Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Гісторыя Беларусі.doc
Скачиваний:
2
Добавлен:
21.09.2019
Размер:
824.83 Кб
Скачать

Тэма 2: Старажытнае грамадства на тэрыторыі Беларусі.

  1. Старажытнае грамадства ў эпоху каменнага і бронзавага вякоў.

  2. Насельніцтва Беларусі ў жалезным веку. Пачатак рассялення славян на тэрыторыі Беларусі.

  3. Фарміраванне этнічных супольнасцей. Канцэпцыі беларускага этнагенезу.

  4. Побыт, звычаі і мастацтва першабытных людзей”.

1. Упершыню навуковую думку наконт першаснага пранікнення першабытных людзей – неандартальцаў ( іх рэшткі ўпершыню знойдзены ў даліне р. Неандэр у Германіі) на тэрыторыю Беларусі ў палеаліце ( 100-35 тыс. гадоў да н.э.) сфармуляваў у ХІХ ст. Еўдакім Раманаў. Аб пранікненні неандэртальцаў на тэрыторыю Беларусі сведчаць археалагічныя знаходкі каля весак Свяцілавічы, Абідавічы, Клеявічы і Падлужжа. Людзі прыстасаваліся да жыцця ў вельмі халодным клімаце, які быў абумоўлены знаходжаннем на тэрыторыі Беларусі ледавіка. Яны карысталіся грубаабабітымі прыладамі працы – востраканечнікамі, рубіламі, нажамі і іншымі, навучыліся паляваць на маманта, здабываць агонь, будаваць прымітыўнае жытло са скур жывел. Праабшчыны неандэртальцаў ужо клапаціліся аб суродзічах, хавалі памершых, ажыццяўлялі калектыўныя работы. У перыяд позняга палеаліту (35-10 тыс. гадоў да н.э.) на тэрыторыі Беларусі з’явіўся чалавек сучаснага фізічнага тыпу – неаантрап, або краманьенец ( рэшткі чалавека такога тыпу знайшлі ў пячоры Кра-Маньен у Францыі). Гэта была эпоха росквіту родавага ладу. Краманьенцы пачалі рассяляцца на поўдні Беларусі. Самыя старажытныя паселішчы людзей (стаянкі) знойдзены археолагамі на берагах рэк Прыпяць і Сож каля весак Юравічы і Бердыж у Гомельскай вобласці. Яны існавалі прыкладна 26-23 тыс. гадоў назад. У той час уся навакольная тэрыторыя была амаль бязлеснай, таму тагачасныя людзі выкарыстоўвалі буйныя косці мамантаў для будаўніцтва жылля. У сярэдзіне жылля знаходзілася вогнішча, абкладзенае каменямі. Зверху жылле пакрывалася шкурамі жывел і нагадвала будан, паглыблены ў зямлю. Асноўнымі заняткамі людзей было збіральніцтва ( для гэтага выкарыстоўвалі палкі-капалкі, вострыя камяні), загоннае паляванне на мамантаў, паўночных аленяў і іншых жывел з дапамогай каменных востраканечнікаў, нажоў, сякер, дзідаў ( коп’яў), а таксама рыбалоўства ( выкарыстоўвалі вуду, касцяныя гарпуны, сеткі, кручкі). Старажытны чалавек навучыўся здабываць мед у пчаліным гняздзе ў дупле дрэва, а пазней даглядаць дзікіх пчол і збіраць мед. Гэты занятак называецца бортніцтвам. Асаблівасцю заняткаў людзей каменнага веку было тое, што чалавек браў ад прыроды ўсе ў гатовым выглядзе. Такі від гаспадаркі называюць спажывецкім, або прысвойваючым. Пасля адыходу апошняга ледавіка ( прыкладна 15-11 тыс.гадоў да н.э.) адбылося пацяпленне. Колішняя ледзяная пустыня пакрылася рэкамі і азерамі, лесамі, была заселена больш дробнымі ляснымі звярамі. Першабытныя людзі паступова сталі займацца індывідуальным паляваннем ( у гэтым ім дапамагаў сабака – першая прыручаная чалавекам жывела), пераходзілі да аседлага жыцця, вынайшлі лук і драўляныя стрэлы з каменнымі наканечнікамі, свідравальныя і шліфаваныя каменныя сякеры, каменную зерняцерку, выкарыстоўвалі пры рыбнай лоўлі выдзеўбаныя з дрэва чаўны ( лодкі). Ужо прыкладна з V-га тыс. да н.э. зараджаюцца ганчарства і ткацтва. Людзі пачалі вырабляць вастрадонны гліняны посуд, які ўтыкаўся ў земляную падлогу жылля. Незаменным матэрыялам для вырабу прылад працы стаў крэмень. Яго здабывалі ў шахтах – вертыкальных калодзежах глыбіней 3-5 м, якія знойдзены археолагамі каля паселка Краснасельскі Ваўкавыскага раена. Першым вядомым калектывам людзей стаў першабытны чалавечы статак. Верагодна, краманьенцы жылі ўжо родавымі абшчынамі, якія аб’ядноўвалі 50-70 кроўных родзічаў, на чале з выбраным старэйшынам. Паступова роды аб’ядноўваюцца ў плямены. Вядучую ролю ў старажытным грамацтве адыгрывала жанчына. Яна займалася збіральніцтвам, прыгатаваннем ежы, была захавальніцай хатняга ачага, традыцый калектыву, тых культаў, легенд і міфаў, якія складаліся ў асяроддзі першабытных паляўнічых і збіральнікаў. З ей была звязана будучыня калектыву – нараджэнне і выхаванне патомства ( гэты парадак жыцця называюць матрыярхатам). Людзі пачалі прыручаць усе больш жывел, а потым перайшлі да іх развядзення. Верагодна, свіння стала першай свойскай (хатняй) жывелай. На мяжы каменнага і бронзавага вякоў ( 2,5 - 1,8 тыс. гадоў да н.э.) адбываецца пераход ад палявання да жывелагадоўлі, ад збіральніцтва да земляробства. Укараненне земляробства і жывелагоўлі як асновы для пастаяннага ўзнаўлення галоўных прадуктаў харчавання і меньшай залежнасці ад прыроды, пераход старажытнага насельніцтва ад прысвойваючай да вырабляючай гаспадаркі атрымаў у гістарычнай навуцы назву “неалітычнай рэвалюцыі”. Тэрмін уведзены англійскім археолагам Г. Чайлдам ( 1892-1957). Гэта найбольш глыбокі і значны за ўсю гісторыю чалавецтва гаспадарчы ўздым, які выклікаў глабальныя перамены ва ўзаемаадносінах чалавека і прыроды, прывеў да істотных змен у сацыяльна-эканамічным ладзе, рэлігійных уяўленнях і дэмаграфічных працэсах. Спачатку земляробства было матычным ( асноўнай прыладай працы служыла матыка), а потым – лядна-агнявым (падсечна-агнявым), або лясным ( ляда – неапрацаваная і парослая лесам зямля, а таксама выкарчаванае месца). Старажытныя людзі высякалі сякерамі лес, карчавалі і палілі пні, попел выкарыстоўвалі ў якасці ўгнаення, зямлю апрацоўвалі бараной-сукаваткай. Для збору ўраджаю выкарыстоўвалі сярпы, муку атрымлівалі на зерняцерках. Для захавання зерня і малака рабілі ўжо пласкадонны гліняны посуд. Жывелагадоўля і падсечна-агнявое земляробства ў бронзавым веку сталі асноўнымі заняткамі мужчыны. Роля мужчынскай працы паступова ўзрастала. У выніку на змену матрыярхату прыйшоў патрыярхат.