Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Гісторыя Беларусі.doc
Скачиваний:
2
Добавлен:
21.09.2019
Размер:
824.83 Кб
Скачать

Тэма 6 : Беларусь у складзе Расійскай Імперыі канец хvііі - пачатак хіх ст. Беларусь у перыяд станаўлення і развіцця буржуазнага грамадства другая палова хіх ст. – люты 1917 г.

  1. Палітыка царызму ў Беларусі ў канцы ХVІІІ – пачатку ХІХ стст.

  2. Беларусь у вайне 1812 г.

  3. Эканамічнае развіццё Беларусі ў перыяд крызісу феадальна-прыгонніцкай сістэмы.

  4. Зараджэнне грамацка-палітычнага руха на Беларусі. Паўстанне 1830-1831гг.

  5. Адмена прыгоннага права. Асаблівасці буржуазных рэформаў у Беларусі.

  6. Паўстанне 1863 г. і яго сацыяльна-палітычныя вынікі.

  7. Культура Беларусі ХІХ ст.

  8. Развіццё капітальзму ў прамысловасці і сельскай гаспадарцы Беларусі ў пачатку ХХ ст. Сталыпінская аграрная рэформа.

  9. Беларусь у часы рэвалюцыі 1905-1907 гг. Першыя палітычныя арганізацыі.

  10. Беларусь у Першай сусветнай вайне. Нямецкая акупацыя.

1.У выніку падзелаў Рэчы Паспалітай да Расіі адышла амаль уся беларуская этнічная тэрыторыя з насельніцтвам каля 3 млн чалавек. Царскі ўрад адразу ажжыццявіў шэраг мер па ўмацаванні свайго ўплыву на далучаных землях. У 1801 г. была праведзена адміністрацыйная рэформа, у выніку якой у Беларусі стваралася два генерал-губернатарства: Беларускае ( у яго склад увайшлі Магілёўская, Віцебская і Смаленская губерніі) і Літоўскае ( падзялілася на Гродзенскую, Віленскую і Мінскую губерніі). У губернскіх гарадах ствараліся органы расійскага адміністрацыйнага кіравання: губернскія ўправы, казённыя палаты, прыказы і г.д. Уступкай царызму мясцовым феадалам з’яўлялася захоўванне на далучаных землях Статута ВКЛ 1588 г. Па загаду Кацярыны ІІ усё насельніцтва Беларусі, за выключэннем сялянства, прыводзілася да прысягі. Тыя, хто не жадаў прысягаць, павінны былі ў трохмесячны тэрмін выехаць за мяжу. Ім даравалася права на працягу гэтага часу прадаць сваю нерухомую маёмасць. Землі і маёмасць тых, хто не прысягнуў на вернасць Расійскай імперыі секвестраваліся, г.зн. перадаваліся казне. У выніку канфіскацый і секвестраў, праведзеных у 70 – 90-я гг. ХVІІІ ст., значная колькасць зямель была падаравана асобам, прыбліжаным да царскага прастола. Граф Завадоўскі атрымаў Магілёўскую эканомію (25800 сялян), Пацёмкін – Крычаўскае староства (14 250 сялян), Зорыч – мястэчка Шклоў з ваколіцамі (11 800 сялян), Румянцаў-Задунайскі – Гомельскае староства (больш 11 100 сялян) і г.д. Разам з тым царскі ўрад пачаў праводзіць так званы разбор шляхты – выключэнне з дваранскага саслоўя пры адсутнасці дакументаў, якія пацвярджалі дваранскае званне. Магнаты і шляхта страцілі свае ранейшыя правы выбіраць караля, трымаць свае войскі і крэпасці, права ствараць узброеныя саюзы (канфедэрацыі) для абароны сваіх вольнасцей і прывілеяў. Былі ліквідаваны і мясцовыя шляхецкія сеймікі. Усё гэта прыводзіла да таго, што асабліва дробная шляхта звычайна варожа ставілася да расійскай адміністрацыі. Такім чынам, разбор шляхты быў надзейным і ў той жа час завуаліраваным сродкам памяншэння колькасці шляхты, якая ў канцы ХVІІІ ст. складала да 12 % усяго насельніцтва Беларусі – з аднаго боку, а з другога – гэта быў намер нейтралізаваць шляхецкую варожасць. У выпадку, калі шляхціц не пацвярджаў свае шляхецкія правы, яму прапаноўвалася запісацца на выбар у адзін з падатковых станаў – сялян або мяшчан. У Беларусі была распаўсюджана і расійская падатковая сістэма. Замест ранейшага падымнага падатку (з кожнага двара) уводіўся падушны – з кожнай душы мужчынскага полу. Ад пэўнай колькасці гэтых душ ( спачатку ад 200, потым ад 125) вылучаўся адзін чалавек на 25-гадовую службу ў расійскай арміі. Такая павіннасць называлася рэкруцкай. У гарадах адмянялася юрысдыкцыя свецкіх ці духоўных феадалаў. Прыватныя гарады і мясцэчкі былі выкуплены ўрадам. З мэтай ажыўлення гандлёва-прамысловай дзейнасці купецтва і павелічэння паступленняў падаткаў у казну за кошт падаткаабкладанняў гарадскіх жыхароў у беларусі паводле ўказа ад 23 чэрвеня 1794 г. устанаўлівалася асобная мяжа яўрэйскай аседласці. Яўрэям загадвалася сяліцца ў гарадах гэтых губерняў, займацца рамяством і гандлем. Земляробствам займацца ім не дазвалялася. Яўрэі маглі запісвацца ў мяшчанскія і купецкія саслоўі з умовай, што будуць плаціць дзяржаўныя падаткі ў двайным памеры ў параўнанні з хрысціянскім насельніцтвам. У 1820 г. у Расійскай імперыі была забаронена дзейнасць езуітаў. Таксама абмежавана колькасць касцёлаў у адпаведнасці з колькасцю прыходаў так, каб на 100 хат або на 400 асоб прыпадаў адзін каталіцкі прыход. Уніятаў у масавым парадку прымусова пачалі пераводзіць у праваслаўе. У той жа час было катэгарычна забаронена схіляць у каталіцкую веру праваслаўнае насельніцтва.

2. Напалеон рыхтаваўся да вайны з Расіяй, якая і пасля паражэння пад Аўстэрліцам у 1807 г. заставалася для яго галоўнай перашкодай на шляху да сусветнага панавання. З польскіх зямель, якія адышлі раней да Прусіі ў выніку падзелаў Рэчы Паспалітай, было створана Княства Варшаўскае на чале з саксонскім курфюрстам. Адабраная ў Прусіі Беластоцкая акруга была далучана да Расіі. Напалеон праяўляў клопат аб Польшчы таму, што яна магла стаць яму плацдармам для нападу на Расію. У лютым 1811 г. А.Чартарыйскі па прапанове цара ездзіў у Варшаву, каб дамовіцца з польскімі дзеячамі аб іх пераходзе на бок Расіі. Аднак гэта місія поспеху не мела. У канцы – пачатку 1812 г.група ўраджэнцаў Беларусі (М,Агінскі, К.Любецкі і інш.) падрыхтавала праект адраджэння Вялікага княства Літоўскага пад пратэктаратам Расіі. Прадугледжвалася асабістае вызваленне з-пад прыгону сялян, стварэнне сваёй арміі. Праект не быў прыняты, а прыхільнікі ідэі аднаўлення ВКЛ на тэрыторыі Польшчы сфарміравалі корпус пад камандаваннем пляменніка апошняга караля РП князя Ю.Панятоўскага, які ва ўмовах вайны падтрымаў французскі бок. Увогуле Польшча папоўніла армію Напалеона на 60 - 70 тыс. чалавек. Непазбежнасць вайны паміж Францыяй і Расіяй была відавочнай для абодвух бакоў. У чэрвені 1812 г. 600-тысячная французская армія ўступіла ў межы Расійскай імперыі, распачаўшы баявыя дзеянні на тэрыторыі Беларусі. Рускія арміі (1-я – генерала М.Барклая дэ Толі, штаб знаходзіўся ў Вільні, 2-я – генерала П.Баграціёна, штаб – у Ваўкавыску), адступіўшы, аб’ядналіся пад Смаленскам. Разбіць іх на тэрыторыі Беларусі не ўдалося. Тут летам 1812 г. праходзілі жорсткія абарончыя баі. У абарончых баях пад Полацкам (мястэчка Клясціцы) вызначыўся адзін з лепшых кавалерыйскіх генералаў рускай арміі Я.Кульнеў, атрад якога атрымаў перамогу над французскімі войскамі. Смяротна паранены ядром, генерал загадаў перад смерцю зняць з сябе мундзір з баявымі ўзнагародамі, каб праціўнік не даведаўся аб такой буйной страце. Пад Магілёвам (вёска Салтанаўка) значныя сілы французскай арміі скаваў корпус генерала М.Раеўскага. Прыкладам гераізму для салдат стаў учынак самога генерала, які разам з двума непаўналетнімі сынамі падняў сваіх воінаў у атаку. У баях пад мястэчкам Мір вызначылася Надзея Дурава, якая з 1806 г. служыла ў Гродзенскім уланскім палку. У час вайны была ардынарцам (памочнікам) камандуючага рускай арміяй М.Кутузава. У гісторыю яна ўвайшла пад імем “кавалерист-девица”, таму што выдала сябе за мужчыну, каб прыняць удзел у вайне супраць французскіх захопнікаў. Чатырохмесячную асаду вытрымала ў час абарончых баёў Бабруйская крэпасць, за сценамі якой П.Баграціён забяспечыў сваім салдатам неабходны адпачынак. Першы этап будаўніцтва крэпасці завяршыўся якраз напярэдадні вайны 1812 г. З 16 ліпеня да 1 жніўня 1812 г. Напалеон знаходзіўся ў Віцебску. Наступленне яго арміі было прыпынена. У гэтых умовах ён прыняў па сутнасці лёсавае рашэнне ісці далей. А наперадзе былі Барадзінская бітва (26 жніўня 1812 г.), захоп Масквы і адступленне з яе. Адносіны насельніцтва Бнларусі да абодвух бакоў не былі адназначныя. Для большасці сялянства і мяшчанства і расійская і французская ўлады з’яўляліся прышлымі, прыгнятальніцкімі, чужымі, і адна і другая прымушалі працаваць на пана і плаціць велізарныя падаткі, а ў час вайны забіралі апошняе. Шляхта Беларусі віталі прыход французаў, паступалі на службу ў напалеонаўскую армію і ў дзяржаўны апарат, падтрымлівалі акупацыйны рэжым з надзеяй на аднаўленне ВКЛ ў складзе Рэчы Паспалітай. 1 ліпеня Напалеон выдаў загад аб арганізацыі ўлады ў Літве і Беларусі, у адпаведнасці з якім у Вільні была ўтворана Часовая ўрадавая камісія на чале з памешчыкам С.Солтанам. Але Напалеон не далучыў Літву і Беларусь да Польшчы, а стварыў для яе асобныя органы кіравання. З 27 жніўня ваенны французскі генерал-губернатар граф П. Гагендорп стаў старшынёй камісіі Часовага ўрада. Расійскае адміністрацыйнае дзяленне было заменена на французскі лад. Тэрыторыя ВКЛ дзялілася на дэпартаменты (Віленскі, Гродзенскі, Мінскі, Беластоцкі). Галоўнымі напрамкамі ў дзейнасці камісіі Часовага ўрада былі забеспячэнне ўсім неабходным французскай арміі і фарміраванне вайсковых адзінак у дапамогу напалеонаўскай арміі. У пачатку вайны сялянства Беларусі звязвала з прыходам французаў надзею на вызваленне з-пад прыгону, бо ў суседняй Польшчы асабістая залежнасць сялян ад памешчыкаў была ліквідавана. Аднак Напалеон не пайшоў на вызваленне беларускіх сялян. А бясконцыя рэквізіцыі (прымусовае адабранне маёмасці і жывёлы на карысць арміі) і марадзёрства выклікалі масавае супраціўленне сялянства, а таксама гарадскіх жыхароў. У такіх умовах у Беларусі разгарнуўся партызанскі рух. У пачатку кастрычніка 1812 г. Напалеон аддаў загад аб адступленні з Масквы. Расійская армія прымусіла французаў адступаць на захад па старай, спустошанай Смаленскай дарозе. Баявыя дзеянні другі раз пракаціліся па беларускай зямлі. Рашаючая бітва адбылася пад Барысавам (каля вёскі Студзёнкі) у лістападзе 1812 г. Тут пры пераправе цераз Бярэзіну на другі бераг трапіла толькі 1/10 частка арміі Напалеона. У Смаргоні, пераапрануўшыся ў мундзір літоўскага улана Напалеон тайна пакінуў армію і ад’ехаў у Парыж. 8 снежня 1812 г. расійскія войскі занялі Гродна. Да Нёмана дайшлі менш за 30 тыс. французаў. Для арміі Напалеона гэта азначала катастрофу. У Беларусі вайна пакінула спаленыя, разбураныя, разрабаваныя гарады і вёскі. Голад, хваробы прывялі да масавай гібелі людзей. У гарадах Беларусі колькасць насельніцтва зменшылася ў два-тры разы. У цэлым Беларусь страціла кожнага чацвёртага свайго жыхара. Прыйшла ў заняпад сельская гаспадарка. Напалову скараціліся пасяўныя плошчы і пагалоўе жывёлы. У 1813 г. сяляне ледзь набіралі збожжа, каб засеяць хоць бы палову даваенных ворных зямель. Асаблівую актыўнасць у барацьбе з французскімі войскамі праявілі жыхары вёскі Жарцы пад Полацкам. Частка іх была ўзнагароджана крыжамі і медалямі. Пасля вайны ўзнагароджаныя сяляне адмовіліся выконваць паншчыну, палічыўшы сябе вольнымі, за што атрымалі пакаранне бізунамі. Аляксандр І яшчэ ў снежні 1812 г. аб’явіў амністыю ўсім жыхарам заходніх губерняў, што ўдзельнічалі ў вайне на баку Напалеона, а ў 1814 г. выдаў маніфест аб вяртанні магнатам і шляхце, якія прынеслі прысягу на вернасць расійскаму імператару, канфіскаваных зямель. Аднак для сялян нічога зроблена не было.

3.У канцы ХVІІІ – першай палове ХІХ ст. у Беларусі, як і на астатняй тэрыторыі Расійскай імперыі, праходзіў працэс разлажэння феадальна-прыгонніцкіх адносін і фарміравання новага капіталістычнага ўкладу. Новыя формы гаспадарчага жыцця праяўляліся ў росце таварнасці сельскай гаспадаркі, павелічэнні колькасці вольнанаёмных рабочых, развіцці ўнутранага і знешняга рынку і г.д. Сельская гаспадарка з’яўлялася асноўнай сферай народна-гаспадарчай дзейнасці ў дарэформеннай Беларусі. Большая частка зямельных угоддзяў належала паменшчыкам, якія валодалі каля 40 % усёй зямлі. Зямлю працягвалі апрацоўваць традыцыйнымі прыладамі працы (саха, барана), але у буйных гаспадарках выкарыстоўвалі жалезныя плугі, жнейкі, малацілкі, веялкі. Асобныя памешчыкі рабілі спробы перабудовы сваіх гаспадарак па заходнееўрапейскаму тыпу. Яны выкарыстоўвалі працу наёмных рабочых, сеялі сартавым насеннем, вырошчвалі пародзістую жывёлу, будавалі прадпрыемствы па пераапрацоўцы сельскагаспадарчых прадуктаў. У першай палове ХІХ ст. больш выразна пачынае вызначацца спецыялізацыя сельскагаспадарчай вытворчасці па губерніях Беларусі. У Мінскай, на поўдні Віцебскай, поўначы Магілёўскай губерняў пашыраліся пасевы бульбы, цукравых буракоў, лёну, канапель і іншых тэхнічных культур. У канцы 50-х гг. ХІХ ст. у Беларусі пад бульбу адводзілася амаль 1/5 частка пасяўных плошчаў, прызначаных пад гэтую культуру па ўсёй Расіі. У Мінскай і Гродзенскай губерні пачыналі распаўсюджвацца мяса-малочная жывёлагадоўля і авечкагадоўля. Такім чынам, абазначылася гаспадарчая спецыялізацыя, звязаная з пераапрцоўкай сельскагаспадарчай сыравіны. Пераапрацоўчыя прадпрыемствы (вінакурныя, цукраварныя, маслабойныя, льнопрадзільныя і інш.) размяшчаліся ў сельскай мясцовасці, што прыбліжала іх да крыніц сельскагаспадарчай сыравіны. Аднак такіх прадпрымальніцкіх памешчыцкіх гаспадарак было няшмат. Большая колькасць памешчыкаў імкнулася павялічыць даходы сваіх маёнткаў шляхам узмацнення эксплуатацыі сялян. Па-ранейшаму асноўнымі формамі сялянскіх павіннасцей заставаліся паншчына і аброк. Землі, якія належалі дзяржаве, здаваліся ў арэнду памешчыкам, якія за час арэнды імкнуліся атрымаць як мага больш прыбыткаў і бясконца павялічвалі павіннасці сялян. Адной з праяў крызісу прыгонніцкай сістэмы з’явіўся шырокі сялянскі рух. Так, у першай чвэрці ХІХ ст. адбылося 46 хвалаванняў, а ў другой трэці – 90. Ва ўмовах разлажэння феадальна-прыгонніцкай сістэмы царскі ўрад пайшоў на эканамічныя рэформы з мэтай прыстасавання існуючай сістэмы гаспадарчых адносін да патрэб рынку, а таксама павышэння дзяржаўных даходаў. Для гэтага прадугледжвалася спыніць працэс збяднення сялянства, павялічыць колькасць сялянскіх двароў, здольных выкрнваць павіннасці і плаціць падаткі на карысць дзяржавы, ліквідаваць самавольствы памешчыкаў, якія арандавалі дзяржаўныя маёнткі. Ініцыятарам рэформы стаў прыхільнік абмежавання прыгоннага права, кіраўнік Міністэрства дзяржаўнай маёмасцей граф П. Кісялёў. Рэформа была праведзена толькі сярод дзяржаўных сялян, якія складалі пятую частку ад усяго беларускага сялянства. Яна прадугледжвала:

- правядзенне падрабязнага апісання (люстрацыі) усіх дзяржаўных маёнткаў і строгае вызначэнне павіннасцей дзяржаўных сялян у залежнасці ад іх гаспадарчага становішча;

- спыненне здачы дзяржаўных зямель у арэнду;

- ліквідацыю фальваркаў і паступовы перавод дзяржаўных сялян з паншчыны на чынш.

Рэформа П. Кісялёва прывяла да пэўнага павелічэння надзелаў дзяржаўных сялян і змяншэння іх павіннасцей. У 1840 г. па прапанове графа Кісялёва была падрыхтавана інвентарная рэформа, якая прадугледжвала ўнармаванне памеру павіннасцей памешчыцкіх сялян шляхам складання інвентароў – спісаў сялянскіх павіннасцей. Складалі іх самі памешчыкі, якія аказвалі масавае супраціўленне спробам умяшання ўрада ў іх узаемаадносіны з уласнымі прыгоннымі сялянамі. Фактычна інвентарная рэформа ў памешчычкай вёсцы правалілася. Пасля вайны 1812 г. назіраўся хуткі рост гарадоў і іх насельніцтва – урбанізацыя. Тлумачыўся ён не столькі эканамічнымі фактарамі, колькі існаваннем “мяжы яўрэйскай аседласці” і перасяленнем у гарады яўрэяў з вёсак і памешчыцкіх маёнткаў. У развіцці прамысловасці побач з феадальным сацыяльна-эканамічным украдам узнікае капіталістычны ( іх суадносіны ў сярэдзіне ХІХ ст. складалі прыкладна 63 % да 37%). У 20-я гады ХІХ ст. пачынаецца пераход ад мануфактурнай да фабрычнай вытворчасці. З’явіліся першыя паравыя машыны на суконных прадпрыемствах у мястэчках Косава і Хомск Гродзенскай губерніі. У другой чвэрці з’явіліся паравыя рухавікі ў мукамольнай, цукровай, лесапільнай, жалезаапрацоўчай і іншых галінах прамысловасці. У канцы 50-х гг. ХІХ ст. у Беларусі пачаўся прамысловы пераварот – паступовы пераход ад мануфактуры да фабрыкі, ад ручной да машыннай працы. У адрозненне ад расійсках губерняў і Заходняй Еўропы ён пачаўся не з баваўнянай, а з жалезаапрацоўчай прамысловасці, у якой налічвалася 85 % буйных прадпрыемстваў і выраблялася 90 % усёй прадукцыі. Важная роля ў фарміраванні ўнутранага рынку, развіцці гандлёва-грашовых адносін належала транспарту. Была пабудавана Маскоўска-Варшаўская шаша, якая прайшла праз Мінскую, Гродзенскую і Магілёўскую губерніі. Акрамя таго, па тэрыторыі Беларусі прайшлі Пецярбургска-Кіеўская і Маскоўска-Рыжскія дарогі. У пачатку ХІХ ст. пачала дзейнічаць Бэрэзінская водная сістэма. Па Бярэзіне, Нёману, Заходняй Дзвіне, Дняпру сталі больш інтэнсіўна ажыццяўляцца пасажырскія і грузавыя перавозкі. Транспарт спрыяў развіццю ўнутранага і знешняга гандлю. Ва ўнутраным гандлі ў дарэформенны перыяд асноўную ролю адыгрывалі кірмашы. З расійскіх губерняў на кірмашы прывозілі паркаль, шоўк, галантарэйныя вырабы і інш., з Украіны – цукар, соль, жывёлу. Лавачны гандаль толькі зараджаўся, а найбольшае развіццё атрымаў знешні гандль. З Беларусі на знешнія рынкі вывозіліся шкляны посуд, мыла, папера, мануфактурна-фабрычныя вырабы. Увозіліся у Беларусь пража, тканіны, прадукты харчавання, фабрычнае абсталяванне і інш. Такім чынам, у канцы ХVІІІ ст. – першай палове ХІХ ст. у Беларусі, як і ва ўсёй краіне, ішлі працэсы разлажэння феадальна-прыгонніцкага ладу і фарміравання новых капіталістычных адносін. З аднаго боку, раслі беларускія гарады, у якіх павялічвалася колькасць прамысловых прадпрыемстваў, буйных мануфактур, пашыраўся ўнутраны і знешні гандаль. З другога боку, марудна складваліся новыя адносіны ў сельскай гаспадарцы. Пераважная колькасць памешчыкаў прытрымлівалася старых форм і метадаў вядзення гаспадаркі.

4. Пад уплывам вайны 1812 г.. пад уздзеяннем грамадска-палітычных рухаў Заходняй Еўропы, а таксама расійскай рэвалюцыйнай думкі і польскіх назыянальна-вызваленчых ідэй у Беларусі зараджаецца рэвалюцыйна-дэмакратычны рух. У гэты перыяд нацыянальная ідэя знаходзіла свае праявы ў літаратурнай, навуковай, культурна-асветніцкай дзейнасці, у асяроддзі дробнапамеснай, пераважна апалячанай, беларускай шляхты. Важную ролю ў развіцці вызваленчай і нацыянальнай ідэі адыгралі студэнты і настаўнікі адукацыйных устаноў у Беларусі. Як правіла ў гэты перыяд аб’яднанні нацыянальна-дэмакратычных колаў ствараліся ў форме розных тайных арганізацый, якія ўзнікалі пры навучальных установах. Іх цэнтрам быў Віленскі універсітэт. У 1817 г. пры Віленскім універсітэце па ініцыятыве студэнтаў А.Міцкевіча, Ю. Яжоўскага, Т. Зана, Я. Чачота і інш. было створана “Таварыства філаматаў” (аматараў навук). Спачатку гуткоўцы ставілі перад сабою культурна-асветніцкуія мэты і імкнуліся шляхам адукацыі дабіцца паляпшэння стану Бацькаўшчыны. Пазней яны прыступілі да распрацоўкі праграмы нацыянальна-вызваленчай барацьбы. Левая частка філаматаў высткпала за знішчэнне прыгоннага ўціску сялян. З дзейнасцю таварыства звязаны пачатак навуковага даследвання фальклору, мовы, вераванняў і звычак беларусаў, гісторыі ВКЛ. Практычна да “таварыства філаматаў” вельмі блізкімі былі “Таварыства прамяністых” і “Саюз літаратараў”, якія таксама існавалі ў Віленскім універсітэце і цікавіліся Беларуссю і мовай мясцовага народа. Але ўлетку 1820 г. гэтыя гурткі былі закрыты. У пачатку 20-х гг. ХІХ ст. у духоўнай семінарыі ў Полацку пад кіраўніцтвам Т. Зана было заснавана “Таварыства філарэтаў” (аматараў дабрачыннасці). У яго дзейнасці пераважалі палітычныя, нацыянальна-вызваленчыя мэты. Так, удзельнікі таварыства ставілі палітычную мэту – адраджэнне Рэчы Паспалітай, у склад якой павінна была ўвайсці і Беларусь. У 1819-1823 гг. тайныя таварыствы існавалі сярод вучняў сярэдніх навучальных устаноў у Свіслачы, Полацку, Віцебску, Мінску. Сярод пэўнай часткі беларускай інтэлігенцыі знайшлі падтрымку і ідэі дзекабрыстаў аб ліквідацыі самадзяржаўя і прыгоннага права. У сваю чаргу дзекабрысты сачылі за развіццём польскага нацыянальна-вызваленчага руху, імкнуліся наладзіць з ім сувязь для сумеснай барацьбы супраць царызму. Мноства дзекабрыстаў былі пераведзены ў Беларусь на вайсковую службу ў 1820 г. – А.Бястужаў-Марлінскі, А. Адоеўскі, М. Лунін, К. Рылееў і інш. Ктраўнік “Паўночнага таварыства” М. Мураўёў у 1821 г. у Мінску напісаў першы варыянт канстытуцыі, па якой у Расіі павінна ўстанавіцца канстытуцыйная манархія. Па ініцыятыве С. Мураўёва-Апостала быў распрацаваны план арышту цара падчас яго прыезду ў 1823 г. у Бабруйскую крэпасць для агляду войска. Аднак план не быў ажыццёўлены, бо яго не падтрымалі ў цэнтры “Паўднёвага таварыства”. Вялікае значэнне як дзекабрысты, так і польскія рэвалюцыянеры надавалі прапагандысцкай дзейнасці сярод салдат і афіцэраў Асобнага літоўскага корпуса, які размяшчаўся ў Гродзенскай губерніі. У 1825 г. пры ўдзеле былых філаматаў у ім было створана канспіратыўнае “Таварыства ваенных сяброў” пад кіраўніцтвам К. Ігяльстрома, М. Рукевіча. Галоўнай мэтай таварыства было ўстанаўленне “ўсеагульнага дабра”, якое прадугледжвала знішчэнне самадзяржаўя і ліквідацыю феадальна-прыгонніцкага ладу. 14 снежня 1825 г. дзекабрысты паднялі паўстанне на Сенацкай плошчы ў Пецярбургу з мэтай ажыццявіць дзяржаўны пераварот. Аднак паўстанне ў той жа дзень было падаўлена. 24 снежня, праз 10 дзен пасля паўстання сябры “Таварыства” заклікалі салдат у Бабруйску адмовіцца ад прысягі новаму цару Мікалаю І, але іншыя суседнія вайсковыя часці не падтрымалі іх, і выступленне было падаўлена. Яшчэ раней, у 1823-1824 гг., улады выкрылі і ліквідавалі таварыствы філаматаў і філарэтаў, а таксама вучнёўскія арганізацыі.

У ноч на 29 лістапада 1830 г. у Варшаве пачалося паўстанне, падрыхтаванае тайнымі таварыстамі. У 1831 г. яно перакінулася на Літву і Беларусь. Падставай для пачатку паўстання стала паведамленне, што Мікалай І, як кароль польскі, хоча накіраваць польскае войска ў Францыю для падаўлення рэвалюцыі. Група паўстанцаў напала на рэзіндэнцыю намесніка цара ў Польшчы галоўнакамандуючага польскай арміі вялікага князя Канстанціна Паўлавіча. Іх падтрымалі насельніцтва Варшавы і польскае войска. 30 лістапада паўстаўшыя авалодалі Варшавай і расійскія войскі вымушаны былі адступіць. У кіраўніцтве паўстаннем вызначыліся дзве плыні. Шляхецка-радыкальную плынь узначальваў І. Лялевель – прафесар гісторыі Віленскага універсітэта, кансерватыўна-арыстакратычную – князь А. Чартарыйскі, які з 18 студзеня 1831 г. стаў старшынёй нацыянальнага ўрада. Радыкалы выступалі за надзяленне сялян зямлёй з выплатай страт памешчыкам, за сумесную з расійскім народам вызваленчую вайну з царызмам пад лозунгам “За нашу і вашу свабоду”. Аднак і радыкальная шляхецкая плынь не прызнавала нацыянальных правоў беларускага, літоўскага і ўкраінскага народаў. Кансерватары адмаўлялі ўсякія сацыяльныя рэформы, выступалі за дыпламатычнае ўздзеянне на царскі ўрад і ўстанаўленне канстытуцыйнай манархіі. Але дзве партыі дабіваліся ўзнаўлення былой Рэчы Паспалітай у межах 1772 г. Абмежаваная праграма шляхецкага паўстання фактычна пазбавіла яго падтрымкі з боку сялянства. У чэрвені 1831 г. недалёка ад Вільні адбыўся бой польскага войска і мясцовых паўстанцкіх атрадаў з расійскім войскам. Перамогу атрымала апошняе. Паўстанцы з вялікімі стратамі былі вымушаны адступіць на захад. У пачатку жніўня паўстанне было падаўлена на ўсёй тэрыторыі Беларусі. У верасні 1831 г. расійская армія пад камандаваннем фельдмаршала І. Паскевіча авалодала Варшавай. Вынікам паражэння паўстання для Каралеўства Польскага з’явілася скасаванне Канстытуцыі 1815 г., асобнай польскай арміі, сейма, а таксама ўвядзення расійскага тэрытарыяльна-адміністрацыйнага падзелу. Такім чынам, пасля шляхецкага паўстання 1830-1831 гг. былі скасаваны ўсе прыкметы польскай дзяржаўнасці і Польшча была далучана да Расійскай імперыі. Маёнткі ўдзельнікаў былі канфіскаваны і перададзены ва ўласнасць дзяржаве або расійскім памешчыкам. Узмацніўся “разбор шляхты” – больш за 10 тыс. шляхціцаў былі пераведзены ў саслоўе дзяржаўных сялян або мяшчан. Таксама ўводзіліся расійскія законы і скасоўвалася дзеянне Статута ВКЛ 1588 г.1831 г. у Віцебскай і Магілёўскай, у 1840 г. – у Мінскай, Гродзенскай і Віленскай губернях). У 1840 г. Мікалай І забараніў выкарыстоўваць назвы “Беларусь” і “Літва”, а замест іх уводзілася назва “Северо-Западный край”. Дзейнасць каталіцкай царквы была абмежавана. У 1839 г. была скасавана Берасцейская царкоўная унія 1596 г. і уніяты (каля 80 % ад усіх мясцовых хрысціян) далучаны да Рускай праваслаўнай царквы.

5. Усведамленне сацыяльна-эканамічнай і ваенна-тэхнічнай адсталасці Расіі, а таксама небяспека хуткага нарастання антыпрыгонніцкага сялянскага руху вымусілі ўрад прыступіць да падрыхтоўкі адмены прыгоннага права. Але ўрад жадаў, каб ініцыятыва аб вызваленні сялян ішла ад памешчыкаў, і ў першую чаргу ад Беларусі і Літвы. Па-першае, памешчыкі гэтых раёнаў былі ў большай ступені падрыхтаваны да адмены прыгоннага права, таму што іх гаспадаркі былі ўцягнуты ў таварна-грашовыя адносіны праз усходнееўрапейскі рынак. Па-другое, памешчыкі Беларусі і Літвы самі лічылі неабходным вызваліць сялян, хоць и без зямлі. Па-трэцяе, у беларускіх і літоўскіх губернях узмацніўся сялянскі рух, што было асабліва небяспечна для царызму ва ўмовах нацыянальна-вызваленчага руху ў Польшчы. Умовы вызвалення памешчыцкіх сялян ад прыгоннай залежнасці былі вызначаны ў падпісаным Аляксандрам ІІ 19 лютага 1861 г. Маніфесце, агульным і мясцовым “Палажэннях” і дадатковых “Правілах”. Сяляне атрымалі асабістую вольнасць і пэўныя грамадзянскія правы, якія карэнным чынам змянілі іх становішча. Сярод гэтых правоў былі наступныя: самастойна распараджацца сабой і сваёй маёмасцю, засноўваць прамысловыя і гандлёвыя прадпрыемствы, непасрэдна звяртацца ў дзяржаўныя ўстановы і суд, паступаць на службу ці ў навучальную ўстанову, запісвацца ў саслоўі мяшчан ці купцоў. Памешчыкі страцілі паліцэйскую і судовую ўладу над сялянамі і, разам з тым, вызваляліся ад усякай адказнасці за выплату сялянамі падаткаў і выкананне павіннасцей на карысць дзяржавы. За гэта адказвалі самі сяляне на аснове кругавой парукі. Атрымаўшы асабістую вольнасць, былыя памешчыцкія сяляне не атрымалі зямлі. Зямля прызнавалася ўласнасцю памешчыкаў. Сяляне павінны былі выкупляць зямлю па ўстаноўленай урадам значна завышанай цане. У Віцебскай і Магілёўскай губернях, дзе было шырока распаўсюджана абшчыннае землекарыстанне, прадугледжваліся вышэйшыя (ад 4 да 5,5 дзесяцін) і ніжэйшыя (ад 1 да 2 дзесяцін на душу мужчынскага полу) нормы сялянскіх зямельных надзелаў (1 дзесяціна – 1,09 га). У Віленскай , Гродзенскай, Мінскай і часцы Віцебскай губерняў, дзе існавала падворнае землекарыстанне, за сялянамі захоўваўся зямельны надзел, які яны мелі да рэформы. У тых выпадках, калі ў памешчыка пасля надзялення сялян зямлёй заставалася менш за 1/3 ад яго ранейшых зямельных уладанняў, ад сялянскіх надзелаў рабіліся адрэзкі на карысць памешчыкаў. Пры раздзеле зямлі памешчыкі пакінулі сабе самыя лепшыя ўчасткі, што прывяло да цераспалосіцы, калі памешчыцкія і сялянскія надзелы (палоскі) зямлі чаргаваліся паміж сабой у залежнасці ад месца знаходжання ўрадлівай глебы. Парадак размеркавання зямлі замацоўваўся ў спецыяльных дакументах – устаўных граматах. Свае надзелы сяляне павінны былі выкупіць ва ўласнасць. Адмовіцца ад зямельнага надзелу селянін не мог і абавязаны быў на працягу першых 9 гадоў пасля 1861 г. трымаць яго ў сваім карыстанні, а таксама выплачваць за яго грошы. Прадугледжвалася таксама, што сялянская абшчына на ўмовах кругавой парукі можа выкупаць зямлю і сама размяркоўваць яе паміж сялянамі. Правілы выкупной аперацыі былі аднолькавымі для ўсіх губерняў Расіі. Сума платы за зямлю вызначалася шляхам капіталізацыі пераведзенага на грошы аброку з разліку 6 % гадавых. Атрыманую з сялян выкупную суму памешчык мог пакласці ў банк і атрымліваць у выглядзе 6 % капіталу такі ж прыбытак, які раней ён атрымліваў з гадавога аброку. Такім чынам, сяляне павінны былі заплаціць не толькі за зямлю, але фактычна выкупіць і свае аброчныя павіннасці. Аднак сяляне не мелі такой сумы грошай. У сувязі з гэтым дзяржава выступіла ў якасці пасрэдніка паміж памежчыкамі і сялянамі. Пры выкупе надзелаў сяляне павінны былі заплаціць 20-25 % ад выкупной сумы, а астатнюю частку памешчыкі атрымлівалі ад дзяржавы ў выглядзе каштоўных папер. У выніку гэтай аперацыі сяляне сталі даўжнікамі дзяржавы і павінны былі на працягу 49 гадоў плаціць ёй так званыя выкупныя плацяжы. У склад штогадовых плацяжоў уваходзілі і працэнты, якія дзяржава брала за дадзеную сялянам пазыку. Да 1 студзеня 1907 г., калі выкупныя плацяжы былі адменены, сяляне заплацілі дзяржаве і памешчыкам за зямлю ў 3,3 раза больш, чым рыначная цана напярэдадні рэформы. Для кіравання сялянамі былі ўтвораны сельскія і валасныя ўрады. Сяляне, якія пражывалі на зямлі аднаго памешчыка і складалі сельскую абшчыну, на агульным сходзе выбіралі старасту, зборшчыка подацей і іншых службовых асоб. Некалькі сельскіх абшчын утваралі воласць. Абвяшчэнне рэформы выклікала пад’ём сялянскага руху і паказала, што сяляне засталіся незадаволены “дараванай” ім свабодай. Асабліва ўпартую барацьбу сяляне вялі супраць складання ўстаўных грамат. Граматы меркаваліся ўвесці 19 лютага 1863 г., аднак у выніку супраціўлення сялян у маі 1864 г. 78 % грамат не было падпісана сялянамі. Узмацненне сялянскай барацьбы ў пачатку 1863 г. супала з польскім нацыянальна-вызваленчым паўстаннем. Гэта вымусіла ўрад пайсці на істотныя ўступкі сялянам Беларусі і Літвы. Часоваабавязанае становішча сялян адмянялася, яны пераводзіліся на выкуп і станавіліся ўладальнікамі сваіх надзелаў. Акрамя таго, на 20 % зніжаліся выкупныя плацяжы. Такім чынам, на тэрыторыі Беларусі былі ліквідаваны феадальныя адносіны. Але галоўным прыгонніцкім перажыткам у эканоміцы пасля рэформы з’яўлялася памешчыцкае землеўладанне. Захоўваліся таксама сервітуты, цераспалосіца, ва ўсходняй частцы Беларусі не было ліквідавана абшчыннае землекарыстанне. Памешчыкі на тэрыторыі Беларусі трымалі ў сваёй уласнасці больш за палову ўсіх зямель. Сялянскія надзелы складалі толькі 1/3 усёй зямлі.

Лагічным працягам адмены прыгоннага права стала правядзенне ўрадам Аляксандра ІІ буржуазных рэформаў у 60-70-я гг. Вайсковая рэформа ўаодзіла замест рэкруцкай сістэмы камплектавання арміі ўсеагульную воінскую павіннасць. Земская рэформа прадугледжвала стварэнне земстваў – выбарных органаў для кіравання ў губернях і паветах мясцовай гаспадаркай, адукацыяй, аховай здароўя. На тэрыторыю Беларусі закон аб земствах не распаўсюджваўся ў сувязі з тым, што царскі ўрад пасля паўстання 1863-1864 гг. не давяраў мясцовым апалячаным памешчыкам. У выніку судовай рэформы суды сталі ўсесаслоўнымі, адкрытымі і незалежнымі ад урада. Пры разглядзе крымінальных спраў уводзіліся прысыжныя засядацелі, якія, не з’яўляючыся прафесійнымі юрыстамі, прымалі рашэнні згодна з дадзенай прысягай сумленна і былі незалежныя ад суддзяў. У дапамогу падсудным уводзілася пасада адваката – абаронцы іх інтарэсаў. У Беларусі судовая рэформа пачалася пазней, чым у расійскіх губернях, з увядзення ў паветах міравых суддзяў, якія не выбіраліся ў сувязі з адсутнасцю земстваў, а назначаліся міністрам юстыцыі. Пазней, чым у Расіі, пачалася ў Беларусі гарадская рэформа. Згодна з ёй у гарадах ствараліся выбарныя органы гарадскога самакіравання на аснове маёмаснага цэнзу. Рабочыя і рамеснікі, дробныя служачыя, інтэлігенцыя адхіляліся ад удзелу ў выбарах. Таму што не плацілі гарадскіх падаткаў. Акрамя таго ў гарадскіх думах абмяжоўвалася прадстаўніцтва яўрэйскага насельніцтва, якое складала большасць гарадскіх жыхароў. У Беларусі правядзенне рэформаў мела свае асаблівасці. Земская рэформа была праведзена толькі ў пачатку ХХ ст. Мясцовае дваранства з-за значнай перавагі ў ім палякаў, якім царскі ўрад не давяраў пасля паўстання 1863-1864 гг., было пазбаўлена права на выбарнае самакіраванне. Міравыя суддзі ў Беларусі не выбіраліся, а прызначаліся. Адкрываючы шлях для развіцця капіталізму і станаўлення буржуазнага грамадства, яны не закранулі асноў самадзяржаўнай улады, не ліквідавалі саслоўнае і нацыянальнае нераўнапраўе насельніцтва. Працэс мадэрнізацыі быў замаруджаны ў выніку ваеннага становішча, уведзенага ў пачатку 60-х гг. у сувязі з паўстаннем 1863 г. і адмененага толькі ў 1870 г.

6. Рост сялянскіх выступленняў пасля аграрнай рэформы супаў з польскім нацыянальна-вызваленчым рухам. На працягу першай паловы 1862 г. аформілася арганізацыя паўстанцаў у Варшаве, якая атрымала назву “Цэнтральны нацыянальны камітэт” (ЦНК). Яна ставіла сваёй мэтай падрыхтаваць паўстанне за нацыянальнае вызваленне Польшчы і дэмакратызацыю яе грамацкага ладу. У гэтым руху абазначыліся два напрамкі: “белыя” і “чырвоныя”. Лагер “белых” у Польшчы складаўся з ліку буйной і сярэдняй шляхты, гандлёва-фінансавай буржуазіі, у Беларусі і Літве – пераважна з памешчыкаў. Іх галоўная мэта з’яўлялася аднаўленне незалежнасці Рэчы Паспалітай у межах 1772 г. Пры гэтым яны выключалі рэвалюцыйныя шляхі барацьбы: частка іх была схільна да кампрамісу з царскім урадам на аснове Канстытуцыі 1815 г.; другая, больш значная, звязвала вызваленне Польшчы з палітыкай Францыі і Англіі. Пры гэтым даць Беларусі, Літве і Правабярэжнай Украіне права на самавызначэнне “белымі” не прадугледжвалася. Партыя “чырвоных” у сацыяльнах адносінах была вельмі неаднароднай. Яна аб’ядноўвала рамеснікаў і рабочых, навучэнцаў і інтэлігенцыю, дробную і некаторую частку сярэдняй шляхты, буржуазію. Таму сярод “чырвоных” узнікла некалькі плыней. Левая, рэвалюцыйная, плынь імкнулася весці ўзброеную барацьбу за рэспубліканскую і дэмакратычную Польшчу, за вызваленне сялян ад феадальных павіннасцей і надзялення іх зямлёй. Правая і памяркоўная частка ў рашэнні сваёй палітычнай праграмы адводзіла вядучую ролю шляхце. Асцерагаючыся сялянскага паўстання, усе яны выступалі за надзяленне сялян зямлёй за кошт канфіскацыі яе часткі ў памешчыкаў з адпаведнай грашовай кампенсацыяй. Падобныя палітычныя плыні існавалі ў Беларусі і Літве. Летам 1862 г. у Вільні з мэтай падрыхтоўкі да паўстання ў краі быў створаны Літоўскі правінцыяльна камітэт (ЛПК). Фармальна ён быў падначалены ЦНК. У ЛПК уваходзілі прадстаўнікі як “чырвоных”, так і “белых”. Па ініцыятыве ЛПК збіраліся сродкі на паўстанне, былі створаны мясцовыя рэвалюцыйныя арганізацыі: гродзенская (кіраўнік К.Каліноўскі), мінская (А. Трусаў), навагрудская (У, Борзабагаты) і інш. Левую частку паўстанцаў у Беларусі ўзначальваў Кастусь Каліноўскі – першы беларускі рэвалюцыйны дэмакрат, мысліцель, паэт, публіцыст. Летам 1862 г. разам з В. Урублеўскім і Ф. Ражанскім К. Каліноўскі пачынае выдаваць газету “Мужыцкая праўда”. Гэта было адзінае ў еўропе выданне сярэдзіны ХІХ ст., непасрэдна адрасаванае сялянам. Газета ў даступнай форме паказвала сутнасць царскай палітыкі і суда, выяўляла грабежніцкі характар рэформы 1861 г. Яе артыкулы заклікалі сялян да ўзброенага паўстання. Выйшла 7 нумароў газеты, кожны з якіх пачынаўся зваротам “Дзецюкі!”, адрасаваным тым беларускім сялянам-юнакам, якім па ўзросце трэба было ісці выконваць воінскі абавязак у расійскую армію. Нумары газеты ён падпісваў псеўданімам “Яська, гаспадар з-пад Вільні”. Разыходжанне ўдзельнікаў паўстання ў поглядах адбіліся на ходзе і выніках паўстання. Яно пачалося ў ноч на 10 студзеня 1863 г. Узначаліў паўстанне ЦНК, які аб’явіў сябе часовым Нацыянальным урадам. У першы дзень быў абнародаваны маніфест, які сбвясціў нацыянальную незалежнасць Польшчы, нацыянальнае і палітычнае раўнапраўе, вызваленне сялян ад усіх феадальных павіннасцей і надзяленне іх зямлёй без выкупу. ЛПК пасля некаторых ваганняў падпарадкаваўся Варшаве і 22 студзеня выдаў маніфест аб патрымцы паўстання ў Польшчы. ЛПК таксама аб’явіў сябе Часовым урадам на тэрыторыі Літвы і Беларусі. 1 лютага 1863 г. Літоўскі правінцыяльны камітэт, які ўзначальваў К. Каліноўскі, звярнуўся да насельніцтва Беларусі і Літвы з заклікам падняцца на ўзброеную барацьбу. Першыя паўстанцкія атрады былі створаны ў заходніх паветах Беларусі яшчэ ў канцы студзеня. У красавіку 1863 г. паўстанцы дзейнічалі ўжо амаль на ўсёй тэрыторыі Беларусі. Атрады фарміраваліся з дробнай шляхты, рамеснікаў, афіцэраў, сялян, студэнтаў, навучэнцаў гімназій. К. Каліноўскі меў намер распаўсюдзіць паўстанне на Смаленскую і Прыбалтыйскую губерні. На падаўленне паўстання была накіравана 200-тысячная рэгулярная расійская армія. Супрацьстаяць ёй паўстанцы не маглі і вымушаны былі весці партызанскую вайну. У маі 1863 г. віленскім генерал-губернатарам з неабмежаванымі паўнамоцтвамі быў назначаны М. Мураўёў. За бязлітасную расправу над паўстанцамі ён атрымаў прозвішча “вешацель” і “людаед”. У маі паўстанне ў Мінскай, Магілёўскай і Віцебскай губернях было падаўлена. Для заспакаення сялян Аляксандр ІІ яшчэ 1 сакавіка выдаў указ аб адмене часоваабавязаных адносін, вяртанні сялянскіх адрэзкаў і змяншэнні выкупных плацяжоў на 20 %. Гэта паўплывала на ўдзел сялянства ў паўстанні ( сялян налічвалася толькі 18 %). Панічны настрой сярод белых у Вільні быў абумоўлены і стратай імі веры ў дапамогу з боку Англіі і Францыі, якія абмежаваліся нотамі пратэсту. Таксама не садзейнічаў пашырэнню паўстання спад рэвалюцыйнага руху ў Расіі. Летам 1864 г. была ліквідавана апошняя рэвалюцыйная арганізацыя ў Навагрудскім павеце. У студзені 1864 г. у Вільні быў арыштаваны К. Каліноўскі. Знаходзячыся ў турме, ён напісаў і пераправіў на волю “Лісты з-пад шыбеніцы” ў трох частках. У іх К.Каліноўскі заклікаў беларускі народ ваяваць “за сваё чалавечае і народнае права, за сваю веру, за зямлю сваю родную”. 22 сакавіка 1864 г. К.Каліноўскі быў павешаны ў Вільні на Лукішскай плошчы. Паўстанне 1863 г. было накіравана супраць самадзяржаўя, нацыянальнага прыгнёту і саслоўнай няроўнасці, супраць рэшткаў прыгоннага права. І хоць яно скончылася няўдачай, тым не менш паўстанне адыграла вялікую ролю ў гісторыі беларускага народа. Яно прымусіла царскі ўрад пайсці на больш выгадныя ўмовы правядзення сялянскай рэформы ў Беларусі і Літве. Паўстанне садзейнічала абуджэнню самасвядомасці беларусаў. Разам з тым яно мела і адмоўныя вынікі. У Беларусі і Літве 128 чалавек былі пакараны смерцю, больш за 850 чалавек сасланы на катаргу, каля 12,5 тыс. чалавек выселены. Іх сядзібы былі разбураны, маёмасць канфіскавана. Землеўладальнікам “польскага “ паходжання забаранялася купляць у Беларусі зямлю, сялянам-католікам норма зямлі на гаспадарку абмяжоўвалася. За ўдзел у паўстанні каталіцкіх святароў касцёлы закрываліся або ператвараліся ў праваслаўныя цэрквы. За падтрымку паўстання студэнтамі ўлады закрылі Горы-Горацкі земляробчы інстытут, скарацілі колькасць сярэдніх навучальных устаноў. Мэтай усёй палітыкі царызму стала русіфікацыя края.

7. Умовы развіцця культуры Беларусі ў ХІХ ст. былі звязаны з працэсам станаўлення беларускай нацыі, фарміраваннем творчай, адданай інтэлігенцыі, якая распачала справу нацыянальна-культурнага адраджэння, узнікненнем новага навуковага напрамку – беларусазнаўства. У канцы ХVІІІ – пачатку ХІХ ст. Беларусь у навуковых адносінах заставалася нявывучаным краем. Зусім не было даследванняў ба мове, фальклоры, этнаграфічных межах рассялення беларусаў, гісторыі Беларусі. Не існавала нават адзінай назвы народа і краіны. Так, назва “Беларусь” на той час замацавалася толькі за ўсходнімі губерніямі – Віцебскай і Магілёўскай. Мінская , Гродзенская, Віленская губерні называліся Літвой. Пераважна непісьменнае беларускае насельніцтва не ўсведамляла сябе асобным народам. Сваю нацыянальную прыналежнасць яны вызначалі не па этнічных, а па канфесійных або мясцовых прыкметах, называючы сябе тутэйшымі. Праваслаўе ўспрымалася імі як “руская” вера, а каталіцтва – як “польская”. Развіццё навуковых ведаў пра Беларусь і беларускі народ было звязана з дзейнасцю выкладчыкаў вышэйшых навучальных устаноў, даследчыкаў беларускага краю – аматараў гісторыі. Значны ўклад у развіццё беларусазнаўства ўнеслі: Т. Нарбут – аўтар “Гісторыі літоўскага народа” (т.1-9), І. Грыгаровіч – стваральнік “Беларускага архіва старажытных грамат” (т.1-4) і складальнік “Слоўніка заходнерускай гаворкі”, пісьменнік-этнограф П. Шпілеўскі – аўтар шматлікіх навуковых твораў, у т. л. Нарысаў “Падарожжа па Палессі і беларускім краі”, “Беларусь у характарыстычных апісаннях і фантастычных яе казках”. Актыўным збіральнікам беларускага фальклору стаў Я. Чачот, які адзначыў граматычныя асаблівасці беларускай мовы і вылучыў яе з іншых славянскіх моў, назваўшы крывіцкай. Да ліку выдатных дзеячаў культуры Беларусі належаць браты Я. і К. Тышкевічы. Па іх ініцыятыве ў 1842 г. у Лагойску быў створаны першы ў Беларусі музей старажытнасцей. Пазней, у 1855 г., быў адкрыты Віленскі музей старажытнасцей, куды Я. Тышкевіч перадаў збор уласных археалагічных матэрыялаў. Такім чынам, быў пакладзены пачатак музейнай справе ў Беларусі. Адным з заснавальнікаў беларусазнаўства быў археолаг, этнограф, гісторык, літаратар А. Кіркор, які для шматтомнага выдання “Живописная Россия” напісаў асобны том прысвечаны беларуска-літоўскаму краю. Для вывучэння гісторыі Віцебшчыны шмат зрабіў гісторык і краязнавец А. Сапуноў, які выдаў тры тамы архіўных дакументаў пад назвай “Витебская старина”. Значную навуковую каштоўнасць уяўляе этнаграфічная і мовазнаўчая дзейнасць І. Насовіча, які выдаў “Слоўнік беларускай гаворкі”, сабраўшы больш за 30000 слоў жывой беларускай мовы з разгорнутымі тлумачэннямі да іх. З пазіцый тэорыі “заходнерусізму” асвятляў пытанні гісторыі Беларусі М. Каяловіч. Згодна з гэтай тэорыяй – беларусы разглядаліся як састаўная частка рускага этнасу, у які ўключалі яшчэ велікарусаў і ўкраінцаў праваслаўнай веры. У першай трэці ХІХ ст. яшчэ моцныя пазіцыі займала на Беларусі польская культура. Польская мова з’яўлялася мовай пераважнай часткі адукаванага грамацтва, мовай асветы, тэатра, кнігадрукавання. У галіне адукацыі ў 1803 – 1804 гг. была праведзена рэформа, якая грунтавалася на прынцыпах усесаслоўнасці (даступнасці для ўсіх слаёў насельніцтва) і свецкасці (пераход адукацыі з царкоўнага ведамства ў рукі дзяржавы). У Расіі было створана Міністэрства народнай асветы, а на тэрыторыі Беларусі – Віленская вучэбная акруга на чале з князем А. Чартарыйскім. Галоўная роля ў сістэме адукацыі адводзілася Віленскаму універсітэту, які стаў у 1803 г. пераемнікам Галоўнай Віленскай школы. Сярэднюю адукацыю давалі гімназіі, няпоўную сярэднюю – павятовыя, а пачатковую – прыходскія вучылішча. Сярэднюю адукацыю давалі таксама езуіцкія калегіумы, якія існавалі да 1820 г. Найбольш значным сярод іх быў Полацкі калегіум, ператвораны ў 1812 г. у Акадэмію. Асноўнай мовай навучання першапачаткова была польская . Але пасля паўстання 1830-1831 гг. у 1832 г. быў зачынены Віленскі ўніверсітэт, кожны трэці студэнт якога прымаў удзел у паўстанні. У 1836 г. выкладанне ва ўсіх тыпах навучальных устаноў было пераведзена на рускую мову, а сама яна ўводзілася ў якасці абавязковага прадмета. Польская мова была выключана з вучэбных праграм. Патрэбы развіцця сельскай гаспадаркі выклікалі адкрыццё ў 1848 г. у Горы-Горках Магілёўскай губерні земляробчага інстытута – першай у Расіі вышэйшай навучальнай установы сельскагаспадарчага профілю (зачынены у 1864 г. у сувязі з паўстаннем К.Каліноўскага). Атрымаць вышэйшую адукацыю выхадцы з Беларусі ў другой палове ХІХ ст. маглі толькі ў вышэйшых навучальных установах Расійскай імперыі. У 1887 г. міністр асветы Расіі выдаў “Указ аб кухарчых дзецях”, у выніку чаго забаранялася прымаць у гімназіі дзяцей кухарак, прачак, дробных гандляроў і г.д. Быў таксама абмежаваны прыём у гімназіі яўрэяў. У ХІХ ст. адбываўся працэс станаўлення беларускай літаратурнай мовы на аснове жывой шматдыялектнай народнай (сялянскай) мовы. Першымі беларускімі паэтамі сталі выхадцы з ассяроддзя апалячанай беларускай шляхты. Характэрнай з’явай стала ўжыванне кірыліцы ў ананімных літаратурных творах. Найбольшую цікавасць выклікаюць ананімныя паэмы “Энеіда навыварат” і “Тарас на Парнасе”. Сёння найбольш верагоднымі іх аўтарамі лічацца адпаведна В. Равінскі і К. Вераніцын. Паэма “Тарас на Парнасе” стала выдатным узорам літаратурнай апрацоўкі сярэднябеларускай гаворкі, якая і лягла ў аснову новай беларускай літаратурнай мовы. Паэма ўпершыню была апублікавана ў 1889 г. у газеце “Минский листок”. Сярод выдатных пісьменнікаў ХІХ ст. трэба вылучыць А. Міцкевіча, аўтара рамантычных вершаў і паэм “Пан Тадэвуш”, “Дзяды”, “Гражына”, “Мешка, князь Навагрудка” і інш. Першым класікам новай беларускай літаратуры з’яўляецца В. Дунін-Марцінкевіч. У яго двухмоўнай драме “Сялянка” (“Ідылія”), надрукаванай у Вільні ў 1846 г., упершыню загучала жывая беларуская гаворка. Яго ідэалам было адзінства вярхоў і нізоў народа. Станаўленне і развіццё новай беларускай літаратуры адбывалася на аснове, з аднаго боку, вуснай народнай творчасці (паэт П.Багрым), з другога боку, беларускай плыні ў польскамоўнай мясцовай літаратуры (У.Сыракомля, Я. Баршчэўскі, А. Вярыга-Дарэўскі і інш.). Істотную ролю ў станаўленні нацыянальнай мовы адыграў Ф. Багушэвіч. Ён адным з першых сярод беларускіх пісьменнікаў адзначыў самастойнасць беларускай мовы і стаў своеасаблівым “бацькам” беларускага адраджэння. Напрыканцы ХІХ ст. за межамі Беларусі (у Кракаве і Познані) выйшлі з друку зборнікі яго вершаў “Дудка беларуская” і “Смык беларускі” пад псеўданімамі “Мацей Бурачок” і “Сымон Рэўка з-пад Барысава”. Роднымі матывамі была прасякнута і творчасці прадстаўнікоў выяўленчага мастацтва, якое набывала свецкі характар і развівалася пад уплывам ідэй класіцызму і рамантызму. Жывапісцы звярталіся да розных жанраў: пейзажу, нацюрморта, бытавога, батальнага, гістарычнага. Найбольшага поспеху яны дасягнулі ў такім жанры, як партрэт, раскрываючы ўнутраны свет чалавека, яго перажыванні, памкненні. Высокім майстэрствам вызначаліся працы І.Аляшкевіча, В. Ваньковіча, І.Хруцкага. першым прафесійным скульптарам у Беларусі лічыцца К. Ельскі. У беларускай архітэктуры ў пачатку ХІХ ст. пануе класіцызм, а з сярэдзіны ХІХ ст. пачаў усталёўвацца рамантычны стыль. Сярод найбольш вядомых архітэктурных помнікаў гэтага часу – палацава-паркавы комплекс графа Румянцава ў Гомелі, палацы ў Жылічах і Снове (Бабруйскім і Нясвіжскім раёнах), Петрапаўлаўскі сабор у Гомелі, Праабражэнская царква ў Чэрыкаве і інш. Уплыў рамантызму найбольш відавочны ў пейзажна-паркавым мастацтве. Такім чынам, беларуская культура ў ХІХ ст. зрабіла значны крок наперад у сваім развіцці. На яе вялікі ўплыў аказала культура Расіі, Украіны, Польшчы, усіх еўрапейскіх краін.

8. Развіццё прамысловасці Беларусі ў пачатку ХХ ст. стала адной з прыкмет мадэрнізацыі – паступовага пераходу ад феадальнага да капіталістычнага спосабу вытворчасці. Працэс прамысловага развіцця ў Беларусі меў свае асаблівасці, якія заключаліся:

- пад уздзеяннем усерасійскага і еўрапейскага рынкаў, якое па меры будаўніцтва чыгунак няўхільна нарастала, у 60 – 80-я гг. ХІХ ст. канчаткова вызначылася спецыялізацыя беларускай прамысловасці на пераапрацоўцы мясцовай сельскагаспадарчай, лясной і мінеральнай сыравіны. У пачатку ХХ ст. у першую чаргу развівалася кардонна-папяровая, запалкавая і лесахімічная вытворчасць;

- працягваўся працэс пераважнага размяшчэння прамысловасці ў сельскай мясцовасці – бліжэй да крыніц сыравіны і таннай рабочай сілы. Большасць фабрык і заводаў былі размешчаны і знаходзіліся ў мястэчках і маёнтках. Найбольшае развіццё атрымалі тут вінакурэнне і дрэваапрацоўка;

- вялікую долю ў Беларусі складала рамесная і мануфактурная дробная вытворчасць. Былі шырока распаўсюджаны прадпрыемствы, дзе працавалі 5-15 рабочых без паравога рухавіка. У 1900 г. на адно прадпрыемства ў сярэднім прыходзілася 39 рабочых.

- дробны характар вытворчасці абумовіў даволі нізкі ўзровень яе канцэнтрацыі. У пачатку ХХ ст. канцэнтрацыя вытворчасці павялічваецца ў сувязі з пачаткам працэсу аб’яднання капіталаў у форме акцыянерных таварыстваў і сіндыкатаў. Так, напрыклад, у Мінску дзейнічала акцыянернае таварыства запалкавай фабрыкі “Маланка”. На аснове мясцовых капіталаў утварыліся акцыянерныя таварыствы тытунёвай фабрыкі “Нёман” у Гродне, запалкавых фабрык у Пінску і Мазыры і інш. Расійскім і замежным акцыянерным таварыствам належалі льнопрадзільная фабрыка “Дзвіна”, электрычная станцыя і трамвай у Віцебску і інш.

Развіццё капіталістычнай гаспадаркі, станаўленне таварна-грашовых адносін непасрэдна залежалі ад шляхоў зносін. У канцы ХІХ ст. у разліку на 100 кв.км Беларусь мела шашэйных дарог у 2 разы, а рачных – у 3 разы больш, чым еўрапейская частка Расіі. Цераз тэрыторыю Беларусі прайшлі важнейшыя магістралі: Маскоўска-Брэсцкая, Лібава-Роменская і інш. У буйныя чыгуначныя вузлы ператварыліся Мінск, Віцебск, Брэст, Баранавічы, Гомель і іншыя гарады. У 1898 г. Віцебск стаў трэцім горадам у Расіі пасля Кіева і Ніжняга Ноўгарада, дзе быў пушчаны гарадскі электрычны трамвай. Заработная плата рабочых у Беларусі ў 1913 г. была на 20,5 % меншая, чым па Расіі ў цэлым, і складала 35 рублёў у месяц. Землякопы і іншыя некваліфікаваныя рабочыя атрымлівалі 15-18 рублёў у месяц. Станочнік зарабляў 40-60 рублёў, ткач – 50 рублёў, будаўнік (сезонны) – да 100 рублёў, інжынер – 200-300 рублёў, вясковая настаўніца – 12-15 рублёў. У 1913 г. 1 фунт (409,5 г) жытняга хлеба каштаваў 1 капейку, 1 кварта (3,07 л) малака – 6 капеек, звычайныя боты – 3 рублі, 1 фунт ялавічыны – 14-15 капеек, веласіпед “Расія” – 85 рублёў, рабочы конь – 50 рублёў. Плата за навучанне ў Менскай мужчынскай урадавай гімназіі складала 75 рублёў у год.

Развіццё сельскай гаспадаркі ў пачатку ХХ ст. было звязана з правядзеннем аграрнай рэформы. Яна атрымала назву сталыпінскай па прозвішчы яе ініцыятара прэм’ер-міністра П. Сталыпіна. Магчымасць ператварэння Расійскай імперыіі ў сапраўды моцную вялікую дзяржаву Сталыпін звязваў са стварэннем сацыяльнай апоры царызму сярод сялянства. Ва ўмовах расслаення вёскі пасля 1861 г. на беднякоў, сераднякоў і заможных сялян (60, 30 і 10 %) П.Сталыпін бачыў такую апору ў стварэнні слоя сельскай буржуазіі. Аграрная рэформа была распачата ў 1906 г. і ўяўляла сабой “чарговую чыстку зямель для капіталізму”. Першапачатковым этапам рэформы стала разбурэнне сялянскай абшчыны і замацаванне абшчынных зямельных надзелаў у асабістую ўласнасць сялян, якія яе апрацоўваюць. Такая магчымасць замацавання зямлі ва ўласнасць давалася сялянам праз атрыманне зямлі ў водрубе, г.зн. за кошт выдзялення селяніну ўчастка зямлі ў межах вёскі па магчымасці ў адным месцы ўзамен цераспалосіцы. Таксама П. Сталыпін уводзіць хутарызацыю, якая нагадвала фермерскую гаспадарку і была арыентавана на рынак і адлюстроўвала дастаткова эфектыўны шлях развіцця капіталізму ў сельскай гаспадарцы. Найвастрэйшае пытанне з малазямеллем сялян Сталыпін прапанаваў вырашыць шляхам арганізацыі добраахвотнага перасялення значнай часткі з еўрапейскіх губерняў за Урал, у Сібір, на Далёкі Усход і г. д., дзе было шмат неапрацаванай урадлівай глебы. Дзеля гэтага выдзяляліся беззваротныя грашовыя пазыкі, забяспечваліся спецыяльныя цягнікі, рыхтаваліся пункты прыёму перасяленцаў, наразаліся зямельныя ўчасткі. За 1904-1914 гг. з пяці заходніх губерняў перасялілася каля 368 тыс. чалавек. Аднак каля 11 % сялян вярнуліся ў 1907-1914 гг. назад у сувязі з недастатковай дапамогай з боку ўрада і цяжкімі ўмовамі жыцця. Асаблівасцю сталыпінскай рэформы ў Беларусі стала ўвядзенне ў 1911 г. земстваў – выбарных органаў мясцовага самакіравання ў трох беларускіх (Віцебскай, Магілёўскай і Мінскай) і трох украінскіх губернях. У заходніх губернях (Гродзенскай, Віленскай, Ковенскай) выбарнае земства не ўводзілася з прычыны значнай перавагі сярод выбаршчыкаў католікаў, якіх адносілі да палякаў. Сталыпінская рэформа ў сваёй эканамічнай частцы прывяла да росту буржуазнай уласнасці. Пераважная большасць зямель пераходзіла ў рукі заможных сялян-прадпрымальнікаў. Разам з тым большасць сялян-беднякоў і сярэднякоў, якія выйшлі на хутары, не змагла наладзіць гаспадарку і была вымушана прадаць сваю зямлю. Рэформа паспрыяла пашырэнню шматпольных севазваротаў, далейшаму паглыбленню спецыялізацыі сельскай гаспадаркі на малочнай жывёлагадоўлі і вінакурэнні. У фермерскіх і перадавых памешчыцкіх гаспадарках выкарыстоўваліся сельскагаспадарчыя машыны, ў выніку чаго павышалася ўраджайнасць. У сваёй палітычнай частцы рэформа паскорыла раскол вёскі і стварэнне слоя сельскай буржуазіі з ліку заможнага сялянства, забяспечыла падтрымку царскаму ўраду і на пэўны час прадухіліла сацыяльныя ўзрушэнні, “прытупіўшы” вастрыню аграрнага пытання.

9. Асноўнымі прычынамі рэвалюцыі былі: 1) незадаволенасць царызмам (манархічнай формай кіравання); 2) крызіс у аграрных адносінах; 3) імкненне прыгнечаных народаў да пашырэння сваіх правоў. Разлік царскага ўрада на тое, што вайна Расіі з Японіяй 1904 г. можа быць пераможнай і супакоіць грамадства, даў адваротны вынік. Жорсткае паражэнне расійскага войска толькі абвастрыла эканамічны крызіс і прыспешыла рэвалюцыю. Расстрэл мірнага шэсця пецярбургскіх рабочых з сем’ямі да цара 9 студзеня 1905 г. ( крывавая нядзеля) ускалыхнуў імперыю. Хваля стачак і мітынгаў пратэсту ахапіла ўсю краіну, у тым ліку і беларускія гарады. Так пачалася расійская рэвалюцыя, якая ў Беларусі ў сваім развіцці прайшла некалькі этапаў. Першы, пачатковы, этап працягваўся са студзеня па верасень 1905 г. У выніку веснавых забастовак рабочыя Беларусі дамагаліся павышэння заробкаў і скарачэння рабочага дня да 9-10 гадзін. Хваляванні перакінуліся ў вёску. Сяляне ахвотна збіраліся на палітычныя сходы і мітынгі. Улетку беларускуювёску ахапілі забастоўкі. З пачаткам рэвалюцыі актывізавалася дзейнасць палітычных партый. У пачатку ХХ ст. на тэрыторыі Беларусі дзейнічала звыш 20 палітычных партый: 9 нацыянальна-дэмакратычных, 9 яўрэйскіх і 5 агульнарасійскіх. У Беларусі найбольшым уплывовымі партыямі былі: Бунд – “Усеагульны яўрэйскі рабочы саюз у Літве, Польшчы і Расіі. Утвораны ў Вільні ў 1897 г. у мэтах арганізацыі барацьбы яўрэйскіх рабочых за паляпшэнне іх эканамічнага становішча. РСДРП – Расійская сацыял-дэмакратычная рабочая партыя. Абвешчана на І з’ездзе прадстаўнікоў шэрагу сацыя-дэмакратычных арганізацый у Мінску ў 1898 г. Афармленне сацыя-дэмакратычнага руху было абумоўлена крызісам вучэння народнікаў аб магчымасці пераходу да сацыялізму, мінуючы капіталістычны лад, праз сялянскую абшчыну, як зародак сацыялізму. Ва ўмовах актывізацыі рабочага руху ў Беларусі пачалося распаўсюджванне марксісцкага вучэння аб класавай барацьбе як рухаючай сіле гісторыі. Марксісты рабілі стаўку на пралетарыят. Менавіта так звалася першая польская сацыялістычная партыя. З яе дзейнасцю, а таксама з дзейнасцю групы “Вызваленне працы” пад кіраўніцтвам “першага рускага марксіста” Г. Пляханава звязана ўзнікненне самастойнага сацыял-дэмакратычнага руху ў Беларусі. У 1903 г. адбылося афармленне дзвюх фракцый у РСДРП. Бальшавікі (большасць іх увайшла пры выбарах у Цэнтральны камітэт партыі) выступалі за рэвалюцыйныя сродкі дасягнення канчатковай мэты – будаўніцтва сацыялізму, меншавікі – за паступовае рэфармаванне грамадства. Беларуская сацыялістычная грамада (БСГ) не мела прыкметнага ўплыву сярод рабочых. Яе ўтварылі браты І. і А. Луцкевічы, А. Пашкевіч (Цётка), А. Бурбіс, К. Кастравіцкі (К. Каганец), В. Іваноўскі, А. Уласаў і інш. у канцы 1902 -1903 гг. Праграма Грамады (1903) прадугледжвала звяржэнне царызму, перадачу зямлі сялянам, сацыялізацыю гаспадарак шляхам добраахвотнай кааперацыі, перадачу фабрык рабочым, развіццё беларускай культуры, прадастаўленне Беларусі краявой аўтаноміі з сеймам у Вільні, устанаўленне прагрэсіўнага падатку, выбранне чыноўнікаў. Агульнарасійская партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў (эсэраў) аформілася ў 1902 г. Эсэры лічылі, што ў сялянскай Расіі нельга прымяняць еўрапейскія сацыялістычныя тэорыі, адхілялі марксізм, імкнуліся стварыць самабытны, сялянскі сацыялізм. Эсэры выкарыстоўвалі тэрор як асноўны сродак барацьбы. Дзеячы БСГ разгортвалі працу найперш у вёсцы. Для кіраўніцтва сялянскімі выступленнямі супраць памешчыкаў ствараўся Беларускі сялянскі саюз ( 1905). І ў горадзе , і ў вёсцы грамадаўцы (сябры БСГ) выступалі адзіным фронтам з бундаўцамі, эсэрамі, членамі РСДРП і Польскай сацыялістычнай партыяй (ППС). Другі этап, ці ўздым рэвалюцыі, прыпадаў на кастрычнік – снежань 1905 г. У кастрычніку краіну ахапіла Усерасійская палітычная стачка. У Беларусі першымі ў барацьбу ўключыліся чыгуначнікі. Снежаньскае ўзброенае паўстанне ў Маскве стала кульмінацыяй падзей 1905 г. і суправаджалася Усерасійскай чыгуначнай стачкай. У Беларусі блізкім да паўстання было становішча ў Баранавічах, Гомелі, Мінску. 18 кастрычніка ў гарадах Беларусі быў абвешчаны Маніфест цара Мікалая ІІ ад 17 кастрычніка 1905 г. Паводле яго створаная ў жніўні 1905 г. як дарадчы орган пры цары Дзржаўная дума – правобраз парламента Расіі – надзялялася заканадаўчымі паўнамоцтвамі. Упершыню ў гісторыі Расіі абвяшчаліся свабоды слова, друку, сходаў, веравызнання, недатыкальнасць асобы. Дарэчы, у сувязі з падпісаннем Маніфеста ў Расіі быў створаны “Саюз 17 кастрычніка”. Яго прадстаўнікі (“акцябрысты”) – асноўная частка буржуазіі – былі задаволены магчымасцю правесці сваіх дэпутатаў у Дзяржаўную думу. У Мінску пры патуранні мясцовай улады 18 кастрычніка 1905 г. быў расстраляны шматлюдны народны мітынг, на якім абмяркоўваўся Маніфест. Да 100 чалавек было забіта і каля 300 паранена.Гэта падзея атрымала ў гісторыі назву “Курлоўскі расстрэл” (губернатар Мінска – П.Курлоў). Мітынг быў расстраляны таксама і ў Віцебску. У адказ на “Курлоўскі расстрэл” частка членаў партыі эсэраў вырашыла адпомсціць губернатару. Выканаўцамі замаху сталі І. Пуліхаў і А. Ізмайловіч. Забойства не адбылося, а І. Пуліхаў быў павешаны на браме Мінскай турмы. У снежні 1905 г. цар аб’явіў аб правядзенні выбараў у І Дзяржаўную думу. У барацьбе за галасы беларускага насельніцтва змагаліся тры палітычных лагеры: кансерватыўны, ліберальны і рэвалюцыйны. У кансерватыўным лагеры найбольш рэакцыйную пазіцыю займаў “Саюз рускага народа” (чарнасоценцы). У іх рады траплялі ўраднікі, праваслаўнае духавенства, стараверы і часта крымінальныя элементы. З чарнасоценцамі актыўна супрацоўнічалі мясцовыя групы партыі акцябрыстаў. Усе яны змагаліся за захаванне манархіі пад лозунгам “Расія для рускіх” і пра рэформы чуць не хацелі. Ліберальны лагер фарміраваўся пераважна за кошт партыі кадэтаў. Яе ідэалам была канстытуцыйная манархія з двухпалатным парламентам. Кадэты выступалі за частковае адчуванне памешчыцкіх зямель па рыначнай ацэнцы, былі прыхільнікамі палітычных рэформаў і ворагамі сацыялізму. Рэвалюцыйны лагер прадстаўлялі левыя партыі (РСДРП, эсэры, Бунд, БСГ, ППС), якія спадзяваліся на рэвалюцыйнае звяржэнне самаўладдзя і ўсталяванне грамадства сацыяльнай справядлівасці, а таму байкатавалі выбары. Трэці этап, ці адступленне рэвалюцыі, працягвалася са студзеня 1906 г. да чэрвеня 1907 г. Большасць у І Думе заваявалі кадэты. Асноўным у парадку дня Думы было аграрнае пытанне. Ва ўрадавай аграрнай праграме аб пашырэнні сялянскага зямельнага кліна (водруба) гаворка не ішла. Таму дэпутаты адмовілі ўраду ў падтрымцы, і ён у ліпені 1906 г. разагнаў Думу, абвясціўшы пры гэтым аб новых выбарах. Перад ІІ Думай, якая адкрылася ў лютым 1907 г., паўсталі тыя ж праблемы, што і перад І Думай – знайсці выхад з аграрнага і нацыянальнага крызісу. Агульнага паразумення дэпутатаў і паміж сабой, і з урадам не адбылося. Урэшце Дума зайшла ў палітычны тупік і 3 чэрвеня была разагнана ўрадам. Рэвалюцыя пацярпела паражэнне. Кансерватыўныя, манархічныя сілы аказаліся мацнейшымі.

10. З пачаткам вайны беларускія губерні знаходзіліся на ваенным становішчы. Летам 1915 г. вайна перакінулася на беларускія землі. Жнівеньскае наступленне немцаў разгортвалася ў кірунку Коўна – Вільня – Мінск. 3 верасня акупанты ўварваліся ў старадаўнюю сталіцу Літвы, а праз два тыдні кайзераўская кавалерыя перарэзала чыгуначную лінію Мінск – Масква ў раёне Смалявіч. І толькі цаной вялікіх намаганняў расійскай арміі ўдалося спыніць немцаў і адкінуць іх у раён азёр Свір і Нарач. Але германскае войска працягвала ўтрымліваць Заходнюю Беларусь. У жніўні Стаўка Галоўнакамандуючага была перанесена з Баранавіч у Магілёў. У кастрычніку 1915 г. нямецка-расійскі фронт стабілізаваўся па лініі Дзвінск – Браслаў – Паставы – Смаргонь – Баранавічы – Пінск. На працягу двух гадоў і пяці месяцаў ( да лютага 1918 г.) ён заставаўся нязменным і дзяліў Беларусь на дзве часткі. Тут канцэнтравалася звыш 1,5 млн расійскіх салдат і афіцэраў і каля 1 млн нямецкіх. У ліпені 1916 г. расійская армія спрабавала прарваць фронт у раёне Баранавіч, але толькі страціла 80 тыс. салдат. Асноўныя кірункі акупацыйнай палітыкі былі наступныя. У галіне эканомікі нямецкія ўлады выяўлялі зацікаўленасць у захаванні ў прыфрантавой паласе стабільных гаспадарчых структур, якія працавалі б на патрэбы вайны. Таму ніякіх перашкод у гаспадарчай дзейнасці яны імкнуліся не чыніць. Мясцовыя землеўладальнікі і гандлёва-прамысловыя прадпрымальнікі адразу ж трапілі пад прэс ваенных падаткаў, але пасля выплаты іх маглі займацца сваёй справай. Народ пакутаваў ад рэквізіцый, прымусовай працы на ваенных збудаваннях. Адступленне расійскіх войскаў у 1915 г. суправаджалася масавым бежанствам. З тэрыторыі Беларусі добраахвотна і пад прымусам выехала ў глыб Расіі каля двух мільёнаў чалавек ( пераважна праваслаўных жанчын, дзяцей і старых). У галіне палітыкі ў адпаведнасці з загадам камандуючага Усходнім фронтам фельдмаршала П. Фон Гіндэнбурга усякая палітычная дзейнасць на акупіраваных тэрытортыях забаранялася. Права на функцыяніраванне атрымалі камітэты дапамогі ахвярам вайны, якія ўзніклі яшчэ да акупацыі па ўсёй прыфрантавой паласе расійскіх войскаў. Яны былі ўпаўнаважаны выказваць уладам прапановы ад кожнай нацыі ў сацыяльнай, асветнай і культурнай галінах. У галіне культуры для ўмацавання свайго становішча ў краі акупацыйныя ўлады прынялі правіла аднолькава адносіцца да ўсіх нацый. Усім нацыянальнасцям дазвалялася культурная дзейнасць, навучанне і выданне газет на роднай мове. Такія шырокія правы беларусы атрымалі ўпершыню, хоць ва ўмовах вайны іх ажыццявіць было цяжка. Не хапала нацыянальнай інтэлігенцыі. Пры гэтым акупацыйныя ўлады больш займаліся рабаваннем беларускіх зямель, чым павышэннем культуры іх жыхароў. Усходняя частка Беларусі ўяўляла сабой прыфрантавую зону. Тут знаходзілася вялікая групоўка салдат і афіцэраў рускай арміі. З Мінскай, Магілёўскай і Віцебскай губерняў у расійскую армію было забрана 633,6 тыс. чалавек – больш за палову працаздольных мужчын. Сялянскія сем’я заставаліся без кармільцаў. Уводзілася працоўная павіннасць. Восенню 1915 г. на працы па капанню акопаў, рамонту дарог і мастоў было прыцягнута практычна ўсё працаздольнае насельцтва прыфрантавых Мінскай і Віцебскай губерняў. Дрэннае харчаванне і невыносныя ўмовы працы прыводзілі да эпідэмічных захворванняў. Вялікія ваенныя расходы, заняпад сельскай гаспадаркі выклікалі рост цэн на тавары першай неабходнасці і прадукты харчавання, рэзкае зніжэнне жыццёвага ўзроўню насельніцтва. У прыфрантавых умовах рабочы рух у Беларусі, дзе дзейнічалі законы ваеннага часу, быў нязначным па сваіх маштабах. Шырокі размах набыў сялянскі рух. Больш за палову выступленняў складалі патравы памешчыцкіх зямель і парубкі лясоў. Сяляне адмаўляліся ад выканання ваенных павіннасцей, супраціўляліся рэквізіцыям. Ваенныя паражэнні расійскай арміі выклікалі салдацкі рух, расло дэзерцірства. У 1916 г. адбылося найбуйнейшае хваляванне салдат – паўстанне на Гомельскім размеркавальным пункце. Гэтыя факты сведчылі, што армія з апоры самадзяржаўя ператваралася ў яго праціўніка. У гады Першай сусветнай вайны беларускі народ страціў 1200 тыс. чалавек.

Тэмы рэфератаў

  1. Фарміраванне палітычных партый. Нацыянальнае адраджэнне. Першыя палітычныя арганізацыі.

  2. Беларусь у гады Першай сусветнай вайны. Адносіны да вайны розных класаў і партый.

  3. Фарміраванне беларускай нацыі.

  4. Навуковыя даследаванні гісторыі Беларусі, побыту і культуры яе насельніцтва.

Тэма: 7. Пачатак навейшага часу ў Айчыннай гісторыі (1917 -1920).

  1. Становішча ў Беларусі пасля перамогі Лютаўскай рэвалюцыі 1917 г.

  2. Кастрычніцкая рэвалюцыя на Беларусі. Першыя рэвалюцыйныя пераўтварэння.

  3. Нацыянальна - дзяржаунае будаўніцтва. Усебеларускі з’езд. Абвяшчэнне БНР.

  4. Утварэнне Беларускай ССР. Аб’яднанне Беларускай ССР і Літоўскай ССР.

1. Эканамічны і палітычны крызісы, паражэнні на франтах Першай сусветнай вайны выклікалі ў расійскім грамацтве вялікую незадаволенасць. Пачаў набіраць размах і пашырэнне забастовачны рух. 23 лютага 1917 г. на вуліцы Пецярбурга выйшлі працаўніцы тэкстыльных прадпрыемстваў. А ўжо праз два дні стачка ў Петраградзе стала агульнагарадской, дэманстрацыі – масавымі. 27 лютага на бок народа перайшлі салдаты Петраградскага гарнізона: звыш 66 тыс. чалавек. Імклівае нарастанне рэвалюцыйнай сітуацыі паралізавала дзеянні штаба ўрадавых войскаў, паўстанцкія дзеянні паспаўсюдзіліся на гарнізоны іншых гарадоў імперыі. 28 лютага апошнія вайсковыя часці, што яшчэ заставаліся вернымі цару, пакінулі памяшканне Адміралцейства і сталіца поўнасцю перайшла пад кантроль паўстаўшага народа. 2 сакавіка цар Мікалай ІІ адрокся ад прастола. На працягу сакавіка рэвалюцыйныя дзеянні атрымалі пашырэнне на ўсёй тэрыторыі Расійскай імперыі. Распаўсюджання звестак аб звяржэнні самаўладдзя мясцовыя органы ўлады імкнуліся не дапусціць. Такім чынам дзейнічала і Стаўка і штаб Заходняга фронту на тэрыторыі Беларусі. Але і тут па прыкладу Петраграда пачалося стварэнне Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Ужо 4 сакавіка быў утвораны Мінскі Савет рабочых дэпутатаў, які потым папоўніўся дэпутатамі-салдатамі і стаў Саветам рабочых і салдацкіх дэпутатаў. У Расіі ўзнікла своеасаблівае становішча, якое атрымала назву двоеўладдзе: з аднаго боку – рэвалюцыйна-дэмакратычная ўлада пралетарыяту і сялянства ў выглядзе Саветаў, а з другога боку – улада буржуазіі ў выглядзе “грамадскіх камітэтаў парадку”. Падобнае становішча ўзнікла ў арміях Заходнягя фронту, што размяшчаліся на тэрыторыі Беларусі. Часовы ўрад і вайсковае камандаванне імкнуліся захаваць баяздольнасць войска. Яны тлумачылі салдатам, што характар вайны пасля звяржэння самадзяржаўя змяніўся і яна стала вайной за абарону “рэвалюцыйнай Айчыны”. Прадстаўнікі эсэраў, меньшавікоў, бундаўцаў, што складалі большасць у Саветах рабочых і салдацкіх дэпутатаў, падтрымлівалі гэтыя погляды. Псля перамогі Лютаўскай рэвалюцыі ў ліку іншых дэмакратычных партый аднавіла сваю палітычную дзейнасць Беларуская сацыялістычная грамада. Яна прыкладала намаганні да вырашэння нацыянальнага пытання і кансалідацыі шматлікіх нацыянальных арганізацый. У сакавіку 1917 г. у Мінску адбыўся з’езд прадстаўнікоў беларускіх нацыянальных арганізацый. Па нацыянальным пытанні з’езд выказваўся за дзяржаўна-тэрытарыяльную аўтаномію Беларусі ў складзе Расійскай дэмакратычнай рэспублікі. Беларускімі прызнаваліся Мінская, Гродзенская, Магілёўская, часткі Смаленскай і Чарнігаўскай губерняў. Вышэйшым органам мясцовай улады павінна была стаць Беларуская краёвая рада. Да выбараў Рады з’езд абвясціў сябе вышэйшай краёвай уладай, а сваім выканаўчым органам – Беларускі нацыянальны камітэт (БНК). БНК правёў перамовы з Часовым урадам аб прызнанні яго ўрадавай структурай на тэрыторыі аўтаномнай Беларусі. Але Часовы ўрад, які стаяў на пазіцыях адзінай і непадзельнай Расіі, лічыў, што гэта пытанне можа вырашыць толькі Устаноўчы сход – найвышэйшы орган ўлады ў Расіі (парламент). Выбары ў яго арганізоўваліся па ўсёй Расіі, акрамя тэрыторый, у тым ліку і беларускіх, акупіраваных германскімі войскамі ў час Першай сусветнай вайны. Такім чынам нацыянальнае пытанне для Беларусі засталося нявырашаным. Яно ўскладнялася баявымі, якія яшчэ не скончыліся, і нямецкай акупацыяй часткі беларускіх зямель. Канчатковае вырашэнне аграрнага пытання адкладвалася да склікання Устаноўчага сходу. Лютаўская буржуазна-дэмакратычная рэвалюцыя 1917 г. так і не вырашала ўсіх наспелых пытанняў. Яна прывяла да звяржэння самадзяржаўя. Курс буржуазнага Часовага ўрада адкрываў перспектыву далейшага развіцця Расіі ў кірунку парламенцкай дэмакратыі. Праграма эсэраў па аграрным пытанні, якая прадугледжвала сацыялізацыю зямлі – перадачу яе ў агульнанародную ўласнасць і ўраўняльны падзел сярод тых, хто яе апрацоўвае, г.зн. сярод сялянства, пры адмене прыватнай уласнасці на зямлю пачала карыстацца папулярнасцю сярод беларускага сялянства. Сялянскія дэпутаты ад заходніх губерняў у Думе не падтрымалі праграму нацыяналізацыі зямлі – перадачы яе не непасрэдна сялянам, а выбарным імі зямельным камітэтам пры захаванні дзяржаўнай уласнасці на зямлю. Няздольнасць Часовага ўрада ў сціслыя тэрміны вырашыць аграрнае і нацыянальнае пытанні, спыніць ваенныя дзеянні і заключыць мір, перанос канчатковага вырашэння гэтых пытанняў да склікання Устаноўчага сходу азначалі незавершанасць працэсу мадэрнізацыі.

2. У красавіку 1917 г. лідэр партыі бальшавікоў У.І.Ленін распрацаваў курс на перарастанне буржуазна-дэмакратычнай рэвалюцыі ў сацыялістычную. Для вырашэння пытання аб міры было прапанавана прыпыніць ваенныя дзеянні і пачаць перамовы аб заключэнні міру без анексій і кантрыбуцый. Прадугледжвалася перадаць зямлю Саветам сялянскіх дэпутатаў. Аднак для вырашэння пытанняў аб міры і зямлі бальшавікам трэба было ўзяць уладу ў свае рукі. Часовы ўрад паступова страчваў кантроль над развіццём падзей. У жніўні 1917 г. галоўнакамандуючы войскамі Часовага ўрада генерал Л. Карнілаў падняў мяцеж з мэтай вывядзення краіны з крызісу шляхам устанаўлення ваеннай дыктатуры. Менавіта на тэрыторыі Беларусі дзякуючы кіруючай ролі бальшавіцкіх арганізацый мяцеж быў разгромлены. У час барацьбы з карнілаўскім мяцяжом адбылася бальшавізацыя Саветаў, г.зн. большасць месцаў у іх перайшло ад меншавікоў і эсэраў да бальшавікоў. Імі быў распрацаваны курс на захоп улады праз узброенае паўстанне. Пазіцыя бальшавікоў на тэрыторыі Беларусі знайшла асабліва моцную падтрымку сярод салдат Заходняга фронту. 25 кастрычніка 1917 г. у Петраградзе адбыўся захоп улады бальшавікамі. У выніку быў звергнуты Часовы ўрад і ўлада перайшла ў рукі Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Мінскі гарадскі савет спыніў дзейнасць мясцовых органаў улады і абвясціў сябе ўладай у Мінску. Непасрэднае кіраўніцтва пераходам улады да Саветаў ажыццяўляў створаны бальшавікамі ваенна-рэвалюцыйны камітэт (ВРК) Заходняй вобласці і фронту, які апіраўся на салдат. Супраць новай улады выступілі меншавікі, эсэры і бундаўцы. У Мінску яны стварылі “Камітэт выратавання рэвалюцыі”, які паспрабаваў узяць уладу ў свае рукі. Бальшавікі, выкарыстоўваючы падтрымку войскаў Заходняга фронту, пераадолелі супраціўленне сваіх палітычных сапернікаў i ўсталявалі кантроль над той часткай тэрыторыі Беларусі, якая не была захоплена нямецкімі войскамі. Пасля Петраграда i Масквы трэцім цэнтрам, дзе вырашаўся поспех пераходу ўлады да Саветаў, стаў Магілёў. Тут знаходзілася Стаўка Вярхоўнага галоўнакамандуючага на чале з ге­нералам М. Духоніным, якая пасля звяржэння Часовага ўрада ўзначаліла барацьбу з бальшавікамі. Стаўка была ліквідавана вайсковымі часткамі, настроенымі па-бальшавіцку. Хутка i бяскроўна адбыўся пераход улады у арміях Заходняга фронту. Многія салдаты ўскладалі надзеі на тое, што бальшавікі створаць аднародны сацыялістычны ўрад з прадстаўнікоў усіх сацыялістычных партый (бальшавікоў, меншавікоў, эсэраў) i забяспечаць скліканне Устаноўчага сходу. Аднак Ус-таноўчы сход, скліканы ў студзені 1918 г. у Петраградзе, быў разагнаны бальшавікамі, бо ён не прызнаў улады Саветаў.

Пасля кастрычніцкіх падзей пачалося фарміраванне новай сістэмы органаў улады. У лістападзе 1917 г. былі створаны Абласны выканаўчы Камітэт Заходняй вобласці i фронту (Аблвыкамзах) як першы вышэйшы заканадаўчы орган савецкай улады на тэрыторыі Беларусі (адным з яго кіраўнікоў быў Аляксандр Мяснікоў), які дзейнічаў да 2 студзеня 1919г. Для вырашэння найбольш важных пытанняў быў створаны на чале з К. Ландарам Савет народных камісараў (СНК) як вы­канаўчы орган Аблвыкамзаха. У лютым 1918 г. завяршылася ўстанаўленне улады Саветаў у Беларусі. Важнай палітычнай сілай, якая прэтэндавала на ўладу краі, заставалася беларускія нацыянальныя арганізацыі. Яны згуртаваліся вакол Вялікай беларускай рады (ВБР) пад старшынствам Я. Лёсіка. Прызнаўшы савецкую ўладу ў Расіі, яна разглядала Аблвыкамзах толькі як франтавы, а не вышэйшы мясцовы орган улады рабочых i сялян Беларусі, i выступіла за стварэнне дэмакратычнай краёвай улады. У лютым 1918 г. Германія аднавіла баявыя дзеянні на Ўсходнім фронце, якія былі распачаты ў час Першай сусветнай вайны ў 1915—1916 гг. Савецкі ўрад быў вымушаны ва ўмовах адсутнасці рэгулярнай арміі пайсці на падпісанне 3 сакавіка 1918г. Брэсцкага мірнага дагавора з Германіяй. Згодна з умовамі дагавора, часова пад германскай акупацыяй апынулася большая частка тэрыторыі Беларусі. На працягу ўсяго перыяду акупацыі войскамі Германіі, а потым i Польшчы у 1919— 1920 гг. захоўвалася савецкая ўлада ў Рудабельскай i суседніх воласцях Бабруйскага павета — так званая «Рудабельская рэспубліка» пад кіраўніцтвам бальшавікоў. Лістападаўская 1918 г. буржуазна-дэмакратычная рэвалюцыя ў Германіі прывялада выхаду Германіі з Першай сусветнай вайны, у якой яна пацярпела паражэнне. Савецкі ўрад у лістападзе 1918 г. скасаваў Брэсцкі дагавор. Чырвоная Армія распачала наступленне i да лютага 1919 г. савецкая ўлада зноў усталявалася амаль на ўсёй тэрыторыі Беларусі.

3. У час лістападаўскіх выбараў ва Ўсерасійскі ўстаноўчы сход беларускія партыі i арганізацыі атрымалі мізэрны працэнт галасоў (0,3). Бальшавікі набралі больш за палову. Гэта прымусіла значную частку беларускіх нацыянальных сіл пайсці на прызнанне савецкай улады. Але прызнаўшы ленінскі ўрад у Петраградзе, Вялікая Беларуская рада адмовілася прызнаваць легітымнасць Аблвыкамзаха на чале з А. Мясніковым. Бальшавіцкі орган абвінавачваўся мясцовымі патрыётамі ў тым, што прадстаўляў расійскае войска, а не беларускі народ. Каля сярэдзіны лістапада 1917г. Вялікая Беларуская рада i Цэнтральная Беларуская вайсковая рада выдалі адозву «Ко всему народу Белорусско­му», дзе заклікалі суайчыннікаў узяць у свае рукі кіраванне краем, а дзеля гэтага абвяшчалася скліканне ў снежні ў Мінску з'езда прадстаўнікоў усяго беларускага народа. Амаль адначасова з такой жа ініцыятывай выступіў у Петраградзе i Беларускі абласны камітэт пры Ўсерасійскім савеце сялянскіх дэпутатаў на чале з Я. Канчарам. Але нечакана для ix Народны камісарыят па справах нацыянальнасцей, які ўзначальваў I. Сталін, дазволіў Беларускаму абласному камітэту ў Петраградзе правядзенне Усе-беларускага з'езда у Мінску. Усебеларускі з'езд пачаўся 15 снежня. На ім сабраліся 1872 прадстаунікі беларускага народа. На з'езд прыехалі пасланнікі ад усёй этнаграфічнай Беларусі, ад ycix франтоў i тылу. Па сацыяльнаму скла­ду з'езд з'яўляўся пераважна сялянскім. Прыхільнікі ВБР дабіваліся абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР), а дэлегаты ад БАК прапанавалі аўтаномію ў складзе РСФСР. У ноч з 17 на 18 снежня дэлегаты прыстушлі да разгляду пытання аб абвяшчэнні беларускай рэспублікі і вылучылі са свайго асяроддзя орган краёвай улады — Усебеларускі савет сялянскіх, салдацкіх i рабочых дэпутатау (Раду). Стварыўшы свой орган краёвай улады, удзельнікі з’езда фактычна выказаліся супраць улады Аблвыкамзаха. Таму бальшавіцкі Савет народных камісараў Заходняй вобласці на чале з К. Ландарам прыняў рашэнне разагнаць з’езд. Удзельнікі Усебеларускага з’езда не прыпынілі распачатай працы і ўтварылі Выканаўчы камітэт з’езда. Галоўным вынікам разагнанага з'езда было тое, што яго дэлегаты паспелі дэклараваць ідэю беларускай народнай рэспублікі. Выканком ва ўмовах нямецкага наступлення, калі кіраўнікі Аблвыкамзаха пакінулі Мінск і пераехалі ў Смаленск, у першай Устаўной грамаце ад 21 лютага 1918 г. абвясціў сябе часовай уладай на тэрыторыі Беларусі і абавязаўся склікаць Усебеларускі ўстаноўчы з’езд. 9 сакавіка Выканком у другой Устаўной грамаце абвясціў Беларускую Народную Рэспубліку (БНР). Выканком быў ператвораны ў Раду БНР, якая 25 сакавіка 1918 г. абвясціла незалежнасць БНР. Дзеячы БНР (І. і А. Луцкевічы, В.Ластоўскі, А.Смоліч і інш.) апынуліся ў цяжкім становішчы, бо абвяшчэнне БНР адбылося ўжо ва ўмовах нямецкай акупацыі. Па ўмовах Брэсцкага міру, падпісанага 3 сакавіка 1918 г. паміж Савецкай Расіяй і Германіяй, частка Беларусі была занята германскімі войскамі. Нямецкае кіраўніцтва, нягледзячы на прывітальную тэлеграму частцы дзеячаў БНР, не прызнала гэтай рэспублікі. Непрызнаная Берлінам Рада БНР знайшла ўрэшце паразуменне з нямецкім генералам Эрыхам фон Фалькенгайнам. У кампетэнцыі БНР знаходзіліся гандаль, прамысловасць, асвета, сацыяльнае забеспячэнне, справы бежанцаў i інш. У Мінску ўжо ў ліпені дзейнічалі каля 20 пачатковых школ, адкрыўся Беларускі педагагічны інстытут. У Слуцку i Браславе адкрыліся гімназіі, а у Свіслачы — настауніцкая семінарыя. У 1918 г. у БНР на беларускай мове выходзілі шэсць газет i тры часопісы, працавалі 11 выдавецтваў, якія выпусцілі 35 беларускіх кніг. 19 мая на базе Таварыства драмы i камедыі ўзнік Беларускі дзяржаўны тэатр БНР. Існаванне беларускай дзяржавы нават ва умовах акупацыі садзейнічала самасцвярджэнню нацыі. БНР выдавала сваім грамадзянам беларускія пашпарты, зацвердзіла ў якасці дзяржаунай нацыянальную сімволіку. 12 красавіка Народны сакратарыят БНР прыняў пастанову аб абвяшчэнні беларускай мовы дзяржаунай i абавязковай для грамадзян рэспублікі.

4. Станаўленне беларускай савецкай дзяржаўнасці стала другім пасля абвяшчэння БНР этапам у працэсе самавызначэння беларускага народа. Прадстаўнікі сацыялістычнага напрамку нацынальнага руху, у прыватнасці, Беларускі нацыянальны камісарыят (Белнацком), выступілі за ператварэнне Заходняй вобласці, якая была ўтворана на тэрыторыі Беларусі ў ходзе кастрычніцкіх падзей 1917 г., у аўтаномную рэспубліку ў складзе РСФСР. Умовы для гэтага ўзніклі, калі войскі Чырвонай Арміі ў лютым 1919 г. вызвалілі ад германскіх акупантаў усю тэрыторыю Беларусі, а ўмовы Брэсцкага міру былі дэнансаваны у выніку лістападаўскай рэвалюцыі 1918 г. у Германіі. Аднак Аблвыкамзах адхіліў прапанову Белнацкома, даўшы вобласці назву “Заходняя камуна”. Пытанне аб стварэнні беларускай дзяржавы на савецкай аснове вырашалася ў канцы 1918 г. на VІ Паўночна – Заходняй абласной канферэнцыі Расійскай Камуністычнай партыі (бальшавікоў) – РКП(б), якая праходзіла ў Смаленску. Яна 30 снежня 1918 г. абвясціла сябе І з’ездам Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі – КП(б)Б. 1 студзеня 1919 г. было абнародавана рашэнне з’езда аб абвяшчэнні Заходняй камуны самастойнай Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікай Беларусь (ССРБ). Старшынёй Часовага рабоча-сялянскага ўрада Беларусі стаў З.Жылуновіч (Ц.Гартны) – аўтар Маніфеста, якім абвяшчалася ўтварэнне ССРБ. У склад рэспублікі ўвайшлі Мінская, Віцебская, Гродзенская, Магілёўская, а таксама часткі Смаленскай, Віленскай, Ковенскай і Чарнігаўскай губерняў. Аднак ужо праз два тыдні Віцебская, Магілёўская і Смаленская губерні былі далучаны да РСФСР. 2-3 лютага 1919 г. на І Усебеларускім з’ездзе Саветаў у Мінску была прынята першая Канстытуцыя ССРБ. З'езд устанавіў федэратыўны саюз з савецкай Расіяй i абраў таксама Центральны выканаўчы камітэт Беларусі ў складзе 50 чалавек i яго Прэзідыум, якому надавалася функцыя ўрада. Новым прэм’ерам Беларусі замест 3. Жылуновіча стаў А. Мяснікоў. Адной пастановай з'езд юрыдычна аформіў БССР, а дру­гой — фактычна ліквідаваў яе, бо згадзіўся на зліццё савец­кай Беларусі з савецкай Літвой. Рабілася гэта, быццам бы, дзеля лепшай абароны ад знешніх ворагаў, а дакладней - Польшчы. Злучэнне адбылося 27 лютага 1919 г. Літоўска - Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка (ЛітБел) са сталіцай у Вільні ўключала Віленскую, Мінскую i Гродзенскую губерні. У складзе яе ўрада на чале з В. Міцкявічусам Капсукасам не было ніводнага беларуса. У літоўска-беларускай арміі пераважалі расійскія салдаты. Усе беларускае, нават мова, лічылася контррэвалюцыйным. У Мінску не з'явілася ніводнай бе­ларускай кнігі, брашуры, газеты. Літаратура выдавалася толькі на літоўскай, польскай i рускай мовах. На тэрыторыі ЛітБелССР амаль усе сялянства, за выключэннем беднаты, пазбаўлялася нават фіктыўнага права выбараў у саветы. У гарадах выбіраць у саветы маглі толькі рабочыя i рамеснікі. У сакавіку 1919 г. быу ліквідаваны i Белнацкам у Маскве. Бальшавіцкі наватвор (ЛітБел) стаў на шляху да дзяржаунай незалежнасці не толькі беларусаў, але i літоўцаў. ЛітБелССР праіснавала да жніўня 1919 г., калі яе тэрыторыя была захоплена польскімі войскамі ў час савецка-польскай вайны 1919-1920 гг. (інэрвенцыі Польшчы супраць савецкай Расіі з мэтай адраджэння Рэчы Паспалітай). Пасля вызвалення войскамі Чырвонай Арміі тэрыторыі Беларусі сход кіруючых работнікаў партыйных і савецкіх органаў прыняў 31 ліпеня 1920 г. Дэкларацыю аб незалежнасці Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь (ССРБ). Адбылося другое абвяшчэнне савецкай рэспублікі на тэрыторыі Беларусі. Такім чынам, станаўленне беларускай дзяржаўнасці завяршылася спачатку абвяшчэннем на нацыянальна-дэмакратычнай аснове БНР, а затым утварэннем на савецкай аснове БССР.

Тэмы рэфэратаў.

  1. Усебеларускі з’езд ( снежань 1917 г.) і яго вынікі.

  2. Брэсцкі мір і Беларусь.

  3. Абвяшчэнне БНР. Праблема беларускай дзяржаўнасці ва ўмовах акупацыі.

Літаратура.

Октябрь 1917 г. и судьбы политической оппозиции: В 3 т. / Под ред. Э. М. Энтина. Гомель, 1993.

Сташкевич Н.С. Приговор революции: крушение антисоветских движений в Белоруссии ( 1917-19250. Мн., 1985.

Цвикевич А. Краткий очерк возникновения Белорусской народной республики. Мн.,1990.

Юхо Я. А. Кароткі нарыс гісторыі дзяржавы і права на Беларусі. Мн.,1992.