Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Гісторыя Беларусі.doc
Скачиваний:
2
Добавлен:
21.09.2019
Размер:
824.83 Кб
Скачать

3.Фарміраванне этнічных супольнасцей. Канцэпцыі беларускага этнагенезу.

Этнас, этнічная супольнасць (ад грэч. ethnos – народ) – устойлівая супольнасць людзей, якая склалася гістарычна на пэўнай тэрыторыі, мае агульную мову, культуру, побыт, псіхалагічныя рысы і самасвядомасць. Асноўныя гістарычныя формы этнасу – род, племя, народнасць, нацыя – характарызуюцца і пэўнымі сацыяльна-эканамічнымі асаблівасцямі. Галоўныя прыкметы этнасу – мова, самасвядомасць, культура, побыт, псіхіка і інш. – змяняюцца з цягам часу не так істотна, як сацыяльна-эканамічныя адносіны, якія адпавядаюць пэўнай гістарычнай ступені развіцця. Адной з галоўных прыкмет этнасу з’яўляецца этнічная тэрыторыя – тэрыторыя кампактнага рассялення пэўнага народа. Этнічная тэрыторыя – гэта не толькі сфера пражывання, але і жыццевая аснова, што абумоўлівае спецыфіку гаспадарчых заняткаў і вытворчай культуры, жывіць канктэтнымі вобразамі духоўныя скарбы народа, яго мову і фальклор. Мова народа з’яўляецца спецыфічным сродкам захавання і перадачы яго сацыяльнага вопыту, культурных традыцый. Праз мову рэалізуецца пераемнасць розных пакаленняў і гістарычных эпох. Гісторыя фарміравання беларускага этнасу вывучаецца на падставе звестак з розных навук – лінгвістыкі, археалогіі, этнаграфіі, антрапалогіі, тапанімікі і інш. Даследванне праблемы этнагенезу беларусаў з’явілася вынікам выкарыстання спецыфічных крыніц, правядзення складаных і доўгіх пошукаў, параўнання высноў розных навук. Этнічную гісторыю Беларусі ўмоўна можна падзяліць на чатыры перыяды. Першы – даіндаеўрапейскі перыяд. Яго храналагічныя рамкі: 40 тыс. гадоў да н.э. – 3-2 тыс. гадоў да н.э.; характарызуецца панаваннем такіх форм гаспадаркі, як палаванне, рыбалоўства, збіральніцтва. Ен супадае з каменным векам, калі адбылося засяленне чалавекам тэрыторыі сучаснай Беларусі. Некаторыя даследчыкі лічаць, што да прыходу індаеўрапейцаў на тэрыторыі Беларусі жылі фіна-угры. Другі – індаеўрапейскі, адбываўся на мяжы 3-2 тысячагоддзяў да н.э., калі шматлікія плямены жывелаводаў-вандроўнікаў рассяляліся на вялікай тэрыторыі Еўропы і Азіі ад Ніжняй Волгі да Рэйна. Лічаць, што індаеўрапейцы былі вынаходнікамі кола, таму што вялі качавы спосаб жыцця. Для вырабу колаў з суцэльнага кавалка дрэва яны выкарыстоўвалі медныя і бронзавыя прылады працы, якія былі больш зручныя ў параўнанні з каменнымі. Існуе некалькі тэорый прарадзімы індаеўрапейцаў: паўночна-германская, балканская, пярэднеазіяцкая. Гэтае вялікае перасяленне народаў паклала пачатак утварэнню многіх еўрапейскіх і азіяцкіх народаў. Падчас змяшэння з мясцовым насельніцтвам утвараліся новыя этнічныя субстраты ( народы) – прыкладна 40 народаў: балты, славяне, германцы, фракійцы, італікі, ілірыйцы, галы, грэкі, кельты, індаіранцы і інш. Трэці перыяд – балцкі, адбываўся ў часы бронзавага і ранняга жалезнага веку. Яны знаходзіліся на больш высокім узроўні сацыяльна-эканамічнага развіцця і прынеслі на тэрыторыю Беларусі жывелагадоўлю і земляробства. Вылучаюцца дняпроўская і вісла-неманская групы. Адбываецца працэс асіміляцыі аўтахтонаў ( мясцовага насельніцтва). Славянскі перыяд адбываўся ў час ранняга сярэднявечча і звязваецца з пранікненнем на тэрыторыю Беларусі славян у VІ – VІІІ стст. і славянізацыяй балцкага насельніцтва.

Магчыма вылучыць фінскую, балцкую, крывіцка-дрыгавіцка-радзіміцкую, старажытнарускую канцэпцыі беларускага этнагенезу. Згодна з фінскай канцэпцыяй ( яе аўтар І. Ласкоў), продкамі беларускага народа былі славяне і фіны. Ен спасылаецца на тое, што некаторыя назвы беларускіх рэчак і азер, напрыклад Дзвіка, Мардва, Свір, фінскага паходжання. Прыхільнікі балцкай канцэпцыі ( В.Сядоў, Г. Штыхаў і інш.) лічаць, што продкамі беларусаў з’яўляюцца славяне і балты. Аргументы – назвы беларускіх рэчак і азер балцкага паходжання ( Арэса, Клева, Рэста і інш.); пра балтаў як продкаў беларусаў сведчаць некаторыя элементы традыцыйнай беларускай культуры і мовы ( культ вужа, жаночы галаўны ўбор намітка, цверды гук ”р” і інш.) Аўтары крывіцка-дрыгавіцка-радзіміцкай канцэпцыі (Я.Карскі, М.Доўнар-Запольскі, М.Грынблат, У. Пічэта і інш.) мяркуюць, што асноўнымі продкамі беларускага этнасу з’яўляюцца крывічы, дрыгавічы і радзімічы. М. Грынблат звяртае ўвагу на традыцыйныя земляробчыя прылады і асаблівасці гаворак у розных рэгіенах Беларусі. На яго думку, саха з перакладной паліцай і “аканне” першапачаткова былі характэрныя для крывічоў, а палеская саха і дыфтонгі “ўо”, “іе” на поўдні з’яўляліся элементамі культуры і мовы дрыгавічоў. Тыя, хто прытрымліваецца старажытнарускай канцэпцыі паходжання беларускага народа (Я.Карнейчык, Маўродзін і інш.), сцвяржаюць, што продкамі беларусаў была адна з частак так званай старажытнарускай народнасці. Вялікае значэнне яны надаюць існаванню ў мінулым старажытнай дзяржавы Русі, а потым яе распаду, а таксама назве старажытнарускай усходнеславянскай мовы (рускай) і элементам старажытнай культуры (напрыклад, былінам). Заходнеруская канцэпцыя распрацавана гісторыкам ХІХ ст. М.В.Каяловічам. Беларуская народнасць, на яго погляд, склалася ў Х-ХІ стст. з плямен крывічоў, дрыгавічоў і радніліся па веры, мове і этнічных традыцыях з рускімі і украінцамі. М.В.Каяловіч адзначыў пэўную розніцу паміж усходнімі і заходнімі беларусамі, што тлумачыў паланізацыяй. Далучэнне Беларусі і Украіны да Расіі ў канцы ХVІІІ ст., на думку Каяловіча, адрадзіла старарускае адзінства. Існуюць і такія канцэпцыі (яны ўзніклі яшчэ ў ХІХ ст., але маюць прыхільнікаў і сення), якія наогул адмаўляюць факт афармлення і існавання самастойнага беларускага этнасу на той падставе, што ў насельніцтва Беларусі нібыта не было самастойнай славянскай мовы. Прыхільнікі польскай канцэпцыі (Л.Гамблеўскі, А.Рыпіньскі) лічылі беларусаў часткай польскага этнасу, Беларусь – часткай этнічнай Польшчы, а беларускую мову – дыялектам мовы польскай. Велікаруская канцэпцыя (А.І.Сабалеўскі, І.І.Сразнеўскі) заснавана на ўяўленні, што беларусы есць часка велікарускага этнасу, Беларусь – частка велікарускай тэрыторыі. Яе прыхільнікі не прызнаюць беларускую мову самастойнай усходнеславянскай мовай, а разглядаюць яе як дыялект мовы велікарускай.

Тэмы рэфератаў:

  1. Першыя стаянкі людзей на беларускіх землях, іх заняткі.

  2. Вераванні старажытных жыхароў Беларусі.

  3. Прылады працы ў каменным, бронзавым і раннім жалезным веку, сацыяльнае і маёмаснае расслаенне.

Літаратура

Археалогія Беларусі: У4т. Т1. Каменны і бронзавы вякі. Мн.1997

Гісторыя Беларусі/ Пад рэд.Я.К.Новіка, Г.С.Марцуля. Мн.,1998.Ч1.

Гісторыя Беларусі: У 6т. Т1. Мн.2004

Дзмітрачкоў П. Старажытная гісторыя Беларусі. Магілеў,1999.

Калечыц А.Г. Першыя людзі на зямлі Беларусі. Мн.,1997.

Чарняўскі М. Ілюстраваная гісторыя старажытнай Беларусі. Мн.,1997.

Штыхаў Г. Крывічы. Мн.,1992.

Энцыклапедыя археалогіі і нумізматыкі Беларусі. Мн.,1998.