Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Гісторыя Беларусі.doc
Скачиваний:
2
Добавлен:
21.09.2019
Размер:
824.83 Кб
Скачать

. ЗМЕСТ

Прадмова.....................................................................................................

Уводзіны....................................................................................................

Пытанні для абмеркавання......................................................

Тэмы дакладаў і рэфератаў......................................................

Тэма 2. Старажытнае грамадства на тэрыторыі Беларусі............

Пытанні для абмеркавання......................................................

Тэмы дакладаў і рэфератаў......................................................

Тэма 3. Беларускія землі ў ІХ – першай палове ХІІІ ст..................

Пытанні для абмеркавання......................................................

Тэмы дакладаў і рэфератаў......................................................

Тэма 4. Вялікае княства Літоўскае і роля беларускіх зямель у яго палітычным, сацыяльна-эканамічным і культурным развіцці

( другая палова ХІІІ – першая палова ХVІ ст.)................................

Пытанні для абмеркавання......................................................

Тэмы дакладаў і рэфератаў......................................................

Тэма 5. Беларусь у складзе Рэчы Паспалітай...................................

Пытанні для абмеркавання......................................................

Тэмы дакладаў і рэфератаў......................................................

Тэма 6 : Беларусь у складзе Расійскай Імперыі канец ХVІІІ - пачатак ХІХ ст. Беларусь у перыяд станаўлення і развіцця буржуазнага грамадства другая палова ХІХ ст. – люты 1917 г...............................................................

Пытанні для абмеркавання......................................................

Тэмы дакладаў і рэфератаў......................................................

Тэма: 7. Пачатак навейшага часу ў Айчыннай гісторыі (1917 -1920).

Пытанні для абмеркавання......................................................

Тэмы дакладаў і рэфератаў......................................................

Тэма: 8. Беларусь у міжваенны перыяд (1921-1939 гг)...................

Пытанні для абмеркавання......................................................

Тэмы дакладаў і рэфератаў......................................................

Тэма: 9. Беларусь у перыяд спаборніцтва і канфрантацыі дзвюх сацыяльна-палітычных сістэм ( другая палова 1940-х – 1980-я гг.)..................

Пытанні для абмеркавання......................................................

Тэмы дакладаў і рэфератаў......................................................

Тэма: 10. Шлях да суверэнітэту і дзяржаўнай незалежнасці Беларусі

( 1985 – 2005 гг.).....................................................................................

Пытанні для абмеркавання......................................................

Тэмы дакладаў і рэфератаў......................................................

Літаратура..................................................................................................

Прадмова

Вучэбны курс “Гісторыя Беларусі”, засноўвачыся на храналагічнай перыядызацыі ў межах традыцыйнага, індустрыяльнага і постіндустрыяльнага развіцця сусветнага грамадства павінен забяспечыць фундаментальныя веды: па гісторыі сацыяльна-эканамічнага і грамадска-палітычнага жыцця беларускага народа; па асаблівасцях цывілізацыйных працэсаў, іх узаемасувязі і ўзаемаўплыве. Працяглы гістарычны шлях заўсёды разглядаецца як адзінства эканамічнага, сацыяльнага і палітычнага сусветнага супольніцтва. Такі падыход стварае неабходныя ўмовы для падрыхтоўкі студэнтаў эканамістаў; дапамагае ім паглыблена засвойваць праграмны матэрыял грамадазнаўчых дысцыплін, паслужыць выхаванню іх грамадзянскіх пачуццяў, нацыянальнай годнасці, адказнасці за будучае нашай Айчыны.

Галоўная задача курса – дапамагчы студэнтам-завочнікам засвоіць веды па гісторыі Беларусі, навучыць іх свабодна арыентавацца ў гістарычных падзеях, паказаць, як яны ўплывалі на фарміраванне сацыяльнага грамадства на пэўным этапе, адзначыць значэнне гісторыі на станаўленне чалавека-грамадзяніна, які заўсёды выхоўваецца на гераічных старонках з мінулага роднага краю.

У выніку вывучэння курса “Гісторыяя Беларусі” і выканання заданняў на прапанаваных у дапаможніку тэмах студэнты павінны ўсвядоміць:

  1. перыядызацыю гістарычных падзей на тэрыторыі рэспублікі;

  2. правільна арыентавацца ў найбольш заблытаных гістарычных пытаннях;

  3. выразна прадстаўляць класічную гістарыяграфію на шляхах развіцця Беларусі;

  4. сутнасць сацыяльна-эканамічных і дзяржаўна-палітычных працэсаў;

  5. уяўляць, якое значэнне мелі для ходу гістарычных падзей міжканфесійныя канфлікты ( эпоха язычніцтва, замена язычніцтва хрысціянствам, увядзенне уніяцтва, супрацьстаянне каталіцтва і праваслаўя і г.д.);

  6. ролю нацыянальна-вызваленчых паўстанняў на тэрыторыі Беларусі, якія былі скіраваны супраць царскага рэжыму;

  7. праўдзівую ролю шматлікіх войнаў і канфліктаў, у якія, так ці інакш, была ўцягнута наша краіна;

  8. характэрныя асаблікасці духоўнай і матэрыяльнай культуры беларускага народу.

Гэтыя задачы павінны дапамагчы студэнтам сарыентавацца ў працэсе разумення зараджэння і станаўлення беларусаў як самастойнай нацыі.

Уводзіны.

  1. Перыядызацыя і асноўныя праблемы гісторыі Беларусі.

  2. Крыніцы па гісторыі Беларусі.

  3. Гістарыяграфія гісторыі Беларусі.

1. Гісторыя – навука, якая займаецца ўпарадкаваным вывучэннем мінулага чалавецтва ( краін, народаў); вызначае заканамернасці і тэндэнцыі развіцця гістарычнага працэсу. Курс “Гісторыі Беларусі” ахоплівае мінулае Айчыны ад старажытных часоў да нашых дзён, адлюстроўвае гісторыю той часткі чалавецтва, якая насяляла некалі тэрыторыю сучаснай Беларусі. Перыядызацыя – навуковы падыход да разгляду гістарычнага працэсу, падчас якога гісторыя грамадства адпаведна пэўных крытэрыяў падзяляецца на перыяды. У нашай гісторыі выдзяляюцца наступныя храналагічныя перыяды:

Старажытнае грамадства (40 тыс.гадоў да н. э. – V ст.н.э.) Гэты перыяд падзяляецца на тры этапы:

1. Каменны век 100 - 3 тыс.гадоў да н. э.

а) палеаліт 100 - 10 тыс.гадоў да н. э.

б) мезаліт 10 - 6 тыс.гадоў да н. э.

в) неаліт 5 – 3 тыс.гадоў да н. э.

2. Бронзавы век на мяжы 3-га – 2-га тыс. – 1 тыс. гадоў да н. э.

3. Жалезны век 1 тыс.гадоў да н. э. – V ст.н.э.

Сярэднявечча – канец V – ХV ст. Выдзяляюцца 2 этапы: пачатак пераходу да класавага грамацтва і ўзнікненне дзяржаўнасці на тэрыторыі Беларусі ( канец V – перш. пал. ХІІІ ст.); развіцце феадальнай сістэмы (сярэдзіна ХІІІ – ХV ст.).

Новы час - ХVІ ст. – пачатак ХХ ст. Падзяляецца на 2 этапы: афармленне феадальнай сістэмы і выспяванне яе крызісу ( ХVІ – канец ХVІІІ ст.); генезіс і зацвярджэнне капіталізму, выспяванне крызісу буржуазнага грамадства ( канец ХVІІІ ст. – 1917 г.).

Навейшы час – з 1917 г. – да нашых дзен.

Першапачатковай была перыядызацыя, у якой за аснову ўзяты агульнадзяржаўна-храналагічны падыход. Менавіта яе выкарыстаў В. Ластоўскі ў сваей “Кароткай гісторыі Беларусі” (1910). Усю гісторыю ён падзяліў на пяць частак:

  1. ад першых часоў да ўцеку полацкіх князеў у Літву (1129);

  2. ад звароту іх (1132) да смерці Вітаўта (1430);

  3. ад смерці Вітаўта да Люблінскай уніі (1569);

  4. ад Люблінскай уніі да падзелу Рэчы Паспалітай (1795);

  5. Беларусь пад Расіяй.

Такога ж падыходу прытрымліваўся і У. Ігнатоўскі ў “Кароткім нарысе гісторыі Беларусі”. Яго гісторыя Беларусі складаецца з пяці перыядаў, якія адпавядаюць вытокам беларускай дзяржаўнасці (Полацкі перыяд), перыядам станаўлення і развіцця Літоўска-Беларускай дзяржавы, Рэчы Паспалітай, знаходжання Беларусі ў складзе Расійскай імперыі, яе становішчу пасля звяржэння царызму. Пры стварэнні “Гісторыі Беларускай ССР” у пяці тамах (1972-1975) у аснову перыядызацыі быў пакладзены фармацыйны падыход. І таму гістарычны працэс на тэрыторыі Беларусі стаў уключаць у сябе першабытнаабшчынны лад, перыяд феадалізму, капіталізму, сацыялізму. Фармацыйны падыход характэрны і для “Нарысаў гісторыі Беларусі” ў дзвюх частках (1994-1995), хаця па змесце гэтая калектыўная праца істотна адрозніваецца ад папярэдняй. У ёй адсутнічаюць многія ранейшых міфы і стэрэатыпы і зроблена спроба паказаць гісторыю Беларусі з нацыянальных пазіцый. У гады дзяржаўнай незалежнасці Рэспублікі Беларусь зноў стаў шырока выкарыстоўвацца агульнадзяржаўна-храналагічны падыход. На памежжы ХХ і ХХІ стст. групай беларускіх гісторыкаў на чале з М. Сташкевічам і П. Брыгадзіным ажыццёўлена перыядызацыя гісторыі Беларусі з улікам цывілізацыйнага падыходу. Гісторыя Беларусі, паводле яе, складаецца з шасці перыядаў: спадчына старажытнага свету, сярэдніх вякоў і Беларусь; Беларусь ад Люблінскай уніі (1569) да падзелаў Рэчы Паспалітай; індустрыяльная цывілізацыя ( канец ХVІІІ – пачатак ХХ ст.) і Беларусь; Беларусь у перыяд Кастрычніцкай рэвалюцыі і грамадзянскай вайны, станаўленне новага ўкладу жыцця; Беларусь у перыяд спаборніцтва і канфрантацыі дзвюх сацыяльна-палітычных сістэм (другая палова 40-х – 80-я гг. ХХ ст.); шлях да суверэнітэту і дзяржаўнай незалежнасці Беларусі.

2. Гісторыя Беларусі вывучаецца на аснове разнастайных гістарычных крыніц, якія падзяляюцца на наступныя групы: археалагічныя, этнаграфічныя, лінгвістычныя, вусныя, пісьмовыя і кіна-фота-фона. Асабліва важнае значэнне сяродіх маюць пісьмовыя крыніцы. Сярод іх вылучаюць: заканадаўчыя акты, матэрыялы справаводства, эканоміка-геаграфічныя, гаспадарчае апісанне, статыстычныя матэрыялы, летапісы і хронікі, мемуарную літаратуру, літаратурныя і публіцыстычныя творы, матэрыялы перыядычнага друку. Адной з найважнейшых гістарычных крыніц па гісторыі старажытнай Беларусі з’яўляюцца летапісы, найперш “Аповесць мінулых гадоў” (ХІІ ст.). Яна змяшчае звесткі аб рассяленні ўсходніх славян на тэрыторыі Беларусі, іх звычаях, занятках, грамадскім ладзе, аб утварэнні феадальных княствах і г.д. Істотна дапаўняюць яе Лаўрэнцьеўскі (1377), Іпацьеўскі ( пачатак ХV ст.) летапісы, у якіх ёсць дадзеныя аб гарадах, культуры, княжацкіх дынастыях і г.д. Існаваў Полацкі летапіс, які страчаны ў ХVІІІ ст. Не дайшоў да нас і Смаленскі летапіс. Летапісныя запісы, магчыма, вяліся ў Тураве і Навагрудку. Незвычайным творам усходнеславянскага летапісання з’яўляецца Радзівілаўскі летапіс. Вядомы адзіны яго спіс канца ХV ст. У ім змешчаны 617 рознаколяровых мініацюр, якія тэматычна звязаны з тэкстам. Надзвычай важным дакументам з’яўляецца Смаленская праўда ( дагавор) 1229 г. Звесткі па сярэднявечнай гісторыі Беларусі захаваліся ў нямецкіх і польскіх хроніках, скандынаўскіх сагах. Сярод іх – “Эймундава сага”, якая апавядае аб падзеях, што адбываліся ў ХІ ст., “Вялікапольская хроніка”, “Хроніка Лівоніі” Г. Латвійскага, “Хроніка” Я. Длугаша. Вялікую колькасць разнастайных гістарычных фактаў па гісторыі краіны змяшчаюць беларускія летапісы, якія складаліся ў межах Вялікага княства Літоўскага ХІV - ХVІ стст.:“Летапісец велікіх князёў літоўскіх”, «Хроніка Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага», «Хроніка Быхаўца». У гэтых летапісах апісваліся палітычныя падзеі, якія адбываліся ў межах ВКЛ: войны, феадальныя міжусобіцы, народныя рухі, рэлігійныя сутычкі і г.д. Асобнае месца належыць Баркулабаўскаму летапісу канца ХVІ – пачатку ХVІІ ст., гістарычнаму помніку, які сведчыць аб нараджэнні мемуарыстыкі. Аўтар падрабязна апісвае гаспадарчае становішча і быт беларускіх сялян, прыводзіць звесткі аб ураджаі, галодных гадах пачатку ХVІІ ст. і г.д. Недахоп пісьмовых крыніц, кароткі характар іх паведамленняў робяць археалагічныя матэрыялы незаменнай крыніцай па гісторыі Беларусі ранняга перыяду. Гэта датычыць матэрыяльнай культуры і этнічнай прыналежнасці насельніцтва. На тэрыторыі краіны захаваліся гарадзішчы, якія маюць шматвяковыя напластаванні, а таксама курганныя і бескурганныя могільнікі. На аснове археалагічных крыніц вырашаюцца спрэчныя пытанні сацыяльна-эканамічнага развіцця, характару заняткаў насельніцтва, эканамічных і культурных сувязяў. Найбольшыя поспехі дасягнуты ў справе археалагічнага даследвання старажытных гарадоў Беларусі. Знаходкі з раскопак даюць магчымасць узнавіць шматаблічнае жыцце гарадоў, вывучыць рамесную вытворчасць, гандалёвыя сувязі, рэлігійныя вераванні. Адшуканы выдатныя рэчы дробнай пластыкі ( абразкі і крыжы, шахматныя фігуры), рэшткі манументальнага дойлідства, помнікі эпіграфікі, сфрагістыкі, нумізматыкі і інш. Беларускія даследчыкі штогод пашыраюць кола рэчавых крыніц, імкнуцца высветліць сутнасць гістарычных з’яў, якія тут адбываліся, і атрымаць магчымасць мадэліраваць гістарычны працэс каля яго вытокаў.

3. Станаўленне беларускай гістарыяграфіі непарыўна звязана з зараджэннем у пачатку ХІХ ст. беларускай нацыянальнай ідэі і нацыянальнага руху. На гэты працэс паўплывала, з аднаго боку, традыцыя гістарычных даследаванняў па гісторыі Вялікага княства Літоўскага, якая сфарміравалася яшчэ ў ХVІ – ХVІІІ стст., з другога – уздзеянне велікапольскай і велікарускай канцэпцый, якія зводзіліся да адмаўлення самога факта існавання беларускага этнасу, яго мовы, культуры і прызнання Беларусі часткай Польшчы або Расіі. Першымі прафесійнымі гісторыкамі, якія заклалі падмурак канцэпцыі беларускай гісторыі, былі І.Анацэвіч, М. Баброўскі, І. Даніловіч, І. Лабойка, Т. Нарбут, Ю. Ярашэвіч і інш. Менавіта гэта я група інтэлігенцыі пачала збіраць і друкаваць помнікі беларускага пісьменства ХVІ – ХVІІ стст. Адным з пачынальнікаў з’яўляецца І. Даніловіч (1788-1843). Ён упершыню апублікаваў Статут Вялікага княства Літоўскага 1529 г., Беларуска-літоўскі летапіс 1446 г. Вывучэннем гісторыі Вялікага княства Літоўскага, збіраннем археалагічных крыніц, пошукамі і апрацоўкай матэрыялаў для “Актов Западной России” займаўся І.Анацэвіч (1780-1845). М. Баброўскі (1784-1848) ў 1822 г. адкрыў Супрасльскі летапіс, ён жа даследаваў гісторыю славянскага кнігадрукавання. Значны ўклад у развіцце гістарычнага краязнаўства Беларусі ўнеслі браты Я. І К. Тышкевічы – пачынальнікі беларускай археалогіі, З.Даленга-Хадакоўскі – заснавальнік беларускай фалькларыстыкі і мовазнаўства. Т.Нарбут (1784-1864) аўтар “Гісторыі літоўскага народа!” ў дзевяці тамах. І. Грыгаровіч (1792-1852) сабраў і выдаў “Беларускі архіў старажытных актаў” (1824), з’яўляецца аўтарам гістарычных прац: “Беларуская іерархія”, “Акты, якія адносяцца да Заходняй Расіі” ў пяці тамах (1846-1853). У другой палове ХІХ – пачатку ХХ ст. рознымі аспектамі гісторыі Беларусі займаліся А.Сапуноў (1851-1924), В. Сямеўскі (1849-1916), А. Кіркор (1818-1886). На гэты перыяд прыходзіцца дзейнасць М. Каяловіча (1828-1891), найбольш вядомыя працамы: “Лекцыі па гісторыі заходняй Расіі” (1864-1884), “Гісторыя рускага самапазнання” (1901). Вучоны даследаваў пытанні этнагенезу і этнічнай тэрыторыі беларусаў, рускіх, літоўцаў, быў прыхільнікам заходнерусізму. Ён лічыў, што беларуская народнасць склалася ў Х-ХІ стст. з крывічоў і дрыгавічоў і раднілася па веры, мове, этнаграфічных традыцыях з рускімі і ўкраінцамі. Далучэнне Беларусі і Украіны да Расійскай імперыі ў канцы ХVІІІ ст., на яго думку, адрадзіла старарускае адзінства. На развіцце гістарычнай аказала капітальная праца “Беларусы” Я. Карскага (1861-1931). Ён першым з вучоных вызначыў этнаграфічныя межы беларусаў, уключыўшы ў іх 70 паветаў, пераканаўча паказаў, што беларусы здаўна жывуць у межах сваей тэрыторыі, а аснову беларускага этнасу склалі дрыгавічы, крывічы, радзімічы. Галоўныя адметнасці сучаснай беларускай мовы склаліся не пазней ХІІІ ст. Гэтая фундаментальная праца пазбавіла аргументацыі прыхільнікаў польскай і вялікарускай канцэпцый этнагенезу беларусаў. Важкі ўклад у развіццё гістарычнай навукі ўнес М. Доўнар-Запольскі (1867-1934), які аддаваў перавагу сацыяльна-эканамічнаму падыходу. Найбольш буйныя яго працы – “Дзяржаўная гаспадарка Вялікага княства Літоўскага пры Ягелонах” (1901), “Нарысы па арганізацыі заходнерускага сялянства ў ХVІ ст.” (1905), “Гісторыя Беларусі”, якая была надрукавана толькі ў 1994 г. В. Ластоўскі (1883-1938) першым з нацыянальных пазіцый канцэптуальна абагуліў факталагічны матэрыял пра мінулае беларускага народа ў працы “Кароткая гісторыя Беларусі” (1910). Ён з’яўляецца аўтарам крывіцкай канцэпцыі этнагенезу беларусаў. У. Пічэта (1878-1947) апублікаваў па гісторыі Беларусі каля 150 прац. Яшчэ ў 1910 г. у працы “Літоўска-Руская дзяржава” ён, прааналізаваўшы ўключэнне беларускіх і ўкраінскіх зямель у склад ВКЛ, прыйшоў да высновы, што яны былі далучаны не прымусова. У 20-я гг. вучоны адмовіўся ад тэрміна “Літоўска-Руская дзяржава” і замяніў яго на “Літоўска-Беларуская дзяржава”, пазней стаў карыстацца назвай “Вялікае княства Літоўскае”. У. Ігнатоўскі (1881-1931) у “Кароткім нарысе гісторыі Беларусі” (1919), паглыбіў канцэпцыю нацыянальнай гісторыі, ўвёўшы перыядызацыю гісторыі Беларусі паводле прынцыпаў дзяржаўнасці беларускіх зямель. Вялікая заслуга яго і ў сцвярджанні, што беларуская дзяржаўнасць пачынаецца з Полацкага княства-дзяржавы, якое было цалкам незалежным і нароўні з Кіевам і Ноўгарадам змагалася за лідэрства. ВКЛ разглядалася ім як Літоўска-Беларуская дзяржава, утвораная на палітычнай, эканамічнай і духоўнай аснове Полацкай зямлі. Яму належаць працы: “Кароткі нарыс нацыянальна-культурнага адраджэння Беларусі” (1921) і “Гісторыя Беларусі ў ХІХ і пачатку ХХ сталецця” (1923), “1863 год на Беларусі” (1930). І. Ігнаценка (1919-2001) сваю навуковую дзейнасць прысвяціў праблемам Лютаўскай і Кастрычніцкай рэвалюцый ў 1917-1920 гг. Найбольш значнымі з’яўляюцца яго манаграфіі: “Лютаўская буржуазна-дэмакратычная рэвалюцыя на Беларусі” (1986), “Кастрычніцкая рэвалюцыя і самавызначэнне Беларусі” (1992). Ён разглядаў Лютаўскую і Кастрычніцкую рэвалюцыі 1917 г. як дзве фазы адной буржуазна-дэмакратычнай рэвалюцыі і тым самым пагаджаўся з меркаваннем Г.Пляханава, а не з поглядамі У. Леніна. У цэлым у савецкі час даследаванні па гісторыі Беларусі былі ідэалагізаваныя і палітызаваныя, яны пацвярджалі асноўныя палажэнні генеральнай лініі Камуністычнай партыі. Таму, адныя тэмы распрацоўваліся інтэнсіўна, а другія, наадварот, наогул не закраналіся. Тым не менш і ў савецкі перыяд з’яўляліся працы, якія ўзрушалі гістарычную думку, узбагачалі нашы веды новымі дасягненнямі. Прыгадаем В. Ананіча, Я. Анішчанку, М. Біча, М. Болбаса, Ю. Бохана, П. Брыгадзіна. А. Вішнеўскага, А. Гарбацкага, В. Голубева, А. Грыцкевіча, М. Ермаловіча, Э. Загарульскага, З. Капыскага, У. Кошалева, А. Краўцэвіча, П. Лойку, Л. Лыча, Я. Новіка, М. Сташкевіча. П. Чыгрынава, Г. Штыхава, З. Шыбеку і інш. У гады перабудовы і станаўлення незалежнасці Рэспублікі Беларусь з’явіліся новыя тэндэнцыі, падыходы да раскрыцця гістарычнага працэссу, якія зыходзяць не з класавых, ідэалагічных прыярытэтаў, а з навуковых, нацыянальных інтарэсаў. Знакавымі ў гэты перыяд сталі “Нарысы гісторыі Беларусі” ў дзвюх частках (1994-1995) пад рэдакцыяй М. Касцюка, праца І. Марчанкі і У. Навіцкага “ Беларуская ССР курса перабудовы” (1989), манаграфія М. Касцюка “Бальшавіцкая сістэма ўлады на Беларусі” (2000), “Нарыс гісторыі Беларусі” (2001) Г. Сагановіча, праца Т. Процька “Станаўленне савецкай таталітарнай сістэмы ў Беларусі (1917-1941гг.)” (2002).

Тэмы рэфератаў:

  1. Крытэрыі перыядызацыі гісторыі.

  2. Цывілізацыі: паняцці і структура.

  3. Метадалогія, метады і крыніцы вывучэння гісторыі Беларусі.