Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Гісторыя Беларусі.doc
Скачиваний:
2
Добавлен:
21.09.2019
Размер:
824.83 Кб
Скачать

Тэма 3.Беларускія землі ў іх – першай палове хііі ст.

  1. Старажытнаруская дзяржава (Кіеўская Русь) – агульная феадальная дзяржава.

  2. Першыя дзяржавы-княствы на тэрыторыі Беларусі (Полацкае, Тураўскае і інш.)

  3. Сацыяльна-эканамічнае развіцце беларускіх зямель ІХ – ХІІІ стст. Зараджэнне феадальных адносін.

  4. Увядзенне хрысціанства на беларускіх землях. Культура.

1. У сучаснай гістарыяграфіі паняццем “Кіеўская Русь” абазначаюць раннефеадальную дзяржаву ўсходніх славян ІХ – ХІІ стст. Яна склалася на тэрыторыі, якая прылягала да воднай магістралі шляху “з вараг у грэкі”. Племянныя княжанні ў славян былі папярэднікамі Кіеўскай Русі і ўяўлялі сабой пачатковую форму дзяржаўнасці на яе тэрыторыі. Важнай крыніцай аб старажытнаславянскай дзяржаве з’яўляецца летапісны звод “Аповесць мінулых гадоў”, які звязвае яе ўтварэнне з варагамі ( так называлі скандынаваў, якія ў ІХ – ХІ стст. ажыццяўлялі паходы амаль па ўсёй Еўропе). Далей летапісец Нестар сцвярджаў, што варожыя плямены ільменскіх славян, крывічаў і чудзь запрасілі варожага конунга ( князя) для навядзення парадку. Князь Рурык ( ? – 879) прыйшоў са сваёй дружынай і паклаў пачатак велікакняжацкай дынастыі Рурыкавічаў. Існуюць дзве асноўныя тэорыі паходжання Кіеўскай Русі: нарманская і антынарманская. Прыхільнікі нарманскай тэорыі перабольшвалі ролю скандынаўскіх воінаў ва ўсталяванні дзяржаўнасці на Русі. Між тым дзяржава як прадукт унутранага развіцця не можа быць прыўнесена знадворку. Гэта працэс доўгі і складаны. Для ўзнікнення дзяржаўнасці неабходны адпаведныя ўмовы: маёмаснае расслаенне, зараджэнне племянной знаці, узнікненне дружын і г. д. Антынарманісты даказваюць абсалютную самабытнасць славянскай дзяржаўнасці, адмаўляюць ролю скандынаваў у палітычных працэсах. Аднак нельга поўнасцю адмаўляць ролю варагаў у станаўленні Кіеўскай Русі. Большасць спецыялістаў даўно прызнала, што Рурыкавічы і сама назва “Русь” скандынаўскага паходжання. Першапачаткова панняцце “Русь” азначала толькі дружыну князя, яго “рыцарства” і адміністрацыю, а “Русая земля” – падуладную ім тэрыторыю, дзяржаву. У геаграфічным сэнсе з Х ст. так называліся землі Сярэдняга Падняпроўя з гарадамі Кіевам, Чарнігавам і Пераяславам. Гэты тэрмін часта выкарыстоўвалі арабскія і грэчаскія аўтары ў дачыненні да ўсіх усходнеславянскіх народаў дзеля таго, каб адрозніваць іх ад іншых славян. Але Полацк, Смаленск, Ноўгарад і шэраг іншых гарадоў усходніх славян яшчэ не лічыліся “Руссю” ў летапісах ХІІ ст. У пісьмовых крыніцах асноўнае насельніцтва тагачаснай Беларусі да сярэдзіны – другой паловы ХІІ ст. мае племянныя назвы: найменне “дрыгавічы” ў летапісах выкарыстоўвалася да 1149 г., крывічы – да 1162 г., радзімічы – да 1169 г.

У 882 г. пераемнік Рурыка князь Алег з дружынай, які княжыў у Ноўгарадзе, рушыў на Кіеў, перамог варагаў Аскольда і Дзіра і зрабіў горад сваёй рэзідэнцыяй. Так была аб’яднана Русь паўночная з паўднёвай (Кіеўскай). Пасля Алег заняў Смаленск і Любеч, падначаліў Кіеву драўлян, севяран і радзімічаў. У залежнасць ад Кіева на некаторы час трапіў і Полацк. Дзяржава, створаная Алегам, была своеасаблівым палітычным утварэннем. Аб’яднанне ўсходнеславянскіх зямель было вельмі нетрывалым і трымалася выключна на сіле зброі. Пры пераходзе ўлады ад аднаго князя да другога асобныя плямёны, як правіла, адмаўляліся падпарадкоўвацца новаму князю і іх патрэбна было зноў заваёўваць. Кіеўская дзяржава ўяўляла сабой своеасаблівую федэрацыю напалову незалежных княстваў, якія падпарадкоўваліся вялікаму князю кіеўскаму. У некаторых з іх доўгі час захоўваліся мясцовыя княжацкія дынастыі. Кіеўскія князі імкнуліся замацаваць сваю ўладу і па магчымасці ліквідаваць мясцовыя княжанні, але барацьба за гэта была доўгай і расцягнулася на ўсё Х ст. Аб’яднальнікам жа ўсіх усходнеславянскіх зямель у складзе Кіеўскай Русі стаў наўгародскі князь Уладзімір (960 – 1015). Ён ліквідаваў мясцовыя княжанні і пасадзіў у палітычных цэнтрах Русі сваіх сыноў. Пры Ўладзіміры было таксама распачата ўмацаванне паўднёвых рубяжоў Русі для абароны ад качэўнікаў. Дзяржаўнае адзінства ў той час забяспечвалася за кошт рэлігійнай і адміністрацыйнай рэформы. У 988 г. князь Уладзімір прыняў хрышчэнне па грэчаскаму ўзору. У выбары веры немалую ролю адыгралі практычныя меркаванні князя. Хрысціянства садзейнічала ўмацаванню дзяржаўнай улады і тэрытарыяльнага адзінства Кіеўскай Русі, аказала вялікі ўплыў на фарміраванне і развіцце культуры ўсходніх славян. Яно мела і міжнароднае значэнне, паколькі з гэтага часу Кіеўская Русь станавілася роўнай іншым хрысціянскім краінам. Кіўская Русь – гэта раннефеадальная дзяржава-манархія. На чале яе стаяў вялікі князь. Пры ім мелася дума, куды ўваходзілі і найбольш знатныя князі, і старэйшыя дружыннікі (баяры). Вялікаму князю падпарадкоўваўся шматлікі кіраўнічы апарат, які распараджаўся зборам даніны, падаткаў, судаводствам, спагнаннем штрафаў і іншымі справамі. У падуладных вялікаму князю землях функцыі кіравання ажыццяўлялі княжацкія намеснікі – пасаднікі і іх бліжэйшыя памочнікі – тысяцкія. Яны ўзначальвалі ў час ваенных дзеянняў народнае апалчэнне –“тысячу”. Пасаднікаў назначаў вялікі князь, тясяцкія выбіраліся са знатных баяр на вечы. Войска князя складалася з дружыны вялікага князя , таксама з войск васальных князёў. У асобных выпадках збіралася народнае апалчэнне. Князі асобных зямель, якія ўваходзілі ў склад Кіеўскай Русі, знаходзіліся ў васальнай залежнасці ад вялікага князя. Яны абавязаны былі пастаўляць вялікаму князю воінаў, з’яўляцца па яго патрабаванню з дружынай, а іх падуладнае насельніцтва – плаціць даніну. У той жа час князі асобных зямель карысталіся неабмежаванай уладай у сваіх землях. Велікакняжацкія намеснікі не мелі права ўмешвацца ў іх унутраныя справы. Аднак, калі мясцовая знаць імкнулася выйсці з падпарадкавання вялікаму князю, яе да паслушэнства прывозілі сілай. Пасля смерці Ўладзіміра ў Кіеве пачаў княжыць яго сын Святаполк, які распачаў упартую барацьбу з Яраславам. Яраслаў, які быў падтрыманы наўгародскімі гараджанамі, нанёс Святаполку паражэнне і заняў Кіеў. Пры Яраславе ( каля 978 – 1054), які потым быў названы Мудрым, Русь дасягнула піка сваёй магутнасці, была абаронена ад печанежскіх набегаў. У гады яго княжання ў Кіеве быў узведзены грандыёзны 13-купальны Сафійскі сабор, заснаваны Пячорскі манастыр. З імем Яраслава звязваюць складанне “Рускай праўды”. Пры ім упершыню ў 1051 г. кіеўскім мітрапалітам становіцца не візантыйскі, а рускі дзяржаўны дзеяч і пісьменнік Іларыён. Перад смерцю Яраслаў падзяліў дзяржаву паміж пяццю сынамі, спадзеючыся на тое, што цяпер кіраваць дзяржавай будзе не асобны чалавек. А ўвесь княжацкі род. Але ўсобіцы не сціхалі, кожны з сыноў імкнуўся авалодаць Кіеўскім княствам. Узнікла шмат суверэнных зямель – княстваў. Колькасць іх расла: да сярэдзіны ХІІ ст. – 15. да пачатку ХІІІ ст. – ужо каля 50. Па ініцыятыве князя Ўладзіміра Манамаха ( 1053 – 1125) на Любецкім з’ездзе ў канцы ХІ ст. (1097) была прызнана поўная самастойнасць мясцовых феадальных цэнтраў. Такім чынам, як і іншыя дзяржавы падобнага тыпу, Кіеўская Русь ІХ – ХІ стст. не ўяўляла сабой маналітнага цэлага. А з’яўлялася механічным злучэннем зямель з розным узроунем эканамічнага і культурнага развіцця. Гэта і прывяло яе ў далейшым да падзлу на асобныя часткі з самастойнымі княжацкімі дынастыямі.

2. У “Аповесці мінулых гадоў” летапісец паведамляў аб існаванні на сучасных беларускіх землях племянных княжанняў – першапачатковах дзяржаўных утварэнняў. Найбольшымі сярод іх былі Полацкае, Смаленскае, Тураўскае. У Х ст. называюцца ўжо Віцебскае, Менскае, Аршанскае, Друцкае, Мсціслаўскае, Слуцкае, Новагародскае, Ізяслаўскае і іншыя княствы. На мяжы VІІІ – ІХ стст. вакол Полацка пачало фарміравацца аб’яднанне крывічоў, якое ў далейшым ператварылася ў самастойную тэрытарыяльную, палітычную і эканамічную адзінку. Першыя летапісныя звесткі аб Полацку адносяцца да 862 г. у першай палове ІХ ст. назіраўся працэс усталявання Полацкай зямлі ў пэўных геаграфічных межах і пачалося афармленне яе дзяржаўнасці. Сваім раннім узнікненем і інтэнсіўным развіццём Полацкая зямля ў многім абавязаня водным гандлёвым шляхам, якія звязвалі Паўднёвую Русь, Візантыю і арабскі Усход з Паўночнай Руссю, Прыбалтыкай і Скандынавіяй. Галоўнай жыццёвай артэрыяй Полацкага княства стала Заходняя Дзвіна. Кіеў і Ноўгарад сапернічалі паміж сабой за аб’яднанне ўсходнеславянскіх зямель, пры гэтым Полацку надавалася важнае значэнне. З 882 г. Полацк і землі, якія яму падпарадкоўваліся, знаходзіліся ў пастаянных эканамічных і палітычных сувязях з Кіеўскім княствам. Аб гэтым ёсць некалькі ўспамінаў у летапісе. У першым з іх гаворыцца аб удзеле крывічоў у сумесным паходзе ў 882 г. кіеўскага князя Алега на Смаленск. У 907 г. князь Алег здейсніў паход на Канстанцінопаль, у якім удзельнічалі і палачане. Аналізуючы сведчанне летапісу, многія даследчыкі прыйшлі да высновы, што Полацкае княства ўваходзіла ў склад Кіеўскай дзяржавы, але адносіны з ёй былі намінальнымі і абмяжоўваліся толькі ўдзелам на ўзаемавыгадных ваенных мерапрыемствах. Прыкладна ў 70-я гг. Х ст. у Полацку пачаў княжыць Рагвалод. Ён адзінаўладна кіраваў усёй Полацкай зямлёй, да саюзу з якой імкнуліся і наўгародскі князь Уладзімір, і кіеўскі князь Яраполк. У 980 г. Уладзіміру Святаславічу, які змагаўся са сваім братам Яраполкам за кіеўскі трон, удалося захапіць Полацк. Рагвалод быў забіты, яго дачка Рагнеда гвалтам узята Уладзімірам у жонкі. Яна нарадзіла яму сына Ізяслава. Згодна паданню, якое перададзена ў летапісе, Рагнеда зрабіла няўдалы замах на жыццё Уладзіміра і была саслана разам з сынам у крэпасць, якая пазней стала вядомая як горад Ізяслаўль (Заслаўе). Потым, верагодна, Ізяслаў быў запрошаны палачанамі на княжанне ў Полацк. Такім чынам, была адноўлена кіруючая дынастыя полацкіх князёў. У заканадаўчых адносінах Полацкая зямля кіравалася вечам, а ў выканаўчых – князем і яго дружынай. Веча запрашала князя, дамоўлівалася з ім аб умовах яго княжання, прымала абавязковыя для насельніцтва рознага роду пастановы, назначала на пасады ўраднікаў ( чыноўнікаў), аб’яўляла вайну і заключала мір. У выпадку парушэння князем дагавора веча пазбаўляла яго паўнамоцтваў. Выканаўчая ўлада абараняла тэрыторыю, ажыццяўляла адміністрацыйнае кіраванне і г. д. Уступленне князя на прастол суправаджалася строга вызначаным рытуалам прынясення клятвы. Новы князь прысягаў абараняць тэрыторыю дзяржавы і інтарэсы яе жыхароў. Пасля смерці Ізяслава адзіным пераемнікам княжацкай улады ў Полацку становіцца яго малодшы сын Брачыслаў Ізяславіч. Князь Брачыслаў (1003-1044) і асабліва яго сын Усяслаў (1044-1101) фактычна не лічыліся з воляй кіеўскіх князёў і праводзілі самастойную палітыку. У барацьбе з кіеўскім князем Яраславам Мудрым за Ноўгарад Брачыслаў дабіўся перадачы яму гарадоў Віцебска і Усвят, якія стаялі на важным шляху са Скандынавіі ў Візантыю. Па Заходняй Дзвіне палачане ажыццяўлялі экспансію на прыбалтыйскія землі, засноўваючы там цэнтры па збору даніны і кіраванню падуладным насельніцтвам. Магчыма, Брачыслаў заснаваў горад Браслаў, які размяшчаўся на мяжы балцкай і славянскай супольнасці. Усеслаў Брачыславіч, які атрымаў прозвішча Чардзей, некаторы час падтрымліваў мірныя адносіны з кіеўскімі князямі. Аднак як толькі паміж апошнімі пачаліся ўсобіцы, разгарнуў барацьбу за падпарадкаванасць Полацку Паўночнай Русі. У 1065 г. полацкія дружыны асаджалі Пскоў, а ў 1066 г. штурмам узялі Ноўгарад. У адказ на гэта тры князі – браты Яраславічы на чале з кіеўскім князем Ізяславам пайшлі на полацкую зямлю і захапілі Менск. 3 сакавіка 1067 г. на беразе ракі Нямігі адбылася страшэнная бітва. Усяслаў адступіў. Нягледзячы на выйграную бітву, князі Яраславічы прапанавалі мір і запрасілі усяслава на перагаворы, гарантуючы яму бяспеку прысягай на крыжы. Усяслаў адправіўся на перагаворы з двума сынамі. Аднак Яраславічы пайшлі на клятвапарушэнне, схапілі яго пад Оршай і адвезлі ў Кіеў. У 1068 г. кіяшляне, якія паўсталі супраць Ізяслава, вызвалілі Усяслава і зрабалі яго кіеўскім князем. Праз сем месяцаў ён вярнуўся на радзіму. Усяслаў займае ганаровае месца ў гісторыі нашай краіны. У час яго кіравання Полацкае княства дасягнула найбольшай магутнасці і найвышэйшай ступені незалежнасці. У той час, калі ў астатніх усходнеславянскіх княствах з другой паловы ХІ ст. пачынаецца актыўнае дзяленне на ўдзелы, Полацкая зямля застаецца цэласнай дзяржавай з адным цэнтрам у Полацку. У гэты перыяд адбыліся такія значныя падзеі для Полацкага княства, як замацаванне за Полацкам Ніжнягя Падзвіння, будаўніцтва Сафійскага сабора. Аднаўленне Менска, барацьба за пашырэнне ўсходняй мяжы княства. Пасля смерці Усяслава паміж яго сынамі вялася міжусобная барацьба, у якую ўмешваліся і іншыя князі. Найбольш моцным стаў Менскі. Тут княжыў Глеб Усяславіч, які праводзіў палітыку ўзвышэння Менска і ўсю сваю энергію накіроўваў на ўмацаванне і пашырэнне межаў Менскага княства. Гэта выклікала незадавальненне Кіева, якое прывяло да войнаў і плянення Глеба кіеўскім князем Уладзімірам Манамахам. Адносіны Полацка з паўднёварускімі князямі ў першай трэці ХІІ ст. заставаліся вельмі вострымі. Гэта прывяло ў 1129 г. да таго, што кіеўскі князь Мсціслаў захапіў полацкіх князёў з сем’ямі ў палон і выслаў у Візантыю. Толькі праз дзесяць гадоў яны здолелі вярнуцца ў свае ўдзелы. У ХІІ ст. Полацкая зямля складалася з удзельных княстваў: Віцебскага, Менскага, Заслаўскага, Лагойскага і інш., у якіх улада, абмежаваная вечам, належала прадстаўнікам полацка-крывіцкай кіруючай дынастыі. Феадальная раздробленасць і бясконцая варожасць князёў аслаблялі Полацкую зямлю. Тураўскае княства прымыкала да паўднёвых межаў Полацкай зямлі і знаходзілася на тэрыторыі Паўднёвай Беларусі ў басейне Прыпяці. Першапачатковы яе палітычны цэнтр – тураў. Буйным горадам быў Пінск. Тураў упершыню ўпамінаецца ў летапісе пад 980 г. Тураўская зямля ў асноўным адпавядае тэрыторыі рассялення дрыгавічоў. Пра грамацка-палітычны ўклад у Тураўскім княстве і яго гарадах звестак вельмі мала. Верагодна, што ў Тураве дзейнічала веча, існавала пасада тысяцкага, які ўзначальваў гарадское апалчэнне. У Тураве быў і пасаднік ( пра гэта сведчыць Іпацьеўскі летапіс). Знаходжанне ў горадзе адначасова князя і пасадніка, акрамя Ноўгарада Вялікага, - з’ява незвычайная для іншых гарадоў. Аб існаванні пасадніка ў Полацку звестак няма. Такое параўнанне сведчыць пра асаблівасці грамацка-палітычнага ладу ў Тураўскім княстве. У канцы Х ст. і на працягу ХІ ст. Тураўская зямля знаходзілася ў цесным палітычным кантакце з Кіевам. Аднак у 50-я гг. ХІІ ст. Тураў выйшаў з падпарадкавання Кіеву, і ў ім усталявалася самастойная княжацкая дынастыя. К пачатку ХІІІ ст. Тураўскае княства страціла сваё ранейшае палітычнае значэнне. Усё большую вагу набываў Пінск, які станавіўся па сутнасці другой сталіцай княства. Такім чынам, першыя раннефеадальныя княствы ў Беларусі з’яўляюцца вытокам яе дзяржаўнасці, увасабленнем ідэі незалежнасці беларускага народа. Найбольш яркае адлюстраванне гэта ідэя атрымала ў Полацкім княстве – першым з вядомых нам дзяржаўных утварэнняў беларусаў, якое ўзнікла ў канцы 1-га тысячагоддзя н.э., яшчэ да ўзнікнення Кіеўскай Русі, і ў выніку ваенна-палітычных намаганняў захавала незалежнасць на працягу шэрагу стагоддзяў.

3. Перыяд ІХ – першай паловы ХІІІ ст. на беларускіх землях характарызаваўся складваннем раннефеадальных адносін. Паралельна з феадальным існавалі і іншыя ўклады – абшчынны і рабаўладальніцкі. Значная частка зямлі належала дзяржаве. Сяляне, якія пражывалі на ёй. Эксплуатаваліся вялікім князем і пануючай вярхушкай. Асноўнай формай эксплуатацыі была даніна, якая збіралася самім князем з дружынай. Працэс росту буйнога феадальнага землеўладання ішоў шляхам усталявання ўлады над абшчыннымі землямі і ў выніку падараванняў князя за ваенную службу, а таксама падараванняў царкве. Асноўнымі відамі феадальнага землеўладання былі баярскае, княжацкае і царкоўнае. Згодна свайму гаспадарчаму і прававому палажэнню сяляне-смерды падзяляліся на дзве асноўныя групы: свабодных і залежных ад землеўладальнікаў. З’яўленне катэгорыі залежных сялян сведчыла аб маёмасным расслаенні сялянскай абшчыны, з аднаго боку, і аб канцэнтрацыі зямельнай уласнасці ў руках пануючага класа феадалаў – з другога. Адначасова з феадальным укладам працягваў існаваць абшчынны ўклад, які захаваўся яшчэ ад першабытных часоў. У карыстанні абшчыны былі зямля, сенажаці, рэкі. Узаемаадносіны смердаў рэгуляваліся абшчынным судом. Абшчына збірала даніну. Дапамагала будаваць або аднаўляць жылле і г.д. На тэрыторыі Беларусі рабаўладанне не стала масавай з’явай. Рабаўладальніцкі ўклад існаваў у выглядзе дамашняга і гандлёвага рабства. Асноўным заняткам насельніцтва было земляробства. У ІХ – першай палове ХІІІ ст. назіраўся значны працэс вырабу прылад працы, спосабаў апрацоўкі зямлі. Асноўнай прыладай працы ворыўнага земляробства стала вялікае драўлянае рала з жалезнай рабочай часткай – наральнікам. Інтэнсіфікацыя тэхналогіі земляробства была звязана з выкарыстаннем двухполля і нават трохполля. Найбольш распаўсюджанымі збожжавымі культурамі былі жыта, ячмень, авёс, проса, пшаніца. Як сельскае , так і гарадское насельніцтва займалася агародніцтвам і садаводствам. Адной з галін сельскай гаспадаркі была жывёлагадоўля. Акрамя земляробства і жывёлагоўлі сяляне займаліся рознымі падсобнымі і хатнімі промысламі. Развіццё вытворчых сіл на тэрыторыі Беларусі было звязана з працэсам аддзялення рамяства ад сельскай гаспадаркі. Адным з першых з масы сельскага насельніцтва вылучыліся крычнікі і кавалі. У гарадах апрацоўкай жалеза займаліся раменікі не меньш чым 16 спецыяльнасцей. У ІХ – Х стст. як самастойная галіна рамяства выдзяляецца ювелірная справа. Развіваліся выраб і апрацоўка скур ( гарбарства), выраб бочак ( бондарства), апрацоўка каменя, дрэва, косці, ганчарства, ткацтва і іншыя віды рамёстваў. З развіццём рамяства і аддзяленнем яго ад сельскай гаспадаркі быў звязаны працэс узнікнення і росту гарадоў. На тэрыторыі Беларусі найбольш буйнымі гарадамі сталі Полацк 9862), Тураў (980), Брэст (1019), Віцебск (1021), Менск (1067), Гродна (1127), Навагрудак (1252) і інш. Летапісныя крыніцы сведчаць аб існаванні ў ХІІІ ст. на тэрыторыі сучаснай Беларусі больш чатырох дзесяткаў гарадоў. У аснове ўзнікнення многіх гарадоў былі феадальныя і княжацкія замкі або памежныя крэпасці. Горад складаўся з дзвух частак: умацаванага дзяцінца (града0 і рамесна-тарговага пасада, дзе знаходзіўся кірмаш. Найбольш багатую частку гараджан складалі князі, баяры, купцы, заможныя рамеснікі. Аддзяленне ад сельскай гаспадаркі, горада ад сяла стала перадумовай развіцця гандлю. У ІХ – ХІІІ стст. беларускія землі вялі гандаль з Візантыяй, Арабскім Усходам, Заходняй Еўропай, усходнеславянскімі краінамі. Важнае значэнне для развіцця гандлю ў ІХ – ХІ стст. меў водны шлях “звараз у грэкі”, які звязваў Прыбалтыку і Скандынавію з Візантыяй, а таксама ўсходнеславянскія землі паміж сабой. Ён злучаў Балтыйскае (Варажскае) і Чорнае (Рускае) моры праз рэкі Заходнюю Дзвіну і Днепр. Паміж гэтымі рэкамі ў раёне сучасных Оршы і Віцебска былі наладжаны сухапутныя шляхі зносін – волакі, на якіх судны перацягвалі ад ракі да ракі па зямлі, падкладваючы пад іх бярвенні. У разглядаемы перыяд з тэрыторыі Беларусі экспартавалі футра, воск, мёд, лён, рамесныя вырабы і іншыя тавары. З Еўропы і Візантыі паступалі прадметы раскошы: дарагія тканіны, прыправы, каляровыя металы і каштоўныя каменні, віно і інш. Такім чынам, у ІХ – першай палове ХІІІ ст. ( на некалькі стагоддзяў пазней, чым у Заходняй Еўропе) на беларускіх землях адбывалася ўсталяванне раннефеадальных адносін: узнікаюць першыя дзяржавы, пачынаюць фарміравацца асноўныя пласты феадальнага грамацтва. Гэты перыяд характарызуецца станаўленнем асноўных форм зямельнай уласнасці, развіццём сельскай гаспадаркі, рамяства і гандлю, узнікненнем і развіццём гарадоў.

4.Значную ролю ў культурным развіцці ўсходніх славян адыграла хрысціянская рэлігія. Адзіная агульнадзяржаўная рэлігія кансалідавала ўсе бакі грамадскага жыцця, і перш за ўсё ў культурна-духоўнай сферы. У 992 г. князь Ізяслаў заснаваў у Полацку епархію – вялікую царкоўную акругу. Рагнеда і Ізяслаў сталі першымі хрысціянамі ў Полацкім княстве. Вядома, што Рагнеда не толькі стала хрысціянкай, але і прыняла манаскі пострыг пад імем Анастасіі. Ізяслаў, яе сын, з павагай ставіўся да духоўнага і манаскага сану. Пры ім у Полацку ўжо быў адзін хрысціянскі храм. Зразумела. Барацьба паміж новай , хрысціянскай, верай і старай, язычнічкай, мела месца. Напэўна. Пры гэтым не абыходзілася і без насілля. Аб чым сведчыць народная прымета, што сустрэча з манахам, папом прывядзе да бяды. Дваяверства яшчэ доўга захоўвалася на беларускіх землях. Дабратворным быў уплыў хрысціянства на распаўсюджанне пісьменства і адукацыі. Рукапісных кніг ХІ – ХІІІ стст. да анас дайшло няшмат. Вядомы Тураўскае і Полацкае евангеллі таго часу. Самае ранняе з тых, якія захаваліся, - Тураўскае евангелле, створанае на беларускіх землях у ХІ ст. Гэты твор напісаны царкоўнаславянскай мовай, упрыгожаны вялікімі літарамі-ініцыяламі, якія былі размаляваны чырвонай і сіняй фарбамі. У ХІ ст. на Полацкай зямлі пачала асвойвацца кірылічная азбука( складзена ў 863 г. братамі Кірылам і Мяфодзіем, утрымлівала 43 літары). Аб гэтым сведчалі, напрыклад, надпісы на так званых Барысавых камянях, знойдзеных у рэчышчы Заходняй Дзвіны, а таксама надпіс на “Рагвалодавым камені” каля Оршы. У Брэсце быў знойдзены драўляны грэбень для расчэсвання ваоасоў з паслядоўна размешчанымі на ім літарамі славянскага алфавіта. Выключную навуковую каштоўнасць маюць берасцяныя граматы – бярозавая кара з літарамі, надрапанымі на ёй. Такія граматы знойдзены археолагамі ў Віцебску і Мсціслаўлі. Яны сведчаць аб тым, што ў гарадах пісьменнай была частка простых гараджан, а іх дзеці навучаліся грамаце. Вельмі старажытным помнікам усходнеславяскай пісьменнасці з’яўляецца надпіс на полацкай пячатцы канца Х ст. У Ноўгародзе Вялікім была знойдзена свінцовая пячатка, якая належала полацкаму князю Ізяславу. Пашырэнню пісьменнасці садзейнічалі рэлігійна-асветніцкія дзеячы. Свядомы жыццевы выбар зрабіла ўжо ў 12-гадовым узросце дачка полацкага князя Прадслава, унучка знакамітага Усяслава Чарадзея. Даведаўшыся аб намеры бацькі заручыць яе з будучым мужам-княжычам, яна выбрала служэнне Богу і тайна збегла з дому ў жаночы манастыр, дзе атрымала імя Ефрасіння. Пазней яна заснавала жаночы і мужчынскі манастыты, дзе перапісваліся царкоўныя кнігі. Справа гэта была ў той час вельмі цяжкай, на епрапісванне адной кнігі звычайна патрабавалася ўсё жыццё. Ефрасіння стала першай вядомай нам жанчынай-кнігапісцам. Для маладых жанчын у манастары яна адкрыла школу. Ужо на схіле жыцця Ефрасіння здзейснілаа рэлігійны подзвіг – адправілася ў далёкае і цяжкае падарожжа ў Святую зямлю – Іерусалім, дзе і памерла. Ефрасіння Полацкая (1104 або 1110? – каля 1167 або 1173) – першая жанчына ва ўсходніх славян, якую праваслаўная царква абвясціла святой. Вернікі лічаць яе нябеснай заступніцай беларускай зямлі і кожны год 5 чэрвеня адзначаюць дзень яе памяці. Выдатным рэлігійным асветнікам быў тураўскі епіскап Кірыла (каля 1130 – каля 1182 або пасля 1184?). Ён на пэўны час замураваўся ў невялічкай манастырскай вежы (стаўпе, які меў некалькі паверхаў) і жыў пустэльнікам – у ізаляцыі ад іншых людзей. Кірыла Тураўскі не толькі чытаў тут кнігі, але і пісаў “словы” – звароты да вернікаў, малітвы-споведзі, аповесці-прытчы. Якія маюць характар павучанняў. За красамоўства Кірылу Тураўскага яшчэ пры жыцці, што не так часта сустракаецца ў гісторыі. Празвалі Залатавустам, які “паче всех воссиял на Руси”. Выдатным царкоўным дзеячам і пісьменнікам ХІІ ст. з’яўляўся Клімент Смаляціч, які на працягу сямі гадоў быў кіеўскім мітрапалітам, дзе абараняў незалежнасць усходнеславянскай праваслаўнай царквы ад Візантыі. Да нашых дзён дайшоў толькі адзін яго твор – “ Пасланне Фаме прасвіцёру”, у якім аўтар паказаў сябе арыгінальным мысліцелем, здольным палемістам і шырока эрудзіраваным крытыкам. Выдатным помнікам мураванага дойлідства (будынкам, узведзеным з камянёў і цэглы, замацаваных растворам) з’яўляецца пабудаваны ў 50-я гады ХІ ст. у Полацку пры князю Усяславе Чарадзею Сафійскі сабор. Слова Сафія азначае “Боская мудрасць”, якая, па ўяўленні веруючых, кіравала сусветам. Гэта быў трэці храм такога тыпу, пабудаваны на землях усходніх славян пасля Кіеўскай і Наўгародскай Сафіі. Сафія мела, як мяркуюць даследчыкі, пяць ці сем купалоў. Пры будаўніцтве сабора выкарыстана плоская цэгла – плінфа. Унутраная паверхня храма была аздоблена фрэскамі – роспісам вадзянымі фарбамі па свежай тынкоўцы. Полацкая Сафія некалькі разоў за сваю гісторыю разбуралася, перабудоўвалася і дайшла да нас у значна змененым выглядзе. На працягу ХІІ ст. у Полацку было ўзведзена дзесяць мураваных аднакупальных царкоўных пабудоў. Адной з іх стала Спаская царква, пабудаваная па замове Ефрасінні Полацкай за 30 тыдняў дойлідам Іаанам (Іванам). Яна мела ярусны вежападобны выгляд, упрыгожана так званымі какошнікамі стрэльчатай формы. Слова Спас азначае выратаванне. У гэтай царкве захоўваюцца сёння мошчы (астанкі) святой Ефрасінні Полацкай, царква захавалася ў значна перабудаваным выглядзе. У Гродне захаваляся Каложская (Барысаглебская) царква, пабедаваная ў ХІІ ст. сцены царвы ўпрыгожаны ўстаўкамі з каляровага паліраванага каменю і керамічнымі пліткамі, якія ўтваралі вызначаны малюнак. Асаблівасцямі царквы з’яўляюцца наяўнасць круглых слупоў і вялікая колькасць галаснікоў – гляняных збаноў, умураваных усцены, каб было добра чуваць малітву і голас святара. Помнікам абарончага дойлідства з’яўляецца пяціярусная, вышынёй у 30 метраў, Камянецкая вежа, пабудаваная ў ХІІІ ст. на Брэстчынне з жоўтай і карычневай цэглы. Шэдэўрам старажытнага мастацтва з’яўляецца шасціканцовы крыж, зроблены ў тэхніцы перагародчатай эмалі майстрам Богшам (у хрышчэнні Лазарам) па заказе Ефрасінні Полацкай у 1161 г. Крыж выраблены з кіпарысавага дрэва. Яго паверхня абкладзена залатымі, а бакі – сярэбранымі пласцінамі з выбітымі на іх надпісамі кірыліцай. На залатых пласцінах змешчаны выявы святых, выкананыя рознакаляровымі эмалямі. У пачатку Вялікай Айчыннай вайны крыж знік і дагэтуль дакладна невядома, дзе ён знаходзіцца. Аднавіў святыню ўжо ў наш час брэсцкі мастак-ювелір Мікалай Кузьміч, які працаваў над сучаснай копіяй крыжа некалькі гадоў.

Тэмы рэфератаў

1.Пачатак фарміравання старажытнарускай дзяржаўнасці. Узнікненне Наўгародскай, Полацкай і Кіеўскай Русі.

2.Старажытны Полацк – першае дзяржаўнае ўтварэнне Беларусі.

3.Агульнае і адметнае ў культурна-моўным развіцці.

4.Сацыяльна-эканамічнае развіцце Мінска, Полацка, Віцебска, Бреста, Пінска.

5.Развіцце рамяства, гандлю, знешніх адносін у ІХ – ХІІІ стст.

Літаратура

Ганцова С.К., Чамярыцкі В.А., Штыхаў Г.В. Сведкі беларускай мінуўшчыны: Зборнік дакументаў і матэрыялаў па гісторыі Беларусі VІ – ХV стст. – Мн.: НІА, 1996.

Гісторыя Беларусі ў табліцах і схемах. Са старажытнах часоў да сучаснасці / Склад Л.М.Нагорная, А.В.Цімашэй. – Мн.: ТАА Юніпрэс,1999.

Дакументы і матэрыялы па гісторыі Беларусі ў сярэднія вякі (VІ – ХVстст.).

Дапаможнік для вучняў і настаўнікаў/ пад рэд. Г.В. Штыхава – Мн.: Народная асвета, 1998.

Загарульскі Э.М. Заходняя Русь. ІХ-ХІІІ стст. Вучэб. Дапаможнік. – Мн.: Універсітэцкае, 1998.

Гісторыя Беларускай сср.: у 5т. Т.2.Мн.,1972-1975.

Гісторыя Мінска. Мн.,1997.

Галубовіч В.І. Эканамічны стан, побыт і гандаль Старажытнай Беларусі (ІХ-ХІІІ стстс.) Мн., 1992.

Лыч Л., Навіцкі У. Гісторыя культуры Беларусі. Мн., 1997.

Нарысы гісторыі Беларусі. У 2ч./ М.П.Касцюк і інш. – Мн.: Беларусь,1994-1995.

Эканамічная гісторыя Беларусі: Курс лекцый / Пад агул. Рэд. В.І. Галубовіча. – Мн.: Экаперспектыва, 2001.

Тэма 4: Вялікае княства Літоўскае і роля беларускіх зямель у яго палітычным, сацыяльна-эканамічным і культурным развіцці

( другая палова ХІІІ – першая палова ХVІ ст.)

  1. Беларускія землі ў перыяд феадальнай раздробленнасці. Пачатак барацьбы супраць крыжакоў і мангола-татар.

  2. Утварэнне Вялікага княства Літоўскага.

  3. Грамацка-палітычнае становішча ў ВКЛ у ХІV – ХVІ стст.

  4. Сацыяльна-эканамічнае і прававое развіццё беларускіх зямель у складзе ВКЛ.

  5. Рэнесанс, Рэфармацыя і Контррэфармацыя ў Беларусі. Выдатныя дзеячы Адраджэння.

  6. Паходжанне назваў “Белая Русь”, “Чорная Русь”.

1. З ХІІІ ст. заходнім і паўночна-заходнім землям Русі пачала пагражаць сур’ёзная небяспека – агрэсія нямецкіх феадалаў. Раздзеленыя на мноства дробных удзелаў і аслабленыя беларускія землі спрабавалі пераадольваць унутраны крызіс. Яшчэ пры княжанні князя Валодшы – Уладзіміра Усяславіча (1180-1216) пад кантролем Полацка заставаўся ўвесь басейн Дзвіны. Аднак менавіта тады на захадзе полацкіх уладанняў з’явілася сіла, якая ўжо ў ХІІІ ст. стала адным з найважнейшых фактараў палітычнага жыцця паўночнай часткі Усходняй Еўропы. Першыя нямецкія рыцары-місіянеры высадзіліся ў 1201 г. у вытоках Заходняй Дзвіны і заснавалі тут крэпасць Рыгу, а ў 1202 г. рыжскі біскуп Альберт Буксгаўдэн заснаваў рыцарскі Ордэн мечаносцаў, які і пачаў справу хрышчэння ліваў. Полацкія князі былі абыякавыя да веравызнання падуладнага насельніцтва Прыбалтыкі, а крыжакі надавалі веры асаблівае значэнне. Замацаванне нямецкіх каланістаў на Дзвіне адрэзала Полаччыну ад мора, перакрыла яе галоўны гандлёвы шлях. Пачаўшы каланізаваць землі ліваў і латгалаў, рыцары збіралі з гэтых народаў даніну, якую раней атрымліваў Полацк, гаспадарылі на залежных ад Полацка тэрыторыях. Да адкрытых канфліктаў дайшло ў 1203 г. і зімою 1206-1207 гг., калі полацкі князь спрабаваў здабыць ордэнскія ўмацаванні ў вусці Дзвіны. Аднак гэтыя паходы не прынеслі поспеху. У 1208 г. крыжакі зусім падпарадкавалі полацкае ўладанне г.Кукенойс ( у “Хроніцы Лівоніі” згадваеца князь кукенойскі – Вячка), пакінуты без дапамогі Полацка. У 1214 г. яны цалкам авалодалі і другім удзельным цэнтрам полацкіх уладанняў у нізоўях Дзвіны – горадам Герцыке. Поспеху рыцараў спрыялі германскі імператар і рымскі папа. Захопленыя землі Ордэн мечаносцаў назваў Лівоніяй. Нават перад пагрозай небяспекі полацкія князі не спынілі міжусобіц, не аб’ядналіся, каб даць адпор нямецкім рыцарам. Яшчэ большая небяспека навісла над княствам, калі ў 1230 г. у Прывіслінні быў заснаваны крыжацкі Тэўтонскі ордэн, які марыў аб новых захопах на ўсходзе. Каб узмацніць уціск на літоўскія і славянскія землі, у 1237 г. Ордэн мечаносцаў і Тэўтонскі ордэн аб’ядналіся і стварылі Лівонскі ордэн. Над заходнерускімі землямі навісла падвоеная небяспека. Доўгі час яны сумесна з літоўцамі стрымлівалі ваенны і дыпламатычны націск нямецкіх рыцараў. У 1240 г. у буйной бітве жыхароў Ноўгарада са шведскімі рыцарамі на рацэ Няве выключнай адвагай вызначыўся воін-палачанін Якаў, што пацвярджае агульны характар справы змагання з рыцарамі-крыжакамі. Дарэчы, пераможца бітвы князь Аляксандр Неўскі быў жанаты з дачкой полацкага князя Брачыслава. Такі саюз спрыяў паражэнню крыжакоў і перамозе войска Аляксандра Неўскага ў 1242 г. у бітве на Чудскім возеры, якая атрымала назву Лядовага пабоішча. Але ў другой палове ХІІІ ст. яб’яднаным дружынам заходнерускіх зямель давялося стрымліваць націск крыжакоў на землі Літвы і Чорнай Русі. На пачатку ХІV ст. у залежнасць ад рыжскага архіепіскапа часова трапіў Полацк. Крыжакі упарта спрабавалі захапіць Панямонне. Іхнія набегі на Гародню рабіліся ўсё больш частымі і спусташальнымі. Хаця сумеснымі намаганнямі літоўскіх і заходнерускіх княстваў і ўдалося адкінуць немцаў ад Літвы, перапыніць рух крыжакоў на Русь.

У 30 -40 –я гады ХІІІ ст. Русь рсколатая на княствы і ўдзелы, не здолела даць арганізаваны адпор бясконцым полчышчам татара-манголаў. Да 50-х гадоў ХІІІ ст. была канчаткова ўстаноўлена ўлада татара-мангольскіх ханаў над Паўночна-Усходняй Руссю. Заходнерускія землі, хаця і засталіся ў баку ад шляху татара-манголаў, працяглы час знаходзіліся пад пагрозай зняволення. Увесну 1238 г. татара-манголы паграджалі з усходу. Але гераічная барацьба насельніцтва Смаленскага княства прыпыніла іх рух на захад. У 1242 г. яны зноў паспрабавалі ўзяць Смаленск, але былі адбіты. У канцы 1240 г. татара-манголы ўварваліся ў заходнія землі з поўдня. Моцна пацярпела Берасцейская зямля. У 1240 г. у часовую залежнасць ад Арды трапілі турава-пінскія князі. Узімку 1258 г. татара-манголы паспрабавалі зноў падпарадкаваць сабе заходнерускія і літоўскія землі. Паходы татара-манголаў, паводле летапісных звестак, працягваліся ў заходнерускія і літоўскія землі ў 1275, 1277, 1287. 1315, 1325, 1338 гг. Нягледзячы на моцную пагрозу з боку Арды, Заходняя Русь і Літва змаглі адстаяць сваю незалежнасць і не зведалі татара-мангольскага іга. Такім чынам, на заходнерускія землі, што пазней склалі тэрыторыю Беларусі, у ХІІІ ст. узмацніўся ўціск знешнепалітычнага фактару. Пагроза з захаду ад крыжакоў, з поўдня і ўсходу – ад татара-манголаў адрадзіла аб’яднальную тэндэнцыю ў гэтых землях.

2. У праблеме ўзнікнення ВКЛ можна выдзеліць тры розныя падыходы:

  1. Традыцыйная канцэпцыя. Сутнасць: утварэнне ВКЛ падаецца, як вынік захопу літоўцамі заходнерускіх зямель і іх гвалтоўнага далучэння да Літоўскай дзяржавы (старая вучэбная і навуковая літаратура).

  2. Беларуская канцэпцыя. Сутнасць: выступае супраць пераважнай ролі літоўскага кампанента ў працэсе заснавання ВКЛ – не літоўская знаць захапіла рускія землі,а, наадварот, заходнерускія княствы далучылі да сябе Літву і заснавалі ВКЛ (прапагандуе М.Ермаловіч і нац. інтэлігенцыя з моманту атрымання Беларуссю дзяржаўнай незалежнасці).

  3. Цэнтрысцкая канцэпцыя. Сутнасць: беларуска-літоўскае гаспадарства з цэнтрам у Наварагодку стала ядром магутнай шматнацыянальнай еўрапейскай дзяржавы – Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага і іншых зямель. Беларускі і літоўскі народ з’яўляюцца гістарычнымі спадкаемцамі гэтай дзяржавы.

Станаўленне ВКЛ адбывалася з другой чвэрці ХІІІ па трэцюю чвэрць ХІV ст. Аб’яднанне праходзіла рознымі шляхамі: дынастычнымі шлюбамі, у выніку пагадненняў (дагавораў), у тым ліку і шляхам захопу. У аб’яднанні балтаў і ўсходніх славян у адзіную дзяржаву значную ролю адыграў узаемны палітычны інтарэс – неабходнасць супрацьстаяць крыжацкай і татара-мангольскай агрэсіі. Утварэнне ВКЛ звязана з імем князя Міндоўга ( каля 1240-1263). У 1240-х гг. цэнтрам новай дзяржавы становіцца славянскі Наваградак, у які, на думку М.Ермаловіча, Міндоўг быў запрошаны мясцовымі баярамі на княжанне. З палітычнымі мэтамі, каб умацаваць свае пазіцыі, у 1246 г. Міндоўг ахрысціўся са сваімі баярамі ў праваслаўную веру. Амаль няспынная барацьба маладой дзяржавы з кааліцыяй Лівонскага ордэна, Галіцка-Валынскага княства, жамойцкіх, літоўскіх і яцвяжскіх князёў прымусіла Міндоўга пайсці на прымірэнне і саюз з Лівонскім ордэнам. У 1251 г. князь быў ахрышчаны па каталіцкаму абраду, а ў 1253 г. каранаваўся ў Наваградку каралеўскай каронай, прысланай ад імя Папы Рымскага Інакенція ІV (Міндоўг – адзіны кароль ВКЛ). Аднак, калі саюз з Рымам не апраўдаў разлікаў караля, ён у 1261 г. адмовіўся ад хрысціянства, пасля чаго яго ўлада была прызнана язычніцкай Жамойціяй. Міндоўг аб’яднаў Літву з Наваградскім княствам. М.Ермаловіч лічыў, што і Літва Міндоўга, і Наваградскае княства былі на сучаснай тэрыторыі Беларусі. Шэраг гісторыкаў сцвярджаюць, што ўласна Літва ахоплівала таксама Аўкштайцію (усходнюю частку сучаснай Літвы). У 1263 г. Міндоўг быў забіты ў выніку змовы варожых яму князёў з літоўскага асяроддзя на чале з Даўмонтам і Трайнятам. Апошні пачаў княжыць “во всей земле Літовской і Жемойці”, аднак у 1264 г. быў забіты слугамі Міндоўга. Вялікім князем стаў сын Міндоўга Войшалк (1264-1267). Ён, абапіраючыся на беларускіх баяр і галіцка-валынскіх князёў, заваяваў балцкія землі Нальшчаны і Дзяволтву. У 1267 г. Войшалк адмовіўся ад трона і пайшоў у манастыр, перадаўшы ўладу свайму швагру галіцкаму князю Шварну Данілавічу (1267-1270). Брат Шварна, Леў Данілавіч, палічыўшы сябе пакрыўджаным, запрасіў Войшалка да сябе ў госці і забіў яго. Шварн, пераадольваючы сепаратызм літоўскіх племянных правадыроў, працягваў аб’яднаўчы працэс і ўмацаванне дзяржавы. Вялікі князь Трайдзень (1270-1282), які прыйшоў на змену Шварну, вёў барацьбу супраць нальшчанскіх феадалаў і Галіцка-Валынскага княства, якое імкнулася замацавацца на Наваградчыне. Трайдзень далучыў да сваіх уладанняў частку балцкага народа – яцвягаў. Дакладна невядома, хто прыйшоў на змену Трайдзеню на пасаду вялікага князя. У некаторых крыніцах упамінаюцца такія імёны, як Лютавар (Лютувер), Будзікід, Будзівід – яны найменш вядомыя ў гісторыі. Але іх наступнік Віцень ( каля 1295-1316) – адметная асоба. У 1307 г. пры Віцені да ВКЛ шляхам дагавора і на правах аўтаноміі было далучана Полацкае княства. Лічыцца, што пры Віцені “Пагоня” стала агульнадзяржаўным гербам ВКЛ. Значна пашырылася ( у 3 разы) і ўключыла ў сябе 80% сучаснай тэрыторыі Беларусі Вялікае княства Літоўскае пры вялікім князю Гедыміне (1316-1341). Яно стала называцца Вялікае княства Літоўскае і Рускае, дзе рускімі называліся землі Падняпроўя, а пад “Літвой” тады разумеліся тэрыторыі верхняга і сярэдняга Панямоння. Пры Гедыміне ўзрасла роля вялікага князя як кіраўніка дзяржавы. У 1320 г. у склад ВКЛ увайшла Віцебская зямля, у 1320-1330-я гг. – Берасцейская зямля, Менскае княства і Турава-Пінская зямля. У 1323 г. Гедымін перанёс сталіцу дзяржавы ў Вільню. Прынцыпам дзяржаўнага жыцця пры Гедыміне стаў наступны: “Не рушыць даўніны, не ўводзіць навізны”.

3. Гедымін завяшчаў княжацкую пасаду аднаму з малодшых сыноў – Яўнуту, які на ёй знахрдзіўся ў 1341-1345 гг. У выніку змовы сваіх братоў Альгерда і Кейстута Яўнут быў пазбаўлены ўлады, яму было перададзена Заслаўскае княства, а вялікім князем стаў Альгерд (1345-1377), яго суправіцелем – Кейстут (1345-1382). Адбыўся падзел дзяржавы на дзве часткі. Альгерд узяў сабе ўсходнюю палову з цэнтрам у Вільні. Цэнтрам уладанняў Кейстута сталі Трокі. Пры гэтым Альгерд стаў вярхоўным князем. Альгерд удвая павялічыў дзяржаву, збіўшы яе адной з мацнейшых у Еўропе. Было поўнасцю далучана Беларускае Падняпроўе, у 1355 г. – Бранскае княства. У 1362 г. ( у некаторых крыніцах – 1363 г.) Альгерд разбіў татараў у бітве на Сініх водах і далучыў да ВКЛ Кіеўскую, Чарнігава-Северскую, Падольскую і Валынскую землі, Мазырскую і Брагінскую воласці. Было падначалена Смаленскае княства, далучаны жамойцкія землі. Альгерд імкнуўся аб’яднаць пад сваёю ўладаю ўсе рускія землі. У 1368, 1370, 1372 гг ён зрабіў паходы на Маскву, але не змог яе захапіць. Альгерд прасіў канстанцінопальскага патрыярха ўтварыць у Навагародку праваслаўную мітраполію. Такая ж просьба паступіла ад князя маскоўскага. Патрыярх задаволіў абедзве просьбы. Пасля смерці Альгерда на пасадзе вялікага князя апынуўся Ягайла (1377-1392) – старэйшы сын ад другога шлюбу з цвярской княжной. Пачатак яго княжання суправаджаўся абвастрэннем міжусобнай барацьбы з дзядзькам Кейстутам і братам Андрэем Полацкім – старэйшым сынам Альге6рда ад першага шлюбу з віцебскай княжной. Ягайла запрасіў Кейстута разам з яго сынам Вітаўтам у Крэўскі замак, дзе Кейстут быў задушаны. Вітаўту удалося ўцячы пераапрануўшыся ў жаночае адзенне служанкі, якая разам з яго жонкай наведала яго ў цямніцы Крэўскага замка. Князь Андрэй Полацкі вымушаны быў пакінуць Полацк і заключыць саюз з маскоўскім князем Дмітрыем Іванавічам, на баку якога ўдзельнічаў у 1380 г. у Кулікоўскай бітве супраць мангола-татар. Праз некалькі гадоў службы ў маскоўскага князя Андрэй Полацкі вярнуўся ў ВКЛ і перайшоў на службу да Вітаўта. Вялікі князь Ягайла імкнуўся замацаваць сваю велікакняжацкую ўладу ў ВКЛ і разлічваў на падтрымку з боку Польскага каралеўства. У сваю чаргу, знешняя небяспека з боку крыжакоў рабіла неабходным збліжэнне ВКЛ і Польшы. Самой Польшы таксама патрабавалася моцная каралеўская ўлада. 14 жніўня 1385 г. было заключана Крэўская унія – пагадненне аб саюзе, аб’яднанні ВКЛ і Польскага каралеўства на чале з адным валадаром. Адной з яго ўмоў стала патрабаванне буйных польскіх феадалаў, каб вялікі князь літоўскі Ягайла ажаніўся з дачкой польскага караля Ядвігай. У выніку шлюбу (1386) Ягайла далучыў да свайго велікакняжацкага тытула яшчэ і пасаду польскага караля. Ён павінен быў прыняць каталіцкую веру і ахрысціць у каталіцтва Літву. Ягайла прыняў каталіцтва і атрымаў пасля гэтага імя Уладзіслаў. Ён ўжо ў 1387 г. выдаў прывілей – грамату (дзяржаўны дакумент), якая надавала дадатковыя правы і вольнасці феадалам каталіцкага веравызнання і не распаўсюджвалася на праваслаўных феадалаў. Ягайла імкнуўся зрабіць каталіцкую царкву пануючай у ВКЛ, што выклікала нездавальненне праваслаўнай часткі насельніцтва. У выніку гэтага на беларускіх землях пачынаецца барацьба (1389-1392) супраць акаталічвання і Крэўскага пагаднення, якую узначаліў Вітаўт. Гэтая міжусобная барацьба завяршылася заключэннем у 1392 г. Востраўскага пагаднення аб уладзе ў княстве. Ягайла перадаваў яе ў ВКЛ Вітаўту, які стаў вялікім князем літоўскім, а сам заставаўся вялікім князем літоўскім і польскім каралём. У гады праўлення Вітаўта (1392-1430) беларуска-літоўская дзяржава дасягнула найвышэйшай магутнасці, займала найбольшую ў сваёй гісторыі тэрыторыю. У 1404 г. да ВКЛ канчаткова было далучана Смаленскае княства, устаноўлены пратэктарат над Разанскай, Пскоўскай, Наўгародскай землямі, пашыраны і ўмацаваны межы на ўзбярэжжы Чорнага мора. Вітаўт правёў адміністрацыйную рэформу і ўмацаваў цэнтральную ўладу, скасаваў аўтаномныя княствы і ўвёў намесніцтвы на чале са сваімі намеснікамі. Калі ўдзельныя князі не супраціўляліся Вітаўту, ён прызначаў іх намеснікамі. У 1408 г. Ягайла і Вітаўт прынялі рашэнне аб сумеснай вайне супраць крыжакоў. Яна адбывалася ў 1409-1411 гг. і атрымала назву Вялікай. 15 ліпеня 1410 г. аб’яднаныя саюзніцкія сілы польска-беларускага войска нанеслі сакрушальнае паражэнне Тэўтонскаму ордэну ў Грунвальдскай бітве і спынілі крыжацкую экспансію на славянскія землі. Адстаяўшы незалежнасць ВКЛ, Вітаўт разам з тым вымушаны быў згадзіцца на пашырэнне каталіцкага ўплыву, шлях якому адкрыў Ягайла. У 1413 г. Вітаўт і Ягайла падпісалі Гарадзельскую унію, якая пашырыла правы каталіцкай шляхты. Польскія гербы прынялі 47 родаў літоўскага баярства. Было дэкларавана выключнае права феадалаў-католікаў займаць дзяржаўныя пасады. Заслугі Вітаўта былі прызнаны Ватыканам і ў 1430 г. яму была паслана каралеўская карона, аднак па дарозе яна знікла, а сам Вітаўт раптоўна памёр. Пасля смерці Вітаўта з’езд беларускіх, літоўскіх і ўкраінскіх баяр у Вільні абраў вялікім князем малодшага брата Ягайлы – Свідрыгайлу (1430-1432). Яго галоўнай апорай былі феадалы праваслаўнага веравызнання. Ён прыцягваў іх да дзяржаўнага кіравання, раздаваў ім замкі і пасады. Гэта выклікала нездавальненне літоўскіх феадалаў, якіх падтрымалі буйныя польскія землеўласнікі. У выніку змовы, яны абвясцілі вялікім князем Жыгімонта Кейстутавіча (1432-1440). Адбыўся часовы раскол ВКЛ. Гэта прывяло ў 1432-1436 гг. да абвастрэння ўнутрыпалітычных супярэчнасцей у ВКЛ і грамадзянскай вайны за ўладу паміж прыхільнікамі Свідрыгайлы і Жыгімонта. У 1435 г. войскі Жыгімонта нанеслі паражэнне войскам Свідрыгайлы ў бітве пад Вількамірам. Вайна скончылася перамогай Жыгімонта, які стаў вялікім князем. У 1440 г. Жыгімонт быў забіты, у выніку чаго была ліквідавана унія ВКЛ і Польшчы. Наступны кіраўнік ВКЛ Казімір пасля абрання яго на польскі трон устанавіў персанальную (асабістую) унію, пры якой ВКЛ захоўвала сваю самастойнасць. Княжанне сына Ягайлы Казіміра (1440-1492) і сына Казіміра Аляксандра (1492-1506) было звязана са зменамі ў кіраванні ВКЛ. Дзяржаўны лад ВКЛ у час Гедыміна, Альгерда і Вітаўта ўяўляла сабой неабмежаваную манархію. У час княжання Аляксандра Казіміравіча ўлада вялікага князя была абмежавана радай ( ад слова “раіцца”) – спачатку толькі дарадчым, а потым заканадаўчым і распарадчым органам дзяржаўнай улады ў ВКЛ. Рада паступова набыла яшчэ адну назву – “паны-рада”. У яе склад уваходзілі найбуйнейшыя феадалы-землеўласнікі, якіх з ХІV ст. называлі “панамі”, і вышэйшыя службовыя асобы: ваяводы; канцлер – кіраўнік велікакняжацкай канцылярыі, хавальнік вялікай дзяржаўнай пячаткі; маршалкі – старшыні на паседжэннях рады; падскарбі – загадчык дзяржаўнага скарбу (фінансаў); гетман – начальнік войска і іншыя дзяржаўныя чыноўнікі. “Паны-рада” адасобілася ў самастойны і незалежны ад вялікага князя орган улады. У канцы ХVст. Канчаткова аформіўся другі вышэйшы орган дзяржаўнага кіравання ў ВКЛ – агульны (вальны) сойм, на пасяджэннях якога акрамя паноў-рады і службовых асоб маглі прысутнічаць усе феадалы ВКЛ, а пазней – па 2 дэпутаты ад кожнага павета. На соймах вырашаліся пытанні аб вайне і міры, аб падатках і законах. Аб выбранні вялікага князя. Такім чынам, адбылося абмежаванне ўлады вялікага князя за кошт пашырэння ролі феадалаў. У ВКЛ адзінаўладдзе, характэрнае для княжання Гедыміна, Альгерда, Вітаўта, на працягу ХV ст і асабліва пры Аляксандры Казіміравічы паступова ператвараецца ў саслоўна-прадстаўнічую манархію. Роля паноў-рады і вальнага сойму ў дзяржаўным кіраванні становіцца вышэйшай за ролю вялікага князя.

4. У др.пал. ХІІІ – пер.пал. ХVІ ст. у Беларусі прадоўжыўся працэс фарміравання і ўдасканальвання феадальных адносін. Галоўным багаццем з’яўлялася зямля, галоўным гаспадарчым заняткам абсалютнай большасці насельніцтва – земляробства, непарыўна звязанае з жывёлагоўляй, хатнімі і дапаможнымі промысламі. Формы феадальнай уласнасці, феадальных правоў і абавязкаў складваліся паступова. Вярхоўным землеўладальнікам лічыўся вялікі князь. Разам з тым землі падзяляліся на дзяржаўныя і прыватныя. У сваю чаргу дзяржаўныя землі былі дзвюх катэгорый: воласці і гаспадарскія двары. Прыватныя землі таксама падзяляліся на свецкія і царкоўныя маёнткі. У валасцях ворыўныя землі знаходзіліся ва ўладанні грамады і ў асабістым карыстанні сялян, акрамя лугоў, сенажацей, вадаёмаў, якімі карысталіся калектыўна. Воласць звычайна аб’ядноўвала некалькі вёсак і з’яўлялася адміністрацыйнай адзінкай. Гаспадарчыя двары належалі непасрэдна князю і кіраваліся яго адміністрацыяй. Да ХVІ ст. дакладнага падзелу на асабістыя ўладанні вялікага князя і іншыя дзяржаўныя землі не існавала. У 1588 г. былі выдзелены велікакняжацкія сталовыя маёнткі (эканоміі). Рост феадальнага землеўладання ў ХV – ХVІ стст. адбываўся наступнымі шляхамі:

1) вялікі князь надзяляў зямлёю сваіх падданых за ваенную і дзяржаўную службу, дараваў землі царкве;

2) буйныя феадалы надзялялі зямлёю сваіх васалаў за ваенную і адміністрацыйную службу, ахвяравалі зямлю царкве;

3) купля-продаж зямлі, залог з наступным адчужэннем.

Надзяленне зямлёю не заўсёды азначала перадачу яеі ў поўную ўласнасць і распараджэнне. Існавалі наступныя формы надзялення зямлёю васалаў:

1)“да волі” – волі вялікага князя або буйнога феадала, пакуль яны жадалі пакідаць зямлю ў распараджэнні васала, звычайна на час службы;

2)”да жывата” – да смерці таго, каму выдзялялася зямля ( як варыянты – “да двух, трох жыватоў” – на некалькі пакаленняў мужчынскага полу, якія служылі ў войску);

3) “на вечнасць” – з правам спадчыннага ўладання.

Дробных землеўладальнікаў, якія атрымлівалі зямлю за службу ў войску, спачатку называлі баярамі. А пазней – шляхтай. Сярод буйных землеўласнікаў былі князі, магнаты, паны. У канцы ХVІ ст. усе землеўладальнікі былі ўраўнаваны ў праваў, а ўсё саслоўе пачало называцца шлахтай. Шляхецкае званне стала спадчынным. Паступова змяняўся і прававы статус сялян. Сяляне страчвалі права распараджацца зямлёю і сталі землекарыстальнікамі ў феадалаў. Пазбаўлялася традыцыйных правоў сялянская абшчына. У залежнасці ад суадносін павіннасцей і ролі ў феадальнай гаспадарцы сяляне падзяляліся на: 1) цяглых; 2) асадных; 3) агароднікаў; 4) слуг. Людзі цяглыя асноўную павіннасць – паншчыну – адбывалі на зямлі феадала. Асадныя выплачвалі грашовую рэнту. Агароднікамі станавіліся збяднелыя сяляне, якія атрымлівалі невялікі зямельны ўчастак і выконвалі паншчыну адзін дзень у тыдзень, а іх жонкі – шэсць дзён летам. Сяляне-слугі былі прывілеяванай часткай вясковага насельніцтва. Яны займаліся кваліфікаванай або адміністрацыйнай працай ( воіны, лоўчыя, егеры, рамеснікі, наглядчыкі і інш.). Па ступені феадальнай залежнасці сяляне падзяляліся на тры асноўныя катэгорыі: 1) людзей пахожых; 2) людзей непахожых; 3) чэлядзь нявольную. Спачатку большасць сялян былі пахожыя – маглі пераходзіць ад аднаго феадала да другога. Але толькі ўвосень, пасля заканчэння палявых работ, са згоды гаспадара і пасля выплаты ўсіх павіннасцей. У канцы ХVІ ст. практычна ўсе сяляне сталі непахожымі, былі запрыгонены. Чэлядзь нявольная ўяўляла сабой катэгорыю хатніх рабоў і не мела зямельных надзелаў. Можна выдзеліць наступныя этапы запрыгоньвання сялян.

1.”Прывілей” (указ) 1447 г. вялікага князя літоўскага Казіміра канчаткова замацаваў права феадалаў на вотчынны суд і абмежаваў тым самым абшчынныя правы.

2.Судзебнік Казіміра 1468 г. – першы зборнік юрыдычных законаў ВКЛ. Сяляне пазбаўляліся права свабоднага пераходу ад аднаго феадала да другога, г. зн. прымацоўваліся да зямлі, на якой жылі і якую апрацоўвалі.

3.Першы Статут ВКЛ 1529 г. адмаўляў сялянам у праве ўласнасці на зямлю, якое замацоўвалася за феадальным саслоўем. Сяляне страцілі права распараджацца зямлёю без згоды феадалаў.

4.”Устава на валокі” 1557 г. – аграрная рэформа Жыгімонта ІІ Аўгуста фактычна замацоўвала сялян за “прынятымі” імі зямельнымі надзеламі – валокамі.

5.Другі Статут ВКЛ 1566 г. увёў 10-гадавы тэрмін пошуку беглых або ўкрадзеных сялян, таксама адміністрацыйныя пакаранні супраць тых, хто хаваў сялян.

6.Трэці Статут ВКЛ 1588 г. павялічыў тэрмін пошуку беглых сялян да 20 гадоў. Статут залічваў у разрад “непахожых” тых сялян, якія пражылі на землях феадалаў 10 і больш гадоў. Тэарэтычна селянін мог адкупіцца, але выплаціць адкупныя сумы было надзвычай цяжка. Такім чынам, працэс запрыгоньвання ў цэлям завяршыўся. З ХV ст. узнікаюць фальваркі – маёнткі з панскай ворыўнай зямлёй, гаспадарчымі і жылымі пабудовамі, рамеснымі майстэрнямі, гародамі, сенажацямі, лясамі, якія апрацоўвалі сяляне навакольных вёсак. Феадалы памяншалі надзелы сялян і за кошт фарміравалі ўласную гаспадарку. Сяляне па новых законах станавіліся землекарыстальнікамі і за права карыстацца зямлёй павінны былі працаваць у фальварку. Упершыню панская гаспадарка – фальварак – з’явілася на Панямонні і Падзвінні, як рэгіёнах сплаўных рэк з развітымі сувязямі (1450г.). Фальваркі арынтаваліся на рынак. Вытворчасць у іх была заснавана на працы не чэлядзі нявольнай, а селяніна-паншчынніка. Вялікакняжацкі двор стаяў перад праблемай павелічэння прыбытковасці. Частыя войны паставілі вялікага князя літоўскага ў залежнасць ад феадалаў, якім ён вымушаны быў раздаваць землі, каб захаваць у іх асобе сацыяльную апору. Гэта прывяло да моцнага скарачэння велікакняжацкага дамена. Таму, каб павысіць прыбытковасць маенткаў, Жыгімонт ІІ Аўгуст у 1557 годзе абвясціў аб правядзенні ў дзяржаўных землях рэформы, якая увайшла ў гісторыю пад назвай “валочная памера”. Уся земля падзялялася на роўныя надзелы, валокі памерам 21,36 га кожны. Лепшыя ўрадлівыя землі забіраліся пад княжацкія фальваркі, у якіх сяляне адбывалі паншчыну. Кожная сялянская гаспадарка замацоўвалася за часткай валокі. З валокі вызначалася і кола розных павіннасцей. Валочныя надзелы ў залежнасці ад таго, якія павіннасці патрабаваў выконваць феадал за іх выкарыстанне, падзяляліся на цяглыя (паншчынныя) і асадныя (чыншавыя). Цяглыя павінны былі за кожную валоку працаваць па два дні на тыдзень у фальварку, а таксама плаціць натуральны аброк аўсом, сенам, свойскай птушкай, уносіць невялікі грашовы чынш і выконваць працоўную павіннасць у княжацкіх замках. Асадныя (чыншавыя) сяляне павінны былі плаціць ад 66 да 106 грошаў у год. Пасля дзяржаўных маенткаў валочная памера была праведзена і ў маентках феадалаў. У ХІV - ХV стст. пэўную частку насельніцтва ВКЛ складалі жыхары гарадоў, якія ўносілі свой уклад у гаспадарчае развіццё краіны. У беларускіх гарадах жылі купцы, рамеснікі, шляхта з прыслугай і нават сяляне. Карэнных гараджан называлі мяшчанамі, г.зн. жыхарамі места – горада. Побач з гарадамі існавалі мястэчкі – невялікія паселішчы гарадскога тыпу. Становішча гарадоў у ХІV - ХV стст. вызначалася тым, што каля 40% усіх гарадоў былі прыватнаўласніцкімі, г.зн. знаходзіліся ў прыватнай уласнасці феадалаў. Насельніцтва прыватных і гаспадарскіх (дзяржаўных) гарадоў імкнулася пазбавіцца ад феадальнай залежнасці, што праяўлялася ў барацьбе жыхароў за пашырэнне сваіх правоў. З канца ХІV ст. вялікія князі, улічваючы імкненні гарадскіх жыхароў, сваімі граматамі сталі дараваць гарадам магдэбургскае права, або права на самакіраванне ( яго назва паходзіць ад нямецкага горада Магдэбурга, які першы ў гіторыі ў ХІІІ ст. атрымаў такое права). Паводле гэтага права гараджане вызваляліся ад феадальнай залежнасці і стваралі свой орган улады – магістрат, а таксама суд, а рамеснікі – свае рамесныя аб’яднанні. У адрозненне ад Заходняй Еўропы цэхі рамеснікаў і гільдыі ( саюзы) купцоў узніклі ў беларускіх гарадах толькі ў ХVІ ст. прыватнай уласнасцю маглі быць адзен або некалькі гарадскіх кварталаў. Якія не падпарадкоўваліся гарадскім уладам і наўываліся юрыдыкамі. Магістрат з’яўлялся выбарным органам гарадскога самакіравання. Ён складаўся з гарадской рады, якую выбіралі самі гараджане, і лавы – органа па судовых справах. Гэтыя органы самакіравання ўзначальвалі адпаведна бурмістр і войт. Для магістрата ў гарадах пазней пачалі ўводзіцца спецыяльныя будынкі – ратушы з гарадской вежай і гадзіннікам на ёй. Першым з гарадоў ВКЛ магдэбургскае права атрымаў ў 1387 г. горад Вільня. Першым вольным горадам на сучаснай тэрыторыі Беларусі стаў у 1390 г. горад Берасце. Самы старажытны горад Беларусі Полацк набыў магдэбургскае права ў 1498 г., Мінск – сучасная сталіца Беларусі – атрымаў права на самакіраванне ў 1499 г. Гарады ў ХV - ХVІ стст. паступова ператварыліся ў рамесна-гандлёвыя цэнтры. Тут існавала шмат розных відаў рамёстваў, працавалі рынкі – месцы, дзе гандлявалі прадуктамі і вырабамі рамяства. Адзін раз ў год праводзіліся сезонныя кірмашы, у якіх удзельнічалі як мясцовыя, так і замежныя купцы.

5. Беларусь у складзе ВКЛ уяўляла сабою рэгіён, адкрыты для знешняга культурнага ўздзеяння. У першую чаргу гэта датычылася кантактаў з Заходняй Еўропай, чые дасягненні ў развіцці літаратуры, архітэктуры і мастацтва разглядаліся айчынным грамацтвам у якасці выдатнага прыкладу для пераймання. Найбольш яскравымі праявамі культурных кантактаў беларусі з Цэнтральнай і Заходняй Еўропай стала амаль абавязковая адпраўка на вучобу ва ўніверсітэты Германіі, Італіі і Францыі моладзі з асяроддзя шляхты і заможнага мяшчанства, а таксама запрашэнне сюды еўрапейскіх дойлідаў, жывапісцаў і майстроў-рамеснікаў. Пашырэнне міжнародных кантактаў з Еўропай садзейнічала хуткаму распаўсюджванню ў Беларусі магдэбургскага права, цэхавай сістэмы, мястэчкаў, фальваркаў і г.д. Заходнія майстры аднавілі на беларускіх землях і мураванае дойлідства, якое трапіла ў заняпад ў час феадальнай раздробленасці. З улікам традыцый раманскага і гатычнага стыляў на працягу ХІV – пачатку ХVІ ст. былі ўзведзены магутныя замкі ў Гродне, Навагрудку, Лідзе, Крэва (Смаргонскі раён), Геранёнах (Іўеўскі раён) і Міры (Карэліцкі раён), а таксама велічныя храмы ў Гнезна (Ваўкавыскі раён), Ішкальдзі (Баранавіцкі раён), Сынкавічах (Зэльвенскі раён), Мураванцы (Шчучынскі раён). У царкоўным будаўніцтве захоўваліся рысы абарончага дойлідства. Прыкладам гэтага сталі цэрквы-крэпасці, пабудаваныя ў вёсках Сынковічы і Мураванка (Маламажэйкава) Гродзенскай вобласці, якія захаваліся да нашых дзён. Пры будаўніцтве цэркваў і касцёлаў гэтага перыяду паступова выяўляюцца рысы архітэктурнага стылю барока, які прыйшоў з Заходняй Еўропы. Першым архітэктурным помнікам гэтага стылю з’яўляецца езуіцкі касцёл Божага цела ў Нясвіжы (1587-1593). Ён пабудаваны па праекце італьянскага архітэктара Джавані (Яна) Марыі Бернардоні, які на працягу 13 гадоў працаваў у Нясвіжы па запрашэнні Мікалая Радзівіла Сіроткі. Значна актывізаваліся міжнародныя кантакты ВКЛ з канца ХV ст., калі ў Беларусі ўсё большую папулярнасць сталі атрымліваць гуманістычныя ідэі італьянскага Рэнесансу. Іх першай праявай у рэгіёне стаў пачатак кнігадрукавання і пераклад на родную мову шырока вядомых кніг пераважна рэлігійнага зместу. У Беларусі падобную справу распачаў Ф.Скарына з Полацка ( каля 1490 – каля 1551), які атрымаў выдатную па тых часах адукацыю ў Кракаўскім і Падуанскім універсітэтах. Менавіта ён на працягу 1517-1519 гг. выдаў у Празе 23 кнігі Старога Запавету. Пасля свайго пераезда ў Вільню Ф.Скарына арганізаваў першую ў ВКЛ друкарню, у якой убачылі свет “Малая падарожная кніжыца” (1522) і “Апостал” (1525). Сярод асноўных мэт, якія ставіў перад сабою айчынны першадрукар, можна вылучыць пашырэнне духоўнай асветы простага народа, а таксама выхаванне ў яго высокіх маральных і грамадзянскіх якасцей. Практычна на адзін час з дзейнасцю Ф.Скарыны прыпадае і дзейнасць М.Гусоўскага (1470-я – пасля 1533), якога можна разглядаць у якасці пачынальніка свецкай літаратурнай традыцыі ў ВКЛ. У 1523 г. у Кракаве ён выдаў паэму “Песня пра зубра”, напісаную ім пад уплывам ідэі Адраджэння ў час знаходжання ў Італіі. Змест твора быў заснаваны на асабістых назіраннях, уражаннях і перажываннях аўтара і вызначаўся арыгінальнасцю і самабытнасцю. Зубр у паэме прадстаўляў алегарычны вобраз роднага краю, яго былой магутнасці. З вялікім мастацкім талентам апісваў М.Гусоўскі прыроду Беларусі і паляванне на зубра, гістарычна дакладна і праўдзіва падаў і ўславіў гераічнае мінулае нашых продкаў.

Месца царквы ў ВКЛ доўгі час вызначалася існаваннем двух канфесій хрысціянства. Праваслаўнай веры прытрымлівалася ў ХVІ ст большасць усходнеславянскага насельніцтва. Каталіцкая вера пашыралася і паступова замацоўвала свае пазіцыі на беларускіх землях дзякуючы палітыцы вялікіх князёў літоўскіх, якія апекаваліся каталіцтвам. У сярэдзіне ХVІ ст. у ВКЛ усталявалася рэлігійная талерантнасць – верацярпімасць. Пасля заключэння Люблінскай уніі 1569 г. праваслаўная царква пачала страчваць сваё вядучае становішча на Беларусі. У канцы ХVІ пачатку ХVІІ ст. у ВКЛ у адказ на прапольска-каталіцкую палітыку кіруючых колаў Рэчы Паспалітай узніклі брацтвы – нацыянальна-рэлігійныя арганізацыі праваслаўнага, пераважна мяшчанскага, насельніцтва. Яны адыгрывалі вялікую ролю ў пашырэнні асветы, адкрыцці друкарань і кнігадрукаванні. У брацкіх школах выкарыстоўваліся царкоўнаславянская і старабеларуская мовы. З другой паловы ХVІ ст. найбольшую актыўнасць у асветніцкай дзейнасці ў ВКЛ сталі выяўляць езуіты – члены таварыства Ісуса Хрыста, якія праз пашырэнне асветы імкнуліся замацаваць пазіцыі каталіцкай царквы. Заснаваныя імі школы, якія ператварыліся ў калегіумы ў такіх гарадах, як Полацк, Гародня, Менск, давалі ўзровень сярэдняй адукацыі. Шляхта імкнулася да атрымання вышэйшай адукацыі ў Цэнтральнай і Захрдняй Еўропе, адкуль пачалі пранікаць на беларускія землі ў сярэдзіне ХVІ ст. ідэі Рэфармацыі. Рэфармацыя – шырокі грамацка-палітычны рух, накіраваны супраць усеўладдзя каталічкай царквы. Прыхільнікі Рэфармацыі выступалі за рэформаванне каталіцкай царквы, каб яна стала таннай для вернікаў, за богаслужэнне на роднай мове, выказвалі пратэст супраць царквы як буйнога землеўласніка і пышных каталіцкіх набажэнстваў, адмаўлялі неабходнасць царквы як пасрэдніка паміж Богам і людзьмі. У адрозненне ад Заходняй Еўропы рэфармацыйны рух не стаў у ВКЛ народным, а ахапіў толькі вышэйшыя колы грамацтва – у першую чаргу магнатаў. Шырокае распаўсюджанне ў ВКЛ атрымаў кальвінізм, які актыўна падтрымліваўся канцлерам літоўскім і ваяводай віленскім князем Мікалаем Радзівілам Чорным – у 1553 г. па яго ініцыятыве ў Брэсце быў заснаваны першы кальвінісцкі збор (храм). Пратэстанты актывізавалі кнігавыдавецкую справу ў Беларусі. У 1533 г. у Брэсце была выдадзена “Біблія”, у тэкстах якой добра прасочваўся ўплыў беларускай народнай мовы. Вядомым рэфарматарскім дзеячам быў Сымон Будны (каля 1530-1593), які надрукаваў у 1562 г. у Нясвіжы беларускамоўны “Катэхізіс” (сімвал веры). У далейшым ён стаў ініцыятарам перавыдання “Бібліі” (1572), “Новага Запавету” (1574), а таксама аўтарам шэрагу палемічных трактатаў. Яго сучаснікам і аднадумцам быў Васіль Цяпінскі (1530-я – каля 1600), які на ўласныя сродкі ў 1570-я гг. ажыццявіў пераклад на родную мову і выданне “Евангелля”. Ва ўсіх краінах Еўропы, дзе пратэстанты мелі ўплыў, у другой палове ХVІ ст. разгарнуўся рэлігійна-палітычны рух супраць Рэфармацыі – контррэфармацыя. Яго галоўнымі ўдзельнікамі сталі езуіты. Пачалі зачыняцца пратэстанцкія друкарні і пачатковыя школы, а пратэстантаў рознымі шляхамі наварочвалі ў каталіцтва. Аднак контррэфармацыя ў ВКЛ адбывалася не такімі жорсткімі сродкамі. Як у іншых краінах. У гэты ж час на тэрыторыі Беларусі зарадзілася свецкая літаратура ў форме асабістых успамінаў прыватных асоб. Адным з першых падобных твораў сталі “Гістарычныя запіскі” Ф. Еўлашэўскага, у якіх апісваліся падзеі Лівонскай вайны і працэс заключэння Люблінскай уніі. У першай палове ХVІІ ст. быў створаны “Дыярыуш” А. Філіповіча. Сярод іншых тагачасных мемуараў трэба адзначыць успаміны князя М.К. Радзівіла Сіроткі, дзе ён распавядаў пра свае замежныя вандраванні (канец ХVІ ст.). Пад уплывам Рэнесансу адбывалася ў Беларусі і станаўленне публіцыстычнага жанру. Так, у першай палове ХVІІ ст. была створана “Прадмова Мялешкі”, дзе крытыкаваліся норавы і звычкі шляхты, асуджаліся знішчэнне народных традыцый і бяздумнае перайманне ўсяго замежнага. Блізкім па духу да гэтага твора быў і “Ліст да Абуховіча” (1655), у якім таксама высмейваліся паводзіны тагачаснай правячай эліты. Значныя змены пад уплывам Рэнесансу адбываліся і ў беларускім мастацтве. Уласцівае прадстаўнікам гэтага стылю імкненне пазнаць чалавека і раскрыць яго ўнутраны свет сталі галоўнай прычынай развіцця свецкага жывапісу. Пры гэтым рэнесансавы партрэт рашуча адмаўляў старыя рэлігійныя каноны і імкнуўся дакладна перадаць індывідуальнасць персанажаў. Мужчыны падаваліся як мужныя ваяўнічыя асобы, часам у рыцарскіх даспехах ( партрэт Ю.Радзівіла, другая палова ХVІ ст.). Пры стварэнні партрэтаў жанчын на епршае месца выходзіла жаданне паказаць акрамя шляхецкай велічы яшчэ і іх прыгажосць, а таксама багацце адзення ( партрэты К.Слуцкай, 1580; С. Алелька-Радзівіл, канец ХVІ ст.; К. Астрожскай, 1597). Такім чынам, Беларусь у ХVІ ст. сапраўды перажавала свой як бы “залаты век”. Па ўзроўню развіцця гаспадаркі і культуры яна значна апярэджвала іншыя ўсходнеславянскія народы і нароўні кантактавала з вядучымі тагачаснымі дзяржавамі свету.

6. Народнасць – гэта гістарычная супольнасць людзей, якае складваецца на аснове агульнай тэрыторыі, мовы, культуры, агульнасці гаспадарчага жыцця. Народнасць прыходзіць на змену роду і племю і папярэднічае нацыі. Працэс складвання народнасці садзейнічае паяўленню адзінай мовы. Самасвядомасці, умацаванню дзяржаўнасці. У Еўропе перыяд завяршэння фарміравання рускай, польскай і іншых народнасцей супаў з перыядам станаўлення феадальных адносін. Складванне беларускай народнасці праходзіла ў ХІІІ – ХVІ стст. Этнічную аснову беларусаў склалі крывічы-палачане, дрыгавічы, радзімічы. У фарміраванні этнічнага складу насельніцтва Беларусі пэўную ролю адыграла таксама польскае і балцкае насельніцтва. На тэрыторыі, дзе ўтварылася і развівалася беларуская народнасць, з сярэдзіны ХІІІ ст. складвалася Вялікае княства Літоўскае.

Праблема паходжання назвы “Белая Русь” з’яўляецца прадметам шырокай навуковай дыскусіі яшчэ і зараз. Сярод найбольш пашыраных і папулярных тэорый можна назваць наступныя. Па-першае, вядомы расійскі гісторык ХVІІІ ст. В. Тацішчаў меркаваў, што гэта назва паходзіць ад белага колеру льнянога адзення тутэйшых жыхароў, а таксама “цэнтральнага” размяшчэння азначанага рэгіёна ў славянскім свеце. Па-другое, айчынны этнограф Я.Карскі адзначаў верагоднасць уплыву на ўтварэнне тэрміна антрапалагічных асаблівасцей беларусаў – “бландзінаў з блакітнымі ці светла-шэрымі вачамі”. Па-трэцяе, беларускі філолаг П. Крапівін звязваў пахрджанне назвы з наяўнасцю ў рэгіёне вялікай колькасці рэк і азёр, а тэрмін “Белая Русь” з гэтай згоды перакладаў як “Чыстая Вада”. Па-чацвёртае, гісторык М. Ільінскі лічыў, што горад Бельск на тэрыторыі сучаснай Польшчы мог даць адпаведную назву ўсёй падкантрольнай сабе тэрыторыі. Па-пятае, украінскі вучоны М. Драгаманаў сцвяржаў, што тэрмін “белы” азначаў незалежнасць ад мангола-татараў. Па-шостае, расійскі даследчык В. Іваноў адзначаў, што яшчэ да прыняцця хрысціянства ў Еўропе існавала традыцыя суадносіць асноўныя колеры з бакамі свету ( поўнач – чорны, поўдзень – чырвоны, захад – белы, усход – жоўты ці блакітны). Адсюль, на яго думку, цалкам лагічным было б змясціць Белую Русь на захад ад іншых старажытнарускіх княстваў. Па-сёмае, таксама існуе шэраг іншых меркаванняў аб тым, што Белая Русь з’явілася ў процівагу Чорнай ( Навагрудак – Гродна – Ваўкавыск – Слонім) ці Чырвонай ( украінская Галіччына і Валынь) Русі, што яна вызначала аўтаномны статус Полаччыны і Віцебшчыны ў складзе ВКЛ або падкрэслівала перавагу хрысціянскага насельніцтва над навакольнымі язычніцкімі плямёнамі. Складаным пытаннем з’яўляецца і вызначэнне тэрыторыі, якую называлі Белай Руссю. Адпаведна даным В. Тацішчава ў летапісах ХІІ ст. такім чынам называлі Растова-Суздальскае княства. Згодна яму ў 1157 г. князь Андрэй Багалюбскі быў запрошаны валадарыць “на отчым стале ва ўсёй Белай Русі, у Растове і Суздале”. У сваю чаргу сам князь праз некалькі гадоў хваліўся тым, што “ўсю Белую Русь гарадамі і вёскамі вялікімі насяліў і шматлюднай стварыў”. Разам з тым вядомы расійскі гісторык М. Карамзін атвяргаў гэта сцвяржэнне і заяўляў, што азначаны тэрмін пачаў выкарыстоўвацца толькі ў ХVст. У Маскоўскім княстве з мэтай падкрэслівання яго старажытнасці і важнасці ( у 1462 г. Іван ІІІ у сваім тытуле называў Масковію Белай Руссю). Трэба прызнаць, што апошняя версія мае пад сабой пэўныя падставы, бо на сярэднявечных картах Масковія часам называлася Белай Руссю ( карта М. Кузанскага, 1460 г.). Пры гэтым большасць вучоных прызнае, што назва “Белая Русь” у Расіі так і не набылыла дакладнай тэрытарыяльнай лакалізацыі і паступова трансфармавалася ў Вялікую Русь ці Вялікаросію. Калі ж разглядаць тэрыторыю сучаснай Рэспублікі Беларусь, то даследчыкі разыходзяцца ў меркаваннях наконт часу замацавання за ёй назвы “Белая Русь”. Першае падобнае ўпамінанне адносіцца да ХІІІ ст. Шырокае распаўсюджанне ў сярэднявечнай Еўропе атрымала тэорыя аб тым , што Белая Русь знаходзіцца паміж Літвой і Масковіяй. У далейшым да яе пачалі далучаць і больш заходнія тэрыторыі - у кнізе С.Старавольскага (1632) да Белай Русі ўжо адносілася шэсць ваяводстваў (Новагародскае, Мсціслаўскае, Віцебскае, Менскае, Полацкае і Смаленскае). Адміністрацыйна-геаграфічнае абазначэнне тэрмін “Беларусь” упершыню атрымаў у 1796 г., калі ў Расійскай імперыі была арганізавана асобная Беларуская губернія ( існавала да 1802 г.). Яна ўключала 16 паветаў, атрыманых Расіяй яшчэ па першаму падзелу Рэчы Паспалітай ( губернскі горад Віцебск). У 1829 – 1850 гг. таксама мелася Беларуская навучальная акруга, якая кантралявала адукацыйную справу ў Віцебскай, Магілёўскай, Мінскай, Гродзенскай, Віленскай губерніях і Беластоцкай вобласці. Аднак з 1840-х гг. выкарыстанне назвы “Беларусь” паступова стала замяняцца ў афіцыйным справаводстве на Паўночна-Заходні край”, што,на думку Пецярбурга, павінна было стрымаць мясцовы нацыянальны рух і паскорыць працэс русіфікацыі рэгіёна. Нягледзячы на гэта, цалкам выцесніць з ужытку тэрмін “Беларусь” было немагчыма. Разам з тым яшчэ і ў другой палове ХІХ ст. паралельна працягвалі шырока ўжывацца эндаэтнонімы “Літва” і “літвін” ( часцей у дачыненні да Заходняй Беларусі), канчатковая адмова ад выкарыстання якіх адбылася толькі ў час беларускага нацыянальнага адраджэння ў 1920-я гг. Такім чынам, працэс фарміравання беларускай народнасці заняў вельмі пррцяглы перыяд. Спусташэнне краіны ў ХVІІ – пачатку ХVІІІ ст., паланізацыя і русіфікацыя грамацтва аказалі негатыўнае ўздзеянне на эвалюцыю айчыннай культуры і значна замарудзілі працэс пераўтварэння беларускай народнасці ў беларускую нацыю.

Тэмы рэфератаў

  1. Міндоўг і яго палітыка.

  2. Крыжовыя паходы, іх прычыны і вынікі.

  3. Органы дзяржаўнага кіравання ў ВКЛ.

  4. Крэўская унія і яе вынікі.

Літаратура

Грицкевич А.П. Социальная борьба горожан Белоруссии (ХVІ- ХVІІІ вв.). Мн.,1979.

Доўнар-Запольскі М.В. Гісторыя Беларусі. Мн.,1994.

Ермаловіч М.І. Па слядах аднаго міфа. Мн.,1994.

Ермаловіч М.І. Старажытная Русь: Полацкі і Навагародскі перыяд. Мн., 1990.

Ігнатоўскі У.М. Кароткі нарыс гісторыі Беларусі.Мн.,1991

Ластоўскі В.Ю. Кароткая гісторыя Беларусі. Мн.1993.

Лойка П.А. Прыватнаўласніцкія сяляне Беларусі. Мн.,1991.

Нарысы гісторыі Беларусі: У 2 ч. Мн.,1994 Ч.1.

Пичета В. И. История белорусского народа. Мн.2003.