Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
діплом..docx
Скачиваний:
37
Добавлен:
23.09.2019
Размер:
93.97 Кб
Скачать

2. Праблема нацыянальнага героя ў мастацкай карціне свету Францішка Багушэвіча

Як пісьменнік Францішак Багушэвіч выступіў у час, калі ўсякія праявы грамадскай дзейнасці падаўляліся з боку царскага самаўладства. Пісаць і распаўсюджваць свае творы ў такіх умовах было вельмі цяжка. Справу ўскладняла яшчэ і тое, што царызм не хацеў мірыцца з развіццём новых нацыянальных літаратур, такіх, як беларуская і ўкраінская, тым самым жорстка праследаваў гэтыя літаратуры.

Цяжкасць была яшчэ і ў тым, што ў народзе не было развіта пачуццё нацыянальнай самасвядомасці. Таму галоўнай задачай пісьменнікаў таго часу – было абуджэнне павагі да сваёй мовы, літаратуры, культуры.

Іменна такую мэту і ставіў Францішак Багушэвіч у “Прадмове” да зборніка “Дудка беларуская”: “Братцы мілыя, дзеці Зямлі-маткі маёй! Вам ахвяруючы працу сваю, мушу з вамі пагаварыць трохі аб нашай долі-нядолі, аб нашай бацькавай спрадвечнай мове, каторую мы самі, ды і не адны мы, а ўсе людзі цёмныя “мужыцкай” завуць, а завецца яна “беларускай”… Мова наша такая ж людская, як і іншая якая” [1; с.16].

“Прадмова” – глыбока патрыятычны твор. Францішак Багушэвіч горача выступае ў абарону роднай культуры, выкрывае адшчапенцаў, якія выракаюцца мовы свайго народа, “ахвотней гавораць па-французску, як па-свойму”, ён кідае папрок і тым, хто абыякава ставяцца да роднай культуры, да лёсу свайго народа [1; с.16].

Асноўнай ідэяй “Прадмовы” з’яўляецца думка пра нацыянальнае самавызначэнне беларускага народа, сцвярджэнне гістарычнага лёсу народа, яго мовы як “адзежы душы”. Францішак Багушэвіч лічыць нацыянальную мову найважнейшай формай выяўлення духоўнасці народа, асноўнай рысай нацыі: “Гдзе ж цяпер Беларусь? Там, братцы, яна, гдзе мова наша жывець” [1; с.16]. Сваімі творамі, напісанымі на беларускай мове, аўтар не раз падкрэслівае высокае прызначэнне літаратуры ў вырашэнні праблемы нацыянальнага самавызначэння народа. Менавіта ў прадмове да зборніка “Дудка беларуская” Францішак Багушэвіч настойліва пераконвае свайго адрасата, што яны – беларусы, што іх радзіма – Беларусь, каб заўсёды і перад усім і кожным годна нёс прыналежнасць да яе, каб адчуваў сябе сынам свайго народа, тутэйшым. Імкненне давесці сваім чытачам, што яны менавіта беларусы, што так павінны сябе адчуваць і называць, падкрэсліваецца і самімі назвамі зборнікаў пісьменніка “Дудка беларуская” і “Смык беларускі”. У кожнай з іх ёсць слова “беларускі”, якое займае інверсійнае становішча да назоўніка, чым падкрэсліваецца яго значнасць. Пісьменнік звяртаецца да сваіх сучаснікаў, а праз стагоддзі і да нас з заклікам-маленнем: “Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!” [1; с.17].

У сваіх паэтычных зборніках Францішак Багушэвіч не толькі звяртаецца да народа з мэтай абудзіць іх нацыянальную самасвядомасць, але і “ўсебакова раскрыў вобраз беларуса: яго маральныя і эстэтычныя ідэалы, яго духоўны свет і псіхічныя асаблівасці, яго эканамічнае і палітычнае становішча, яго мову і светаўспрыманне” [; с.5]. У падыходзе да паказу жыцця ў творах пісьменніка пераважае негатыўнае стаўленне да рэчаіснасці, да існуючага ладу, рашучае адмаўленне яго. Аб гэтым сведчаць такія вершы, як “Мая дудка”, “Смык”, прадмова да зборніка “Смык беларускі”.

Францішак Багушэвіч таксама надаваў вялікае выхаваўча-пераўтваральнае значэнне літаратуры. Сваімі творамі ён заклікае беларускі народ прачнуцца, азірнуцца навокал, усвядоміць, што ён – асноўная сіла жыцця. Так, у вершах “Мая дудка”, “Смык”, увасабляючы паэзію ў вобразах народных музычных інструментаў, а паэта – у ролі народнага музыкі-дудара, Багушэвіч выказвае жаданне зайграць так, “каб зямля стагнала, каб слязьмі прабрала, каб было аж жудка”, “каб пачуў усяк, ды каб літасць меў, каб цвёрды размяк, каб мяккі аж млеў”. Ідалей у вершы “Смык”: “Як смычком бы тым камень зачапіць, дык пайшоў бы дым… Камень не сцярпіць!”[1; с.18,66].

З адзначанай асаблівасцю непасрэдна звязана і такая рыса паэзіі Францішка Багушэвіча, як адкрытая тэндэнцыйнасць. Пісьменнік ніколі не задавальняецца дакладным апісаннем жыццёвых з’яў, хоць ужо аднаго гэтага было б дастаткова, каб паказаць бесчалавечнасць існуючага ладу. Ён згушчае фарбы, шырока выкарыстоўвае такія паэтычныя прыёмы, як гіпербала, іронія, сарказм, тыя сродкі, якія ўзмацняюць уражанне, выклікаюць у чытача моцныя перажыванні і пачуцці – гнеў, нянавісць, абурэнне.

Выдатным прыкладам такога падыходу да паказу жыцця з’яўляецца верш “Бог не роўна дзеле”, цалкам пабудаваны на кантрастах, гіпербалічных супрацьпастаўленнях:

Чым то дзеіцца на свеце,

Што не роўна дзеліць бог?

Адзін ходзе ў саеце,

У золаце з плеч да ног,

А другому, каб прыкрыцца

Хоць анучай – велькі труд;

Весь, як рэшата, свіціцца,

Адны латы, адзін бруд! [1; с.25].

Францішак Багушэвіч так падбірае жыццёвыя з’явы і факты, так падае іх, што сапраўды становіцца “жудка” і ўзнікае адзінае пачуццё – нянавісць да такога жыцця.

Паэзія пісьменніка, т.ч., не толькі давала чытачу праўдзівае ўяўленне аб жыцці, яна абуджала пратэст, настроі і думкі. Адзначаная рыса творчага метаду Францішка Багушэвіча абумоўлівае тэматычную накіраванасць яго паэзіі. Уся яго творчасць развіваецца вакол трох асноўных тэм – паказ сацыяльнага становішча працоўнага народа, крытыка паслярэформеннай рэчаіснасці і патрыятычная тэма.

Галоўным героем сваіх твораў Францішак Багушэвіч абраў селяніна, якому проціпастаўлены вобразы, якія трымалі ў сваіх руках уладу над простым людам. У творах аўтара няма ні ценю згодніцтва паміж селянінам і панамі. Ні пра каханне, ні пра прыгажосць зялёных сялянскіх палеткаў Францішак Багушэвіч не піша, а толькі пра адно – пра бяспраўе простага чалавека, пра яго нязноснае жыццё. Гора, пакуты, якія церпіць селянін ад царскага самаўладства, паэт як бы пераносіць на ўвесь навакольны свет, і свет гэты ў яго творах паўстае суровым і змрочным.

Уся беларуская літаратура ХIХ стагоддзя бачыла ў селяніне, простым чалавеку галоўнага героя, але Францішку Багушэвічу тут належыць асаблівае месца. Аўтар паказаў тое цяжкае становішча, у якім знаходзілася сялянства, пакутуючы ад царызму і бяспраўя. У творах пісьменніка няма і следу паблажлівага стаўлення да пана, якое можна знайсці ў творчасці В.Дуніна-Марцінкевіча.

З самых ранніх гадоў Францішак Багушэвіч меў магчымасць назіраць, як жыве просты люд, запрыгоненае сялянства, бачыў, якія пакуты церпіць народ ад бяспраўя, голаду і нястачы. Гэта на ўсё жыццё зрабіла яго непрымірымым ворагам несправядлівасці. Адзначаная акалічнасць дастаткова цікавая і тым, што сам Францішак Багушэвіч паходзіў са шляхецкай сям’і і , атрымаўшы добрую адукацыю, стаўшы адвакатам, ён абараняе менавіта правы сялян, становіцца іх палымяным заступнікам. Будучы адвакатам, пісьменнік бачыў, як жорстка абыходзяцца з простымі людзьмі, колькі пакут і гора яны церпяць ад царызму. Таксама ў вершах Францішка Багушэвіча, дзе галоўным героем з’яўляецца селянін, мы ніколі не ўбачым яго за працай. Аўтару было не знаёма паўсядзённае жыццё сялян. Таму Францішак Багушэвіч цалкам засяроджвае сваю ўвагу на паказе жахлівага становішча народа, з мэтай абудзіць увагу грамадства да самых вострых пытанняў. Многія яго вершы характарызуюцца выключнай праблемнай насычанасцю, глыбінёй аналізу тагачаснага жыцця. Для прыкладу – верш “Чаго бяжыш, мужычок?”. Напісаны ў форме дыялогу, пытанняў і адказаў, ён так лаканічна і разам з тым выразна характарызуе становішча працоўнага селяніна, даведзенага да крайняй ступені бяспраўя і галечы, што гучыць як суровы прысуд існуючаму ладу. Кожны адказ селяніна ў вершы – вельмі змястоўная характарыстыка яго прыгнечанасці, абяздоленасці, якая наводзіць чытача на глыбокі роздум:

Чаго бяжыш, мужычок?

- Паганяе мароз.

Чаму ляжыш, мужычок?

- Бо ўрадніка вёз.

Чаго ты п’еш, мужычок?

- Бо і хлеба не еў.

За што ты б’еш, мужычок?

- Бо і сам тое меў

На што ты краў, мужычок?

- Бо свайго не пазнаў.

Чаму ты лгаў, мужычок?

- Бо хтось праўду ўкраў [1; с.20].

У беларускай літаратуры ХIХ стагоддзя не многа знойдзецца вершаў, дзе б з такой сілай і так сцісла была раскрыта нядоля народа. Францішак Багушэвіч умеў так пісаць – змястоўна, глыбока і даходліва.

“З твораў Францішка Багушэвіча пра жыццё народа паўстае яркі і каларытны вобраз беларускага селяніна. У адным выпадку, як гэта можна бачыць у вершах “Бог не роўна дзеле”, “Чаго бяжыш, мужычок?”, ён паказваецца як ахвяра існуючага несправядлівага ладу жыцця, як істота, над якой чыняцца страшэнныя здзекі. Мужыка ўсе ўшчуваюць, крыўдзяць, з ім абыходзяцца, як “са скацінай”. Яго абразліва называюць дурным, бо ён цёмны, непісьменны. Багушэвіч гнеўна пратэстуе супраць такіх адносін да мужыка. Ён увесь час падкрэслівае думку, што мужык – гэта чалавек, які заслугоўвае самай высокай павагі, бо яго працай корміцца свет, бо ён – стваральнік матэрыяльных каштоўнасцей на зямлі” – сцвярджае М.Лазарук [; с.234].

Асабліва востра, гнеўна гэты пратэст выяўляецца ў вершы “Дурны мужык, як варона”. Верш гучыць як выкрывальная прамова, звернутая да прыгнятальнікаў. Паэт кідае ў вочы панам гнеўныя, поўныя сарказму словы пра тое, што іменна яны давялі мужыка да такога становішча ў выніку эксплуатацыі яго працы, іменна з іх ласкі перад мужыком закрыты дзверы навукі, асветы, да чалавечага жыцця. Мужык усё лета працуе, а сам хлеба не мае, “мякінцы рады”. Ён пабудаваў прыгожыя гмахі, а сам “жыве ў мокрай яме”.

“Дык крычыце ж, біце ў звона:

Дурны мужык, як варона!” – з едкай іроніяй паўтарае паэт пасля кожнай страфы [1; с.20]. І гэтыя словы з усёй ўзрастаючай сілай гучаць як суровае абвінавачванне панства.

Сам жа паэт да мужыка ставіцца з выключнай павагай, нават з захапленнем, як да чалавека, сіле, працпвітасці, вынослівасці якога можна здзіўляцца:

З камаровы нос сякеру,

Сцісне, крэкне, замахае –

Зробе пушчу, як талерку,

Свет дрывамі закідае! [1; с.21].

Францішак Багушэвіч не толькі абараняе мужыка, сцвярджаючы думку аб яго высокіх чалавечых якасцях. Ён паказвае, што і ў самога мужыка паступова прачынаецца ўсведамленне сваёй чалавечай годнасці. Гэта адчуваецца ў вершы “Чаго бяжыш, мужычок?”, у дасціпных адказах мужыка на пытанні, з якімі да яго звяртаецца паэт. Яшчэ выразней гэта мы бачым у вершы “У астрозе”, дзе расказваецца пра сутычку селяніна з ураднікам. Ураднік складае пратакол на селяніна за тое, што, той, едучы па полі, вывернуў гнілы межавы слуп. Не разумеючы, у чым яго абвінавачваюць, селянін смела пярэчыць гэтаму прадстаўніку закона, нават кідаецца на яго:

Я ж, бічтой узяўшы, ды ззаду зайшоў,

Урадніку трэйчы як дам меж вушоў! [1; с.59].

За гэта селяніна судзілі, але і пасля таго ён не скараецца, злосна крытыкуе царскія законы.

Аднак самым яркім творам, дзе раскрываецца ўсведамленне селянінам сваёй чалавечай годнасці, несумненна, з’яўляецца верш “Не цурайся”. Калі ў папярэдніх вершах Францішак Багушэвіч як народны заступнік выступаў у абарону мужыка, з глыбокім спачуваннем, з грамадзянскім непакоем гаварыў пра яго горкую долю, дык тут ён дае магчымасць мужыку самому выказацца пра ўсё тое, што набалела ў яго душы.

Верш “Не цурайся” напісаны ў форме звароту селяніна да інтэлігента-паніча, які адварочваецца ад народа, не задумваецца аб яго жыцці. Гэта ўсхваляваная прамова, у якой чуецца і скарга на нядолю, і просьба дапамагчы ў бядзе, і гнеўнае абвінавачванне ў адрас паноў, і над усім – усведамленне свайго чалавечага гонару.

У беларускай літаратуры да Францішка Багушэвіча яшчэ не было твора, дзе б селянін з такой годнасцю гаварыў пра свае мазалі як пра заслужаную адзнаку працавітасці, як пра “медаль за труды і за муку”, сваю чорную прапацелую кашулю супрацьпаставіў чыстай кашулі пана, на якой ён бачыў пот многіх людзей. Ён проста саромеўся б насіць яе, бо яна не запрацавана ім:

На кашулю глядзіш крывым вокам

Што ў хаце мне бабы пашылі,

Прапацела яна маім сокам,

Цэлы тыдзень яе не памылі…

А твая ж? як той снег, як папер,

І пацеў хто, і ткаў, ібяліў,

І хто шыў, і хто праў… а цяпер

Ты той пот на сябе узваліў [1; с.86].

Багушэвічаў селянін ужо не проста скардзіцца, ён выказвае патрабаванне лепшага жыцця, патрабуе асветы, патрабуе кніжкі, і не абы-якой, а такой, дзе было б напісана і “аб тым, як мы сеем, аром, і як косім, і жнём божы дар”, - гэта значыць, кніжкі, у якой расказвалася б аб жыцці і працы селяніна, якая б вучыла шанаваць працу, шанаваць “мужыцкі мазоль” [1; с.86].

Праўда, у канцы верша “Не цурайся” ёсць радкі, дзе селянін прыніжана ўпрошвае адукаванага паніча дапамагчы яму, падаць руку і вывесці яго, цёмнага селяніна, сляпога, на светлую дарогу:

Можа б, ты прачытаў той грызмол

І да працы набраў бы ахвоты,

Шанавай бы мужыцкі мазол,

Не цураўся б мужыцкай бядоты,

І падаў бы руку мне, сляпому,

І давёў бы мяне да дарогі:

Не блудзіў бы і я серад лому

І калючак, што раняць мне ногі! [1; с.87].

Такая надзея была неапраўданай, утапічнай. Яна тлумачылася народніцкай верай пісьменніка ў інтэлігенцыю як кіруючую сілу грамадскага развіцця. Але гэтыя апошнія радкі не зніжаюць выкрывальнага пафасу твора ў цэлым.

Верш “Не цурайся” па сваіх мастацкіх, стылёвых асаблівасцях падобны на іншыя творы Францішка Багушэвіча, у якіх аб жфцці расказваецца звычайна ў плане супастаўлення пана і мужыка, шляхам параўнальнай характарыстыкі аднаго і другога. І ў гэтым творы мы ўвесь час сутыкаемся з такім паралельным паказам жыцця селяніна і пана, супрацьпастаўленнем аднаго другому, што выяўляецца нават у падборы аўтарам слоў. Там, дзе размова пра мужыка, ужываюцца словы: мазоль, труды, мука, хвароба, сярмяга, хата, гной, загон, саха, бядота і г.д. І наадварот, панскае жыццё характарызуецца праз такую лексіку: ксёнжка, чыркаць (пісаць) і інш.

Паэзію Францішка Багушэвіча вызначае глыбокае пранікненне ў самую сутнасць з’яў жыцця. Вельмі шмат увагі пісьменнік надае, напрыклад, выкрыццю законаў, якіх павінны прытрымлівацца сяляне. Гэтыя законы трымаюцца на хлусні і несправядлівасці. Аўтар паказвае несправядлівасць царскага суда: тое беззаконне, якое чынілася над простым чалавекам. Добра зведаўшы гэты бок жыцця за доўгія гады працы ў судовых установах, Францішак Багушэвіч вельмі дасціпна высмейвае ахоўнікаў царскага ладу, судовае чыноўніцтва. Заадно ў простай, вельмі даходлівай форме ён раскрывае свайму чытачу ўсю хітрую механіку такога правасуддзя. Таксама, у шматлікіх творах Багушэвіча мы знойдзем адзнакі выкрыцця паслярэформеннай рэчаіснасці. Так, у вершы “Быў у чысцы”, ён характарызуе два розныя перыяды – дарэформенны, прыгонніцтва, і паслярэформенны – і сведчыць, што яны розныя толькі формамі прыгнёту народа:

Там быў аканом, камісар і цівун,

Намеснік, ляснічы, хмістрыня, паны.

І кожны меў права узяць за бізун,

І кожны меў права да нашай спіны…

А цяпер?.. Ой, ўтосьці кепска выходзе,

Цяпер ці не болей настала паноў,

Не надта свабодна у гэтай свабодзе.

І давай я лічыць паноў новых зноў…[1; с.62].

У многіх сатырычных вершах паэт і паказвае нам гэтых новых паноў, якіх сваёй працай карміў селянін і якія “трымалі” яго галодным, цёмным, беспраўным.

Як і ў вершах пра народнае жыццё, так і ў творах, дзе галоўнымі героямі з’яўляюцца паны, чыноўнікі, эксплуататары, Францішак Багушэвіч выступае як паслядоўны дэмакрат, народалюбца, змагар за сацыяльную справядлівасць, пісьменнік-гуманіст.

У разгледжаных творах дастаткова яскрава падаецца ўяўленне паэта аб тым, якім павінен быць чалавек, той грамадскі і эстэтычны ідэал, якім кіраваўся паэт, малюючы свае вобразы. Гэты ідэал звязаны ў Францішка Багушэвіча з чалавекам працы. Іменна працоўны чалавек паказваецца ў творах пісьменніка з адкрытай сімпатыяй і нават захапленнем. Герой твораў Францішка Багушэвіча – сапраўдны герой жыцця,стваральнік усяго лепшага на зямлі. Менавіта яго аўтар бачыў увасабленнем нацыянальнага героя ва ўсёй літаратуры ХІХ стагоддзя.

Сваё меркаванне аб тым, якім павінен быць чалавек, Францішак Багушэвіч падагульняе ў лірычным вершы “Ахвяра”. У крыху ўмоўнай форме лірычны герой выказвае свае думкі. Ён не толькі просіць старую бабульку памаліцца за яго, але і падказвае ёй за што маліцца, што для яго з’яўляецца самым каштоўным у жыцці:

Маліся ж, бабулька, да Бога,

Каб я панам ніколі не быў:

Не жадаў бы ніколі чужога,

Сваё дзела як трэба рабіў…[1; с.77].

Лірычны герой верша не хоча быць панам, не жадае нічога і лічыць самай высокай дабрачыннасцю жыць працай рук сваіх, самому араць сваю зямельку, “нізашто не мець чужы труд” [1; с.78].

Другі важны запавет паэта і яго героя – горача любіць сваю радзіму, быць ёй да канца адданым, не квапіцца на чужыя землі, паважаць іншыя народы:

Каб за край быў умерці гатоў,

Каб не прагнуў айчызны чужых [1; с.78].

У гэтых радках мы зноў знойдзем пераклічку з тымі думкамі, што ўжо сустракаліся ў “Прадмове” да зборніка “Дудка беларуская”, галоўная ідэя якой з’яўляецца самаадданае служэнне свайму народу, ідэя патрыятызму.

У канцы герой верша “Ахвяра” зноў просіць бабульку маліцца, каб ён “панам ніколі не быў”. Паўтор яшчэ больш паглыбляе ідэю, сэнс твора. Калі ў пачатку гэтыя радкі, як нам здаецца, азначаюць адно з жаданняў паэта – не быць панам, то, паўторныя ў канцы, яны прыводзяць да думкі, што ўсе астатнія жаданні марныя без гэтага, галоўнага. Быць панам і заставацца добрым чалавекам, на думку паэта – проста немагчыма, несумяшчальна.

Ідэалы, якімі кіраваўся Францішак Багушэвіч, мелі глыбока нацынальны характар. Паэт верна служыў народу і ў сваім імкненні несці яму праўду аб жыцці, і ва ўзвышэнні беларуса да ўзроўню сапраўднага героя літаратуры, у вострай крытыцы панства і ў самім імкненні ствараць літаратуру на жывой народнай мове.

Паэт разумеў, што найбольшы поспех у народзе, найлепшае разуменне можа мець літаратура, якая ўлічвае паэтычны вопыт народа, выкарыстоўвае формы вуснай паэзіі, створаныя самім народам, ідэі і вобразы народнай творчасці.

Яскравым прыкладам увасаблення духоўных пошукаў народа, абуджэння чалавечай годнасці і сацыяльна-палітычнай свядомасці парэформеннага беларускага селяніна, з’яўляецца паэма Францішка Багушэвіча ”Кепска будзе”. Паэма займае асаблівае месца не толькі ў творчасці пісьменніка, але і ва ўсёй беларускай літаратуры ХІХ стагоддзя. У творы аўтар паказаў жыццё народа ў тагачаснай Расіі і Беларусі, яго пакуты і няшчасці.

Аснову сюжэта паэмы складае трагічны лёс героя, які залежыць не ад таго, што ён чалавек няўдачлівы, што яму не шанцуе ў жыцці, а з самага нараджэння ўсё яго жыццё пайшло не так як трэба:

Як я толькі нарадзіўся—

Бацька сказаў: ”Кепска будзе!”

Ну дык жа ж не памыліўся:

Здзекваліся бог і людзі [1; с.48].

Затым хрышчэнне халоднай вадой з рэчкі, учыненае над паўжывым дзіцём кумамі (“Хлопцу ўсё роўна – яма”), недарэчнае імя (Скаліндаркай, Аліндаркай… Ну, як зналі, так і звалі”), а потым - сіроцтва і, нарэшце, турма [1; c.48]. Не жыццё, а адны няшчасці і пакуты. Жыццёвы шлях Аліндаркі - адлюстраванне нялёгкай долі ўсяго працоўнага народа.

Як пісьменнік-рэаліст Францішак Багушэвіч паказвае жыццё ў паэме праз канкрэтныя паводзіны, учынкі, сітуацыі, у якія трапляюць героі. Але за ўсім гэтым мы бачым шырокія абагульненні, якія характарызуюць тагачаснае жыццё народа ў цэлым. Для прыкладу, у паказе сям’і, у якой нарадзіўся Аліндарка:

Пераеўся хлеб да крышкі,

Бульбы толькі як пасеяць,

І прыварку ані лыжкі,

І скаціна хоць – хоць развеяць [1; с.48].

У гэтых радках – ацэнка становішча ўсяго найбяднейшага беларускага сялянства, яго яго сацыяльная трагедыя ў паслярэформеннай рэчаіснасці. Холад і голад—адзінкі гэтага жыцця.

У паэме "Кепска будзе!" Францішак Багушэвiч таксама паказвае шлях абуджэння чалавечай годнасцi беларускага сялянства. Людзi, якiя жылi на гэтай зямлi без свайго iмя, пачынаюць шукаць i знаходзiць яго, пачынаюць усведамляць сваё чалавечае "я", сцвярджае паэт. Бяздольны, пазбаўлены чалавечых правоў, Алiндарка не страцiў сваiх лепшых якасцей, добрых намераў. Хлопец вырас працавiтым, кемлiвым, з чулай душой. Жыццёвыя нягоды не зламалi героя, а, наадварот, загартавалi яго характар. Калi асэсар зневажае яго i б'е па твары айчыма, Алiндарка паводзiць сябе смела i рашуча. Ён дае належны адпор крыўдзiцелю, узяўшы яго загрудкi i пхнуўшы лбом у дзверы.

Далей аўтар паказвае карціны астрожнага жыцця Аліндаркі. Францішак Багушэвіч не выпадкова так многа ўвагі аддае яго апісанню. Ён нібы спецыяльна праводзіць свайго героя праз усе астрожныя калідоры, камеры, каб паказаць усю сістэму здзекаў з людзей, якія, як і галоўны герой, часта ні ў чым не вінаватыя:

Пры дзвярах стаяць жаўнеры,

А народ усё сярдзіты –

Так як бы яшчэ не сыты

Людскіх слёзаў, мукі, енку;

Не гавораць паіаленьку,

А ўсё зыкам, а ўсё з лайкай,

А ўсё з боем, усё з нагайкай [1; с.53].

У астрозе Алiндарка сваiмi вачыма бачыць глумленнi з людзей. Ён спачувае iм, жадае хутчэйшага вызвалення. Турэмнае зняволенне, зняважлiвыя адносiны да Алiндаркi турэмшчыкаў, яшчэ больш развiлi ў iм iмкненне да свабоды. “Птушка, - нагадвае герой твора, - каб не быць у няволi, б'ецца ў клетцы галоўкай, пакуль не заб'ецца; злоўленая лiсiца распорвае сабе чэрава, каб памерцi, а не жыць у няволi; нават змяя-мядзянка, зачыненая ў шкляным посудзе, будзе джалiць сябе, пакуль не загiне”[1; с.53]. I таму свабода для Алiндаркi раўнацэнна жыццю. "Тут, здаецца, i сканаў бы, за свабоду жыццё б даў бы!" — усклiкае ён.

Расказваючы пра цяжкi лёс Алiндаркi, Ф. Багушэвiч паказвае невыносныя ўмовы жыцця беларускага народа, вострую нянавiсць яго да прыгнятальнiкаў, абуджэнне пачуцця чалавечай годнасцi, смеласцi i свабодалюбства. Такiм людзям будзе кепска да той пары, сцвярджае паэт, пакуль яны не пераадолеюць сваёй патрыярхальнасцi i не пачнуць актыўна змагацца з несправядлiвасцю i прыгнётам.

Тое, што Аліндарка выходзіць з турмы ў дзень свайго хрышчэння, таксама гаворыць пра непрымірэнне Францішка Багушэвіча ідэі трагічнай наканаванасці жыцця селяніна. Яго герой можа супрацьстаяць лёсу, ён асоба актыўная і духоўна моцная. Пісьменнік верыў у здольнасць народа да адраджэння, разумеў, што жыццё да лепшага павінен змяніць сам народ. І менавіта праз вобраз Аліндаркі Францішак Багушэвіч яскрава і недвухсэнсоўна паказаў гэты шлях народа да нацыянальнай самасвядомасці і да нацыянальнага адраджэння. Шлях да асветленага промнямі справядлівасці палаца, у які ператворыцца старая згнілая хаціна беларуса будучыні.

Паэма характарызуецца багаццем жыццёвага зместу, уважлівасцю да канкрэтных дэталей, да псіхалогіі герояў, да духоўных перажыванняў. Як і іншыя творы Багушэвіча, у якіх размова ідзе ад імя селяніна. Паэма “Кепска будзе!” напісана жывой мовай, з уласцівымі ёй зваротамі, характэрнымі для сялянскай гаворкі, часам грубавата бытавымі словамі.

Такім чынам, у творчасці Францішка Багушэвіча дамінуе аспект нацыянальнага раскрыцця душы чалавека. Гэта дасягаецца пісьменнікам праз паказ сацыяльнага становішча мужыка і штодзённых, бытавых абставін яго жыцця. Праўда жыцця – агульнага, усенароднага – раскрыта ў Францішка Багушэвіча праз паэтызацыю вобразаў сялян. Свайго поўнага выяўлення народнасць пісьменніка дасягае ў мове яго твораў, у асаблівасцях вобразна-выяўленчай палітры. Творы аўтара разлічаны на простага селяніна, на яго ўспрыманне і эстэтычны густ. Таму не выпадкова, што менавіта ўся творчасць Францішка Багушэвіча звязаназ мужыком, яго побытавым жыццём.