследчыка, азначэнне «тутэйшы» — гэта сярэдняе звяно ў ланцугу паслядоўнай этнакультурнай трансфармацыі (літвін — тутэйшы — беларус): «У “тутэйшым”, выходзячы з дадзенага гарызонту досведу, “памёр” ужо ліцвін, але яшчэ “не нарадзіўся” “беларус”» [2, с. 344].

Ужо ў прадмове да “Дудкі беларускай” чуюцца народныя тоны, якія з’яўляюцца асноўнымі для ўсебаковага адраджэння народу, тоны поўныя гарачай любові да роднай краіны.

«Братцы мілыя, дзеці Зямлі-маткі маей! Вам афяруючы працу сваю, мушу з вамі пагаварыць трохі аб нашай долі-нядолі, аб нашай бацькавай спрадвечнай мове, каторую мы самі, да і не адны мы, а ўсе людзі цёмныя «мужыцкай» завуць, а завецца яна «беларускай»» [1, с. 21], — такімі словамі пачынаецца прадмова да зборніка «Дудка беларуская». У ёй аўтар падкрэслівае спрадвечнасць бацькоўскай мовы, якая такая ж «людская і панская, як і французская, альбо нямецкая, альбо і іншая якая». Параўноўваючы Беларусь з «Булгарыяй, Харватыяй, Чэхіяй» і іншымі краінамі, якія «маюць па-свойму пісаныя і друкаваныя» кніжкі і газеты («і набожныя, і смешныя, і слёзныя»), паэт заўважае, што культурны чалавек павінен ведаць іншыя мовы, але найперш «трэба знаць сваю».

Ф. Багушэвіч лічыць нацыянальную мову найважнейшай формай выяўлення духоўнасці народа, раскрываючы ў творах таямніцы душы простага тутэйшага чалавека, яго імкненне да вольнасці, незалежнасці, не хоча, каб душа беларуса стала чужой, падменнай. Паэт з гневам выкрывае тых, хто грэбуе роднай мовай, абыякава ставіцца да лёсу свайго народа, яго культуры і традыцый.

«Шмат было такіх народаў, што страцілі наперш мову сваю, так як той чалавек прад скананнем, катораму мову займе, а потым і зусім замёрлі. Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, — засцерагае паэт, — каб не ўмёрлі!» [1, с. 22], Уздымаючы голас у абарону роднага люду, Ф. Багушэвіч выказвае глыбокую павагу да іншых народаў і іх моў.

Гледзячы на шэрае, гаротнае жыццё свайго народа, вока Ф.Багушэвіча мімавольна прыкоўвае бедная, крывая, паросшая мохам, сялянская хата. У сваім вершы “Мая хата”, пясняр гаворыць аб вялікай любові да яе, клянецца ніколі не пакідаць яе. А калі б яна цалкам “завалілася” і яму прыйшлося пакінуць яе, ён усё роўна прыйдзе на тое месца і будзе нанава будаваць сваю ўласную, родную хату:

Кепска ж мая хатка, падваліна згніла,

І дымна, і зімна, а мне яна міла;

Не буду мяняцца хоць бы і на замкі,-

Колок свій мілейшы, як чужыя клямкі.

На страсе мох вырас, на маху бярозка.

Мілейшая мне хатка, як чужая вёска.

Я кіну хаты, хоць вы мяне рэжце,

Не пайду да вас я , хіба ў арэшце.

А хоць сілай наве адарвалі з дому,

Калісьці вярнуўся б, як мядзведзь да лому.

Заваліцца й хата, зарастуць пакосы,

Усё б я вярнуся, хоць голы да босы! [17, с. 28].

Вобраз роднай хаты з’яўляецца своеасаблівым сімвалам паднявольнай, стаптанай Беларусі. Для лірычнага героя верша старая непрыгожая будыніна з’яўляецца ўвасабленнем Айчыны, усвядомленым выяўленнем нацыянальнай ідэі.

Свая родная зямля, паводле Ф.Багушэвіча мае чарадзейную сілу : яна і лечыць чалавека ад тугі, яна і лечыць ад хваробы цяжкай. Аб гэтым нам гаворыць Багушэвіч-навабранец, якога царскія ўлады забралі ў войска і за адмову адступіцца ад сваёй уніяцкай веры, на доўгія гады адправілі служыць у Сібір. Ён выжыў там, бо меў з сабой жменьку роднай зямлі.

У вершы “Хрэсьбіны Мацюка” Ф.Багушэвіч ужо на на грунце шырэйшым, на грунце гістарычна-палітычным, адкрывае заслону беларускага нацыянальнага жыцця. Герой верша селянін-беларус, не можа даць дакладнага вызначэння сваёй нацыянальнай прыналежнасці, а лічыць сябе тутэйшым. І менавіта сваю нацыянальную сутнасць спрабуе акрэсліць блізкімі яго жыццёваму вопыту заняткамі і рэаліямі: родныя, хата, зямля:

“Тутэйшы,- кажу я,- свой чалавек:

Сын бацькі свайго, а бацька дзяцей,

Тут і радзіўся, тут жыву век;

Юркам зваць бацьку, я дык Мацей.

Вун гдзе і хата, і выган, і сад;

Там жнець мая жонка, а тут гарэць брат!..”[17, с. 36].

Але далей , калі ў Мацея патрабуюць адрачыся ад сваёй веры і прыняць “рускую”, герой верша ідзе на выпрабаванне, пытку, але не здраджвае святому ў сваёй душы:

“Эй біце ж мацней,

Мацнейшы ад веры вашай Мацей!”

О так то хрысцілі мяне казакі

З тутэйшага ды ў палякі! [17,с. 36].

Сапраўды, у гэтым вершы, поўным горкай сатыры, Ф.Багушэвіч па-мастацку паказаў нам, як царская палітыка беларусаў-праваслаўных з “тутэйшых” перарабляла на расейцаў, а беларусаў-католікаў, з тых-жа “тутэйшых” – на палякаў, адкрываючы перад народам найглыбейшую рану ў нацыянальным жыцці і гэтым будзячы ў ім глыбокае абурэнне на проста жудасны свой народны лёс.

Тое ж і ў вершы “Свая зямля”, герой якога, салдат-беларус, трапіўшы ў расійскае войска, цвёрда трымаецца сваёй веры і адмаўляецца прысягаць цару ў царкве. Урэшце ён дамагаецца свайго:

Такі запісалі, што я каталік

І прысягу даў у касцеле! [17, с. 91].

Але за гэтай гордасцю, за гэтым усведамленнем духоўнай незалежнасці бачыцца народная трагедыя. Бо продкі маладых герояў Ф.Багушэвіча спавядалі уніяцтва, аднак, ратуючыся ад прымусовага ўваходу ў дзяржаўную рэлігію Расійскай імперыі – праваслаўе,- запісваліся да рыма-каталіцкага касцёлу, апазіцыйнага расійскай уладзе. Па мове, па культуры, яны заставаліся беларусамі (хоць і неўсвядомлена), але вымушаны былі лічыцца палякам.

У вершы “Ахвяра” выявілася маральна-этычнае крэда Ф.Багушэвіча. Паэт называе тыя прынцыпы, якімі ў жыцці павінен кіравацца чалавек: ніколі не жадаць чужога, перад моцным не гнуць спіны, а перад слабым не ганарыцца, быць добрым бацькам і сем’янінам, любіць сваю зямлю і “не прагнуць айчызны чужой”. Лірычны герой твора набліжаны да асобы аўтара. Свайму герою Ф.Багушэвіч перадае і ўласную непавагу да паноў. Тое, што яму бачыцца як самае вартае, самае каштоўнае – справядлівасць, праўда, роўнасць, узаемапавага, сумленнасць, любоў да бліжняга і роднай зямлі – ніяк не стасуецца з паводзінамі, з поглядамі на жыццё прадстаўнікоў пануючага класа. Таму верш пачынаецца і заканчваецца зваротам: “Маліся ж бабулька да Бога,/ Каб я панам ніколі не быў”. Для многіх беларускіх пісьменнікаў 20 стагоддзя як запавет гучалі наступныя радкі верша “Ахвяра”:

Каб людзей прызнаваў за братоў…

Каб за край быў умерці гатоў,

Каб не прагнуў айчызны чужых…

Каб не здрадзіў за грошы свій люд.

Каб падвойчы мне грошы не браць

За праданы кусочак раллі,

Каб сваю мне зямельку араць

І ўмёрці на ёй хоць калі. [1, с. 56].

Мы бачым, што аўтар выказвае думкі аб тым (ад імя свайго герая) , што ён хоча араць сваю зямельку, жыць з працы сваіх рук, ён хоча горача любіць сваю радзіму, быць да канца ёй адданым.

Такім чынам, мы бачым, што адным з скразных вобразаў у творчасці Ф.Багушэвіча з’яўляецца – вобраз Бацькаўшчыны. Ён выпакутаваў імя Беларусі. Прыйшоў да яго, перажыўшы горыч нездзяйсняльных юначых ідэалаў паўстанца 1863 года, дваццацігадовае блуканне па чужых краях, што з’явілася своеасаблівай ссылкай. На трагічных ростанях айчыннай гісторыі, дзе каханая Бацькаўшчына знікала, раставала, як “прывід надзеі”, разгледзеў ён сваю Беларусь і паспяшыў абвясціць пра тое ўсяму тутэйшаму люду.